Іслам-Бэй Музыка
Апавяданьне
Аўтар: Змітрок Бядуля
1927 год
Іншыя публікацыі гэтага твора: Музыка (Бядуля).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




МУЗЫКА

(Прысьвячаецца Я. Коласу)

У бязбрэжніцах лёгкакрылых далячынь шлюбавалася неба з зямлёй.

Глыбокія вочы Музыкі, сына сінягрывага Нёмну, пільна ўглядаліся туды… Даль песьціла ў сваіх крышталях усе думы яго сэрца, усе лятуценьні яго вясны.

Бязбрэжніцы далі то падсоўваліся да Музыкі блізка-блізка, да самых грудзей, нібы чароўныя здані ўва сьне. То адсоўваліся ад яго далёка-далёка, і ён бачыў толькі водблескі нейкіх ільдзяных заслонаў.

А часта Бязбрэжніцы вопраткі свае мянялі: то апраналі сарочкі з бялёнага кужалю, то атулялі сябе зялёна-сівымі вэлюмамі дыму-туману, то забаўляліся вялізнымі акулярамі з сіняга шкла. Калі-ні-калі яны ўспыхвалі, нібы ад сораму, макава-палыхаючымі зарніцамі. А бывала, вятрыцы ў ваўняных сьвітках шэрых воблакаў гойдаліся няпрытомныя над Бязбрэжніцамі, кучаравілі зялёныя чупрыны бароў, качаліся па мяккай шэрсьці гучных палёў і, абмакаючы ў Нёмне свае сіва-блакітныя бароды, зноў вярталіся ў бірузовыя пустэчы вольных прастораў.

Музыка, сын сінягрывага Нёмну, пазіраў на багатабарўныя далячыні, не адымаючы пальцаў ад струн Скрыпкі-вяшчуньні. Струны былі тонкія, як павуціна; чулыя, бы крыльлі пчолак; кволыя, як валасы малалеткі.

Струны, дрыжучы матылькамі над жывым сэрцам Скрыпкі-вяшчуньні, то зьвінелі звонам кос на лузе, то стагналі, нібы галінкі пад ветрам, то шапацелі, бы каласы на жытнім полі, то пераліваліся срэбрам і журчэлі крынічнай падузгорачнай, то мільгаліся ціхімі тонамі, бы цені ластавак на адшліфаваным возеры, а то грымелі з пагрозай буры, з бунтарскім гневам у тысячу галасоў.

Струны, нібы люстэрка, адбівалі ў сабе думы-мары Музыкі. Яго думы-мары былі то пяшчотна-чулыя, бы ўсход маладзіка ў сіняве летняй поўначы, то таямнічыя, як пушча пад сталетняй дрымою, то глыбока-плынныя, бы Нёман у час вясновай паводкі, а то бурна-імпэтныя, як паўстаньне — мяцеж мазалістага люду.

Казачнай сілай струны ператваралі гукі ў колеры, злотасрэбныя зыкі — у яркія вобразы роднага краю. Гукі малявалі жывых істот: ад маленькай былінкі да высачэзнага дуба, ад кволага матылька да гутарлівых дзядзькоў прыгожага лясіста-вазёрнага Палесься.

Струны песьняславілі ўсё адвечнае хараство Зямлі Беларускай. Людзі ня толькі слухам слухалі, але і вачыма бачылі тыя вобразы-малюнкі, якія струны расьцілалі перад імі на шырокіх саматканах Творчасьці, тыя орнамэнты-дэсэны, якія ткалі з шоўкавых нітак-гукаў пальцы славутнага Музыкі, сына сінягрывага Нёмну.

У сэрцы Скрыпкі праменілася многаструннае хараство нашай зямлі. Яно хавала ў сабе сонечна-месячныя скарбы старасьвецкай і маладой Белай Русі: сумныя трэлі хлапцоўскай жалейкі, бяроставыя гукі пастырскай трубы, гульлівыя водгукі дуды-весялухі, гучныя сьмехазыкі сталёва-струнных цымбал, працяглыя стогны ціхаграйнай леры, русальныя сьпевы сінявокіх дзяўчат і ўсе радасьці-смуткі ратая-волата.

Музыка, сын сінягрывага Нёмну, вандраваў па роднай зямлі ад поля да поля і сеяў вакол тыя „песьні жальбы“, якія вякамі жылі ў грудзёх ратаёў.

— Гэта-ж ён нашыя простыя песьні грае! А скрыпка якраз чалавечым голасам гавора! Слухайце, як яна плача!

Так гаварылі людзі і пачалі зьбірацца грамадамі вакол Музыкі, непакоячыся, нібы бор пад ветрам. Людзі лавілі, як жабракі дукаты, кожны водгук струны, кожны подых пявучай скрыпкі.

— Небясьпечны Музыка, — казалі царскія слугі, — ён усіх мужыкоў збунтуе!

І царскія слугі пасадзілі Музыку ў цямніцу.

— Жыве народ — будзе жыць і яго песьня аб волі. А калі жыве песьня аб волі, дык і воля закрасуе на зямлі! — цешыў сябе Музыка, паглядаючы праз жалезныя краты ў блакітную плямінку неба, тулячы да сваіх грудзей скрыпку-вяшчуньню.

Адарваны ад гаротных братоў, ад дзіўнаграйных абшараў замілаваных даляў, Музыка бачыў у думках сваіх „Родныя зьявы“ — малюнкі дзіцячых гадоў, бачыў жыва ўсё ад сонечнай усьмешкі вясковай маладухі да апошняй драбнюткай пясчынкі на прызьбе — і пачынаў граць…


Брылі-блыталіся гады. То купальскімі русалкамі купаліся ў мядоваросных лугох Беларусі. То валакліся марудна, як запрацаваныя быкі пад ярмом на цьвёрдым дзірване. То насіліся лёгкім ветрам, нібы чаўны на грудзёх Нёмну. То імчаліся ўдаль, як агнёвыя коні на вулканістых стромкіх гарах.

Гады мяняліся хутка. Быццам дзіцё пералістоўвала казку з каляровымі малюнкамі.

А ці ў гэтых гадох не пляліся, як вянкі з васількоў, „Казкі жыцьця“ нашага народу?

У гэты час Музыка ўжо вольна вандраваў па „Новай зямлі“, не адзін, а з дзіцём сваёй скрыпкі — „Сымонам Музыкай“. Пазіраючы ў далячыню, сын сінягрывага Нёмну ўспамінаў кожны куток „Палескай глушы“. Багата была ўспамінамі юнацкіх гадоў душа Музыкі. Яны песьціліся ў яго сэрцы, насіліся пад небам яго думак, нібы жаўранкі над сьвежай ральлёй. Яны клікалі-вабілі да сябе, як цень дуба ў гарачы летні поўдзень. Яны былі цікавы тым, што ўжо нініколі ня вернуцца, што могуць быць забыты людзьмі. Яны былі дорагі тым, што ў іх крыніцах купаліся першыя песьні Музыкі, што іх зямля падарыла яму скрыпку-вяшчуньню.

Вандруе Музыка „Крок за крокам“, ступаючы „На рубяжы“ мінулага з сучасным, граючы свае песьні „На прасторах жыцьця“ будучыны.

Так грае Музыка, сын сінягрывага Нёмну, ужо дваццаць вёснаграяў, пазіраючы бадзёра у даль.

Не васількамі быў высланы яго шлях. Смутак і радасьць змаганьня чарадаваліся на ім, як дзень і ноч.