Таварыства філёматаў

Таварыства філёматаў
Артыкул
Аўтар: Леў Цвяткоў
1927 год
Крыніца: Часопіс «Маладняк», Сшытак першы, студзень 1927 г., б. 60-70

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




(Некаторыя цікавыя рысы аб'яднаньня маладых пісьменьнікаў у Вільні, больш чымся за сталецьце перад нашаю эпохаю).

Пасьля вялікага, страшэннага заняпаду нашае культуры ў восемнаццатым сталецьці пачынаецца пэўнае адраджэньне нацыянальнага духу ў першай чвэрці дзевятнаццатага веку.

Падыходзячы да тлумачэньня гэтае зьявы, трэба мець на ўвазе наступнае.

Папершае, самы заняпад ня быў усё-ткі поўным.

Як даводзяць некаторыя аўтары (паміж іншымі, Ян Чачот, аб якім нам шмат яшчэ прыдзецца гаварыць),—шляхта нашага краю была ўвесь час дзьвёхмоўная—карысталася і сваёю род­наю беларускаю і чужою польскаю моваю. У цесным пры­яцельскім гуртку шляхцічы любілі гутарыць пасвойму, папростаму. Польская мова лічылася офіцыйнаю, ёю абавязкова ка­рысталіся там, дзе сход ня меў інтымнага характару.

Падругое, беларуская шляхта ўсё-ткі выразна адчувала сябе нейкаю нацыянальнаю адменаю ў адносінах да польскае шляхты. Наш шляхціч думаў, што ён natione Polonus, gente autem Lithuanus (гэта ўжо ў дваццатым сталецьці вядомы аба­ронца шляхоцкіх інтарэсаў Ігнат Корвін-Мілеўскі перакладаў вось як: „літоўскі дваранін з польскаю культураю").

Патрэцяе, у пэрыодзе романтызму ўсе культурныя дзе­ячы зацікавіліся роднаю старажытнасьцю, выяўленьнем нацыянальнага духу ў быце й творчасьці простага народу. Так было ў гэты кругабег часу ва ўсіх чыста краінах Эўропы, так яно было і ў нас на Беларусі.

Зразумела, што моладзь, якая заўсёды спагадае новым імкненьням, і ў гэтым выпадку была наперадзе, стала на чале новага руху.

Соцыяльнае пытаньне не выступала тады на першы плян. Недарэчнасьць (ужо для таго моманту) прыгоннае гаспадаркі адчувалася даволі нявыразна.

Падчас маёўкі 6-га траўня 1820 году правадыр віленскага студэнцтва Тамаш Зан, сапраўды, дэклямаваў нейкі програмнага зьместу верш, дзе было сказана: „Daj wolnosc chlopom: bedziesz szczesliwy, bogaty“, але да Ганібалявае прысягі, да вострае, палючае нянавісьці, да актыўнае барацьбы з прыгонным ладам адгэтуль было яшчэ вельмі далёка.

Такім чынам, мы можам адзначыць ідэолёгію беларускае шляхоцкае моладзі таго часу наступным спосабам.

Змаганьне за свабоду—за вольнасьць політычную—за самакіраваньне краіны, за рэлігійную талерантнасьць (зма­ганьне проціў клерыкальнага фанатызму) і, урэшце, барацьба проціў старых літаратурных формаў. Гэтая апошняя зьява— імкненьне да свабоды ў галіне пясьнярства—тады мела вялікае значэньне, бо клясычныя ланцугі душылі ў самым зародку вольнае разьвіцьцё пясьнярскае індывідуальнасьці.

Мы ўвесь час гаворым аб шляхоцкай моладзі. Гэта дзеля таго, што сялянства ды мяшчанства тады не маглі яшчэ пра­цаваць на культурнай ніве, бо правы на асьвету, дый фак­тычныя яе магчымасьці, былі ў іх вельмі абмежаваны (выключэньні, якім удалося атрымаць хаця-б ніжэйшую асьвету— Паўлюк Бахрым ды інш., зразумела, цікавы, але на ход гісто­рыі ўплыву амаль што ня мелі). Духавенства як каталіцкае, таксама вуніцкае ды праваслаўнае было пад уплывам шляхты і падзяляла яе культурныя нахілы,—адным словам паняцьці: асьвечаная шляхта ды інтэлігенцыя тады блізка што супадалі.

У гісторыі беларускае культуры нельга ня прыняць пад увагу значэньня студэнцкіх гурткоў у першай палове дзевят­наццатага веку.

Ня лічачы Полацкае школы з клерыкальным адценьнем, дасьледчык культуры павінен найбольш увагі зьвярнуць на Горацкую Сельска-Гаспадарчую Акадэмію ды на Віленскі Унівэрсытэт.

Студэнтам Горацкае Акадэміі прыпісваецца колектыўнае праца—„Тарас на Парнасе". Лібэральны нахіл Горацкага сту­дэнцтва прывёў яго шмат год пазьней да адкрытага конфлікту з урадам,—але гэта не ўваходзіць у тэму нашае гутаркі. Адзначым толькі, што высьмяханьне клясычных умоўнасьцямі ды імкненьне да апісваньня свайго роднага беларускага быту характэрны для романтычна настроенае моладзі на Беларусі ў першай трэці або нават у першай палове дзевятнаццатага сталецьця.

Пераходзячы ўжо да самае нашае тэмы, да характарыс­тыкі аб'яднаньня маладых пісьменьнікаў—віленскіх студэнтаў, якое звалася „гуртком філёматаў", мы павінны сказаць, што цяпер ня толькі такая тэндэнцыйная праца, як Zywot Adama Mickiewicza, напісаны яго сынам Уладыславам, але й саўсім сумленныя досьледы Пятра Хмялёўскага ды іншых добрых гісторыкай і літаратуры падлягаюць рэвізіі, бо кракаўская Ака­дэмія Навук у 1922-ім годзе выдала ўзорна прарэдагаваны працавітым Янам Чубкам Archiwum Tilomatow.

Такім парадкам, сапраўднае аблічча ды ўся чыста ідэолёгія гэтага гуртку цяпер ужо для нас больш выразна, чымся гэта было раней.

Паводле экономічнае азнакі сябры гуртку даволі слушна звалі сябе „Парнаскаю галотаю". Гэта былі амаль што вык­лючна, за вельмі рэдкімі выняткамі, мала заможныя шляхцічы. Некаторыя нават змушаны былі толькі частку часу праводзіць у Вільні, дзе вучыліся, бо яны працавалі ў так зва­най Masie Radziwillowskiej — галоўнай канторы Радзівілаўскіх маёнткаў, якая знаходзілася ў Менску.

Зразумела, гэта моладзь ня тое, што сучаснае нам га­лоднае, халоднае ды неапранутае беларускае пролетарскае студэнцтва, але ўсё-ткі тыповымі буржуямі іх наўрад ці можна лічыць.

Паводле нацыянальнасьці—гэта беларусы з пэўным нахі­лам у бок Рэчы Паспалітае і польскае культуры. Сапраўды, яны ведаюць сваё нацыянальнае імя. Ян Чачот у вершы „Na smierc szpaka" гаворыць (радок 77): Slawa nauk po Bialej tak blaka sie Rusi, але Беларусь (якую часам завуць і Літвою) філёматы ўяўляюць сабе абавязкова ў фэдэрацыйнай сувязі з Польшчаю. Праўда й тое, што часам (як у таго-ж Чачота ў адным сцэнічным творы)—ці няўмысна, ці можа й знарок— вырвецца горкая высьмешка з панскага зьневажаньня роднае мовы. „Але", кажа ў гэтай п'есе адзін з сялян: „на тое, мілы галубчыку, помні, што мы паруску пяём, а нашы панове па-польску ўсё гавораць; кепска нашай мове! Можа ім вушы ка­зёл бэкам як сьвідруець. Але для добрай волі пан нам то даруець". Тут сказана „паруску", хаця весь твор беларусі— гэта чыста народнае ўжываньне больш кароткага выразу (як і ў Скарыны, Цяпінскага ды іншых нашых старых пісьменьні­каў). Расійскаю мову, зразумела, назвалі-б „маскоўскаю".

Мы ўсё-ткі павінны зазначыць, што сьпічак філёмацкага аружжа накіраваны на ўсход дзеля барацьбы проціў царскае Расіі. Адносна-ж Польшчы філёматы маюць памылковае ўяў­леньне. Ягелёнская Рэч Паспалітая здаецца ім краінаю, дзе нацыі жылі, як вольныя з вольнымі ды роўныя з роўнымі. Зразумела, гэта памылка. Нават у самыя лепшыя часы пана­ваньня дому Ягелёнаў адчувалася няроўнапраўнасьць нават нацый, не гаворачы ўжо аб станах.

У вершы Чачота „Над могілкамі французаў" гэтыя вай­скоўцы з арміі Наполеона ўяўляюцца, як абаронцы вольнасьці нашага краю, хаця, бясспрэчна, тут было ўпрост змаганьне двох імпэрыялізмаў, аднолькава шкодных для беларуса.

Часам падобныя неразважныя імкненьні прыводзяць Ча­чота да недарэчнасьці, да бязьлепіцы: у вершы „Тыртэй" ён праслаўляе спартанцаў, як барацьбітоў за нацыянальную сва­боду (алегорычна, іншасказна разумеючы пад імі сваіх земля­коў, якія павінны змагацца з расійскім дэспатызмам). Але... горкая высьмешка лёсу: гаворачы (радок 109), што „Мэсына" ня вырве любае вольнасьці ў спартанцаў", Чачот забыўся на неабходнасьць зазірнуць у кніжкі па гісторыі Грэцыі ды не заўважыў... дэспотызму і тыраніі спартанцаў. Гэта-ж былі са­праўдныя імпэрыялістыя старога часу. Ня мэсэнцы, а яны былі ўцекачамі. Мэсэнцы-ж толькі паўставалі проціў прыгоннага, ілёцкага рэжыму, у якім іх трымалі спартанцы. Такім парадкам, Чачот, сам ня ведаючы таго, стаўся сапраўдным Тыртэям— бардам ваяўнічага імпэрыялізму. Наогул, змагаючыся з расій­скім дэспотызмам, філёматы забыліся на самаўладзтва поль­скае шляхты, якое было амаль што нагэтулькі-ж тыранічнае, як і царызм.

Уяўляючы сабе старую Рэч Паспалітую, як краіну рэлі­гійнае талерантнасьці (што правільна, як заўважыў яшчэ То­дар Еўлашэўскі, толькі для даволі абмежаванага кругабегу часу), філёматы й самі пачынаюць барацьбы з клерыкалізмам ды з рэлігійным фанатызмам. На свой бок яны перацягваюць нават двух ксяндзоў: Дзяніса Хлявінскага ды Мацея Баровіча.

Антыклерыкальнае змаганьне ідзе рознымі спосабамі.

Папершае, Адам Міцкевіч пераклаў на польскую мову кавалак з „Орлеанскае Дзевы" Вольтэра (пятую песьню), дзе апісваюцца прыгоды манаха Бурды ў пекле. Там манах бачыць Константына Вялікага, Хлодвіга і нават сьвятога Дамініка. Яны мучацца ў пекле за сваю лютасьць, акрутнасьць, а апош­ні, у частковасьці, за прасьледваньне гэрэтыкыў—альбі­гойцаў.

Далей, у іншым творы „Паня Анеля“ Міцкевіч высьмей­вае дэвотак, якія пад уданаю пабожнасьцю хаваюць нічым ня стрыманую распусту, бязьмежную юрлівасьць.

Ян Чачот у сваім сцэнічным творы Apollo po koledze вус­намі музы Каліопы гаворыць наступнае: „Я ўжо абміну кры­жовыя паходы, да якіх намаўлялі манахі, наварачваньне бяздольных інкаў цаною праліцьця крыві... Цэлы сьвет, як сту­дэнт пад паказкаю Лёёлі, стагнаў, бядак... шмат вякоў пражыў сьвет, пакуль даведаўся аб мэце рэлігіі" (радкі 111 —116)[1]. „А ўсё гэты натоўп, які гадуецца мясам сваіх авечак!" (ра­док 127).

Гэты твор наогул цікавы. У ім ёсьць, хаця і ў малой меры, нешта супольнае з „Энэідаю навыварат" ды з пазьней­ шым „Тарасам на Парнасе". Справа ў тым, што аўтар замах­ваецца ня толькі на клерыкалізм, але адначасна з тым і на псэўдаклясыцызм. Аполён Мэркуры ды музы ходзяць на каля­дах з павіншаваньнем. Аполён—апрануты ксяндзом, Мэркуры—арганістам, музы—у якасьці хору ды музыкаў. Яны ўжо ду­маюць, што няма сэнсу „гневацца на тлустых папоў" (gniewem sie srozyc nate tluste popy. Радок 146), усё роўна нельга „ажы­віць дурных манашак або дурных манахаў, гэтыя каркі, налі­тыя салам, і салам напоўненыя галовы" (радкі 5 і 6).

Можна, аднак-жа, пайсьці па хатах з калядзкімі песьнямі правесьці вясёла час і назьбіраць каўбасаў ды іншых прысмакаў. Багі заходзяць да філёматаў, сьпяваюць касьцельныя калядзкія песьні, а пасьля прымаюць удзел ва ўрачыстым сьвяткаваньні імянін Адама Міцкевіча і Тамаша Зана.

Ян Чачот напісаў жартлівы верш—пахвалу ксяндзу Дзя­нісу Хлявінскаму: „О ты, вялебны войча і пралаце... ты гу­чыце як тыя чмялі, што зьбіраюцца пад вульлём, ты гучыш, што хто памёр без грамнічнае сьвечкі, таго д'яблы забяруць у пекла. Ты гаворыш аб муках натоўпу грэшнікаў... бяда таму бяздольнаму, які на споведзі ня скажа, што ён мужом надстаўляў рогі. Ты лаеш цяперашняе скажанае пакаленьне ды хва­ліш даўнейшае, якое пакорна, шануючы голеных дармаедаў, сыпала неабачна скарбы ім у рукі.

„А калі ты пакінеш аўтар і духоўныя ўборы, дык маеш поўную торбу прыбыткаў з парахвіі ды яшчэ дукатаў, схоп­леных за разводы,—вось тады віном ты распальваеш свае бяссорамныя імкненьні...

„Шкада, што ты зусім ня дбаеш, не зварачваеш увагі на злы прыклад, які падаеш... Калі тваім брухам расьпёртая карэта бяскарна ламае брук, выбіваючы іскры, ты лётаеш увесь чырвоны, як быццам тая комэта, а адзаду, як хвост, цягнуцца за табою гайдукі. Ты блісьнеш сярод дому, дзе юрлівая дэвотка сьпяшаецца атрымаць пацалункі, якія толькі што набылі сьвятасьць, і з ветлівым прысяданьнем (рэвэран­сам) сустракае цябе на месцы свайго мужа, бо ты ня грэбуеш і гэткімі падламі.

„Бачу, як у цябе іскрыцца ўзрок, шчаціняцца валасы. Ты сам ня ведаеш, за што я гэтак бязьлітасна цябе дакараю... Бачу, што кій блізенька ад цябе ляжыць... Зараз я цябе вы­веду з непаразуменьня.

„Ты ня маеш такіх уласьцівасьцяй, якіх я табе панадаваў у маёй песьні. Гэтыя ўласьцівасьці ня толькі я, але й ты сам гатоў лічыць азнакамі канонікаў ды паважаных біскупаў, гэ­тых каменных слупоў рымскае веры.

„Але ты належыш да чарнецтва. Выбачай,—ты церпіш удары за сваіх начальнікаў. Ваш паважны стан цяпер стаўся годным сьмеху, сам не шануючы кнігі сваіх правоў". (Walka miodowa, a razem Tomaszowe. Радкі 5—44).

„Вельмі лёгка ствараць цуды, выдумляць дзівы, склікаць ксяндзоў, касьцёлак для іх у лесе пабудаваць, устанавіць кірмаш ды абдурваць людзей… Ня дрэнна-б пайсьці тым шляхам, якім прыходзяць да ўбагаўленьня чалавечых трупаў… накшталт убагаўленьня Баболявае шапачкі… Ах, каб гэты проект перайшоў праз Пірэнэі! Гішпанцы ажыцьцявілі-б яго. Але ля Панараў людзі гэтак не шалеюць". (Ibidem. Радкі 73 −88).

«Хай у Субач прыдзе грэшніца да манаха, дык ён, калі вальле ў яе бальзам пакуты, павыпіхвае з яе ўсе чыста спа­кусы чартоўскія, сатрэ яе віны ды загладзіць грахі». (Powiesc o mlodzie w bodze welebnego ksiedza Dyonizego. Радкі 1-4).

У вершах пад агульным загалоўкам Jaroszowe мы знахо­дзім спрэчку паміж сьвятымі Францішкам і Еранімам з узаем­нымі абвінавачваньнямі такога гатунку, што я не адважваюся ўмясьціць гэтыя прыклады ў мой артыкул. Тут фігуруюць так сама манахі, манашкі ды дэвоткі з іх фізыолёгічнымі патрэбамі.

Трэцім паважным заданьнем філёматаў была барацьба зусім ненатуральным (да чаго яны, паміж іншым, прылічвалі і псэўдаклясычную поэзію). Яны змагаліся і з захапленьнем модамі (Нупрэй Петрашкевіч «Modnicki do woewodzica»).

У спадчыну ад францускіх філёзофаў васемнаццатага сталецьця, галоўным парадкам ад Руссо, філёматы атрымалі вялі­кае замілаваньне да прыроды. З 1820 году яны нават рабілі ранічныя (пачынаючы ад самага сьвітаньня) выправы ў лес, якія называлі маёўкамі (і сапраўды, гэтыя выправы найчасьцей адбываліся ў траўні—маі).

У лесе яны пілі малако, дэклямавалі вершы, гаварылі прамовы, бавіліся рознымі гульнямі і, ужыўшы ўсе прыемнасьці, якія дае вясна, бадзёра ды вясёла йшлі дамоў. Усе ўра­жаньні ад прыроды адбіваліся на іх творчасьці яшчэ й тады, калі ня было гэтых маёвак, бо філёматы любілі і ўмелі наглядаць прыродныя зьявы.

Возьмем, напрыклад, апісаньне восені ў «Думе над могіл­камі французаў» Яна Чачота, або малюнак прыгожае мясцовасьці ў вершы Нупрэя Петрашкевіча.

«Бромір, Дабраслаў, Людаміл і Влодэк». У гэтых адно­сінах вельмі ўдалым трэба лічыць верш невядомага аўтара — «Wiosna».

Прыроду апісваюць філёматы жыва, яскрава, кіруючыся сваімі ўласнымі назіраньнямі, а не застыглымі псэўдаклясычнымі ўзорамі.

Таго-ж самага, відавочна, хацелася ім дасягнуць і ў апісаньнях людзкога быту. Але тут, зразумела, справа больш скла­даная.

Адышоўшыся ад старых клясычных формаў ды ўзораў (хаця шмат яшчэ пішучы на антычныя тэмы аб Тыртэі, Ары­ёне, Сапфо, даючы нават пераклады з Піндара ды з Горацыя), філёматы працуюць найбольш у сэнтымэнтальна-романтычным кірунку. Гэтыя напрамкі: сэнтымэнтальны (пачуцьцёвасьць) ды романтычны (імкненьне знайсьці рысы нацыянальнага духу ў легендах роднае зямелькі) у нашых філёматаў аб'ядняюцца ў адну суцэльнасьць, як гэта было і ў некаторых іншых літаратурах. Поэзія філёматаў мае вызначаны літаратурны кірунак, яна мае свой уласны твар.

Але для глыбокага разуменьня псыхолёгічных зьяў трэба мець шмат назіраньняў. Філёматы-ж былі вельмі маладыя людзі. Адмовіўшыся ад клясычных узораў, яны думалі пра­класьці сабе новы шлях у пясьнярстве. Вывучэньне быту і псыхолёгіі патрабуе шмат назіраньняў, даволі значнае колькасьці часу. Філёматы-ж пісалі сьпешна (у пэўных выпадках). Трэба шчыра сказаць, што ў гэтым сэнсе філёматы не перамаглі псэўдаклясыкаў.

У ідылічным вершы Нупрэя Петрашкевіча „Wloek i Wawrek“ пастух Добэк, каб давесьці сваю вернасьць пастушцы Друхне, скача праз купальскі агонь і паліцца жыўцом. Ян Чачот у сваім творы „Malgorzata z Zembocina“ апісвае, як нейкі Сьцяпан юрліва прасьледвае жонку Мікалая—Малгосю, але, праканаўшыся ў шчырасьці каханьня маладых шчасьлівых лю­дзей, адразу сароміцца, адмаўляецца ад сваіх нягодных заме­раў і здавольваецца, спагадаючы іх радасьці. Гэта было-б добра, калі-б гэткая раптоўная зьмена настрою ды нават усяго сьвета­ погляду была натуральнаю.

Такім парадкам, у сэнсе псыхолёгічнага аналізу каштоў­насьць уласных філёмацкіх твораў невялікая. Нават той пісь­меньнік, які пасьля праславіў беларускае ймя—Адам Міцке­віч, апроч добрых перакладаў, нічым яшчэ не адзначаецца ў гэтым кругабезе сваёй дзейнасьці.

Але першыя крокі дзеячоў якога-небудзь новага напрам­ку часта бываюць цікавы не ўтварэньнем новага ладу, а руй­наваньнем старога. Філёматы абсьмяхалі клясычныя ўмоўнасьці (напрыклад, багоў у якасьці дзейных асоб псэўдаклясычных твораў—Apollo po koledzie).

Адам Міцкевіч у сваім крытычным артыкуле Uwagi nad jagiellonida (1819 г.) займае яшчэ нейкае сярэдняе становішча. Крытыкуючы поэму „Ягельлёніду" Тамашэўскага Міцкевіч яшчэ лічыцца з правіламі псэўдаклясычнае поэтыкі, але антычныя багі ў поэме ня грэка-рымскае эпохі здаюцца ўжо яму недарэчнасьцю.

І ў іншых філёматаў не раптоўна, не адразу зьніклі ўсе перажыткі псэўдаклясыцызму.

Часам цікавае ўражаньне робіць ужываньне форм эпопэі ў жартлівых вершах. Вось, напрыклад, пачатак поэмы Тамаша Зана „ТаЬакіеrа“.

„Я пяю смутнае скананьне табакеркі; пяю ў лёгкіх тонах скананьне, якога прычынаю быў народ сноў, народ нікчэмны, але акрутны“.

Ужываецца, як мы бачым, звычайная форма ўступу да гэраічнае поэмы. Гэта ўжо профанацыя, зьніжэньне гэраічнага да роўня звычайнасьці,—асаблівы гатунак высьмешкі.

Артыкулы тадышніх крытыкаў Каўльфуса, Брадзінскага, Сьнядэцкага, Бароўскага ды іншых ставілі пытаньне аб пера­вазе клясычнага або романтычнага напрамку ў сучаснай ім літаратуры. Разважалі і аб тэорытычных падставах гэтых напрамкаў, і аб іх практычных дасягненьнях, і аб пэрспэктывах на будучыну.

Канчаткова перамагла романтыка ў віленскіх студэнцкіх гурткох тады, калі пад уплывам „Людмілы" Жукоўскага Тамаш Зан напісаў сваю „Нэрыну" (аб гэтым гавораць і Язэп Каленбах—Rozprawy i sprawozdania, wydz. fil. Ak. Um. —1888, і Раман Брандт. „Ленора Людміла и Нэрына“, Варшава, 1896 г.).

Найбольш здаровым імкеньнем трэба лічыць, спробу апісаць студэнцкае жыцьцё,—тут можна было дайсьці да сапраўднага рэалізму, мець нейкія каштоўныя дасягненьні. Гэта мы і бачым у цікавым сцэнічным жарце Тамаша Зана „Gryczane pierozki", дзе апісваюцца прыгоды немца-пірожніка Цьвібака, лёкая ды некалькіх галузаў студэнтаў.

Гэта значна цікавейшая рэч, чымся баляды, нават даволі добрыя (як „Твардоўскі" Зана, амаль што роўны „Грамабою" Жукоўскага), і бязумоўна лепшая ў параўнаньні з недарэчнымі сялянкамі (ідыліямі, як, напрыклад, „Kupalo" Петрашкевіча, дзе Палахна, Арынка і Аніска гавораць пэрыодычнаю моваю, уласьціваю інтэлігенцыі, а ня простаму народу).

Адзначым яшчэ спробу выкарыстаньня тых мотываў, якія сустракаюцца ў беларускай народнай творчасьці (Яна Чачота - Przez me podworze cieciera leciala; nie dales, boze, kogom sobie chciala).

Такім чынам, мы можам сказаць, што, хаця філёматы й імкнуліся стаць бліжэй да прыроды, змагацца з усім ненатуральным, але ўсё такі нават у іх уласных творах ёсьць яшчэ шмат чаго штучнага, умоўнага.

Толькі даволі рэдка сустракаецца ў іх пясьнярстве са­праўды нешта сьвежае, ня кніжнае, нешта ўзятае з самае гуш­чыні жыцьця.

Ідэал прастаты й натуральнасьці (хто простым крокам заўсёды йдзе ў сваім жыцьці—Kto proste w zyciu swoim zawsze stawia kroki. Першая маёўка. Радок 152) часам бывае недасяжным для філёматаў. Прастатою адзначаюцца вершыкі на розныя аказіі, на імяніны, на розныя іншыя ўрачыстыя дні, але затое вельмі часта гэта саўсім не пясьнярства, а вершаваная проза.

Азнаёміўшыся цяпер з ідэалёгіяю філёмацкага гуртка, скажам некалькі слоў аб яго організацыі. Уласна кажучы, гурток пад назваю „таварыства філёматаў" існаваў ужо ў пачатку дзевятнаццатага сталецьця сярод віленскага студэнцтва. Але ад­наўленьне гэтага таварыства адбылося дзякуючы пачыну шасьцёх студэнтаў: Тамаша Зана, Язэпа Яжоўскага, Францішка Малеўскага, Яна Чачота, Нупрэя Петрашкевіча і Адама Міцкевіча.

1-га кастрычніка 1817-га году гэтыя шэсьць студэнтаў залажылі гурток філёматаў (такая назва, напэўна, была ўзята ў памяць даўнейшага філёмацкага гуртка). Даўнейшыя філё­маты сярод сваіх сяброў мелі і профэсараў, новы гурток быў выключна студэнцкі. Сапраўднага навуковага таварыства, на­ кшталт варшаўскага Towarzystwa Przyjaciol Nauk (аб чым лятуцелі даўнейшыя філёматы), новыя ня мелі на ўвазе. Але як даўнейшыя, гэтак сама й новыя філёматы дапамагалі адзін аднаму ў творчасьці навуковай ды пясьнярскай, бо творы паасобных аўтараў уважна разглядаліся на сходах.

Старшынёю гуртка быў выбран Язэп Яжоўскі. Сходы ад­бываліся што два тыдні, а ў разе патрэбы—і часьцей. На гэтых сходах чыталі літаратурныя працы, пры гэтым найбольш сачылі за чыстатою мовы. Абгаварвалі пытаньні адносна сродкаў, якія дапамагалі-б пашырэньню асьветы і братэрскіх пачуцьцяў сярод моладзі, падтрымлівалі-б нацыянальны дух, самаахвярнасьць, абычайнасьць, пашану да ўнутраных вартасьцяй і пагарду да надворных пераваг.

Новых сяброў прымалі з асьцярожнасьцю. Хацелі выбраць найлепшых студэнтаў. Такім парадкам праз два гады выбралі толькі яшчэ восем новых філёматаў: Яна Сабалеўскага, Язэпа Кавалеўскага, Мар'яна Пясэцкага, Вінцэнта Будрэвіча, Казакевіча, Ігната Дамэйку, ксяндза Хлявінскага і невядомага нам чалавека з Беластоку.

Калі лічыць філярэтаў і прамяністых органічным праця­гам філёматаў, дык таварыства існавала б год (да кастрыч­ніка 1823 г., бо тады расійская ўлада зруйнавала студэнцкія гурткі).

Бязумоўна, гэта ня быў нейкі выразна проціўрадавы гур­ток,—там і думкі нават не паўставала аб тэрорыстычных за­махах або аб збройным выступе ў бліжэйшы час. Мэты былі наступныя: шляхам асьветы разьвіць політычную, грамадзкую і нацыянальную сьвядомасьць, палепшыць абычаі, атрымаць навуковую і тэхнічную перавагу над уцекачамі,—і тады ўжо, калі-б былі памысныя абставіны, здабыць сабе свабоду.

Магчыма, што былі пэўныя надзеі на натуральны расклад, распад царызму (Upadl polak, z kolei moze moskal padnie. - Apollo po koledzie. Радок 103).

Ідэёвы бок гуртковае працы мы ўжо ведаем. Назольная, часам нават нудная дыдактычнасьць была заўважана, здаецца, некаторымі сябрамі. У процівагу гэтаму зьяўляюцца жартлі­выя творы, часам нават з не саўсім прыгожымі, занадта пікант­нымі выразамі.

Ці зьвярталася ўвага на мастацкі бок філёмацкіх твораў? Зьвярталася,—мы маем падрабязны аналіз Міцкевічавага перакладу „Орлеанскае Дзевы", выкананы Янам Чачотам. Хібы, памылкі прыяцеляў выяўляліся бязьлітна. Адзін з філёматаў часта ўжываў у сваіх творах слова ono. Яго адразу-ж вы­сьмеялі ў вершах. Іншы малады пясьняр шмат чаго цярпеў за выраз i te, ужыты ў канцы вершу з націскам на i, ды гэтак далей.

Філёмацкія вершы чыталіся і на паважных сходах і падчас вясёлых імянінных гулянак. Гэтыя апошнія творы, што чыталіся на імянінах, асабліва часта высьмейвалі дрэннае вершаваньне. Даволі часта поэта, перакрыўляючы, відавочна, каго-небудзь з прыяцеляў, а, можа, высьмейваючы агульныя філёмацкія веды, наўмысна дазваляе сабе такія пясьнярскія вольнасьці, як перакручваньне слоў дзеля рытмы: w nadniemenskim Kiewnie замест: w nadniemenskim Kownie, або падзел слова паміж вершаванымі радкамі— Міchа— Fl. і г. д.

Такія прыяцельскія высьмейваньні можна лічыць карыс­нымі для цэлага пясьнярскага гуртка.

Карысьць і атрымоўвалася, але ўсё-ткі з некалькіх сот­няў старонак філёмацкае поэзіі ня шмат захаваецца ў памяці далёкіх патомкаў.

Усё-ткі кіраўніцтва ў станоўчым сэнсе гэтага слова было вельмі мала, выяўленьне-ж адмоўных бакоў, вадаў бяз цьвёрдага, плянавага кіраваньня працаю не дае маладому працаўніку магчымасьці ўдасканаліцца. Кіраўніцтва было пераважна ідэёвае, а з мастацкага боку рабілася мала.

Хаця філёматы і павінны былі паводле ўставы, сачыць за чыстатою мовы, — Ян Чубак у канцы свайго выданьня дае немалы раестар беларускіх слоў у польскіх творах філёматаў. Зразумела, і ў беларускіх творах Яна Чачота мы знойдзем і полёнізмы і, нават, русізмы.

Каб пазнаёміць чытачоў з творамі філёматаў, можна прывесьці цалком „імяніннае павіншаваньне" (якое поўнасьцю было выканана на імянінах Язэпа Яжоўскага, а, здаецца, часткова і на імянінах Міцкевіча— Piotr Chmielowski, Adam Mickiewicz стар. 150), ды дзьве песенкі.

Усе тры гэтыя творы прыводзім паводле выданьня Яна Чубэка (у Archiwum Fijomatow), але нашаю азбукаю і з зьме­намі ў правапісе.

Poczyn filomatow, выдаў Ян Чубэк, том 2-гі стар. 76-85.

Імяніннае павіншаваньне, сцэнічны твор Яна Чачота, выкананы пры ўдзеле Тамаша Зана і дзявочага хору на сходзе Філёматаў 19-га сакавіка новага стылю (імяніны Язэпа Яжоўскага) 1819 г.

Цівун.

Чулі мы гэта, што ёсьць Вашаць украінец
І контант, што ўрадзіўся ў жызнай[2] краіне;
Як абачыў, што ў нас niewelki dziedziniec,
Сказаў: „Як brzydko мяшкаюць ліцьвіне!"

У вас вельмі хораша! Хаты— зьлепкі з гною,
Бо лесу ня маеце, усе астравы пусты;
Вы ся заляцаеце жытам пшаніцаю,
Бо ў вас грунт харошы, чарназёмны, тлусты.

За што-ж мы ся ня дзівім, што вашы чумакі,
Шукаючы ў нас зыску (мы больш маем грошы),
Смалою аблеплены, лезуць[3], як сьлімакі;
Над валацугу большай няма ім раскошы.

Аднак мы ім казеліць няхочам ніколі;
І ты, мілы панічу, ня сьмейся з нас, просім;
Усё гэтае дзеецца[4] па нябеснай волі.
Гультай часты, дзе добрй; мы больш працы зносім.

Пагадземся. Мы людзі добрае ёсьць душы:
Ня будзь і ты ніколі ліхім, paniczenku,

Ня трэба ламаць тае, скуль груш дастаў,— грушы.
Помні, што ты вучышся ў нашым Wilenku.

Згода. Але сягоньня мы ся даведалі,
Што вашы імяніны— сьвятога Язэпа,
А, каб Вы к сабе нашу прыхільнасьць пазналі,
— Ідзем гэта, не сядзім у хаце, як Мазэпа.

Будзем цябе віншаваць. Я ёсьць цівун з двара,
Гэта сельскі дзесятнік, ён лысіну гладзіць,
Ён знаець іспраўніка, знаець ацэсара[5],
Маскалёў на кватэру, як чартоў, нам садзіць.

Там войт, што вуса круціць,— чалавек бывалы:
Быў у Гданску, да Каралеўца плаваў на віціне[6].
Вось там стаіць маладзец, жаўнер дасканалы,
Ён, бядак, кабылінку зьядаў у Мадліне.

Там у куце музыка; як ён добра граець:
„Сьвіньні ў рэпе" і „Дзюбу" і польскія танцы.
А гэта ёсьць Алёнка, вочы ў дол спускаець,
А там, бачу, Альжбетка ў сіняй катанцы.

Но, зачнеце, дзевачкі, пану засьпявайце;
Ён вам дасьць па ўстужачцы,— борзда зачынайце.

Хор дзяўчат.

Што-ж мы Вашэці скажам,
Простыя з сяла дзяўчаты?
Якія-ж песьні зьвяжам?
У нас мысьль не багата.

Але, як мысьлім, чуем,
Так табе засьпяваем.
Так цябе павіншуем,
Няшчырасьці ня знаем.

Лісічка, жоўты грыбок,
Сьлімакоў не баіцца;
Ня точыць яго чарвячок,
Ён у лесе здароў блішчыцца.

Конік па полю дурэе,
Хоць копы вазіць ня дбае
Салавей хораша пяе,
Самічку к сабе склікае.

Будзь, як лісічка, здаровы,
Як конік, вясёл пры трудзе,
Хай[7] тваё пісьмо, размовы,
Як салаўя голас, будзе!

Хор хлапцоў.

Мы ад сахі, ад бараны;
Мала Вам сьпяваці будзем.
Чытаць, пісаць ня вучаны,
- Ат, сабе троха загудзем.

Колькі ў снапе ёсьць зернетак,
Колькі жый шчасьлівых лётак;
А калі замнога гэта,
Аглядай сотнае лета.

Колькі за адным пакосам
Касец добры траў схандожыць,
Толькі табе перад носам
Бог няхай чырвонцаў зложыць.

А як мы заўша[8] да леса
Ад некрутаў уцякаем,
Так няхай бяда да беса
Ўцячэ, хай[9] яе ня знаем!

Няхай цябе панны любяць
І часта просяць зязюлькі[10],
Калі з табой ся зашлюбяць
І адыдуць ад матулькі

Хор дзяўчат.

Сонка яснае, харошае;
Пшанічка роўная сонцу;
Малачко смачнае, белае,
Аж блішчыцца ў даёнцы.

Але нашая паненка
Ясьнейшая ёсьць і бельшая;
Яна пекная ўсютанька,
Цнатлівая й разумная.

Нараім табе свацею
Жычлівую, мілы панэнку;
Яна цябе злучыць з ёю,
Будзеш мець красную жанэнку.

Ужо даўно шчабятала
Сарока нам на паркане;
Яна мілага казала,
Ды едзь-жа ты да нас, пане!

Прымуць там з хлейрм, соляю:
Там пачцівых людзей любяць,
— Зьвянчаеш панны надзею,
З ёю цябе хоць пашлюбяць.

Хор хлапцоў.

Ды мы чулі— вельмі брыдка
Аб Вашэці гутарылі:
„У ксёнжках zaslepion wszytko
„Да панкаў sie nie przymili.

„Panna Gietruda za sciana
„Мяшкаець u Jezowskiego
„A juz ni w wieczor, ni rano
„Nie chce ён карыстаць z tego“;

Папраўся, мілы паночку,
Любі ладныя дзяўчаты;
Я ўчора чуў у шыночку:
„Трэба trawic mlode lata

„На каханьні пры дзяўчыне,
„Бо, калі старасьць zawita,
„Wszystko прыемнасьць міне
„І з раскошы ў той час kwitta".

Добра той, пане, казаў,
А ён быў убраны ў праку;
Мусіў то троха пазнаў,
Што ў паноў ёсьць да смаку.

Войт.

Што ж маўчыцё? Ці вам sie ўжо песьні urwalo,
Ці вы іх так складаці ўмееце мала?

Адзін з сьпевакоў.

Не, бацька,— у нас песьні, колькі рыб у Нёмне,
Але на тое, мілы галубчыку, помні,
Што мы па-руску пяём, а нашы панове
Па-польску ўсё гавораць— кепска нашай мове!
Можа, ім вушы, казёл бэкам як сьвідруець,
Але для добрай волі пан нам то даруець.

Другі з сьпевакоў.

Но, ты яшчэ, Мікіта, запей тую песьню,
Што для сваёй Алёнкі зрабіў на прадвесьню;
Nim у поле пагоніш твае бычкі spasle,
Яшчэ цяпер, зімою, пхай сена ў яслы;
Nim пад ценем халодным запяеш дубровы,
Сьпявай на ймяніны цяпер Язэпавы.

____________________

Увага: пераказваючы словы паноў, сялянскія хлапцы ў аўтэнтыку перакручваюць польскія выразы на беларускі лад: Jezowskiego, nie kce, mlody (замест mlode). Часам і дзеля вершаваньня перакручваюцца словы: wszystko (рытма— брыдка, а далей правільнае wszystka), spasly (замест spasie, бо далей „яслы“. Таксама і „Язэпавы" мы паставілі там, дзе ў аўтэнтыку Jazepowy

(бо перад гэтым „дубровы").

Мікіта

О, мая ж ты зорка ясна,
Доўга-ж цябе любіць буду?
Уздыхаць яшчэ напрасна
І цярпець на сэрцы нуду?

Ня будзеш ты літавацца
Над няшчасным Мікітаю?
Час табе, міла, пазнацца,
Што ты для мяне мукаю.

Цярплю доўга, выглядаю
Пацехі ад цябе, люба,
Няхай жа ўжо яе маю,
- Ня будзь ты для мяне згуба!

Ці ж дагэтуль не пазнала,
Што я за табою гіну?
^очаш жа, каб аглядала
Маяе[11] сьмерці гадзіну?

Пазнай, любая Алёнка,
Тваё шчасьце, тваю долю;
Будзеш меці ўсютанька
Паняю[12],— дам табе волю.

У мяне сотня авечак
Па зялёнай ходзіць пашы;
Кароў, бычкоў, цялушачак
Поўны ёсьць аборы нашы.

Чарназемны мае нівы
Пшаніцу родзяць буйную[13];
Садок ёсьць, у ім грушы, сьлівы;
Хату маю ня курную.

Ня будзеш меці швагеркі
Ані з дзевера назолы;
Я ня прывык да кватэркі[14],
— Будзеш жыці, як анёлы.

Ня вельмі-ся тож і брыдкі,
Глядзеўся ў чыстым ручаю;
Гэта ўжо былі-б збыткі
— Назваць мяне негадзяю.

Эй, любі мяне, Алёнка,
Застань маёю жаною;
Узойдзе для нас шчасьця слонка,
Добра будзе-ць з Мікітою.

Далей ідзе заключнае слова дзесятніка, дзе беларускія выразы перакручваюцца часам паводле польскае фонэтыкі, але часьцей, наадварот,— польскія словы даюцца ў беларускім вымаўленьні. Каб даць дакладную навуковую транскрыпцыю ўсяе гэтае наўмыснае блытаніны, трэба мець на ўвазе мовазнаўчыя мэты. А дзеля літаратурных досьледаў, можна абмежавацца тым фактам, што тут аўтар падкрэсьлівае пэўную сувязь паміж

панамі ды мужыкамі, як і належыць тагачаснаму романтыку.


Дзесятнік

А со? jak ze sie zdaje пану Язэпаві?
Ці адмовіш пахвалы naszemu spiewowi?
Хацяж мы ня шукаем жаднай stad пахвалы:
Адкрыць наша Васпану сэрца— zamiar caly.
Бо мы Вашэці любім: Вашаць— панок грэчны,
Разумны й навучны, людзям пажытэчны.
Ня так, як той ацэсар, со валіць сто ў сьпіну,
Kiedy міль тры ня ўеду на едну[15] гадзіну.
Нашы ў праўдзе сьпяваньні ня так ест[16] вучоны,
Як тыя, com я слышаў у спраўніка жаны,
Ktora lezac пад ценем выцеклай бярозы,
Чытала wszystko krzyczac: „Козы, мае козы!
„Дапнісе мой каханы, павярні, Дапнісе!
Там ест табе маліны ў кошу ці ў місе".
А хоць мы не Дапнісы пані спраўніковы,
Аднак не для прапорцыі[17] ест на карку glowy.
Трэба е[18] разьвесяліць,— ну-ж мы да бутэлькі.
І kiedy niemasz miodu, то хлюсьнем гарэлкі.
А krzyczac: „Niechaj zyje Язэп setne lata!“,
Будзем піць, скакаць, сьпяваць і drwic z biedu swiata

Przyjm te zyczenia od chlopka
Кrорkа
Коnсерt кrорkі, Zаnа,
Uzyty przez Jana.

Гэты твор можна лічыць адным з найлепшых у філёмацкай поэзіі. Ня гледзячы на наіўнасьць, бясхітрасьць формы, мы бачым у ім шмат дадатных бакоў. Папершае, рэалізм— імкненьне да сапраўднасьці.

І войт і цівун стаяць перад намі, як жывыя. Далей мы ўжо гаварылі, што тут укосна ў словах першага сьпявака папікаюцца шляхцічы за сваю пагарду да роднае мовы. У канцы— мешаніна беларускіх слоў з польскімі перакру­чанымі на беларускі лад— ілюструе, якія вынікі будуць ад гэ­тае пагарды— будуць псаваць абедзьве мовы.

Высьмяхаецца і захапленьне антычным романам „Дафніс і Хлоя", — значыцца, праводзіцца яшчэ адна ідэёвая кампанія— нахіл у бок романтызму.

Романс Мікіты больш-менш вытрыманы ў народным дусе, не пярэчыць фактам народнае творчасьці.

Таксама й хоры дзяўчат і хлапцоў вытрыманы ў даволі праўдападобных рысах.

Далей мы прывядзем яшчэ дзьве песьні: адну на імяніны Малеўскага, а другую — на прыезд Міцкевіча.

Першая вытрымана ў танох вясельнага сьпеву. Некато­рая прастацкасьць выразаў не адымае ўсё-ткі пэўнае каштоў­насьці ў гэтага твору.

Песьня на прыезд Адама Міцкевіча дае ўжо больш прас­тору самастойнай творчасьці Чачота. Але народныя мотывы, беларускі дух адчуваецца і ў гэтай песьні даволі моцна. Шка­да толькі, што ў ёй, хаця й ня часта, сустракаюцца русізмы.

Імяніны Яроша Францішка Гіераніма Малеўскага

(Чубэк. т. 2, стар. 187)

Да пакіньце горла драць,
Пакіньце-ж, братцы, сьпяваць!
Да крыкнема адно — раз:
"Будзь здароў наш Ярош!
Благаславі яго спас,
Бо ён харош![19]

Да дай красну дзевачку,
Каб ён з сэрца пакахаў;
Ды з гарэлкі пляшачкай
Сват ад яго к ёй ехаў.

Гайда, гайда, гайда, гайда!
Ды ехаў, ды тое сказаў:
„Ды наш Геранім, наш бык,
К вашай цялушцы прывык,
— Дай бог яе паймаці
Ды да бычка загнаці!"

Ды на тое прысталі,
Ды пачалі водку піць.
І дзевачку аддалі
— З табою доўгі век жыць.
— „Жыць, жыць, жыць!"
— Зычыць[20], аж у вушох пішчыць,
Пішчыць, пішчыць!

Сьвята ў гонар Адама Міцкевіча ды Тамаша Зана.

(Чубэк. т. 2 стар. 201—203).

Ян Чачот

(Беларускі верш на прыезд Адама)

Едзеш, міленькі Адам,
Глядзеце— а вунь, а вунь[21],
Ды ён харашэнькі сам,
Пад ім вараненькі конь.

Золатам паяс зьзяе,
Аж ад блеску сьнег тае,
На шапцы сіні баран,
— Хто-бы думаў, што ён пан!

Так адзет харашэнька,
Едзе, едзе барзьдзенька,
Гайда!

Адчыняйце-ж варотцы!
Ды ўжо-ж на дварэ Адам,

Ды прымайце-ж малайца!
Ды кажы-ж, ці здароў сам?

Ды як табе дзеецца?
Ці заўсёды быў вясёл?
Гавары: яна ўсьпее
Тымчасам накрыці стол.

Будзем есьці каўбасы,
Смачную гарэлачку піць,
Песьнь вазьмём на галасы
І будзем весела жыць,
Жыць (ды гэтак далей, як вышэй).

Ня так нам сонка ясна
Блішчыць, як цябе нет[22],
Радасьці ішчам[23] напрасна[24];
Увесь нам няміл сьвет.

Салавей ня так нам пяе,
Рожы ня пахне цьвет,
Ня так нам бяла лялея,
Калі цябе тут нет.

Без цябе ўсё тут смутна,
Па табе плача гай,
І рэчкі плывуць мутна,
— У жалобе ўвесь край.

___________

Увага. Усе гэтыя філёмацкія творы ў выданьні Чубка надрукаваны без паправак з фотографічнаю дакладнасьцю (лінгвістычныя мэты). Мне пры­шлося ўнесьці папраўкі некаторых памылак з боку мовы, каб зрабіць тэкст зразумелым. Л. Ц.

Наш ты міленькі Адам,
Насмуціў-жа ты нас досьць,
— Нагарадзі смутак нам
І будзь у нас доўга госьць!

__________

Якое значэньне для пазьнейшае эпохі мела таварыства філёматаў?

Папершае, яно ўсё-ткі мела нешта дадатнае ў сваёй пра­граме— яно змагалася з рэлігійным фанатызмам, з дэспотызмам царскіх урадоўцаў, з фальшывасьцю, двудушнасьцю гэтак зва­нае вышэйшае клясы ў грамадзе.

Далей, яно прымала ўдзел у барацьбе літаратурных на­прамкаў. Пры гэтым яно бараніла паступовы (для таго часу) кірунак.

Урэшце, — і гэта найбольш для нас цікавае, — філёматы высьмяхалі тых, хто ганьбаваў, грэбаваў роднаю моваю. У таварыстве філёматаў не заўсёды, але часам ужывалася беларуская мова. Гэта факт — першараднага значэньня.

У таварыстве філёматаў узгадаваўся вялікі мастак слова— пісьменьнік у польскай мове Адам Міцкевіч. Яго польскія вершы прасякнуты духам беларускае народнае творчасьці, поэзіяю беларускага быту. Праўда й тое, што быт гэты— шляхоцкі, нам чужы. Але-ж гэта ўсё-ткі быт тае клясы, якая ў пэўнай эпосе кіравала інтэлектуальным жыцьцём нашае бацькаўшчыны. Таму гістарычнае значэньне твораў Міцке­віча не знаходзіцца пад пытальнікам. Таксама, здаецца, і мас­тацкае значэньне вершаў Міцкевіча для ўсіх ясна ды зра­зумела.

У гэтай-жа школе ўзгадаваўся і Ян Чачот.

Бясспрэчна і ідэолёгія Чачота— яго дыдактычная поэзія- парады мужыком, чаму вучыць дзяцей, як будаваць хату, калі можна піць гарэлку і ў якой колькасьці— не захапляюць нас. Мы ўжо адвыклі ад думкі, што мужык— гэта малое дзіцянё якое без апекі кроку ступіць ня можа і не павінна.

Цікава, што Чачот у працягу доўгага часу захаваў у сваіх творах характэрны для філёматаў дыдактызм. Парады Чачота— паліатывы, думкі яго— наіўны, але сярод цёмнае ночкі царскага дэспотызму, ён, хоць і на свой лад, усё-ткі клапаціцца аб сялянах. А гэта варта адзначыць.

Чачот зьбірае беларускую народную творчасьць, сам піша пабеларуску. Можна думаць, што якраз яго даўнейшыя посьпехі ў гэтым напрамку сярод прыяцеляў— філёматаў— і асьмельваюць ды заахвочваюць яго да працы пасьля шмат­гадовага перапыну.

Дэвіз філёматаў: ojczyzna, nauka, cnota ня быў ажыцьцёўлен поўнасьцю.

Бліжэйшая бацькаўшчына, Беларусь у пэўнай меры зазась­цілася магутным воблікам даўнейшае фэдэрацыйнае— Польска-Літоўскае Рэчы Паспалітае, але добра й тое, што пачуцьцё беларускасьці ня было згублена канчаткова.

Навука шанавалася філёматамі, роднаму краю прысьве­чаны навуковыя юрыдычныя досьледы: Пясэцкага па дзяр­жаўнаму праву Літоўскага княства ды па крымінальнаму праву (аб карах паводле Літоўскага Статуту). Таксама ён-жа піша даклад і па сямейнаму праву. Літаратурнаю дзейнасьцю сваіх землякоў філёматы цікавіліся асабліва. Яны разьбіралі крытычныя творы сваіх таварышоў.

Так Чачот разгледзеў „Орлеанскую Дзеву" ды „Курганок Марылі“ Міцкевіча. Але наогул навуковым дасягненьням філё­маты аддавалі шмат часу.

Нупрэй Петрашкевіч цікавіўся ўплывам цяпла на жыцьцё расьлін. Ён-жа напісаў крытыку на крытыку, аналізаваў Міцкевічавы Uwagi nad Jagiellonida Тамашэўскага.

Тамаш Зан цікавіўся спосабамі разьвязваньня неазнача­ных раўнаньняў і аб гэтым зрабіў даклад.

Цяжка вырашыць пытаньне, што, уласна кажучы, разу­мелі філёматы пад словам „цнота". У кожным разе— ня тое, што звычайна завецца ўстрыманасьцю ў выражэньнях. Але калі мы прымем з асьцярожнасьцю гэтыя абвінавачваньні адзін аднаго ва ўсіх чыста сьмяротных грахох, дык знойдзем і некаторыя добрыя рысы ў сэнсе моральным. Папершае, філё­маты абавязкова павінны былі быць і ў сапраўднасьці былі шчырымі.

Далей, у іх існавала шырокая ўзаемадапамога ня толькі матэрыяльнымі сродкамі, але таксама й моральным падтрыманьнем.

Зразумела, гэта былі людзі свае клясы і свае эпохі. Іх сьветапагляд ня быў паступовым, мы ў ім знаходзім супярэчнасьці. Але ў пэўных адносінах філёматы ўсё-ткі ж цікавая гістарычная зьява. Асабліва-ж каштоўны для нас беларускія элемэнты ў іх творчасьці і ў іх сьветапоглядзе. А ў данай маёй працы я меў на ўвазе толькі ў агульных рысах даць паняцьце аб гэтым цікавым аб'яднаньні маладых пісьменьнікаў (беларусаў паводле свайго пахаджэньня). Прадмет гэты патра­буе далейшых падрабязных досьледаў.


  1. Інкі—амэрыканскае племя высока-культурнае, якое гішпанцы, нава­рочваючы гвалтам у каталіцтва, амаль што саўсім зьнішчылі. Ігнат Лёеля (Jnigo Loyola)—каталіцкі сьвяты, які залажыў закон езуіцкі (Societas Jesu). Давотка—пабожная кабета, больш, аднак, прыхільная не да саміх ідэй, але да пэўных асоб.
  2. Контант— шляхоцкае слова=здаволены ; жызны— хлебародны.
  3. У аўтэнтыку— лежуць (lezuc).
  4. Дзедзецца (dziedziecca); panichenku, Wilenku — заходня-беларускія словы з дзіўным нейкім націскам, замест панічаньку; таксама й далей — жанэнку, панэнку.
  5. Замест „асэсара"; гульня слоў— цэсар (=імпэратар) і асэсар.
  6. У аўтэнтыку відавочна папсаванае месца: у Кралеўца плаваў
    на ўсьціне (u Kraleuca plawau na uscinie); вышэй— замест „ён лысіну гладзіць"
    стаіць чамусьці „он“.
  7. У аўтэнтыку чамусьці пастаўлена польскае niech, хаця і мелася на ўвазе, што дзяўчаты ведаюць выключна "простую мову".
  8. Заўша (заўсёды)— заходня-беларускае слова, запазычанае ў палякаў.
  9. У аўтэнтыку niech, глядзі ўвагу да папярэдняга хору.
  10. У аўтэнтыку зазюлькі (zazulki), але, відавочна, тут гаворыцца аб нейкай варажбе, зьвязанай з зязюлькіным кукаваньнем.

    Агульная ўвага да гэтых двух хораў: сустракаюцца дыялектычныя словы; сонка(=сонейка), панэнку (=панічыку), жанэнку (жоначку), схандожыць (=сабраць); часткова палёнізмы.

    Ёсьць і проста памылка ў пісьме „Угоць" (uhoc) замест; хоць.
  11. „Маее" — дыялектычная форма замест "мае" (р. скл. адз. ліку. ж. р.)
  12. Замест „Паняю" ў аўтэнтыку стаіць недарэчнае panieje.
  13. Таксама замест „буйную" стаіць bojauju, але „слонка" замест „сонейка"— зах.-белар. слова.
  14. „кватэрка" ў сэнсе: „кварта, даволі вялікая пляшка".
  15. Заходня-беларускае слова (пад польскім уплывам )=адну.
  16. Заходня-беларускае „ест":=ёсьць.
  17. Напісана у аўтэнтыку не "прапорцыі", а рrароrсу згодна з народным вымаўленьнем.
  18. е тлумачыць двума спосабамі: або трэба е = ёсьць патрэба
    (бо ё ды е часам ужываюцца побач з ёсьць ды ест), або е — тут польскае слова je=ich: „трэба разьвесяліць іх (г. зн. галовы)".
  19. У рукапісі ў гэтым месцы пропуск. Але ў вершы іншага пісьменьніка Тамаша Зана (радкі 275—276) мы бачым: "харош... віват, віват Ярош!" Таму і тут павінны былі быць сугучнасьці: "Ярош — харош".
  20. Зычыць— гучыць.
  21. У аўтэнтыку: „а онь, а онь“ . Паводле беларускае фонэтыкі нічога падобнага быць ня можа. Такога фазьзяву (hiatus) нашая мова не дапускае, ды й наогул па-нашаму тут павінен быць прыгук в.
  22. Русізм, замест: „няма".
  23. Русізм, замест: "шукаем” .
  24. Русізм, замест: "дарэмна”; у мясцовай беларускай гаворцы,
    мусіць, былі русізмы ў даволі значным ліку (дзякуючы ўплыву расійскіх вайскоўцаў; нельга-ж забывацца на тое, што яшчэ ня вельмі даўно перад гэтаю эпохаю, падчас вайны з Наполеонам, шмат расійскага войска было ў нашым краі).