Сьледам за Хрыстом
Сьледам за Хрыстом Філязофская праца Аўтар: Тамаш Кемпійскі 1934 год Арыгінальная назва: De imitatione Christi (1427) Пераклад: Станіслаў Грынкевіч Крыніца: http://cssr.by/slova/tvory/160-tamash-kempijski-sledam-za-khrystom.html |
Іншыя публікацыі гэтага твора: Сьледам за Хрыстусам. |
Тамаш КЭМПIЙСКI
СЬЛЕДАМ ЗА ХРЫСТОМ
Чатыры кніжкі
З лацінскай мовы пераклаў д-р Ст. Грынкевіч
Кніжка першая
НАПАМІНАНЬНІ, КАРЫСНЫЯ ДЛЯ ДУХОЎНАГА ЖЫЦЬЦЯ
Разьдзел І
Аб насьледаваньні Хрыста і пагардзе ўсіх марнасьцяў сьвету
1. Хто йдзе за Мной, ня ходзіць у цемры (Ян 8, 12), кажа Пан. Вось гэта словы Хрыста, якімі нас напамінае, каб мы насьледавалі Ягонае жыцьцё і абычай, калі хочам сапраўды асьвяціцца ды ўвольніцца ад сьлепаты сэрца.
Дык самай важнай працай нашай няхай будзе разважаньне жыцьця Езуса Хрыста.
2. Навука Езуса Хрыста вышэй за ўсе навукі сьвятых; і хто б меў духа яе, нашоў бы ў ёй укрыту манну (Ап 2, 17).
Аднак бывае, што многія часта слухаюць Евангельле, але мала яго адчуваюць, бо ня маюць духа Хрыста.
І вось хто хоча поўна і дакладна сьцяміць словы Хрыста, трэба, каб усё жыцьцё імкнуўся Яго насьледаваць.
3. Якая карысьць табе з глыбокіх разважаньняў аб Тройцы, калі з нястачы пакоры ты нямілы Тройцы?
Сапраўды, высокая гутарка ня зробіць чалавека сьвятым і справядлівым, а толькі цнотнае жыцьцё робіць яго мілым Богу.
Лепш хацеў бы я адчуваць жаль, чымся назваць яго славамі.
Калі б ты ўмеў на памяць усю Біблію ды навуку ўсіх філозафаў — на што табе гэта прыдалося б, калі б ты ня меў любові і ласкі Бога?
Марнасьць з марнасьцяў і ўсё марнасьць (Экл 1, 2), апрыч аднаго Бога і службы Яму самому.
Вось дзе найвялікшая мудрасьць — праз пагарду сьвету імкнуцца да каралеўства нябеснага.
4. Дык марнасьць — шукаць мінаючых багацьцяў і на іх спадзявацца.
Марнасьць — шукаць сабе славы і падымацца на высокія становішчы.
Марнасьць — ісці за пажаданьнем цела і таго хацець, скуль павінна некалісь выйсьці цяжкая кара.
Марнасьць — хацець доўга жыць, аб жыцьці ж добрым мала старацца.
Марнасьць — зважаць на сёньняшняе толькі жыцьцё і не глядзеці ў будучыню.
Марнасьць — любіць тое, што так хутка мінае, і туды не спяшацца, дзе вечная радасьць трывае.
5. Памятай часта на гэтае прыслоўе: не накорміцца вока тым, што бачыць, ані вуха не напоўніцца тым, што чуе (Экл 1, 8).
Дык старайся адцягаваць сваё сэрца ад міласьці рэчаў відомых, а зварочвацца да нявідомых.
Бо тыя, што ідуць за сваёй пажадлівасьцяй, плямяць сваё сумленьне і губяць ласку Бога.
Разьдзел ІІ
Аб пакорным зважаньні на сябе самога
1. Кожны чалавек з натуры імкнецца да веды, што ж, аднак, мудрасьць без боязьні Бога?
Лепшы, сапраўды, просты вясковец, які служыць Богу, чымся горды філозаф, які, абняхаяўшы сябе самога, разглядае рух нябесных зорак.
Хто сябе добра знае, той надта маленькі ў сваіх вачох і ня цешыцца з людзкое хвальбы.
Калі б я ведаў усё, што ёсьць на сьвеце, а ня меў бы любові, што ж мне гэта памагло б у Бога, які асудзіць мяне з чынаў маіх?
2. Стрымлівай надмернае жаданьне ўлады, бо вялікае там хаваецца скаламучаньне і зманнасьць.
Вучоныя ахвотна любяць, каб іх бачылі і мудрымі называлі.
Шмат чаго ёсьць, што ведаць — мала ці зусім не карысна для душы.
І надта неразумны той, хто ганяецца за нечым іншым, замест за тым, што карысна для яго збаўленьня.
Шмат слоў не накорміць душы, а толькі добрае жыцьцё супакойвае розум, а чыстае сумленьне дае веру ў Бога.
Чым больш і лепш ведаеш, тым цяжэй будзеш асуджаны, калі тым больш багабойна жыць ня будзеш.
Дык ня пышніся ніякім мастацтвам, ані ведай, але хутчэй бойся за дадзеную табе ўмеласьць.
Калі табе здаецца, што многа ведаеш і даволі добра разумееш, знай тады, што шмат больш таго, чаго ты ня ведаеш.
Ня думай высока аб сабе (Рым 11, 20), а лепш прызнайся да свайго няведаньня. Чаму ж ты хочаш вывышацца над іншых, калі ёсьць шмат больш вучоных за цябе і лепш знаючых законы Бога?
Калі хочаш нечага навучыцца і ўмець карысна — прывыкай, каб аб табе нічога ня ведалі і лічылі цябе за нішто.
4. Вось найвышэйшая і найкарысьнейшая навука — праўдзівае спазнаньне сябе і пагарда сабой.
Аб сабе ня думаць нічога добрага, аб іншых заўсёды добра і высока — вялікая мудрасьць, дасканаласьць.
Калі б ты бачыў, што нехта грашыць ды нават і цяжка, ня думай, што ты, аднак, лепшы, таму што ня ведаеш, ці доўга вытрываеш у добрым.
Усе мы слабыя, але сябе ты ўважай за слабейшага.
Разьдзел ІІІ
Аб навуцы праўды
1. Шчасьлівы, каго вучыць сама Праўда, не знакамі і не славамі, што мінаюць, а так, як ёсьць, сама праз сябе.
Нашая думка і нашае чуцьцё часта нас абманваюць і мала бачаць.
Пашто хітрыя досьледы аб таёмных і незразумелых рэчах, калі нас ня будуць вінаваціць на судзе за тое, што іх ня ведалі?
Дужа нямудра, што закінуўшы карыснае і неабходнае, ганяемся за цікаўным і шкодным; вочы маем ды ня бачым.
2. Што нам да ўсялякіх родаў і гатункаў?
Да каго прамаўляе вечнае Слова, той вольны ад многіх размыслаў.
З аднаго Слова ўсё і ўсё адно кажа: «З гэтага ёсьць Пачатак, што і да нас гаворыць» (Ян 8, 25).
Без яго ніхто добра ані зразумее, ані асудзіць, як трэба.
Каму ўжо ёсьць у вадным і хто ўсё да аднаго зводзіць і ўсё ў вадным бачыць — той не зварухнецца ў сэрцы і спакойна будзе прабываць у Богу.
О Боская Праўда! Дазволь, няхай я буду адно з Табою ў вечнай любові.
Прыкра мне часта многа чытаць і слухаць, бо ў Табе ўсё, чаго хачу і пажадаю.
Няхай замаўчаць усе творы перад воблікам Тваім — Ты адзін гавары да мяне!
3. Чым болей мае хто ў сабе еднасьці і духова прасьцейшы, тым большыя і вышэйшыя рэчы лёгка зразумее, бо сьвятло зразуменьня згары атрымае.
Чысты, просты і сталы дух не расьцярушваецца сярод многіх спраў, бо ўсё робіць дзеля хвалы Боскае і стараецца быць спакойным і вольным ад усякага асабістага клопату.
Бо што ж найбольш цябе спынівае і мучыць, як не надмернае пажаданьне твайго сэрца? Добры ды пабожны чалавек пачаткова ў самым сабе размяркуе тыя справы, якія рабіць маніцца.
І не пацягнуць яны яго да пажаданьняў нягоднага нахілу, але датарнуе ён іх да суду свайго здаровага розуму.
І чыя ж барацьба цяжэйшая, як не таго, хто імкнецца перамагчы самога сябе!
І гэта павінна быць нашым заданьнем — змагацца з самым сабою, кожны дзень рабіцца дужэйшым над сабою і хоць крыху стацца лепшым.
4. Усякая дасканаласьць у гэтым жыцьці мае ў сабе якуюсь недасканаласьць і таму ўсе досьледы нашыя абходзяцца бяз цені.
Пакорная сведамасьць сябе больш пэўны шлях да Бога, як найглыбейшыя досьледы навучныя.
Ня трэба ганіць ані навукі, ані якога-небудзь звычайнага знаньня аб рэчах, каторыя самі па сабе ёсьць добрыя, бо яны ад Бога, аднак лепш заўсёды — чыстае сумленьне ды цнотнае жыцьцё.
Таму аднак, што многія імкнуцца больш ведаць, як добра жыць — часта блудзяць і мала або зусім ня прыносяць карысьці.
5. О, каб людзі столькі ўжывалі стараннасьці дзеля выкарэніваньня дрэнных навычкаў і ўзгадоўкі цнотаў, сколькі яе ўжываюць дзеля зусім пустых пытаньняў, — ня было б столькі зла і зграшэньня ў народзе і такой расслабленасьці ў дамох законных.
Бо сапраўды, калі прыдзе судны дзень, ня будуць пытацца, як добра мы казалі, але ці пабожна жылі.
Скажы мне — дзе цяпер усе тыя валадары і вучоныя, якіх ты добра знаў, калі яны жылі і цьвілі ў навуках?
Ужо іхнія месцы займаюць іншыя, і ня ведаю, ці хто падумае аб іх. Калі жылі, дык выглядала, што яны нешта значаць, а цяпер маўчаць ужо аб іх.
6. О, як хутка мінае слава сьвету! Калі б іхняе жыцьцё было дастасавана да іх мудрасьці, тады іх труды і навукі былі б ім карысны.
Як многа гіне дзеля пустой навукі на сьвеце, калі мала стараюцца аб службу Богу!
І таму, што больш жадаюць быць вялікімі, чымся пакорнымі — расцярушваюцца ў думках сваіх (Рым 1, 21).
Сапраўды вялікі, хто мае любоў вялікую.
Сапраўды вялікі, хто сябе малым лічыць, а ўсю славу сьвету за нішто мае.
Сапраўды разумны, хто ўсё прыземнае за сьмяцьцё ўважае, каб выслужыць сабе Хрыста (Флп 3, 8).
А сапраўды вучоны, хто спаўняе волю Бога, а сваёй волі выракаецца.
Разьдзел IV
Аб развазе ў дзеяньні
1. Ня трэба верыць кожнаму слову ці натхненьню, але асцярожна і разважна размярковываць паводле Бога.
Ды, на жаль, мы так слабыя, што часта аб другіх лягчэй думаем і кажам блага, чымся добра.
Але дасканальныя людзі ня лёгка вераць кожнаму, хто гаворыць, бо знаюць слабасьць чалавека, які хіліцца да благога і грашыць славамі.
2. Вялікая мудрасьць — не спяшацца лішне ў дзеяньні і ня трымацца ўпорыста сваіх думак.
Яшчэ адна прыкмета гэтай мудрасьці — ня верыць усяму, што гаворыцца, і не спяшацца другім расказваць таго, што толькі пачуў ці ў што на’т і паверыў.
Пытайся чалавека разумнага і сумленнага, і лепш вучыцца ад лепшага, чымся кіравацца маеш сваімі дагадкамі.
Добрае жыцьцё робіць чалавека разумным паводле Бога і дазнаным у многіх справах.
Чым больш чалавек пакорны і паслушны Богу, тым ён і ўва ўсім будзе разумнейшы і спакайнейшы.
Разьдзел V
Аб чытаньні пісаньняў сьвятых
1. У пісаньні сьвятых праўду трэба шукаць, а ня прыгожасьці мовы.
Усякае сьвятое Пісаньне павінна чытацца з такой думкай, з якой было пісана.
Хутчэй карысьці шукайма ў ім, як прыгожых слоў.
Адналькова ахвотна трэба чытаць як кніжкі пабожныя і простыя, так высокамудрыя і глыбокія.
Не зважай на павагу пісьменьніка — малой ці вялікай быў славы; любоў праўды чыстае няхай прынаджвае цябе да чытаньня.
Не ўважай, хто гэта сказаў, але што сказаў.
2. Людзі мінаюць, а «праўда Пана трывае на векі» (Пс 116, 2). Ня гледзячы на асобы, рознаяка прамаўляе да нас Бог.
У чытанні сьвятых Пісаньняў часта перашкаджае нам цікавасьць наша, калі хочам зразумець і разьмеркаваць тое, што шчырым сэрцам прыняць належала б.
Калі хочаш скарыстаць з чытаньня — чытай пакорна, шчыра і з верай, ніколі ня думаючы здабыць сабе імя вучонага.
Пытайся ахвотна і моўчкі ўслухайся ў словы сьвятых; няхай ня будуць нямілымі табе гутаркі старцаў мудрых, бо бяз прычыны яны не гаварылі б.
Разьдзел VI
Аб надмерных пажаданьнях
1. Калі толькі чалавек жадае нечага надмерна, робіцца ў сабе трывожны.
Пышны і прагавіты ніколі не супакоіцца; убогі і пакорны духам жыве ў вялікім супакоі.
Хутка спакушаецца чалавек, што не цалкам яшчэ памёр для сябе і бывае пераможаным малымі і дрэннымі справамі.
Слабы духам і як бы яшчэ цялесны, з нахілам да пажадлівасьці, з трудам зможа ўцячы зусім ад прыемнай прагавітасьці.
І таму часта сумуе, калі ад гэных рэчаў адрываецца, і лёгка злуецца, калі яму нехта пярэчыць.
2. Калі ж асягне тое, да чаго імкнуўся, адразу адчувае дакоры сумленьня, бо пайшоў ён за сваёю пажадлівасьцяй, якая анічога не памагае яму знайсьці жаданы супакой.
Дык змагаючыся з пажадлівасьцямі, а не служачы ім, знаходзіцца сапраўдны супакой сэрца.
Дзеля гэтага нямашака супакою ў чалавека, адданага целу, ані ў чалавека, занятага вонкавымі толькі справамі, але ў сэрцы чалавека гарачага і адухоўленага.
Разьдзел VII
Аб патрэбе ўцяканьня ад пустой надзеі і пышнасьці
Пусты той, хто мае надзею сваю ў людзях або ў іншых стварэньнях.
Не саромся служыць іншым дзеля любові Езуса Хрыста і быць бедным у вачох гэтага свету.
Не на самога сябе апірайся, але надзейся на Бога.
Рабі, што здолееш, а Бог паможа добрай волі тваёй.
Ня вер ані сваёй мудрасці, ані хітрасьці іншага чалавека, а зважай больш на ласку Бога, які памагае пакорным, а пышных спакарае.
2. Не хваліся багацьцямі, калі іх маеш, ані прыяцелямі дзеля таго, што яны магутныя, а імкніся да Бога, які ўсе дае, а прадусім сябе самога аддаць хоча.
Не гардзіся сілай ці хараством цела, якое найменшая хвароба папсуць можа і абрыдзіць.
Не хваліся тваім спрытам ані розумам, каб праз гэта ня стаўся ты нямілым Богу, якому ўсё належыць, што толькі маеш добрага ад прыроды.
3. Ня думай, што ты лепшы за іншых, каб не аказаўся ты горшым перад Богам, які ведае, што ёсьць у чалавеку.
Не гардзіся сваімі добрымі ўчынкамі, таму што іншы суд людзей, а іншы Бога, Якому часта не ў спадобу тое, што ў спадобу людзям.
Калі маеш нешта добрае ў сабе, думай аб іншых лепшае, каб ня згубіць пакоры.
Ня шкодзіла б, калі б лічыў ты сябе горшым ад усіх, але дужа шкодзіла б, калі б ты лічыў сябе лепшым хоць бы за аднаго каго.
Заўсёдны супакой у сэрцы пакорнага, а ў сэрцы пышнага частая зайздрасьць ды нездаволеньне.
Разьдзел VIII
Аб асьцярожнасьці ў лішняй зажыласьці з людзьмі
1. Не адчыняй перад кожным чалавекам свайго сэрца (Экл 8, 22), давярай разумнаму і што Бога баіцца.
Мала задавайся з маладымі і з чужнікамі.
Ня лісі перад багатымі і ня шукай магутных.
Трымайся пакорных і простых, пабожных ды сардэчных, а ў гутарцы зь імі шукай таго, што магло б цябе справіць.
Не заводзь блізкае знаёмасьці з ніякаю жанчынаю, але агулам за ўсіх добрых жанчын Богу маліся.
Будзь зажылы з Богам і з анёламі Яго, знаёмства людзей беражыся.
2. Любіць трэба ўсіх, але лішняя зажыласьць зусім беспатрэбная.
Часта бывае, што чалавек, пакуль яго ня знаюць, карыстаецца добрай славай, пазнаўшы ж бліжэй, адварочваюцца вочы гледзячых на яго.
Думаем часамі, што больш спадабаемся людзям, калі станем блізкімі ім; а вось яны пачынаюць нас ня любіць, як толькі ўбачаць маральныя недастаткі нашы.
Разьдзел ІХ
Аб паслухмянасьці ды залежнасьці
1. Вельмі вялікая рэч — жыць у паслухмянасьці, быць залежным ад старэйшага і не кіравацца сваёй уласнай воляй.
Шмат бяспечней слухаць, як загадываць.
Многія трываюць у паслухмянасьці больш з неабходнасьці, чымся з любові; такім прыкра, і яны наракаюць.
Думка іх ня знойдзе свабоды, калі не паддасца шчырым сэрцам Богу.
Кідайся туды і сюды — ня знайдзеш сабе супакою нідзе, як толькі ў пакорнай залежнасьці ад сваёй улады.
Шмат хто абмануўся, спадзеючыся многа на перамену месца і што лепш будзе недзе.
2. Праўда, кожны ахвотна паступае паводле сваёй думкі, хутчэй хінецца да тых, што аднолькава зь ім думаюць.
Калі аднак паміж намі ёсьць Бог, трэба часам, дзеля дабра супакою, адступіць нам ад сваёй думкі.
Хто ж такі разумны, каб змог ведаць усё дасканальна?
І таму ня трымайся зашмат свайго пагляду, а паслухай ахвотна і чужога розуму.
Калі твой пагляд добры, але пакінеш яго дзеля Бога і паслухаеш іншага — больш з гэтага скарыстаеш.
3. Часта я чую, што бесьпячней слухаць і прымаць рады, чымся радзіць.
Трапляецца, што кожнага думка добрая; не хацець, аднак, згадзіцца з іншымі, калі вымагае гэтага розум або справа, — гэта знак пыхі ды ўпорства.
Разьдзел Х
Аб патрэбе сьцерагчыся мнагамоўства
1. Сколькі можаш сьцеражыся гоману людзкога, бо гутарка аб сьвецкіх рэчах шмат шкодная, хаця б і бяз дрэннае думкі.
Хутка марнасьць нас захоплівае і палоніць.
Як жа часта хацеў бы я маўчаць і ня быць між людзей!
Чаму ж аднак так ахвотна гаворым і беспатрэбныя вядзём гутаркі, калі так рэдка, бяз шкоды для сумленьня, варочаемся да маўчаньня?
А таму мы так ахвотна гаворым, што ў супольных гутарках шукаем узаемнай пацехі і сэрцу, змучанаму ўсялякімі думкамі, жадаем даць палёгку.
І надта ахвотна любім гаварыць і думаць аб тым, што нам мілае і пажаданае, або аб тым, што муча душу нашу.
2. Але, на жаль, часта дарэмна і шкодна, бо гэная вонкавая пацеха ня мала шкодная радасьці ўнутранай і Боскай.
Таму будзьма шчырыя і малімася, каб дарма ня сходзіў нам час.
Калі гаварыць можна і выпадае, гавары аб тым, што карысна для душы.
Дрэнная прывычка і няўважнасьць наша на поступ духовы, — шмат прычыняецца да нячуласьці ў мове нашай.
Пабожная гутарка аб рэчах духовых многа карысная для дасканаласьці духовай; асабліва там, дзе людзі, аб’яднаныя розумам і сэрцам, лучацца між сабой у Богу.
Разьдзел ХІ
Аб здабываньні супакою і ахвоце ў дасканаленьні
1. Маглі б мы мець вялікі супакой, калі б кінулі займацца тым, што гавораць і робяць іншыя, а што нас зусім не датычыць.
Якім чынам здолее вытрываць доўга ў супакою той, хто ўлазіць у чужыя справы? Хто вонкавых здарэньняў шукае? Хто мала або рэдка сам над сабой застанаўляецца?
Бласлаўлёныя прастадушныя, бо будуць мець вялікі супакой.
2. Чаму некаторыя сьвятыя былі такімі дасканальнымі і богадумнымі?
Таму, што імкнуліся змарыць у сабе ўсе зямныя жаданьні і дзеля гэтага маглі ўсім сэрцам аддацца Богу і вольнай душой пільнаваць самых сябе.
Мы зашмат займаемся сваёй пажадлівасьцяй і клапоцімся аб справах хутка мінаючых.
Рэдка калі перамагаем мы ў сабе цалкам нават адну загану і мала глядзім штодзённага поступу ў добрым, дык таму астаёмся халоднымі і лянівымі.
3. Калі б памёрлі мы зусім для сябе і ўнутрана былі заблутаныя, тады маглі б такжа сьцяміць рэчы боскія ды спазнаць крыху нябесную мудрасьць.
Адзінай і найбольшай перашкодай у гэтым ёсьць тое, што мы паднявольныя сваіх пажадлівасьцяў і што не стараемся ступіць на шлях сьвятых.
Калі яшчэ трапляецца спраціўленьне, слабеем на душы і шукаем пацехі ў людзей.
4. Калі б мы імкнуліся быць мужамі дужымі ў барацьбе, напэўна ўбачылі б над сабою помач Розуму з неба.
Ён заўсёды барацьбістым, што спадзяюцца Ягонае ласкі, гатоў памагчы, бо ж Ён даў нам барацьбу, дзе б мы перамагчы маглі.
Калі будзем спаўняць толькі вонкавы бок нашае рэлігіі, хутка прыдзе канец пабожнасьці нашай.
Дык закранем сякераю карэньні (Мц 3,10), каб ачысьціўшыся ад пажадлівасьцяў, дайшлі да супакойнае думкі!
5. Калі б кожны год мы змагалі ў сабе хоць бы адну толькі загану, хутка ўжо былі б дасканалымі.
А бывае зусім наадварот, — часта бачымо, што былі мы лепшымі і чысьцейшымі пры пачатку, чымся пасля многіх гадоў нашага навароту да Бога.
Гарачасьць і поступ у нас павінны штораз узрастаць, а мы глядзімо, як быццам на нешта вялікае, калі нехта здолеў астацца пры частцы першапачатнае гарачнасьці.
Каб мы спачатку хаця б і мала сябе прымушалі, усё пазней йшло бы нам лёгка і з вясёласьцю.
6. Цяжка кінуць прывычкі; цяжэй йшчэ ісці насупроць сваёй волі.
Калі не пераможаш малых і слабейшых спраў, дзе ж тады перамагчы цяжкія?
Зразу не паддавайся твайму нахілу ды адвыкай ад дрэннае прывычкі, каб паволі ня трапіць табе ў вялікшыя небясьпекі.
О! каб ты толькі падумаў, які сабе супакой і іншым радасьць зрабіў бы, трымаючыся добрага жыцьця, тады бязумоўна болей глядзеў бы дасканаласьці духа.
Разьдзел ХІІ
Аб карыснасьці перашкодаў
1. Добра дзеля нас, што ад пары да пары спатыкаем розныя труднасьці ды перашкоды, бо ж яны будзяць сэрца ў чалавека, прыпамінаючы яму, што ён ёсьць згнаньнікам і што ня можна надзеяцца на нішто ў гэтым свеце.
Добра, калі церпім часам ад праціўнасьцяў і калі думаюць аб нас непраўдзіва і дрэнна, на’т калі мы добра робім і маем найлепшыя імкненьні. Гэта нас часта зварочвае да пакоры і сьцеражэ ад пустое славы.
Тады так жа лепш шукаем унутранага сьведку нашага — Бога, калі вонкава людзі за нішто маюць і верыць нам ня хочуць.
2. Таму трэба было б чалавеку ў Богу так умацавацца, каб ня трэба было шукаць у людзей пацехі.
Калі чалавек добрае волі цярпіць, мучыцца пакусамі і дрэннымі думкамі, тады лепш спазнае неабходнасьць Бога, бо без Яго нічога добрага ня здолее зрабіць.
Тады такжа сумуе, уздыхае і моліцца ў няшчасьці, якое церпіць.
Тады і жыцьцё яму працівіць, і хоча ўмёрці, каб кінуўшы жыцьцё, злучыцца з Хрыстом (Флп 1, 23).
Тады добра бачыць, што ня можа быць на сьвеце дасканальная бяспечнасьць і поўны супакой.
Разьдзел ХІІІ
Аб барацьбе з пакусамі
1. Пакуль жывём на сьвеце, бяз труднасьцяў і пакусаў не абойдземся.
Таму напісана ў Гіоба: змаганьнем ёсьць жыцьцё чалавека на зямлі (Гіоб 7, 1).
Дык кожны няхай глядзіць каля пакусаў сваіх і сьцеражэцца ад іх малітвамі, каб ня зьвёў яго дух нячысты, каторы ніколі ня сьпіць, а кружа, шукаючы каго бы з’есці (1 П 5, 8).
Нікога няма настолькі дасканалага і сьвятога, каб ня меў ён час ад часу пакусаў; і мы ня здолеем зусім звольніцца ад іх.
2. Аднак пакусы падчас і надта карысныя людзям, хаця прыкрыя і цяжкія, бо дзякуючы ім чалавек спакараецца, ачышчаецца ды вучыцца.
Кожны сьвяты зносіў шмат труднасьцяў і пакусаў і дзякуючы ім узрастаў у дасканаласьці.
А тыя, што ня стрывалі ў пакусах — адпалі і зьгінулі.
Няма такога кляштару сьвятога ці месца патайнога, дзе б ня было пакусаў ды труднасьцяў.
3. І пакуль жыве чалавек, датуль не супакоіцца ад пакусаў, бо ў нас самых іх пачатак і прычына, бо ў пажадлівасьці на сьвет мы прышлі.
І як толькі адна пакуса або труднасьць мінае — з’яўляецца новая, і заўсёды будзем цярпець, бо ж згубілі мы дабро першапачатнае шчасьлівасьці нашае.
Многія, імкнучыся ўцячы ад пакусаў, у горшыя яшчэ трапляюць.
Самымі ўцёкамі ня здолеем мы іх перамагчы, а толькі цярплівасьць ды сапраўдная пакора зробяць нас магутнейшымі за ўсіх ворагаў.
4. Хто зло толькі вонкава ад сябе адганяе, не чапаючы карэньняў яго, мала паступіць у добрым, на’т хутчэй да такога варочаюцца пакусы і ён яшчэ больш церпіць.
Лепш і хутчэй, з помаччу Бога, пераможаш ты, змагаючыся памалу, з трывалаю цярпялівасьцю, чымся суровасьцяй і ўпорствам сваім.
Часта пытайся рады, калі спакушаешся і зашмат не карай спакушанага, лепш пацеш яго так, як хацеў бы, каб пацешылі цябе самога.
5. Пачатак усіх дрэнных пакусаў — гэта нястрымлівасьць душы ды малая вера ў Бога.
Як лодка бяз руля шпурляецца туды і сюды хвалямі, так чалавек усяляк спакушаецца, калі апушчаецца і ня мае вытрываласьці ў пастановах сваіх.
Агонь гартуе жалеза (Экл 31, 31), а пакуса чалавека справядлівага (пар. Экл 27, 6).
Ня ведаем часта, што змаглі б мы, а пакуса адчыняе нам вочы.
Прадусім трэба сьцерагчыся пакусаў напачатку, бо лягчэй перамагчы ворага, калі ўсім-чым бараніць яму ўваходу ў душу і забегчы яму наперад, калі ён пачынае стукацца ў дзьверы думкаў нашых.
Таму сказана: спачатку са злом змагайся; дарма ўжываць лекаў, калі праз нашу нядбайнасьць хвороба ўзмаглася (Авідый Rem. am II, 91).
Бо спачатку з’яўляецца простая думка, затым жывое прадстаўленьне, далей спадоба, дрэннае пажаданьне і згода ў канцы.
Гэткім чынам, пакрысе, пакрысе, урэшце адчыненымі варотамі ўваходзіць вораг, калі не змагацца з ім спачатку.
І чым даўжэй хто не змагаецца, тым слабейшы ён з кожным днём, а вораг яго ўсцяж магутнее.
6. Адны ў пачатку свайго навароту да Бога, а другія ўзноў у канцы, церпяць цяжкія пакусы.
Іншыя мучацца імі ўвесь свой век.
Некаторых наведваюць пакусы мала калі і лёгкія; усё паводле розуму і справядлівасьці Бога, які разьмяркоўвае і глядзіць стан людзей і ўсё хіне да дабра сваіх выбранцаў.
7. Таму ня падайма духам, калі прыходзіць пакуса, а толькі гарачэй малімася да Бога, каб нам памог у кожнай патрэбе; а Ён сапраўды паводле слоў св. Паўла: так пакіруе пакусай, каб мы маглі яе паканаць (1 Кар 10, 13).
Дык спакарайма душы нашыя перад моцнай рукою Бога (1 П 5, 6) у кожнай труднасьці і пакусе, бо пакорных духам Ён збавіць.
8. У труднасьцях і пакусах пазнаецца чалавек, насколькі ўжо ён лепшы; там так жа будзе больш заслугі і павялічыцца цнота.
Нічога вялікага, калі нехта пабожны і жарлівы, як яму добра; аднак той няхай спадзяецца поступу ў дасканаласьці, хто ёсьць цярплівым сярод турботаў.
Ёсьць людзі, што змагаюць вялікія пакусы, а ў штодзённых бываюць пераможанымі, каб гэтак спакораныя ніколі зашмат на сябе не спадзяваліся ў вялікіх, калі ня здолелі нічога ў малых.
Разьдзел ХIV
Аб асьцярозе да хуткага суду
1. Зьвярні на сябе самога свае вочы і сьцеражыся судзіць чужыя справы.
Судзячы іншых, зусім дарма чалавек трудзіцца, часта мыляецца і цяжка грашыць; судзячы ж і разважаючы аб сабе, заўсёды карысна працуе.
Часта аб нечым судзім паводле таго, як падыходзіць гэта нашаму сэрцу, бо дзякуючы свайму самалюбству згубілі мы лёгка праўдзівае суджэньне.
Калі б Бог быў заўсёды адзінаю мэтаю нашых імкненьняў, не злавалі б мы так хутка, сустракаючы спраціўленьне нашай думцы.
2. Але часта нешта або ў нас крыецца, або прыходзіць звонку, што кліча да сябе.
Шмат ёсьць такіх, каторыя што толькі робяць, сябе самых шукаюць, аб гэтым жа нават і ня ведаюць.
Звонку выглядае, што быццам усё ў іх добра, калі ўсё робіцца паводле іх волі і думкі; але няхай зробіцца нешта насупраць таго, чаго хочуць — хутка пераменяцца ды засумуюць.
Дзеля разнаякасьці поглядаў і думак даволі часта бывае звадка між прыяцелямі, між грамадзянамі, між людзьмі пабожнымі, а на’т і законьнікамі.
3. Цяжка кінуць старыя прывычкі і ніхто ня хоча ісці далей за свае думкі.
Калі будзеш спадзявацца больш на свой розум ды кемкасьць, чымся апірацца на цноце падлегласьці Езусу Хрысту, тады ня хутка і мала калі будзеш асьвечаным, затым, што Бог хоча, каб мы зусім перад Ім скарыліся, а гарачаю любоўю ўзьняліся вышэй за ўсякі розум.
Разьдзел ХV
Аб чынах з любові
1. Ані дзеля якой рэчы, ані дзеля каханьня да якога чалавека — ні можна рабіць нічога благога; калі аднак чыё дабро вымагае, добры ўчынак можна спыніць іншым добрым учынкам або замяніць яго на лепшы.
Бо гэткім спосабам добрае не марнуецца, на’т робіцца лепшым.
Вонкавая работа бяз любові зусім бескарысная: усё, што было б з любові — хоць бы надта маленькае ды мізэрнае, робіцца надта карысным.
Бо ж сапраўды, Бог зважае больш на думку таго, хто робіць, чымся на тое, што ён робіць.
2. Многа робіць, хто многа любіць. Многа робіць, хто тое, што робіць, добра робіць.
Добра робіць, хто больш зважае на дабро грамадскае, чымся на сваю волю.
Часта тое, што выглядае на міласьць, сапраўды ёсьць толькі пачуцьцёвасьць; бо прыродны нахіл, уласная воля, надзея на ўдзячнасьць ды імкненьне да выгады мала калі нас пакідаюць.
3. Хто мае сапраўдную дасканалую любоў, той нідзе ня будзе аглядацца на сябе, а толькі будзе лятуцець, каб усюды здзейсьнілася хвала Бога.
Нікому такжа не зайздруе, бо ня любіць ніякае ўласнае радасьці; ня цешыцца ў самым сабе, лятуціць аб шчасьці ў Богу, які вышэй за ўсялякае дабро.
Нікому ня прыпісвае дабра, але цалкам тасуе яго да Бога, каторы ёсьць крыніцай усялякага дабра і ў каторым аканчальна ўсе сьвятыя радасна супакойваюцца.
О, каб ты меў хоць іскрачку сапраўднае любові, дык лёгка пачуў бы, што ўсё зямное толькі марнасьць!
Разьдзел XVI
Аб патрэбе цярпець нястачы жыцьця
1. Тое, чаго чалавек у сабе ці ў іншых паправіць ня здолее, няхай цярпліва зносіць, аж пакуль Бог таго не пераменіць.
Думай, што мо’ гэтак лепш дзеля спробы тваёй цярплівасьці, без якое зусім малыя нашыя заслугі.
Трэба аднак пры такіх перашкодах маліць Бога, каб памог Ён табе лёгка вытрываць іх.
2. Калі хто, напамінаны раз або другі не спраўляецца, — не сварыся з ім і ўсё паручы Богу, няхай будзе хвала і воля Яго ў ва ўсіх слугах Ягоных.
Бог ведае, як зло на дабро абярнуць.
Вучыся цярпліва зносіць заганы іншых ды ўсялякія іх нядужасьці, таму што і ты шмат іх маеш, якія трэба зносіць іншым.
Калі ты не патрапіш такім быць, якім хацеў бы, дык якім чынам здоляеш іншага бачыць паводле тваёй думкі?
Хацелі б надта іншых бачыць дасканалымі, а сваіх нястачаў не спраўляем.
3. Хацелі б мы, каб іншых строга напаміналі, а каб нас напаміналі — ня хочам.
Не ў спадобу нам шырокая самаволя іншых, а ня хочам, каб нам адмовілі таго, да чаго імкнёмся.
Хочам, каб іншыя спаўнялі законы, а самі іх спаўняць ня хочам.
Згэтуль відаць, што мала калі аднолькавай меркай мерым самых сябе і людзей іншых.
Каб усе былі дасканальнымі, дык што ж мелі б мы цярпець ад іх дзеля любові Бога?!
4. Але цяпер аднак так жадае Бог, каб вучыліся мы: адзін другому несьці цяжар (Гал 6, 2), бо нікога няма без заганы, бяз грэху, нікога няма, каму самога сябе было б даволі, нікога няма так мудрага, каб у ва ўсім даў сабе рады, дык трэба, каб узаемна мы адны адных цешылі, зносілі, памагалі, вучылі ды напаміналі.
Як вялікую хто мае цноту, найлепш можна гэта бачыць у праціўнасьцях.
Аказія ня робіць чалавека слабым, а толькі паказывае, які ён сапраўды.
Разьдзел XVII
Аб законным жыцьці
1. Часта трэба вучыцца перамагаць сябе самога, калі хочаш жыць згодна і ціхамірна з людзьмі.
Не малая гэта справа жыць у кляштары, або ў духоўнай грамадзе і, не наракаючы, верна да сьмерці стрываць.
Багаслаўлёны, хто там добра жыў і шчасьліва скончыў.
Калі хочаш вытрываць, як трэба і ўдасканаліцца, глядзі на сябе быццам на згнаньніка, што вандруе па зямлі гэтай.
Калі хочаш жыць законным жыцьцём, дык зрачыся свайго розуму для Хрыста.
2. Вопратка законная ды пастрыжэньне мала варты, бо толькі перамена абычаю і поўнае замораньне сваіх благіх нахілаў робяць сапраўднага законьніка.
Калі хто шукаў бы нечага іншага, чымся толькі Бога ды збаўленьня душы сваей, ня знойдзе нічога апрыч мукаў ды цярпеньняў.
Ня здужае такжа стрываць доўга ў супакоі той, хто ня будзе глядзець на сябе маўляў на апошняга ды ўсім падлеглага.
3. Прышоў ты служыць, а не панаваць; клікнулі цябе, каб ты цярпеў, а не гультаяваў і пустасловіў.
Тут прабуюць людзей, быццам золата ў вагні.
Тут ніхто ня стрывае, калі не захоча дзеля Бога спакарыцца ўсенькім сваім сэрцам.
Разьдзел XVIII
Аб прыкладах сьвятых айцоў
1. Глядзі ўважна на жывыя прыклады сьвятых айцоў, з якіх зіхацела сапраўдная дасканаласьць і рэлігія, дык убачыш, як малым і бадай нічым ёсьць усё тое, што мы робім.
Ох, што ж гэта за жыцьцё наша, калі яго прыраўняць з іхнім?!
Сьвятыя і прыяцелі Хрыста служылі Яму ў голадзе і холадзе ды нагаце, у працы ды трудох, у чуйнасьці ды пастох, у малітвах ды праследаваньнях многіх.
2. О, якія вялікія ды цяжкія мукі цярпелі сьвятыя Апосталы, мучанікі, вызнаўцы, дзевы і ўсе іншыя, якія хацелі ісьці сьледам Хрыста!
Бо ў нянавісьці мелі душы свае на гэтым сьвеце, каб мець іх у вечным жыцьці (Ян 12, 25).
О, якое вострае ды поўнае самазрачэньня было жыцьцё айцоў сьвятых у пустыні! Якія доўгія ды цяжкія пакусы стрывалі! Як часта зьдзекваўся вораг над імі! Як чыстыя ды гарачыя малітвы слалі яны Богу! Як трывалі ў суровых пастох! З якою вялікаю палкасьцю ды ахвотаю працавалі над сваім удасканаленьнем! Якія мужныя бітвы яны вялі, каб сьцёрці заганы свае! З якою чыстаю ды шчыраю думкаю імкнуліся да Бога!
Удзень працавалі, уночы маліліся доўга, хаця і працуючы ня кідалі маліцца думкаю ды сэрцам.
3. Увесь свой час яны добра выкарыстоўвалі, а кожная часіна, пасьвячана Богу, здавалася ім кароткаю.
І дзеля вялікае асалоды, якую мелі ў разважаньні Бога, не памяталі на патрэбы цела.
Кідалі яны ўсё: і багацьце, і гонары, і знатнасьці, і прыяцеляў, і радню; нічога ад сьвету яны не хацелі і толькі самае патрэбнае бралі ад яго, шкадуючы, што ў неабходных патрэбах і целу служыць мусілі.
Дык бедныя былі яны што да ўсяго зямнога, але багатыры вялікія ласкаю і цнотамі.
Звонку нічога ня мелі, затое ў душы былі поўны ласкі і пацехі Божай.
4. Чужымі былі сьвету, але Богу былі прыяцелямі найбліжэйшымі і зажылымі.
Самых сябе яны ўважалі за нішто, і сьвет пагарджаў імі, але перад вачыма Бога былі яны дарагімі і мілымі.
Жылі яны ў вялікай пакоры ды прастадушнай паслухмянасьці, трывалі ў любові ды цярплівасьці і таму штодня дасканаліліся ды асягалі вялікую ласку ў Бога.
Айцы тыя даны для прыкладу ўсім законьнікам і больш заклікаць нас павінны да належнае дасканаласьці, чымся вялікі лік зімных душой цягнуць нас меў бы да нядбайнасьці і развязнасьці.
5. О, якая вялікая была жарлівасьць усіх законнікаў пры закладзінах іхняе сьвятое ўстановы!
О, якая пабожнасьць у малітвах, якая была прагнасьць цноты, як цьвіў парадак, сколькі было пашаны і паслухмянасьці пастановам старэйшых!
Сьляды, пакінуты ім, сьведчаць, што былі яны людзьмі сапраўды сьвятымі і дасканальнымі, каторыя ваюючы так адважна, сьвет перамаглі.
А сёньня глядзяць, быццам на нешта вялікае, калі хто не пераступіць пастановы, калі хто цярпліва трывае ў ярме, што ўзяў на сябе.
6. О, нядбайнасьць і зімната наша, што так хутка адхіляемся ад папярэдняе жарлівасьці, што так цяжка і няміла нам жывецца, гледзячы на нядбайнасьць гэну ды зімнату!
Няхай жа ў табе ніколі ня дрэме жаданьне поступу ў цнотах, бачучы гэтулькі прыкладаў пабожных людзей!
Разьдзел ХІХ
Аб цьвічэньнях добрага законьніка
1. Жыцьцё добрага законьніка зіхацець павінна ўсенькімі цнотамі, каб быў такім у душы, якім здаецца людзям споверху.
Ды й шмат лепшым павінен быць у душы, чымся выглядае, бо ж сьведкаю нашым Бог, якому, дзе б мы ні апынуліся, павінны найвышэйшую аддаваць чэсць і, як анёлы, хадзіць у чыстаце перад воблікам Ягоным.
Кожны дзень трэба нам нанова рабіць свае пастановы і да жарлівасьці сябе заклікаць так, як быццам сёньня першы дзень нашага навароту, і казаць:
Памажы мне, Пане і Божа, вытрываць пры добрай пастанове і ў сьвятой службе Тваёй і дай, каб я сёньня добра пачаў, бо ж марнасьць усё, што дагэтуль я зрабіў.
2. Залежным ад цьвёрдасьці пастановы нашае будзе наш поступ; і шмат трэба старацца таму, хто хоча ісьці шляхам дабра.
Калі той, хто мае цьвёрдыя пастановы, часта прыстае, дык што ж з тым, хто мала калі ды слаба пастанаўляе?
Розна здараецца, што кідаем мы пастановы нашыя, а самае нязначнае апушчэньне цьвічэньня заўсёды пакідае нейкі сьлед.
Справядлівыя людзі больш спадзяюцца на ласку Бога, чымся на ўласны розум і ў ва ўсім, што пачынаюць, у Яго толькі вераць.
Бо ж чалавек думае, а Бог загадвае, бо не ў чалавека шлях ягоны (Прып 16, 9; Ер 10, 23).
3. Калі дзеля пабожнасьці або дзеля карысьці братоў сваіх ня зробіш таго ці іншага звычайнага цьвічэньня — лёгка ўсё гэта паправіш.
Калі аднак дзеля зімнасці душы ці нядбаласьці кінеш цвічэньне — значная гэта ўжо правіннасьць і шмат будзе шкоднаю.
Стараймася, сколькі можам, бо і так яшчэ ўсяго ня здолеем.
Заўсёды аднак трэба пастанавіць нешта пэўнае і то проціў таго, што перашкаджае нам у поступе душы нашай.
Аднолькава трэба нам разглядаць і разьмярковываць як справы ўнутраныя, так і вонкавыя, бо адны і другія важныя для нашае дасканальнасьці.
4. Калі заўсёды табе немагчыма разважаць, дык хоць ад пары да пары, але найменш раз у дзень: раніцаю або ўвечары.
Раніцай пастанаўляй, а ўвечары прагледзь сваё жыцьцё: які ты сёньня быў у слове і ў чыне, бо можа імі часта абражаў ты Бога і бліжняга.
Узбройся ты, быццам рыцар, насупроць нягоднасьці д’ябла; стрымлівай сябе ў ежы, тады ўсялякую цялесную склоннасьць пераможаш.
Ніколі ня будзь зусім бязьдзейным: чытай, або разважай, або рабі нешта карыснае супольнасьці, грамадзянству.
Ручнымі аднак работамі займацца трэба памяркоўна, бо ня ўсім яны аднолькава карысны.
5. Што не датычыць супольных абавязкаў, таго ня трэба паказваць, бо лепш у патаемнасьці працаваць над самым сабой.
Глядзі аднак, каб дзеля сваіх асобных цьвічэньняў ты не пакідаў супольных, але, зрабіўшы ўсё і верна, што было трэба і што было наказана, калі яшчэ астаюцца хвіліны часу, бярыся за сябе самога, паводле жаданьня тваёй пабожнасьці.
Ня ўсім падыходзіць аднолькава тое самае цьвічэньне — аднаму адно, іншаму другое больш карысна.
Таксама трэба падчас датасавацца з цьвічэньнямі і да часу: бо адным у сьвята, іншым у буднія дні больш нам да ўспадобы.
Іншыя патрэбныя падчас спакусаў, іншыя падчас супакою і адпачынку.
Іншыя мы любім думкі, калі сумуем, і іншыя, калі вяселімся ў Богу.
6. Пры вялікіх сьвятах трэба паўтараць добрыя цьвічэньні і больш гарача прасіць помачы сьвятых.
Трэба нам ад сьвята да сьвята рабіць пастановы, быццам у працягу гэтага часу мелі мы памерці і апынуцца ў вечнасьці.
Дзеля гэтага падчас сьвята трэба нам добра падгатавацца пабажней жыць і лепш глядзець усіх пастановаў, быццам мы тыя, што хутка маюць атрымаць заплату ад Бога за працу сваю.
7. А калі б часіна нашая яшчэ ня прышла, дык думайма, што мы яшчэ дрэнна прыгатаваныя і нягодныя той славы, якая пакажацца нам у прызначаным часе, і стараймася лепш прыгатавацца да развітаньня з гэтым сьветам.
Багаслаўлены слуга — кажа Евангеліст Лука, — якога, калі Пан прыдзе, знойдзе чуйнага. Сапраўды кажу вам, што над усім сваім дабром яго паставіць (Лк 12, 43).
Разьдзел ХХ
Аб любасьці адзіноты і маўчаньня
1. Шукай адпаведнага часу дзеля разважаньня над сабою і аб дабрадзействах Бога часта думай.
Пакінь цікаўнае. Тое лепш чытай, што наводзіць жаль за грахі, чымся тое, што захоплівае розум.
Калі будзеш уцякаць ад беспатрэбных гутарак, ня будзеш хадзіць на бяседы і слухаць усялякіх чутак і навінкаў, нойдзеш даволі адпаведнага часу на пабожныя разважаньні.
Найвялікшыя сьвятыя ўцякалі, у меру магчымасьці, ад зносінаў з людзьмі, бо лепш хацелі Богу служыць у адзіноце.
2. Казаў нехта: Колькі разоў быў я між людзьмі, заўсёды меншым чалавекам варочаўся (Сэнэка, Epist. VII, 3).
Часта гэта самае бачым і з сабою, калі шмат гаворым.
Лягчэй зусім маўчаць, чымся не перадаць у словах.
Лягчэй у хаце сядзець, чымся ў людзях дастатачна сьцерагчы сябе.
Дык хто хоча пачаць жыць унутрана і духова, трэба, каб адышоў з Езусам ад натоўпу людскога.
Той толькі ў бясьпецы між людзьмі, хто ахвотна хаваецца ад іх.
Той толькі бясьпечны ў гутарцы, хто ахвотна маўчыць.
Той толькі бясьпечна будзе старшыняваць, хто ахвотны быць падуладным.
Той толькі бясьпечны ў загадываньні, хто добра навучыўся быць паслушным.
3. Той толькі бясьпечна вяселіцца, хто чуе ў сабе чыстае сумленьне.
Бо на’т бясьпека сьвятых заўсёды была поўная баязьні Бога.
Нягледзячы на свае вялікія цноты і ласку, дужа яны былі чуйнымі ды ў пакоры жылі.
Бясьпека благіх пачынаецца з пыхі ды самаўпэўнасьці, а ў канцы даводзіць іх да разачараваньня ў самых сабе.
Пакуль жывеш на зямлі, датуль не спадзейся на бясьпеку, хаця б бачылі ў табе добрага законьніка ці пабожнага пустыньніка.
4. Часта трапляецца, што тыя, на якіх глядзяць быццам на лепшых, лёгка пападалі ў вялікія небясьпекі з прычыны лішняй самаўпэўнасьці.
Дзеля гэтага шмат карысьней тым, што заўсёды маюць спакусы ды часта зь імі змагаюцца, каб ня былі занадта пэўнымі ды не пачалі пышніцца, каб ня так лёгка схілялі сваё вуха на вонкавыя пацехі.
О, якое чыстае сумленьне меў бы той, хто б ня шукаў мінаючых радасьцяў і ніколі не клапаціўся б аб сьвеце!
О, якім вялікім супакоем і цішынёю карыстаўся б той, хто кінуў бы ўсе марныя турботы, а думаў толькі аб Богу і збаўленьню ды ўсю сваю надзею ў Богу меў бы!
5. Ніхто варт ня будзе нябеснае пацехі, калі пільна не пачне каяцца за грахі.
Калі хочаш, каб сэрца тваё трывала ў жалю за грахі — ідзі ў свой пакоік, адгані ад сябе гоман свету, паводле таго, як напісана: На ложах вашых кайцеся (Пс 4, 5). У пакоі гэным знойдзеш тое, што часта згубіш на сьвеце.
Пакоік твой, калі ў ім заўсёды адзінокі прабываеш, мілым табе становіцца, але калі часта яго пакідаеш — брыдне табе. Калі ў пачатку твайго навароту заўсёды ў ім будзеш жыць і глядзець яго — зробіцца ён табе мілым прыяцелем і найбольш удзячнай пацехай.
6. У маўчаньні ды цішыне дасканаліцца пабожная душа і вучыцца разумець таямніцы Сьвятога Пісаньня.
Там яна знойдзе крыніцы сьлёзаў, якімі кожную ноч абмываецца, каб магла прысьці настолькі бліжэй да свайго Тварца, насколькі далей яна адыходзіць ад сьвятовага гоману.
Дык той, хто зрачэцца прыяцеляў і знаёмстваў, блізкім будзе Богу і сьвятым Яго Анёлам.
Лепш чалавеку быць нязняным і старацца аб душу сваю, чымся цуды рабіць, а забывацца аб душы сваей.
Пахвальна законьніку, калі ён рэдка выходзіць з дому, калі хаваецца і ня хоча, каб яго нехта бачыў.
7. Пашто хочаш бачыць тое, што нягожа мець табе? А сьвет мінае і жаданьне ягонае (1 Ян, 12. 17).
Пажаданьні цела хінуць мяне туды і сюды. Калі аднак гэтая хвіліна мінае — што ж астаецца? Цяжар у сумленьні ды расьцярушанасьць думкі!
Часта вясёлы выходзіш, а сумны варочаешся; вясёлая гульня ўвечары прывядзе чорны настрой нараніцы.
Гэткім чынам усякая цялесная радасьць заўсёды з вясельлем уваходзіць, у канцы аднак грызе і забівае.
Што ўбачыш дзесьці, чаго тутка няма? Вось неба і зямля і ўсе часьціны, з іх зроблена ўсё, што ёсьць:
8. Што ўбачыш дзесьці, каб тое магло доўга пратрываць пад сонцам?
Спадзяешся ты накарміць некалі сэрца сваё, але дарэмна, ніколі гэтага не дапнеш.
Калі б ты і пабачыў усенькі сьвет, дык што ж гэта было бы? марная здань ды толькі!
Падымі вочы да Бога ў вышыню (Пс 122, 1), маліся за грахі свае ды нядбайласьць.
Кінь марнасьці людзям марным, а сам ты імкніся да таго, што загадаў табе Бог.
Зачыні за сабою дзьверы свае (Мц 6, 6) і кліч да сябе Езуса, улюблёнага свайго.
Аставайся з ім у пакоі тваім, бо ж нідзе ня знойдзеш такога супакою.
Калі б ты ня выходзіў нідзе, ды ня слухаў ніякіх пагалосак, лепш стрымаў бы ў добрым супакоі. Але, калі часам слухаеш людзкіх пагалосак, — адчуваеш затое неспакой твайго сэрца.
{{цэнтар|Разьдзел ХХІ
Аб жалі сэрца
1. Калі хочаш паступаць у дабры — трывай у баязьні Божай ды не давай сабе волі; трымай добра пачуцьцёвасьць сваю ды ня кідайся ў радасьць недарэчную.
Кайся шчырым сэрцам за грахі, дык і пабожнасьць знайдзеш.
Жаль спарыць шмат дабра, якое губіць расьцярушанасьць сэрца.
Дзіўна, як можа часам поўна весяліцца ў гэтым жыцьці чалавек, які сваё згнаньне і так многія небясьпекі для душы сваёй чуе і разважае!
2. Дзеля лёгкасці сэрца нашага і нядбайласьці на свае заганы мы часта ня чуем болі душы нашае, а на’т сьмяёмся, калі сапраўды плакаць трэба.
Няма ані сапраўднае свабоды, ані добрае радасьці, як толькі ў баязьні Бога ды ў супакойным сумленьні.
Шчасьлівы, хто зможа адкінуць усе перашкоды, што робяць яго мала разважным ды патрапіць сабраць усе свае думкі над жалем сьвятым.
Шчаслівы, хто адпіхне ад сябе ўсё тое, што можа спляміць ягонае сумленьне ды абцяжыць яго.
Змагайся мужна: прывычка перамагаецца прывычкаю.
Калі ты пакінеш у супакоі людзей, дык і яны дадуць рабіць табе тваё.
3. Ня лезь у чужыя справы, асабліва ж не мяшайся у справы старэйшых.
Заўсёды глядзі прадусім на самога сябе і напамінай самога сябе раней, чымся каго-колечы з найбольш дарагіх табе.
Калі ня любяць цябе людзі, ня сумуй, але сумуй з таго, што ты ня так жывеш і не глядзіш сябе, як гэта трэба слузе Божаму і добраму законьніку.
Часта карысьней і бесьпячней, каб чалавек ня шмат меў пацехаў у гэтым жыцьці, асабліва ж пацехаў, што датычаць цела.
Калі аднак ня маем пацехі Божае, ці чуем яе рэдка, мы самыя вінаваты: бо мала думаем аб жалі, бо не цалкам адкідаем усё пустое, вонкавае.
4. Прызнайся, што ты не пацехі Боскае годны, а хутчэй вялікае турботы.
Калі чалавек сапраўды каецца за грахі — тады цяжкі і горкі ўвесь сьвет яму.
Добры чалавек заўсёды знайдзе даволі прычын, каб плакаць ды шкадавацца.
Бо ці на сябе гляне, ці падумае аб сваім блізкім — бачыць, што ніхто ня жыве бяз турботаў. І чым больш сябе разважае, тым глыбейшы ягоны жаль.
Прадметам гэнага болю ды жалю ўнутранага будуць грахі ды заганы нашыя, у якія мы так запалі, што мала калі патрапім разважаць нябесныя рэчы.
5. Калі б ты больш памятаў на сьмерць сваю, чымся на даўгавечнасьць свайго жыцьця, тады без сумніву хутчэй ты паправіўся б.
Калі б у сэрцы добра ты размяркаваў будучыя кары ў пекле ці ў чыстцы, дык напэўна ахватней працаваў бы і цярпеў бы ды ня так палохаўся б цьвёрдага жыцьця.
Таму аднак, што думкі гэныя не трапляюць у сэрца наша ды любім, што нам прыемна, мы астаёмся халоднымі ды надта лянівымі.
6. Часта з убогасьці духа паўстае нараканьне беднага цела нашага.
Маліся пакорна да Бога, каб даў Ён духа жалю табе і кажы з прарокам: Накармі мяне, Пане, хлебам плачу ды напаі мяне сьлёзаў меркай (Пс 79, 6).
Разьдзел ХХІІ
Думкі над людзкой мізэрнасьцяй
1. Няшчасным будзеш, дзе б ты ня быў і куды б ты ня ськіраваўся, калі не навернешся да Бога.
Чаго ж ты бядуеш, што ня ўсё ідзе табе так, як ты хацеў бы ды думаў бы? Ці ж ёсьць хто такі, каму ўсё было б паводле яго волі?
Ані мне, ані табе, ані каму іншаму з людзей на зямлі.
Ніхто ня ёсьць бяз турботаў ды клопатаў на гэтым сьвеце, хаця б ён быў каралём ці папам.
Каму ж тутака найлепш? Таму, бязумоўна, хто шмат здолее цярпець для Бога.
2. Кажуць слабыя і недалужныя: гляньце, як добра жыве гэны чалавек! Які ён багаты, які вялікі, які магутны ды слаўны!
Але глянь на скарбы нябесныя і ўбачыш, што ўсё гэтае дачаснае адна марнасьць, усё яно надта няпэўнае, а нат’ можа быць нам цяжарам, бо ніколі не валодаем ім бяз клопату і страху.
Шчасьце чалавека ня ў тым, каб мець шмат усялякае дачаснае маёмасьці — хопіць яму, калі мае ў меру.
Сапраўдная нядоля — жыцьцё на зямлі.
Чым больш хацеў бы чалавек жыць духовым жыцьцём, тым гарчэйшым робіцца яму дачаснае жыцьцё, бо тым лепш ён чуе ды ясней бачыць марнасьць людзкой благоты.
Есьці, піць, быць чуйным, спаць, адпачываць, працаваць ды падпарадкавацца іншым патрэбам натуры — сапраўды вялікая марнасьць ды цяжар пабожнаму чалавеку, які так ахвотна хацеў бы быць вольным ад путаў цела і ўсялякага грэху.
3. Надта ж цяжка чалавеку пабожнаму з усімі гэнымі патрэбамі цела ў дачасным сьвеце!
Таму гэтак горача моліцца прарок, калі хоча быць вольным ад іх, кажучы: О, Пане! Вызваль мяне ад патрэбаў маіх! (Пс 24, 17).
Бяда тым, што ня бачаць сваёй марнасьці! А яшчэ вялікшая бяда тым, што любяць гэтае мізэрнае і марнае жыцьцё.
Бо некаторыя так любяць гэтае жыцьцё, што хоць ледзь зарабляюць на яго працай, ці жабруючы, аднак жа, калі б тут заўсёды маглі жыць, аб валадарстве нябесным зусім ня дбалі б.
4. О, шалёныя ды няверныя сэрцы, каторыя так загразлі ў зямным, што нічога ня хочуць ведаць апрыч таго, што датычыць цела!
Але гэтыя няшчасныя пад канец жыцьця цяжка адчуюць, якую бязглуздасьць ды марнату яны любілі.
А сьвятыя Божыя ды ўсе прыяцелі Хрыста ня імкнуцца да таго, што было ў спадобу іхняму целу, або да таго, што было слаўным у тую пару на зямлі, але ўсенькую надзеяй ды думкаю летуцелі аб вечным дабры.
Сэрца іх безупынна імкнулася да рэчаў бязмерных і нявідомых і сьцераглося, каб любоў відомых рэчаў да зямлі іх не цягнула.
5. Не пакідай, браце, надзеі на поступ у духовым жыцьці, — яшчэ маеш час на гэта.
Чаму ты аднак адкладаеш на заўтра здзяйсьненьне сваёй думкі?
Уставай хутчэй і зараз пачынай, кажучы: цяпер пара працы, цяпер пара барацьбы, цяпер хвіліна паправіцца.
Калі табе дрэнна ды цяжка — вось гэта і будзе пара, каб мець заслугу.
Бо ж трэба табе прайсьці праз агонь і ваду, пакуль трапіш у месца ахалоды (Пс 65, 12).
Калі сам сябе не пераможаш, — не зваюеш сваіх заганаў.
Пакуль жывём у гэтым слабым целе, ня здолеем стрываць бяз грэху ды жыць бяз турбот і болі.
Хацелі б мы жыць у супакою бяз ніякай бяды, дзякуючы аднак таму, што згубілі мы праз грэх нявіннасьць — з ёю згубілі мы і сапраўднае шчасьце.
І таму трэба быць цярплівым і чакаць ад Бога міласэрнасьці, пакуль міне нягоднасьць гэтая (Пс 56, 2), пакуль жыцьцё не паглыне сьмерці (2 Кар 5, 4).
6. О, якая ж вялікая нядужасьць людзкая, што заўсёды склонная да благога!
Сёньня спавядаешся з грахоў сваіх, а заўтра ўзноў робіш тое, з чаго спавядаўся.
Цяпер пастанаўляеш сьцерагчыся благога, а за гадзіну гэтак, як быццам нічога не пастанаўляў.
Дык сапраўды трэба нам спакарыцца і ніколі нічога вялікага ня думаць аб сабе, бо ж такія мы нядужыя ды нясталыя!
Хутка можна, дзякуючы нядбайласьці, змарнаваць тое, што было зроблена праз вялікую працу ды ласку Боскую.
7. Што будзе з намі ў канцы жыцьця нашага, калі мы так рана стынем?
Дрэнна з намі, калі мы хочам адпачынку, як быццам ужо быў супакой і бясьпечнасьць, а тым часам няма ў нас ані сьледу сапраўднае сьвятасьці.
Надта добра было б, калі б мы, як тыя, што горача пачынаюць працу над сабой, нанова прывучаліся да жыцьця прыкладнага; была б тады надзея на будучае палепшаньне ды на вялікшы поступ духовы.
Разьдзел ХХІІІ
Аб разважаньні сьмерці
1. Хутка прыдзе на цябе тут канец, дык інакш зважай ты на сябе.
Сёньня ёсьць чалавек, а заўтра ўжо няма.
Калі ж згіне з вачэй, дык хутка прападзе з памяці.
О, сьляпата і цьвёрдасьць сэрца чалавечага, што глядзіць толькі на сучаснасьць, а будучага бачыць ня хоча!
Так трэба табе ўсё рабіць і думаць, быццам ты сёньня меў памерці.
Калі будзеш мець спакойнае сумленьне, ня будзеш палохацца сьмерці.
Лепш сьцерагчыся грэху, чымся ўцякаць ад сьмерці.
Калі ты сёньня не гатоў, дык што будзе заўтра? Заўтрашні дзень невядомы і скуль ведаеш, што жыць будзеш заўтра?
2. Якая нам карысьць з даўгавечнага жыцьця, калі мы так мала папраўляемся?
Ах! даўгавечнае жыцьцё не заўсёды нас спраўляе, а часта павялічвае нашыя правіны.
Каб жа мы ды хоць адзін дзянёк добра пражылі на сьвеце!
Шмат такіх, што ўжо на гады лічаць свой наварот, але часта малы скутак іх паправы.
Калі боязна ўміраць, дык больш небясьпечна жыць даўгавечна.
Багаслаўлёны, што памятае заўсёды на хвіліну сьмерці сваёй, ды штодзень гатовіцца да сьмерці.
Калі ты бачыў калі-небудзь уміраючага чалавека, — падумай, што і сам пойдзеш гэтым шляхам.
3. Раніцаю думай, што не дажывеш вечара. Увечары не абяцай сабе, што раніцы дачакаеш.
Дык будзь заўсёды гатоў і гэтак жыві, каб сьмерць цябе непрыгатаванага не спаткала ніколі.
Шмат людзей умірае нагла ды неўспадзеўкі: Бо Сын чалавечы прыйдзе тады, калі вы не спадзеіцёся (Лк 12, 40).
Калі тая апошняя хвіліна прыйдзе, зусім інакш глянеш на мінулае сваё жыцьцё і шмат будзеш шкадаваць, што быў так лянівым і нядобрым.
4. О, які шчаслівы і разумны, хто ўсё жыцьцё імкнецца быць такім, якім хацеў бы бачыць сябе ў хвіліну сьмерці!
Вялікую надзею шчасьлівай сьмерці дасьць нам поўная пагарда сьвету, гарачае імкненьне да поступу ў цнотах, любоў пакорнасьці, вытрываласьць у пакуце, хуткасьць у паслухмянасьці, самазрачэньне і знашэньне ўсялякіх цярпеньняў дзеля любові Хрыста.
Шмат добрага здолееш зрабіць, пакуль здароўе маеш, але калі знядужаеш — не ведаю, што патрапіш.
Хвароба мала каго робіць лепшым; гэтак і тыя, што шмат дзе вандруюць, рэдка робяцца сьвятымі.
5. Не спадзявайся на сваякоў ды прыяцеляў; не адкладай на будучыню збаўленьня свайго, бо ж хутчэй, чымся ты думаеш, забудуцца людзі аб табе.
Лепш цяпер пакуль яшчэ пара агледзіцца і выслаць перад сабою добрыя ўчынкі, чым спадзявацца на падмогу чужых.
Калі ты цяпер сам ня дбаеш аб сабе — хто ж будзе думаць аб табе ў будучыне?
Цяперашняя пара шматцэнная; Вось цяпер час адпаведны, вось цяпер дзень збаўленьня (2 Кар 6, 2). Чаму ж, на жаль, марнуеш час гэны, калі заслужыць сабе можаш жыцьцё вечнае! Прыдзе час, калі жадаць будзеш аднаго дня, адной хвіліны, каб справіцца, і ня ведаю, ці атрымаеш ты гэта.
6. Падумай, найдаражэйшы, ад якое вялікае небясьпекі ты быў бы вольны і якога страху ты меў бы, калі б заўсёды Бога баяўся і аб сьмерці помніў бы!
Старайся цяпер жыць так, каб у хвіліну сьмерці хутчэй мог ты весяліцца, чымся баяцца.
Вучыся цяпер памерці для сьвету, каб тады пачаў жыць з Хрыстом.
Вучыся цяпер усім пагарджаць, каб тады свабодна мог ісьці да Хрыста.
Стрымлівай цяпер цела тваё пакутаю, каб мог тады мець поўную адвагу.
7. О, неразумны! ты спадзяешся на даўгавечнае жыцьцё, ня маючы ніводнага дня пэўнага!
О, як шмат хто ашукаўся на гэтым і як шмат каго неўспадзеўкі сьмерць забрала!
Штодзень чуеце, як гавораць: той памёр ад мяча, той утапіўся, той зваліўся з вышыні і зламаў сабе шыю, той ядучы памёр, а іншы ў гульні нашоў канец свой.
Адзін ад агню, другі ад жалеза, гэны ад пошасьці згінуў, іншага разбойнік забіў; і гэтак кожнага чалавека канцом сьмерць будзе, а жыцьцё яго, як цень мінае.
8. Хто па сьмерці цябе ўспомне? І хто будзе маліцца па табе?
Рабі, рабі цяпер, мой даражэнькі, што толькі для збаўленьня твайго служыць, бо ня ведаеш, калі памрэш, і ня ведаеш, што па сьмерці цябе чакае.
Пакуль маеш час, зьбірай сабе скарбы несьмяротныя.
Аб нічым ня думай, апрыч аб збаўленьні сваім; старайся толькі аб тое, што ёсьць Божае.
Старайся сабе цяпер прыяцеляў, хвалячы сьвятых Божых і насьледуючы іхнія ўчынкі, каб калі скончыцца тут тваё жыцьцё, прынялі цябе да жыцьця вечнага (Лк 16, 9).
9. Уважай сябе на зямлі за вандроўніка і гасьця, якога справы сусьвету зусім ня цікавяць.
Мей сэрца вольнае і ськіраванае да Бога, бо ж нямаем тутака заўсёднае сялібы, але будучай шукаем (Гбр 13, 14).
Штодня туды са сьлязамі пасылай свае малітвы і ўздыханьні, каб па сьмерці душа твая шчасьліва адышла да Бога.
Разьдзел ХХІV
Аб судзе і карах за грахі
1. У ва ўсім аглядайся на мэту і якім ты станеш перад воблікам судзьдзі, якому няма нічога таёмнага, якога ня ўмоліш падаркамі, ані ўгаворыш вымоўкамі, але які будзе судзіць паводле справядлівасьці.
О няшчасны і безразумны грэшнік! Што ж ты адкажаш Богу, які ведае ўсе твае злачынствы; ты, што дрыжыш часта перад воблікам гнеўнага чалавека?
Дык чаму ж ты не гатуешся на дзень суду, калі ня будзе аднаго ані бараніць, ані тлумачыць, але кожны будзе мець даволі свайго цяжару?
Цяпер праца твая ёсьць яшчэ карыснаю, на сьлёзы твае зьвернуць увагу і стогны выслухаюць, а жаль ачысьціць цябе і зло направіць.
2. Вялікі і збаўлены чысьцец праходзіць чалавек цярплівы, каторы, зносячы крыўды, больш церпіць з прычыны нягоднасьці іншага каго, чымся з прычыны чыіх зьдзекаў над самым сабой; каторы шчыра моліцца за ворагаў сваіх і шчыра выбачае правіны іх; каторы не стараніцца прасіць выбачэньня ў іншых; каторы больш скоры да міласэрнасьці, чымся да гневу; каторы часта перамагае сябе і стараецца сваё цела цалкам падпарадкаваць духу.
Лепш цяпер ачысьціцца з грахоў сваіх і пазбыцца заганаў, чымся адкладаць гэта на будучыню.
Сапраўды, абманываем мы самых сябе, дзякуючы няслушнай любові, якую маем да цела нашага.
3. Што ж іншае будзе паліць той агонь, калі не грахі твае?
Чым больш ты сам сабе цяпер пазваляеш і ідзеш за целам, тым цяжэй калісь будзеш пакараны і тым больш набярэш у сябе матэрыялу для гарэньня.
Найцяжэй чалавек будзе караны ў тых справах, у якіх найбольш грашыў. Лянівых будуць там падганяць гарачымі бічамі, а абжораў будуць мучыць вялікім голадам ды смагаю. Там распусьнікі і тыя, што любаваліся ў роскашах, будуць абліваныя гарачай смалой і смуродлівай серкай, зайздросныя, быццам шалёныя сабакі, выць будуць ад болю і зайздрасьці.
4. Няма такога грэху, які ня меў бы там адпаведнай сабе кары.
Там пышныя поўны будуць спакарэньня, а прагавітыя будуць жыць у найвялікшай бядзе.
Адна гадзіна кары там будзе цяжэйшая, чымся сотня гадоў тутака найцяжэйшай пакуты.
Там для асуджаных ніякага супакою, ніякай пацехі; тутака ж маеш часамі адпачынак у рабоце і пацеху сярод прыяцеляў.
Дык цяпер старайся і шкадуйся за грахі свае, каб як багаслаўлёны падчас суду быў ты бясьпечны.
Бо ж тады стануць справядлівыя з вялікаю пэўнасьцю насупроць тых, што над імі калісь зьдзек рабілі (Мдр 5, 1).
Тады пачне судзіць той, хто сёньня пакорна паддаецца судом людзкім.
Тады вялікую пэўнасьць будуць мець бедны ды пакорны, а пышнага зусюль страх ахопіць.
5. Тады ўбачаць, што разумны быў на гэтым сьвеце той, хто для Хрыста ўмеў быць дурным і пагарджаным.
Тады спадабаюцца цярпліва стрываныя ўсе нягоднасьці жыцьцёвыя, усякая нягоднасьць зачыніць сабе вусны (Пс 106, 42).
Тады будуць весяліцца ўсе пабожныя, а засумуюць усе бязбожнікі.
Тады больш усьцешыцца цела, што ў муках было, чымся тое, што заўсёды раскошай было кормлена.
Тады зазіхаціць найгоршая вопратка, хараство ж найбагацейшага адзетку загіне.
Тады больш будзе варта бедная хатка, чымся залочаныя палацы.
Тады больш паможа трывалая цярплівасьць, чымся ўсяго сьвету магутнасьць.
Тады вышэй падымецца простая паслухмянасьць, чымся ўся гэтага сьвету хітрасьць.
6. Тады больш пацешыць чыстае і простае сумленьне, чымся глыбокая філёзофія.
Больш тады будзе важыць пагарда багацьцяў, чымся валоданьне ўсімі скарбамі зямнымі.
Тады больш уцешышся з пабожнае малітвы, чымся з найвялікшага банкету.
Тады больш будзе вясёласьці з таго, што ты маўчаў, чымся з таго, што шмат гаварыў.
Тады больш будуць вартыя добрыя ўчынкі, чымся шматлікія прыгожыя словы.
Больш будзе тады прыемным цьвёрдае жыцьцё і цяжкая пакута, чымсь усякая зямная роскаш.
Дык вучыся цяпер трываць у малых цярпеньнях, каб тады здолеў быць вольным ад шмат цяжэйшых.
Тутака сьпярша папрабуй, сколькі б ты змог там вытрываць.
Калі цяпер так мала патрапіш сьцярпець, як жа ж стрываеш ты вечныя мукі?
Калі столькі наракаеш ты ў малых цярпеньнях, дык што будзе ў пекле?
Сапраўды, немагчыма мець дзьвёх радасьцяў: цешыцца тутака на зямлі, а пасьля валадарыць з Хрыстом.
7. Калі б ты да сёньняшняга дня жыў у роскашы ды ў славе, а зараз, у гэтай часіне памёр — што ж табе гэта памагло б?
Усё тады марнасьць, апрыч любові Бога ды службы Яму.
Бо хто Бога любіць з усяго свайго сэрца, той не баіцца ані сьмерці, ані мукаў, ані суду, ані пекла, бо дасканальная любоў дае нам бясьпечны доступ да Бога.
Калі ж хто яшчэ грэх любіць — ня трэба дзівіцца, што баіцца ён і сьмерці і пекла.
Калі ж аднак любоў Бога не адцягвае цябе ад благога, дык прынамсі страх пекла няхай цябе ўтрымлівае.
Бо хто ня мае нат’ і баязьні Бога — той доўга ў дабры ня вытрывае і пападзе хутка ў сіло нячысьціка.
Разьдзел ХХV
Аб шчырым палепшаньні ўсяго жыцьця нашага
1. Будзь чуйным і старанным у службе Божай і думай часта, чаму ты прышоў сюды і чаму сьвет ты кінуў?
Ці ж не таму, каб жыць для Бога і быць чалавекам духоўным?
Дык імкніся да найвялікшага поступу ў дабры, бо хутка дастанеш нагароду за працу тваю і тады ўжо ня будзе ані любові, ані баязьні ў наследстве тваім.
Цяпер мала папрацуеш, а знойдзеш вялікі адпачынак і вечнае вясельле.
Калі верна і шчыра будзеш трываць у дабры, ня сумлявайся — Бог стрымае сваё слова і дасьць табе вялікую нагароду.
Мей добрую надзею, што дастанеш пальму перамогі, але ня будзь занадта ў гэтым пэўны, бо можаш папасьці ў нядбайласьць і страціць пакору.
2. Адзін неспакойны чалавек, які часта хістаўся між страхам і надзеяй, праняты гэтай бядой, зайшоў у касьцёл і, лёгшы крыжам перад аўтаром, маліўся і сам сабе паўтараў: о, каб я ведаў, што вытрываю!
Хутка пачуў тады ў сабе Боскі адказ: а калі б ты ведаў гэта, што ж хацеў бы рабіць? — Рабі цяпер тое, што хацеў бы рабіць тады, а будзеш бясьпечны.
Адразу пацешаны і ўзмоцнены паручыўся волі Бога і пакінула яго палахлівае хістаньне.
Не хацеў ён ужо з цікавасьці даследваць сваю будучыню, але як пры распачынаньні, так і пры канчаньні ўсякай добрай справы імкнуўся прадусім спазнаць волю Божую і чым найбольш можна падабацца Богу.
3. Спадзейся на Бога і рабі добра — кажа Прарок — і жыві на зямлі, і будзеш карміцца багацьцямі яе (Пс 36, 3).
Адна ёсьць прычына, якая многіх адцягвае ад дасканаленьня сябе і астуджае іх жарлівасьць паправы — гэта страх труднасьцяў, або цяжкасьць барацьбы.
Найбольш аднак тыя паступуюць у цнотах, якія тым мужней змагаюцца, чым больш спатыкаюць труднасьцяў і праціўнасьцяў.
Бо ж там чалавек больш дасканаліцца і выслужвае сабе вялікшую ласку, дзе больш сябе перамагае і ўпакарае.
4. Але ня ўсе маюць аднолькава шмат дзеля пакананьня і ўмярцьвеньня.
Аднак жа чалавек жарлівы, хаця б і многа меў дрэнных нахілаў, хутчэй будзе дасканаліцца, чымся чалавек бяз гэных нахілаў, але менш жарлівы да цнотаў.
Прадусім дзьве рэчы памагаюць да вялікага палепшаньня: гэта — гвалтам адрывацца ад сваіх прыроджаных злых нахілаў і горача імкнуцца да поступу ў цнотах, якіх каму найбольш патрэба.
Сьцеражыся найбольш і перамагай у сабе тое, што найбольш табе не падабаецца ў іншых.
5. Усюды глядзі палепшаньня свайго: калі бачыш добрыя прыклады або пачуеш аб іх — імкніся насьледаваць іх.
Калі нешта благое бачыш — сьцеражыся, каб не рабіў гэтак; калі ж рабіў ужо гэтак — дык хутчэй папраўляйся.
Як вока тваё іншых спасьцерагае — так і іншыя прыкмечываюць у табе ўсё.
Як радасна і прыемна бачыць братоў пабожных, жарлівых, лагодных і корных!
Як сумна і цяжка бачыць тых, што жывуць у бязладзьдзі і ня робяць таго, да чаго яны пакліканы!
Як шкодным ёсьць не спаўняць абавязкаў стану свайго, а цікавіцца тым, што да нас не належыць!
6. Памятай на свае пастановы і мей на думцы воблік Хрыста на Крыжы.
Засароміцца ты можаш, калі глянеш на жыцьцё Езуса Хрыста, бо ж так мала імкнуўся ты ісьці Ягоным сьледам, хаця і шмат мінула ўжо часу ад хвіліны, калі ступіў ты на Божы шлях.
Законьнік, які вытрывала і пабожна цьвічыцца ў разважаньні найсьвяцейшага жыцьця і мукі Езуса Хрыста, знайдзе там паддастаткам усё карыснае сабе ды неабходнае; дарма шукаў бы ён нечага лепшага, апрыч Езуса.
О, калі б прышоў у сэрца нашае ўкрыжаваны Езус, як хутка ды дасканальна ўсяго б мы навучыліся!
7. Жарлівы законьнік усё ахвотна зносе і робіць, што яму кажуць.
Законьнік нядбалы і азяблы перажывае труднасьць адну за другой і з усіх бакоў бачыць зьдзекі, бо ня мае ўнутранай пацехі, а вонкавае яму нельга шукаць.
Законьнік, які ня жыве паводле закону, няхай спадзяецца вялікага ўпадку.
Хто шукае жыцьця прасторнага і вольнага, той заўсёды ў цеснаце будзе, бо тое ці іншае будзе яму неўспадобу.
8. Як жа робяць столькі іншых законьнікаў, якія здаволеныя жывуць пад вострай дысцыплінай законнай?
Мала калі выходзяць, жывуць здалёк ад сьвету, бедна ядуць і адзяюцца, шмат працуюць, мала гавораць, доўга трываюць у чуйнасьці, рана ўстаюць, доўга моляцца, часта чытаюць і сьцісла спаўняюць закон свой.
Глянь на картузаў, цыстэрсаў і на розных іншых законьнікаў і законьніц, як кожную ноч устаюць, каб Бога славіць.
І дзеля гэтага нягодна было б, каб ты меў лянавацца ў так сьвятой справе, калі такое мноства законьнікаў пачынае ўжо славіць Бога.
9. О, калі б маглі мы нічога іншага не рабіць, а толькі Пана Бога ўсім сэрцам і вуснамі выслаўляць!
О, калі б табе ніколі ня трэба было ні есьці, ні спаць, ні піць, а каб ты заўсёды меў магчымасьць Бога славіць, займацца толькі духоўнымі цьвічэньнямі — тады шмат быў бы ты шчасьлівейшы, чымся цяпер, калі мусіш служыць целу ў розных ягоных патрэбах.
Дык няхай бы ня было гэных патрэбаў, а няхай бы былі толькі патрэбы пажыўленьня духовага, якога, на жаль, так мала калі каштуем!
10. Калі чалавек да таго даходзіць, што ў ніякіх стварэньнях ня шукае сабе пацехі, тады толькі пачынае дасканальна Бога спазнаваць, тады так жа будзе ён здаволены, нягледзячы на тыя ці іншыя абставіны.
Тады ані яго памыснасьць надта развесяляе, ані праціўнасьць смуціць, але цалкам і з поўнай вераю аддае ён сябе Богу, які ёсьць яму ўсё і ўва ўсім, у якога нішто не прападзе, ані памрэ, але ўсё жыве дзеля Яго і служыць Яму.
11. Помні заўсёды аб канчатку і аб тым, што страчаны час ніколі не варочаецца.
Без стараннасьці і пільнасьці ніколі ня будзеш мець цноты.
Калі паменшыцца жарлівасьць твая — блага будзе з табою.
Калі ж увесь ты аддасіся жарлівасьці духа, — найдзеш вялікі супакой і пачуеш лёгкасьць у працы, дзякуючы ласцы Бога ды любові цноты.
Чалавек жарлівы і пільны на ўсё гатовы.
Цяжэй перамагаць свае заганы і дрэнныя нахілы, чымся рабіць найцяжэйшую фізычную работу.
Хто малых заганаў не сьцеражэцца, той незаўважна ўпадае ў вялікшыя (Экл 19, 1).
Калі дзень мінуў карысна, будзеш цешыцца ўвечары.
Зважай на сябе, падганяй сябе, напамінай сябе і, як бы іншыя не паступалі, — ты дбай аб сабе.
Настолькі палепшаеш, наколькі самога сябе пераможаш.
Кніжка другая
НАПАМІНАНЬНІ, ЯКІЯ ВЯДУЦЬ ДА ЎНУТРАНАГА ЖЫЦЬЦЯ
Разьдзел І
Аб унутранай гутарцы
1. Валадарства Божае ў вас ёсьць (Лк 17, 21), кажа Пан.
Зьвярніся ўсім сваім сэрцам да Бога, пакінь гэты марны сьвет, дык знайдзе адпачынак душа твая.
Вучыся пагарджаць усім вонкавым, а імкнуцца да спраў унутраных і ўбачыць, што валадарства Божае прыходзе да цябе.
Бо валадарства Божае — гэта супакой і радасьць у Духу Сьвятым (Рым 14, 17), каторае бязбожным не даецца.
Прыйдзе да цябе Хрыстус, даючы пацеху сваю, калі толькі ў душы тваёй падрыхтуеш належнае Яму памешканьне.
Уся слава Яго і аздоба ўнутры ёсьць (Пс 44, 14), і ўспадобу быць Яму там.
Часта Ён адведвае ўнутранага чалавека, а гутарка з Ім салодкая, пацеха мілая, супакой вялікі, блізкасьць Яго да чалавека незвычайная.
Ах, душа верная, прыгатуй гэтаму Улюбёнцу сэрца сваё, каб Ён захацеў прысьці да цябе і астацца з табою.
Бо ж сам Ён сказаў: Калі хто любіць Мяне, — спаўняе словы Мае, і прыдзем да яго, і памешканьне зробім у яго (Ян 14, 23).
Дай жа Хрысту месца і нікога больш туды ня пушчай.
Калі Хрыста будзеш мець, багаты будзеш і хопіць табе гэтага. Сам Ён будзе даглядчыкам тваім і ўва ўсім апекуном верным, каб ня трэба табе было на людзей спадзявацца.
Хутка бо людзі мяняюцца і хутка адыходзяць, а Хрыстус трывае вечна (Ян 12, 34) і астанецца верным табе аж да канца.
3. Ня трэба шмат спадзявацца на чалавека нядужага ды смяротнага, хаця б ён быў і карысны і мілы; ня трэба так жа надта й сумаваць, калі ён працівіцца і пярэчыць табе.
Тыя, што сяння з табою — заўтра могуць быць проціў цябе і наадварот; людзі, як вецер, мяняюцца часта.
Усю надзею сваю мей у Богу, і няхай Ён будзе і страхам і міласьцяй. Ён Сам за цябе адкажа і зробіць, каб найляпей было.
Ня маем тутака сталага прыпынішча (Гбр 13, 14); і дзе б ты ня быў — чужаземцам ды вандроўнікам будзеш; і нігдзе ня найдзеш супакою, пакуль ня злучышся з Хрыстом.
4. Чаго ж тутака навакол шукаеш, калі гэта ня месца твайго супачынку? У небе павінна быць памешканьне тваё (2 Кар 5, 2), а на ўсё зямное як бы мімаходам мы глядзець маем.
Усё міне і ты сам мінеш.
Глядзі, каб не зьвязваўся з нічым на зямлі, каб не злавіўся ды ня зьгінуў.
Няхай думка твая заўсёды ўзносіцца да Найвышэйшага, а малітва бязупынна кіруецца да Хрыста.
Калі ня здолееш разважаць аб справах найвышэйшых і нябесных, дык зьвярніся да мукі Хрыста і ў сьвятых Ягоных ранах прабывай ахвотна.
Бо калі пабожна прыпадзеш да ран Езуса, вялікую дужасьць пачуеш у турботах сваіх, ня будзеш зважаць на пагарду людзкую і лягчэй лаянку стрываеш.
5. Хрыстус так жа цярпеў пагарду ад людзей на гэтым сьвеце і ў найвялікшай патрэбе, сярод зьнявагаў — пакінулі Яго блізкія і прыяцелі.
Хрыстус хацеў цярпець і быць пагарджаным, а ты сьмееш наракаць яшчэ?
Хрыстус меў ворагаў і абмоўцаў, а ты хацеў бы, каб усе былі табе прыяцелямі і дабрадзеямі?
Скуль жа была б карона для цярплівасьці тваей, калі б ты ня сустрэнуў ніякіх супраціўнасьцяў?
Калі ты ня хочаш цярпець, як жа будзеш прыяцелем Хрыста?
Цярпі з Хрыстом і дзеля Хрыста, калі хочаш валадарыць з Хрыстом.
6. Калі б раз дасканальна ўглыбіўся ты ў сэрца Езуса, ды хаця б крыху пакаштаваў Ягонай гарачай любові, тады зусім ня думаў бы аб сваіх выгодах ці нявыгодах, а цешыўся б з кожнае крыўды, якую табе зробяць, бо любоў Езуса нахіляе чалавека да пагарды самога сябе.
Хто любіць Хрыста і праўду ды хто ёсць чалавекам сапраўды ўнутраным і вольным ад нядобрых пажаданьняў, той здолее свабодна да Бога зьвярнуцца, падняцца ў душы вышэй самога сябе і супакоіцца належна.
7. Хто ўважае ўсё такім, якім яно ёсьць, а не такім, як аб ім гавораць — той сапраўды разумны і больш ад Бога, чымся ад людзей навучыўся.
Хто ўмее слухаць душы сваей і мала зважае на вонкавыя рэчы, той ня шукае месца, ня жджэ часу на пабожныя цьвічэньні.
Чалавек унутры хутка зьбірае свае думкі, бо ніколі цалкам іх не расцярушвае.
Не перашкаджае яму ані вонкавая праца, ані заняткі ў часе азначаным, але што б ні траплялася, ён хутка дастасоўваецца да ўсяго.
Хто ўнутрана добра наладзіцца ды ўпарадкуецца, той не зважае на дзіўныя і нягодныя паступкі людзкія.
Столькі чалавек спазнае перашкод ды расцярушаньняў, сколькі аддасца вонкавым справам.
8. Калі б ты быў справядлівым і чыстага сэрца, усё было б для твайго дабра і поступу духовага.
Але шмат што табе не ўспадобу і цябе клапоціць, бо недасканальна яшчэ ты памёр для самога сябе ані адкараскаўся ад усяго зямнога.
Нішто так ня брудзіць і не заблытвае сэрца чалавека, як нячыстае твораў каханьне.
Калі адкінеш пацехі вонкавыя, здолееш разважаць аб нябесных рэчах і часьцей весяліцца ўнутраным вясельлем.
Разьдзел ІІ
Аб пакорным падпарадкаваньні
1. Не глядзі на тое, хто за цябе, або хто насупроць цябе, але так рабі і старайся, каб Бог быў з табою ў ва ўсім, што робіш.
Мей добрае сумленьне, дык і Бог абаронцам тваім будзе.
Каго Бог захоча падтрымаць, таму нічыя злосьць не зашкодзіць.
Калі ты патрапіш маўчаць і цярпець — бяз сумніву ўбачыш помач Бога.
Ён сам ведае пару і спосаб твайго вызваленьня, і таму трэба табе спадзявацца на волю Ягоную.
Богу гэта ведаць, як памагчы нам і вызваліць ад усякага непакою.
Часта нам надта карысна дзеля вялікшае пакоры, каб іншыя ведалі нашы заганы і дакаралі нас.
2. Калі чалавек спакараецца дзеля сваіх заганаў, тады лёгка супакойвае іншых і лёгка годзіць з сабою тых, што на яго злуюць.
Пакорнага Бог бароніць і вызваляе; пакорнага любіць і пацяшае; да пакорнага сам схіляецца; пакорнаму дае вялікую Ласку і з ягонае нізкасьці падымае да славы.
Пакорнаму паказвае свае таёмнасьці і да сябе міла пацягвае і заклікае.
Пакорны, дазнаўшы зьнявагі, не нарушыць супакою свайго, бо трымаецца ён Бога, а ня сьвету.
Ня думай, што шмат ты паступіў у дабры, калі не ўважаеш сябе за ніжэйшага ад усіх.
Разьдзел ІІІ
Аб добрым згодлівым чалавеку
1. Прадусім сам трывай у супакоі, а тады здалееш супакойваць іншых.
Згодлівы чалавек шмат карысьнейшы, чымся дужа вучоны.
Чалавек непамяркоўны на’т добрае ў благоту перайначыць і лёгка верыць благому.
Добры, згодлівы чалавек усё наварочвае на добрае.
Хто заўсяды ў супакоі трывае, той нікаго не западозрыць, хто нездаволены і ўзбураны, той рознымі турбоціцца падазрэньнямі; сам ня ведае адпачынку і іншым не дае адпачыць.
Часта кажа тое, чаго казаць не належыла б, і ня робіць таго, што рабіць было б яму надта патрэбным.
Глядзіць таго, што іншыя павінны рабіць, а сам сябе глядзець забываецца.
Зважай тады насамперш на самога сябе, а тады ўжо будзеш мець права рупіцца аб бліжнім сваім.
2. Ты добра ведаеш, як апраўдвацца і прыхарошваць чыны свае, апраўданьняў жа ад іншых прымаць ня хочаш, а справядлівей было б, калі б ты самога сябе абвінаваціў, а брату свайму нашоў бы апраўданьне.
Калі хочаш, каб цябе цярпелі іншыя, цярпі і ты іх.
Глянь, як далёка табе яшчэ да гэнай сапраўднай пакоры і любові, якая ўжо ня ведае гневу, ці злосьці, — хіба на сябе самога.
Нічога вялікага — спакойна жыць з добрымі ды пакорнымі, — гэта ўсім прыродна і ўспадобу, і кожны любіць супакой і тых, што аднолькава з ім думаюць.
Але з людзьмі злоснымі, нягоднымі, непаслушнымі або нам праціўнымі здолець жыць згодна — сапраўды вялікая ласка, чын пахвальны і надта мужны.
3. Ёсьць такія, што і самыя трываюць у супакоі і з іншымі згодна жывуць.
А ёсць такія, што самыя ня маюць супакою і іншым яго не даюць; іншым з імі цяжка, самым аднак найцяжэй.
Ёсьць урэшце такія, каторыя і самых сябе трымаюць у супакоі і другім даць яго стараюцца.
А ўвесь супакой у гэтым няшчасным жыцьці хутчэй будзе ў пакорнасьці і цярплівасьці што да праціўнасьцяў, чымся ў неадчуваньні іх.
Хто лепш патрапіць цярпець — вялікшы найдзе супакой; той пераможнік самога сябе, пан сьвету, прыяцель Хрыста і спадкавіч неба.
Разьдзел IV
Аб чыстай думцы і простым намеры
1. На двух крыллях лунае чалавек над зямлёю — на прастадушнасьці і чыстасьці.
Прастадушнасьць павінна быць у намерах, чыстасьць у пачуцьцях.
Прастадушнасьць імкнецца да Бога, чыстасьць находзіць Яго і цешыцца.
Ніякая справа ня будзе цяжкою, калі будзеш свабодным у душы ад грэшных нахілаў.
Калі нічога іншага ня будзеш старацца шукаць, як волі Божай і карысьці бліжняга, унутранай свабоды дазнаеш паддастаткам.
Калі б сэрца тваё было простае — тады ўсенькія стварэньні былі б табе люстрам жыцьця і кнігаю сьвятое навукі.
Няма стварэньня такога маленькага і марнага, якое б ня выказвала б дабраты Бога.
2. Калі б ты ў душы быў добры і чысты, тады добра ўсё без перашкод бачыў бы і цяміў.
Чыстае сэрца прабівае неба і пекла.
Якім хто ёсьць у душы, так судзіць і аб вонкавым.
Калі ёсьць на сьвеце радасьць якая, дык мае яе чалавек чыстага сэрца.
І калі дзе ёсьць турбота і злыбеда, дык найболей ведае гэта благое сумленьне.
Як паложанае ў вагонь жалеза губляе іржу і чыстым робіцца, — гэтак і чалавек, калі ўсім сэрцам да Бога зьвернецца — траціць сваю недалужнасьць і становіцца новым чалавекам.
3. Калі чалавек пачынае стынуць, тады палохаецца на’т маленькае работы і ахвотна прымае зманныя радасьці.
Калі ж дасканальна пачынае сябе перамагаць і мужна ідзе шляхам Божым — мала зважае на тое, што раней цяжкім яму выдавалася.
Разьдзел V
Аб разважаньні самога сябе
1. Ня можам мы самі сабе занадта верыць, бо часта і ласкі нам не хапае і веды патрэбнае.
Мала ў нас сьвятла — і тое губляем хутка праз сваю нядбаласьць.
Часта і ня бачым, насколькі мы сьляпыя ў душы сваёй.
Часта блага робім і горш яшчэ апраўдываемся.
Бывае падчас, што благая пачуцьцёвасьць намі валодае, а мы думаем, што жарлівасьць.
Іншых за дробязі ганім, а сабе большыя правіны выбачаем.
Адразу чуем і ацаняем тое, што церпім ад іншых, а сколькі ад нас церпяць — на гэта не зважаем.
Той, хто сьцісла і безстаронна сябе асудзіў бы — спазнаў бы, што ня мае ён права сурова судзіць іншых.
2. Унутраны чалавек насамперш сябе сьцеражэ і на сябе зважае, а хто ўважна сьцеражэ самога сябе — лёгка вучыцца аб іншых маўчаць.
Ніколі ня будзеш унутраным і пабожным, калі ня будзеш маўчаць аб іншых і глядзець прадусім на сябе.
Калі будзеш мець на думцы Бога і сябе, — мала закрануць цябе вонкавыя справы.
Дзе ж ты, калі ў самым сабе няма цябе? А калі ты ўсё перабег думкай — што табе з гэтага, калі самога сябе ты апусьціў?
Калі ты хочаш быць спакойным і сапраўды злучыцца з Богам, трэба табе ўсё кінуць і зьвярнуцца да самога сябе.
3. Шмат скарыстаеш, калі будзеш свабодным ад усіх дачасных клопатаў.
Шмат абманешся, калі будзеш зважаць на нешта дачаснае.
Няхай нішто ня будзе табе вялікім, нішто высокім, нішто ўдзячным, нішто мілым, нішто пажаданым — апрача Бога і таго, што з Бога ёсьць. Уважай за марную ўсякую пацеху, каторая б табе ад якога-небудзь стварэньня прыйсьці мела.
Той, хто любіць Бога, ня дбае аб нічым на сьвеце і, апрача Бога, пагарджае ўсім.
Толькі Бог ёсць вечны, бязьмерны і ўсё напаўняючы, пацеха душы і сапраўдная радасьць сэрца.
Разьдзел VI
Аб радасьці чыстага сумленьня
1. Слава добрага чалавека — гэта пасьведчаньне добрага сумленьня (2 Кар 1, 12).
Мей добрае сумленьне, дык заўсёды будзеш мець радасьць.
Добрае сумленьне шмат здолее стрываць і сярод праціўнасьцяў многа цешыцца.
Благое сумленьне заўсёды спалоханае і неспакойнае.
Соладка адпачынеш, калі ня будзе цябе ганіць сэрца тваё.
Не весяліся нічым, калі добра не зрабіў.
Людзі благія ніколі ня ведаюць сапраўднае радасьці, ані ўнутранага супакою, бо бязбожнікам нямашака супакою (Іс 17, 21), кажа Пан.
Калі б казалі яны: мы спакойныя, ня прыдзе на нас зло (Ер 5, 12) і хто пасьмее нам шкодзіць? — ня вер ім, бо раптоўна паўстане гнеў Божы і ў нішто абернецца іхняя работа і прападуць іхнія намеры.
2. Зусім ня цяжка тым, што Бога любяць, хваліцца сярод клопатаў (Рым 5, 3), бо так хваліцца — гэта хваліцца ў крыжы Пана (Гал 6, 14).
Кароткая слава, што даюць сабе ўзаемна людзі.
З славаю сьвета заўсёды сум сябруе.
Слава добрых — у сумленьнях іхных, а не ў вуснах людзей. Радасьць справядлівых з Бога і ў Богу, а праўда — іхняе вясельле.
Хто імкнецца да вечнай і сапраўднай славы, той не клапоціцца аб дачаснай.
А хто дачаснае славы шукае або не пагарджае ёю з усяе душы, той менш, відаць, любіць славу нябесную.
Вялікі супакой сэрца мае той, хто не праймаецца тым, ці яго хваляць, ці ганяць.
3. Хто мае чыстае сумленьне — лёгка здаволіцца і будзе спакойным.
Ня будзеш сьвяцейшым, калі пахваляць цябе, і ня горшым, калі цябе зганяць.
Якім ты ёсьць, — такім ёсьць і тое, што кажуць аб табе, цябе не перайначыць перад воблікам Бога.
Калі зважаеш на тое, чым ты ёсьць у душы — ня будзеш клапаціцца, што аб табе людзі гавораць.
Чалавек воблік бачыць, а Бог сэрцы (1 Сам 16, 7). Чалавек судзіць паводле ўчынкаў, а Бог паводле намераў.
Добра заўсёды рабіць і мала аб сабе думаць — вось знак пакорнае душы.
Не хацець пацехі ад ніякага стварэньня — вось знак вялікае чыстасьці і веры.
4. Хто не аглядаецца на вонкавае пасьведчаньне аб сабе, той, значыць, даручыў сябе зусім Богу.
Бо ня той ёсьць дазнаны — кажа св. Павал, — які сябе хваліць, але той, каго Бог хваліць (2 Кар 10, 18).
Хадзіць з Богам у душы, не захопліваючыся нічым звонку — вось стан унутранага чалавека.
Разьдзел VII
Аб любові Езуса над усё
1. Бласлаўлёны, хто ведае, што такое любіць Езуса і пагарджаць самым сабою для Езуса.
Дзеля гэнага Улюбенца трэба ўсё ўлюбёнае пакінуць, бо Езус хоча, каб мы Яго самога і больш за ўсё любілі.
Любоў стварэньняў малапэўная і абманная, любоў Езуса верная і трывалая.
Хто прывяжацца да стварэньняў, — зьгіне з імі, а хто прыхіліцца ўсім сэрцам да Езуса — узмоцніцца на векі.
Таго любі і лічы сабе за прыяцеля, хто цябе не пакіне, калі ўсе адхінуцца ад цябе і хто, калі надыдзе твой канец, ня дасьць табе зьгінуць.
Ці хочаш, ці ня хочаш — з усімі трэба будзе калісь разьвітацца.
2. Жывучы ці ўміраючы, заўсёды трымайся Езуса і даручы сябе Ягонай вернасьці, бо калі б усе адхінуліся ад цябе, Ён адзін табе паможа.
Улюбенец твой такой натуры, што ня хоча нікога іншага, з кім трэба было б дзяліцца тваёю любоўю. Ён сам хоча валодаць тваім сэрцам і быццам кароль панаваць, седзячы на троне сваім.
Калі б ты патрапіў асвабадзіцца ад усякага стварэньня, тады Езус ахвотна жыў бы з табою і ў табе.
Бадай усё ўтраціш, чаго толькі ад людзей, а не ад Езуса спадзявацца будзеш.
Не апірайся на трасьціну, якая хістаецца ад ветру, бо ўсякае цела, як трава вяне, і ўсякая слава яго, як цьвет травы ападае (Іс 11, 6).
3. Хутка абманешся, калі толькі на павярхоўнасьць людзкую зважаць будзеш.
Бо калі шукаеш у людзей пацехі і карысьці — найхутчэй сустрэнеш расчараваньне і шкоду.
Калі ўсюды будзеш шукаць Езуса, дык сапраўды найдзеш Яго.
Калі будзеш шукаць сябе самога, дык і найдзеш сябе самога, сабе аднак на пагібель.
Бо чалавек больш шкодзіць сабе самому, калі Езуса ня шукае, чымся ўвесь сьвет і ўсе ягоныя ворагі.
Разьдзел VIII
Аб прыяцельстве з Езусам
1. Калі Езус з намі — тады ўсё нам добрым і лёгкім здаецца, калі ж няма Езуса — усё тады ёсьць трудным.
Калі Езус не гавора да душы нашай — марная ўся пацеха; калі Езус хоць адно толькі слова прамовіць — чуем вялікую, цудоўную пацеху.
Ці ж Марыя Магдалена ня зразу схапілася з таго месца, дзе плакала, калі Марта ей сказала: Вучыцель прышоў і кліча цябе? (Ян 11, 28).
Шчаслівая хвіліна, калі Езус кліча ад сьлёзаў да радасьці духа!
О, які ж сухі ты і нячуткі бяз Езуса! О, які неразумны і пустадумны, калі хочаш чаго апрача Езуса.
Ці ж гэта не вялікшая шкода, як калі б ты ўвесь сьвет згубіў?
2. Што ж здолее даць табе сьвет бяз Езуса?
Жыць бяз Езуса — гэта цяжкое пекла, жыць з Езусам — салодкі рай.
Калі Езус з табою — нічога ня зробіць табе ніякі вораг.
Хто нашоў Езуса, нашоў скарб добры і дабро вялікшае за ўсялякае дабро.
А хто згубіць Езуса, згубіць зашмат, згубіць больш за ўвесь свет.
Найняшчасьнейшы — хто жыве бяз Езуса; найвялікшы багатыр — хто жыве з Езусам.
3. Вялікая мудрасьць — патрапіць прабываць з Езусам і вялікая ўмеласьць патрапіць мець Езуса з табою.
Будзь пабожным і спакойным — дык Езус астанецца з табою.
Хутка адойдзеш ад Езуса і ласку Ягоную згубіш, калі да рэчаў вонкавых схіляцца пачнеш.
А калі ад Яго адхінешся і згубіш, да каго кінесься і якога тады будзеш шукаць сабе прыяцеля?
Няможна шчасліва жыць бяз прыяцеля, а калі Езус ня будзе табе вялікшым прыяцелем за ўсіх — сумны надта будзеш і самотны.
Па-дурному, значыць, робіш, калі ў некім іншым будзеш шукаць даверу і радасьці.
Лепш трэ’ згадзіцца на варожасьць да сябе сьвету ўсяго, чымся абразіць Езуса.
Дык з усіх дарагіх сэрцу твайму Езус няхай будзе тым, каго найбольш любіш.
4. Любі ўсіх дзеля Езуса, Езуса ж дзеля Яго самога.
Самога Езуса Хрыста асабліва трэба любіць, бо адзін Ён добры і верны і над усіх прыяцеляў.
Дзеля Яго і ў Ім няхай дарагімі будуць табе і прыяцелі і ворагі; і за ўсіх іх маліся, каб усе яны пазналі і палюбілі Яго.
Ніколі не жадай, каб цябе асабліва хвалілі ці любілі, таму што гэта Богу Адзінаму належыцца, Якому роўнага няма нікога.
І ня імкніся, каб хто займаўся табой у сэрцы сваім і сам не займаўся міласцяй чыей, але няхай Езус будзе ў табе і ў кожным добрым чалавеку.
Будзь чыстым і свабодным у сэрцы і ня зьвязвайся з ніякім стварэньнем.
Трэба, каб ты ўсё адкінуў і чыстае сэрца да Бога ўзносіў, калі хочаш быць вольным і дазнаць, які мілы ёсьць Пан.
Сапраўды, ня дойдзеш да гэтага, калі не папярэдзіць цябе ласка Ягоная ды не пацягне так, каб парваўшы ўсе путы і асвабадзіўся — сам з Ім толькі адным мог ты злучыцца.
Бо ж калі прыдзе ласка Бога на чалавека — тады ён здолее ўсё, а калі ласка пакіне — тады бедны ён і нядужы робіцца, быццам адданы на бічаваньне.
Тады ня трэба паддавацца безнадзейнасьці і роспачы, але трэба спакойна здацца на волю Бога і ўсё, што надыдзе на нас, стрываць дзеля хвалы Хрыста, бо па зіме — лета прыходзіць, пасля ночы — дзень, пасля буры — прыгожая пагода.
Разьдзел ІХ
Аб нястачы ўсякае пацехі
1. Ня цяжка адказацца ад людзкое пацехі, калі ёсьць пацеха Божая.
Аднак вялікая і надта вялікая гэта рэч — жыць бяз ніякае пацехі: ці людзкой ці Божай і дзеля славы Бога ахвотна стрываць спусташэньне ў сэрцы сваім і ў нічым сябе ня шукаць ды не глядзець на свае заслугі.
Што ж тут вялікае, калі ты вясёлы і пабожны, — маючы ласку?
Хвіліна такая ўсім пажадана.
Лёгка лунае той, каго нясе ласка Бога.
І што ж дзіўнае, што ня чуе цяжару той, каго нясе Усёмагутны і вядзе Правадыр Найвышэйшы?
2. Ахвотна ловім усякую пацеху і цяжка выракаемся сябе самых.
Сьвяты мучанік Лаўрэнты з духоўнікам сваім перамог сьвет, бо з пагардаю кінуў усё, што здавалася мілым яму ў сьвеце, а дзеля Хрыста пакорнага стрываў і тое, што разлучылі яго з найвышэйшым духоўнікам божым Сыкстам, якога ён найбольш любіў.
Любоўю Тварца перамог любоў стварэньняў і дзеля любові Бога пакінуў пацехі людзкія.
Вучыся і ты дзеля любові Бога разлучацца з самым лепшым і з самым патрэбным табе прыяцелем.
Ня сумуй, калі і цябе прыяцель пакіне, бо ж ведаеш, што мы ўсе калісь з сабою разлучымся.
3. Доўга і шмат трэба чалавеку з сабою змагацца, пакуль ён навучыцца сябе зусім перамагаць і ўсё чуцьцё сваё да Бога кіраваць.
Калі чалавек спадзяецца на самога сябе — лёгка сьхіляецца да людзкіх пацехаў.
Але хто сапраўды Хрыста любіць ды імкнецца да цноты — той не спатыкнецца на гэных пацехах і цялесных прыемнасьцяў ня шукае, а пажадае больш цяжкой працы і цяжкога цярпеньня зносіць для Хрыста.
4. І вось калі дастаеш ты духовую ад Бога пацеху — прымай яе з падзякай, аднак памятуй, што гэта дар Божы, а не твая заслуга.
Ня пышніся, не весяліся зашмат, не спадзявайся неразумна на сябе, а будзь дзеля гэнага дару яшчэ больш пакарнейшым, асьцяражнейшым і больш разважным ува ўсім, што робіш, бо хутка міне хвіліна гэная і надыдзе спакуса.
Калі адбяруць табе пацеху, не распачай, але пакорна і цярпліва чакай, пакуль адведае цябе Бог, бо ў магчымасьці Яго даць табе назад яшчэ вялікшую пацеху.
Усё гэта не навіна і вядомае тым, што спазналі добра шляхі Бога, бо і вялікія сьвятыя і старадаўныя Прарокі дазнавалі часта такіх пераменаў.
5. Таму гэта адзін з іх у захопленьні ласкаў казаў: Я сказаў у дастатку маім: ня буду парушаны на векі (Пс 29, 7).
А калі ня было ў ім ужо ласкі, прызнаецца, як цярпеў, кажучы: Адвярнуў Ты воблік свой ад мяне, і стаў я спалоханы (Пс 29, 8).
Аднак ня падае ён духам, але больш горача моліцца да Бога і кажа: Цябе клікаць буду, о Пане, і Бога майго прасіць буду (Пс 29, 9).
Урэшце даждаўся ён выніку малітвы сваёй і што быў пачуты сьведчыць, кажучы: Пачуў Бог і зьмілаваўся нада мною; помаччу маёю стаў Пан (Пс 29, 12).
Але ў чым? Перамяніў — кажа — плач мой у радасьць і ахінуў мяне радасьцю (Пс 29, 12).
Калі так было з вялікімі сьвятымі, — ня трэба нам бедным і слабым распачаць, што часам жарлівыя, а часам азяблыя бываем, бо Дух Божы прыходзіць і адходзіць паводле ахвоты Волі сваей. Таму кажа бласлаўлёны Ёў: Адведваеш яго рана і адразу прабуеш яго (Ёў 7, 18).
6. Дык на што магу спадзявацца, або ў чым пэўнасць мая, калі не ў ваднэй вялікай міласэрнасьці Бога і самой надзеі на нябесную ласку?
І няхай будуць мне з помаччу людзі добрыя, ці браты пабожныя, або верныя прыяцелі, або кніжкі сьвятыя ці пабожныя разважаньні, ці прыемныя песьні і гымны — усё гэта мала варта для мяне і мала памоцна, калі мяне пакіне ласка Божая і калі апынуся ў уласнай беднасьці сваёй.
Тады няма лепшых лекаў, як трываць ды спакарыцца волі Божай.
7. Ніколі не нашоў я чалавека такога рэлігійнага і пабожнага, які б ні абачыў паменшаньня ў сабе ласкі, або не пачуў, што паменшала ягоная жарлівасьць.
Ніводзін сьвяты ня быў такі ўзвышаны і асьвечаны, — каб не надышла на яго пакуса.
Нягодны быў бы глыбокага разважаньня Бога той, хто не цярпеў дзеля Яго.
Пакуса ёсьць знакам, што прыдзе пацеха.
Тыя дастануць нябесную пацеху, што церпяць пакусу, бо так сказана: хто пераможа, таму дам скаштаваць з дрэва жыцьця (Ап 2, 7).
8. Таму дастае чалавек пацеху, каб дужэйшы быў трываць у супраціўнасьцях.
Затым прыходзіць зноў пакуса, каб чалавек дабром ня пышніўся.
Нячысьцік ня дрэме і цела йшчэ не памёрла, дык і не пакідай гатовіцца да барацьбы, бо праваруч і леваруч ёсьць ворагі, якія ніколі не пакінуць цябе.
Разьдзел Х
Аб удзячнасьці за ласку Божую
1. Чаму шукаеш ты адпачынку, калі нарадзіўся дзеля працы?
Прыгатаўляйся ты больш да цярплівасьці, чымся да пацехаў, больш крыж нясьці, чымся весяліцца.
Хто ж з людзей гэтага сьвету не ахвотна прыняў бы пацехі і радасьці духовай, калі б заўсёды можна было яе атрымаць?!
Бо вялікшыя духовыя пацехі за ўсе салодасьці сьвету і роскашы цела. Бо ўсе гэныя роскашы сьвету або марныя, або сорамныя.
Духовыя ж радасьці сапраўды прыемныя і дастойныя, з цнотаў яны пачаліся, і сам Бог дае іх чыстым душам.
Гэнымі аднак пацехамі ніхто ня можа карыстацца паводле волі сваёй, бо час вольны ад спакусы кароткі бывае.
2. Фальшывая свабода розуму ды занадта вялікая самапэўнасьць дужа спыняюць гэныя нябесныя адведваньні.
Бог добра робіць, даючы ласку пацехі; блага чалавек робіць, калі ня ўсё тасуе да Бога і не за ўсё дзякуе Яму.
І таму дары ласкі ня могуць заўсёды на нас сплываць, што няўдзячныя мы іх Даўцы і ня ўсе гэтыя дары адносім да іх першапачатковай крыніцы.
Заўсёды ласка даецца таму, хто з падзякаю яе прымае; звычайна Бог адбірае яе ў таго, хто пышніцца, а дае пакорнаму.
3. Не хачу я пацехі, якая адабрала б ад мяне жаль за грахі і не жадаю захопленьняў духа, якія прывялі б мяне да пыхі.
Бо ня ўсё, што вялікае — сьвятое, ня ўсё салодкае — добрае, ня ўсякае лятуценьне — чыстае, ня ўсё нам дарагое — мілае Богу.
Ахвотна прымаю ласку, дзякуючы якой штораз я пакарнейшы і баязьлівейшы і хутчэйшы да вырачэньня самога сябе.
Навучаны дарам ласкі і дазнаны згубаю яе — не пасьмее ўсё добрае сабе прыпісваць, а хутчэй прызнавацца будзе, што ён убогі і нагі.
Аддай Богу, што Божае (Мц 22, 21); сваё забірай сабе, гэта значыць: Богу дзякуй за ласку, а сабе прызнавай слушную кару за свае правіны.
4. Станавіся заўсёды найніжэй (Лк 14, 10), дык паднясуць цябе найвышэй, бо ня існуе найвышэйшае без найніжэйшага.
Найвялікшыя перад Богам сьвятыя глядзелі на сябе быццам на самых маленькіх і чым большая была слава іхняя, тым яны былі пакарнейшымі.
Поўныя праўды і славы нябеснае — ня імкнуцца да пустой славы.
Угрунтаваныя і ўцьверджаныя ў Богу — ня могуць ніякім чынам пышніцца.
Яны ўсё, што толькі добрае маюць, Богу прыпісваюць; ня шукаюць людзкой хвальбы, але тае, што ад Бога самога і толькі таго пажадаюць і імкнуцца, каб Бога хваліць у самым сябе і ва ўсіх сьвятых Ягоных.
5. Дык будзь удзячным за самае малое, а будзеш годны дастаць вялікшае.
Няхай будзе табе найменшы дар за найбольшы, а на самы звычайны дар глядзі ты быццам на асаблівы.
Калі зважыш на годнасць Даўцы, — ніводзін дар Яго ня здасца табе ані малым, ані малавартым.
Ня можа быць малым тое, што дае Бог Найвышэйшы.
І калі б на’т Бог пакараў нас і паслаў нам цярпеньні, і за гэта дзякаваць Яму трэба, бо што б ні зрабіў з намі — заўсёды гэта дзеля нашага збаўленьня.
Хто хоча захаваць ласку Божую — няхай будзе ўдзячны, калі яе Бог дае, і цярплівы, калі яе забірае. Няхай моліцца, каб яна вярнулася, няхай будзе чуйны і пакорны, каб не абмінула яго.
Разьдзел ХІ
Аб малой колькасьці тых, што любяць крыж Езуса
1. Шмат у Езуса ахвотнікаў валадарства Яго нябеснага, але мала такіх, каторыя хацелі б крыж Ягоны несьці.
Шмат мае Ён такіх, што радасьцяў хочуць, але мала такіх, якія б хацелі цярпець.
Шмат бачыць сяброў за сталом, але мала таварышаў устрымлівасьці Ягонай.
Усе хочуць з Ім весяліцца, але мала такіх, што хочуць цярпець дзеля Яго.
Шмат хто ідзе за Езусам аж да ламаньня хлеба, але мала хто аж да піцьця з келіха мукаў. Шмат хто захопліваеццца Ягонымі цудамі, але мала хто ідзе сьледам за ганьбаю крыжа.
Многія любяць Хрыста, пакуль ня сустрэнуцца з супраціўнасьцямі.
Многія хваляць Яго і бласлаўляюць, пакуль дастаюць ад Яго пацехі.
А калі Езус укрыецца і на хвіліну іх пакіне — адразу наракаюць або ўпадаюць духам.
2. Тыя аднак, што Езуса любяць дзеля Езуса, а ня дзеля свае ўласнае радасьці — бласлаўляюць Яго ў ва ўсялякай бядзе і цярпеньні сэрца гэтаксама, як і сярод радасьці найвялікшае.
І калі б нават не хацеў ніколі даць ім радасьці — Яго заўсёды выхвалялі б і заўсёды Яму дзякавалі б.
3. О, сколькі здолее чыстая любоў да Езуса, не перамешаная з уласнаю карысьцю ці з любоўю самога сябе!
Ці ж ня будуць наймітамі тыя, што заўсёды шукаюць толькі радасьці?
Ці ня выказваюць яны, што любяць больш сябе, чымся Хрыста, калі свае выгады і карысьці ўсцяж разважаюць?
Дзе знайдзеш такога, што хацеў бы Богу служыць дарма?
4. Цяжка сустрэнуць так адухоўленага чалавека, які б усяго выракся.
Бо сапраўды ўбогага духам і вольнага ад усякага стварэньня хто ж знайдзе? Далёка і аж на апошніх граніцах цана Яго (Прып 31, 10).
Хоць бы аддаў чалавек усю маёмасьць сваю — дык і гэта яшчэ нічога.
І калі б шмат пакутаваў, і гэтага мала яшчэ было б.
І калі б усю веду здабыў — яшчэ яму далёка.
І калі б меў хто вялікія цноты і дужа жарлівую пабожнасьць, — яшчэ шмат яму не хапала б, гэта значыць, — не хапала б яму аднаго, што найбольш патрабуе.
Што ж гэта такое? А гэта, каб кінуўшы ўсё, выракся самога сябе, не пакідаючы нічагусенькі з любові самога сябе.
А калі ўсё зробіць, што ўважае за патрэбнае зрабіць, — няхай ведае, што нічога не зрабіў.
5. Няхай не ўважае за вялікае тое, што вялікім можа здавацца, але няхай сапраўды ўважае сябе за слугу няздатнага, паводле таго, як кажа Праўда: Калі зробіце ўсё, што трэба зрабіць, кажэце: слугі мы няздатныя (Лк 17, 10).
Тады толькі сапраўды будзе магчы быць убогім духам і казаць з Прарокам: сам я адзін і ўбогі (Пс 24, 16).
Аднак ніхто ані багацейшы, ані магутнейшы, ані свабаднейшы ня будзе, чымся той, хто здолеў вырачыся сябе і ўсяго ды здолеў глядзець на сябе быццам на апошняга.
Разьдзел ХІІ
Аб валадарным шляху Крыжа Сьвятога
1. Шмат каму здаецца цяжкою гутарка гэта: пакінь самога сябе, вазьмі свой крыж і насьледуй Хрыста (Лк 9, 23).
Аднак шмат цяжэй будзе пачуць гэтае апошняе слова: ідзіце ад Мяне, праклятыя, у вагонь вечны (Мц 25, 41).
Тыя, якія цяпер ахвотна слухаюць і насьледуюць слова крыжа, тады ня будуць палохацца пачуць вечны прысуд.
Гэны знак крыжа будзе на небе, калі судзіць прыдзе (Мц 24, 30).
Тады ўсе слугі крыжа, якія ў гэтым жыцьці насьледавалі Укрыжаванага, з вялікім даверам падыдуць да Хрыста-Судзьдзі.
2. Дык чаму ж палохаешся ўзяць крыж, які вядзе ў валадарства?
У крыжы — збаўленьне, у крыжы — жыцьцё, у крыжы — бясьпека ад ворагаў, у крыжы — крыніца нябеснае асалоды, у крыжы — магутнасьць розуму, у крыжы — вясельле духа, у крыжы — завяршэньне цноты, у крыжы — дасканаласьць сьвятасці.
Няма нігдзе збаўленьня душы, ані надзеі вечнага жыцьця, апрача як у крыжы.
Дык бяры крыж свой, ідзі сьледам за Хрыстом і ўвойдзеш у вечнае жыцьцё.
Папярэдзіў Ён цябе, нясучы крыж свой, і памёр за цябе на крыжы, каб і ты нёс свой крыж і каб ты імкнуўся памёрці на крыжы.
Бо калі з Хрыстом памрэш, будзеш з Хрыстом жыць (2 Цім 2, 11). Калі будзеш Яму сябрам у муках, будзеш і ў славе (Рым 6, 8).
3. Вось жа ў крыжы падваліны ўсяго і ўсё залежнае ад таго, каб памёрці ў сабе самым, і няма іншага шляху да жыцьця і да сапраўднага ўнутранага супакою — апрача шляху крыжа сьвятога ды штодзённага ўмярцьвеньня.
Ідзі гдзе хочаш, шукай чаго хочаш — нігдзе не найдзеш дастайнейшага і бесьпячнейшага шляху, як шлях Крыжа Сьвятога.
Распарадкавай і ўкладай усё паводле таго, як хочаш, і як бачыш, і нічога ня знойдзеш, дзеля чаго ты не цярпеў бы з добрай ці злой волі — усюды і заўсёды крыж найдзеш.
Бо калі ня целам, дык душой цярпець будзеш.
4. Часам пакіне Бог цябе, часам нацерпішся ад бліжніх, а што горш — часта сам сабе цяжарам будзеш.
І нідзе ня нойдзеш ані лекаў, ані палёгкі, ня здолееш звольніцца ад турботаў сваіх, але пакуль хоча Бог — мусіш трываць.
Хоча Бог, каб навучыўся ты трываць у цярпеньнях без пацехі, каб Яму зусім спакарыўся, ды каб цярпеньні зрабілі цябе пакарнейшым.
Ніхто так не адчувае ў сэрцы сваім мукі Хрыста, як той, што сам нешта падобнае адцярпеў.
Крыж заўсёды гатоў і ўсюды цябе жджэ.
Не патрапіш ты схавацца, дзе б ты ні ўцякаў, бо дзе ты ня йшоў бы — усюды самога сябе знойдзеш.
Глянь высака, глянь нізка, усярэдзіну і ўвонкі — скрозь знойдзеш крыж; і таму неабходны ўсюды сьцерп, калі хочаш мець супакой, ды калі хочаш заслужыць на вечную карону.
5. Калі ахвотна будзеш крыж нясьці, тады і ён цябе будзе нясьці і прывядзе цябе да пажаданай мэты, гэта туды, дзе будзе канчатак цярпеньня, аднак ня ў гэтым жыцьці.
Калі неахвотна нясеш ты свой крыж, — сам пабольшваеш свой цяжар і робіш яго яшчэ больш нязносным, аднак жа несьці яго трэба.
Калі адкінеш адзін крыж, — напэўна іншы знойдзеш і магчыма цяжэйшы.
6. Ці ж ты думаеш уцячы ад таго, што не абмінула яшчэ ніводнага з людзей? Хто ж з сьвятых быў на гэтым сьвеце бяз крыжа ды цярпеньняў?
На’т Езус Хрыстус, наш Пан, пакуль жыў — ніводнае хвіліны ня быў бяз болю ды мукі.
Трэба было, каб Хрыстус цярпеў і ўваскрос і гэтак увайшоў у хвалу сваю (Лк 24, 26, 46).
І якім чынам ты хочаш іншага шляху шукаць, чымся гэны валадарны шлях, якім ёсьць шлях Крыжа Сьвятога?
7. Усё жыцьцё Хрыста крыжам было і мучаніцтвам, а ты шукаеш сабе супакою і вясельля?
Памыляешся і блудзіш, калі чаго іншага шукаеш, чымся цярпеньняў, бо-ж усё жыцьцё сьмяротніка поўна бедаў і пазначана крыжам.
І чым хто вышэй падымаецца духам, тым цяжэйшыя часта крыжы спатыкае, бо чым вялікшая любоў, — тым цяжэйшая туга ў згнаньніцтве нашым.
8. Аднак і сярод гэных так многіх боляў чалавек не астаецца без пацехі і палёгкі, бо бачыць ён, якая вялікая карысьць вырастае з цярплівага знашэньня свайго крыжа.
Бо калі самахоць яму паддаецца — увесь цяжар цярпеньняў замяняецца ў веру на пацеху Божую.
І чым больш падае цела пад мукамі, тым больш дужэе дух.
І часамі з любові да крыжа такім дужым робіцца дух чалавечы, што імкнецца да цярпеньняў і супраціўнасьцяў і ня хоча бяз іх быць, бо верыць, што настолькі будзе ён мілейшым Богу, насколькі церпіць дзеля Яго і больш і цяжэй.
Гэта ня сіла чалавечая, а ласка Хрыста, якая столькі здолее зрабіць у нядужым целе, што тое, чаго з натуры яно палохаецца і ўцякае, да таго праз жарлівасьць духа імкнецца і тое любіць.
9. Не ў натуры чалавека — крыж нясьці, крыж любіць, цела караць ды трымаць яго ў паслухмянасьці, уцякаць ад гонараў, ахвотна цярпець ганьбы, сабою пагарджаць і жадаць на’т пагарды, усялякія перапыны ды шкоды трываць і ніякага дабра ня шукаць на гэтым сьвеце.
Калі толькі на сябе будзеш спадзявацца — нічога з гэтага не патрапіш.
Калі заверыш на Бога, дасца табе дужасьць з неба, а сьвет і цела будуць пакорныя табе.
На’т і ворага-д’ябла ня будзеш баяцца, калі вера будзе табе аружжам, а крыж Хрыста будзе знакам.
10. Дык бярыся, як добры і верны слуга Хрыста, каб нясьці мужна крыж Пана свайго, які з любові да цябе быў укрыжаваны.
Будзь гатовым стрываць шмат супраціўнасьцяў ды розных прыкрасьцяў у гэтым няшчасным жыцьці, бо дзе б ты ня быў — усюды іх знайдзеш і нігдзе ад іх не схаваешся.
Так трэба і няма іншых лекаў на нашы беды і болі — як толькі іх сьцярпець.
Пій радасна чару Пана, калі хочаш быць прыяцелем Яго і мець частку з Ім.
Патолю пакінь Богу, хай Ён раздае яе паводле ўспадобы.
Ты ж будзь гатовым стрываць усе цярпеньні і ўважай іх за найвялікшую радасьць, бо цяперашнія цярпеньні ня здольныя выслужыць будучую хвалу (Рым 8, 18), хоць бы і ўсе іх адзін ты меў зьнесьці.
11. Калі ж дойдзеш да таго, што гора будзе табе салодкім і пачнеш смакаваць у ім дзеля Хрыста, тады будзь пэўны, што добра з табою, бо ж нашоў ты рай на зямлі.
Пакуль цяжка табе цярпець і пакуль ад цярпеньняў уцякаеш, датуль дрэнна з табою і ўсюды за табою будзе ўдагонкі ляцець турбота.
12. Калі возьмешся за тое, за што трэба — гэта значыць — цярпець і ўміраць — хутка будзеш лепшым і супакой знойдзеш.
На’т калі б ты апынуўся аж у трэцім небе з сьв. Паўлам, і тады ня будзе пэўнасьці, што ня будзеш цярпець: я яму пакажу — кажа Езус — сколькі трэба яму цярпець для імя Майго (Дз 9, 16).
Дык астаецца табе цярпець, калі хочаш любіць Езуса і Яму верна служыць.
13. О, калі б ты быў годны сьцярпець нешта для Імя Езуса! Якая слава была б табе, вясельле якое ўсім сьвятым Божым, які прыклад вялікі бліжнім!
Хаця шмат ёсьць такіх, што раюць сьцерп, а мала аднак якія б хацелі цярпець.
О, сапраўды, трэба табе крыху пацярпець дзеля Хрыста, калі столькі іншых шмат цяжэй церпяць дзеля сьвету.
14. Ведай напэўна, што ўсё жыцьцё тваё трэба табе ўміраць у самым сабе. І насколькі нехта больш для сябе памёр, настолькі больш пачаў ён жыць для Бога.
Ніхто ня здолее сьцяміць рэчаў нябесных, калі ня возьмецца нясці ярмо дзеля Хрыста.
Нічога Богу больш да ўспадобы, нічога табе больш карыснага на гэтым сьвеце, як ахвотна цярпець дзеля Хрыста.
І каб табе прышлося выбіраць, трэба было б табе хацець больш цярпець для Хрыста, чымся карыстацца жыцьцём, поўным пацехаў, бо тады быў бы ты больш падобны да Хрыста і сьвятых Ягоных.
Бо не ўва многіх радасьцях і пацехах, а хутчэй у цяжкіх спосабах і цяжарах, знаходзіцца заслуга нашая ды поступ наш.
15. Калі б было што лепшае і карысьнейшае дзеля збаўленьня чалавека, як цярпець, дык бязумоўна Хрыстус паказаў бы нам тое словам і прыкладам.
Але Ён і вучняў, якія Яго насьледавалі, і ўсіх, якія хацелі б Яго насьледаваць, яўна заклікае крыж нясьці, гаворачы: хто хоча ісьці ўслед за Мною, хай выракаецца сябе, возьме крыж свой ды йдзе за Мною (Мц 16, 24).
І вось, прачытаўшы ўсё і разважыўшы, зробім такі апошні наш вывад: трэба шмат сьцярпець, каб увайсьці ў Валадарства Божае (Дз 14, 21).
Кніжка трэцяя
ПРА ЎНУТРАНУЮ ПАЦЕХУ
Разьдзел І
Аб унутранай гутарцы Хрыста з вернаю душою
1. Буду ўслухоўвацца, што гаварыць будзе ўва мне Пан Бог (Пс 84, 9). Бласлаўлёная душа, якая чуе гутарку Пана ў сабе і з вуснаў Яго бярэ словы пацехі.
Бласлаўлёныя вушы, чуткія на шэпт Божага натхненьня, а глухія на голас гэтага сьвету.
Бласлаўлёныя яшчэ раз вушы, якія ўслухаюцца голасу, ня ўвонках зьвінячага, а таго, які ўнутры вучыць праўды.
Бласлаўлёныя вочы, заплюшчаныя на вонкавае, а растуленыя на сьвет унутраны.
Бласлаўлёныя, што разведваюць сьцежкі ўнутраныя, а праз штодзённыя разважаньні штораз больш прыкладаюцца да ўцямку тайніцаў нябесных.
Бласлаўлёныя, якія лятуцяць аб тым, як Богу служыць, і стараюцца асвабадзіцца ад усіх перапынаў сьвету.
Разваж гэта, душа мая, зачыні дзьверы пажадлівасьці тваей, каб здолела пачуць, што гаворыць у табе Пан Бог твой.
2. Вось што кажа ўлюблёны твой: я тваім збаўленьнем, тваім супакоем і тваім жыцьцём.
Трымайся Мяне, дык знойдзеш супакой. Пакінь усё мінаючае, а глядзі вечнага.
Што ж гэта такое ўсё дачаснае, калі не мана?
І што памогуць табе ўсе стварэньні, калі кіне цябе Стварыцель?
Дык усё кінуўшы, ідзі да Стварыцеля твайго, будзь Яму мілым і верным, каб здолеў ты найсьці вечнае і сапраўднае шчасьце.
Разьдзел ІІ
Праўда ў душы нашай гаворыць бяз слоў
1. Гавары, о Пане, бо слухае слуга Твой (1 Вал 3, 9).
Я слуга Твой, дай мне разуменьне, каб уцяміў я сьвядоцтвы Твае (Пс 118, 125).
Сьхілі сэрца маё да слоў вуснаў Тваіх; няхай плыве, як раса, гутарка Твая (Пс 118, 36).
Казалі калісь сыны Ізраэля Майсею: гавары ты да нас, і будзем слухаць; але няхай Пан не гаворыць да нас, каб мы не паўміралі (Зых 20, 19).
Ня гэтак, о Пане, ня гэтак я малюся, а хутчэй з Самуэлем Парарокам пакорна і з усіх сіл прашу: гавары, о Пане, бо слухае слуга Твой!
Няхай не гаворыць да мяне ані Майсей, ані хто з Прарокаў, але Ты сам гавары да мяне, Пане Божа, Ты, што натхніў і асьвяціў усіх прарокаў, бо Ты сам бяз іх можаш мяне дасканальна навучыць; яны ж без Цябе нічога не патрапяць.
2. Гудзяць іхнія словы, але духа не даюць.
Дужа прыгожа яны гавораць, аднак сэрца не захопліваюць, калі Ты маўчыш.
Яны словы паказваюць, але Ты іх зьмест адчыняеш.
Таёмнасьці яны апавядаюць, але Ты даеш іх зразуменьне.
Выдаюць яны загады, але Ты памагаеш зьдзейсьніць іх.
Яны паказваюць шлях, але Ты даеш дужасьць ісьці па ім.
Яны вонкава толькі дзеюць, а Ты вучыш і сэрца саграваеш.
Яны паліваюць, але Ты даеш плод.
Яны гамоняць словамі, але Ты даеш слуху ўцямак.
3. Дык няхай не гаворыць да мяне Майсей, але Ты, Пане Божа мой, Праўда вечная, гавары да мяне, каб не памёр я ды без карысьці не астаўся, калі толькі звонку будуць мяне вучыць, а ў душы ня буду сагрэты агнём любові Тваей.
Няхай ня будзе мне прысудам слова, якое пачуў я, але ня зьдзейсьніў, спазнаў, але не палюбіў, уверыў, але ня споўніў.
Дык гавары, Пане,бо слухае слуга Твой, бо словы жыцьця вечнага маеш (Ян 6, 68).
Гавары да мяне, каб хаця крыху ўзрадавалася душа мая і каб паправілася ўсё жыцьцё маё. Гавары да мяне дзеля хвалы і славы Тваей ды чэсьці вечнае.
Разьдзел ІІІ
Слоў Божых з пакораю трэба слухаць; шмат такіх, што ня ведаюць іх вартасьці
1. Слухай сыне, слоў Маіх, слоў найсалодшых, вялікшых за ўсю ўмеласьць філёзафаў і мудрацоў гэтага сьвету.
Словы Мае — гэта дух і жыцьцё (Ян 6, 63), і ня можа іх мерыць розум чалавека.
Ня трэба імі карыстацца дзеля марнае ўспадобы, а моўчкі ўслухацца і прымаць іх з вялікаю пакораю ды любоўю.
2. І сказаў я: бласлаўлёны, каторага Ты, Пане, наставіш на дарогу і навучыш яго закону Твайго і гэтым адвядзеш яго ад злога (Пс 93, 12–13), і ня будзе апушчаны на зямлі.
3. Я — кажа Пан— навучыў Прарокаў ад пачатку і аж дагэтуль не перастаю гаварыць да ўсіх, але многа ёсьць глухіх і нячуткіх на голас Мой.
Многа ёсьць такіх, каторыя ахватней слухаюць сьвету, як Бога, і лягчэй ідуць за пажадлівасьцяй свайго цела, як за воляй Божай.
Сьвет прыракае рэчы дробныя і мінаючыя, а служаць яму з вялікай ахвотай; Я прыракаю рэчы бязьмерныя і вечныя, а сэрцы сьмяротных астаюцца незакранутыя.
Хто ж служыць Мне гэтак ахвотна ў ва ўсім і паслухмяна гэтак, як служаць сьвету ды паном яго?
Засаромся Сыдон, бо гаворыць мора (Іс 23, 4); калі хочаш прычыну ведаць — вось паўслухайся.
Дзеля марнае карысьці чалавек увесь сьвет абойдзе, а дзеля вечнага жыцьця часта і пальцам не зварухне.
Гоняцца за марнай заплатай; за адзін грош бясстыдна вядуць спорку; дзеля бязвартаснае рэчы, дзеля малой надзеі — не палохаюцца працаваць у дзень і ў ночы.
4. Ах, сорам які! Дзеля дабра вечнатрывалага, дзеля нагароды бясцэннае, дзеля славы найвялікшае — лянуюцца ды палохаюцца найменшае працы.
Дык чырваней, лянівы і згрызотлівы, што іншыя ахватней працуюць на сваю загубу, чымся ты працуеш для вечнага жыцьця, што іншыя больш радуюцца з марнаты, чымся ты з праўды.
Аднак так часта абманваюцца яны ў надзеях сваіх; Маё ж абяцаньне нікога не ашуквае, і не адойдзе з парожнымі рукамі той, хто паверыць Мне.
Што прырок — тое дам; што сказаў — тое споўню, калі толькі хто да канца вытрывае верна ў любові Маей.
Я шчодра нагароджваю добрых і спробамі вялікімі ўзмацняю пабожных.
5. Запішы словы Мае ў сэрцы сваім і добра іх разваж, бо надта патрэбнымі табе яны будуць у хвіліну пакусы.
Чаго ня цяміш чытаючы, сьцяміш тады, калі цябе адведаю.
Двайным спосабам адведваю Я выбранцаў сваіх — гэта значыць: пакусаю і пацехаю.
І дзьве навукі даю ім штодзень: адну — ганячы іхнія праступкі, другую — клічучы іх да штораз большых цнотаў.
Хто Мае словы мае ды іх адкідае, той мае судзьдзю, што ў апошні дзень асудзіць яго (Ян 12, 48).
Малітва, каб выпрасіць сабе ласку пабожнасьці
6. Пане Божа мой, Ты ўсё дабро маё! І хто ж я такі, каб сьмеў гаварыць з Табою? Я найгоршы слуга Твой і ліхі чарвячок, шмат гаднейшы пагарды, чымся я гэта ведаю і сьмею выказаць.
Памятай, аднак, о Пане, што я нішто, што нічога ня маю і нічога ня здолею.
Ты адзін добры, справядлівы і сьвяты; Ты ўсё можаш, усюды маеш вока, усё сабою напаўняеш і толькі грэшнага пустым пакідаеш.
Успомні міласэрнасьць Тваю (Пс 24, 6) і напоўні сэрца маё ласкаю сваею, Ты, каторы ня хочаш, каб марнаваліся стварэньні Твае.
7. Як змог бы стрываць я сябе ў гэтым няшчасным жыцьці, каб не ўзмацоўвала мяне міласэрнасьць ды ласка Твая?!
Не адварочвай вобліка свайго ад мяне, не забывайся адведваць мяне, не забірай пацехі Твае, каб ня была душа мая, быццам зямля без вады перад Табою (Пс 142, 6–7).
Пане! Навучы мяне спаўняць волю Тваю (Пс 142, 10); навучы мяне быць годным і пакорным прад Табой, бо ж Ты мудрасьць мая, які сапраўды знаеш мяне і знаў прад тым, як сьвет стаўся, і прад тым, як на сьвет я нарадзіўся.
Разьдзел IV
Перад Богам трэба нам быць праўдзівымі і пакорнымі
1. Сыне, хадзі ты прада Мной дарогай праўды і з простым сэрцам шукай Мяне заўсёды.
Хто ў праўдзе перада Мною ходзіць, — будзе мець бясьпеку ад злое напасьці і праўда асвабодзіць яго ад спакусьнікаў ды ад крыўдаў з боку дрэнных людзей.
Калі цябе праўда асвабодзіць, сапраўды будзеш свабодным і ня будзеш аглядацца на марныя словы людзкія.
2. Пане, гэта праўда! Як Ты сказаў — няхай так і будзе са мною. Няхай навучыць мяне праўда Твая, няхай мяне сьцеражэ і давядзе аж да збаўленнага канца.
Няхай мяне асвабодзіць ад усялякага дрэннага нахілу ды грэшнага каханьня, а з вялікаю свабодаю сэрца хадзіць я буду з Табою.
3. Я навучу цябе, кажа праўда, што ёсьць добрае і мілае для мяне.
Разважай грахі свае з вялікаю гадкасьцю ды жалем, і не хваліся ніколі ды ня думай, што ты ўжо нешта важнае, дзеля сваіх добрых учынкаў.
Сапраўды, грэшнік ты і падуладны ды спутаны многімі благімі нахіламі.
Сам праз сябе на нішто ты ня здаўся: хутка падаеш, хутка бываеш ты пераможаны, хутка трывожышся, хутка распустуеш.
Зусім ня маеш чым пышыцца, а шмат такога маеш, дзеля чаго трэба спакарацца, бо ты шмат нядужэйшы, чымся разумееш гэта.
4. Дык усё, што робіш, — няхай не здаецца табе вялікім.
Нічога вялікага, нічога цэннага, ані захопліваючага, ані годнага славы вялікае, нічога высокага, нічога сапраўды пахвальнага ці пажаданьня годнага няма ў тым, што нявечнае.
Няхай вышэй за ўсё будзе мілаю табе Праўда вечная, а з пагардаю глядзі на сваю ліхоту.
Нічога так не палохайся, нічым так не ганьбуй і нічога так не сьцеражыся, як благіх нахілаў сваіх ды грахоў, дзеля якіх трэба больш сумаваць, чымся дзеля дачаснае шкоды.
Іншыя няшчыра перада мною паступаюць, але з нейкаю цікаўнасьцю ды пыхаю хочуць спазнаць мае таёмнасьці, сьцяміць вялізарнасьць Бога, забываючыся на сябе ды на збаўленьне сваё.
Гэтыя, дзякуючы сваей пысе ды цікаўнасьці, часта трапляюць у спакусы і грахі, бо ж Я стаю насупроць іх.
5. Палохайся суду Божага, дрыжы перад гневам Усёмагутнага. Ня судзі спраў Найвышэйшага, а разглядай ды размяркоўвай твае благоты, каб ведаў, сколькі благацьця ты нарабіў ды як шмат добрага ты прамінуў.
У адных уся пабожнасьць — у кніжках, у другіх — у пашане абразоў, — у іншых ізноў — у вонкавых знаках.
Іншыя Мяне маюць часта на вуснах, а мала калі ў сэрцы.
Але ёсьць і такія, што маючы сьветлы розум і чыстае сэрца, лятуцяць заўсёды аб рэчах вечных, аб зямных жа неахвотна слухаюць і патрэбам цела з болем служаць: такія людзі чуюць, што Дух Праўды гаворыць у іх.
Бо гэны Дух іх вучыць пагарджаць зямным ды любіць нябеснае, на гэты сьвет не зважаць, а ў дзень і ў ночы імкнуцца да неба.
Разьдзел V
Аб цудоўным выніку Божае любові
1. Бласлаўляю Цябе, Айцец Нябесны, Айцец Пана майго Езуса Хрыста, што зволіў успомніць на мяне беднага.
О, Айцец міласэрнасьці і Бог усялякае пацехі (2 Кар 1, 3), дзякую Табе, што мяне, нягоднага ніякай пацехі, часамі пацяшаеш.
Бласлаўлю Цябе заўсёды і выхваляю з Сынам Тваім Адзінародным ды Духам Сьвятым Пацяшыцелем на векі векаў.
Ах, Пане Божа! Любоў мая сьвятая! Калі Ты зьявішся ў сэрцы маім, узьвесяліцца душа мая.
Ты слава мая ды вясельле сэрца майго; Ты надзея мая і бясьпека ў дзень турботаў маіх (Пс 31, 7).
2. Аднак таму, што кволы я ў любові ды недасканальны ў цнотах, дык неабходна мне, каб Ты мяне падтрымаў і пацешыў; і таму адведай мяне часьцей і вучы сьвятой навукі Тваей...
Асвабодзі мяне ад нахілаў благіх і вылечы сэрца маё ад усіх нягодных пажаданьняў, каб быў унутрана я здаровы ды, як трэба, чысты, каб здолеў належна любіць Цябе, каб быў дужы ў цярпеньні і сталы ў вытрываласьці.
3. Вялікая справа — любоў, вялікшая яна за ўсякае дабро, бо яна адзіна аблягчае ўсякі цяжар і дае сілу роўна зьнесьці ўсякую прыгоду.
Яна лёгка нясе ўсялякі цяжар, а ўсё горкае ў салодкасьць і прыемнасьць перайначвае.
Шляхотная любоў Езуса заахвочвае да дзеяньня вялікага ды пабуджае імкнуцца штораз да большай дасканальнасьці.
Любоў уверх імкнецца і не дае спутацца маленькімі справамі.
Любоў хоча быць свабоднаю і вольнаю ад усялякіх зямных прывычак, каб нічога не перапыньвала ўнутраных яе імкненьняў, каб не спыніцца дзеля нейкае дачаснае выгоды, або каб ня ўпасьці дзеля якой непамыснасьці.
Няма нічога больш салодкага, чымся любоў, нічога дужэйшага, нічога вышэйшага, нічога шырэйшага, нічога больш мілага, нічога паўнейшага, нічога лепшага ні ў небе, ні на зямлі, бо любоў з Бога нарадзілася і толькі ў Богу можа супачыць, вышэй над усімі творамі.
4. Хто любіць — лётае быццам на крыльлях, бяжыць, весяліцца; ён свабодны і ня спыньваецца.
Дае ўсё за ўсё і мае ўсё ўва ўсім, бо ён мае адпачынак у адным дабры, вышэйшым за ўсё, з якога ўсякае дабро плыве і паходзіць.
Не аглядаецца на дары, а зварочваецца вышэй за ўсялякае дабро — да самага Даўцы.
Любоў часта ня ведае межаў, гарыць вышэй за ўсе магчымасьці.
Яна ня бачыць цяжару, работы не палохаецца, на’т больш хоча, чымся здолее, ня спыньваецца на ніякай немагчымасьці, бо думае, што ўсё патрапіць, усё зробіць.
Дык шмат здолее любоў, і шмат зробіць яна і здзейсьніць там, дзе той, што ня мае любові, слабее і гіне.
5. Любоў чуйная — яна і сплючы ня сьпіць.
Змучаная — ня млее, прыціснутая — не паддаецца, спалоханая, — не баіцца, а быццам жывое полымя ды вогненная паходня ляціць у гару і праходзіць бясьпечна.
Калі хто любіць — дык ведае голас любові.
Магутным голасам даходзіць да вушэй Бога палкае чуцьцё душы, якая кажа: Бог мой, мая любоў. Ты мой усенькі, а я ўсенька Твая.
6. Расшыры ўва мне любоў Тваю, каб я зьведаў у глыбі свайго сэрца, як салодка любіць, растаяць у любові і плаваць у ёй.
Няхай любоў валадае мною, каб змог я падняцца вышэй за сябе дзеля вялізарнае жарлівасьці ды захопленьня.
Няхай пяю песьню любові, няхай душа мая ляціць у неба за Табою, о мой Улюблёны! Няхай у захопленасьці любові, сьпяваючы ды славячы Цябе, душа мая аб сабе забудзецца.
Няхай люблю я Цябе больш за сябе, а сябе толькі дзеля Цябе, а ў Табе ўсіх, каторыя сапраўды любяць Цябе паводле загадаў любові, што з Цябе сьвеціцца.
7. Любоў хуткая, шчырая, пабожная, падзячная ды мілая; дужая яна, цярплівая, верная, разумная, вялікадушная, мужная і сябе самое ніколі ня шукаючая.
Бо калі нехта самога сябе глядзіць — у таго няма любові.
Любоў памяркоўная, пакорная, прастадушная, ня мляўкая, не лёгкадушная, ня гоніцца за марнымі рэчамі; устрымлівая, чыстая, сталая, спакойная і чуйная на ўсе пачуцьці свае.
Любоў ёсьць падлеглай і паслушнай старшым; сама глядзіць на сябе з пагардаю, а перад Богам пабожная ды падзячная, верыць ды спадзяецца на Яго, на’т тады, калі астывае да Бога, бо нельга пражыць бяз болі ў любові.
8. Хто не гатовы ўсяго стрываць дзеля Улюблёнага ды заўсёды быць у Ягонай волі — той нягодны, каб называлі яго любячым.
Любячаму трэба ўсё цьвёрдае і горкае прымаць дзеля Улюблёнага ахвотна і дзеля ніякіх супраціўнасьцяў ад Яго не адхіляцца.
Разьдзел VI
Аб пробе праўдзівай любові
1. Сынку, яшчэ замала сільная і замала пэўная любоў твая.
Чаму, Пане?
Бо, сустрэнуўшы самую маленькую супраціўнасьць, пачынаеш кідаць тое, што пачаў і занадта ахвотна шукаеш пацехі.
Хто мае сільную любоў — вытрывае ў пакусах ды не паверыць хітрым нагаворам ворага.
Роўна ў шчасьці ды ў бядзе любіць ён Мяне.
2. Хто любіць пэўна, той глядзіць ня столькі на дары Любага, сколькі на любоў Яго.
Вялікшую ўвагу зварочвае ён на само ўчуцьцё, чымся на цэннасьць дару і Ўлюблёнага цэніць вышэй за ўсе дары Ягоныя.
Хто любіць дасканальна, той спыняецца не на дары, але ў ва Мне, бо ж Я дар найвышэйшы.
Але ня ўсё йшчэ страчана, калі падчас, менш чым хацеў бы, чуеш ты любоў да Мяне ці да сьвятых Маіх.
Тое добрае і салодкае пачуцьцё, якога падчас ты дазнаеш — гэта вынік ласкі, прысутнае ў табе, і, казаў бы, прадчаснае дазнаньне айчыны нябеснай; аднак на пачуцьцё гэнае нянадта трэба спадзявацца,бо яно і прыходзіць і адходзіць.
Змагацца ж з дрэннымі порухамі душы і прэч адкідваць нагаворы д’ябла — гэта азнака цноты ды вялікае заслугі.
3. Дык няхай ня турбуюць цябе розныя благія выабражэньні, скуль бы ня быў пачатак іх.
Мужна трывай у пастановах сваіх ды ў імкненьні простым да Бога.
Ня будзе гэта яшчэ твая цнота ўраеньнем, калі часам раптоўна пачуеш захопленьне ды ізноў упадзеш у звычайную сваю халоднасьць сэрца.
Гэты ўпадак церпіш ты хутчэй мімахоць, чымся робіш сваею ахвотаю; і пакуль яму спраціўляешся і брыдзішся ім, датуль не на загубу ён тваю, але на заслугу.
4. Ведай, што стары вораг усяляк намагаецца спыніць намеры твае добрыя, ды адцягнуць цябе ад усялякіх пабожных практык: ад малітваў да сьвятых, ад пабожнага разважаньня мукі Мае і ад карыснага ўспамінаньня на грахі свае, ад вартаваньня каля ўласнага сэрца ды ад цьвёрдае пастановы ўзрастаць у цнотах.
Шмат благіх думак нагортвае ён на цябе, каб выклікаць сполах і агіду, каб адвярнуць цябе ад малітвы і ад сьвятога чытаньня.
Неўспадобу яму пакорная споведзь і, калі б толькі мог, адвярнуў бы цябе і ад Камуніі сьвятой.
Ня вер яму ды не глядзі на яго, хаця б і найчасьцей імкнуўся ён заманіць цябе ў сіло сваё.
Калі нячыстыя і благія нагортвае ён на цябе думкі — няхай на ім будзе гэная правіна. Ты кажы яму: прэч, духу нячысты, саромся ты, нягоднік; занадта ты нячысты, калі такое шэпчаш мне ў вуха.
Адыдзі ад мяне, агідны ты спакусьнік, няма нічога ў мяне дзеля цябе, бо Езус будзе са мною, як абаронца мой магутны, — ты ж будзеш асаромлены.
Лепш няхай памру ды буду ўсякія мукі цярпець, чымся цябе слухаць.
Маўчы і анямей (Мк 4, 39), ня буду больш цябе слухаць, хаця б і найгорш мяне ты мучыў.
Пан святло маё і збаўленьне — каго ж тады баяцца? (Пс 26, 1).
Няхай становіцца насупроць мяне войска — не спалохаецца сэрца маё (Пс 26, 33). Бог абаронца мой і збаўца мой (Пс 18, 15).
5. Змагайся, як добры ваяўнік, і калі крышку прыдзецца паддацца дзякуючы нядужасьці — схапіся з вялікшаю яшчэ сілаю, верачы ў большую ласку Маю; найбольш сьцеражыся марнае самапэўнасьці ды пыхі.
Дзякуючы гэтаму — шмат хто пачаў быў блудзіць, ды ўпаў у сьлепату, на якую няма лекаў.
Няхай будзе табе загуба гэных пышных ды неразумна самапэўных людзей асьцярогаю, каб трываў ты ў пакоры заўсёды.
Разьдзел VII
Аб хаваньні ласкі пад стражай пакоры
1. Карысьней будзе табе і бесьпячней, сынку, калі будзеш хаваць ласку пабожнасьці, ды ня будзеш пышніцца ёй, ані шмат аб ей гаварыць, ані зашмат на яе спадзявацца, і калі будзеш сам сабою пагарджаць ды думаць, што нягодны ты яе.
Нясьлед зашмат спадзявацца на гэны добры настрой, бо ён хутка можа перамяніцца зусім на супроцьны.
Калі цябе ласка адведвае, думай тады — які ты няшчасны ды бяздольны бяз ласкі.
Поступ у жыцьці духовым ня ў тым хаваецца, каб цешыцца прысутнасьцю ласкі, а ў тым, каб з пакораю, з самазрачэньнем і цярпліва стрываць яе нястачу; так, каб і тады не астыў ты ў малітвах і не пакідаў рабіць нічога з заўсёдных пабожных практык ды абавязкаў.
Але яшчэ рабі ахватней усё, што патрапіш і ведаеш, ды пры ўсякай сухасьці ці трывозе духа, якую пачуеш, — ня кідай абавязкаў сваіх.
2. Шмат такіх, што калі толькі пачне ім нешчасьлівіцца, зразу робяцца нецярплівымі ды няхайлымі.
Не заўсёды чалавек валадае шляхам сваім (Ер 10, 23), але да Бога належыцца даць і пацешыць, калі хоча, сколькі хоча і каго хоча — як Яму будзе ўспадобу і ня больш.
Некаторыя былі гэткімі неасьцярожнымі, што, маючы ласку пабожнасьці, самі сябе змарнавалі, бо хацелі больш рабіць, чымся маглі, ня памятаючы на нядужасьць сілаў сваіх, а ў захопленасьці кіраваліся больш сэрцам, чымся судом розуму.
А таму, што імкнуліся рабіць больш, чымся хацеў Бог, — хутка згубілі ласку Ягоную.
І тыя, што ў Небе вілі свае гнёзды, апынуліся няшчаснымі ды бяздольнымі, каб спакораныя і абяднеўшыя навучыліся не лятаць на сваіх крыльлях, а каб заўсёды на Мяне спадзяваліся.
Тыя, што толькі пачынаюць і мала дазнаныя на шляху Бога — лёгка абманваюцца ды заблудзіць змогуць, калі ня будуць карыстацца радаю напрактыкаваных людзей.
3. А калі больш захочуць трымацца думкі сваей, чымся верыць спрактыкаваным людзям — дужа небяспечны будзе іх канчатак, калі ня кінуць упорыстасьці сваей.
Тыя, што лічаць сябе разумнымі, мала калі з пакорай згодзяцца, каб іншыя імі кіравалі.
Лепш менш ведаць і быць менш разумным, але пакорным — чымся валадаць скарбамі веды з марнаю самахвальбою.
Лепш табе, калі менш маеш, чымся меў бы больш, але гэтым пышніўся б.
Ня досыць асьцярожна робіць той, хто цалкам пачынае весяліцца, забываючыся на папярэднюю сваю бяду і на чысты страх Божы, — страх згубіць ласку, якую Бог даў.
Ня досыць разумна робіць і той, хто парою небяспек і турботаў упадае ў роспач — менш як трэба, маючы давер да Мяне.
4. Хто парою супакою маніцца ўжо быць у надта вялікай бясьпечнасьці — часта парою змаганьня будзе спалоханым ды надта баязьлівым.
Калі б здолеў трываць у сабе заўсёды пакорным ды маленькім і адначасна кіраваць і валадаць розумам сваім — ня трапіў бы ты так хутка ў небясьпеку ды грэх.
Добрая гэтая думка: каб тады, калі маеш духа пабожнасьці — разважаў ты, што будзеш рабіць, калі згасьне ў будучыні перад табою гэнае сьвятло.
Калі ж гэта трапіцца, дык памятай, што назад сьвятло можа вярнуцца, якое адабраў Я на нейкі час дзеля славы Маей, а дзеля тваей прасьцярогі.
5. Карысьнейшая часта такая спроба, чымся каб заўсёды ўсё табе йшло паводле волі тваей.
Бо ж не паводле таго цэняць заслугі, ці хто часта мае відзежы ці пацехі, або ці надта добра ведае Сьв. Пісаньне, ці вышэйшую ступень займае ў гонарах.
Але паводле таго, ці глыбокая і сапраўдная ў ім пакора, ды ці поўны ён любові Бога; ці на сябе глядзіць, быццам на нішто, і ці сапраўды пагарджае сабою ды ці больш цешыцца — калі іншыя яго спакараюць ды пагарджаюць ім, чым калі яго хваляць і паважаюць.
Разьдзел VIII
Аб паніжаньні сябе самога перад вачыма Бога
1. Буду гаварыць Пану майму, хаця пыл я і попел (Быц 18, 27).
Калі б глядзеў я на сябе, быццам на нешта вялікшае, — Ты будзеш насупроць мяне; і праўду скажуць благацьці мае, якім ня здолею пярэчыць.
Калі ж надта спакаруся перад Табою, зракуся самога сябе, ды буду як пыл, — якім я і ёсьць сапраўды — схіліцца да мяне ласка Твая ды прысунецца сьвятло Тваё да сэрца майго, і ўся самапашана мая, на’т і наймнейшая, упадзе ў дол нічогасьці маей і прападзе на векі.
Там пакажаш мне самога мяне — чым ёсьць я, чым быў і да чаго дайшоў я, бо нічогасьць я — а гэтага ня ведаў (Пс 72, 21).
Калі мяне самога пакінеш — нічога я, самая нядужасьць, калі ж раптоўна глянеш на мяне — зразу стану дужэйшым і поўным новага вясельля.
І дзівіцца трэ’ надта, што так хутка падымаеш мяне, ды так лагодна прыгортваеш к сабе мяне, які ўласным цяжарам падаю заўсёды нізка-нізенька.
2. Любоў гэта Твая робіць, без заслугі з боку майго сустракае мяне ласка і ў столькі патрэбах мне памагае, ад цяжкіх небясьпек мяне бароніць і ад бязьмернага ліха ратуе мяне.
Блага сябе любячы — зусім загубіў сябе, Цябе ж толькі шукаючы ды Цябе толькі любячы — нашоў я і Цябе і сябе, і дзякуючы любові к Табе лепш пазнаў я нічогасьць сваю.
Бо ж Ты, о Найсалодшы, робіш са мною тое, на што не заслужыў я, яшчэ больш, чымся я сьмеў бы спадзявацца ці прасіць.
3. Будзь бласлаўлёны, Божа мой, бо хаця я нягодны ўсіх ласкаў Тваіх, Твая, аднак, вялікадушнасьць ды дабрата безканечная ніколі не пакідае дарыць дабром на’т няўдзячных ды тых, што далёка ад Цябе адышлі.
Навярні нас усіх да Сябе, каб былі мы ўдзячнымі, пакорнымі ды пабожнымі, бо ж Ты нашае збаўленьне, цнота і сіла нашая.
Разьдзел ІХ
Усё трэба датасоўваць да Бога, як да апошняй мэты
1. Сыне, Я павінен быць апошняю і найвялікшаю мэтаю тваею, калі сапраўды хочаш быць шчасьлівым.
Такое імкненьне ачысьціць сэрца тваё, што так часта ды блага нахіляецца да самога сябе і да стварэньняў.
Бо калі сябе толькі ў нечым пачнеш шукаць — зразу знядужэеш ды засохнеш самому сябе.
Дык усё датасоўвай да Мяне, бо ж Я гэта ўсё табе даў.
Уважай, што ўсякае паасобнае дабро плыве з дабра агульнага і найвышэйшага, і вось таму ўсё трэба датасоўваць да Мяне, як да першае крыніцы.
2. З Мяне, як з жывое крыніцы, бяруць ваду жыцьця вечнага: і маленькі і вялікі, бедны і багаты, а тыя, што ахвотна і ўсім сэрцам Мне служаць, атрымаюць дабро за дабро.
Хто шукаў бы дзе апрача Мяне сваей славы ці свайго вясельля — ня найдзе сапраўднай і трывалай радасьці, сэрца яго ніколі не напоўніцца шчасьцем і ўсьцяж будзе цярпець і мучыцца.
Дык не прызнавайся да нічога добрага, што яно ад цябе, ані ізноў прыпісвай каму-небудзь цноту якую — а ўсё кіруй да Бога, без Якога нічога чалавек ня мае.
Я ўсё даю табе, Я ўсяго цябе мець хачу і з вялікаю сьцісласьцю вымагаю падзякі.
3. Вось праўда, якая разганяе ўсю марнату славы.
А калі прыдзе ў сэрца ласка нябесная ды любоў сапраўдная, ня будзе ўжо ў ім ані зайздрасьці, ані сумаваньня, ані самалюбства.
Бо любоў Бога перамагае ўсё, яна ўсе сілы душы расшырае і ўзмацняе.
Калі ты сапраўды разумны — ўва Мне толькі будзеш весяліцца, на Мяне толькі спадзеіцца, бо ж няма нікога добрага апрыч Бога аднаго (Лк 18, 19); Ён няхай мае хвальбу вялікшую за ўсё ды няхай усе Яго благаславяць.
Разьдзел Х
Кінуўшы сьвет, соладка служыць Богу
1. Цяпер зноў буду гаварыць да Цябе, о Пане, ня змоўкну; прагавару я да вушэй Бога майго, які на вышыне.
О як мноства вясельля Твайго, Пане, якое схаваў Ты ад тых, што баяцца Цябе! (Пс 30, 20). А чым Ты ёсьць для тых, якія любяць Цябе? Якія служаць Табе ўсім сэрцам сваім?
Сапраўды, разважаць Цябе — нявыказнае шчасьце, якім надараеш сваіх улюбенцаў.
Гэтым найбольш паказаў Ты мне салодкасьць любові Тваей, што калі мяне ня было — Ты стварыў мяне, калі заблудзіў я далёка ад Цябе — Ты вярнуў мяне на службу сваю і загадаў, каб любіў я Цябе.
2. О крыніца вечнае любові, што скажу аб Табе?
Як я мог бы забыцца аб Табе, калі Ты быў ласкавы памятаваць аба мне на’т і тады, калі я засох і прапаў?
Зрабіў Ты міласэрнасьць вялікшую над усе спадзеўкі для слугі Твайго і надарыў яго любоўю і ласкаю больш, чымся ён заслужыў.
Што ж аддам я Табе за такую ласку? Ня ўсе маюць магчымасьць, каб кінуўшы ўсё, выракліся сьвету ды вялі кляшторнае жыцьцё.
Што ж вялікага ў тым, каб я Табе служыў, каму ўсенькія стварэньні павінны служыць.
Ня тое ёсьць вялікім, шо служу я Табе, а тое ёсьць сапраўды вялікім і дзіўным, што мяне, гэткага мізэрнага і беднага, захацеў прыняць за слугу і прылучыць да ліку ўлюблёных слугаў Тваіх.
3. Вось усё, што маю, — Тваё яно, і мая служба Табе — так жа Твая.
Аднак выходзіць наадварот — Ты больш мне служыш, чымся я Табе.
Вось неба і зямля, якія Ты стварыў на службу людзям, ёсьць прада мной і робяць штодня тое, што загадаў Ты ім.
І гэтага мала яшчэ, бо ж загадаў Ты на’т анёлам, каб людзям служылі.
Аднак найвялікшае — гэта тое, што Ты сам пажадаў чалавеку служыць ды прырок даць яму самога сябе.
4. Што ж Табе дам я за ўсе гэныя тысячы дабрадзействаў Тваіх? О, каб здолеў я служыць Табе ўсянюткімі днямі і начамі праз жыцьцё маё!
О, каб хапіла мяне на тое, каб хаця адзін дзень праслужыў я Табе, як трэба!
Сапраўды, годны Ты ўсенькае службы, усенькае славы і хвалы вечнае.
Сапраўды, Ты Пан мой, а я бедны слуга Твой; я павінен усімі сіламі служыць Табе і ніколі ня спыняцца ў хвальбе Тваей.
Гэтага жадаю, да гэтага імкнуся: і калі чаго мне не хапае, Ты зволь дапоўніць.
Будуць мець вялікую ласку тыя, каторыя самахоць пашлі на найсьвяцейшую службу Тваю.
І найдуць найсаладзейшую пацеху Духа Сьвятога тыя, што дзеля любові Тваей кінулі ўсе роскашы земскія.
І найдуць вялікую свабоду духа тыя, якія дзеля Іменьня Твайго пашлі вузенькаю сьцежкаю і пакінулі ўсе клопаты сьвету.
6. О як салодкая і мілая служба Богу, дзякуючы якой чалавек сапраўды робіцца свабодным і сьвятым!
О сьвяты стан законных людзей, дзякуючы якому чалавек робіцца роўным анёлам, Богу мілым, нячысьцікам страшным ды паважаным усімі вернымі!
О служба заўсёды годная нашае любові і нашага імкненьня, дзякуючы якой заслужым найвялікшае дабро і якая нам дасьць вечна трывалае вясельле!
Разьдзел ХІ
Правяраць і стрымліваць трэба пажаданьні сэрца
1. Трэба табе шмат яшчэ вучыцца, чаго дагэтуль добра ня ведаеш.
Чаго ж гэта, о Пане? Каб пажаданьні свае падпарадкаваў ты сусім пад волю Маю, каб ня любіў ты сам сябе і пільна імкнуўся зьдзейсьніць волю Маю.
Часта запальваюць цябе пажаданьні і гвалтоўна парываюць, аднак разважай, ці гэта дзеецца дзеля славы Маей, ці дзеля тваей уласнае спадобы.
Калі Я буду прычынаю і мэтаю тваей — здаволены будзеш усім, што толькі Я загадаю, калі аднак самога сябе ў чым шукаеш — ведай, што гэта цябе спыняе і абцяжае.
2. Дык сцеражыся, каб не пайсьці табе, добра не разважыўшы ды Мяне не папытаўшыся, за пажаданьнем сваім, каб не давялося пасьля шкадавацца, або каб табе не апрацівела тое, што даўней было да ўспадобы і за чым ты гнаўся, як за нечым лепшым.
Ня трэба зразу ісьці за кожнай склоннасьцяй, якая здаецца нам добрай, але ня трэба такжа і адкідваць таго, што на першы пагляд здаецца табе праціўным.
Карысна падчас стрымлівацца і ў добрых намерах і пажаданьнях, каб зашмат захапіўшыся — не расьцярушыўся ты думкамі; каб ня згоршыў іншых непаслухмянасьцю, або каб дзеля спраціўленьня іншых сам ты раптоўна не пачаў непакоіцца і ня ўпаў у прыгнечанасьць.
3. Падчас трэба мужна перамагчы сябе ды пайсьці насупроць пажаданьню цялеснаму і не глядзець на тое, чаго хоча цела і чаго ня хоча, а да таго трэба перадусім імкнуцца, каб і ня хочучы падпарадкавалася яно духу.
І так доўга трэба цела цьвічыць і прымушаць, пакуль ня будзе гатовае на ўсё, навучыцца здавольвацца малым і простым і не наракаць, калі б што і сустрэлася яму супраціўнае.
Разьдзел ХІІ
Патрэба прывучацца да цярплівасьці і да змаганьня з пажаданьнямі
1. Пане Божа! Бачу, што надта патрэбная мне цярплівасьць, бо шмат сустракаецца ў гэтым жыцьці праціўнасьцяў.
Бо што б я не рабіў, каб здабыць супакой, ніколі ня можа быць жыцьцё маё без барацьбы ды болю.
2. Праўда гэта, сыне Мой, але Я хачу, каб ты не такога шукаў супакою, які б быў вольны ад спакусаў або супраціўнасьцяў.
Але каб ты разумеў, што і тады нашоў супакой, калі будуць наведваць цябе ўсялякія турботы і сустракаць розныя перапынкі.
3. Калі скажаш, што не патрапіш столькі цярпець, дык як жа будзеш калісь цярпець у вагні чысца?
З дзьвёх благот — заўсёды меншую трэба выбіраць.
І вось, каб абмінуць будучыя кары вечныя — старайся мужна стрываць для Бога зло дачаснае.
Ці ж думаеш, што людзі сьвету гэтага дачаснага мала ці зусім ня церпяць? Ня нойдзеш гэтага, хаця б шукаў сярод найбольш багатых і ў роскашы жывучых.
Затое яны — скажаш — маюць шмат вясельля ў жыцьці і дагаджаюць сабе, а дзеля гэтага сусім не клапацяцца турботамі.
4. Дапусьцім, што маюць яны ўсё, чаго толькі ім захочацца; аднак ці ты думаеш, што гэта доўга патрывае?
Вось быццам дым прападуць багатыры і раскошнікі; не астанецца ані ўспаміну аб іх колішніх радасьцях.
Але калі б і дагэтуль жылі, не весяліліся б яны радасьцямі без гаркаты, сумаваньня ды трывогі.
Бо часта стуль, адкуль ішло вясельле, з’яўляецца і кара болю. І справядліва гэтак ім, што шукаючы толькі грэшных роскашаў — ня могуць імі карыстацца бяз сораму ды гаркаты.
5. О, якія кароткія, якія абманныя, якія грэшныя ды сорамныя ўсе яны — тыя радасьці!
Аднак людзі ў сьлепаце ды ап’янеласьці сваей ня бачаць гэтага і быццам дурная жывёліна, дзеля марнага здаваленьня ў гэтым хутка мінаючым жыцьці, губяць душы свае.
Вось жа ты, сыне, ня йдзі за пажаданьнямі тваімі ды адварочвайся ад волі сваей (Экл 18, 30).
Шукай у Пану радасьці, і споўніць просьбы сэрца твайго (Пс 36, 4).
6. Бо калі сапраўды хочаш весяліцца, калі хочаш, каб Я цябе больш шчодра пацяшаў — няхай будзе благаславенства тваё ў пагардзе ўсяго зямнога ды ў адрачэньні ад благіх пажаданьняў, а тады вялікую пацеху мець будзеш.
І чым больш адмяжуешся ад усялякае пацехі, якую даць могуць стварэньні, тым саладзейшаю ды магутнейшаю будзе пацеха, якую ўва Мне найдзеш.
Але сьпярша ня без цяжкой барацьбы і не бяз суму — здабудзеш гэнае шчасьце.
Змагацца будзе з табою прывычка благая, аднак пераможаш гэта добрым навыкам.
Цела бурыцца будзе, але палкасьць духа паканае яго.
Нападаць і мучыць будзе цябе зьмяюга стары, але малітва адгоніць яго, а праца карысная ўваход у душу яму зачыніць.
Разьдзел ХІІІ
Аб паслухмянасьці пакорнага падуладнага паводле прыкладу Езуса Хрыста
1. Хто, сыне, імкнецца ўцячы ад паслухмянасьці, той сам праганяе ласку, а той, хто шукае карысьці асабістае, — той губляе карысьць супольную.
Хто неахвотна і недабравольна падпарадкоўваецца старшым сваім — той паказвае, што цела ягонае ня ведае яшчэ дасканальнае паслухмянасьці, што яно часта яшчэ бунтуецца і працівіцца.
Дык вучыся хуткай паслухмянасьці загадам старшых, калі хочаш перамагчы цела сваё.
Бо лягчэй перамагчы вонкавага ворага, калі чалавек унутрана сам з сабою ў згодзе.
Няма горшага і страшнейшага ворага для душы тваей, як ты сам, калі дух нязгодны з целам.
Калі хочаш перамагчы цела і кроў сваю, абавязкава трэба пагарджаць сабою.
Таму што маеш яшчэ грэшную любоў да сябе самога — палохаешся зрачыся сябе ды падпарадкавацца волі чужой.
2. Але што ж тут вялікае, што ты, пыл і нічогасьць, дзеля Бога спакараешся загадам чалавека, калі Я Усёмагутны і Найвышэйшы, які ўсё з нічога стварыў, паслухмяна спакарыўся чалавеку дзеля цябе.
Самым маленькім і пакорным зрабіўся Я, каб пакораю Маёю перамог ты пыху сваю.
Вучыся паслухмянасьці — ты, пылінка, вучыся спакарацца — ты, зямля і гліна, вучыся схіляцца ўсім пад ногі.
Вучыся ламаць свае хаценьні ды быць гатовым да ўлегласьці.
3. Вазьміся за барацьбу з сабою ды ня стрывай, каб была ў табе пыха, будзь такім маленькім пакорным, каб кожны па табе як бы хадзіць мог і таптаць, як вулічнае балота.
І на што ж ты маеш наракаць, пусты чалавеча?
І што ж ты, нягодны грэшнік, патрапіш адказаць тым, што будуць ганіць, ты, што столькі раз Бога загнявіў, ды столькі раз на пекла заслужыў?
Аднак прапусьціла табе вока Маё, бо цэнная душа твая перада Мною, каб спазнаў ты любоў Маю, ды каб быў заўсёды падзячны за дабрадзейнасьць Маю.
Каб заўсёды быў ты ў сапраўднай пакорнасьці ды цярпліва зносіў усялякую пагарду.
Разьдзел XIV
Аб патрэбе разважаньня таёмных судоў Божых, каб ня пышніцца з добрых учынкаў
1. Загрымелі нада мною суды Твае, о Пане, задрыжэлі з перапуду ды спалоху ўсе косьці мае, аж самлела душа мая вельмі.
Стаю астаўбянелы і бачу, што неба нячыстае перад воблікам Тваім (Ёў 15, 15).
Калі і ў анёлаў знайшоў Ты благоцьце (Ёў 4, 18) ды не дараваў ім, што ж будзе са мною?
Калі зоркі паспадалі з неба (Ап 8, 10), дык я ж, пылок зямны, чаго буду спадзявацца?
Тыя, чыны якіх маніліся быць сапраўды добрымі, упалі найніжэй, а тыя, што елі хлеб анёлаў, — прагавіта пасьля гналіся за страваю жывёлы.
2. Дык няма ніякае сьвятасьці, калі прымеш Ты, о Пане, руку Сваю.
Нічога ня здоляе ніякая мудрасьць, калі пакінеш кіраваць ёю.
Нічога ня зробіць ніякая дужасьць, калі яе ня будзеш падтрымліваць.
Няма бясьпекі для чыстасьці, калі яе ня сьцеражэш.
Нічога ня здоляе і нагляд за сабою, калі Твой сьвяты нагляд не спаможа нас.
Калі нас самых пакідаеш, упадаем і гінем, калі глянеш на нас — паўстаём і жывём.
Нядужыя мы самыя праз сябе — дзякуючы Табе магутнеем і стынем, а Ты нас падаграваеш.
3. О, з якою пакораю ды пагардаю трэба мне думаць аб сабе, як на нішто — глядзець трэба на ўсё, што толькі добрым маніцца быць ува мне!
О, як глыбака мне трэба ўніжацца перад таёмнасьцямі судоў тваіх, о Пане, прад каторымі я нішто і толькі нішто.
О велічыня бязмерная, о мора бязбрэжнае, дзе калі сябе шукаю, зноў бачу, што нішто я!
Дык дзе ж схаваецца пустая слава? На чым абапрэцца пэўнасьць у цноту сваю?
Усю марную хвальбу маю праглынула глыбіня суду Твайго нада мною.
4. Чым жа ёсьць усякае цела перад воблікам Тваім?
Ці ж гліна пачне ганарыцца перад тым, хто яе лепіць? (Іс 29, 16).
Якім чынам хваліць сябе можа той, сэрца чыё сапраўды падпарадкавана Богу?
Увесь сьвет ня зробіць пышным таго, каго спакарыла сабе праўда, ані зварухнецца хвальбою сьвету ўсяго той, хто ўсю надзею ў Богу бачыць.
Бо ж і тыя, што хваляць, — усе яны нішто; прападуць яны, як гук іхняга слова: А праўда Бога будзе трываць на векі (Пс 116, 2).
Разьдзел XV
Як трэба трымацца ды гаварыць пры жаданьні кожнае рэчы
1. Так гавары ў кожнай справе: Пане, калі Табе гэта да ўспадобы, няхай будзе так.
Пане, калі гэта на хвалу Табе, няхай будзе гэта ў імя Тваё.
Пане, калі бачыш патрэбнасьць мне ў гэтым або карыснасьць — дык дай жа карыстацца на хвалу Табе.
Калі аднак будзеш бачыць, што шкоднае гэта для мяне або мала вартае дзеля збаўленьня душы — забяры тады ад мяне такое жаданьне.
Бо ж ня ўсякае жаданьне ад Духа Сьвятога, хоць яно здаецца чалавеку і добрым і праўдзівым.
Цяжка папраўдзе рассудзіць, ці добры дух, ці благі — нагартвае на цябе жаданьне тае або іншае рэчы, ці мо’ ўласны твой дух да таго цябе падганяе.
Шмат такіх, што абмануліся ўрэшце, калі спачатку думалі, што ахінуў іх добры дух.
2. І дзеля таго, калі хочам нечага, дык заўсёды з баязьню Бога і пакораю ў сэрцы трэба нам хацець і прасіць, і таму трэба вырачыся зусім сябе, аддаць усё Мне ды казаць: О Пане,Ты ведаеш, што лепш, дык няхай будзе так ці інакш паводле волі Тваёй.
Дай, што хочаш і колькі хочаш і калі хочаш.
Зрабі са мною, што ведаеш і што найбольш Табе да ўспадобы і чаго вымагае вялікшая слава Твая.
Пастаў мяне, дзе хочаш, і цалкам рабі паводле волі Свае.
Я ў руках Тваіх — нахіляй мяне і паварочвай на ўсе бакі.
Вось я слуга Твой — гатовы на ўсё, бо не для сябе, а для Цябе жыць хачу — о, каб толькі годна і дасканальна!
Малітва дзеля ўпрашэньня ласкі паступаць паводле волі Бога
3. Дай мне, найласкавейшы Езу, ласку сваю, каб са мною была, са мною працавала (Мдр 9, 10) і са мною датрывала аж да канчатку.
Дай мне, каб я заўсёды хацеў і да таго імкнуўся, што Табе мілей і больш да ўспадобы.
Воля Твая няхай будзе маёю воляю, мая ж няхай заўсёды ідзе за Тваёю ды датасоўваецца да яе чым найлепш.
Няхай мне будзе аднолькава з Табою хацець і не хацець: каб ня мог я хацець — чаго Ты ня хочаш, або не хацець — чаго Ты хочаш.
4. Дай мне памерці для ўсяго, што ёсьць на сьвеце, і любіць дзеля Цябе быць пагарджаным ды нікому няведамым на сьвеце.
Дай мне над усімі жаданьнямі супачыць у Табе і сэрца маё ў Табе ўспакоіць.
Ты праўдзівы супакой сэрца,Ты адзіны адпачынак; усё, апрача Цябе, — цяжар і несупакой.
У гэтым супакой, гэта ёсьць у Табе, як адзінае найвышэйшае і вечнае дабро — няхай засну я і адпачну (Пс 4, 10). Амэн.
Разьдзел XVI
Сапраўднае пацехі трэба шукаць толькі ў Бога
1. Усяго, чаго мог бы пажадаць ці аб чым лятуцець дзеля пацехі — ня тутака жду, а ў будучыні.
Калі б я меў адзін дзеля сябе ўсе пацехі сьвету ды каб карыстаўся ўсянюткімі роскашамі — напэўна, ня трывала б гэта доўга.
І таму ня здолееш, душа мая, ані цалкам нацешыцца, ані дасканальна адпачыць, як толькі ў Богу, які пацяшае ўбогіх і пакорных да Сябе горне.
Пачакай крышку, душа мая, пачакай, пакуль ня споўніцца прырачэньне Божае, і будзеш тады мець поўна ўсякага дабра ў небе.
Калі ж зашмат захапіўся дабром мінаючым, згубіш вечнае і нябеснае.
Карыстайся дачаснымі рэчамі, але імкніся заўсёды да вечных.
Ніякае дабро дачаснае не здаволіць цябе, бо не на тое яно створана.
2. Няхай бы ты меў і ўсё дабро створанае — ня быў бы яшчэ шчасьлівы і бласлаўлёны, бо толькі ў Богу, які ўсё стварыў, знаходзіцца шчасьце і благаславенства тваё: не такое, якое ўяўляюць сабе ды хваляцца тыя, што сьвет неразумна любяць, але такое, якога спадзяюцца праўдзівыя і верныя слугі Хрыстовы, ды якога дазнаюць падчас тут яшчэ на зямлі адухоўленыя і чыстыя сэрцы, думкаю якія жывуць у небе.
Марная і кароткая ўсякая пацеха людзкая.
Бласлаўленая і сапраўдная пацеха тая, якую Праўда адчуць нам дае ўнутры нашым.
Пабожны чалавек усюды носіць з сабой Езуса, свайго пацяшыцеля, і гаворыць да Яго: будзь пры мне, о Езу, заўсёды і ўсюды!
Няхай маю гэтую пацеху, што самахоць зрокся ўсяе людзкой пацехі.
А калі б не было і Тваёй пацехі, тады няхай мне будзе за яе Твая воля ды Твая справа справядлівая нада мною.
Бо ж ня будзеш вечна Ты гнеўны ды грозны (Пс 102, 9).
Разьдзел XVII
Усе нашы клопаты Богу паручыць трэба
1. Сыне, дазволь мне рабіць з табою, што захачу: Я ведаю, што патрэбна табе.
Ты думаеш па-чалавечаму ды судзіш паводле таго, куды цябе клоніць нахіл твой.
2. Праўду, Пане,Ты кажаш. Большы дагляд Твой нада мною, чымся ўсё, што я мог бы сабе выклапатаць.
Слаба стаіць той, хто не паручыў Табе ўсіх сваіх клопатаў.
Пане, няхай бы толькі воля мая шчырая і праўдзівая ў Табе супачыла, а рабі, што хочаш са мною.
Бо ж толькі дабром будзе тое, што зробіш Ты мне.
Калі захочаш пакінуць мяне ў цемры — будзь бласлаўлёны, калі захочаш, каб быў я ў сьвятле — будзь зноў бласлаўлёны. Калі захочаш мяне пацешыць — будзь бласлаўлёны, і калі ў клопаты кінеш мяне — будзь аднолькава заўсёды бласлаўлёны.
3. Гэткім, сыне, трэба быць, калі хочаш ісьці за Мною.
Трэба, каб ты быў такім ахвотным цярпець, як і радавацца.
Аднолькава трэба любіць бяду і галіту, як і багацьці з дастаткамі.
4. Пане, ахвотна стрываю ўсё, што толькі зробіш Ты са мною.
Аднолькава прыму з рукі Тваёй добрае і злое, салодкае і горкае, вясёлае і сумнае, ды за ўсё, што трапіцца мне, дзякаваць буду Табе.
Сьцеражы мяне ад кожнага грэху — а ня буду палохацца сьмерці і пекла.
Абы толькі не адкінуў мяне Ты на векі, ды ня выкасаваў з кнігі жыцьця, а турботы, якія даў бы Ты мне, ня былі б мне шкоднымі.
Разьдзел XVIII
Беды дачасныя, за прыкладам Хрыста, трываць трэба цярпліва
1. Сыне, Я з неба зышоў дзеля твайго збаўленьня: узяў на сябе бяду-нядолю тваю не дзеля неабходнасьці, а з любові к табе; каб навучыўся ты цярплівасьці ды ў дачасных бедах трываў не наракаючы.
Бо ад хвіліны нараджэньня Майго, аж да канчатку на крыжы — хапала Мне даволі больш трываць.
Жыў Я ў вялікай нястачы рэчаў дачасных: шмат наслухаўся нараканьняў на Сябе, зьдзек і крыўду лагодна цярпеў, за дабро — няўдзячнасьць меў, за цуды — блюзнерства, закіды ўсялякія за навуку.
2. Пане, дзеля таго, што Ты быў цярплівым у жыцьці сваім, дасканальна выпаўняючы загады Айца Свайго — трэба, каб і я, мізэрны грэшнік, паводле волі Тваёй жыў цярпліва і дзеля збаўленьня свайго нёс цяжар гэтага хутка мінаючага жыцьця, пакуль Сам Ты гэтага захочаш.
Бо хаця цяперашняе жыцьцё надта цяжкое, цераз ласку Тваю можна аднак шмат тутака заслужыцца — а прыклад Твой ды сьляды сьвятых Тваіх робяць нядужасьці нашыя больш магчымымі ды ясьнейшымі.
І больш пацехі цяпер, чымся некалісь у Старым Законе было, калі вароты нябесныя былі зачыненыя і на’т шлях да неба быў цёмным, невядомым, калі так мала хто думаў шукаць нябеснага валадарства.
А і тыя нават, што тады справядліва жылі і мелі быць збаўленыя — перад мукаю Тваёю ды выкупам сьмерцяю сьвятою — не маглі ўвайсьці ў валадарства нябеснае.
3. О, як мне трэба дзякаваць, што захацеў паказаць Ты мне ды ўсім верным шлях праўдзівы і добры да вечнага Твайго валадарства!
Бо шлях наш — жыцьцё Тваё, і сьвятою цярплівасьцю ідзём мы да Цябе, да апошняй мэты нашай.
Калі б Ты ня быў перад намі ды не навучыў нас — хто ж імкнуўся б ісьці за Табою?
О, колькі людзей асталося б далёка, калі б ня бачылі яны Тваіх прыкладаў!
Вось і цяпер мы стынем, чуўшы столькі цудаў і навукаў Тваіх: а што ж было б, каб ня было гэнага сьвятла йсьці за Табою?
Разьдзел ХІХ
Як трываць крыўды і якія знакі сапраўднае цярплівасьці
1. Што ж гэта такое, аб чым гаворыш, сыне? Пакінь скаржыцца зважаючы на муку Маю і сьвятых.
Яшчэ не змагаўся ты аж да крыві (Гбр 12, 4).
Малое зусім, што ты церпіш, калі параўняць з тымі, што так шмат цярпелі, што так шмат былі спакушаныя, так шмат бяды стрывалі і гэтак шмат прабаваныя былі на розныя спосабы.
Дык трэба табе глядзець больш на тое, што цярпелі іншыя, каб лягчэй стрываць свае болі маленькія.
І калі табе не здадуцца яны надта маленькімі, уважай — ці гэта не дзеля тваёй нецярплівасьці.
Аднак ці малыя, ці вялікія яны будуць — глядзі, каб стрываў іх цярпліва.
2. Чым лепш падгатуешся да цярпення, тым разумней будзеш дзеяць і тым большая будзе твая заслуга: лягчэй на’т будзе трываць, калі мужным будзеш.
Не кажы: не магу стрываць я гэтага ад такога чалавека дый ня трэба мне трываць такіх рэчаў; вялікую крыўду ён мне робіць ды ставіць такі закід, аб якім ніколі я ня думаў, але ад іншага я ахвотна стрываў бы і то столькі, колькі паводле мяне трэба было б.
Неразумная такая думка, якая зусім не зважае на цноту цярплівасьці, не глядзіць на таго, хто калісь укарануе цярплівасьць нашую, а толькі заглядаецца на чалавека, што крыўду зрабіў, ды на крыўды гэныя.
3. Ня будзе той сапраўды цярплівым, хто цярпець хоча столькі, колькі ўважае патрэбным, ды ад таго, ад каго яму хочацца.
А сапраўды цярплівы не глядзіць на тое, ад каго яму давялося цярпець — ці ад старшага, ці ад роўнага сабе, ці ад ніжшага за сябе, ці ад добрага ды сьвятога чалавека, ці ад хітрага ды благога.
А ня гледзячы зусім на ўсе творы — калі б толькі й колькі не было гэных супраціўнасьцяў, якія ён сустракае, усё гэта з падзякаю прымае з рук Божых і глядзіць як на вялікую карысьць для сябе.
Бо ж нічога такога маленькага няма ў Бога, каб дзеля Яго стрыванае, мінула без нагароды.
4. Дык будзь гатовым змагацца, калі хочаш перамогі.
Без барацьбы не дастанеш кароны цярплівасьці.
Калі ня хочаш цярпець — зракаешся кароны.
Калі, аднак, хочаш гэтай кароны, дык мужна змагайся, трывай цярпліва.
Няма адпачынку без работы, а без барацьбы няма перамогі.
5. Няхай жа будзе мне, Пане, магчымым праз Тваю ласку тое, што немагчымым здаецца маёй прыродзе.
Ты ж ведаеш, што мала патраплю цярпець і як хутка ўпадаю, сустракаючы самую маленькую супраціўнасьць.
Няхай жа ўсе мае цярпеньні дзеля Іменьня Твайго будуць мне дарагімі і пажаданымі, бо цярпець ды крыўду трываць для Цябе — надта карысна дзеля душы маей.
Разьдзел ХХ
Аб патрэбе прызнацца да сваёй уласнай нядужасьці і нядолі жыцьця гэтага
1. Проціў сябе прызнаюся да несправядлівасьці сваёй (Пс 31, 5), прызнаюся перад Табою, о Пане, да нядужасьці сваёй.
Часта дробязь зьбівае мяне з дарогі і смуціць.
Пастанаўляю мужна паступаць, а калі толькі прыдзе маленечкая спакуса — і ўжо я надта палохаюся.
Часта малая, благенькая рэч — мяне надта спакушае.
І калі думаю, што зусім ужо бясьпечны, — раптоўна нейкая дробязь мяне выварочвае.
2. Дык глянь, о Божа, на ўніжэньне маё і нядужасьць зусюль ужо вядомую Табе.
Змілуйся і выцягні мяне з балота, кабу ім ня ўграз (Пс 68, 15) ды не астаўся гэтак кінутым назаўсёды.
Гэта мяне часта турбуе ды сароміць перад Табою: што так лёгка згінаюся, што такі нядужы я змагацца з нахіламі благімі.
І хаця не цалкам паддаўся я спакусе, аднак цяжкая яна мне і дакучлівая, і сумна жыць мне ў штодзённым змаганьні.
І згэтуль найбольш спазнаю сваю я нядужасьць, што самыя паганыя ўяўленьні хутчэй нападаюць на мяне, чымся ўцякаюць потым.
3. О, Ты, усёмагутны БожаІзраэля, дбалы аб душы ўсіх верных, спаглянь на працу ды мадзеньне слугі Твайго і памажы яму ў добрых справах ягоных!
Абдужай мяне нябеснаю магутнасьцю, каб стары чалавек, — гэтае мізэрнае цела, духу зусім не падпарадкаванае яшчэ, не пачало валадаць мною; насупроць гэтага цела змагацца мне трэба, аж пакуль дух трывае ў гэтым няшчасным жыцьці.
Ох! якое гэтае жыцьцё, дзе не перастаюць сустракацца ўсялякія беды і няшчасьці, дзе поўна пасткаў ды варожасьці!
Бо калі адна бяда ці спакуса перастае, іншая з’яўляецца; або калі з першаю трывае яшчэ змаганьне, а шмат іншых ужо ляціць і то неспадзеўкі.
4. І якім чынам можна любіць жыцьцё гэтае, у якім столькі горкасьці, столькі гора ды няшчасьця? Ці ж можна на’т зваць жыцьцём, дзе плодзіцца сьмерць ды зараза?
Аднак шмат людзей любіць яго ды імкнуцца шукаць у ім асалоду.
Часта наракаюць, што сьвет гэты абманны ды марны, аднак лёгка яго ня кідаюць, бо прагавітасьць пачуцьцёвая занадта імі заваладала.
Але з аднаго боку сьвет да сябе цягне, з другога адпіхае.
Пажаданьне цела, прага вачэй і пыха жыцьцёвая (1 Ян 2, 16) цягнуць да любові сьвету, а за тое болі ды няшчасьці, якія ўсьлед ідуць за імі, параджаюць нянавісьць ды агіду да сьвету.
5. Але, на жаль, грэшная спадоба перамагае чалавека, які заграз у сьвеце і які ўжо ўважае быццам за роскаш быць паслухмяным сваёй пачуцьцёвасьці, бо ўжо ня бачыць ды ня чуе тае салодкасьці, якую дае Бог, ды ўнутранае прыгожасьці цноты.
Тыя, што цалкам пагарджаюць сьветам і імкнуцца Богу служыці ў сьвятой паслухмянасьці, добра ведаюць салодкасьць Божую, якую Ён тым прырок, хто сапраўды вырачацца сьвету; і тыя добра бачаць, як часта сьвет памыляецца і розна блудзіць.
Разьдзел ХХІ
У Богу — вышэй за ўсе дары і дабро — шукаць трэба супачынку
1. Вышэй за ўсё і ўва ўсім, душа мая, у Богу заўсёды адпачывай, бо ж Ён вечны адпачынак сьвятых.
Дай мне, найсалодшы, наймілейшы Езу, супачынак у Табе над усякае стварэньне, ды каб быў Ты мне вышэй за ўсё здароўе і хараство, вышэй за гонар і славу, за ўсю магутнасьць ды велічыню, вышэй за ўсю навуку ды мудрасьць, вышэй за ўсе багацьці ды мастацтвы, за ўсю радасьць ды захопленасьць, вышэй за ўсю славу ды розгалас, за ўсю салодкасьць і супацеху, за ўсю надзею ды абяцаньні, за ўсю заслугу ды пажаданьні.
Вышэй за ўсе ласкі і дары, якія можаш даць мне і прышчапіць, вышэй за ўсю радасьць і вясельле, якія толькі розум здолее сьцяміць і адчуць.
Урэшце вышэй за Анёлаў і Арханёлаў і за ўсе сілы Неба, вышэй за ўсё відомае і невідомае і вышэй за ўсё, што толькі ёсьць не Табою, о мой Божа!
2. Бо ж Ты, Пане Божа мой, лепшы за ўсё, Ты адзін найвышэйшы, Ты аздін наймагутнейшы, Ты адзін, што ўсё абымаеш ды напаўняеш, Ты адзін найсалодшы і ў Табе адным найвялікшая крыніца пацехі.
Ты адзін найпрыгажэйшы ды годны любові, Ты адзін наймагутнейшы ды над усё хвалебны; у Табе адным усякае дабро ў поўнай дасканальнасьці разам ёсьць, заўсёды было і заўсёды будзе.
І дзеля таго малое ўсё і нехапаючае, што толькі мне даеш, апрача самога Сябе, або што аб’яўляеш аб Сабе, або прыракаеш, калі толькі Цябе ня бачу і пакуль цалкам Цябе ня маю.
Бо сапраўды ж ня можа сэрца маё супачыць ані зусім здаволіцца, пакуль ня супачыне ў Табе ды не падымецца вышэй за ўсе дары ды творы.
3. О мой наймільшы ўлюбенец, Езу Хрыстэ, Міласьнік найчысьцейшы, Валадар усякага стварэньня!
Хто ж дасьць мне крыльля сапраўднае волі, каб паляцеў я да Цябе душою і супачыў у Табе?! (Пс 54, 7).
Калі ж даждуся я, што, свабодны ад усіх путаў зямных, пабачу, які салодкі Ты, Пане Божа мой?
О, калі ж апынуся цалкам у Табе, каб у любові да Цябе зусім не пачуваў сябе, а толькі Цябе аднаго вышэй за ўсё чуцьцё і меру і спосабам мала каму вядомым?
Цяпер, аднак, часта ўздыхаю і няшчасьце сваё з болем зношу.
Бо ж шмат благіх налогаў сустракае мяне ў гэтай даліне нядолі, якія мяне часта засмучаюць і трывожаць, і абымаюць мяне, быццам хмарай якой; часта затрымліваюць і адрываюць, маняць, нахіляюць, каб ня меў я вольнага да Цябе даступу, ды каб ня мог скаштаваць я салодкіх абоймаў Тваіх, якімі заўсёды карыстаюцца бласлаўлёныя душы.
Хай зварухне Цябе ўздыханьне маё ды земская мая нядоля.
4. О Езу, ясната Хвалы вечнае, пацеха душы вандраўнічае, перад Табою вусны слоў ня маюць і маўклівасьць гаворыць Табе.
Дакуль жа ж Пан мой пазьніць будзе прыход Свой?
Няхай прыйдзе да мяне, бедненькага слугі Свайго, дый пацешыць мяне. Хай падасьць Сваю руку і няшчаснага мяне выцягне з гэтае протхлі.
Прыдзі ж! Прыдзі! Бо без Цябе няма дзянька вясёлага або гадзіны, бо ж Ты маё вясельле, а без Цябе — паражняком хата мая.
Бедны я ды, быццам вязень, кайданамі скуты, пакуль ня ўзмоцніш мяне сьвятлом Сваёй прысутнасьці, не адарыш свабодай ды не пакажаш Свайго прыяцельскага вобліку.
Хай іншыя шукаюць апрача Цябе, чаго толькі ім хочацца: мне, аднак, нішто не да ўспадобы, і нішто ня будзе падабацца, апрача Цябе, Бога майго, надзеі маёй, збаўленьня вечнага.
Ня змоўкну, не пакіну прасіць, пакуль ня вернецца мне ласка Твая, пакуль не пачнеш гаварыць у сэрцы маім*.
6. Вось Я пры табе, бо клікаў ты Мяне. Сьлёзы твае, імкненьні душы тваёй, спакоранасьць твая ды жаль сэрца твайго схілілі і прывялі Мяне да цябе.
7. І сказаў я: Пане, клікаў я Цябе і летуцеў аб Табе, гатоў усё кінуць дзеля Цябе.
Бо Ты першы зварухнуў мяне, каб шукаў я Цябе.
Будзь жа бласлаўлёны, о Пане, калі выявіў Сваю дабрату слузе Свайму паводле вялікага міласэрдзя Твайго.
Што ж больш меў бы казаць Табе слуга Твой, калі не адно толькі, як спакарыцца, заўсёды памятаючы на мізэрнасьць, благату сваю.
Няма нічога, каб зраўнялася з Табою, сярод усіх цудоўнасьцяў неба і зямлі.
Дасканалыя ўсе чыны Твае і прысуды праўдзівыя, а агляд Твой кіруе ўсім сьветам.
Хвала і чэсьць Табе, о Мудрасьць Айца! Хай хваляць і бласлаўляюць Цябе вусны мае, душа мая ды ўсе творы адначасна са мною.
Разьдзел ХХII
Аб разважаньні розных дабрадзействаў Божых
1. Адчыні, Пане, сэрца маё праву Твайму ды навучы мяне хадзіць шляхам загадаў Тваіх.
Дай мне сьцяміць волю Тваю і з вялікаю пашанаю ды старанліваю зважнасьцю дабрадзейнасьці Твае разважаць, як усе цалкам, так і кожнае апрычна, каб здолеў за іх я належна быць удзячным.
Ведаю, аднак, добра і прызнаюся, што на’т за найменшае дабро, якое Ты мне зробіш, не змагу я, як трэба, падзякаваць Табе.
Шмат меншы я за ўсе дары, якія даў Ты мне, і калі разважаю вялікадушнасьць Тваю, спыняецца дух мой перад яе велічынёю.
2. Усё, што ў душы маем ды ў целе, усё, чым валодаем: ці звонку ці ўнутры, прыродна ці надпрыродна — усё гэта Твае дары, якія ўсьцяж наводзяць нам на памяць, што Ты дабрадзейны, міласэрны, добры і што ад Цябе дасталі мы ўсё.
А калі адзін крыху больш, іншы крыху менш дастаў, усё, аднак, Тваім дабром ёсьць: без Цябе і найменшай часткі ня меў бы.
Той, хто больш дастаў, хай ня хваліцца заслугамі сваімі, хай ня думае, што лепшы ён за іншых, ды хай не смяецца з тых, што менш дасталі, бо ж той вялікшы ды лепшы, хто менш прыпісвае сабе, а ў сваёй падзячнасьці яшчэ больш пакорны і пабожны.
А той, хто глядзіць на сябе, быццам на самага найгоршага і самага недастойнага — той найбольш здатны атрымаць вялікшыя дары.
3. Той зноў, што менш дастаў, хай ня сумуе і ня будзе нездаволеным ды не зайздруе тым, што больш дасталі, а хай тады звернецца к Табе ды дабрату Тваю найбольш выхваляе за тое, што так шмат, так ахвотна ды незаслужана, не мінаючы нікога, сваімі дарамі надзяляеш.
Усё ад Цябе, таму трэба ўва ўсім Цябе выхваляць.
Ты ведаеш, каму што трэба даць і чаму дадзена таму менш, а таму больш; не нам, а Табе гэта размеркаваць аканчальна, якія хто паасобку мае заслугі.
4. Таму, Пане Божа, за ўсялякую дабрадзейнасьць уважаю мала што мець з усяго вонкавага, што выклікае гэтулькі гонару і славы між людзьмі; дык вось той, што ўбачыць сваю беднасьць ды мізэрнасьць, хай надта не палохаецца ды не сумуе і сэрцам не падае — а хутчэй няхай весяліцца і цешыцца, бо ж Бог бедных і пакорных і тых, якімі пагарджаюць на гэтым сьвеце, выбраў сабе за блізкіх і за хатніх сваіх.
Сведчаць гэта самыя Апосталы Твае, якіх князямі паставіў Ты над усенькай зямлёю (Пс 44, 17).
Жылі яны на сьвеце, не наракаючы, такія пакорныя і простыя, без ніякае хітрасьці ды злосьці, што на’т радаваліся, калі ім здаралася цярпець дзеля Імя Твайго (Дз 5, 41), ды ахвотна прымалі тое, чаго сьвет ненавідзіць.
5. І дзеля гэтага хай нічым гэтак не весяліцца той, хто Цябе любіць ды ведае ўсе дабрадзейнасьці Твае, як сьведамасьцяй, што спаўняецца ў ім воля Твая, ды спадобай у ім вечных жаданьняў Тваіх.
І якімі няхай так цешыцца, ды няхай такую мае радасьць, каб ахвотна хацеў быць найменшым, як іншы хоча быць найвялікшым.
Няхай аднолькава супакойным ды здаволеным будзе на апошнім месцы, як і на першым; аднолькава няхай яму будзе ці ў пагардзе і ўсімі адкіненым, ня маючы ў людзей значэньня і славы, ці ў пашане ў іншых і ў славе.
Бо воля Твая і любоў славы Тваёй трэба, каб была вышэйшая за ўсё і каб больш цешыла яго і больш яму падабалася, чымся ўсе дабрадзействы Твае, якімі яго надарыў ці надарыш.
Разьдзел ХХІІІ
Аб чатырох рэчах, якія даюць супакой
1. Цяпер навучу цябе, сыне, шляху супакою ды сапраўднае свабоды.
Зрабі, Пане, што кажаш, а я ахвотна буду слухаць Цябе.
Вучыся, сыне, чужую волю спаўняць хутчэй, чымся сваю.
Выбірай заўсёды мець менш, чымся больш.
Глядзі заўсёды апошняга месца ды спакарайся ўсім.
Прасі заўсёды ды маліся, каб воля Бога цалкам была зьдзейсьнена.
Такі вось чалавек на шляху супакою ды адпачынку.
2. Пане, гутарка Твая гэная кароткая шмат мае ў сабе дасканальнасьці.
Мала ў ёй слоў, але шмат думкі і плод багаты.
І калі б я верна яе споўніў, ня так хутка трывога і неспакой мяне агарнулі б.
Бо калі толькі ўбачу сябе неспакойным ды прыдушаным цяжарам — угледжу заўсёды, што прычына таго ў адхіленьні ад Тваёй навукі.
Аднак Ты, што ўсё здолееш ды спагадаеш поступу душы, павяліч сваю ласку, каб патрапіў я зьдзейсьніць словы Твае ды дайсьці да збаўленьня свайго.
Малітва ад благіх думак
3. Пане і Божа мой, не адыходзь ад мяне; Божа мой, сьпяшы мне на помач (Пс 70, 12), бо з’явіліся ў мяне думкі розныя і сполахі вялікія, якія турбуюць надта душу маю.
Як выйсьці з іх бяз шкоды?
Як іх перамагчы?
Я пайду прад табою і спакару тых, якія пышняцца на гэтым сьвеце. Адчыню дзьверы вязьніцы і пакажу табе схаваныя таёмнасьці (Іс 45, 2-3).
Зрабі, Пане, паводле слоў Тваіх і няхай уцякаюць перад воблікам Тваім усе благія думкі.
Усенькая надзея і адзіная пацеха мая — прытуліцца да Цябе пры ўсіх турботах, на Цябе спадзявацца, клікаць Цябе з глыбіні сэрца свайго ды ждаць цярпліва пацехі Твае.
Малітва дзеля асьвячэньня розуму
4. Асьвяці мяне, добры Езу, яснатою сьвятла ўнутранага і выжань з сэрца майго ўсянютаньку цемру.
Спыні шматлічныя расьцярушаньні ды адгані спакусы, якія насядаюць на мяне.
Мужна змагайся за мяне і зваюй ліхія бэстыі, якімі ёсьць пажаданьні, поўныя маны, каб настаў супакой цераз сілу Тваю (Пс 121, 7) ды каб хвала Твая зьвінела ў будыніне сьвятой — у чыстым сумленьні.
Загадай ветрам і бурам, скажы мору: супакойся, а віхрам — ня вейце, і пачнецца цішыня вялікая (Мк 4, 39).
5. Пашлі сьвятло Тваё і Праўду (Пс 42, 3), каб сьвяцілі над зямлёю, бо сам я зямля ялова.я і няплодная (Быц 1, 2), пакуль не дасі сьвятла Свайго.
Пашлі ласку з вышыні Тваёй, расою нябеснаю пакрапі сэрца маё, дай вады пабожнасьці, каб зямліцу пакрапіць, каб быў плод найвялікшы і найбагацейшы.
Падымі душу, якая прыцісьнена вагромністым цяжарам грахоў, ды зьвярні мяне да жаданьня ўсяго нябеснага, каб, каштуючы салодкасьці шчасьця нябеснага, нельга і думаць было аб зямным.
Вазьмі мяне ды адцягні ад усіх мінаючых пацехаў, што ідуць ад твораў на зямлі, бо ж ніводная рэч ня здоляе здаволіць цаліком імкненьня майго і пацешыць мяне.
Злучы мяне з Сабою стульна любоўю, бо Цябе аднаго хапае таму, хто любіць Цябе, а ўсенькі сьвет без Цябе — нічогасьць адна.
Разьдзел XXIV
Трэба сьцерагчыся цікавага падгляданьня, як жывуць іншыя
1. Ня будзь, сыне, цікавым ды не клапаціся дарэмна.
Што ж табе за дзела да таго ці іншага? Ты Мяне насьледуй (Ян 21, 22).
Бо што ж табе з таго, што нехта такі ці іншы, або што так ці інакш робіць ці гаворыць?
Ты ня будзеш адказваць за іншых, а здасі справаздачу за сябе. Чаго ж тады лезьці ў чужыя справы?
Я вось усё ведаю і бачу, што толькі пад сонцам робіцца; і ведаю, што з кожным робіцца, што думае, чаго хоча і ў якім кірунку імкнуцца намеры ягоныя.
Мне такім чынам усё парушыць трэба; ты ж пакінь сябе ў добрым супакоі, а неспакойны няхай робіць, што толькі захоча.
Проціў яго паўстане ўсё, што толькі ён зрабіў ці сказаў, бо абмануць Мяне ніхто ня здоляе.
2. Не ганяйся за славай імя ці за тым, каб мець шмат прыяцеляў ці зноў, каб людзі цябе надта любілі.
Усё гэта душу чалавека расьцярушвае ды наводзіць цень вялікую на сэрца.
Ахвотна казаў бы Я табе словы Свае ды выявіў бы таёмнасьці, калі б зважаў ты пільна на адведваньні Мае і дзьверы сэрца свайго адчыняў перада Мною.
Будзь разважным, чуйна трывай у малітвах ды спакарайся ўва ўсім.
Разьдзел XXV
У чым знаходзіцца трывалы супакой сэрца ды сапраўдны поступ у дасканальнасьці
1. Сыне, Я сказаў: супакой пакідаю вам, супакой Мойдаю вам, ня гэтак, як сьвет дае — даю яго Я вам (Ян 14, 27).
Супакою ўсе жадаюць, але ня ўсе глядзяць таго, што патрэбна дзеля сапраўднага супакою.
Супакой Мой з людзьмі ціхога сэрца. Супакой твой у вялікай цярплівасьці.
Калі Мяне паслухаеш ды пойдзеш усьлед за словам Маім — будзеш карыстацца вялікім супакоем.
2. Дык што ж рабіць мне?
Заўсёды разважай, што манішся рабіць ці казаць, і ўсе свае імкненьні накіруй гэтак, каб Мне падабацца, а апрача Мяне, каб нічога не хацець і не шукаць.
Не судзі зноў лёгкадумна аб тым, што кажуць і робяць іншыя, ды не чапай таго, што не даручана; а тады можа быць, што мала калі будзеш турбавацца.
Ня чуць жа ніякіх турботаў або ніякае бяды цела ці сэрца — немагчыма на гэтым сьвеце, гэта будзе ў вечным супачынку.
Вось жа ня думай, што знайшоў ты ўжо сапраўдны супакой, калі ня душыць цябе ніякі цяжар, або што ўсё добра, калі ня маеш ніводнага ворага; ня думай так жа, што ты дасканальны, калі ўсё ідзе паводле тваёй ахвоты.
Няхай табе не здаецца, што ты надта вялікі або што маеш асаблівую ласку нават тады, калі надыдзе на цябе вялікая пабожнасьць ды салодкасьць у сэрцы, бо ня ў гэтым спазнаецца, хто сапраўды любіць цноту, ды ня ў гэтым яшчэ дасканальнасьць і поступ чалавека.
3. Дык у чым жа, Пане?
У тым, каб з усяго свайго сэрца ахвяраваў ты сябе волі Бога, не чакаючы нічога для сябе ані ў малых, ані ў вялікіх рэчах, ані ў дачаснасьці, ані ў вечнасьці.
Так, каб з аднолькаваю думкаю быў ты ў шчасьці і ў бядзе, каб заўсёды аднолькава Мне дзякаваў, нягледзячы на абставіны.
Калі будзеш ты гэткім дужым ды трывалым у надзеі, што і без унутранае пацехі падрыхтуеш сваё сэрца да вялікшае яшчэ бяды і калі ня будзеш апраўдвацца, што быццам табе ня трэба гэтулькі цярпець, а будзеш славіць Маю справядліва-сьць ды сьвятасьць — тады йдзеш ты сапраўдным ды простым шляхам і бяссумніўнаю будзе надзея, што зноў убачыш воблік Мой у радасьці.
Калі б дайшоў ты да поўнае пагарды сябе — ведай, што тады меў бы так шмат супакою, колькі гэта магчыма для вандроўніка на гэтым сьвеце.
Разьдзел XXVI
Аб дасканальнай свабодзе духа, да якой вядзе хутчэй малітва, чымся чытаньне
1. Пане! Праца дасканальнага мужа ў тым, каб ніколі не адхіляцца душою ад рэчаў нябесных і каб мінаць усе клопаты ды турботы, зусім ня гледзячы на іх, і гэта не дзеля нядбайласьці, а дзеля таго, што здабыў ён свабоду духа дасканальную, дзякуючы якой ня хінецца грэшным каханьнем да ніякага стварэньня.
2. Малю Цябе, найміласэрнейшы Божа мой, ня дай мне занадта заняцца справамі гэтага жыцьця, каб не заблытацца ў іх; абарані мяне ад шмат якіх нахілаў цела, каб не апынуўся я ў пастцы роскашаў, ад усякіх труднасьцяў духовых высвабадзі мяне, каб ня ўпаў я, зломаны іхным цяжарам. Барані мяне не толькі ад тых рэчаў, за якімі ганяецца марната сьвету, але ад тых нават труднасьцяў, якія душу слугі Твайго, як агульны праклён сьмяротнасьці, абцяжваюць надта і ня пушчаюць, каб яна, калі толькі зажадае, да Цябе ляцела.
3. О Божа мой, салодкасьць невымоўная, зрабі мне горкімі ўсе радасьці цела, якія адцягваюць мяне ад любові да рэчаў вечных, а маняць нягодна к сабе, ставячы мне прад вочы нейкае быццам шчасьце дачаснае.
Няхай не пераможа мяне, о Божа мой, няхай не пераможа кроў і цела, няхай не абманвае мяне сьвет ды кароткая слава ягоная; няхай ня зводзіць мяне злы дух і хітрасьць ягоная!
Дай мне сілу змагацца з злом, дай церпялівасьць усё перанесьці, дай сталасьць вытрываць аж да канца.
Замест усіх радасьцяў сьвету дай мне спазнаць наймілейшую салодкасьць Духа Твайго, а замест цялеснага каханьня — дай мне любоў да Імя Твайго.
4. Вось ежа, піцьцё, вопратка ды ўсё іншае неабходнае, каб падтрымаць існаваньне цела — усё гэта ёсьць цяжарам горача пабожнаму чалавеку. Дык дай мне стрымліваць, каб, карыстаючыся імі, не заблытаўся занадта, іх пажадаючы.
Адкінуць усё гэта немагчыма, бо прыроду трэба падтрымліваць, але імкнуцца да рэчаў дачасных больш, як трэба, або жадаць таго, што дае толькі прыемнасьць, забараняе закон сьвяты: бо інакш цела пачынае бунтавацца проціў духа.
Няхай жа ў гэтым усім вядзе мяне рука Твая ды вучыць, каб здолеў у меры трымацца.
Разьдзел XXVII
Любоў самога сябе найбольш спыньвае ў імкненьні да найвышэйшага дабра
1. Трэба, сыне, усё аддаць за ўсё і ніякае часткі не астаўляць для сябе.
Ведай, што любоў самога сябе шмат больш шкодзіць, чымся ўсё іншае.
Кожная рэч менш ці больш цягне да сябе паводле таго, колькі яе любіш і колькі маеш у яе бок нахілу.
Калі б любоў твая была чыстай, простай і як трэба ўпарадкаванай — ніводная рэч цябе б не палоніла.
Не пажадай таго, што нельга табе мець; ня май таго, што цябе б спыньвала, што адбірала б унутраную свабоду.
Дзіўна, што не аддаешся ты Мне сам, з глыбіны свайго сэрца, з усім, чаго толькі захацець ты мог бы, ці з тым, чым ужо валодаеш.
2. Нашто мучаешся марным сумам? Чаму сам робіш сабе цяжкія турботы і труднасьці?
Заахвоцься толькі да таго, што міла Мне, а не ўпадзеш у ніякую шкоду.
Калі шукаеш таго ці сяго, а хацеў бы тутака і там дзеля сваёй выгоды або дзеля таго, што табе так больш хочацца — ніколі не спазнаеш супакою ды не схаваешся ад турботаў; бо ж усюды найдзецца нейкая нястача і праціўнасьць.
3. І таму не якая-небудзь рэч, якую ты дастаў сабе, і не павялічаньне сваёй маёмасьці карысным табе будзе, а хутчэй пагарда да ўсяго гэтага і выкараненьне яго з сэрца.
Гэта самае можна казаць ня толькі аб багацьці ды аб золаце; стасуецца гэта і да пажаданьня гонараў ды марнае славы, бо ўсё гэта мінае з гэтым сьветам.
Мала сьцеражэ месца, калі не хапае духа пабожнасьці; ды ня доўга патрывае той супакой, якога шукаеш увонках, калі ня будзе трывалых падвалінаў у сэрцы, гэта знача, калі не спадзяецца яно на Мяне: сам перамяніцца здолееш, але не паправіцца.
Бо пры кожным спакушэньні зноў сустрэнеш тое, ад чаго ўцякаў, а мо на’т яшчэ больш.
Малітва аб чыстым сэрцы і нябеснай мудрасьці
4. Дай мне дужасьць, о Пане, праз ласку Духа Сьвятога.
Дай мне сілу ўзмоцніцца ў нутры маім, ачысьці сэрца маё ад усялякае непатрэбнае думкі і турботы, ды каб ня зводзілі мяне пажаданьні рэчаў благіх ці цэнных, але каб я на ўсё заглядаўся як на мінаючае, з якім і я сам міну хутка.
Бо ж нічога трывалага пад сонцам, а паўсюды толькі марнасьць і турботы духа. О, які разумны той, хто гэтак думае!
5. Дай мне, Божа, нябесную мудрасьць, каб навучыўся я хутчэй за ўсё Цябе шукаць ды знаходзіць; вышэй за ўсё спазнаць ды любіць, а ўсё іншае, каб здолеў я сьцяміць так, як яно ёсьць паводле парадку мудрасьці Тваёй.
Дай, каб з агляднасьцю адхіляўся я ад тых, што хваляць мяне зашмат, ды каб цярпліва зносіў зьдзек сваіх ворагаў.
Бо ж гэта вялікая мудрасьць — не зварухнуцца павевам слоў, ды не настаўляць вушэй на салодкія нагаворы: гэткім чынам можна бясьпечна ісьці распачатым шляхам.
Разьдзел XXVIII
Проціў тых, якія абмаўляюць
1. Ня трывожся, сыне, калі хто аб табе блага думае або гаворыць табе тое, чаго ты неахвотна слухаеш.
Табе яшчэ горш аб сабе трэба думаць і верыць, што няма нікога так недалужнага, як ты.
Калі жывеш унутраным жыцьцём, мала будзеш звяртаць увагі на пустыя і хутка мінаючыя словы.
Не малая гэта справа змоўкнуць у гадзіну благую ды сэрцам да Мяне зьвярнуцца, не праймаючыся людзкімі суджэньнямі.
2. Няхай не хаваецца твой супакой у вуснах людзей, бо ці добра ці дрэнна яны аб табе судзяць, ты ня будзеш іншым чалавекам. Дзе ж сапраўдны супакой і сапраўдная слава? Ці ж не ў Мяне?
А хто не імкнецца спадабацца людзям ды не палохаецца згубіць іхную ласку, той будзе карыстацца вялікім супакоем.
З грэшнага каханьня ды пустога сполаху з’яўляецца несупакой і расьцярушаньне духа.
Разьдзел ХХІХ
Як у хвіліны турботаў клікаць трэба Бога ды Яго благаславіць
1. Няхай Імя Тваё, Божа, будзе бласлаўлёным навекі за тое, што зволіў Ты дапусьціць на мяне гэтую спакусу і турботу.
Ня здолею яе памінуць і ўцячы, дык неабходна мне зьвярнуцца к Табе, каб Ты памог ды зьвярнуў усё на дабро.
Пане! Вось цяпер я ў турботах і цяжка майму сэрцу, і вельмі цярплю я ад гэтага.
І што жскажу цяпер я, Айцец наймілейшы? Агарнуў мяне зьдзек і немач. Высвабадзі мяне ад гэтае часіны (Ян 12, 27).
Але таму прыйшла гэтая няшчасная часіна, каб у ва ўсёй красе сваёй зазіхацела дабрата Твая, калі мяне так спакорнага падняць ды асвабадзіць захочаш.
Хай Табе спадабаецца асвабадзіць мяне, бо што ж я бедны пачну і дзе апынуся без Цябе?
Дай цярплівасьць, Пане, яшчэ на гэты раз; памажы мне, о Божа мой, і не спалохаюся, калі на’т і вельмі цяжка мне будзе.
2. А цяпер, сярод усяго гэтага, што скажу я? Пане, няхай будзе воля Твая. Я сапраўды заслужыў на турботы і на ўціск.
І таму трэба напэўна, каб я іх стрываў, ды каб толькі цярпліва, пакуль бура ня міне ды зноў ня будзе лепш!
Бо можа ўсемагутная рука Твая і гэтую спакусу адхіліць ад мяне ды паменшыць сілу яе, каб ня ўпаў я пад яе цяжарам; бо ж часта гэтак і раней мне Ты рабіў, о Божа мой, міласэрнасьць мая!
І адмена гэта чым труднейшая для мяне, тым лягчэйшая яна для Цябе, бо яна ёсьць чынам Правіцы Найвьшэйшага (Пс 76, 11).
Разьдзел ХХХ
Трэба прасіць помачы ў Бога і ждаць з вераю павароту ласкі
1. Сыне, Я Бог, што падтрымлівае ў дні турботаў (Нвм 1, 7).
Прыходзь да Мяне, калі табе будзе нядобра.
Найбольш аддаляе нябескую пацеху тое, што занадта позна зварочваешся да малітвы.
Бо пярвей, чым зачнеш прасіць Мяне, шукаеш рознай пацехі і палёгкі ў рэчах вонкавых.
Дзеля таго ўсё гэта мала табе памагае, пакуль не пераканаешся, што Я ёсьць той, каторы выбаўляе маючых ува Мне надзею (Пс 16, 7), і што апрача Мяне няма ані належнай помачы, ані карыснай рады, ані трывалых лекаў.
Але пасьля буры, прышоўшы да прытомнасьці, узмагай свае сілы ў яснасьці майго Міласэрдзя, бо блізка Я знаходжуся, каб усё ўзноў направіць ня толькі так, як было, але яшчэ лепш і шчадрэй.
2. Ці ж для Мяне ёсьць што труднае, або ці ж Я такі, як той, што прыракае і не спаўняе?
Дзе ж вера твая? Будзь сталым і вытрывалым.
Будзь цярплівым і мужным; пацеха прыйдзе ў сваім часе.
Чакай Мяне, чакай: прыйду і аздараўлю цябе (Мц 8, 7).
Тое, што цябе так мучыць, ёсьць толькі спакусай, а тое, што цябе так трывожыць, ёсьць толькі пустым страхам.
Нашто маеш турбавацца тым, што трапіцца з табою ў будучыні? Хіба на тое, каб павялічваць сумаваньні свае за сумаваньнямі. На кожны дзень хопіць бяды свае (Мц 6, 34).
Марна ды бескарысна турбавацца ці весяліцца з таго, што маніцца трапіцца ў будучыні, а магчыма надта, што і ніколі ня трапіцца.
3. Такімі ўявамі жыць — прыкмета гэта людзкой слабасьці, а такая лёгкасьць на падшэпты ворага сьведчыць аб нядужасьці духа.
Бо ж не глядзіць вораг, ці праўдзівымі ці фальшывымі рэчамі абмане цябе: ці каханьнем рэчаў дачасных, ці спалохам будучыні паваліць чалавека.
Няхай ня турбуецца сэрца тваё, ані палохаецца (Ян 14, 1).
Вер Мне ды на міласэрнасьць Маю спадзявайся.
Калі ты думаеш, што Я надта далёка, Я часта зусім блізка цябе.
Калі ты думаеш, што ўсё ўжо прапала — тады прыходзіць хвіліна большае заслугі ды нагароды.
Ня ўсё яшчэ прапала, калі абставіны складаюцца неяк супраць цябе.
Ня трэба судзіць паводле таго, што цяпер табе здаецца, ды палохацца кожнаю бядою гэтак, быццам уся надзея палёгкі прапала.
4. Ня думай, што пакінуў Я цябе зусім, калі пашлю табе якую турботу або забяру жаданую пацеху — бо толькі гэткі шлях вядзе да неба.
І бяз сумніву лепш табе і ўсім слугам Маім, калі выпрабую вас супраціўнасьцямі, чымся калі б усё было паводле думак вашых.
Я ведаю таёмныя думкі твае і ведаю, што надта карысна дзеля збаўленьня твайго, каб быў ты часта бяз унутранай радасьці, а гэта таму, каб не зашмат ты пышыўся паступам сваім у дабры, ды каб сам ты сябе ня лічыў такім, якім ты ня ёсьць.
Што Я даў — магу адабраць і ўзноў вярнуць, калі гэтак зажадаю.
5. Калі што даю — Маё яно, калі адбіраю — твайго ня бяру: бо ж Маё ўсё дабро і ўсякі дар дасканальны.
Калі пашлю на цябе бяду або нейкую супраціўнасьць — не наракай ды ня сумуй у сэрцы сваім Я ж хутка магу даць палёгку табе, а ўсялякае сумаваньне ў вясельле перайнакшыцца.
І сапраўды, справядлівы Я і годны хвалы, калі гэтак раблю.
6. Калі сапраўды ты разумны, ды ўсё размяркоўваеш добра, ніколі табе ня трэба сумаваць маладушна ў супраціўнасьцях, а хутчэй цешыцца ды дзякаваць за іх.
Ды на’т яшчэ няхай будзе табе вясельлем, што пасылаю на цябе болі, не мінаю цябе (Ёў 6, 10).
Як Айцец узлюбіў Мяне, гэтак і вас Я ўзлюбіў (Ян 15, 9), сказаў Я ўлюблёным вучням сваім, якіх сапраўды паслаў Я не на радасьці дачасныя, але на змаганьне вялікае; не на гонары, але на зьдзек і пагарду, не на гультайства, але на бязупынную працу, не на адпачынак, але на тое, каб прыносілі плод вялікі ў цярплівасьці. Памятай, Мой сыне, на гэтыя словы!
Разьдзел ХХХІ
Усенькія стварэньні кінуць трэба, калі хочам Тварца знайсьці
1. Надта патрэбная мне яшчэ большая ласка, каб здолеў я туды дайсьці, дзе б ніхто, ніякае стварэньне мяне не спыніла.
Бо дакуль мяне яшчэ штось трымае — немагчыма вольна да Цябе ўзносіцца.
Вольна хацеў да Цябе ўзносіцца той, хто казаў: хто ж дасьць мне крыльляў, як у галубкі, каб паляцеў я і адпачыў? (Пс 54, 7).
Што ж спакайнейшае, як вока чалавека простага сэрца? І хто ж свабаднейшы за таго, хто нічога ня хоча на зямлі?
Трэба, значыць, падняцца вышэй за ўсе стварэньні, вырачыся зусім самога сябе, узняцца вышэй за розум свой ды ўбачыць, што Ты Тварэц усяго і нічога няма падобнага да Цябе.
І пакуль хто ня вырачыцца ўсялякага стварэньня — ня здоляе свабодна імкнуцца да Бога.
І таму гэтак мала богадумаючых людзей, бо мала такіх, што патрапяць вырачыся ўсяго хуткамінаючага і ўсіх стварэньняў.
2. Дзеля гэтага вялікае трэба ласкі, якая душу падхапіла б ды падняла б вышэй за яе самую.
Калі ж чалавек не падымецца душой і не асвабодзіцца ад усянютанькіх стварэньняў ды ня злучыцца з Богам — чаго б гэты чалавек ня ведаў, чаго б ён ня меў — усё гэта мала варта.
Доўга будзе маленькім і нізка будзе поўзаць па зямлі, хто думае, што можа быць нешта вялікае, апроч адзінага, вялікага вечнага дабра.
Бо ўсё, што толькі ня ёсьць Богам — нішто і за нішто ўважаць яго трэба.
Вялікая розніца паміж мудрасьцю мужа пабожнага, асьвечанага сьвятлом духовым, і навукай таго, хто з кніжкі толькі і з уласнай працы чэрпае веду сваю.
3. Шмат вышэйшая і добрароднейшая тая навука, што з неба, з натхненьня Бога плыве, чымся тая, што працаю розуму здабываецца, без сьвятла Божага.
Шмат такіх, якія жадаюць заглыбляцца ў Богу, але яны ня хочуць прыкладацца да таго, што вядзе да гэткага дару.
Шмат перашкаджае нам тое, што спыньваемся на знаках і вонкавых рэчах, а мала маем у сабе духа дасканалай пакуты і ўмярцьвеньня.
Ня ведаю, што гэта, які дух вядзе нас і куды мы імкнёмся, мы, што завёмся людзьмі духовымі, а якія столькі працы ды ўвагі зьвяртаем на хуткамінаючае ды марнае і так мала калі з развагай духа разважаем аб унутраных патрэбах нашых.
4. Ды, на жаль, ледзь крыху зьбяромся з думкай, ужо ўзноў расьцярушваемся і не разважваем, як трэба, спраў нашых.
Не глядзім, куды імкнуцца нахілы нашыя, ды ня плачам, што ўсё ў нас нячыстае.
Сапраўды, сапсавала ўсялякае цела шлях свой (Быц 6, 12), і таму настаў патоп вялікі.
Дык калі надта сапсаванае ўнутранае нашае чуцьцё, неабходна з гэтага сьледуе сапсаванасьць у чынах, якія сьведчаць аб унутранай дужасьці ці немачы нашай.
З чыстага сэрца родзіцца плод добрага жыцьця.
5. Пытаемся і ўважаем, сколькі хто зрабіў, а не зьвяртаем увагі, дзеля якое цноты, дзеля якое думкі ён рабіў што.
Цікавімся, ці хто дужы, багаты, прыгожы, кемкі, або ці добры пісьменьнік, добры сьпявак, добры працаўнік, а аб тым, ці хто ўбогі духам, пакорны, цярплівы, ці пабожны і ўнутраны — мала пытаем.
Звычайны чалавек глядзіць на вонкавасьць, а чалавек, напоўнены ласкай, да спраў унутраных зварочваецца.
Першы часта абманваецца, а другі на Бога надзеецца, каб не памыліцца.