Таполя (Шаўчэнка/Купала)

Таполя
Верш
Аўтар: Тарас Шаўчэнка
Арыгінальная назва: Тополя
Пераклад: Янка Купала
Шаўчэнка Т. Вершы. Паэмы — Мн., Маст. літ., 1989 — (Скарбы сусветнай літаратуры). Іншыя публікацыі гэтага верша: Таполя (Шаўчэнка).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




      Па дуброве вецер вее,
Гуляе па полі;
Ля дарогі аж да долу
Згінае таполю.
Стан высокі, ліст шырокі
Марна зелянее;
Кругом поле, нібы мора,
Шырака сінее.
Чумак едзе, азірнецца
Дый галаву схіліць;
Чабан раніцай з жалейкай
Сядзе на магіле,
Азірнецца — сэрца ные:
Вокал ні быліны!
Адна, адна, як сіротка
На чужыне, гіне!

     Хто ж узросціў, каб у стэпу
Ёй марнець здарма так?
Пачакайце, раскажу ўсё.
Слухайце ж, дзяўчаты!

     Палюбіла чарнабрыва
Казака дзяўчына,
Палюбіла — не спыніла:
Пайшоў дый загінуў…
Каб жа знала, што пакіне,—
Была б не любіла;
Каб жа знала, што загіне,—
Была б не пусціла;
Каб жа знала — не хадзіла б
Позна за вадою,
Не стаяла б да паўночы
З мілым пад вярбою;
Каб жа знала!..
              Таго ліха —
Як знаці пачатак,
Што нам стрэнецца на свеце…
Ня знайце, дзўчаты!
Не пытайце сваёй долі!..
Само сэрца знае,
Каго любіць.
Няхай вяне,
Пакуль закапаюць,
Бо не доўга, чарнабрыўкі,
Кары вачаняты,
Твар бялявы чырванее —
Не доўга, дзяўчаты!
Да палудня, дый завяне,
Бровы паліняюць…
Кахайцеся ж, любіцеся,
Як сэрцайка знае.

     Зашчабеча салавейка
Ў лузе на каліне,
Заспявае казачэнька,
Йдучы па даліне.
Заспявае, покуль з хаты
Дачакае мілай,
А ён яе запытае:
«Ці маці ня біла?»
Стануць сабе, абымуцца;
Пяе салавейка;
Паслухаюць, разыдуцца —
Абое радзенькі…
Ніхто таго не пабача,
Ніхто не спытае:
«Дзе была ты, што рабіла?»
Сама сабе знае…
Любілася, кахалася,
А сэрцайка млела:
Нядолечку сэрца чула,
А сказаць не ўмела.
Не сказала — засталася,
Дзень і ноч варкуе,
Як без голуба галубка,
А ніхто не чуе…

     Не шчабеча салавейка
Ў лузе над вадою,
Не спявае чарнабрыва,
Стаўшы пад вярбою;
Не спявае,— як сіротка
Белым светам нудзіць,
Без мілога бацька, маці —
Як чужыя людзі;
Без мілога сонца свеціць —
Як вораг смяецца;
Без мілога скрозь магіла…
А сэрцайка б’ецца.

     Год мінуў, другі мінуў год,—
Казак не вяртае;
Яна сохне, нібы кветка,
Маці не пытае:
«Чаго вянеш, мая дзетка?» —
Яна ні спытала.
За багатага старога
Выйсці намаўляла.
«Ідзі, дочка! — кажа маці. —
Не век дзеўкай быці!
Ён багаты, адзінокі —
Будзеш паняй жыці!»
«Не хачу я панаваці,
Не пайду я, мама!
Ручнікамі, што прыдбала,
Спусці мяне ў яму.
Хай папы мне заспяваюць,
А дружкі заплачуць:
Лягчэй ў труне мне ляжаці,
Чымся яго бачыць».

     Не слухала стара маці,
Рабіла, што знала,—
Усё бачыла дзяўчына,
Сохла ды маўчала.
Пайшла ўночы к варажбітцы,
Каб паваражыці —
Ці ёй доўга йшчэ на свеце
Адзінокай жыці?..
«Бабуленька, маё сэрца,
Малю з усёй сілы,
Скажы шчырую мне праўду:
Дзе сэрцайка-мілы?
Ці здароў-жыў? Ці ён любіць?
Ці забыў-пакінуў?
Скажы ж ты мне, дзе мой мілы?
На край свет палыну!
Бабуленька, маё сэрца,
Скажы, калі знаеш…
Бо выдае мяне маці
За старога замуж.
Любіць яго, бабуленька,
Сэрца не наўчыці.
Пайшла ж бы я утапіцца —
Жаль душу згубіці…
Калі не жыве мой любы,—
Зрабі, калі ласка,
Каб дадому не вярнуцца…
Цяжанька мне, цяжка!
Там стары жджэ са сватамі…
Скажы ж маю долю!»
«Добра дзетка! Спачынь трошкі…
Чыні ж маю волю.
Я сама была дзяўчынай —
Гэта ліха знаю;
Мінулася — наўчылася:
Людзям памагаю.
Тваю долю, мая дзетка,
Я залетась знала
І залетась траўкі-зелля
Для таго прыдбала».

     Пайшла баба і дастала
Пляшачку з паліцы.
«Вось на табе гэта дзіва!
Пайдзі да крыніцы;
Пакуль пеўні не спявалі,
Умыйся вадою,
Выпі трошкі гэтых зёлак —
Гора ўсё загояць.
Бяжы, выпіўшы, як змога;
Што б там не крычала,
Не аглянься, пакуль станеш
Там, дзе развіталісь.
Адпачынеш; а як стане
Месяц сярод неба,
Выпі йшчэ раз, а не прыйдзе —
Ў трэць раз выпіць трэба.
За раз першы, як і летась,
Будзеш ты такою;
За другі раз — сярод стэпу
Тупне конь нагою.
Калі жыў твой казачэнька,
То зараз прыбудзе…
А за трэці, мая дзетка!
Не пытай, што будзе…
Ды йшчэ, чуеш, не хрысціся,
Бо ўсё пойдзе ў воду…
Цяпер жа йдзі, палюбуйся
На леташню ўроду».

     Ўзяла зелле, пакланілась:
«Дзякую, бабуся!»
Выйшла з хаты: «Ці йсці, ці не?..
Не, ўжо не вярнуся!»
Прыйшла яна, напілася,
Ціха мірганула,
Двойчы, тройчы напілася,
Назад не зірнула.
Паляцела, як на крыллях,
Сярод стэпу пала…
Пала, стала, заплакала
І… і заспявала.

     «Плавай, плавай, лебядзінка,
Па сіняму мору!
Расці, расці, тапалінка,
Ўсё ўгору ды ўгору!
Расці гнуткай ды высокай
Да самае хмары —
Спытай Бога, ці дажду я,
Ці не дажду пары?
Расці, расці, прыглядзіся
За сіняе мора:
Па тым боку — мая доля,
А па гэтым — гора.
Там дзесь мілы, чарнабрывы
Спявае, гуляе,
А я плачу, леты трачу,
Яго выглядаю.
Скажы яму, маё сэрца,
Што смяюцца людзі;
Скажы яму, што загіну,
Як яго ня будзе!
Сама хоча мяне маці
Ў зямлю пахаваці…
А хто ж яе галовачку
Будзе даглядаці?
Хто дагледзіць, запытае,
На старасць паможа?
Мая ж мама!.. мая ж доля!..
Божа мілы, Божа!..

     Зірні, гляні, тапалінка!
Як няма — заплачаш
Да ўсход сонца, ранюсенька,
Каб ніхто не бачыў…
Расці ж, сэрца-тапалінка,
Усё ўгору, ўгору!
Плавай, плавай, лебядзінка,
Па сіняму мору!»

     Гэтак тая чарнабрыўка
Плакала, спявала…
І надзіва сярод поля
Таполяю стала.

     Па дуброве вецер вее,
Гуляе па полі,
Край дарогі гне таполю
Да самага долу.

С.-Пецярбург
1839