Сьветацені (1928)/Не дары асеньніх васількоў…

⁂ Завечарылася бярозавая просінь… ⁂ Не дары асеньніх васількоў…
Верш
Аўтар: Тодар Кляшторны
1928 год
⁂ Калі часы астудзяць жыцьця хвалі…
Іншыя публікацыі гэтага твора: Не дары асеньніх васількоў…

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!





∗     ∗

Не дары асеньніх васількоў,
Не дары мне красак на хвіліну,
Не тваю трыццатую любоў
Панясу з сабой у дамавіну,
Не дары адцьвіўшых васількоў.

Не цалуй мне вусны на разлуку
(Не хачу я, любая, маніць),
Я аддаў шчырэйшым пацалункам
Дарагія дальнія агні,
Цалаваць ня трэба на разлуку.

Не каханьне томнае нясу
Я цяпер жыцьцёвай пуцявінай,
А жывую палкую вясну
Маладой абуджанай краіне…
Не каханьне томнае нясу.

Не дары таго, што не прашу,
Не дары мне красак на хвіліну,
Я нашоў другую пуцявіну,
Я аддаў ёй сэрца і душу,
Не дары мне красак на хвіліну.