Таварны крызіс
Артыкул
Аўтар: Станіслаў Чыжэўскі
1921 год
Крыніца: Газэта «Наша Думка», № 17, 29 красавіка 1921 г., б. 4

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Таварны крызіс.

Дагэтуль чыталі мы ў газэтах, тое, што за граніцамі дзеецца штось дзіўное: тавараў так многа, што іх некуды дзяваць, рабочыя бунтуюцца дзеля таго, што на фабрыках зашмат вырабаў і што гэтыя вырабы ніхто ня купляе. Гаварылі нам, а мы ня дужа верылі, жывучы на краю сьвета,—у нашай Віленшчыне. Хваля дзешавізны тым часам кацілася і кацілася па Эўропе, пачаўшыся ад Амэрыкі, якая перажывае крызіс сялянска-гаспадарскі, бо некуды ёй дзяваць збожжа, Англіі—у якой некуды дзяваць мануфактуру і выробы мэталёвыя; дакацілася хваля крызісу да Гданска і ў апошні час ужо ўскалыхнула гандаль Віленшчыны. Наш гандаль у сучасны мамэнт спалоханы. Сярод гандляроў замяшаньне. Баяцца, што цэны будуць яшчэ болі зьмяншацца, стараюцца пазбыцца ад некаторых тавараў, прапануючы іх налева і направа, а гэта ў свой чарод выклікае яшчэ большую паніку.

Крызіс у Вільні, апроч гэтага, прыпаў акурат да палявых работ на вёсках. Сяляне ня едуць па тавары. Гандаль зьменшыўся больш як напалавіну. Сьвяты: каталіцкае, праваслаўнае і яўрэйскае таксама мешалі гандлю, хоць перад сьвятамі на іншыя рэчы гандаль і ажыўляўся.

Тымчасам прывоз тавараў за апошні месяц павялічыўся амаль не ўтрая.

Вільня, усёжтакі, яшчэ ёсьць такое места, гдзе можна тавары прадаць даражэй, чым на захадзе, і ўсе купцы свае заляжалыя тавары шлюць сюды. Трэба спадзявацца, што яшчэ і будуць покуль слаць сюды, бо ў Вільні тавар зьбіраецца для гандлю з Савецкай Расеяй.

Нашы гандляры так ці інакш спатворыліся, бо дагэтуль яны ня дрэнна гандлявалі. Пасля бальшавікоў многа паветаў былі галодны многімі таварамі. Трэба было ў працягу цэлага паўгода іх здавольніваць, і цяпер усе мястэчкі ўжо здавольнены. Першыя патрэбы вёскі ўжо задаволены. Віленшчына ужо ня можа так глытаць вагон за вагонам, як яна гэта рабіла дасюль. Пакупная ёмкасьць Віленскага района значна зьменшылася і застой у гандлю цяпер зьяўляецца зразумелым.

Можна спадзявацца, што мы уваходзім у такую самую паласу спакойнага гандлю, якая адзначалася пры ліцьвінох.

Станіслаў Чыжэўскі.