Тарасава ноч (Шаўчэнка/Купала)
Тарасава ноч Паэма Аўтар: Тарас Шаўчэнка 1860 Арыгінальная назва: Тарасова нічъ Пераклад: Янка Купала |
Сядзіць кабзар на распуцці
Ды на кобзе йграе;
Кругом хлопцы ды дзяўчаты
Як мак зацвітае.
Кабзар грае, падпявае,
Гамоніць славамі,
Як маскалі, орда, ляхі
Білісь з казакамі;
Як збіралася грамада
У нядзелю зранку;
Як хавалі казачэньку
Ў зялёным байраку.
Кабзар грае, падпявае,
Аж бяда хіхоча:
«Была калісь гетманшчына,
Больш не ўбачаць вочы;
Было калісь — панавалі,
Ды болей не будзем...
Той казацкай волі, славы
Павек не забудзем!
Украіна, Украіна!
Сэрца маё, маці!
Як успомню тваю долю,
Сэрцайка заплача!
Дзе падзелася казацтва,
Чырвоны жупаны?
Дзе падзелась доля-воля,
Бунчугі, гетманы?
Дзе падзелася? Згарэла?
Ці мо затапіла
Сіне мора твае горы,
Курганы-магілы?
Маўчаць горы, грае мора,
Магілы сумуюць,
А над дзецьмі казацкімі
Паганцы пануюць!
Грай жа, мора! Спіце, горы!
Гуляй, вецер, полем!
Плачце, дзеці казацкія,—
Такая вам доля!
Ўстае хмара з-за Лімана,
А другая з поля;
Зажурылася Ўкраіна,
Бо такая доля!
Зажурылася жалобна,
Як маці па сыне,
Ніхто яе не ратуе...
А казацтва гіне;
Гіне бацькаўшчына, слава;
Няма дзе ёй дзецца;
Вырастаюць нехрышчоны
Казацкія дзеці;
Кахаюцца невянчаны;
Без папа хаваюць;
Запрадана жыдам вера,
Ў цэркву не пускаюць!..
Нібы галкі поле крыюць,
Ляхі, уніяты
Налятаюць,— няма каму
Рады даць праклятым.
Абазваўся Налівайка —
Не стала Краўчыны!..
Выступаў казак Паўлюга —
За ёю палынуў.
Выступаў Тарас Трасіла
З горкімі слязамі:
«Бедная мая Ўкраіна,
Стоптана ляхамі!»
…..................................
…..................................
…..................................
…..................................
Выступаў Тарас Трасіла
Веру ратаваці,
Выступаў ён, арол сізы,
Дый даў ляхам знаці!
Выступаў жа пан Трасіла:
«А годзе журыцца!
А хадзем лепш, паны-брацці,
З палякамі біцца!»
Не тры дні ўжо, не тры ночы
Б’ецца пан Трасіла,
Ад Лімана да Трубайла
Трупам поле ўкрыла.
Казачэнька ўвесь знямогся,
Цяжка зажурыўся,
А паганы Канецпольскі
Дужа ўзвесяліўся;
Сабраў шляхту ўсю да гурту,
Дый ну частаваці.
Сабраў Тарас казачэнькаў—
Парады пытаці:
«Таварышы, атаманы,
Браты мае, дзеці!
Дайце мне якую раду,
Што рабіць намецім?..
Банкятуюць злыдні-ляхі,
Наша безгалоўе».
«Няхай сабе банкятуюць,
Няхай, на здароўе!
Хай, праклятыя, балююць,
Пакуль сонца зайдзе,
А ноч-маці дасць параду,—
Казак ляха знайдзе».
Лягло сонца за гарою,
Зоркі зазіялі,
А казакі чорнай хмарай
Ляхаў абступалі.
Як стаў месяц сярод неба,
Раўнула гармата;
Прачнуліся панкі-ляхі,
Спужаліся надта.
Прачнуліся панкі-ляхі
Дый не паўставалі:
Ўзышло сонца — панкі-ляхі
Покатам ляжалі.
Чырвонаю гадзюкаю
Нясе Альта весці,
Каб ляцелі груганы ўжо
Панкоў-ляхаў есці.
Груганы ўжо наляцелі
Зваць паноў збудзіцца;
Сабіралася казацтва
Богу памаліцца.
Закрумкалі груганы там,
Вымаючы вочы;
Заспявалі казачэнькі
Песню таей ночы,—
Той крывавай грознай ночы,
Што славаю стала
Тарасу, ўсяму казацтву,
Ляхаў што прыспала.
«Над ракою ў чыстым полі
Магіла чарнее;
Дзе казацкая цякла кроў —
Трава зелянее.
Сядзіць груган на магіле
Ды з голаду крача...
Ўспомніць казак гетманшчыну,
Ўспомніць ды заплача».
Сумуючы, кабзар змоўкнуў:
Штось рукі не граюць.
Кругом хлопцы ды дзяўчаты
Слёзанькі ўціраюць.
Пайшоў кабзар па вуліцы,
З нуды як зайграе!
Кругом хлопцы у прыскокі,
А ён прыпявае:
«Няхай будзе з груцы грэчка!
Сядзьце, дзеці, у запечку,
А з нуды я ды ў карчомку,
А там знайду сваю жонку,
Знайду жонку, пачастую,
З варажбітак пажартую».