6. Гарадок 7. ⁂
Абразок
Аўтар: Максім Багдановіч
1927 год
8. Вясной

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




7.

∗     ∗

Сярод глухой пушчы стаіць невялікая вёсачка. Сярод вяскоўцаў дасюль яшчэ памятаюць, як прышоў некалі ў гэтую пушчу, нікім яшчэ не займаную, мужык Каліна разам з пяцьцю сваімі дарослымі сынамі. Перш за ўсё ён зрабіў нажом на карэ дрэваў зарубкі, каб адзначыць граніцы сваёй гаспадаркі, і выразаў сабе вельмі ладны кавалак пушчы. Пасьля пачаў кратацца каля ральлі. Вырубіць глухі сталетні бор ня было змогі, але Каліна даў сабе рады: запаліў яго. Амаль не на вярсту ляглі высокія сасонкі шэрым попелам на зямлю. Зьявілася так званае «лядо». Тады Каліна паставіў сабе на ўзгорку сялібу і пачаў карчаваць лядо. Шмат цяжкай працы паклаў ён на тое, каб вырубіць абгарэлыя пні, вырваць моцныя корні. Але што за буйнае жыта ўзрасло, калі ўзараў тое поле да засеяў яго. Ведама, — на цаліне, да яшчэ ўтучнечай попелам. На некалькі год хваціла хлеба Каліне.

Сынаўя Каліны ажаніліся, пабудаваліся. Так вырасла тут цэлая вёсачка. Звалася яна Калінавічы.

Зямлёю яны ўладзелі супольна, працавалі на ёй усёй грамадой, а ўраджай дзялілі па хатах, сколькі ў кожную было патрэбна. (Дзяліў наперад і загадываў гаспадаркай сам Каліна, а калі ён памёр, дык яго старшы сын. Так рабілі і іх дзеці, і ўнукі). Апрача ральлі, займаліся яны і рыбалоўствам, хадзілі біць стрэламі цецярукоў…

.     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .     .

Калі памёр Каліна, зрабілі дзеці па ім памінкі — трызну і пахавалі яго ў зямлі, паклаўшы туды яго лепшыя і найпатрэбнейшыя рэчы: сякеру, нож, агніво, крэсала і шмат іншага. Рабілі так, бо думалі, што ўсё гэтае будзе патрэбна бацьку на тым сьвеце, як і на гэтым. Каб успакоіць бацькаву душу, чатыры разы на год спраўлялі «дзяды», на радаўніцу насілі стравы на бацькаву магілу, каб было яму што пад’есьці. Думалі, што праз гэтае бацькава душа будзе памагаць ім у гаспадарцы і адверне ад іх усялякае ліха.

І ўсе іншыя русічы таксама пакланяліся душам бацькоў. Апроч гэтага, пакланяліся яны сонцу, бо ад сонца найбольш залежала ўся іх гаспадарка, увесь іх быт…



6. Гарадок. Друкуецца з аўтографу (п. III, № 9).
Напісаны быў у канцы 1916 году для беларускае хрыстаматыі (Са слоў А. Смоліча).
У сказе „Ваякі і стральцы вельмі кахаюцца па сваёй зброі“ трэба адзначыць нязвычайны зварот („кахаюцца па сваёй зброі“).
Слова „жывёлай“ (у сказе „займаюцца жывёлай“) трэба разумець „жывёлагадоўляй“.