Сьпевак Блондэль (1923)

Сьпевак Блондэль
Легенда

1923 год
Арыгінальная назва: Récits d'un Ménestrel de Reims (1260)
Пераклад: Вацлаў Ластоўскі

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ШКОЛЬНАЯ КНІЖНЯ




СЬПЕВАК БЛОНДЭЛЬ

АНГЛІЙСКАЯ ЛЕГЕНДА

Пераклад В. Л.



ВЫДАНЬНЕ
МІНІСТЭРСТВА БЕЛАРУСКІХ СПРАЎ ў Літве.






КОЎНА
Друкарня А. БААКА Вуліца Ожэшко, № 5.

Калісь то былі два валачомныя сьпевакі, каторыя валондаліся па ўсей Англіі і ігралі і сьпевалі свае песьні, то перад якім небудзь замкам, то перад панскім дваром, а то і проста ў якой небудзь прыдарожнай карчме. Тады быў такі звычай. І паэты і натхнёныя музыканты знаёмілі людзей са сваей творчасьцю не праз друк, а безпасярэдна, абходзячы ўвесь край. Звалі іх валачомнымі мастакамі, а то і проста валачомнікамі. З нашых двох прыяцеляў — адзін нёс з сабою гітару, на якой брынкаў бязклапотнай рукой, дабываючы з яе назьдзіў мілагучную музыку, або наігрываючы дзіўныя маршы, у якіх чулася, часамі, тапатаньне конскіх капытаў, гук бітвы, водгалас паходных сьпеваў; другі — шмат дужэйшы і больш кёмны на выгляд, пеяў аб розных гістарычных падзеях, даючы насалоду для ўсіх, сваім выдатным голасам. Адзін складаў вершы і песьні, другі дабіраў да іх музыку.

Многа сэрц білася ад іх чаруючай музыкі, многа пачуваньняў прабуджалася ад уложанага зьместу ў іхнія песьні. І дзяўчаты і мужчыны пыталі, адны адных, хто былі гэтыя валачомныя музыканты, вочы каторых заўсёды былі апушчаны ў ніз, калі яны пеялі і ігралі, бытцым гэта музыка напаўняла кволкасьцю іхнія сэрцы. Зьнечаку яны прыходзяць, неўспадзеў адыходзяць; на абліччах іхніх надзеты маскі, каб ніхто ня мог спазнаць, хто яны, і толькі і можна зразумець, што яны вельмі адзін аднаго любяць. Ось і ўсё, што ведаў аб іх народ.

І ніводзін дробны шляхцюра, які голасна вітаў гэтых музыкантаў, і ніводная знатная дама, каторая ахвотна гасціла-бы іх у сябе, і не дагадваліся, што сьпевак гэты быў ня хто іншы, як сам каралевіч — Рычард, а музыка яго прыяцель Блондэль, яго блізкі, адданны прыяцель, якога ён так горача любіў.

Рычард быў запальчывага характару і бязьмерна харобры. Гэта пазваляла яму часта рызыкаваць галавой. Ен не баяўся нічога і пры першым дагодным здарэньні хапаўся за галавіцу свайго меча. Трэба было заступіцца за пакрыўджаную кабету — і ён тойчас ляцеў да яе на абарону, зусім не чакаючы падзякі; ці дзеяўся які гвалт — і Рычард заўсёды быў там, з мячом у руцэ, гатовы заступіцца за пакрыўджанага.

Рычард быў вечна заняты, дзеля таго, што між рыцарскімі чынамі і прыхільнасцю да валачомніцтва ён рэдка калі бываў адзін, пасьвячаючы ўвесь свой вольны час гучным бясёдам с прыяцелямі. Калі-ж прыходзіла зацішша, ён браў свайго любага прыяцеля Блондэля і пачынаў з ім сьпяваць: яго палкая душа знаходзіла нейкае дзіўнае здаволеньне ў кволых згуках музыкі.

Рычард умеў складаць песьні так скора і лёгка, як і валадзець мячом, і трэ было толькі Блондэлю злажыць якую-колечы мэлёдзію, як ён ужо складаў да яе словы.

— Твае мэлёдзіі чапляюць мяне да глыбіны душы, — часта звяртаўся ён да Блондэля.

Блондэль ўсьміхаўся і, ўдараючы па струнах так, што яны пачыналі пеяць, адпавядаў:

— На ялым дрэве не бывае пладоў; але там, дзе яны дасьпеваюць, яны атрымліваюць сваё хараство ад сонца. Ты маё сонца, ты сваімі песьнямі здобіш мае мэлёдзіі.

І ён пачынаў іграць яшчэ прыемней, а ў Рычарда па абедзьвех шчэках струміліся слёзы.

Рычард і Блондэль многа адбылі падарожаў разам і адведалі многа, нават самых бедных сяліб, як раптам доля ўдарыла па іхняй дружбе. Яна не зніштожыла яе, але кождага з іх кінула ў свой напрамак.

Рычард стаў каралём.

Ен абецаўся Блондэлю, што ўсё так і астанецца, як было раней, але Блондэль адказаў:

Не, я не хачу гэтага, інакш я ня быў бы тваім прыяцелям. Ты стаў каралём дык будзь-жа ім. Калі ж у цябе здарыцца вольная, ад тваіх заняцьцяў, хвіліна то спамяні тады і аба мне. Бо не тая дружба, што на славах.

І ён адыйшоў, высказаўшы пажаданьне, каб Рычард бачыўся з ім не так часта, як рабіў ён дагэтуль.

Тады Рычард палюбіў яго яшчэ болей і іx дружба, пасьля гэтага, не спынілася, а яшчэ акрэпла. Рычард зразумеў, што Блондэль казаў яму праўду; ён прывык у ім бачыць добрага таварыша, які ўжо не раз ратаваў яго сваімі шчырымі радамі ад непрыемнасьцяў. Непрыемнасьці даўно дасьціглі-бы яго, калі-б ён быў адзін.

Цяпер калі гэты ўспыхлівы малады чалавек стаўся каралём, яго паступкі павінны былі стаць раўнейшымі, але характар у яго астаўся той самы. І не прайшло многа часу, як карона стала цяжэць яму і ён пачуў у сябе жаданьне кіпучай дзейнасьці, якая прымушала яго кідацца у розныя прыгоды ў папярэднія дні.

Будучы добрай душы ад прыроды, не глядзя на ўсе свае памылкі, ён стаў прыдумваць, што-б такое яму зрабіць, што было-бы годна яго як караля. І перабраўшы ў галаве розныя пляны, ён абмяркаваў іх і пастанавіў адправіцца ў крыжовы паход. У тыя часы Сьвяты Божы Гроб яшчэ быў ў руках няверных Сарацынаў, гэта крыўдзіла хрысьціян і паніжала іх веру.

Рычард пастанавіў рызыкнуць і таму, што гэты праект найбольш прыпаў яму да спадобы, то ён ужо гарэў нецярплівасьцю хутчэй прыняцца за ладжаньне паходу. І хоць былі ўжо другія каралі, раней яго, якія так сама, як і ён, адпраўляліся на абарону Гробу Хрыстовага, але не памысна, ды гэта ня стрымлівала яго і ён пастанавіў не глядзя ні нашто ісьці паходам ў Палестыну.

Піліп, кароль францускі, гэтак сама пастанавіў далучыцца да яго і яны разам пачалі ладзіцца ў дарогу. Яны рашылі, што гэты паход будзе самы найбольшы з усіх папярэдніх і, калі Бог паможэ ім, то і самы ўсьціжны. Дзеля гэтага яны ўзялі з сабой гэтулькі салдатаў, сколькі яшчэ яшчэ не браў ніхто. Гэта былі добра узброеныя воі, пылаўшыя высокім жаданьням выступіць на абарону веры. З гэткімі салдатамі, і, зрабіўшы неспадзеваны напад на сарацынаў, Рычард спадзяваўся вызваліць Сьвяты Гроб Хрыстоў.

Калі ўсё было гатова, ён павёў свае войскі да таго мейсца, дзе ім было умоўлена сустрэціцца з войскамі Піліпа. Гэтак яны і рушылі разам на вайну.

Блондэль павінен быў астацца дома, бо для яго не знашлося пасоўнага мейсца у гэтым вайсковым прадпрыемстве; але ён пастанавіў і дома не пакідаць інтэрасаў свайго прыяцеля і абараняць іх у часе яго нябытнасьці. А як толькі Рычард выехаў з Англіі, ў той час без яго там пачаліся загаворы і бунты і ня толькі ў аднэй Англіі, але і ў Нормандзіі, дзе ў яго было асобнае княжства. Усё гэта бачыў Блондэль і вельмі трывожыўся за свайго прыяцеля. Ён хацеў каб кароль вертаўся чым хутчэй.

Але Рычард і ня думаў пасьпяшацца дамоў, дзеля таго, што задумаў сурьёзную і небаспечную справу, да таго-ж яго сустрэла шмат не прыёмнасцяў на сушы, і на вадзе. Ён меў многа не памыснасцяў. Піліп французкі аказаўся не саўсім такім адданым прыяцелям, якім быў Блондэль, і кароль с першых-жа дзён зьнелюбіў яго.

Аказалася, што і з Сарацынамі было не так лёгка ваяваць, як сьпярша думаў сабе Рычард, дзеля таго, што яны адважна біліся і добра ведалі вайсковае рэмясло. Усё, што спярша быў заваяваўшы ў іх Рычард, яны хутка атабралі ад яго назад і часта саўсім ня чулі страты. Што датычэ французкіх жаўнераў, то яны пачалі зайздросьціць адзін аднаму і сварыцца паміж сабой, і Рычард ужо шкадаваў, што запрасіў Піліпа ісьці на выправу разам з сабою. Цяпер ён зразумеў, як мала было разумнага ва ўсей гэтай авантуры. Ён зразумеў, што калі-б пайшоў у выправу з аднымі сваімі войскамі, то атрымаў-бы над нявернымі шмат болей перамог, як цяпер. Гробам Хрыстовым, як і сьпярша валадалі Сарацыны, калі да яго раптам даляцела вестка, што яго ждуць у Англіі, што кароне яго пагражае небасьпека што можа вораг захапіць бацькаўшчыну. З вялікім смуткам ён ськіраваўся назад, пакінуўшы сваё прэдпрыемства недакончаным.

Адбыўшы часьць сваей падарожы па вадзе, ён стаміўся, і, кінуўшы карабель, дзеля скарочаньня дарогі, выправіўся па сушы. Ён уяўляў сабе як ворагі, чакаючы звароту яго на караблі, стрывожацца, калі ён вернецца ў Англію сухапуцьцем, шмат хутчэй, чым яны гэта мяркавалі сабе.

І, запраўды, гэты плян удаўся б Рычарду, каб шлях яго не пралягаў праз землі яго ворага экс-гэрцага Леапольда Аўстрыяцкага, які ненавідзяў Рычарда, і праз землі нямецкага імпэратара, з каторым Рычард быў у сварцы.

Рычард не прыдаваў гэтаму ніякага значэньня, хоць добра ведаў, што ворагі сочаць яго, каб памсьціцца на ім. Каб каля яго быў Блондэль, то ён перэсцярог-бы яго ад пераездкі па зямлі ворагаў; але бяз гэтага адданага прыяцеля ён паступаў так, як хацеў, і яшчэ цешыўся, што яго наперадзі чакаюць прыгоды.

Праўда, праезджаючы па гэтых краёх, ён перэадзеўся купцом і выдаваў сябе за чалавека, вяртаючагася з багамольля; але на гэтым і канчаліся яго спосабы прасцярожнасьці. А тымчасам Рычарда праводзіла цэлая сьвіта рыцараў. Які-ж купец вяртаецца з багамольля са сьвітай? Але Рычард ехаў бязклопатна. Ледзь толькі уехаў палову дарогі, як да яго дайшлі перасьцярагаючыя чуткі, што Леапольду ведама ужо, што ён едзе па яго зямлі, а ня морам.

Тады Рычард сказаў сваей сьвіце.

— Бачыце, паны, як мы павінны быць асьцярожнымі. Дзеля гэтага мы павінны раздзяліцца: я паеду далей з адным толькі маім пахолкам, а вы едзьце другімі дарогамі. Я ў вялікай няпрыязьні з экс-гэрцагам Леапольдам і ён ненавідзіць мяне; мне будзе вельмі блага, калі я траплю яму ў рукі перш, — чым дасьцігну роднай Англіі.

Сказаўшы гэта ён сеў, разам са сваім пахолкам, на коней і яны памчаліся.

Прыняўшы гэткую пастанову, Рычард паступіў разважна, але разам з гэтым перастаў зьвяртаць увагу на гразіўшую яму небасьпеку. І якраз здарылася так, што калі ён гэтак ехаў, экс-гэрцаг Леапольд, запраўды дачуўся аб ім; яму данясьлі, што нейкі купец вяртаецца з багамольля дамоў са сваім слугой, які разплачваецца за просты белы хлеб залатымі грашамі і адзеты у вопратку з дарагімі анталяжамі. І Леапольд зараз дагадаўся, хто гэта быў. Ен спаймаў Рычарда, вельмі здаволены тым, што гэтак лёгка мог заваладзець сваім ворагам, і пасадзіў яго ў турму, якую загадаў зачыніць на дванадцаць замкоў.

Пакуль Рычар сядзеў там, ў турме, чуткі аб ім дайшлі да другога яго ворага Гэнрыка Германскага: ён дачуўся, што Рычарда спаймаў жывым Леапольд і цяпер трымае ў турме, і паслаў сказаць Леапольду, што ня гожа яму, простаму эрц-гэрцагу, трымаць у сябе ў палоне гэткую высокую асобу, як Англіцкі кароль, і што ён павінен яго прадаць яму, Гэнрыку, за добрую квоту грошы.

І Рычард быў прададзяны і адвезяны да Гэнрыка у Нямеччыну. Тут ён быў схаваны яшчэ лепей, як у Леапольда, бо Гэнрык адправіў яго ў пануры, адасобнены замак, які адзінока тырчэў на непрыступнай гарэ. Нездалёк ад яго былі руіны двох другіх гэткіх самых замкаў, дзеля таго, што ў тэй месцовасьці ўсяго было тры за̀мкі. У гэтым замку тварыліся такія справы, аб якіх людзі гаварылі не іначы, як з памярцьвеўшым тварам.

A Блондэль тым часам усё чакаў і чакаў павароту Рычарда. Калі караблі былі яшчэ ў дарозе, ён казаў, „Хутка будзе тут Рычард“. А калі караблі ўжо прыбылі ў Англію, то ён з радасцю ўсклікнуў: „Кароль ужо тут“.

Але караля не было на ніводным з прыбыўшых караблёў. Блондэль даведаўся, што Рычард паехаў па сухапуцьцю, каб скараціць дарогу, і што павінен быў даўным-даўно вярнуцца ў Англію.

Тады ён пачаў ждаць. Пакуль ён ждаў у народзе сталі пагаварываць, што, мабыць, кароль ужо памёр, а калі гэты шэпт народу пачаў абяртацца ў голасныя гутаркі, а гутаркі ў пераконаньне, а караля ўсё ешчэ не было, то ён узяў сваю гітару і пайшоў шукаць яго. Ен узяў з сабой неколькіх рыцараў, якія яшчэ ня верылі, што Рычард памёр.

Яны пайшлі ў тыя краіны, праз якія павінен быў тады праезджаць Рычард. І дзе толькі яны не спыняліся на начлег, усюды яны ігралі сваю прыемную музыку, каб людзі не здагадаліся, хто яны. І як бытцым толькі дзеля таго каб здаволіць сваю цікавасьць, яны пыталіся, от так сабе, ці ня чуў хто чаго небудзь аб Англіцкім каралю, каторы павінен быў праезджаць адзін па гэтым краю, і голасна дзівіліся, што такое магло з ім стацца ў дарозе.

І іншыя адпаведалі шэптам, касавуручыся на дзьверы, бытцам за імі хаваўся хто небудзь, хто мог падслухаць:

— Мы памятаем аднаго такога рыцара, які падобен да таго, аб кім вы гаворыця. Але ён спыняўся ў нас толькі на адзін момант, каб купіць сабе ежы. Мы ня ведаем адкуль ён і куды пасьпяшаў. Гэта былі небасьпечныя часы, а мы — просты народ і ня маем права нічога ведаць аб падарожнічаючых каралёх. Мы прыпамінаем яшчэ, што ён сьмела кудысь-то імчаўся і бязбоязна пазіраў кождаму ў вочы.

А другія казалі:

— Мы сядзелі неяк вечарам каля сваей хаты і бачылі, як праз лес прабіраўся нехта такі вечарам, але без найменшага сьледу знібыткаваньня. За ім ішоў маладзенькі слуга. Праходзячы праз лес чалавек гэны пеяў так хораша і бязклопатна, як пташкі. Можа нават быў гэта і не чалавек, а дух таго Англіцкага караля.

Але былі і трэйція, якія груба казалі:

— Мы людзі занятыя, працоўныя, гаруючыя ад раньня да ночы. Дзе ўжо там нам да вашых чужаземцаў, якія калісь-то праходзілі міма.

На гэта Блондэль казаў: „Гэна быў сам кароль“.

— Усё роўна, — адказвалі яму. — І на простага сьмяротніка таксама трэба падыймаць вочы, каб яго ўбачыць; а нам — займацца гэтым некалі было. Ды-й чым перэадзеты кароль рожніцца ад простага мужыка? „І больш нічога ня мог дабіцца ад іх Блондэль, гэта былі запужаныя людзі.

Тады ён задаў сабе пытаньне: ці і запраўды не памер Рычард, і ці не дарэмнае шуканьне яго. І цяжка стала на душы ў Блондэля. Быўшыя з ім рыцары бачылі цень на яго абліччы, дзеля таго, што цень быў пануры як ноч. А душа яго была сумная да сьлёз.

Але яго любоў да свайго таварыша, не дазваляла яму кінуць разпачатага прадпрыемства, ён сам сабе прырок, што так, або іначэй, а дазнаецца аб долі караля, і далей няўпынна шукаў. І вось раз, калі ён ужо абыйшоў усе берагі Дуная і зьбіраўся перайсьці на Рэйн, ён апынуўся раптам у дзікай і панурай даліне, над якой бытцым хмара павісла маўчаньне.

На аднэй старане уздыймаліся аграмадністыя скалы з паміж каторых на аднэй стаяў пануры замак, пачарнеўшы ад часу і, суровым, сваім выглядам наводзіўшый тугу. Па-за ім, на другой скале, былі руіны двох другіх замкаў, калісь-ці такіх самых непрыступных, як і ён. Яны былі падобны на аграмадзістых бэстый, якія ад старасьці акалелі. На просьвеце неба яны здаваліся пачварамі.

Рыцары сказалі адзін аднаму.

— Каб толькі наш бедны сьпевак не пачуў ўсяго жаху гэтай даліны. Бо ён памрэ з журбы. Маўчаньне і панурасьць гэтай даліны здольны давясьці да роспачы.

Але калі Блондэль паўзіраўся на гэны замак, то вялікі супакой зыйшоў на яго душу, бытцым яго шуканьне дасцігла ўжо мэты. І яго аблічча раптам прасьвятлілася.

Тады ён сказаў сваім спадарожнікам:

— Вечар ужо, але яшчэ ня цёмна. Хутчэй пахавайцяся ў кусты, а я спрабую прабрацца ў замак. Калі маё прачуцьцё ня маніць мяне, то я знайду там весткі аб тым, каго мы шукаем.

Яны паслухаліся яго, дзіўлючыся таму, якая раптоўная сталася ў ім перамена.

— Яшчэ ніколі не бывала, — сказаў адзін з іx, — гэткай прыязьні, як прыязьнь Блондэля да Рычарда.

А другі адказаў: — Дай Бог, каб мы знайшлі Рычарда, бо цяжка будзе бачыць, калі Блондэль ізноў засумуе.

Але Блондэль ня чуў гэтых слоў. Калі ён узыйшоў ужо да палавіны скалы, то сустрэціў дзяўчынку, якая зыходзіла ў ніз з гары да таго мейсца, дзе пасьвіла авец. І такая радасная і і маладая была яе ўсьмешка, што нават панурасьць даліны здавалася не такой, як была.

Блондэль разпытаўся яе аб замку, якая яго мінуўшчына, што ён ёсць такое цяпер і ці німа там заключоных.

— Ox, — пане, — сказала яна яму. — Гісторыя гэтага замку пакрыта злачынамі і крывёй, я не люблю гэтай гісторыі і стараюся не спамінаць аб ей. Вось усё, што я магу табе сказаць: гэты замак такі моцны, што яго ніхто ніколі ня мог бы ўзяць. Нават цяпер там ёсць многа жаўнераў.

Блондэль хацеў яе разпытацца яшчэ і аб другім, але яна баялася гаварыць і не хацела болей адказваць. Тады, каб задобрыць яе, ён узяў сваю гітару і запеяў ей. Але ледзь толькі ён узяў неколькі нот, як дзяўчына здзіўленая ўсклікнула:

— То ж гэта тая самая песьня, якую пяе бедны рыцар, што зачыняны ў паўночнай башце замку. Я яе часта чую, калі прыганяю сюды сваіх авечак. Песьня гэта такая чулая і так хапае за сэрца. Але ў таго беднага рыцара голас лепшы, як у цябе, хоць ён пяе ў клетцы, а не на волі як ты.

Сказаўшы гэтыя словы, дзяўчына засаромілася, бо неўспадзеўкі самой сабе прагаварылася перад чужаземцам, і лёгкімі крокамі, сарваўшыся, адыйшла ад яго ў старану свайго стада.

Але Блондэль гэтак уцешыўся, што гатоў быў плакаць, і, прост з таго мейсца, пачаў ўзьбірацца гарой, да паўночнай башты, аб якой казала яму дзяўчына. Калі ён дасьціг яе, то абапёрся аб яе плячом і, ўзяўшы гітару, ударыў па струнах ды запеяў тую самую песьню, якую пеяў перад дзяўчынай і, якую яна чула многа раз да яго. Гэта была песьня моладасьці і бажавольнасьці.

Словы да гэтай песьні былі зложаны самім Рычардам яшчэ у тыя дні, калі Блондэль злажыўшы мэлёдзію, так быў парушыўшы яго сэрца.

Як толькі Блондэль закончыў першую штрофку, то раптам з глыбіны башты ў адповедзь яму пачуўся другі голас, запеяўшый другую штрофку. Гэта быў голас самога Рычарда.

— Ці-ж бы гэта ты, мой верны Блондэль. — крыкнуў ён.

— Так, гэта я, мой дружа. Урэшце я знайшоў цябе, шукаючы так доўга. У нізе, ў даліне, ў густых кустох хаваюцца твае верныя рыцары, каторыя гатовы памагчы табе ўцячы. Яны разам са мной шукалі цябе і сэрцы іх ня знаюць страху.

І пасьля доўгай радаснай размовы, два верныя прыяцелі павінны былі разстацца.

Блондэль пайшоў да рыцара кіраваўшага замкам, каторы аказаўся вельмі дабрадушным чалавекам і нават абрадаваўся, бо дзякуючы ададзіненьню яго замку, ніводзін сьпявак яшчэ ні разу не заходзіў да яго са сваімі песьнямі, а, вось, Блондэль урэшце прыйшоў.

Калі Блондэль вярнуўся да сваіх таварышоў і разказаў ім, што знайшоў свайго прыяцеля, то яны пачалі паміж сабой абдумываць ўсе спосабы, пры помачы якіх харобрыя людзі зазвычай ўцякаюць з вязьніц і датасоўваць іх да свайго караля, каб і яму таксама ўладзіць уцёкі. Але, як яны не абмяркоўвалі гэтыя спосабы, у іх нічога не выходзіла, бо перад імі былі дзьве перашкоды, якіх яны не маглі перасіліць. Аднэй з іх было тое, што замак быў вельмі ўмацаваны, а другім — што іх саміх было мала. І тое і другое было такім непераможным, што ўрэшце яны ня ведалі як пачаць ратаваць свайго караля.

Дзеля гэтага ім аставалася толькі адно — гэта вайсковая хітрасьць, таму, што ўсе іншыя спосабы былі бязсільны, каб кароль мог уцячы.

Тым часам Блондэль стаў паяўляцца кожды дзень у замку. Калі ён стаяў там у аграмадзістай салі, або стаяў і пеяў у сталовай, то ён абводзіў вачамі ўсіх жыхароў замку, стараючыся, хоць у чыім небудзь абліччы, знайсьці спогад сваім замыслам. Але жаўнеры былі крыклівы, грубы і жорскі ды да таго-ж усю мэту іхняга жыцьця станавіла абарона гэтага замку. І не знаходзячы ні ў кім з іх спагадлівага погляду, ён сумна спускаў уніз свае вочы.

Раз, калі ён стаяў у салі і панура азіраўся, погляд яго раптам спыніўся на нечым такім, ад чаго заіскрыліся яго вочы і што прымусіла яго голас пеяць яшчэ палчэй; паміж гэтых чорствых людзей хадзіла маладая дзяўчына, якая прыслугоўвала ім. Яна была стройная і гожая і было прыемна глядзець на яе. І калі Блондэль пеяў, яна старалася не глядзець на яго.

На другую раніцу яна ізноў прыслугоўвала ў замку і яе ізноў заўважыў Блондэль: цяпер ужо ён убачыў, што ў яе былі блакітныя вочы і што яе ўсьмешка была такая мілая, што прымушала ўсьміхацца і другіх.

І калі яна на нейкі час выйшла з салі і Блондэль ня мог ужо бачыць яе аблічча, то ён пачаў разпытвацца, хто яна, і даведаўся, што яна была дачкой турэмніка, і што ўсе ў замку яе любілі.

Раз, калі ён пеяў у сталовай, дзе ў загнецце вясёла пылаў агонь, разганяючы цемру, ў сьвятліцу увайшла дачка турэмніка і паставіла ўслончык каля агня. Яна села на яго і, палажыўшы галаву на рукі, пачала глядзець у агонь і крозіць. Яна была незвычайна пекная.

Тады прабудзілася сэрца ў грудзёх Блондэля, ён запеяў новую, радасную песьню, дзеля таго што ён зразумеў, што пакахаў гэту дзяўчыну. І ў гэнай прывязаннасьці да яе ён убачыў шлях да ратаваньня свайго таварыша і караля.

Турэмнік не далюбліваў Блондэля. Сьпявак быў чужаземец і, нешта таемнае хаваў ў сваей душы, і ён не хацеў-бы бачыць яго мужам сваей дачкі. Дзеля гэтага, калі Блондэль адкрыўся ей у сваім каханьні, то яна параіла яму да прыгоднага часу маўчаць. Але калі ён загаварыў аб вязьню-каралю, то боязкасьць заваладзела ўсей яе істотай.

— Мой бацька цьвёрды і чорствы чалавек, сказала яна. — Ен ніколі не здрадзіць сваей прысягі і ні за што ў сьвеце ня выпусьціць вашага караля.

І яна пачала плакаць.

Цяпер Блондэль павінен быў абмяркаваць з ей множства плянаў, як-бы яму ўратаваць Рычарда і ў кождым з іх яна бачыла небасьпеку, пагражаўшую самому Блондэлю; за вызваленьне караля павінен быў паплаціцца жыцьцём сам сьпявак. Тады яна стала ламаць свае рукі і думаць. І, ўсё абдумаўшы, яна ізноў пачала горка плакаць.

— Мой бацька ніколі ня выпусьціць яго. — ўсклікнула яна ўрэшце.

Дні міналі за днямі. Але ўрэшце рэшт прыйшла раніца, калі дачка турэмніка сказала ціханька Блондэлю:

Заўтра раніцай мой бацька выязджае ў горад здаць справаздачу. Гэта шал з маей стараны, але я дастану ключ ад вязьніцы караля і вывяду яго да цябе. Ты-ж са сваімі сябрамі пастарайся зрабіць ўсё патрэбнае.

З гэтымі словамі яна адыйшла.

Не прайшоўшы неколькі крокаў яна вярнулася.

— Калі ты ўцячэш са сваім каралём, — сказала яна, — то, ведама, і я павінна ўцякаць разам з вамі, таму што пасьля таго, што я зраблю для Вас, мне ўжо нельга будзе аставацца ў гэтым замку.

Яна пайшла, змагаючыся паміж пачуцьцём і павіннасьцю, бо любіла свайго бацьку, не глядзя на ўсю яго чорствасьць, але каханьне Блондэля было крапчэйшае, як неба вышэй мора.

Калі турэмнік ад‘ехаў, то Блондэль цішком прабраўся ў замак. Жаўнеры ня ведалі, што ён паміж імі, дзеля таго, што дачка турэмніка дала яму басьпечны схоў, і яны разам ўзяліся за выпаўненьне свайго пляну.

Дзяўчына ўзяла ключ ад каралеўскай цямніцы і, калі надарылася прыгодная хвіліна, пайшла у паўночную башту; па дарозе яна нікога не сустрэціла.

Адчыніла дзьверы і ласкава сказала каралю:

— Ідзі ціханька, пане, бо дарога з замку поўна небасьпек і вераломства.

Яна ўзяла яго за руку і вывяла да таго мейсца, дзе на яго чакаў Блондэль.

Блондель накінуў на караля шышак, каваную зброю, даў яму меч і шчыт. Калі рыцар апрануўся ў зброю, то сьпявак сказаў:

Цяпер, каралю, наш час настаў.

І яны кінуліся бегчы з замку. Мінуўшы варту, яны хутка пакінулі яе далёка за сабой. З вялікай пасьпешнасьцю яны перабеглі праз дзядзінец і выскачылі ў адчыненыя вароты.

Калі уцечка гэткім чынам была скончана, то Рычард ўскочыў на быстраногага каня, якога загадзя прыгатавалі для яго, і пагнаў на ім да віднеўшыхся ў далі гор. Блондэль і маладая дзяўчынка, аказала для іх гэткую вялікую дапамогу, якая так сама ўскочылі на коней і паімчаліся усьлед за Рычардам. Яны гналі ва увесь дух і хутка выбраліся на гару.

Пасьля было яшчэ многа прыгод, поўных небасьпек, у якіх нашы героі паказалі сябе харобрымі, аж пакуль урэшце ня выбраліся з нямецкай стараны і не даехалі да Англіі, да якой ўсей душой імкнуліся.

Рычард ізноў уступіў на пасад і быў патужным і ласкавым каралём. Ен любіў Блондэля і яго жану Матыльду; зрабіў ім многа цэнных падарункаў; але самае, спаміж іх многацэннае, — была яго шчырая прыязнь да іх.

Памяць аб сьпяваку Блондэлю, дагэтуль жыве ў Англіі; а найболей гардзіцца англіцкі народ тым, што Блондэль даў векапомны прыклад шчырай прыязьні да таварыша. Гэта не была прывязанасьць слугі, але прыязьнь чалавека да чалавека.




MOKYKLŲ BIBLIOTEΚΑ

Dainius Blondelis

Anglų legenda

Verto V. L.


Gudyų Raikalų Ministerijos leidinys





A. Bako Spaustuvė Kaunas, Ožeškienės g-ve 5.

  Гэты твор з’яўляецца перакладам і мае асобны прававы (ліцэнзійны) статус адносна карыстанай аховы аўтарскіх правоў на арыгінальны змест.
Арыгінал:

Гэты твор быў апублікаваны да 1 студзеня 1929 года і знаходзіцца ў грамадскім набытку ўва ўсім свеце, бо аўтар памёр, прынамсі 100 гадоў таму.

 
Пераклад:

Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў краінах, дзе тэрмін аховы аўтарскага права на твор складае 70 гадоў або менш.

Абразок папярэджаньня
Гэты твор не абавязкова ў грамадскім набытку ў ЗША, калі ён быў апублікаваны там цягам 1927—1964 гадоў.