Сябры
Сябры Апавяданне Аўтар: Леанід Рудніцкі Крыніца: Беларусь № 3 — 1920 |
I.
Студэнт, Мікола Каравайчык, на раніцы піў гэрбату ў сваёй кватэры. З ім, за доўгім сталом, сядзелі яго сябры: Гусяцкі і Кабыла, і таксама пілі гэрбату. Пакой гэты яны наймалі за грошы ў аднае немкі, Марты Іванаўны. У другім пакоі яны займаліся навукамі; тутака, за завесай, стаялі іх пасцелі.
Сябры Міколы былі досыць паважны.
Гусяцкі быў тоўсты, чырвоны, як рак, а валасы на галаве былі трохі рыжыя; таксама рыжыя былі і вусы; росту ён быў сярэдняга. Па натуры ён быў маўчаліў і спакойны. Калі ў яго пыталіся аб чым, дык ён, пускаючы дым з цыгаркі, казаў:
— Так, так.
У другі раз пыталіся, — ён ізноў казаў:
— Пэўна, пэўна!
Ці цераз зубы цадзіў:
— Вядома, вядома, зразумела.
Сябар Кабыла быў яшчэ паважнейшы. Доўгі, як жэрдка, чорны ды лахматы. Твар яго, сапраўды, падгуляла ад кожнадзённай выпіўкі, бо без гарэлкі ў яго не праходзіла ніводнага дня. Шмат дадаваў яму важнасці яго бас, якім ён пеў у розных хорах, дзе прыдарывалася.
Мікола Каравайчык быў ціхі, як ягнёнак.
Адно яму часта шкодзіла: дужа ён любіў сваіх сяброў ды вадзіў з імі кумпанію, а сябры й карысталі з гэтага, бо кішэнь у Міколы быў, як кажуць, дыравы, і грошы ў ём не трымаліся. Як толькі сябры чулі, што Мікола атрымліваў з дому грошы, яны, ведаючы дабрату Міколіну, прыходзілі да яго й віталі з тым, што ён атрымаў грошы.
Вядома, з гэтай радасці трэба было выпіць ды закусіць, а апасля і ў карты пайграць.
Міколу ўсе любілі: ён для сяброў гатоў быў хоць у вагонь і воду, але часта карысталі з гэтай яго дабраты сябры, якіх клічуць «забулдыгамі».
Хоць сабе ўчора. Сябры йгралі ў карты. Мікола трохі праіграў. Было позна. Сябры расходзіліся.
Мікола не меў моцы кінуць ігру, пакуль не астаўся іграць з Кабылай. Кабыле шанцавала, і ён абдуў усіх сяброў. І трэба было Міколе астацца з ім! Ён, сапраўды, хацеў кінуць ігру, але Кабыла папрасіў яго:
— Ну, што ты, Мікола? Паіграем яшчэ; што табе стоіць?
Як было адказаць свайму сябру! Мікола ніколі не адказваў, калі яго прасілі.
— Ну, што з табой зробіць? Трохі пайграем, — кажа Мікола.
Яны й пайгралі.
Тым часам, Міколіны грошы з яго кішэня ды перайшлі ў кішэню Кабылы.
Аб гэтым з сумам успамінаў сёння Мікола, шкадуючы, што астаўся саўсім без грошы.
Ён сядзіць за гэрбатай, охае ды ўздыхае:
— Ах, Божа ж мой! Не хочу есці…
Гэта не праўда. Мікола любіў паесці. Сёння ён ужо з’еў вялікі кавалак сала, выпіў шклянку малака, — а шклянка гэткая, што ў яе тры шклянкі ўлезе, — на рэшце піў гэрбату з малаком ды булкай, а ўсё сумаваў.
— Ах, ліха яму! Відаць, я хворы, бо не хочу есці.
Паснедаўшы, сябры збіраюцца ў другім пакоі. Тута яны працуюць па розным навукам, каб здаць экзамены, ці, як кажуць, зачоты.
На лекцыі гэтыя сябры хадзілі рэдка.
У кожнага сябра есць шафа з кнігамі.
У пакой увайшоў Мікола, сумны, ды сеў на канапу.
Сядзіць, заклаўшы адну нагу за другую, ды цяжка ўздыхае.
— Ах, Божа мой, Божа мой! — шэпча пра сябе.
Тады ідзець к шафе, адчыняе яе ды згінаецца, стоячы на дыбачках.
Трымае аднэй рукой за дзверцу шкапы, сумна глядзіць на апошнюю паліцу, як быццам хоча пашукаць кніжкі; але на гэта ў яго не хапае адвагі.
Якіясь думкі захапілі яго мазгі, і ён усё роўна як застыў перад шафай, стоячы на дыбачках.
Думкі гэтыя сумныя, бо Мікола дужа цяжка ўздыхае.
— Што з вамі, Мікола? Чаму не працуеце? — звяртае увагу на яго ўздохі Гусяцкі.
— Няма ахвоты — кажа Мікола, і яшчэ некалькі мінут астаецца так сама стаяць каля шафы.
Тым часам Кабыла, сказаўшы, што яму трэба пайсці спяваць у якісь-та хор, выйшаў.
— Ізноў прыдзе сёння п’яны, — кажа Мікола.
— Так, так. Гэта пэўна, — сказаў Гусяцкі і закурыў цыгарку.
— Ах, Божа мой! Кепска, калі грошы няма ў кішэні, — жаліцца Мікола.
— Пэўна, пэўна. Вядома, без грошы кепска. Прайгралі Кабыле? — пытае Гусяцкі.
— Прайграў, ды во — чакаю, што прышлюць грошы з дому ў хуткім часе.
— Зразумела, прышлюць. Без грошы не аставяць.
— Я вам тады, калега, аддам грошы і дужа буду прасіць схаваць іх. Ці добра?
— Добра, ды што толку? — кажа Гусяцкі.
Ён усміхнуўся.
— Ізноў будзеце прасіць кожны раз вярнуць вам грошы, пакуль усе прадуеце.
— Ведаеце, калега, — я напішу на паперцы, што больш граць не буду і распішуся ў тым.
— Так, так. Ды што толку?
Мікола піша нешта на паперы і падае Гусяцкаму.
— Ха, ха, ха, — смяецца той, чытаючы паперу:
— «З гэтага дня абяцаюсь не граць у карты, а калі сяду граць, дык атрымаю па карку ад сябра Гусяцкага».
— Так, так, гэта пэўна, — цягне Гусяцкі, пускаючы дым, — ды не саўсім. Справа ў тым, што прападзе ваша абяцанка, як было і раней. Успомніце, як я клікаў вас, прасіў не граць, ды паказваў вашу пісульку, а што вы на гэта? Пайграю яшчэ гадзінку, кажаце, а на пісульку гэтую самую і увагі не звярнулі, пакуль нічога ў кішэні не асталося.
— На гэты раз я зраблю акурат, як напісаў.
— Як жа? на гэты раз вам ніхто не паверыць, — кажа Гусяцкі.
— Во, ліха яму, — хапаецца за галаву Мікола, — што ж мне рабіць?
Ён сеў за лекцыі, але праца не йдзе ўперад.
Пачакаўшы, ён звярнуўся да сябра.
— Калега, пазычце рублік — ціха кажа Мікола.
Гусяцкі ўжо чакаў гэтага. Ён ведаў, што Мікола ў кожнага з сяброў, якога сустрэне, возьме па рубліку, запіша ў сваю кніжачку і аддасць пазычаныя рублікі ў першы дзень, як толькі атрымае грошы. Зразу ён вынуў з кішэні крэдытку і даў Міколе. У Міколы адлягло ад сэрца. Ён пачаў чытаць, а потым пайшоў да сяброў пазычаць грошы.
У абед Мікола з Гусяцкім успомнілі пра свайга сябра.
— Кабыла не прышоў. Ці не закуціў толькі ён? — сказаў Мікола, ў каторага ўсякая хвароба прайшла, бо ён досыць пазычыў грошы.
— Пэўна, так, — кажа Гусяцкі, — як жа ён можа не закуціць, калі шмат грошы ў кішэні, ажна кішэню распіраюць. Зразумела, ён вярнецца саўсім п’яны, як сцелька. Будзем чакаць. Гэта не ў першы раз.
Увайшла Марта Іванаўна ды паставіла нейкую смачную страву на стол.
II.
Сябры ўжо супакоіліся і палеглі ў свае пасцелі, як пачулі нейкі грук. Гусяцкі ўсхапіўся з пасцелі ды запаліў свечку. Дзверы з грукам адчыніліся, — пачуўся, як коньскі топат. Перасувалася ўперад якоесь вялікае, цяжкае цела, а гэтае цела нехта з усей моцы падтрымліваў, каб яно не ўпала.
Гэта адзін з калег вёў свайго сябра, Кабылу, які не меў, як кажуць, розуму ў нагах.
Гэты сябар ледзьве дацягнуў цела сябра і кінуў яго на пасцель. Кабыла хрыпеў і нешта лапатаў, хоць язык і не дужа яго слухаўся.
Гэты сябра быў такі самы забулдыга, як і Кабыла. Клікалі яго — Сашка Нябыткін. Усё ж ён меў больш розуму ў нагах, чымся Кабыла, і спачуваў свайму сябру.
— Не, я цябе, браток Кабылка, так не пакіну, — кажа Сашка.
— А? што ты кажаш?, — хрыпла басіць Кабыла.
— Я цябе, брат, гэткага не пакіну, — ізноў кажа Сашка.
— Пашоў вон адсюль, — прахрыпеў бас.
— Як пашоў вон? Не, не пайду. Я мушу цябе перш-на-перш раздзець, а тады — ў пасцельку ўлажыць.
— Пашоў вон, чуеш? Я не хачу.
— Не, я не пайду, — кажа Сашка і пачынае раздзяваць Кабылу. Той ляжыць, як бервяно, толькі бармоча.
— Пайшоў прэч, адвяжыся!
Сашка, не слухаючы, тым часам раздзяваў яго.
— Кінь, кінь! Во ахвота ўзяла! Пусці! Прыліп, як смала, — адмахіваецца Кабыла.
Сашка маўчыць. Ён, хістаючыся, то зразу матнецца да сябра, то адкінецца ў бок. Ледзьве сам на нагах трымаецца, а сваей працы не кідае.
Ось ён ухапіўся за бот Кабылы і цягне яго з усей моцы; пачырванеў, як рак, і вочы як не вылезуць.
— Ус-сэрдзіе не па розуму, — хрыпіць Кабыла.
Моцна ірвануўшы, Сашка адляцеў з ботам ды так і бразнуўся аб падлогу.
Кабыла зарагатаў. Гусяцкі і Мікола тож вельмі зацікавіліся гэтай сцэнай.
Сашка устаў.
— Нічога, — кажа, — давай другі бот.
Так сама ён сцягнуў і другі бот.
Раздзеўшы сябра, ён накрыў яго коўдрай.
— Ну, цяпер, браток, спі сабе пакойна, — кажа ён і пайшоў да свае кватэры, шарпаючы нагамі па падлозе.
Усю ноч быў у гарачцы Кабыла: то равеў, як звер, то пеў басам, як у хоры!
На раніцы ён скінуў з сябе коўдру ды тросся ад холаду.
— Брр, брр-брр, басіў Кабыла, але не знайшоў у сябе розуму ўзяць коўдру з зямлі.
А пасля гэтага, сябры чулі, што Кабыла вазіўся на пасцелі ды рваў нейкую адзежу.
Як была пара ўставаць, Гусяцкі прачнуўся і ўбачыў, што Мікола сядзіць на пасцелі сумны і трымае ў руках нейкую адзежыну, а Кабыла ляжыць пад коўдраю і грэецца, хлопаючы мутнымі вачмі.
— Свіння ты, Кабыла, — кажа Мікола з жалем у голасе, — парваў мае порткі.
Тут толькі Гусяцкі ўбачыў, што Мікола трымаў у руках палавіну гэтай адзёжы.
— Што мне робіць? — кажа Мікола.
— Што ты, Мікола, — адазваўся Кабыла, — не можа таго быць: я свае, здаецца, надзяваў.
— Да не, парваў. Свіння ты, свіння!
— А мо й парваў, — кажа Кабыла, — а дзе ж другая палавіна?
Ён узяў з другога століка, які стаяў з другога боку пасцелі, другую палавіну і падае Міколе. Сябры паняволе рагаталі, а тым часам Мікола сядзеў, як убіты.
Кабыле трохі было брыдка, і ён казаў:
— Ды не, ты ж, браточку, даруй мне. Ведаеш, уночы мне стала халодна, а коўдры няма, — яна скінулася — няхай яму трасца!. Я й пачаў адзявацца, ды ўзяў адзёжу з твайго століка. Вядома, твае порткі да мяне не прышліся; ну, вядома, й трэснулі па швох. Ты мне даруй, браточку, а я табе іх зашыю.
Міколе ад гэтага не было лягчэй, але і ён засмяяўся, бачучы, як рагочуць яго сябры.
Удзень ён меў вялікую ўцеху.
Прыйшла на яго імя павестка на грошы. Ён іх атрымаў і дужа быў рады. Ён ужо ведаў, што сёння прыдуць яго сябры, каб прывітаць яго, і будзе вясёлы баль.
24 снежня 1919 г.