Таварыш аб сваім жыцці

Таварыш аб сваім жыцці
апавяданне
Аўтар: Цішка Гартны
1911
Крыніца: http://knihi.com/Ciska_Hartny/Tavarys_ab_svaim_zycci.html

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Мы разгаварыліся з Дзям’янам аб сваім жыцці, аб горкім, нярадасным жыцці мужыка-беларуса, і Дзям’ян мне паведаў вось што:

— Я радзіўся ў сваіх бацькоў другім дзіцем. І яны мне радаваліся не менш, чымсь першаму, майму брату Нічыпару. Я ведаю гэта з таго, што калі ўжо я пачаў што-кольвек разумець, калі мне падышло сем гадкоў, то маці мая заўсёды прыносіла мне з места гасцінца, цукеркаў ці пернікаў, і, узяўшы мяне на рукі, гайдала і цалавала шчыра-шчыра. А бацька, як прыходзіў з канаў, з работы, дык цэлы дзень цешыўся мною, забываючы пра жыццёвыя клопаты і пра сон.

Так было датуль, аж пакуль мне стукнула 12 год. У гэту пару я ўжо вырас і мог гадзіцца за пастуха, але бацькі зрашылі лепей пакідаць мяне пры хаце і пільнаваць саду, карміць свіней ды гуляць з дзецьмі, меншымі браткамі, якіх у бацькоў радзілася пасля мяне яшчэ двое.

І вось летам бацька ішоў у канавы з Нічыпарам, а маці наймалася ў агул, а прад Спасам ішла жаць, а я быў поўным гаспадаром у хаце. Сабе запру вароты ў двары ад вуліцы, а сам пайду ў гарод, нарву зелля, накармлю свіней, а потым прыбяру ў хаце і гуляю сабе па двары з дзецьмі ды з большаю сястрою, што пада мною была. Дзень, бывала, пралятаў хвілінаю. Вечарам жа варочалася маці, аглядала, ці ўсё ў парадку, і, знаходзіўшы яго, хваліла мяне, што я рупны і старанны сынок. «Нам цяпер, хваліць Бога, многа лягчэй жыць! Падрос Нічыпар і зарабляе з бацькам, а скора Дзям’ян стане на ногі, Зося ж будзе гаспадыняю!» — заўсёды хвалілася маці кабетам. І праўда, нам тады, як я помню, зусім добра жылося: грошай хватала досі, карову трымалі зіму і лета, малака было, было і сала ў дастатку. Вядома, зараблялі добра і летам, і зімою: летам, я ж кажу, бацька з Нічыпарам кожны тыдзень прыносілі рублёў па дзесяць, маці ж таксама рублі па два зарабляла, і пры ўсім сваім гэта многа значыла.

Але так нядоўга было. Я падрос болей, і бацька мяне памалу пачаў прывучаць да работы. Цяжэй мне прыйшлося, хоць бацьком палягчэла, толькі памалу і я асвоіўся з работай і працаваў з радасцю, ведаючы, што грошы ідуць у сваю хату, для бацькоў і нас, іх дзяцей. Летам канавы, зімою за варштатам утраіх, астраханкі* ткаць. І нам яшчэ лягчэй пайшло ў жыцці. Усе мяшчане дзівіліся з нас, адкуль мы так добра жывём пры трох дзесяцінах зямлі, што ўсяго ў нас даволі ёсць: усе чыста ходзім, і ў хаце парадак ідзе. І праўда, успамінаецца з уміленнем тая пара…

  • Па мястэчках Менскай губ. і ў асобнасці ў адным із іх — Капыль Слуцкага павету, мяшчане ткуць мяхі, якія адпраўляюць праз пасыльных у г. Астрахань на соль, рыбы і інш. (Заўв. аўт.)

Толькі… «не быць мужыку панам», як той казаў. І гэта праўда-праўдзюсенька. Нядоўга нам жылося самавіта. Як гром з яснага неба пасыпаліся на нашу хату ліхія прыпадкі адзін за другім. У адзін год, калі я ўжо меў васемнаццаць лет, памерла мая матка і меншы брат адзін. Бацька ж, нядоўга думаючы, жаніўся на другой, і жыццё зусім зыначылася. Мачыха папалася ліхая і нас зусім не шкадавала. У бацькі знайшлося шмат больш клопату, а к гэтаму здароўе яго падарвалася яшчэ з жалю па першай. Грошы, які мелі запас іх, разышліся то на пахаванне, то на памінкі, то на вяселле… Нават пазбыліся кароў і свіней, і ў хаце стаў непарадак панаваць: заўсёды сваркі, крыкі, як што непрыменнае. Бацька не так стаў глядзець за намі, прыходзілася думаць і самім аб сабе. Ужо ідучы на работу, як я, так і Нічыпар, стараліся ўтаіць частку грошай для сябе, каб наша ўся праца не марнавалася мачыхаю ў сваю карысць. Прыйшлося пільней дзяржацца асобна ад бацькі з яго жонкаю, бараніць адзін другога…

І так прайшло два гады. Потым Нічыпара здалі ў салдаты, меншы брат пайшоў служыць на вёску, а я з бацькам адзін астаўся працаваць. І прыходзілася нават мне больш, чым яму. Па праўдзе сказаць, мяне пачала забіраць крыўда, але нічога не парадзіш, лёс гнуў, куды хацеў… Я яшчэ, бывала, вясёласць калі падыдзе, то ўсё сыходзіць цішком, неўшманкі. Ну, а калі забірала нудота, я сярдзіўся на работу, злаваў на бацьку, на сябе самога, а за што, каб хто папытаў, то я і сам не знаў… А ўжо калі зазлую, дык бацьку больш за ўсіх давядзецца: я ўпікаў яго ў жаніцьбе, у тым, чаму ён мяне не вучыў грамаце малога, а даў мне долю вечнага пакутніка… Бацька, вядома, не маўчаў на гэта і перш лаяў мяне, потым пробаваў добрасцю сцешваць мяне, пад канец пытаўся зачапіць струну святое абязаннасці памагаць бацьком. Апошняе, ведаеш, закалупала маё сэрца: я змірыўся і працаваў з большай ахвотай…

Але як пайшло на ліхое, дык бясконца! Захварэў скора і бацька ды злёг у пасцель. На дактароў сплыла ўся, якая была, гаспадарка, а церазгодняя смерць яго зруйнавала нашчэнт усё. І мачыха скора рассталася з намі… Трэба сказаць табе, братка мой, што мой бацька быў патом добры чалавек, хоць часта біў нас, але і моцна шкадаваў… Вось перад смерцю ён сабраў нас к сабе і, распісаўшы ўсё, што меў, кожнаму па частцы, сказаў нам гэтыя прашчальныя словы: «Дарагія дзеткі мае! Я, ваш бацька, вялю вам жыць мірна, не сварыцца, з людзьмі не біцца, за праўду галавою стаяць. Тады і жыццё ваша будзе светлым». І ўсіх па парадку пацалаваў у голаў.

Доўга, да смерці, буду помніць я гэтыя вогненныя словы яго: так яны глыбока заселі мне ў душу… І надта горна, што яны зусім не падышлі к нам у жыцці. А можа, гэта жыццё віноўна ў тым. А толькі астаўшыся круглымі сіротамі, як кажуць, мы адчужыліся адно другога. Нічыпар першым пасеяў між намі нелады, зазлаваўшы на тое, што яму бацька менш запісаў у наследства, чым нам. А гэта выйшла так затым, што Нічыпар з маскалёў не прыслаў бацьку ніводнага ліста, нібы занядбаўшы ім. Дык вось ён, Нічыпар, бач, падгаварыў сястру, каторай бацька пакінуў хату, выгнаць мяне з хаты… І колькі я папацярпеў, пакуль угаварыў яе аставіць мяне ў спакоі!

Чымсь далей — цяжэй станавілася жыць. Памаленьку пачаўся распродаж дабра, якое бацька запісаў у наследства, а пад канец расчыталіся і з усім…

І вось цяпер, як птушкі з аднаго гнязда, разляцеліся мы па ўсіх канцах зямлі і жывём чужынцамі адзін другому. Сястра служыць у аднаго жыда ў месце, меншы брат гдзесь у вёсцы за парабка, а Нічыпар жаніўся і жыве памалу ў жончынай сястры… А я… эй, што гаварыць! Ты, таварыш, сам бачыш, што са мною ёсць!

Пры гэтым Дзям’ян змоўк, адвярнуўся ад мяне і, глыбока ўздыхнуўшы, засмуціўся. Вочы яго пачырванелі, і ў ямках іх бліснулі слёзы. Каб схаваць ад мяне сваю душэўную крыўду, Дзям’ян высмаркаўся і выцер разам з носам і слёзы ўваччу. Аднак гэтым ён не стаіў ад мяне свайго гора, і вострыя іголкі яго глыбока ўлезлі ў маё сэрца. Я сам добра знаў увесь працяг жыцця Дзям’яна, бо з ім жыў па суседству, доўга дружыў з ім і часта бываў у іх хаце. Але два гады разлукі з родным кутом і блізкімі мне людзьмі згладзілі яскравасць успамінаў, а выслухаўшы Дзям’яна, яны ізноў светла-балючым вобразам з’явіліся ў маёй памяці.

Я шкадаваў Дзям’яна, вельмі шкадаваў і, здаецца, аддаў бы ўсё сваё, што б меў, толькі б злягчыць варункі яго жыцця, але я, на бяду, таксама нічога не меў і адмежаваўся толькі тым, што даў Дзям’яну паўрубель, голы паўрубель. Падзякаваўшы мне, Дзям’ян шчыра паціснуў мне руку і сказаў:

— Вер — дажывёмся калісь і да лепшага! — І мы разышліся…

(1911)