Сьвятлейшая з начэй…

Сьвятлейшая з начэй…
Артыкул
Аўтар: Аляксандр Коўш
1929 год
Крыніца: Скрыжалі памяці. Кніга другая - с. 163

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Цёмная палесцінская ноч.

Усё ў прыродзе спавіта было глыбокім сном, на ўсім ляжала заслона начной таямнічай цішыні і спакою.

Здалёк бялеюць зубчатыя сцены Іерусаліма. Спіць стары горад. Спакойна адпачываюць у ім іудзейскія старэйшыны і першасвяшчэннікі.

Галгофа пустая. Толькі ўчарашнія тры крыжы, быццам чорныя здані, чарнеюць на ёй. Сэрца замірае, калі глядзіш на гэтыя страшэнныя прылады чалавечае нянавісці і жорсткасці.

Падыходзіць поўнач... У садзе Восіпа Арымафейскага, каля запячатанае пяшчэры, рухаюцца нейкія цені. Гэта варта, прыстаўленая да гроба, у якім пахаваны Ісус з Назарэта.

Цішыня... цемната... Раптам... што гэта такое?

Жаўнеры ў вялікім страху нейкаю няведамаю сілаю раптоўна адкінены ад гроба, які яны пільнавалі, і пападалі на зямлю.

Пячаць цэлая, не паломаная, а між тым Ён, учора яшчэ засуджаны на смерць, перацярпеўшы страшныя мучэнні, перацярпеўшы здзекі і кпіны, памёршы разам са злодзеямі на крыжы, — Ён, гэты сталяр з Назарэта, Ісус, — васкрэс!

Светлы, поўны любві і прабачэння воблік Хрыста звернены на Іерусалім. Замест праклёну замучыўшаму Яго свету — Ён падняў свае прабітыя цвікамі рукі для бласлаўлення гэтага свету.

Хрыстос васкрос — і ўсё аджыло!

Хрыстос васкрос — і знікла цемната ночы.

Хрыстос васкрос — і загараецца зара новага дня.

Хрыстос васкрос — і ўсё імкнецца да жыцця, да радасці.

Вялікая наша радасць ад васкрасення Хрыста! І як не радавацца такому дню? Якое вялікае багацце даравана ўсяму чалавецтву!

Хрыстос васкрос — і ўсё напоўнілася святлом: неба і зямля, і нават пекла!

Хрыстос васкрос — і жыццё святкуе перамогу над смерцю!

Хрыстос васкрос — і пекла разбурана!

Хрыстос васкрос — і сіла любві і праўды перамагла цёмныя сілы хітрасці і зла.

Няхай Праўда зняважана, замучана, нават пахавана, прыціснена цяжкім каменем, — але Яна паўстане, падымецца, разарве ўсе ланцугі і прыгожая, светлая, як сонца, з’явіцца свету!

Хрыстос васкрос і заклікае ўсіх нас ад смерці да жыцця, ад зямлі да неба!

Хрыстос васкрос, і вышэй падымаецца душа, забываюцца ўсе няшчасці жыцця, — робіцца зразумелым, што жыццё ёсць шлях да неба, да святла, да праўды, і што для падарожжа па гэтаму шляху нам дадзены новыя сілы.

Хрыстос васкрос, і вось увесь свет хрысціянскі «утру глыбоку» прыносіць Яму радасныя песні. Сэрцы людзей зліваюцца ў адным найвышэйшым імкненні, і ўсе, як браты і сёстры, гатовыя абняць адны другіх і ўсё прабачыць адны другім.

Чыё сэрца не б’ецца ад радасці пры словах: «Хрыстос васкрос»?

Для каго з нас не салодкія песні васкрасення Хрыста?

Войдзем жа ўсе ў радасць Госпада нашага. Няхай усе радуюцца цяпер: і багатыя, і бедныя, і ўстрыманыя, і неўстрыманыя, і руплівыя, і неруплівыя. Няхай ніхто не плача аб грахах, бо з гроба засіяла прабачэнне!

Васкрэсшы Спасіцель свету са Сваім Крыжам, сімвалам любві, дабраты, пакуты і самаахвярнасці, ашчаслівіў нас тым, што навучыў нас адчуваць і разумець, што сапраўднае шчасце — не ў зле і гвалце, а ў любві і згодзе, і што запраўдны сэнс жыцця не ў прывязанасці да цела і да зямных, хвілёвых прыемнасцяў, — а ў вялікім служэнні Бажэсцвеннай любві.

Запомнім жа ўсё злое і нячыстае, пакінем усе спрэчкі і падамо друг другу рукі і з радасным біццём узварушанага сэрца, з душою, поўнаю светлай любві, скажам адзін другому: «Хрыстос васкрос! Запраўды васкрос!»