Тарас Бульба (Гогаль/Краўцоў)

Тарас Бульба
Аповесьць
Аўтар: Мікалай Гогаль
1929 год
Арыгінальная назва: Тарас Бульба (1835)
Пераклад: Макар Краўцоў

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




МІКОЛАЙ ГОГОЛЬ



ТАРАС БУЛЬБА



З расейскае мовы пералажыў
Краўцоў Макар


ВІЛЬНЯ1929



ВІЛЕНСКАЕ ВЫДАВЕЦТВА“ Б. КЛЕЦКІНА

Міколай Гоголь

МІКОЛАЙ ГОГОЛЬ


ТАРАС БУЛЬБА


З расейскае мовы пералажыў
Краўцоў Макар


ВІЛЬНЯ. 1929


«ВІЛЕНСКАЕ ВЫДАВЕЦТВА» Б. КЛЕЦКІНА


Mikolaj Gogol. — „Taras Bulba“.


Drukarnia „Wydawnictwo Wileńskie“ B. Kleckina, Wilno.

АД ПЕРАКЛАДЧЫКА.

„Тарас Бульба“ быў пераложаны мною на родную мову ў канцы 1918 году. Але пераклад той не дачакаўся выдаўца і дасюль не пабачыў сьвету не па маей віне. Ён быў, разам з іншымі маімі рукапісамі з невялічкаю бібліятэчкай, пакінены ў Менску, і, перасыланы мне ў Вільню разам з іншымі маімі рукапісамі адным з таварышоў па пяру, недзе па дарозе прапаў, аб чым я даведаўся толькі зусім нядаўна.

Гэта і змусіла мяне цяпер да перакладу клясычнага твору Гоголя нанова.

Пры першым перакладаньні я карыстаўся, апрача расейскага акадэмічнага выданьня, яшчэ і украінскім перакладам Садовськога. А гэты пераклад зроблены мною з XV расейскага выданьня „А. Ф. Маркса С.-Петербург 1910 г.“

Вільня, Ліпень 1928 г.

ТАРАС БУЛЬБА

I

„А павярніся-ж, сынку! Які ты сьмешны нейкі! Што гэта на вас за папоўскія падрасьнікі? І гэтак усе ходзяць у акадэміі?“

Гэткімі словамі сустрэў стары Бульба двох сыноў сваіх, што вучыліся ў кіеўскай бурсе і прыехалі дамоў да бацькі.

Сыны яго толькі што зьлезьлі з коняй. Гэта былі два здаравяцкія малайцы, яшчэ глядзеўшыя спадлоббя, як нядаўна выпушчаныя сэмінарыстыя. Крэпкія, здаровыя твары іхнія былі абросшы першым пухам валасоў, якога яшчэ не чапала брытва. Яны былі вельмі зьбянтэжаныя гэткім бацькавым прыняткам і стаялі нярухома, спусьціўшы вочы ў зямлю.

„Стойце, стойце! Давайце мне разглядзець вас, як трэба“, — казаў ён далей, пакручваючы іх: „якія-ж доўгія на вас сьвіткі! Якія сьвіткі! Гэткіх сьвітак яшчэ і на сьвеце ня было. А пабяжы каторы з вас! я пагляджу, ці ня гопнецца ён на зямлю, заблутаўшыся ў полы“.

„Ня сьмейся, ня сьмейся, тата!“ — сказаў, на- рэшце, старшы з іх.

„Бачыш ты, які пышны! А чаму-ж і не сьмяяцца?“

„Ды так; хоць вы мне і бацька, а як будзеце сьмяяцца, дык, дальбог, адластажу!“

„Ах, ты сякі-такі сыне! як! бацьку?“ сказаў Тарас Бульба, адступіўшы з зьдзіўленьнем колькі шагоў назад.

„Ды хоць і бацьку. За крыўду не пагляджу і ня спушчу нікому“.

„Як-жа ж ты хочаш са мною біцца? хіба на кулакі?“

„Ды ўжо на чым-бы там ні было“.

„Ну, давай на кулакі!" кажа Бульба, закасаўшы рукаў: „пагляджу я, што за чалавек ты ў кулаку!“

І бацька з сынам, заместа прывітаньня пасьля доўгае разлукі, пачалі садзіць адзін аднаму штурханцы і ў бакі, і ў паясьніцу, і ў грудзі, то адступаючы і аглядаючыся, то ізноў наступаючы.

„Глядзеце добрыя людзі: здурэў стары! зусім з глузду зьехаў!“ казала зьбялелая, худашчавая і добрая маці іх, стаяўшая каля парога і не пасьпеўшая яшчэ абняць ненаглядных дзяцей сваіх. „Дзеці прыехалі дамоў, больш як год іх ня бачылі, а ён здумаў няма ведама што: на кулакі біцца!“

„Ды ён добра б’ецца!“ казаў Бульба, спыніўшыся. „Дальбог, добра!“ казаў ён далей, крыху папраўляючыся: „гэтак, што хоць-бы на’т і не прабаваць. Добры будзе казак! Ну, як здароў, сынку! пацалуемся!“ І бацька з сынам пачаў цалавацца. „Добра, сынку! Вось гэтак лупцуй кожнага, як мяне тузіў: нікому ня спушчай! А ўсё такі на табе сьмешная вопратка: што гэта за вяроўка вісіць? А ты, Бэйбас, чаго стаіш і рукі спусьціў?“ казаў ён, зьвяртаючыся да малодшага: „што-ж ты, сабачы сыне, ня лупіш мяне?“

„Вось яшчэ што выдумаў!“ казала маці, абнімаўшая тымчасам малодшага. „І прыйдзе-ж да галавы гэткае, каб дзіця роднае біла бацьку! Ды быццам і да таго цяпер: дзіця маладое, гэтак здарожылася, утамілася…“ (гэтае дзіця было дваццацёх з лішкаю гадоў і роўна ў сажань росту): „яму цяпер трэ’ было-б адпачыць і зьесьці чаго-нібудзь, а ён змушае яго біцца!“

„Э, дык ты пястунчык, як я бачу!“ казаў Бульба. „Ня слухай, сынку, маці: яна баба, яна нічога ня ведае. Якая вам пяшчота? Вашая пяшчота — чыстае поле ды добры конь: вось ваша пяшчота! А бачыце вось гэту шаблю? вось ваша маці! Гэта ўсё дрэнь, чым набіваюць галовы вашыя: і акадэміі, і ўсе тыя кніжкі, лементары і філёзофія, і ўсё гэта ка зна шчо — я пляваць на ўсё гэта!“ Тут Бульба прыгнаў у радок гэткае слова, якое нават і ня ўжываецца ў друку. „А вось, лепш я вас на тым-жа тыдні адпраўлю на Запарожжа. Вось дзе навука, дык навука! Тамака вам школа; там толькі набярэцеся розуму.“

„І ўсяго толькі адзін тыдзень быць ім у хаце?“ казала жаласна, з сьлязьмі на вачох, худашчавая старая маці: „і пагуляць ім, бедным, ня ўдасца; ня ўдасца і хаты роднае пазнаць, і мне ня ўдасца наглядзецца на іх!“

„Годзі, годзі выць, старая! Казак не на тое, каб марнаваць час з бабамі. Ты схавала-б іх абодвух сабе пад андарак дый сядзела-б на іх, як на курачых яйках. Ідзі, ідзі, ды стаўляй нам хутчэй на стол усё, што ёсьць. Ня трэба пампушак, медавікоў, макаўнікаў ды іншых пундзікаў; цягні нам цэлага барана, казу давай, мяды саракалетнія! Ды гарэлкі болей, ня з выдумкамі гарэлкі, не з разынкамі і рознымі вытрэбенькамі, а чыстае, пеннае гарэлкі, каб іграла і шумела, як шалёная.“

Бульба павёў сыноў сваіх у сьвятліцу, адкуль рэзва выбяглі дзьве харошыя дзяўчыны-прыслужніцы, у чырвоных маністах, прыбіраўшыя пакоі. Яны, як відаць, спалохаліся прыезду панічоў, ня любіўшых папускаць нікому, ці можа, проста, хацелі вытрымаць свой жаноцкі звычай: піснуць і кінуцца стрымгалоў, убачыўшы мужчыну, і пасьля доўга затуляцца ад моцнага сораму рукавом. Сьвятліца была ўбрана ў гусьце таго часу, аб якім жывыя напомненьні засталіся толькі ў песьнях ды ў народных думах, што ўжо не пяюцца больш на Украіне барадатымі сьляпымі старцамі, пад ціхае трынканьне бандуры, на віду абступіўшага народу, — у гусьце таго ваяўнічага, труднага часу, калі пачаліся разгарацца сутычкі і бітвы на Украіне за унію. Усё было чыстае, вымазанае колернаю глінаю. На сьценах — шаблі, бізуны, сеткі для птушак; невады і стрэльбы, хітра выраблены рог на парох, залаты вобруць на каня і путы з сярэбранымі бляхамі. Вокны ў сьвятліцы былі маленечкія, з круглымі цьмянымі шыбамі, якія сустрачаюцца цяпер толькі ў старадаўных цэрквах, праз якія іначай нельга было глядзець, як падняўшы крыху рухомае шкло. Вакол вокнаў і дзьвераў былі чырвоныя адводы. На паліцах па куткох стаялі збанкі, бутлі і пляшкі зялёнага і сіняга шкла, вырэзваныя сярэбраныя кубкі, пазалачаныя чаркі ўсялякае работы: вэніцэйскае, турэцкае, чаркескае, зайшоўшыя ў Бульбаву сьвятліцу рознымі шляхамі цераз трэція і чацьвёртыя рукі, што было вельмі звычайным у тыя ўдалыя часы. Бяроставыя лавы вакол усяго пакою; вялізны стол пад абразамі ў покуці шырокая печ з запечкамі, прыпечкамі і гзымсамі, абітая колернымі, пярэстымі кахлямі, — усё гэта было вельмі знаёмае нашым двум малайцом, прыходзіўшым кожны год дамоў на канікулярны час, — прыходзіўшым таму, што ў іх ня было яшчэ коняй і таму, што звычаю ня было пазваляць шкаляром езьдзіць конна. У іх былі толькі доўгія чубы, за якія мог пацягаць іх кожны казак, насіўшы зброю. Бульба, толькі пры выпуску іх, паслаў ім з табуну свайго пару маладых жарабцоў.

Бульба, па прычыне прыезду сыноў, загадаў склікаць усіх сотнікаў і ўсю палкавую старшыню, хто толькі быў на месцы; і калі прыйшлі двох з іх і есаул Зьмітро Таўкач, стары яго таварыш, ён ім зараз-жа адрэкамандаваў сыноў, кажучы: „Вось пагляньце, якія малайцы! На Сечу іх хутка пашлю.“

Госьці павіншавалі і Бульбу, і абодвух юнакоў; і сказалі ім, што добрую справу робяць і што няма лепшае навукі для маладога чалавека, як Запарожаская Сеча.

„Ну-ж, паны браты, сядай кожны, дзе каму лепей, за стол. Ну, сынкі! перш за ўсё вып’ем гарэлкі!“ — гэтак казаў Бульба. „Божа багаславі! Здаровы будзьце, сынкі: і ты, Астап, і ты, Андрый! Дай-жа Божа, каб вы на вайне заўсёды былі ўдатлівы! каб бусурманаў білі, і каб туркаў білі, і татарву білі; калі і ляхі пачнуць што проці веры нашае чыніць, дык і ляхаў каб білі. Ну, падстаўляй сваю чарку; што, добрая гарэлка? А як палаціне гарэлка? То-то, сынку, дурні былі лацінцы: яны й ня ведалі, ці ёсьць на сьвеце гарэлка. Як, гэта таго звалі, што лацінскія вершы пісаў? Я грамату разумею ня моцна, а дзеля таго і ня ведаю: Горацый, ці што?“

„Бач, які бацька!“ падумаў сам сабе старшы сын, Астап: „усё, стары сабака, ведае, а яшчэ й прыкідаецца“.

„Я думаю, — архімандрыт не даваў вам і панюхаць гарэлкі“, — далей казаў Тарас. „А прызнайцеся, сынкі, моцна сьцёбалі вас бярозавымі ды сьвежым вішняком па хрыбце і па ўсім, што толькі ёсьць у казака? А мо’, дзеля таго, што вы зрабіліся ўжо вельмі разумнымі, дык мо’ і бізунамі рэзалі? Можа ня толькі суботамі, а даставалася і ў сераду, і ў чацьвяргі?“

„Няма чаго, татка, успамінаць, што было,“ — адказваў спакойна Астап: „што было, тое мінула!“

„Хай цяпер папробуе!“ сказаў Андрый: „хай цяпер хто-нібудзь толькі зачэпіць. Вось няхай толькі пападзецца цяпер якая-нібудзь татарва, будзе ведаць яна, што за рэч казацкая шабля“.

„Добра, сынку! далібог добра! Ды калі на тое пайшло, дык і я з вамі паеду! дальбог паеду! Якога чорта мне тут чакаць? Каб я зрабіўся грэчкасеем, дамаводам, пільнаваць авечкі ды сьвіньні, ды бабіцца з жонкаю? Ды прападзі яна: я казак, не хачу! Дык што-ж, што няма вайны? Я так паеду з вамі на Запарожжа — пагуляць. Далібог паеду!“ І стары Бульба пакрысе гарачыўся, гарачыўся, нарэшце раззлаваўся зусім, устаў з-за стала і, наставіўшыся, тупнуў нагою. — „Заўтра-ж паедзем! Нашто адкладваць? Якога ворага мы можам тут высядзець? На што нам гэтая хата? На ліха нам усё гэта? На што гэтыя гаршкі?“ Сказаўшы гэта, ён пачаў біць і кідаць гаршкі і пляшкі.

Бедная старая, прывыкшая ўжо да гэткіх паступкаў свайго мужа, сумна глядзела, седзячы на лаўцы. Яна ня сьмела нічога казаць, але, пачуўшы аб гэткай страшнай для яе пастанове, яна не магла ўтрымацца ад сьлёз; глянула на дзяцей сваіх, з якімі пагражала ёй гэткая хуткая разлука, — і ніхто ня мог-бы апісаць усяе бязмоўнае сілы яе гора, якое, здавалася, дрыжала ў вачох яе і ў сударгава-сьцісьненых губах.

Бульба быў упорлівы страшэнна. Гэта быў адзін з тых характараў, якія маглі паўстаць толькі ў цяжкі ХV век на паўкачавым куце Эўропы, калі ўся паўднёвая першабытная Украіна-Русь, пакіненая сваімі князямі, была спустошана, выпалена зусім нясьцішальнымі набегамі мангольскіх жываедаў; калі, пазбавіўшыся хаты і страхі, зрабіўся тут адважным чалавек; калі на пажарышчах, на вачох у грозных суседзяў і вечнай небясьпекі, сяліўся ён і прывыкаў глядзець ім проста ў вочы, адвучыўшыся ведаць, ці ёсьць які страх на сьвеце; калі ваенным полымем ахапіўся з давён-мірны славянскі дух і завялося казацтва — шырокая разгульная замашка украінскае прыроды, і калі ўсе парэччы, перавозы, прыберажныя ўзгоркаватыя і добрыя месцы ўсеяліся казакамі, якім і ліку ніхто ня ведаў, і адважныя таварышы іхнія былі ў праве адказваць султану, захацеўшаму ведаць аб ліку іх: „Хто іх ведае! у нас іх параскідана па ўсім сьцепе: што байрак, дык казак“ (дзе маленечкі прыгорак, там ужо й казак). Гэта было запраўды нязвычайнае зьявішча рускае сілы: яго выбіла з народнае душы агніва бедаў. Замест ранейшых удзелаў, дробных гарадкоў, напоўненых сабакарнікамі і лоўчымі, заместа варожых між сабою і гандляваўшых гарадамі дробных князёў, паўсталі грозныя сёлы, курэні і ваколіцы, зьвязаныя агульнаю небясьпекаю і ненавісьцю проці нехрысьціянскіх жываедаў. Ужо вядома ўсім з гісторыі, як іхняя вечная барацьба і неспакойнае жыцьцё выратавала Эўропу ад нясьцішальных набегаў, пагражаўшых яе перакуліць. Каралі польскія, апынуўшыся заместа удзельных князёў, уладарнікамі гэтых шырокіх земляў, хоць і аддаленымі ды слабымі, зразумелі значэньне казакоў і выгады гэткага ваяўнічага, вартавога жыцьця. Яны падтрымлівалі іх і лісьліва адносіліся да гэткага палажэньня. Пад іхняю далёкаю ўладаю гэтманы, выбраныя з самых жа казакоў, перафармавалі ваколіцы і курэні ў палкі і акуратныя акругі. Гэта ня было сабранае шыхавое войска; яго ніхто ня ўбачыў-бы; але ў выпадку вайны і агульнага руху, у восем дзён, ня болей, кожны зьяўляўся на кані, ува ўсім сваім азброеньні, дастаўшы адзін толькі чырвонец платы ад караля, і ў два тыдні набіралася гэткае войска, якога ня мелі-б сілы набраць ніякія рэкруцкія наборы. Скончыўся паход, — ваяка адходзіў на сенажаці і ральлі, на дняпроўскія перавозы, лавіў рыбу, гандляваў, варыў піва, і быў вольны зазак. Сучасныя чужаземцы дзівіліся тады справядліва з нязвычайных здольнасьцяў яго. Ня было рамясла, якога ня ведаў-бы казак: накурыць гарэлкі, зрабіць воз, намалоць пораху, справіць кавальскую, сьлесарскую работу і, ў дадатак да таго, гуляць напрапад, піць і баляваць, як толькі можа адзін украінец, — усё гэта было яму па плячы. Апрача рэйстравых казакоў, лічыўшых абавязкам зьяўляцца на выпадак вайны, можна было ў кожны час, у выпадку вялікае патрэбы, набраць цэлыя натаўпы ахвочакамонных: варта было толькі есаулам прайсьці па рынках і пляцох усіх сёлаў і мястэчкаў і гукнуць на ўвесь голас, стаўшы на воз: „Гэй, вы, піўнікі, браварнікі! Годзі вам піва варыць, ды валяцца па запечках, ды карміць сваім сытым целам мухі! Ідзеце славы рыцарскай і гонару дабівацца! Вы, плугары, грэчкасеі, аўцапасы, бабалюбы! годзі вам за плугам хадзіць, ды пэцкаць у зямлі свае жоўтыя боты, ды падлазіць да жанок і губіць сілу рыцарскую! пара даставаць казацкай славы!“ І словы гэтыя былі — як іскры, падаўшыя на сухое дзерава. Ратай ламаў свой плуг, бравары і півавары кідалі свае цабры і разьбівалі бочкі, рамесьнік і гандляр пасылаў к чорту і рамясло, і краму, біў гаршкі ў хаце, — і ўсё, што толькі было, сядала на каня. Адно слова: украінскі характар адтрымаў тут магутны шырокі размах, моцную вонкасьць.

Тарас быў адзін з ліку каранных старых палкоўнікаў: увесь ён быў створаны для вайсковае трывогі і ад’значаўся грубаю прастатою свайго нораву. Тады ўплыў Польшчы пачынаў ужо сказвацца на рускай шляхце. Шмат хто пераймаў ужо польскія звычаі, заводзіў роскаш, шыкоўныя слугі, сакалоў, лоўчых, абеды, двары. Тарасу было гэта не па сэрцы. Ён любіў простае жыцьцё казакоў і перасварыўся з тымі з сваіх таварышоў, якія мелі нахіл да варшаўскага боку, завучы іх халопамі польскіх паноў. Вечна неўгамонны, ён лічыў сябе законным абаронцай праваслаўя. Самаупраўна ўваходзіў у сёлы, дзе толькі жаліліся на ўціск арэндароў і на падвышэньне новага мыта з дыму. Сам з сваімі казакамі рабіў над імі расправу і палажыў сабе за правіла, што ў трох выпадках заўсёды трэба ўзяцца за шаблю, ласьне: калі камісары не ўшанавалі ў чым старшыняў і стаялі перад імі ў шапках; калі глуміліся над праваслаўем і не шанавалі звычаю прашчураў, і, нарэшце, калі ворагі былі бусурманы і туркі, проці якіх ён лічыў у кожным выпадку пазвольным падняць зброю на славу хрысьціянства.

Цяпер ён цешыў сябе загадзя думкаю, як ён зьявіцца з двама сынамі сваімі ў Сечу і скажа: „Вось паглядзеце, якіх я малайцоў прывёў да вас!“ як пакажа іх усім старым, загартованым у бітвах, таварышом; як паглядзіць на першыя ўдачы іхнія ў вайсковай навуцы і баляваньні, якое лічыў таксама аднэю з галоўных дастойнасьцяў рыцара. Ён спачатку хацеў быў паслаць іх адных; але, глянуўшы на іхнюю сьвежасьць, росласьць, магутнае цялеснае хараство, загарэўся ваяцкі дух яго, і ён на другі-ж дзень пастанавіў ехаць з імі сам, хоць неабходнасьцю гэтага была адна ўпорлівая воля. Ён ужо клапаціўся і аддаваў загады, выбіраў коні і збрую для маладых сыноў, наведваўся і ў стайні, і ў сьвірны, выбіраў слугаў, якія павінны былі заўтра з імі ехаць. Есаулу Таўкачу перадаў сваю ўладу разам з моцным наказам зьявіцца зараз-жа з усім палком, калі толькі ён падасьць з Сечы якую-нібудзь вестку. Хаця ён быў і пад чаркаю, і ў галаве яго яшчэ брадзіў хмель, аднак-жа не забыў нічога; нават аддаў загад напаіць коні і ўсыпаць ім у жалабы буйнае і лепшае пшаніцы, і прыйшоў змораны ад сваіх клопатаў.

„Ну, дзеці, цяпер дык трэба спаць, а заўтра будзем рабіць тое, што Бог дасьць. Ды не сьцялі нам пасьцелі! нам непатрэбна пасьцель; мы будзем спаць на дварэ“.

Ноч яшчэ толькі-што абняла неба; але Бульба заўсёды клаўся рана. Ён разьлёгся на дыване, накрыўся баранім кажухом, таму што начное паветра было даволі сьвежае і таму што Бульба любіў укрыцца магчыма цяплей, калі быў удома. Ён у хуткім часе захроп, і сьледам за ім увесь двор; усё, што толькі ляжала ў розных яго куткох, захрапло і запяяла. Перш за ўсё заснуў стораж, таму што больш за ўсіх напіўся дзеля прыезду панічоў.

Адна бедная маці ня спала. Яна схілілася да галоваў дарагіх сыноў сваіх, ляжаўшых побач; яна расчэсвала грэбенем іхнія маладыя, неакуратна скудлачаныя валасы і змочвала іх сьлязьмі. Яна глядзела на іх уся, глядзела ўсімі пачуцьцямі, уся абярнулася ў адзін пагляд і не магла наглядзецца. Яна высаіла іх уласнымі грудзьмі; яна вырасьціла, выпесьціла іх — і толькі на адзін міг бачыць іх перад сабою. — „Сыны мае, сыны мае мілыя! што будзе з вамі? што чакае вас?“ — казала яна, і сьлёзы спыніліся ў зморшчках, зьмяніўшых прыгожы калісьці твар яе. Запраўды, яна была бедная, як кожная жанчына таго ўдалага веку. Яна міг толькі жыла каханьнем, толькі ў першую гарачку палкасьці, у першую гарачку моладасьці, і ўжо строгі любы яе пакідаў яе для шаблі, для таварышоў, для баляваньня. Яна бачыла мужа ў год два-тры дні, і пасьля некалькі гадоў аб ім ня бывала чуткі. Дый калі і бачылася з ім, калі яны жылі разам, што-ж за жыцьцё яе было? Яна цярпела зьнявагі, нават пабоі; яна бачыла ласкі, робленыя толькі з літасьці; яна была нейкаю дзіўнаю істотаю ў гэтым зборышчы бязжэнных рыцараў, на якіх разгульнае Запарожжа накідала строгі колёрыт свой. Моладасьць без насалоды мільганула перад ёю, і яе прыгожыя сьветлыя шчокі і персі без пацалункаў адцьвілі і пакрыліся перадчаснымі зморшчкамі. Усё каханьне, усе пачуцьці, усё, што ёсьць далікатнае і палкае ў жанчыны, — усё абярнулася ў яе ў адно матчынае пачуцьцё. Яна з імпатам, з палкасьцю, з сьлязьмі, як сьцяповая чайка, круцілася над дзяцьмі сваімі. Яе сыноў, яе мілых сыноў бяруць ад яе, — бяруць на тое, каб ня ўбачыць іх ніколі! Ці хто ведае, мо’ пры першай бітве татарын сьсячэ ім галовы, і яна ня будзе ведаць, дзе ляжаць пакінутыя целы іх, якія разьдзяўбе жываедная птушка, а за кожную каплю крыві іхняе яна аддала-б сябе ўсю. Плачучы, пазірала яна ім у вочы, калі ўсемагутны сон пачынаў ужо стуляць іх, і думала: „А мо, гэтак Бульба, прачхнуўшыся, адсрочыць дні на два ад’езд; можа ён здумаў дзеля таго гэтак хутка ехаць, што шмат выпіў?“

Месяц з вышыні неба даўно ўжо азорваў увесь двор, напоўнены соннымі, густую купу вербаў і высокі бур’ян, у якіх патануў частакол, абкружаўшы двор. Яна ўсё сядзела каля галоваў мілых сыноў сваіх, ні на мінуту ня зводзіла з іх вачэй і ня думала пра сон. Ужо коні, чуючы золак, усе паляглі на траву і пакінулі есьці; верхнія лісты вербаў пачалі лапатаць, і пакрысе лапатлівая струя спусьцілася па іх да самага нізу. Яна прасядзела да сьвету, ані ня была ўтомлена і ўнутрана жадала, каб ноч працягнулася як мага даўжэй. Са сьцепу паляцела гучнае іржаньне жарабяці; чырвоныя палоскі зырка бліснулі на небе.

Бульба раптам прачхнуўся і ўстаў. Ён вельмі добра помніў усё, што загадваў учора. „Ну, хлопцы, годзі спаць! Пара, пара! Напойце коні! А дзе старая? (гэтак ён звычайна называў жонку сваю). Хутчэй, старая, рыхтуй нам есьці: шлях ляжыць вялікі!“

Бедная старая, пазбаўленая апошняе надзеі, сумна папаўзла ў хату. Тым часам, як яна з сьлязьмі рыхтавала ўсё, што патрэбна да сьнеданьня, Бульба раздаваў свае загады, гаспадарыў на стайні і сам выбіраў для дзяцей сваіх лепшыя вопраткі.

Бурсакі раптам адмяніліся: на іх зьявіліся, замест ранейшых запэцканых ботаў, саф’яныя чырвоныя, з сярэбранымі падкоўкамі; шаравары шырынёю ў Чорнае мора, з тысячаю фалдаў і са зборкамі, перацягнуліся залатым ачкуром; да ачкура прычэплены былі доўгія раменьчыкі, з кісьцямі і іншымі брызгулямі для люлькі. Казакін чырвонага колеру, сукна яснага, як агонь, аперазаўся ўзорчатым паясом; чаканныя турэцкія пісталеты былі засунуты за пояс; шабля бразгала па нагах. Іхнія твары, яшчэ мала загарэлыя, здавалася, пахарашэлі і пабялелі; маладыя, чорныя вусы цяпер неяк зырчэй адценьвалі бель іх і здаровы, магутны колер юнацтва; яны былі харошыя пад чорнымі баранімі шапкамі, з залатым вярхом. Бедная маці! Яна як убачыла іх, яна і слова не магла прамовіць, і сьлёзы спыніліся ў вачох яе.

„Ну, сыны, усё гатова! няма чаго марудзіць!“ — сказаў, нарэшце, Бульба. „Цяпер, паводле звычаю хрысьціянскага, трэба перад дарогаю ўсім сесьці“.

Усе селі, не вылучаючы нават і хлапцоў, стаяўшых пашанліва каля дзьвярэй.

„Цяпер багаславі, маці, дзяцей сваіх!“ сказаў Бульба: „малі Бога, каб яны ваявалі адважна, каб баранілі заўсёды гонар лыцарскі, каб стаялі заўсёды за веру Хрыстову, а не — хай лепш загінуць, каб і духу іхняга ня было на сьвеце! Падыйдзеце, дзеці, да маці: малітва матчына і на вадзе і на зямлі ратуе!“

Маці, слабая, як маці, абняла іх, вынясла два невялічкія абразкі, начапіла ім, плачучы, на шыю. „Хай крые вас… Божая Маці… Не забывайце, сынкі, маці вашу… прышлеце хоць вестачку аб сабе…“ Далей яна не магла гаварыць.

„Ну, хадзем, дзеці!“ — сказаў Бульба.

Ля ганку стаялі аседланыя коні. Бульба скокнуў на свайго Чорта, які шалёна адхіснуўся, пачуўшы на сабе дваццацёхпудовае бярэмя, таму што Тарас быў над’звычайна цяжкі і тоўсты.

Калі ўбачыла маці, што ўжо і сыны яе селі на коні, яна кінулася да меншага, у якога ў рысах твару выказвалася болей нейкай далікатнасьці; яна схапіла яго за стрэмя, яна прыліпла да сядла, яго і, з роспачу ў вачох, не выпушчала яго з рук сваіх. Два дужыя казакі ўзялі яе асьцярожненька і аднясьлі ў хату. Але калі выехалі яны за вароты, з усёю лёгкасьцю дзікае казы, нязгоднай з яе гадамі, выбегла яна за вароты, з незразумелаю сілаю спыніла каня і абняла аднаго з сыноў з нейкаю шалёнаю, бясчулаю гарачнасьцю. Яе ізноў адвялі.

Маладыя казакі ехалі сумна і стрымлівалі сьлёзы баючыся бацькі, які, з свайго боку, быў таксама крыху засмучаны, хоць і стараўся гэтага не паказваць. Дзень быў шэры; зяленіва блішчала зырка; птушкі шчабяталі неяк у разлад. Яны, адехаўшы, азірнуліся назад: хутар іх як быццам праваліўся ў зямлю, толькі відаць было над зямлёю два коміны скромнае іхняе хаты ды вярхі дрэваў, па сукох якіх яны лазілі, як вавёркі; яшчэ слаўся перад імі той луг, па якім яны маглі прыпомніць усю гісторыю свайго жыцьця, ад гадоў, калі чакалі ў ім чорнабрывае казачкі, баязьліва пералятаўшай праз яго сваімі сьвежымі, хіжымі нагамі. Вось ужо адзін толькі коварат над калодзежам, з прывязаным угары колам ад воза, адзінотна стырчыць у небе; ужо раўніна, якую яны праехалі, здаецца здалёк гарою і ўсё сабою закрыла. — Бывайце і дзяцінства, і гульні, і ўсё, і ўсё!


ІІ

Усе тры коньнікі ехалі маўкліва. Стары Тарас думаў аб даўным: перад ім праходзіла яго моладасьць, яго гады, яго прайшоўшыя гады, аб якіх заўсёды плача казак, які хацеў-бы, каб ўсё жыцьцё яго было моладасьць. Ён думаў аб тым, каго ён сустрэне ў Сечы з сваіх ранейшых таварышоў. Ён аблічаў, якія ўжо паўміралі, якія жывуць яшчэ. Сьляза паціху круглілася на яго зеніцы, і пасівелая галава яго тужліва панурылася.

Сыны яго былі занятыя іншымі думкамі. Але трэба сказаць крыху болей аб сынох яго. Яны былі адданы на дванаццатым годзе ў кіеўскую акадэмію, таму што ўсе ганаровыя саноўнікі таго часу лічылі неабходнасьцю даць выхаваньне сваім дзецям, хоць гэта рабілася з тым, каб пасьля зусім запомніць яго. Яны тады былі, як усе, паступаўшыя ў бурсу, дзікія, выхаваныя на волі, і там ужо звычайна яны крыху шліфаваліся і даставалі нешта агульнае, рабіўшае іх падобнымі адзін да аднаго. Старэйшы, Астап, пачаў з таго сваё вучэньне, што ў першы яшчэ год уцёк. Яго вярнулі, высьцебалі страшэнна і засадзілі за кнігу. Чатыры разы закопваў ён свой лементар у зямлю, і чатыры разы, адластажыўшы яго непалюдзку, куплялі яму новы. Але, бяз сумліву, ён паўтарыў-бы і пяты, каб бацька ня даў яму ўрачыстае абяцанкі пратрымаць яго ў манастырскіх служках цэлых дванаццаць гадоў і не пабажыўся наперад, што ён ня ўбачыць Запарожжа ніколі, калі ня вывучыцца ў акадэміі ўсіх навукаў. Цікава, што гэта казаў той-жа самы Тарас Бульба, які ганіў усю вучонасьць і радзіў, як мы ўжо бачылі, дзецям зусім не займацца ёю. З гэтага часу Астап пачаў з нязвычайнаю старанлівасьцю сядзець за ныткаю кнігаю і хутка стаў побач з лепшымі. Тагочасны род навукі страшэнна разыходзіўся з характарам жыцьця: гэтыя схолястычныя, граматычныя, рыторычныя і лёгічныя тонкасьці рашуча не дакраналіся да часу, ніколі не датарноўваліся і не паўтараліся ў жыцьці. Тыя, хто вучыўся іх, ні да чаго не маглі прывязаць свае веды, хоць-бы нават меней схолястычнае. Самыя тагочасныя вучоныя больш за іншых былі невукі, таму што зусім былі ўхілены ад дасьведчаньня. Да таго-ж яшчэ гэтае рэспубліканскае ўстройства бурсы, гэтая жахлівая маса маладых, дужых, здаровых людзей, усё гэта павінна было ім суліць працу зусім вонках іхняга школьнага занятку. Інады благое утрыманьне, інады частыя кары голадам, інады шмат якія патрэбы, што паўставалі ў здаровым моцным юнаку, усё гэта, злучыўшыся, радзіла у ім тую прадпрыемлівасьць, якая пасьля разьвівалася на Запарожжы. Галодная бурса палявала па вуліцах Кіева і змушала ўсіх быць асьцярожнымі. Гандляркі, сядзеўшыя на рынку, заўсёды затулялі рукамі сваімі пірагі, абаранкі, гарбузовае насеньне, як арліцы дзяцей сваіх, калі толькі бачылі праходзіўшага бурсака. Консуль, які павінен быў, паводле свайго абавязку, наглядаць за падданымі яго веданьню таварышамі яго, меў гэткія страшэнныя кішані ў сваіх нагавіцах, што мог памясьціць туды усю крамку няуважлівае гандляркі. Гэтыя бурсакі складалі зусім асобны сьвет: у кола вышэйшае, якое складалася з польскае і украінскае шляхты, яны не дапушчаліся. Сам ваявода Адам Кісель, ня гледзячы на выказваную патронацыю акадэміі, ня ўводзіў іх у грамадзянства і загадваў трымаць іх магчыма стражэй. Урэшце, гэтае настаўленьне было зусім лішняе, таму што рэктар і прафэсары-манахі не шкадавалі лозаў і бізуноў, і часта ліктары, па іх загаду, лупцавалі сваіх консуляў гэтак жорстка, што тыя па некалькі тыдняў пачэсвалі свае шаравары. Шмат якім з іх гэта было зусім нішто і здавалася крыху чым мацнейшым за добрую гарэлку з перцам; іншым, нарэшце, моцна абрыдалі гэткія бесьперастанныя прыпаркі, і яны ўцякалі на Запарожжа, калі ўмелі знайсьці дарогу і калі самі ня былі перапыненымі ў дарозе. Астап Бульба, ня гледзячы на тое, што пачаў з вялікаю стараннасьцю вучыцца лёгікі і нават багаслоўя, ніяк ня выкручваўся ад неумалімых розгаў. Натуральна, што ўсё гэта павінна было неяк ажорстчыць характар і надаць яму цьвёрдасьці, якою заўсёды адрозьніваліся казакі. Астап лічыўся заўсёды адным з лепшых таварышоў. Ён рэдка камандаваў іншымі ў адважных прадпрыемствах — абабраць чужы сад або агарод, але затое ён быў заўсёды адным з першых, прыходзіўшых пад штандары прадпрыемлівага бурсака, і ніколі, ні ў якім выпадку, не выдаваў сваіх таварышоў; ніякія бізуны і розгі не маглі прымусіць яго гэта зрабіць. Ён быў строгі да іншых пабуджэньняў, апрача вайны і разгульнага ігрышча; па крайняй меры, ніколі блізка што аб іншым ня думаў. Ён быў простадушны з роўнымі. Ён меў дабрату ў гэткім выглядзе, у якім яна магла толькі істнаваць пры гэткім характары і ў той час. Ён да душы быў крануты сьлязьмі беднае маці, і гэта адно яго толькі смуціла і прымушала задумліва спусьпіць голаў.

Меншы брат яго, Андрый, меў пачуцьці крыху жывейшыя і неяк больш разьвіненыя. Ён вучыўся ахватней і без натугі, з якою звычайна бярэцца цяжкі і сільны характар. Ён быў спрытнейшы на выдумкі за свайго брата, часьцей зьяўляўся павадыром даволі небясьпечнага прадпрыемства і іншы раз, пры падмозе вынаходлівага розуму свайго, умеў выкручвацца ад кары, тады як брат яго, Астап, адлажыўшы ўсякае попеченіе, скідаў з сябе сьвітку і клаўся на падлогу, зусім ня думаючы прасіць літасьці. Ён таксама кіпеў смагаю подзьвігу, але разам з ёю душа яго была даступнаю і іншым пачуцьцём. Патрэба каханьня загарэлася ў ім жыва, калі ён перайшоў за восемнаццаць гадоў; жанчына часьцей пачала паказвацца гарачым лятуценьням яго; ён, слухаючы філёзофскія дыспуты, бачыў яе штомінуты сьвежую, чарнавокую, далікатную. Перад ім бесьперарыўна мігцелі яе бліскучыя, пруткія персі, далікатная, прыгожая, уся голая рука; самая вопратка абліпаўшая вакол яе дзявоцкіх і разам моцных мускулаў, дыхала ў яго лятуценьнях нейкім нявымоўным салодкім імпатам. Ён старанліва ўтойваў ад сваіх таварышоў гэтыя рухі палкае юнацкае душы, таму што ў тагочасны век было сорамна і бясчэсна думаць казаку аб жанчыне і каханьні, ня зьведаўшы бітвы. Наагул у апошнія гады ён радчэй зьяўляўся павадыром якой-нібудзь ватагі, але часьцей цягаўся адзін дзе-нібудзь у ціхім завулку Кіева, затопленага ў вішнёвых садох, сярод нізенькіх хатак, прынадна пазіраўшых на вуліцу. Іншы раз ён заходзіў і ў вуліцу арыстакратаў, у цяперашнім старым Кіеве, дзе жыла украінская і польская шляхта і дзе хаты былі выбудаваны з пэўным густам. Аднаго разу, калі ён разявіўся, на яго блізка што наехала брычка нейкага польскага пана, і сядзеўшы на козлах хурман з вельмі страшнымі вусамі аперазаў яго вельмі спрытна пугай. Малады бурсак закіпеў: з шалёнай адвагаю схапіў ён дужаю рукою сваёю за задняе кола і спыніў брычку. Але хурман, баючыся расправы, даў па конях, яны рванулі, — і Андрый, на шчасьце пасьпеўшы адхапіць руку, шлёпнуўся на зямлю проста тварам у балота. Самы звонкі і гарманічны сьмех пачуўся над ім. Ён падняў вочы і ўбачыў стаяўшую ля вакна красуню, якое яшчэ ня бачыў з роду: чарнавокую і белую, як сьнег, асьветлены ранешнім румянцам сонца. Яна сьмяялася ад усяе душы, і сьмех надаваў бліскучую сілу яе асьляпляльнаму хараству. Ён атарапеў. Ён глядзеў на яе, зусім зьбянтэжыўшыся, нясвойска абціраючы з твару свайго балота, якім яшчэ больш замазваўся. Хто-ж бы была гэтая красуня? Ён хацеў быў даведацца ад чэлядзі, якая натаўпам, у багатай вопратцы, стаяла за брамаю, абкружыўшы іграўшага маладога бандурыстага. Але чэлядзь падняла сьмех, убачыўшы яго запэцканую морду, і не ўдастоіла яго адказам. Нарэшце ён даведаўся, што гэта была дачка прыехаўшага на час ковенскага ваяводы. У чародную-ж ноч, з належнаю да адных бурсакоў рызыкаю, ён пералез праз частакол у сад, залез на дзерава, якое раскідалася галінамі на самую стрэху хаты; з дзерава пералез ён на страху і праз комін залез проста ў спальню да красуні, якая ў гэты час сядзела перад сьвечкаю і вымала з вушэй сваіх дарагія завушніцы. Прыгожая панечка гэтак спалохалася, убачыўшы раптам перад сабою незнаёмага чалавека, што не магла вымавіць ніводнага слова; але калі заўважыла, што бурсак стаяў, спусьціўшы вочы і ня сьмеючы ад трусасьці варушыць рукою, калі пазнала ў ім таго самага, які ўпаў перад яе вачыма на вуліцы, дык сьмех ізноў апанаваў яе. Пры гэтым у Андрыевых рысах нічога ня было страшнага: ён быў вельмі харошы. Яна ад душы сьмяяляся і доўга забаўлялася над ім. Красуня была ветраная, як палячка; але вочы яе, вочы цудоўныя, прабіўча-ясныя, кідалі пагляд доўгі, як заўсёднасьць. Бурсак ня мог паварушыць рукою і быў зьвязаны, як у мяшку, калі ваяводава дачка адважна падыйшла да яго, узлажыла яму на галаву сваю бліскучую дыядэму, павесіла на губы яму завушніцы і накінула на яго кісейную празрыстую шэмізэтку з фэстонамі, вышытымі золатам. Яна ўбірала яго і рабіла з ім тысячу розных глупстваў, з развязнасьцю дзіцяці, якою адрозьніваюцца ветраныя палячкі і якая ўкінула беднага бурсака ў яшчэ большае зьдзіўленьне. Ён выглядаў сьмешнаю фігураю, разявіўшы рот і пазіраючы нярухома ў яе асьляпляльныя вочы. Стукат, разьлёгшыся ў гэты час каля дзьвярэй спалохаў яе. Яна загадала яму схавацца пад ложка, і як толькі неспакой прайшоў, клікнула сваю пакаёўку, палонную татарку, і дала ёй загад асьцярожна вывясьці яго ў сад і адтуль выправіць праз плот. Але гэтым разам бурсак наш ня так шчасьліва пералез праз плот: прачхнуўшыся стораж добра пацягнуў яго па нагах і сабраная чэлядзь доўга лупцавала яго на вуліцы, пакуль быстрыя ногі не ўратавалі яго. Пасьля гэтага праходзіць каля дому было вельмі небясьпечна, таму што чэлядзь у ваяводы была вельмі вялікая лікам. Ён сустрэў яе яшчэ раз у касьцёле: яна заўважыла яго і вельмі прыемна усьмяхнулася, як даўнаму знаёмаму. Ён бачыў яе сьлізгачом яшчэ адзін раз; і пасьля гэтага ваявода ковенскі хутка выехаў, і замест прыгожае чарнавокае палячкі выглядаў з вокнаў нейкі тоўсты твар. Вось аб чым думаў Андрый, павесіўшы галаву і ўтаропіўты вочы ў грыву каня свайго.

А тымчасам сьцеп ужо даўно прыняў іх у свае зялёныя абоймы, і высокая трава абступіўшы схавала іх, і толькі чорныя казацкія шапкі адны паказваліся паміж яе каласамі.

„Э, э, э! што-ж гэта вы, хлопцы, гэтак прыціхлі?“ — сказаў, нарэшце, Бульба, апрытомнеўшы ад свае задуманасьці: „як быццам якія чарнецы! Ну, разам усе думкі к нячыстаму! Бярэце ў зубы люлькі, ды закурым, ды прышпорым коні, ды паляцімо так, каб і птушка ня ўгналася за намі!“

І казакі, прыгнуўшыся да коняй, прапалі ў траве. Ужо і чорных шапак нельга было бачыць; адна толькі струя сьцісканае травы паказвала сьлед іхняга шпаркага бегу.

Сонца выглянула даўно на расчышчаным небе і жывячым, цёплатворным сьвятлом сваім абліло сьцеп. Усё, што сумнае і соннае было на душы ў казакоў, у міг зьляцела; сэрцы іхнія трапяснуліся, як птушкі.

Сьцеп, чым далей, тым больш харашэў. Тады ўвесь Поўдзень, увесь той прастор, які складае цяперашнюю Новаросію да самага Чорнага мора, быў зялёнаю, дзявочнаю пушчаю. Ніколі плуг не праходзіў па нязьмерных хвалях дзікіх расьлінаў; адны толькі коні, што хаваліся ў іх, як у лесе, вытоптавалі іх. Нішто ў прыродзе не магло быць лепшым; уся паверхня зямлі выглядала зялёна-залатым акіянам, па якім пырснулі мільёны розных красак. Праз тонкія, высокія сьцёблы травы пралазілі блакітныя, сінія і чырвоныя валошкі; жоўты дрок выскакваў угару сваім пірамідальным вяршочкам; белая кашка парасонкаватымі шапкамі рабела на паверхні; занесены, Бог ведае скуль, колас пшаніцы наліваўся ў гушчы. Пад тонкімі іх карэньнямі шугалі курапаткі, выцягнуўшы свае шыі. Паветра было напоўнена тысячаю розных птушыных сьвістаў. У небе нярухома стаялі каршуны, распасьцёршы свае крыльля і нярухома ўпёршы вочы свае ў траву. Крык ляцеўшае ў баку хмары дзікіх гусей аддаваўся, Бог ведае, у якім далёкім возеры. З травы паднімалася мернымі махамі чайка і раскошна купалася ў сініх хвалях паветра. Вун яна прапала ў вышыні і толькі мігціць аднэю чорнаю плямкаю; вун яна перакулілася крыламі і бліснула перад сонцам… Чорт вас вазьмі, сьцяпы, як-жа вы харошыя!..

Нашыя пілігрымы спыняліся толькі на некалькі мінут дзеля абеду, пры чым ехаўшы з імі аддзел з дзесяцёх казакоў, злазіў з коняй, адвязваў дзеравяныя баклажкі з гарэлкаю і гарбузы, ужываныя заместа судзінаў. Елі толькі хлеб з салам або каржы, пілі толькі па аднэй чарцы, адзіна для падмацаваньня, таму што Тарас Бульба не пазваляў ніколі напівацца ў дарозе, і ехалі ізноў да вечару. Увечары ўвесь сьцеп зусім пераменьваўся: увесь пярэсты прастор яго ахапляўся апошнім зыркім водбліскам сонца і паступова цямнеў, так што відаць было, як цень перабягаў па ім, і ён рабіўся цёмна-зялёны; выпарэньні паднімаліся гусьцей; кожная красачка, кожная травіца выпушчала амбру, і ўвесь сьцеп курэў прыемным пахам. Па небе, зблакітна-цёмным, як быццам ісполінскім пэндзалем, наляпаны былі шырокія поласы з рожавага золата; калі-не-калі бялелі камякамі лёгкія і празрыстыя вобалакі, і самы сьвежы, прывабны, як марскія хвалі, ветрык ледзь гойдаўся на вяршочках травы і ледзь дакранаўся да шчокаў. Уся музыка, гудзеўшая ўдзень, заціхала і зьмянялася іншаю. Пярэстыя сусьлікі выпаўзалі з нораў сваіх, станавіліся на заднія лапкі і агалошвалі сьцеп сьвістам. Трашчаньне конікаў рабілася чутнейшым. Іншы раз чуўся з якога- нібудзь адзінотнага возера крык лебедзя і, як серабро, разлягаўся ў паветры. Падарожныя, спыніўшыся сярод палёў, выбіралі начлег, раскладалі агонь і ставілі на яго саган, у якім варылі сабе куліш: пара адлучалася і коса дымілася на паветры. Павячэраўшы, казакі клаліся спаць, пусьціўшы на траву спутаныя коні свае. Яны раскладаліся на сьвітках. На іх проста глядзелі начныя зоры. Яны чулі сваім вухам увесь нязьлічаны сьвет кузулек, напаўняўшых траву: увесь іхні трэскат, сьвіст, шарахценьне, — усё гэта гучна разьлягалася сярод ночы, ачышчалася ў сьвежым паветры і ўкалыхвала драмаўшы слух. Калі-ж хто з іх паднімаўся і ўставаў на час, дык яму здаваўся сьцеп усеяным бліскучымі іскрамі зіхацеўшых чарвей. Інады начное неба ў розных месцах асьвятлялася далёкім займішчам ад выпальванага на лугох і рэках сухога чарату, і цёмная вераніца лебедзяў, ляцеўшых на поўнач, раптам асьвятлялася сярэбрана-рожавым сьвятлом, і тады здавалася, што чырвоныя хусткі ляталі па цёмным небе.

Падарожныя ехалі бяз ніякіх прыгодаў. Нідзе не пападаліся ім дрэвы: усё той-жа бясконцы, вольны, прыгожы сьцеп. Часамі толькі ў баку сінелі вярхі далёкага лесу, што цягнуўся па берагох Дняпра. Адзін тольлі раз Тарас паказаў сыном на маленечкую, чарнеўшую ў далёкай траве, плямку, сказаўшы: „Глядзеце, дзеткі, вун едзе татарын!“ Маленькая галоўка з вусамі ўтаропіла здалёк проста на іх вочы свае, панюхала паветра, як гончы сабака, і, як сарня, прапала, ўбачыўшы, што казакоў было трынаццаць чалавек. „А ну, дзеці, папрабуйце даганіць татарына! і не прабуйце, — ніколі ня зловіце: у яго конь быстрэйшы за майго Чорта.“ Аднак-жа Бульба ўзяў перасьцярогу, баючыся дзе-нібудзь схаванае засадкі. Яны прыехалі да невялічкае рэчкі, званае Татаркаю, якая ўпадае ў Дняпро, кінуліся ў ваду з коньмі сваімі і доўга плылі па ёй, каб схаваць свой сьлед, і тады ўжо, выбраўшыся на бераг, яны ехалі далей.

Цераз тры дні пасьля гэтага яны былі ўжо недалёка ад месца, быўшага мэтаю іхняе падарожы. У паветры раптам захаладзела: яны пачулі, што блізка Дняпро. Вось ён зіхаціць у воддалі і цёмнаю палоскаю аддзяліўся ад гарызонту. Ён веяў халоднымі хвалямі і расьсьцілаўся бліжэй, бліжэй, і нарэшце ахапіў палову ўсяе паверхні зямлі. Гэта было тое месца Дняпра, дзе ён, дагэтуль сьпёрты парогамі, браў, нарэшце, сваё і шумеў, як мора, разьліўшыся па волі, дзе кінутыя ў сярэдзіну яго астравы выціскалі яго яшчэ далей з берагоў, і хвалі яго слаліся шырока па зямлі, не сустрачаючы ні скалаў, ні ўзвышшаў. Казакі зыйшлі з коняй сваіх, узыйшлі на паром і цераз тры гадзіны былі ўжо каля берагоў остраву Хортыцы, дзе была тады Сеча, гэтак часта зьмяняўшая сваю сядзібу.

Купа народу лаялася на беразе з перавозчыкамі. Казакі аглядзелі коні. Тарас прыхарашыўся, сьцягнуў на сабе магчыма тужэй пояс і горда правёў рукою па вусох. Маладыя сыны яго таксама аглядзелі сябе з ног да галавы, з нейкім страхам і неазначальнаю ўцехаю, і ўсе разам уехалі ў прадмесьце, якое было за паўвярсты ад Сечы. Пры ўезьдзе, іх аглушыла пяцьцзесят кавальскіх малатоў, удараўшых у дваццацёх пяцёх кузьнях, укрытых дзірваном і выкапаных у зямлі. Дужыя гарбары сядзелі пад паветкаю ганкаў на вуліцы і мя́лі сваімі здаравяцкімі рукамі валовыя скуры, крамнікі пад яткамі сядзелі з гурбамі крамянёў, крэсівамі і порахам; армянін разьвесіў дарагія хусткі; татарын варочаў на ражнох баранія кавалкі з цестам; жыд, выставіўшы ўперад сваю галаву, цадзіў з бочкі гарэлку. Але першы, хто папаўся ім насустрэчу, гэта быў запарожац, спаўшы на самай сярэдзіне дарогі, раскінуўшы рукі і ногі. Тарас Бульба ня мог ня спыніцца і не пацешыцца з яго. „Эх, як важна разваліўся! Фу ты, якая пышная фігура!“ казаў ён, стрымаўшы каня. Запраўды, гэта быў абраз даволі сьмелы: запарожац, як леў, расьцягнуўся на дарозе; закінуты горда чуб яго захапляў на паўаршына зямлі; шаравары з чырвонага дарагога сукна былі запэцканы дзёгцем дзеля паказаньня поўнае да іх пагарды. Наглядзеўшыся, Бульба ехаў далей па цеснай вуліцы, якая была завалена майстрамі, тут-жа спраўляўшымі майстроўку сваю, і людзьмі ўсіх нацыяў, напаўняўшымі гэтае прадмесьце Сечы, якое было падобным да кірмашу і якое апранала і карміла Сечу, умеўшую толькі гуляць ды паліць з стрэльбаў.

Нарэшце яны мінулі прадмесьце і ўбачылі колькі параскіданых курэняў, пакрытых дзёрнамі або, пататарску, вайлаком. Некаторыя абстаўлены былі гарматамі. Нідзе ня відаць было плоту, або тых нізенькіх хатак з паветкамі на нізенькіх дзеравяных стоўпчыках, якія былі ў прадмесьці. Невялічкі вал і засека, непільнаваныя рашуча нікім, паказвалі страшэнную бясьпечнасьць. Некалькі здаравяцкіх запарожцаў, ляжаўшых з люлькамі ў зубах на самай дарозе паглядзелі на іх даволі спакойна і не зварухнуліся з месца. Тарас асьцярожна праехаў з сынамі паміж іх, сказаўшы: „Дзень добры, панове!“ — „Дзень добры й вам!“ адказвалі запарожцы. Усюды, па ўсім полі, маляўнічымі купамі рабеў народ. Па чырвоных тварах відаць было, што ўсе яны былі загартованыя ў бітвах, спрабавалі ўсялякіх злыбедаў. Дык вось яна, Сеча! Вось тое гняздо, адкуль вылятаюць усе тыя гордыя і моцныя, як львы! Вось адкуль разьліваецца воля і казацтва на ўсю Украіну!

Падарожнікі выехалі на шырокі пляц, дзе звычайна зьбіралася рада. На вялікай перакуленай бочцы сядзеў запарожац без сарочкі; ён трымаў яе ў руках і марудна зашываў на ёй дзіры. Ім ізноў загарадзіў дарогу цэлы натаўп музыкаў, у сярэдзіне якіх скакаў малады запорожац, заламаўшы шапку чортам і выцягнуўшы рукі. Ён крычаў толькі: „Жывей іграйце, музыкі! Не шкадуй, Фама, гарэлкі праваслаўным хрысьціянам!“ І Фама, з падбітым вокам, мераў бяз ліку кожнаму прыставаўшаму па вялізарнейшым кубку. Каля маладога запарожца чацьвёра старых выраблялі даволі дробна нагамі, кідаліся, як віхар, на бок, ледзь не на галаву музыкам, і раптам, апусьціўшыся, ляцелі ў прысядку і білі, крута і моцна, сваімі сярэбранымі падкоўкамі шчыльна ўбітую зямлю. Зямля глуха гула на ўсю акругу, і ў паветры далёка разьлягаліся гапакі і трапакі, выбіваныя звонкімі падковамі ботаў. Але адзін жывей за ўсіх пакрыкваў і ляцеў сьледам за іншымі ў скоку. Чуб трапястаўся на ветры, усе адкрытымі былі сільныя грудзі; цёплы зімовы кажух быў апранены ў рукавы, і пот градам ліў з яго, як з вядра. — „Ды скінь хоць кажух!“ — сказаў, нарэшце, Тарас: „бачыш, як парыць.“ — „Ня можна!“ крычаў запарожац. — „Чаму?“ — „Ня можна; у мяне ўжо гэткі характар: што скіну, тое і прап’ю.“ А шапкі ўжо даўно ня было на малайцу, ні пояса на каптане, ні вышытае хустачкі: усё пашло, куды трэба. Натаўп рос; да скакаўшых далучаліся іншыя, і нельга было бачыць, бяз унутранага руху, як усё аддзірала скок самы вольны, самы шалёны, які толькі бачыў калі-нібудзь сьвет, і які, па сваіх магутных выдумшчыках, названы казачком.

„Эх, каб ня конь!“ — гукнуў Тарас: „пусьціўся-б, дапраўды, пусьціўся-б сам у скок!“

А тым часам у народзе пачалі пападацца і ўшанованыя па заслугах усёю Сечаю сівыя, старыя чубы, бываўшыя няраз старшынямі. Тарас тутка сустрэў шмат знаёмых асобаў. Астап і Андрый чулі толькі прывітаньні: „А гэта ты, Пячэрыца! Здароў, Казалуп!“ — „Ты як сюды зайшоў, Долата? Здароў, Кірдзяга! Здароў, Густы! Ці-ж думаў я бачыць цябе, Рамень?“ І вітэзі, якія сабраліся з усяго разгульнага сьвету ўсходняе Расеі, цалаваліся ўзаемна, і тут паляцелі пытаньні: „А што Касьян? што Бародаўка? што Калапэр? што Підсышок?“ І чуў толькі ў адказ Тарас Бульба, што Бародаўка павешаны ў Талапане, што з Калапэра зьдзёрлі скуру пад Кізыкірмэнам, што Піпсышкова галава пасолена ў бочцы і адаслана ў самы Царград. Панурыў галаву стары Бульба і раздумліва казаў: „Добрыя былі казакі!“


ІІІ

Ужо каля тыдня Тарас Бульба жыў з сынамі сваімі ў Сечы. Астап і Андрый мала займаліся вайсковаю школаю. Сеча ня любіла затрудняць сябе вайсковымі муштрамі і марнаваць час; моладзь выгадоўвалася і адукоўвалася ў ёй адным дасьведчаньнем, у самым агні бітваў, якія праз гэта былі блізка што бесьперарыўныя. Казакі лічылі нудным займаць перарывы вывучэньнем якое-нібудзь дысцыпліны, апрача хіба страляньня ў цэль, ды час ад часу коннага бегу і лёту за зьверам у сьцяпох і лугох; увесь іншы час аддаваўся гульбе — прыкмеце шырокага размаху духоўнае волі. Уся Сеча выяўляла сабою нязвычайнае зьявішча: гэта было нейкае бесьперарыўнае банкетаваньне, баль, пачаты шумна і згубіўшы канец свой. Некаторыя займаліся майстроўкамі, іншыя трымалі крамкі і гандлявалі; але большая часьць гуляла з раніцы да вечару, калі ў кішанёх зьвінела магчымасьць і дабытае дабро не перайшло яшчэ ў рукі гандляроў і шынкароў. Гэтае агульнае банкетаваньне мела ў сабе нешта ачароўваўшае. Яно ня было зборышчам п’яніц, напіваўшыхся з гора; але было проста шалёнае разгульле вясёласьці. Кожны прыходзіўшы сюды забываў і кідаў усё, што дасюль яго займала. Ён, можна сказаць, пляваў на сваё мінулае і бясклопатна аддаваўся волі і таварыству гэткіх-жа самых, як сам, гулякаў, ня меўшых ні радні, ні кута, ні дружыны, апрача вольнага неба і вечнага болю душы свае. Гэта вытварала тую шалёную вясёласьць, якая не магла-б нарадзіцца а ні з якое іншае крыніцы. Расказы і балбатня, сярод сабранага натаўпу, гультайна адпачываўшага на зямлі, часта гэткія былі сьмешныя і дыхалі гэткаю сілаю жывога расказу, што трэ’ было мець усю спакойную павярхоўнасьць запарожца, каб захоўваць нярухомы выраз твару, не маргнуўшы нават вусам, — вострая рыса, якою адрозьніваецца дасюль ад іншых братоў сваіх паўднёвы расіянін. Вясёласьць была п’яная, гучная, але пры ўсім гэтым гэта ня быў чорны шынок, дзе панура-скрыўляўшаю вясёласьцяй няпрытомніцца чалавек; гэта было цеснае кола школьных таварышоў. Розьніца была толькі ў тым, што, замест сядзеньня за паказкаю і будзённых толкаў настаўніка, яны рабілі налёт на пяцёх тысячах коняй: замест сенажаці, дзе гуляюць у качолку, у іх былі непільнаваныя бясьпечныя граніцы, паглядаючы на якія татарын выказваў быструю сваю галаву і нярухома, строга паглядаў турак у зялёнай чалме сваёй. Розьніца тая, што заместа сільнае волі, злучыўшай іх у школе, яны самі, сваім наманам, кінулі сваіх бацькоў і матак і ўцяклі з бацькаўскіх хатаў; што тут былі тыя, у якіх ужо целяпалася каля шыі вяроўка і якія, заместа белае сьмерці, ўбачылі жыцьцё, і жыцьцё ўва ўсім разгуле; што тут былі тыя, якія, паводле добрага звычаю, не маглі ўтрымаць у кішані сваім капейкі; што тут былі тыя, якія дасюль чырвонец лічылі за багацьце, у якіх па міласьці арэндатараў-жыдоў, кішані можна было вывярнуць бяз ніякага страху што-нібудзь выкінуць. Тут былі ўсе бурсакі, ня вытрываўшыя акадэміцкіх лозаў і ня вынясшыя з школы ніводнае літары; але разам з імі тут былі і тыя, якія ведалі, што такое Горацый, Цыцэрон і рымская рэспубліка. Тут было шмат тых афіцэраў, якія пасьля ад’значаліся ў каралеўскім войску; тут была грамада выкручаных дасьведчаных партызанаў, якія мелі добрае перакананьне думаць, што ўсё роўна дзе ваяваць, абы толькі ваяваць, таму што няпрыстойна шляхотнаму чалавеку быць бяз бітвы. Шмат было і гэткіх, якія прыйшлі на Сечу з тым, каб пасьля сказаць, што яны былі ў Сечы, і ўжо загартованыя рыцары. Але каго тут ня было? Гэта дзівачная рэспубліка была якраз патрэбаю таго веку. Аматары да вайсковага жыцьця, да залатых кубкаў, багатых парчаў, дукатаў і рэалаў, у кожны час маглі знайсьці тут працу. Адныя толькі абожвальнікі жанчынаў не маглі знайсьці тут нічога, таму што нават у прадмесьце Сечы ня сьмела паказвацца ніводная жанчына.

Астапу і Андрыю здавалася над’звычайна дзіўным, што пры іх-жа прыходзіла на Сечу бяздоньне народу і хоць-бы хто-нібудзь спытаўся: адкуль гэтыя людзі, хто яны і як іх завуць? Яны прыходзілі сюды, як быццам вяртаючыся ў сваю ўласную хату, адкуль толькі за гадзіну перад гэтым выйшлі. Той, хто прыходзіў, зьяўляўся толькі да кашавога, які звычайна казаў: „Здароў! Што, у Хрыста верыш?“ — „Веру!“ — адказваў прыйшоўшы. — „І ў Тройцу Сьвятую верыш?“ — „Веру!“ — „І ў цэркву ходзіш?“ — „Хаджу!“ — „А ну, перахрысьціся!“ Прыйшоўшы хрысьціўся. — „Ну, добра!“ — адказваў кашавы: „дык ідзі, ў які сам хочаш, курэнь.“ Гэтым і канчалася ўся цэрамонія. І ўся Сеча малілася ў аднэй царкве і гатова была бараніць яе да апошняй каплі крыві, хоць і слухаць не хацела пра пост і ўстрымліваньне. Толькі пабуджваныя сільнаю карысьцяй жыды, армяне і татары адважваліся жыць і гандляваць у прадмесьці, таму што запарожцы ніколі ня любілі таргавацца, а колькі рука выняла з кішаня грошай, столькі і плацілі. Урэшце, лёс гэтых карысталюбівых гандляроў быў вельмі варт жалю: яны былі падобнымі да тых, што сяліліся ля падошвы Вэзувія, таму што як толькі ў запарожцаў не хапала грошай, дык удалыя разьбівалі іхнія крамкі і бралі заўсёды дарма. Сеча складалася з шэсьцьдзесяцёх з лішкаю курэняў, якія вельмі падобны былі на паасобныя незалежныя рэспублікі, а яшчэ больш на школу і бурсу дзяцей, якія жылі на ўсім гатовым. Ніхто нічога не заводзіў і нічога ня трымаў у сябе: усё было на руках у курэннага атамана, які за гэта звычайна насіў назоў бацькі. У яго былі на руках грошы, вопраткі, увесь харч, саламата, каша і нават апал; яму аддавалі грошы на схоў. Нярэдка адбывалася сварка ў курэняў з курэнямі; у гэткім выпадку справа зараз-жа даходзіла да бойкі. Курэні ўкрывалі пляц і кулакамі ламалі адзін аднаму бакі, пакуль адны не перамагалі нарэшце і ня бралі гары, і тады пачыналася гульня. Гэткая вось была гэта Сеча, меўшая гэтулькі прынадаў для маладых людзей.

Астап і Андрый кінуліся з усёю гарачкаю юнакоў у гэта разгульнае мора, і запомнілі ў міг і бацькаўскую хату, і бурсу, і ўсё, што хвалявала раней душу, і аддаліся новаму жыцьцю. Усё займала іх: разгульныя звычаі Сечы і няшматскладаная управа і законы, якія здаваліся ім іншы раз нават вельмі ўжо строгімі сярод гэткае сваявольнае рэспублікі. Калі казак пракраўся, украў якую-нібудзь цацку, дык гэта лічылася ўжо неганаровым для ўсяго казацтва: яго, як бясчэснага, прывязвалі да стаўпа пагарды і клалі каля яго кій, якім кожны праходзіўшы абавязаны быў аперазаць яго, пакуль гэткім спосабам не забівалі яго на сьмерць. Неплаціўшага даўгу прыкоўвалі ланцугом да гарматы, дзе павінен быў ён сядзець датуль, пакуль хто з таварышоў ня браўся яго выкупіць, заплаціўшы за яго доўг. Але больш за ўсё зрабіла ўражаньне на Андрыя страшэнная кара, вызначаная за забойства. Тут-жа пры ім выкапалі яму, спусьцілі туды жывога забойцу і над ім паставілі дамавіну, у якой было цела ім забітага, і пасьля абодвух засыпалі зямлёю. Доўга пасьля ўсё прыдаваўся яму страшэнны абрад, кары і ўсё здаваўся гэты жыўцом закопаны чалавек разам з жахоўнаю дамавінаю.

Хутка абодва маладыя казакі сталі на добрым ліку ў казакоў. Часта, разам з іншымі таварышамі свайго курэня, а іншы раз і з усім курэнем і з суседнімі курэнямі, выступалі яны ў сьцяпы дзеля страляньня да нязьмернага ліку ўсіх магчымых сьцяповых птушак, аленяў і козаў, або выходзілі на вазёры, рэкі і затокі, адведзеныя па жэрабю кожнаму курэню, закідаць невады, сеці і цягнуць багатыя ўловы на харчаваньне ўсяго свайго курэня, хоць і ня было тут навукі, на якой прабуецца казак, але яны зрабіліся ўжо заметнымі паміж іншымі маладымі людзьмі простым спрытам і ўдачлівасьцю ўва усім. Бойка і добра стралялі ў мэту, пераплывалі Дняпро проці вады — справа, за якую навічок прымаўся ўрачыста ў казацкія колы.

Але стары Тарас рыхтаваў ім іншую дзейнасьць. Яму не падабалася гэткае гультайскае жыцьцё — запраўднае справы хацеў ён. Ён усё прыдумваў, як-бы гэта падняць Сечу на адважнае прадпрыемства, дзе можна было-б разгуляцца, як трэба, рыцару. Нарэшце, аднаго дня прышоў да кашавога і сказаў яму проста: „Што, кашавы, пара мо’ і пагуляць запарожцам?“

— Няма дзе пагуляць, — адказваў кашавы, выняўшы з рота маленечкую люльку і плюнуўшы ў бок.

— Як няма дзе? можна пайсьці на Турэччыну, на татарву.

— Ня можна ні ў Турэччыну, ні ў Татарву, — адказваў кашавы, узяўшы ізноў спакойна, ў рот сваю люльку.

— Як ня можна?

— Так. Мы дакляравалі султану мір.

— Дык ён-жа ж бусурмэн: і Бог, і сьвятое пісаньне загадвае біць бусурмэнаў.

— Ня маем права. Калі-б не прысягалі яшчэ нашаю вераю, дык мо’ і можна было-б; а цяпер не, ня можна.

— Як ня можна? Як-жа ты кажаш: ня маем права? Вось у мяне два сыны, абодва маладыя. Яшчэ ніразу ні той, ні гэты ня быў на вайне, а ты кажаш: ня маем права; а ты кажаш: ня трэба ісьці запарожцам.

— Ну, ужо ня трэба так.

— Дык, значыцца, трэба, каб гінула дарма казацкая сіла, каб чалавек згінуў, як сабака, бяз добрае справы, каб ні бацькаўшчыне, ні ўсяму хрысьціянству ня было ад яго ніякае карысьці? Дык нашто-ж мы жывем, на якога чорта мы жывем? растлумач ты мне гэта. Ты чалавек разумны, цябе не дарма выбралі за кашавога: растлумач ты мне нашто мы жывем?

Кашавы ня даў адказу на гэтае пытаньне. Гэта быў упорлівы казак. Ён крыху памаўчаў і пасьля сказаў: — А вайне ўсё такі ня быць.

— Дык ня быць вайне? — спытаўся ізноў Тарас.

— Не.

— Дык ужо і думаць аб гэтым няма чаго.

— „Пачакай-жа ж ты, чортаў кулак! — сказаў сам сабе Бульба: „ты ў мяне будзеш ведаць!“ і пастанавіў тут-жа ад’імсьціць кашавому.

Згаварыўшыся з тым і другім зрабіў ён усім выпіўку, і п’яныя казакі, у ліку некалькіх чалавек, павалілі проста на пляц, дзе стаялі прывязаныя да стаўпа літаўры, у якія звычайна білі збор на раду. Не знайшоўшы кіёў, якія перахоўваліся заўсёды ў доўбіша, яны схапілі па палену ў рукі і пачалі лупіць у іх. На гук перш за ўсё прыбег доўбіш, высокі чалавек, з адным толькі вокам, ня гледзячы аднак-жа на гэта, страшэнна заспаным.

— Хто сьмее біць у літаўры? — закрычаў ён.

— Маўчы! вазьмі свае кіі дый лупі, калі табе кажуць! — адказвалі загуляўшыя старшыні.

Доўбіш выняў зараз-жа з кішані кіі, якія ён узяў з сабою, вельмі добра ведаючы канец падобных здарэньняў. Літаўры забражджалі, і хутка на пляц, як чмялі, пачалі зьбірацца чорныя чубы запарожцаў. Усе сабраліся ў кола, і пасьля трэцяга бою паказаліся, нарэшце, старшыні: кашавы з паліцаю ў руцэ, знакам свае дастойнасьці, судзьдзя з вайсковаю пячаткаю, пісар з чарніліцаю і есаул з жэзлам. Кашавы і старшыні скінулі шапкі і пакланіліся на ўсе бакі казаком, якія горда стаялі, узяўшыся ў бакі.

— Што значыць гэты сход? Чаго хочаце, панове? — сказаў кашавы. Лайбы і крыкі не далі яму гаварыць.

— Кладзі паліцу! Кладзі, чортаў сыне, зараз жа паліцу! Ня хочам цябе больш! — крычалі з натаўпу казакі. Некаторыя з цьвярозых курэняў хацелі, як здавалася, працівіцца; але курэні, і п’яныя і цьвярозыя, пайшлі на кулакі. Крык і гоман зрабіўся агульным.

Кашавы хацеў быў гаварыць, але ведаючы, што разьюшаны, сваявольны натаўп можа за гэта прытаўчы яго насьмерць, што ледзь не заўсёды бывае ў падобных выпадках, пакланіўся вельмі нізка, паклаў паліцу і схаваўся ў натаўп.

— Прыкажаце, панове, і нам пакласьці знакі дастойнасьці? — сказалі судзьдзя, пісар і есаул і рыхтаваліся тут-жа палажыць чарніліцу, вайсковую пячатку і жэзл.

— Не, вы заставайцеся! — закрычалі з натаўпу: — нам трэ’ было толькі прагнаць кашавога, таму што ён баба, а нам трэба чалавека ў кашавыя.

— Каго-ж выбераце цяпер за кашавога? — сказалі старшыні.

— Кукубенка выбраць! — крычала часьць.

— Ня хочам Кукубенка! — крычала другая. — Рана яму, яшчэ малако на губах не абсохла.

— Шыла хай будзе атаманам! — крычалі адны. — Шылу пасадзіць у кашавыя.

— У плечы табе Шыла! — крычаў з лаянкаю натаўп. — Што ён за казак, калі пракраўся, сабачы сын, як татарын? К чорту ў мяшок п’яніцу Шыла!

— Барадатага, Барадатага пасадзіць на кашавога!

— Ня хочам Барадатага! К нячыстай маці Барадатага!

— Крычэце Кірдзягу! — шапнуў Тарас Бульба некаторым.

— Кірдзягу, Кірдзягу! — крычаў натаўп. — Барадатага, Барадатага! Кірдзягу! Кірдзягу! Шыла! К чорту з Шылам! Кірдзягу!

Усе кандыдаты, пачуўшы названымі свае імёны, зараз-жа выйшлі з натаўпу, каб не падаць ніякае прычыны думаць, быццам яны памагалі асабістым удзелам сваім у выбары.

— Кірдзягу! Кірдзягу! — разьлягалася мацней за іншых. — Барадатага! — Справу ўзяліся даказваць кулакамі і Кірдзяга затрыумфаваў.

— Ідзеце па Кірдзягу! — закрычалі. Чалавек з дзесяток казакоў адлучыліся тут-жа з натаўпу; некаторыя з іх ледзь трымаліся на нагах, — да гэткае ступені пасьпелі нагрузіцца, і скіраваліся проста да Кірдзягі абвясьціць яму аб тым, што яго выбралі.

Кірдзяга, хоць стары зусім, але разумны казак, даўно ўжо сядзеў у сваім курэні і быццам і ня ведаў ні аб чым, што адбывалася.

— Што, панове? чаго вам трэба? — спытаўся ён.

— Ідзі, цябе выбралі за кашавога!..

— Зьлітуйцеся, панове! — сказаў Кірдзяга: — дзе мне быць кашавым! Ды ў мяне й розуму ня хопіць, каб адпраўляць гэткі ўрад. Быццам ужо нікога лепшага не знайшлося ў цэлым войску?

— Ідзі-ж, кажуць табе! — крычалі запарожцы. Двох з іх схапілі яго пад рукі, і як ён ні ўпіраўся нагамі, але быў, нарэшце, прыцягнены на пляц, праводжаны лаянкай, падпіханьнем ззаду кулакамі, штурханцамі і ўгаварваньнямі:

— Ня ўпірайся, чортаў сыне! Прымай-жа гонар, сабака, калі табе даюць яго! — Гэткім спосабам уведзены быў Кірдзяга ў казацкае кола.

— Што, панове? — загаласілі на ўвесь народ прывёўшыя яго: — ці вы згодныя, каб гэты казак быў у нас кашавым?

— Усе згодныя! — закрычаў натаўп, і ад крыку доўга грымела ўсё поле.

Адзін з старшыняў узяў паліцу і паднёс яе новавыбранаму кашавому. Кірдзяга, паводле звычаю, зараз-жа адмовіўся. Старшыня паднёс другі раз: Кірдзяга адмовіўся і другі раз, і пасьля ўжо за трэцім разам узяў паліцу. Згодны крык разьлёгся па ўсім натаўпе, і ізноў далёка загуло ад казацкага крыку ўсё поле. Тады выступіла з сярэдзіны народу чацьвёра найстарэйшых, сівавусых і сівачубых казакоў (вельмі старых ня было на Сечы, бо ніхто з запарожцаў не паміраў сваёю сьмерцю) і, ўзяўшы кожны ў рукі зямлі, якая на той час ад быўшага дажджу раскісла ў балота, паклалі яму на галаву. Мокрая зямля сьцякала з яго галавы, пацякла па вусох і па шчоках, і ўвесь твар замазала яму балотам. Але Кірдзяга стаяў, ня рухаючыся з месца, і дзякаваў казаком за выказаны яму гонар.

Гэтак скончыўся шумны выбар, з якога невядома, ці былі гэтак рады іншыя, як рад быў Бульба: гэтым ён ад’імсьціў ранейшаму кашавому; да таго-ж і Кірдзяга быў стары яго таварыш і бываў з ім у адных і тых-жа самых сухапутных і марскіх паходах, дзелячы строгасьці і труды баявога жыцьця. Натаўп разыйшоўся тут-жа сьвяткаваць выбары, і паднялася гульня, якое яшчэ ня бачылі датуль Астап і Андрый. Вінныя шынкі былі паразьбіваны; мёд, гарэлка і піва забіралася проста бяз грошай; шынкары ўжо былі рады і з таго, што самі засталіся цэлымі. Уся ноч прайшла ў крыках і песьнях, славіўшых подзьвігі, і ўзыйшоўшы месяц доўга яшчэ бачыў натаўпы музыкаў, хадзіўшых па вуліцах, з бандурамі, турбанамі, круглымі балалайкамі і царкоўных песеньнікаў, якіх трымалі на Сечы дзеля пяяньня ў царкве і дзеля выхваляньня запарожаскіх справаў. Нарэшце, хмель і ўтома пачалі перамагаць моцныя галовы. І відаць было, як то там, то ў іншым месцы падаў на зямлю казак; як таварыш, абняўшы таварыша, расчуліўшыся і нават заплакаўшы, валіўся разам з ім. Там гурбаю клалася цэлая куча; там выбіраў іншы, каб як лепей яму легчы, і лёг проста на дзеравяную калоду. Апошні, які быў мацнейшы, яшчэ выводзіў нейкія бязглуздыя прамовы; нарэшце, і таго падкасіла хмельная сіла, паваліўся й той, — і заснула ўся Сеча.

А на другі дзень Тарас Бульба ўжо радзіўся з новым кашавым, як падняць запарожцаў на якую-нібудзь справу. Кашавы быў разумны і хітры казак, знаў і ўдоўж і ўпоперак запарожцаў, і спачатку сказаў: — „Нельга прысягі пераступіць, ніяк нельга,“ — а пасьля, памаўчаўшы, дадаў: — „Нічога, можна: прысягі мы не пераступім, а так тое-сёе прыдумаем. Хай толькі зьбярэцца народ, дый ня то, што па маім загадзе, а проста сваёю ахвотаю, — вы ўжо ведаеце, як гэта зрабіць, — мы з старшынямі зараз-жа і прыбяжымо на пляц, як быццам нічога і ня ведаем.“

Не прайшло й гадзіны пасьля іхняе размовы, як ужо загулі літаўры. Знайшліся раптам і п’яныя, і неразумныя казакі. Мільён казацкіх шапок высыпаў раптам на пляц. Паўстаў гоман: „Хто? нашто? з-за якое справы выбілі збор?“ Ніхто не адказваў. Нарэшце, у тым і ў гэтым куце пачало разьлягацца: „Вось гіне дарма казацкая сіла: няма вайны! Вось старшыні забайбачыліся зусім, пазаплывалі салам вочы! Няма, відаць, праўды на сьвеце!“ Іншыя казакі слухалі спачатку, а пасьля і самі пачалі казаць: „Я й дапраўды няма ніякае праўды на сьвеце!“ Старшыні здаваліся зьдзіўленымі ад гэткіх прамоваў. Нарэшце, кашавы выйшаў наперад і сказаў: „Дазвольце, панове запарожцы, слова трымацыь!“

— Трымай!

— Вось у разважаньні таго цяпер ідзе гутарка, панове дабрадзейства, ды вы мо’ і самі лепш гэта ведаеце, што шмат якія запарожцы пазалазілі ў доўг у шынкі жыдом і сваім братом гэтулькі, што ніводзін чорт цяпер ім веры не дае. Пасьля ізноў у разважаньні таго пайдзе гутарка, што ёсьць шмат гэткіх хлапцоў, якія яшчэ і ў вочы ня бачылі, што такое вайна, тады як маладому чалавеку, — і самі ведаеце, панове, — без вайны ня можна прабыць. Які й запарожац з яго, калі ён яшчэ ніразу ня біў бусурмэна?

— „Ён добра кажа,“ — падумаў Бульба.

— Ня думайце, панове, каб я, ўрэшце казаў гэта дзеля таго, каб нарушыць мір: крый Божа! Я толькі так гэта кажу. Пры гэтым у нас цэрква Божая, — грэх сказаць, што такое: вось колькі гадоў ужо, як, па міласьці Божай, стаіць Сеча, а дасюль ня тое ўжо, каб звонку цэрква, але нават і абразы бяз ніякага убраньня, хоць-бы сярэбраную рызу хто дагадаўся ім выкаваць; яны толькі тое й дасталі, што адказалі ў духоўнай іншыя казакі; дый дар іхні быў бедны, таму што ледзь ня ўсё прапілі яшчэ пры жыцьці сваім. Дык я вяду гэтую гутарку не да таго, каб пачаць вайну з бусурмэнамі: мы дакляравалі султану мір, і нам быў-бы вялікі грэх, таму што мы прысягалі паводле закону нашага.

— „Што-ж ён гэткае пляце?“ — сказаў сам сабе Бульба.

— Ды вось бачыце, панове, што вайны нельга пачаць: рыцарскі гонар ня кажа. А, паводле свайго беднага розуму, вось што я думаю: пусьціць з чаўнамі адных маладых, няхай крыху падрапаюць берагі Натоліі. Як думаеце, панове?

— Вядзі, вядзі ўсіх! закрычаў з усіх бакоў натаўп: — за веру мы гатовы пакласьць галовы.

Кашавы спалохаўся; ён ані не хацеў паднімаць усяго Запарожжа: разарваць мір яму здавалася ў гэтым выпадку справаю несправядліваю. — Пазвольце, панове, яшчэ адно слова трымаць?

— Годзі! — загулі запарожцы, — лепей ня скажаш!

— Калі так, дык няхай будзе так. Я слуга вашай волі. Ужо справа вядомая, і па пісаньню вядома, што голас народу — голас Божы. Ужо разумней за тое нельга выдумаць, што ўвесь народ выдумаў. Толькі вось што: вам вядома, панове, што султан не пакіне бяз кары тую пацеху, якою пацешацца малайцы. А мы тым часам былі-б напагатове, і сілы ў нас былі-б сьвежыя, і нікога не збаяліся-б. А як нас ня будзе, дык і татарва можа напасьць: яны, турэцкія сабакі, у вочы ня кінуцца і да гаспадара ў хату не пасьмеюць зайсьці, а ззаду ўкусяць за пяты, дый балюча ўкусяць. Ды калі ўжо пайшло на тое, каб казаць праўду, у нас і чаўноў няма гэтулькі ў запасе, дый пораху не намолата ў гэткай колькасьці, каб можна было ўсім вырушыць. А я, хіба што, я рад: я слуга вашае волі.

Хітры атаман змоўк. Кучы пачалі перамаўляцца, курэнныя атаманы радзіцца; п’яных на шчасьце, было няшмат, і дзеля гэтага рашыліся паслухаць разумнае рады.

У тую-ж гадзіну скіравалася некалькі чалавек на процілежны бераг Дняпра, у вайсковую скарбніцу, дзе, ў няпрыступных тайнікох, пад вадою і ў чаратох, хаваўся вайсковы скарб і часьць здабытае ў няпрыяцеля зброі. Іншыя ўсе кінуліся да чаўноў, аглядаць іх і ладзіць у дарогу. У міг натаўпам народу запоўніўся бераг. Некалькі цесьляў зьявілася з сякерамі ў руках. Старыя, загарэлыя, плячыстыя, дужаногія запарожцы, з сівізнаю ў вусох і чарнавусыя, падкасаўшы шаравары, стаялі па калены ў вадзе і сьцягвалі чаўны моцнаю вяроўкаю з берагу. Іншыя цягалі гатовыя сухія бярвеньні і розныя дзеравякі. Там абшывалі дошкамі човен; там, перавярнуўшы яго дагары дном, канапацілі і смалілі; там прывязвалі да бакоў іншых чаўноў, паводле казацкага звычаю, пукі доўгіх чаратоў, каб не заліло чаўноў марскою хваляю; там далей па ўсім узьбярэжжы разлажылі агні і варылі ў мядзяных саганох смалу на заліваньне чаўноў. Бывалыя і старыя вучылі маладых. Стукат і рабочы крык паднімаўся па ўсёй акрузе; увесь дрыжаў і варушыўся жывы бераг.

У гэты час вялікі паром пачаў прыставаць да берагу. Стаяўшая на ім куча людзей яшчэ здалёку махала рукамі. Гэта былі казакі ў падраных сьвітках. Бессэнсоўнае убраньне, — у шмат якіх нічога ня было, апрача сарочкі і кароценькае люлькі ў зубах, — паказвала, што яны або толькі-што ўцяклі ад якое-нібудзь бяды, або ізноў да таго дагуляліся, што прагулялі ўсё, што толькі было на целе. З іхняе кампаніі адлучыўся і стаў наперадзе прысадзісты, плячысты казак, чалавек гадоў пяцьдзесяцёх. Ён крычаў і махаў рукою мацней за ўсіх; але за стукатам і крыкам рабочых ня чуваць было яго словаў.

— А з чым прыехалі? — спытаўся кашавы, калі паром прывярнуў да берагу. Усе рабочыя, спыніўшы свае работы і падняўшы сякеры і долаты, глядзелі чакаючы.

— З бядою! — крычаў з парому прысадзісты казак.

— З якою?

— Пазвольце, панове запарожцы, слова трымаць?

— Гавары.

— Ці мо’ хочаце, каб склікаць раду.

— Гавары, мы ўсе тут.

Народ увесь сьціснуўся ў адну кучу.

— А вы хіба нічога ня чулі аб тым, што робіцца на гэтманшчыне?

— А што? — спытаўся адзін з курэнных атаманаў.

— Э! што? Відаць, вам татарын заткнуў клейтухом вушы, што вы нічога ня чулі.

— Дык кажы, што там робіцца?

— А тое робіцца, што і радзіліся, і хрысьціліся, яшчэ ня бачылі гэткага.

— Ды кажы нам, што робіцца, сабачы сыне! — закрычаў адзін з натаўпу, як відаць, згубіўшы цярплівасьць.

— Гэткая пара цяпер завялася, што ўжо цэрквы сьвятыя цяпер ня нашыя.

— Як ня нашыя?

— Цяпер у жыдоў яны ў арэндзе. Калі жыду наперад не заплаціш, дык і абедні нельга правіць.

— Што ты мелеш?

— І калі рассабачы жыд не пакладзе значка нячыстаю сваёю рукою на сьвятой пасцы, дык і сьвяціць пасхі нельга.

— Лжэць ён, паны браты, ня можа быць таго, каб нячысты жыд клаў значок на сьвятой пасцы.

— Слухайце! яшчэ ня тое раскажу: і ксяндзы езьдзяць цяпер па ўсёй Украіне ў таратайках. Ды ня тое бяда, што ў таратайках, а тое бяда, што запрагаюць ужо ня коні, а проста праваслаўных хрысьціян. Слухайце! яшчэ ня тое раскажу: ужо, кажуць, жыдоўкі шыюць сабе андаракі з папоўскіх рызаў. Вось якія справы водзяцца на Украіне, панове! А вы тут сядзіцё на Запарожжы, ды гуляеце, ды, відаць, татарын гэткага задаў вам страху, што ў вас ужо ні вачэй, ні вушэй — нічога няма, і вы ня чуеце, што робіцца на сьвеце.

— Стой, стой! — перабіў кашавы, дасюль стаяўшы, спусьціўшы вочы ў зямлю, як і ўсе запарожцы, якія ў важных справах ніколі не аддаваліся першаму парыву, але маўчалі, і тым часам у цішыні злучалі грозную сілу гневу. — Стой! і я скажу слова. А што-ж вы, — каб так вось ды гэтак адластажыў чорт вашага бацьку! — што-ж вы рабілі самі? Хіба ў вас шабляў ня было, ці што? Як-жа вы папусьцілі гэткаму бяспраўю?

— Э, як папусьцілі гэткаму бяспраўю!.. А спрабавалі-б вы, калі пяцьдзесят тысяч было адных ляхаў, дый, няма што грэх таіць, былі таксама сабакі і паміж нашымі — ужо прынялі іхнюю веру.

— А гэтман ваш, а палкоўнікі што рабілі?

— Нарабілі палкоўнікі гэткіх справаў, што не давядзі Божа і нам нікому.

— Як?

— А так, што ўжо цяпер гэтман, засмажаны ў мядзяным быку, ляжыць у Варшаве, а палкоўніцкія рукі і галовы развозяць па кірмашох на показку ўсяму народу. Вось чаго нарабілі палкоўнікі!

Ускалыхнуўся ўвесь натаўп. Спачатку праляцела па ўсім беразе маўчаньне, падобнае да таго, як бывае перад страшэннаю бураю, а пасьля раптам паўсталі прамовы і ўвесь загаварыў бераг: — Як! каб жыды трымалі на арэндзе хрысьціянскія цэрквы! каб ксяндзы запрагалі ў аглоблі праваслаўных хрысьціян! Як! каб папусьціць гэткія мукі на рускай зямлі ад праклятых недаверкаў! каб вось гэтак паступалі з палкоўнікамі і гэтманам! Ды ня будзе-ж гэтага, ня будзе! — Гэткія словы пераляталі па ўсіх канцох. Загулі запарожцы і пачулі свае сілы. Тут ужо ня было хваляваньняў лёгкадумнага народу: хваляваліся ўсё характары цяжкія і моцныя, якія ня хутка распальваліся, але, распаліўшыся, упорліва і доўга хавалі ў сябе ўнутраны жар. — Перавешаць усю жыдаву! — разьляглося з натаўпу: — хай-жа ня шыюць з папоўскіх рызаў андаракоў сваім жыдоўкам! хай-жа ня ставяць значкоў на сьвятых пасхах! Ператапіць іх усіх, паганцаў, у Дняпры! — Словы гэтыя, сказаныя кімсьці з натаўпу, праляцелі маланкаю па ўсіх галавах, і натаўп шугануў на прадмесьце з жаданьнем перарэзаць усіх жыдоў.

Бедныя сыны Ізраіля, пагубляўшы ўсю прысутнасьць свайго і без таго дробнага духу, хаваліся ў парожніх гарэлачных бочках, у печах і нават залазілі пад андаракі сваіх жыдовак; але казакі ўсюды іх знаходзілі.

— Яснавяльможныя паны! — крычаў адзін высокі і доўгі, як палка, жыд, высунуўшы з кучы сваіх таварышоў бедную сваю морду, скрыўленую страхам. — Яснавяльможныя паны! слова толькі дайце нам сказаць, адно слова! Мы гэткае абвесьцім вам, чаго яшчэ ніколі ня чулі, — гэткае важнае, што ня можна сказаць, якое важнае!

— Ну, хай скажуць, — сказаў Бульба, які заўсёды любіў выслухаць абвінавачанага.

— Ясныя паны! — прамовіў жыд. — Гэткіх паноў яшчэ ніколі й ня бачана, далібог, ніколі! Гэткіх добрых, харошых і адважных ня было яшчэ на сьвеце! — Голас яго заміраў і дрыжаў ад страху. — Як можна, каб мы думалі пра запарожцаў што-нібудзь нядобрае! Тыя зусім ня нашыя, што арандараць на Украіне! Далібог, ня нашыя! Гэта зусім ня жыды: гэта чорт ведае што; гэта такое, што напляваць на яго дый кінуць! Вось і яны скажуць тое самае. Ці-ж ня праўда, Шлёма, або ты, Шмуль?

— Далібог, праўда! — адказвалі з натаўпу Шлёма і Шмуль у падраных ярмолках, абодва белыя, як гліна.

— Мы ніколі яшчэ, — казаў далей доўгі жыд, — ня зьнюхваліся з непрыяцелямі, а каталікоў мы і знаць ня хочам: хай ім чорт прысьніцца! Мы з запарожцамі, як браты родныя…

— Як? каб запарожцы былі з вамі браты? — сказаў адзін з натаўпу. — Не дачакаецеся, праклятыя жыды! У Дняпро іх, панове, усіх патапіць паганцаў!

Гэтыя словы былі сыгналам. Жыдоў расхваталі па руках і пачалі шпургаць у хвалі. Жаласны крык разьлёгся з усіх бакоў, але строгія запарожцы толькі сьмяяліся, бачачы, як жыдоўскія ногі ў атопках і панчохах целяпаліся ў паветры.

Бедны аратар, наклікаўшы сам на сваю шыю бяду, выскачыў з каптана, за які былі яго схапілі, у адным палавым, вузкім камзоле, схапіў за ногі Бульбу і жаласна маліў: — Вялікі пане, яснавяльможны пане! я знаў і брата вашага, нябожчыка Дораша! Быў ваяка на ўпрыгажэньне ўсяму рыцарству. Я яму восемсот цэхінаў даў, калі трэ’ было выкупіцца з палону ў турка…

— Ты знаў брата? — спытаўся Тарас.

— Далібог, знаў! велікадушны быў пан.

— А як цябе завуць?

— Янкель.

— Добра, — сказаў Тарас, і пасьля, падумаўшы, зьвярнуўся да казакоў і прамовіў гэтак. — Павесіць жыда будзе заўсёды час, калі будзе трэба; а на сягоньня аддайце яго мне.

Сказаўшы гэта, Тарас павёў яго да свайго абозу, каля якога стаялі казакі яго. — Ну, лезь пад воз, ляжы там і не варушыся, а вы, браточкі, не выпушчайце жыда.

Сказаўшы гэта, ён пайшоў на пляц, таму што даўно ўжо зьбіраўся туды ўвесь натаўп. Усе кінулі ў міг бераг і ладжаньне чаўноў, таму што цяпер наперадзе быў сухапутны, а не марскі паход, і не караблі ды казацкія чайкі, а спатрэбіліся вазы і коні. Цяпер ужо ўсе хацелі ў паход, і старыя, і маладыя; усе з рады ўсіх старшыняў, курэнных, кашавога і з волі ўсяго запарожаскага войска, пастанавілі ісьці проста на Польшчу, ад’імсьціць за ўсё ліха і пасаромленьне веры і казацкае славы, набраць здабычы з местаў, запаліць пажар па вёсках і збожжах, пусьціць далёка па сьцягу аб сабе славу. Усё тут-жа апяразвалася і азбройвалася. Кашавы вырас на цэлы аршын. Гэта ўжо ня быў той баязьлівы выканаўца ветраных жаданьняў вольнага народу: гэта быў неабмяжованы загадчык, гэта быў дэспот, умеўшы толькі загадваць. Усе сваявольныя і гульлівыя рыцары стройна стаялі ў радох, з пашанаю спусьціўшы галовы, ня сьмеючы падняць вачэй, калі кашавы раздаваў загады: раздаваў ён ціха, ня выкрыкваючы і не сьпяшаючыся, але з расстаноўкаю, як стары, глыбока практычны ў справе казак, прыводзіўшы ня першы раз у выпаўненьне разумна задуманыя прадпрыемствы.

— Агледзьцеся, усе агледзьцеся добра! — гэтак казаў ён. — Папраўце вазы і мазьніцы, спрабуйце зброю. Не забірайце шмат з сабою адзежы: па сарочцы і па двое шаравараў на казака, ды па гаршку саламаты і тоўчанага проса — больш каб і ня было ў нікога! У запасе будзе ў вазох усё, што трэба. Па пары коняй каб было ў кожнага казака! Ды пар двесьце ўзяць валоў, таму што на пераправах і гразкіх месцах патрэбны будуць валы. Ды парадку трымайцеся, панове, болей за ўсё. Я ведаю, ёсць паміж вамі гэткія, што чуць Бог пашле якую карысьць — пайшлі зараз-жа драць кітайку і дарагія аксаміты сабе на ганучы. Кіньце гэткую чортаву прывычку, проч кідайце розныя андаракі, бярэце толькі адну стрэльбу, калі пападзецца добрая, ды чырвонцы, або серабро, таму што яны ёмкага свойства і спатрэбяцца ў кожным выпадку. Ды вось вам, панове, наперад каму: калі хто ў паходзе нап’ецца, дык ніякага на яго няма суда: як сабаку за карак прыкажу яго прысмыкнуць да абозу, хто-б ён ні быў, хоць бы найлепшы казак з усяго войска; як сабака, будзе ён застрэлены на месцы і кінены бяз ніякага пахаваньня на паклёў птушкам, таму што п’яніца ў паходзе няварт хрысьціянскага пахаваньня. Маладыя, слухайце старых! Калі драпне куля, ці драпне шабляю па галаве, ці па чым-нібудзь іншым, дык не давайце вялікае пашаны гэткай справе: разьмяшайце набой пораху ў чарцы сівухі, духам выпіце і ўсё прайдзе — ня будзе і ліхаманкі; а на рану, калі яна ня вельмі вялікая, прылажэце проста зямлі, замясіўшы яе раней сьлінаю на далоні, дык і прысохне рана. Ну-ж, за справу, за справу хлопцы, ды не сьпяшаючыся, добранька бярэцеся за справу!

Гэтак казаў кашавы, і як толькі скончыў ён прамову сваю, дык усе казакі ўзяліся зараз-жа за справу. Уся Сеча ацьвярозела, і нідзе нельга было знайсьці ніводнага п’янага, як быццам іх і ня было ніколі паміж казакамі. Тыя спраўлялі абады колаў і мянялі восі ў вазох; тыя зносілі на вазы мяшкі з правіянтам, на іншыя валілі зброю; тыя прыганялі коні й валы: З усіх бакоў разлягаўся тупат коняй, пробная страляніна з стрэльбаў, бразганьне шабляў, буяньне быкоў, скрыпеньне паварочваных вазоў, гоман і зыркі крык і панукваньне. І хутка далёка-далёка выцягнуўся казачы табар па ўсім полі. І шмат давялося-б бегчы таму, хто захацеў-бы прабегчы ад галавы да хваста яго. У дзеравянай невялічкай царкве служыў сьвяшчэньнік малебен, пакрапіў усіх сьвятою вадою; усе цалавалі крыж. Калі крануўся табар і пацягнуўся з Сечы, дык усе запарожцы павярнулі галовы назад. „Бывай, наша маці!“ — сказалі яны блізка што ў адно слова: „хай-жа цябе крые Бог ад розных няшчасьцяў“.

Праяжджаючы прадмесьце, Тарас Бульба ўбачыў, што жыдок яго, Янкель, ужо разьбіў нейкую ятку з паветкаю і прадаваў крамяні, закруткі, порах і розныя вайсковыя рэчы, патрэбныя на дарогу, нават пірагі і хлеб. „Вось які чортаў жыд!“ — падумаў сам сабе Тарас і, пад’ехаўшы да яго на кані, сказаў: „Дурань, чаго ты тут сядзіш? Хіба хочаш, каб цябе застрэлілі, як вераб’я?“

Янкель, у адказ на гэта, падыйшоў да яго бліжэй і, зрабіўшы знак абедзьвюма рукамі, як быццам хацеў абвясьціць нешта таямнічае, сказаў: „Няхай пан толькі маўчыць і нікому ня кажа: паміж казацкімі вазамі ёсьць адзін мой воз; я вязу розны патрэбны запас для казакоў і па дарозе буду дастаўляць усялякі правіянт па гэткай таннай цане, па якой яшчэ ніводзін жыд не прадаваў; далібог так; далібог так.“

Паціснуў плячыма Тарас Бульба, падзівіўся з бойкае жыдоўскае натуры і ад’ехаў да табару.


V

Хутка ўвесь польскі паўдзённы захад зрабіўся здабычаю страху. Усюды праляцелі чуткі: „Запарожцы! паказаліся запарожцы…“ Усё, што магло ратавацца, ратавалася. Усё паднімалася і разьбягалася, па звычаю гэтага нястройнага, бясьпечнага веку, калі не будавалі крэпасьцаў, ні замкаў, а, як папала, ставіў на час саламянае жыльле сваё чалавек. Ён думаў: „не марнаваць-жа на хату працы і грошай, калі і без таго яна будзе зьнесена татарскім налётам“. Усё спудзілася: хто мяняў валы і плуг на каня і стрэльбу, і скіроўваўся ў палкі; хто хаваўся, гонячы быдла і забіраючы ўсё, што толькі можна было забраць. Пападаліся іншы раз па дарозе і гэткія, якія азброенаю рукою сустрачалі гасьцей, але болей было такіх, якія ўцякалі загадзя. Усе ведалі, што трудна мець справу з буйным і ваяўнічым натаўпам, вядомым пад імем запарожаскага войска, якое ў вонкавым павярхоўным няўстройстве сваім захоўвала лад, абдуманы для часу бітвы. Конныя ехалі, не абцяжаючы і ня парачы коняй, пешыя ішлі цьвяроза за вазамі, і ўвесь табар ішоў толькі ночамі, адпачываючы ўдзень і выбіраючы дзеля гэтага пустыры, незаселеныя месцы і лясы, якіх было тады яшчэ даволі. Высылаліся наперад лазутчыкі і рассыльныя даведацца і выведаць, дзе што і як, і часта ў тых месцах, дзе менш за ўсё маглі чакаць іх, яны зьяўляліся раптам — і ўсё тады разьвітвалася з жыцьцём: пажары абхаплялі вёскі; быдла і коні, якія ня былі забраны з войскам, былі забіваны тут-жа на месцы. Здавалася, што болей балявалі яны, чымсь адбывалі паход свой. Дуба стаў-бы цяпер волас ад тых страшэнных знакоў жорсткасьці паўдзікага веку, якую пранясьлі ўсюды запарожцы. Пабітыя дзеці, абрэзаныя грудзі ў жанчын, зьдзёртая скура з ног па калены ў выпушчаных на волю, — проста кажучы, буйною монэтаю адплачвалі казакі ранейшыя даўгі. Пралат аднаго манастыра, пачуўшы аб тым, што яны падходзяць, прыслаў ад сябе двух манахаў, каб сказаць, што яны ня так робяць, як трэба, што паміж запарожцамі і ўрадам стаіць згода, што яны нарушаюць свой абавязак да караля, а з тым разам і ўсякае народнае права. „Скажы біскупу ад мяне і ад усіх запарожцаў, — сказаў кашавы, — каб ён нічога не баяўся: гэта казакі яшчэ толькі запальваюць і закурваюць свае люлькі.“ І хутка вялічнае абацтва ахапілася руйнацкім полымем, і вялізарныя готыцкія вокны яго строга пазіралі праз шчыліны ў хвалях агню. Уцякаўшыя натаўпы манахаў, жыдоў, жанчын раптам абшматлюдзілі тыя месты, дзе якая-нібудзь была надзея на гарнізон і мястовае рушэньне. Высыланая час ад часу ўрадам спозьненая падмога, складаная з невялічкіх палкоў, або не магла знайсьці іх; або трусіла, давала тыл пры першай сустрэчы і ўцякала на быстрых конях сваіх. Здаралася, што шмат якія ваенначальнікі каралеўскія, трыумфаваўшыя дасюль у ранейшых бітвах, пастанаўлялі, злучыўшы свае сілы, стаць грудзьмі проці запарожцаў. І тут вось больш за ўсё прабавалі сябе маладыя казакі, што цураліся рабунку, карысьці і бясьсільнага непрыяцеля, гарэўшыя жаданьнем паказаць сябе перад старымі, памерацца адзін на адзін з бойкім хвальком ляхам, пабліскваўшым на гордым кані, з лятаўшымі па ветры адкіднымі рукавамі чамары. Пацешная была навука; шмат ужо яны дабылі сабе коннае збруі, дарагіх шабляў і стрэльбаў. За адзін месяц дарасьлі і зусім перарадзіліся толькі што апераныя птушаняты і зрабіліся мужчынамі; рысы твару іх, у якім дасюль відаць было нейкую юнацкую мягкасьць, зрабіліся цяпер грознымі і сільнымі. А старому Тарасу люба было бачыць, як абодва сыны яго былі аднымі з першых. Астапу, дык здавалася быў ад нараджэньня напісаны бітвенны шлях і трудная веда вяршыць вайсковыя справы. Ніразу не зьбянтэжыўшыся і ня зьдзівіўшыся ні ад якога выпадку, з спакойнасьцю, блізка што ненатуральнаю для дваццаць-двухгадовага, ён у адзін міг мог вымераць усю небясьпеку і ўсё палажэньне справы, тут-жа мог знайсьці спосаб, як ухіліцца ад яе, але ўхіліцца дзеля таго, каб пасьля вярней перамагчы яе. Ужо спрабаванаю ўпэўненасьцю пачалі цяпер азначацца яго рухі і ў іх не маглі ня быць заўважаны нахілы будучага павадыра. Мацнатою дыхала яго цела і рыцарскія яго якасьці ўжо набылі шырокую сілу якасьцяў льва. „О, ды гэты будзе з часам добры палкоўнік, ды яшчэ такі, што й бацьку за пояс заткне!“

Андрый увесь кінуўся ў чароўную музыку куляў і мечаў. Ён ня ведаў, што гэта значыць абдумваць або разьлічваць, ці вымерваць загадзя свае і чужыя сілы. Шалёную пяшчоту і радасьць ён бачыў у бітве: штосьці банкетнае здавалася яму ў тыя мінуты, калі разгарыцца ў чалавека галава, з громам падаюць на кямлю коні, а ён ляціць, як п’яны, у сьвістаньні куляў, у шабельным блісканьні, і дае ўсім удары, і ня чуе атрыманых. Няраз дзівіўся бацька таксама і з Андрыя, бачачы, як ён, прымушваны аднэю толькі запальчываю заўзятасьцю, кідаўся на тое, на што ніколі не адважыўся-б спакойны і разумны, і адным шалёным націскам сваім рабіў гэткія цуды, з якіх не маглі ня зьдзівіцца старыя ў баёх. Дзівіўся стары Тарас і казаў: „І гэта добры — каб яго вораг ня ўзяў! — ваяка! не Астап, а добры, добры таксама ваяка!“

Войска пастанавіла ісьці проста на места Дубна, дзе, як хадзілі чуткі, было шмат скарбу і багатых жыхароў. За паўтара дня паход быў зроблены, і запарожцы паказаліся перад местам. Жыхары пастанавілі бараніцца да апошніх сілаў і магчымасьцяў, і лепш хацелі памёрці на пляцох і вуліцах перад сваімі парогамі, чымся пусьціць непрыяцеля ў хаты. Высокі земляны насып абкружаў места: дзе насып быў ніжэйшы, там высоўвалася каменная сьцяна або дом, служыўшы батарэяй, або, нарэшце, дубовы частакол. Гарнізон быў сільны і адчуваў важнасьць свае справы. Запарожцы горача былі палезьлі на насып, але іх сустрэлі моцнаю карцечаю. Мяшчане і мястовыя жыхары, як відаць, таксама не хацелі быць гультаямі і стаялі купаю на меставым насыпе. У вачох у іх можна было чытаць адчайнае спраціўленьне; жанчыны таксама рашыліся браць удзел, і на галовы запарожцам паляцелі каменьні, бочкі, гаршкі, гарачы кіпень, і нарэшце, мяшкі з пяском, сьляпіўшым ім вочы. Запарожцы ня любілі мець справы з крэпасьцямі; вясьці аблогі была ня іхняя часьць: Кашавы загадаў адступіць і сказаў: „Нічога, паны браты, мы адступім; але будзь я паганы татарын, а не хрысьціянін, калі мы выпусьцім іх хоць аднаго з места! Хай іх усе паздыхаюць, сабакі, з голаду!“ Войска, адступіўшы, аблягло ўсё места і, ад няма чаго рабіць, занялося пусташэньнем ваколіцаў, выпальваючы навокал вёскі, стагі незабранага збожжа, і напушчаючы табуны коняй на нівы, яшчэ ня кранутыя сярпом, дзе, як назнарок, гойдаліся поўныя каласы, плод нязвычайнага ўраджаю, наградзіўшага ў той час шчодра ўсіх земляробаў. З жахам бачылі з места, як зьніштажаліся спосабы іхняга істнаваньня. А тымчасам запарожцы, выцягнуўшы навокал места ў два рады свае вазы, разьлягліся гэтак-жа сама, як і на Сечы, курэнямі, курылі свае люлькі, мяняліся здабытаю зброяю, гулялі ў чыхарду, у чот і лішку і паглядалі з забойчаю спакойнасьцяй на места. Уночы запальваліся агні: кашавары варылі ў кожным курэні кашу ў вялізных мядзяных саганох; каля гарэўшых усю ноч агнёў стаяла бяссонная варта. Але хутка запарожцы пачалі пакрысе сумаваць нядзейнасьцяй і доўгай цьвярозасьцяй, ня зьвязанаю ні з якою справаю. Кашавы загадаў нават падвоіць порцыю гарэлкі, што часам вадзілася ў войску, калі ня было цяжкіх справаў і рухаў. Маладым, а асабліва сыном Тараса Бульбы, не падабалася гэткае жыцьцё. Андрый выразна сумаваў. „Неразумная галава,“ — казай яму Тарас: „цярпі казак — атаманам будзеш. Ня той яшчэ добры ваяка, хто ня згубіў духу ў важнай справе, а той добры ваяка, хто і на безрабоцьці не засумуе, хто ўсё вытрывае, і хоць ты яму што хочаш, а ён усё такі паставіць на сваім.“ Але ня зыйсьціся гарачаму юнаку з дзедам: іншая натура ў абодвух, і іншымі вачыма глядзяць яны на тую самую справу.

А тымчасам падасьпеў Тарасоў полк, прыведзены Таўкачом; з ім было яшчэ два есаулы, пісар і іншыя палкавыя вураднікі; усіх казакоў набралася больш як чатыры тысячы. Было паміж імі ня мала і ахвочакамонных, якія самі падняліся, сваёю воляю, бяз ніякага прыказу, як толькі пачулі, у чым справа. Есаулы прывязьлі сыном Тараса Бульбы багаславеньне ад старое маці і кожнаму па кіпарасным абразе з Межыгорскага кіеўскага манастыра. Наклалі на сябе сьвятыя абразы абодва браты і мімаволі задумаліся, прыпомніўшы старую маці. Што-то праракуе і кажа ім гэтае багаславеньне? Ці багаславеньне на перамогу над ворагам і пасьля вясёлы паварот на бацькаўшчыну з здабычаю і славаю на вечныя песьні бандурыстым, ці?.. Але невядома будучына, і стаіць яна перад чалавекам быццам васеньні туман, падняўшыся з балот: шалёна лятаюць у ім угару і ўніз, чэркаючы крыльлямі, птушкі, не распазнаючы ў вочы адна аднае, галубка, — ня бачачы каршуна, каршун — ня бачачы галубкі, і ніхто ня ведае, як далёка лятае ён ад свае пагібелі…

Астап ужо заняўся сваёю справаю і даўно адыйшоў да курэняў. А Андрый, сам ня ведаючы чаму, адчуваў нейкую духату на сэрцы. Ужо казакі скончылі сваю вячэру. Вечар даўно пагас, ліпнёвая цудоўная ноч абняла паветра; але ён не адходзіў ад курэняў, не лажыўся спаць і пазіраў мімаволі на ўвесь быўшы перад ім абраз. На небе нязьлічанна мігцелі тонкім і вострым бліскам зоры. Поле далёка было занята параскіданымі па ім вазамі з вісячымі мазьніцамі, аблітымі дзёгцем, з усялякім дабром і правіянтам, набраным у ворага. Каля вазоў, пад вазамі і крыху далей ад вазоў — усюды відаць было параскіданых па траве запарожцаў. Усе яны спалі ў маляўнічых палажэньнях: хто падмасьціўшы сабе пад галаву куль, хто шапку, хто ўжыўшы, проста, бок свайго таварыша. Шабля, стрэльба-самапал, каротка-цыбучная люлька з мядзянымі бляхамі, жалезнымі пракруткамі і крэсівам, была неадлучна пры кожным казаку. Цяжкія валы ляжалі падвярнуўшы пад сябе ногі, вялікімі белаватымі масамі, і здаваліся здалёк шэрымі каменьнямі, параскіданымі па плашчыні поля. З усіх бакоў з травы ўжо пачало паднімацца густое храпеньне спаўшага ваяцтва, на якое адгукваліся з поля гучным іржаньнем жарабцы, маракуючы на свае спутаныя ногі. А тымчасам нешта вялічнае і грознае прымяшалася да хараства ліпнёвае ночы. Гэта былі займішчы далёка дагараўшых ваколіцаў. У адным месцы полымя спакойна і вялічна слалася па небе; у другім, сустрэўшы нешта гаручае і раптам вырваўшыся віхрам, яно сьвістала і ляцела ўгару пад самыя зоры, і адарваныя касмакі яго гасьлі пад самымі далёкімі нябёсамі. Там абгарэлы, чорны манастыр, як строгі картэзіянскі манах, стаяў грозна, выказваючы пры кожным водбліску панурую сваю веліч; там гарэў манастырскі сад: здавалася, што чуваць было, як дрэвы пішчалі, абкручваючыся дымам, і калі выскакваў агонь, дык ён раптам асьвятляў фосфарычным, лілова-агністым сьвятлом сьпелыя кісьці сьліваў, ці абяртаў у чырвонае золата там і там жаўцеўшыя грушы, і тут-жа сярод іх чарнела вісеўшае на сьцяне будынку ці на суку дзерава цела беднага жыда або манаха, гінуўшае разам з будынкам у агні. Над агнём круціліся ў далечыні птушкі, здаючыся купаю цёмных дробных крыжыкаў на агністым полі. Абложанае места, здавалася, заснула; шпіцы, і стрэхі, і частакол, і сьцены яго ціха паблісквалі водбліскамі далёкіх пажарышчаў. Андрый абыйшоў казацкія рады. Агні, каля якіх сядзелі старажы, рыхтаваліся штомінуты пагаснуць, і самыя старажы спалі, перакусіўшы добра чаго-нібудзь на ўвесь казацкі апэтыт. Ён падзівіўся крыху з гэткае бясьпечнасьці, падумаўшы: „добра, што няма блізка ніякага сільнага непрыяцеля і няма каго баяцца“. Нарэшце, і сам падыйшоў ён да аднаго з вазоў, залез на яго і лёг на плечы, падлажыўшы сабе пад галаву зложаныя назад рукі; але ня мог заснуць і доўга пазіраў на неба: яно ўсё было перад ім; чыста і празрыста было ў паветры; гушчыня зораў, складаўшых Малочны Шлях і сукосным паясом пераходзіўшая па небе, уся была заліта сьвятлом. Час ад часу Андрый як быццам забываўся, і нейкі лёгкі туман драманьня засланяў на міг перад ім неба, і пасьля яно ізноў ачышчалася ды ізноў рабілася відно.

У гэты час здалося яму, што мільгануў перад ім нейкі дзіўны абраз чалавечага твару. Думаючы, што гэта быў просты ўплыў сну, які зараз-жа разьвеецца, ён расплюшчыў мацней вочы свае і ўбачыў, што да яго запраўды накланіўся нейкі схудзелы, высахшы твар і глядзеў проста яму ў вочы. Доўгія і чорныя, як вугаль валасы, ня прыбраныя, раскудлачаныя, лезьлі з-пад цёмнага накіненага на галаву, пакрывала; і дзіўны бліск погляду, і мярцьвяцкая чарнявасьць твару выступаўшага вострымі рысамі, змушала хутчэй думаць, што гэта была прыява. Ён схапіўся мімаволі рукою за пішчаль і сказаў блізка што з сударгаю: „Хто ты? Калі дух нячысты, дык згінь з вачэй; калі жывы чалавек, дык не ў пару завёў жарт — заб’ю з аднаго прыцэлу.“

У адказ на гэта прыява прыставіла палец да рота і, здавалася, маліла аб маўчаньні. Ён спусьціў руку і пачаў прыглядацца да яе ўважней. Па доўгіх валасох, па шыі і поўаголеных чарнявых грудзёх распазнаў ён жанчыну. Але яна была ня тутэйшая: увесь твар яе быў чарнявы, змучаны хваробаю; шырокі верх твару выступаў сільна над апаўшымі пад ім шчокамі; вузкія вочы паднімаліся дугавідным разрэзам дагары. Чым больш ён прыглядаўся да рысаў яе, тым болей знаходзіў у іх нешта знаёмае. Нарэшце, ён ня вытрымаў і спытаўся: „Скажы, хто ты? Мне здаецца, як быццам я знаў цябе, ці бачыў дзе-нібудзь?“

— Два гады назад таму, у Кіеве.

— Два гады назад, у Кіеве, — паўтарыў Андрый, стараючыся перабраць усё, што засталося цэлым у яго памяці ад ранейшага бурсацкага жыцьця. Ён паглядзеў яшчэ раз на яе ўважна і раптам крыкнуў на ўвесь голас: „Ты — татарка! служанка панначкі, ваяводзінай дачкі…“

— Чшш! — прамовіла татарка, злажыўшы з маліўшым выглядам рукі, дрыжучы ўсім целам і адвярнуўшы ў той-жа самы час галаву назад, каб бачыць, ці не прачхнуўся хто-нібудзь ад гэткага моцнага крыку, зробленага Андрыем.

— Скажы, скажы, чаму, як ты тут? — казаў Андрый, блізка што задыхаючыся, шэптам, які перарываўся штомінуты ад унутранага хваляваньня. — Дзе панначка? жывая яшчэ?

— Яна тут у месьце.

— У месьце? — сказаў ён, ледзь ізноў ня крыкнуўшы, і пачуў, што ўся кроў раптам прыліла да сэрца: — чаму-ж яна ў месьце?

— Таму, што сам стары пан у месьце: ён ужо паўтара года, як сядзіць ваяводаю ў Дубне.

— Што-ж, яна замужам? Ды кажы-ж, — якая ты дзіўная! — што яна цяпер…

— Яна другі дзень нічога ня ела.

— Як?

— Ні ў каго з меставых жыхароў няма ўжо даўно кавалка хлеба, усе даўно ядуць адну зямлю.

Андрый астаўпеў.

— Панначка бачыла цябе з меставога валу разам з запарожцамі. Яна сказала мне: „Ідзі, скажы рыцару: калі ён помніць мяне, каб прыйшоў да мяне; а ня помніць, — каб даў табе кавалак хлеба дзеля старое мае маці, таму што я не хачу бачыць, як пры мне памрэ маці. Хай лепш я раней, а яна пасьля мяне. Прасі і хапай яго за калены і за ногі: у яго таксама ёсьць старая маці, — каб у імя яе даў хлеба.“

Шмат усялякіх пачуцьцёў абудзілася і загарэлася ў маладых грудзёх казака.

— Але яка ты тут? Як ты прыйшла?

— Пад’земным ходам.

— Хіба ёсьць пад’земны ход?

— Ёсьць.

— Дзе?

— Ты ня здрадзіш, рыцар?

— Прысягаю крыжам сьвятым!

— Спусьціўшыся ў яр і перайшоўшы праток, там, дзе чарот.

— І выходзіць у самае места?

— Проста да меставога манастыра.

— Хадзем, хадзем зараз-жа!

— Але, у імя Хрыста і Сьвятое Марыі, кавалак хлеба!

— Добра, будзе. Стой тут каля воза, ці лепш, кладзіся на яго: цябе ніхто ня ўбачыць, усе сьпяць, я зараз вярнуся.

І ён адыйшоў да вазоў, дзе хаваліся запасы, якія належалі да іхняга курэня. Сэрца яго стукацела. Усё мінулае, усё, што было заглушана цяперашнімі казацкімі бівакамі, строгім ваяцкім жыцьцём, — усё ўсплыло разам наверх, патапіўшы, у сваю чаргу, цяперашняе. Ізноў выплыла наверх перад ім, як з цёмнае марское глыбіні, гордая жанчына; ізноў бліснулі ў яго памяці прыгожыя рукі, вочы, расьсьмяяныя вусны, густыя цёмнаарэхавыя валасы, кучарава распушчаныя па грудзёх, і ўсе пружыністыя, у згоднай камбінацыі створаныя, часьці дзявочага стану. Не, яны не пагасалі, ня зьнікалі ў яго грудзёх, яны пастараліся толькі, каб даць на нейкі час прастор іншым магутным рухам; але часта, часта імі трывожаны быў глыбокі сон маладога казака, і часта, прачхнуўшыся, ляжаў ён бяз сну на пасьцелі, ня ўмеючы вытлумачыць таму прычыны.

Ён ішоў, а біцьцё сэрца рабілася мацнейшым, мацнейшым, пры аднэй думцы, што ўбачыць яе ізноў, і дрыжалі маладыя калены. Прыйшоўшы да вазоў, ён зусім запомніў, чаго прыйшоў: паднёс руку да лоба і доўга цёр яго, стараючыся прыпомніць, што яму трэба рабіць. Нарэшце, здрыгануўся, увесь набраўся перапуду: яму раптам прыйшло на думку, што яна памірае з голаду. Ён кінуўся да воза і схапіў некалькі вялікіх чорных боханаў сабе пад руку; але тут-жа падумаў: ці ня будзе гэтая страва, добрая для здаравяцкага, неразборлівага запарожца, грубаю і няпрыстойнаю яе далікатнай будове. Тут успомніў ён, што ўчора папікаў кашавы кашавараў за тое, што зварылі за адзін раз усю грачаную муку на саламату, тады як яе хапіла-б на добрыя тры разы. Зусім пэўны, што ён знайдзе колькі хоча саламаты ў саганох, ён выцягнуў бацькаўскі паходны саганчык і з ім скіраваўся да кашавара іхняга курэня, спаўшага каля двух дзесяцьвядзёрных катлоў, пад якімі яшчэ быў цёплы попел. Зірнуўшы ў іх, ён зумеўся, бачачы, што яны абодва парожнія. Трэ’ было нечалавечых сілаў, каб ўсё гэта зьесьці, тым болей, што ў іхнім курэні лічылася менш людзей, як у іншых. Ён глянуў у саганы іншых курэняў — нідзе нічога. Нявольна прыйшла яму да галавы прыказка: „запарожцы, як дзеці: калі мала — зьядуць, калі шмат — таксама нічога не пакінуць.“ Што рабіць? Быў, аднак-жа, здаецца, недзе на возе бацькаўскага палку, мяшок з белым хлебам, які знайшлі, абабраўшы манастырскую пякарню. Ён проста падыйшоў да бацькавата воза, але на возе яго ўжо ня было. Астап узяў яго сабе пад галаву і, расьцягнуўшыся тут-жа на зямлі, хроп на ўсё поле. Андрый схапіў мяшок аднэй рукою і рвануў яго раптам так, што Астапава галава ўпала на зямлю, а ён сам падскочыў зо сну і, седзячы з заплюшчанымі вачыма, закрычаў, як толькі мог: „Трымайце, трымайце чортавага ляха, ды лавеце каня, каня лавеце!“ — „Сціхні, я цябе заб’ю!“ — закрычаў ў перапудзе Андрый, замахнуўшыся на яго мяшком. Але Астап і без таго ўжо не гаварыў далей, прыціх і пусьціў гэткае храпеньне, што ад дыханьня варушылася трава, на якой ён ляжаў. Андрый баязьліва азірнуўся на ўсе бакі, каб даведацца, ці ня збудзіў каго з казакоў сонна броячы Астап. Адна чубатая галава, запраўды, падустала ў блізкім курэні і, павёўшы вачыма, хутка апусьцілася ізноў на зямлю. Перачакаўшы мінуты са дзьве, ён, нарэшце, адыйшоў з сваёю ношаю. Татарка ляжала, ледзь дыхаючы. „Уставай, хадзем! Усе сьпяць ня бойся! Ці паднімеш ты хоць адзін з гэтых боханаў, калі мне будзе нязручна забраць усе?“ Сказаўшы гэта, ён узяў сабе на плечы мяшкі, сьцягнуў, праходзячы каля аднаго воза, яшчэ адзін мяшок з просам, узят нават у рукі тыя боханы, якія хацеў быў аддаць нясьці татарцы, і крыху прыгнуўшыся пад цяжарам, ішоў адважна паміж радамі спаўшых запарожцаў.

— Андрый! — сказаў стары Бульба ў той час, калі ён праходзіў каля яго. Сэрца ў яго замёрла; ён спыніўся і, увесь трасучыся, ціха сказаў: „А што?“

— „З табою баба! Ой, адластажу цябе, устаўшы, на ўсе бакі! Не давядуць цябе бабы па дабра!" Сказаўшы гэта, ён абапёрся галавою на локаць і пачаў уважна разглядаць захіненую ў пакрывала татарку.

Андрый стаяў ні жывы, ні мёртвы, ня маючы духу глянуць бацьку ў вочы. І пасьля, калі падняў вочы і паглядзеў на яго, дык убачыў, што ўжо стары Бульба спаў, паклаўшы галаву на далонь.

Ён перахрысьціўся. Раптам адліў ад сэрца перапуд яшчэ хутчэй, як прыліў. А калі павярнуўся ён, каб зірнуць на татарку, яна стаяла перад ім, падобна да цемнае каменнае статуі, уся захіненая ў пакрывала, і одбліск далёкага займішча, загарэўшыся, асьвяціў толькі адны яе вочы, адзеравянеўшыя, як у мраца. Ён пацягнуў яе за рукаў, і абое пайшлі разам бесьперастанку аглядаючыся назад, і, нарэшце, спусьціліся схілам у нізкую лагчыну, — блізка што яр, называны ў некаторых месцах балкамі, — па дне якога гультайна поўз ручай, заросшы асакою і ўсеяны купінамі. Спусьціўшыся ў гэту лагчыну, яны схаваліся зусім з віду ўсяго поля, занятага запарожаскім табарам. Прынамсі, калі Андрый аглянуўся, дык убачыў, што ззаду ў яго крутою сьцяною, больш як у чалавечы рост, паднялася пахіласьць; наверсе яе пагойдвалася некалькі сьцяблінак палявога зельля, і над імі паднімаўся на неба месяц ў постаці сукосна аберненага сярпа з зыркага чырвонага золата. Зьляцеўшы з сьцепу ветрык даваў ведаць, што ўжо няшмат засталося часу да сьвету. Але нідзе ня чуваць было далёкага пятушынага крыку: ні ў месьце, ні ў зруйнованых ваколіцах ня было даўно ніводнага пеўня. Па невялічкім бервяне перайшлі яны цераз ручай, за якім узвышаўся процілежны бераг, які здаваўся вышэйшым за быўшы ў іх ззаду і выступаў поўнаю прывальлю. Здавалася, што ў гэтым месцы быў моцны і пэўны сам па сабе пункт меставое крэпасьці; прынамсі, земляны насып быў тут ніжэйшым і не выглядаў з-за яго гарнізон. Але затое крыху далей паднімалася тоўстая манастырская сьцяна. Абрывісты край яе ўвесь аброс бур’яном, і на невялікай лагчыне паміж імі і ручаём рос высокі чарот, блізка што ў вышыню чалавека. На версе прывалі відаць было рэшту плоту, выдаваўшага калісьці быўшы гарод; перад ім — шырокія лісты лапуху; з-за яго тырчэла лебяда, дзікі калючы будзяк і падсоўнечнік, задзіраўшы вышэй за ўсіх іх сваю галаву. Тут татарка скінула з сябе чаравікі і пайшла басанож, падабраўшы асьцярожна сваю вопратку, таму што месца было гразкае і напоўненае вадою. Пралазячы паміж чаротам, спыніліся яны перад наваленым гальлём і фашыньнікам. Адхіліўшы гальлё, знайшлі яны род землянога скляпеньня — дзіру, мала чым большую за чэлюсьць хлебнае печы. Татарка, нахіліўшы галаву, увайшла першая; сьледам за ёю Андрый, нагнуўшыся, наколькі можна ніжэй, каб можна было пралезьці з сваімі мяшкамі, і хутка апынуліся абое ў поўнай цемры.


Андрый ледзь пасоўваўся у цёмным і вузкім земляным калідоры, ідучы за татаркаю і цягнучы на сабе мяшкі хлеба. „Хутка нам будзе відна“ — сказала праводніца: „мы падходзім да месца, дзе паставіла я лятарню.“ І запраўды, цёмныя земляныя сьцены пачалі пакрысе асьвятляцца. Яны дайшлі да невялічкага пляцыку, дзе, здавалася, была капліца; прынамсі, да сьцяны быў прыстаўлены вузенькі столік у выглядзе аўтарнага прастолу, і на ім відаць было блізка што зусім сьцёрты, паліняўшы абраз каталіцкае Мадонны. Невялічкая сярэбраная лямпачка, перад ім вісеўшая, ледзь-ледзь асьвятляла яго. Татарка нахілілася і падняла з зямлі пакіненую мядзяную лятарню на тонкай, высокай ножцы, з вісеўшымі навокал яе на ланцужкох абцужкамі, шпількаю дзеля папраўляньня агню і гасільнікам. Узяўшы яе, яна запаліла агнём ад лямпы. Сьвятло ўзмацнела, і яны ідучы разам, то асьвятляючыся моцна агнём, то накідаючыся цёмным, як вугаль ценем, прыпаміналі сабою абрывы Гэрардо dalle notti. Сьвежы, кіпучы здароўем і юнацтвам твар рыцара выказваў моцную процілежнасьць з пахудзелым і зьбялелым тварам яго спадарожніцы. Праход стаў крыху шырэйшы, так што Андрыю можна было выпрастацца. Ён з цікавасьцю разглядаў гэтыя земляныя сьцены напомніўшыя яму кіеўскія пячуры. Так-жа сама, як і ў пячурах кіеўскіх, тут відаць было паглыбленьні ў сьценах, і стаялі дзе-ня-дзе дамавіны; часам пападаліся нават проста чапавечыя косьці, якія ад сырасьці зрабіліся мягкімі і рассыпаліся ў муку. Відаць, і тут таксама былі сьвятыя людзі і хаваліся таксама ад сьвецкіх бураў, гора і прынадаў. Сырасьць дзе-ня-дзе была вельмі моцная: пад нагамі ў іх іншы раз была проста вада. Андрый павінен быў часта затрымлівацца, каб даць адпачыць сваёй спадарожніцы, якое змога аднаўлялася бесьперастанку. Невялічкі кавалак хлеба, праглынуты ёю, выклікаў толькі боль у жывеце, адвыкшым ад стравы, і яна заставалася часта бяз руху па колькі мінут на адным месцы.

Нарэшце, перад імі паказаліся маленечкія жалезныя дзьверы. „Ну, дзякуй Богу, мы прыйшлі“ — сказала слабым голасам татарка, крыху падняла руку, каб пастукаць, і ня мела сілы Андрый стукнуў, замест яе, моцна ў дзьверы; разьлёгся гук, паказваўшы, што за дзьвярыма быў вялікі прастор. Гук гэты зьмяніўся, сустрэўшы, як здавалася, высокія скляпеньні. Мінуты цераз дзьве загрымелі ключы, і хтосьці, здавалася, сходзіў па сходах. Нарэшце, дзьверы адамкнуліся; іх сустрэў манах, стаяўшы на вузенькіх сходах з ключамі і сьвечкаю ў руках. Андрый мімаволі затрымаўся, убачыўшы каталіцкага манаха, выклікаўшага гэткую ненавісную пагарду ў казакох, паступаўшых з імі бесчалавечней, як з жыдамі. Манах таксама крыху адступіў назад, убачыўшы запарожаскага казака: але слова, ня вельмі чутна сказанае татаркаю, яго супакоіла. Ён пасьвяціў ім, замкнуў за імі дзьверы, павёў іх па сходах на гару, і яны апынуліся пад высокімі цёмнымі скляпеньнямі манастырскага касьцёла. Каля аднаго з аўтароў, устаўленага высокімі ліхтарамі і сьвечкамі, стаяў на каленах ксёндз і ціха маліўся. Каля яго з абодвух бакоў стаялі таксама на каленах два маладыя клерыкі ў ліловых мантыях, з белымі каронкавымі шэмізэткамі паверх іх і з кадзільніцамі ў руках. Ён маліўся аб пасланьні цуда, аб уратаваньні места, аб падмацаваньні падаўшага духу, аб пасланьні цярплівасьці, аб ухіленьні спакушальніка, які нашэптвае нараканьне і маладушны, трусьлівы плач на зямныя няшчасьці. Некалькі жанчын, падобных да прыяваў, стаяла на каленах, абапёршыся і зусім палажыўшы зможаныя галовы на заплечнікі стаяўшых перад імі крэслаў і цёмных дзеравяных лавак; некалькі мужчынаў, прысланіўшыся каля калённаў і пілястраў, на якіх ляжалі бакавыя скляпеньні, панура стаяла таксама на каленах. Вакно з колернымі шыбамі, быўшае над аўтаром, асьвяцілася рожавым румянцам раніцы, і ўпалі ад яго на падлогу блакітныя, жоўтыя і іншых колераў кружкі сьвятла, асьвяціўшыя раптоўна цёмны касьцёл. Увесь аўтар у сваім далёкім паглыбленьні паказаўся раптам у зьзяньні; кадзільны дым спыніўся на паветры радужна асьветленым вобалакам. Андрый не бяз зьдзіўленьня пазіраў з свайго цёмнага кутка на цуд, выкліканы сьвятлом. У гэты час вялічны гук аргану запоўніў раптам увесь касьцёл: ён, рабіўся гусьцейшым і гусьцейшым, разрастаўся, перайшоў у цяжкія грукаты грому і пасьля раптам, абярнуўшыся ў нябесную музыку, паляцеў высока пад скляпеньнямі сваімі пяяўшымі гукамі, прыпамінаўшымі тонкія дзявочыя галасы, і пасьля ізноў абярнуўся ён у густы гук і гром, і сьціх. І доўга яшчэ грымотны грукат лятаў, дрыжучы пад скляпеньнямі, і дзівіўся Андрый з паўразяўленым ротам з вялічнае музыкі.

У гэты час, пачуў ён, як нехта пацягнуў яго за палу каптана. — „Пара“, — сказала татарка. Яны перайшлі праз касьцёл, незаўважаныя нікім, і выйшлі пасьля на пляц, быўшы перад ім. Зарніца ўжо даўно румянела на небе: усё прадказвала ўзыходжаньне сонца. Пляц, меўшы квадратную фігуру, быў зусім пусты; пасярэдзіне яго аставаліся яшчэ дзеравяныя столікі, паказваўшыя, што тут быў яшчэ тыдзень таму назад рынак харчавых прыпасаў. Вуліца, якіх тады не брукавалі, была проста засохшая груда балота. Пляц абступалі навокал невялічкія каменныя і гліняныя ў адзін паверх дамы, з віднымі ў сьценах дзеравянымі палямі і стаўпамі ўва ўсю іх вышыню, сукосна перакрыжованыя таксама дзеравянымі зьвязямі, як наагул будавалі дамы тагочасныя жыхары, што можна бачыць і дасюль яшчэ ў некаторых месцах Літвы і Польшчы. Усе яны былі пакрыты нязьмерна высокімі стрэхамі, з вялікім лікам слухавых вокнаў і душнікоў. На адным баку, ледзь не каля касьцёла, вышэй за іншыя, узносіўся зусім адрозьнены ад іншых будынак, мусі мястовы магістрат ці якое-нібудзь урадовае месца. Ён быў у два паверхі і над ім угары надбудованы быў у дзьве аркі бэльвэдэр, дзе стаяў вартаўнік; вялікі цыфэрблят гадзіньніка ўстаўлены быў у стрэху. Пляц здаваўся мёртвым: але Андрыю прыявілася нейкае слабое стагнаньне. Разглядаючыся, ён заўважыў на другім яго баку групу з двух-трох чалавек, ляжаўшых блізка што бяз ніякага руху на зямлі. Ён утаропіў вочы ўважней, каб разглядзець, заснуўшыя гэта былі, ці памёршыя, і ў гэты час наскочыў на нешта, ляжаўшае каля ног яго. Гэта было няжывое цела жанчыны, як відаць, жыдоўкі. Здавалася, што яна была яшчэ маладая, хоць у скрыўленых, схудзелых рысах яе нельга было гэтага бачыць. На галаве ў яе была чырвоная шаўковая хустка; жомчугі ці пацеркі ў два рады ўпрыгожвалі яе навушнікі; два-тры доўгія, ўсе ў закрутках, касмакі валос выпадалі з-пад іх на яе высахшую шыю з напружанымі жыламі. Каля яе ляжала дзіцянё, сударгавата схапіўшае рукою за худыя грудзі яе і скруціўшае іх худымі пальцамі ад мімавольнае злосьці, не знайшоўшы ў іх малака. Яно ўжо ня плакала і ня крычала, і толькі па ціха апушчаным і падніманым жываце яго можна было думаць, што яно яшчэ не памёрла, ці, прынамсі, яшчэ толькі рыхтавалася спусьціць апошні дух. Яны павярнулі ў вуліцы і былі спынены раптам нейкім шалеўшым, які, убачыўшы ў Андрыя каштоўную ношу, кінуўся на яго, як цігра, учапіўся ў яго, крычачы: „хлеба!“ Але сілы ня было ў яго роўнай шаленству; Андрый адпіхнуў яго: ён паляцеў на зямлю. Парушваны спачуцьцём, ён шпургануў яму адзін бохан, на які той накінуўся, як шалёны сабака, пагрыз, пакусаў яго і тут-жа, на вуліцы, у страшэнных сударгах сканаў ад доўгае адвычкі прымаць страву. Ледзь не на кожным шагу зьдзіўлялі іх страшныя ахвяры голаду. Здавалася, як быццам, ня зносячы мукаў у хатах, шмат хто сумысьля выбег на вуліцу: ці не спашлецца ў паветры чаго-нібудзь, што карміла-б сілы. Каля брамы аднаго дому сядзела старая, і нельга сказаць, ці заснула яна, ці памёрла, проста, забылася; прынамсі яна ўжо ня чула і ня бачыла нічога і, схіліўшы галаву на грудзі, сядзела нярухомая на адным і тым-жа месцы. З страхі іншага дому вісела уніз, на вяровачнай пятлі, выцягненае і высахшае цела: небарака ня мог вытрываць да канца мукаў голаду і захацеў лепш простым самагубствам прысьпяшыць канец свой.

Гледзячы на гэткія жахоўныя сьведчаньні голаду, Андрый ня вытрываў ня спытацца ў татаркі: — Няўжо-ж яны, аднак-жа, зусім не знайшлі, чым прабавіць жыцьцё? Калі чалавеку прыходзіць апошняя крайнасьць, тады рабіць няма чаго, ён павінен карміцца тым, чым дасюль пагарджаў: ён можа карміцца тымі стварэньнямі, якія забаронены законам, усё можа тады пайсьці ў страву.

— Усё пазьядалі, — сказала татарка: — усю жывёлу: ні каня, ні сабакі, ні нават мышы не знайдзеш ува ўсім месьце. У нас у месьце ніколі ня бывала ніякіх запасаў: усё прывозілі з вёсак.

— Але як-жа вы, паміраючы гэткаю лютаю сьмерцю, усё яшчэ думаеце абараніць места?

— Ды мо’ ваявода і здаў-бы, але ўчора раніцаю палкоўнік, які ў Буджакох, пусьціў у места каршуна з запіскаю, каб не аддавалі места: што ён ідзе на ратунак з палком, ды чакае толькі другога палкоўніка, каб ісьці абодвум разам. І цяпер кожную мінуту чакаюць іх… Але вось мы прыйшлі да дому.

Андрый ужо здалёку бачыў дом, непадобны да іншых і, як здавалася, будованы якім-нібудзь архітэктарам італьянскім; ён быў складзены з харошых тонкіх цэглаў у два паверхі. Вокны ніжняга паверху былі ўпушчаны ў высока выпушчаныя каменныя гзымсы; верхні паверх складаўся ўвесь з невялікіх аркаў, злажыўшых галерэю; паміж імі відаць было рашоткі з гэрбамі; на вуглох дому таксама былі гэрбы. Вонкавыя шырокія сходы з хварбованых цэглаў выходзілі на самы пляц. Унізе сходаў сядзела па адным вартаўніку, якія маляўніча і сымэтрычна трымаліся аднэй рукою за стаяўшыя каля іх алебарды, а другою падпіралі нахіленыя свае галовы і, здавалася, што гэткім спосабам болей падобныя былі да статуяў, як да жывых істотаў. Яны ня спалі і не драмалі, але, здавалася, былі нячулымі да усяго; яны не зьвярнулі нават увагі на тое, хто ўсходзіў па сходах. Наверсе сходаў яны знайшлі багата апраненага, усяго з ног да галавы азброенага ваяку, трымаўшага ў руцэ малітвенік. Ён быў навёў на іх стомленыя вочы, але татарка сказала яму адно слова і ён спусьціў іх ізноў у раскрытыя старонкі свайго малітвеніка. Яны ўвайшлі ў першы пакой, даволі прасторны, служыўшы пачакальняю ці, проста, прадпакоем; ён быў увесь напоўнены сядзеўшымі ў розных палажэньнях каля сьценаў жаўнерамі, слугамі, пісарамі, віначэрпіямі і іншай чэлядзяй, неабходнаю дзеля паказаньня сану польскага вяльможы, як вайсковага, так і ўласьніка сваіх двароў. Чуваць было чад ад пагасшае сьвечкі; дзьве іншыя яшчэ гарэлі ў двох вялізных, блізка што ў рост чалавечы, ліхтарох, стаяўшых пасярэдзіне, ня гледзячы на тое, што ўжо даўно ў закратованае шырокае вакно глядзела раніца. Андрый ужо хацеў быў ісьці проста ў шырокія дубовыя дзьверы, упрыгожаныя гэрбам і грамадаю рэзных упрыгожаньняў, але татарка пацягнула яго за рукаў і паказала маленечкія дзьверы ў бакавой сьцяне. Гэтымі выйшлі яны ў калідор і пасьля ў пакой, які ён пачаў уважна разглядаць. Сьвятло, праходзіўшае праз шчыліну ў вакеньніцы, тое-сёе кранула: малінавую заслону, пазалачаны гзымс і малюнкі на сьцяне. Тут татарка сказала Андрыю застацца, адчыніла дзьверы ў другі пакой, з якіх бліснула сьвятло агню. Ён пачуў шэпт і ціхі голас, ад якога ўсё задрыжала ў ім. Ён бачыў праз адчыненыя дзьверы, як мільганула быстра стройная жаночая фігура з доўгаю раскошнаю касою, падаўшаю на паднятую ўгару руку. Татарка вярнулася і сказала, каб ён увайшоў. Ён ня помніў, як увайшоў і як зачыніліся за ім дзьверы. У пакоі гарэлі дзьве сьвечкі, лямпачка блішчала перад абразом; пад ім стаяў высокі столік, паводле звычаю каталіцкага, з ступенькамі дзеля таго, каб станавіцца на калены ў часе малітвы. Але не таго шукалі вочы яго. Ён павярнуўся ў другі бок і ўбачыў жанчыну, здавалася, застыўшую і акамянеўшую ў нейкім шпаркім руху. Здавалася, як быццем уся фігура яе хацела кінуцца да яго і раптам спынілася. І ён застаўся таксама зьдзіўленым перад ёю. Ня гэткаю ўяўляў ён яе бачыць: гэта была не яна, ня тая, якую ён знаў раней; нічога ня было ў ёй падобнага да тае, але ўдвая прыгажэйшай і цудоўнейшай была яна цяпер, чымсь раней: тады было ў ёй нешта недакончанае, недавершанае, цяпер гэта быў твор, якому мастак даў апошні ўдар кісьці. Тая была харошая, ветраная дзяўчына; гэта была красуня, жанчына ўва ўсёй разьвіненай красе сваёй. Поўнае пачуцьцё выказвалася ў яе крыху паднятых вачох, не адрыўкі, не наводжваньні на пачуцьцё, а ўсё пачуцьцё. Яшчэ сьлёзы не пасьпелі ў іх высахнуць і абнялі іх зіхацеўшаю вільгацьцю, праходзіўшаю душу; грудзі, шыя і плечы замкнуліся ў тыя прыгожыя граніцы, якія прызначаны зусім разьвінутаму хараству; валасы, якія раней разносіліся лёгкімі пасмамі па твары яе, цяпер абярнуліся ў раскошную касу, частка якое была падабрана, а частка параскідалася па ўсёй даўжыні рукі і тонкімі, доўгімі, прыгожа загнутымі валасамі спадала на грудзі. Здавалася, што ўсе да аднае зьмяніліся рысы яе. Дарэмна сілкаваўся ён адшукаць у іх хоць адну з тых, якія круціліся ў яго памяці, — ніводнае. Як ні вялікаю была яе бялявасьць, але яна не зацямніла цудоўнага хараства яе, наадварот, як быццам надала яму нешта бурлівае, неадбіўна-перамоганоснае. І адчуў Андрый у сваёй душы малітвены страх, і зрабіўся нярухомы перад ёю. Яна, здавалася, таксама была зьдзіўлена выглядам казака, што зьявіўся ўва ўсім харастве і сіле юнацкае мужнасьці, які, здавалася, і ў самай нярухомасьці сваёй ужо выдаваў рэзвую вольнасьць рухаў; яснаю цьвёрдасьцю зіхацела вока яго, адважнаю дугою выгнулася брыво, загарэлыя шчокі блішчалі ўсёю зыркасьцю някранутага агню і, як шоўк, блішчаў малады чорны вус.

— Не, я ня ў сіле нічым падзякаваць табе, велікадушны рыцару, — сказала яна, і ўвесь гойдаўся сярэбраны гук яе голасу. — „Адзін Бог можа вынаградзіць цябе; ня мне слабой жанчыне…“ Яна спусьціла свае вочы; прыгожымі сьнежнымі паўколамі насунуліся на іх павекі, аблямованыя доўгімі, як стрэлы, валасінкамі; нахіліўся ўвесь цудоўны твар яе, і тонкі румянец адценіў яго зьнізу. Нічога ня ўмеў сказаць на гэта Андрый; ён хацеў-бы выказаць усё, што толькі ёсьць на душы, выказаць яго гэтак-жа горача, як яно было на душы — і ня мог. Пачуў ён нешта, затуліўшае яму вусны; гук адняло ў слова: пачуў ён, што не яму, выхаванаму ў бурсе і ў ваяцкім валацужным жыцьці, адказваць на гэткія прамовы, і зазлаваў на сваю казацкую натуру.

У гэты час увайшла ў пакой татарка. Яна ўжо пасьпела нарэзаць лустамі прынесенага рыцарам хлеба, нясла яго на залатым паўміску і паставіла перад сваёю паннаю. Красуня зірнула на яе, на хлеб і навяла вочы на Андрыя, — і шмат было ў вачох тых. Гэты ласкавы пагляд, выказваўшы змогу й нясілу выказаць ахапіўшыя яе пачуцьці, быў болей даступны Андрыю, чымся ўсе прамовы. Яго душы раптам зрабілася лёгка; здавалася, што ўсё разьвязалася ў яго. Рухі і пачуцьці душы, якія дасюль як быццам нехта стрымліваў цяжкаю вобруцяй, цяпер пачулі сябе вызваленымі, на волі, і ўжо хацелі выліцца ў няўцішныя ручаі словаў, як раптам красуня, зьвярнуўшыся да татаркі, неспакойна спыталася: — „А маці? ты занясла ёй?“

— Яна сьпіць.

— А бацьку?

— Занясла; ён сказаў, што прыдзе сам падзякаваць рыцару.

Яна ўзяла хлеба і паднясла яго да рота. З нявымоўнаю насалодаю пазіраў Андрый, як яна ламала яго зіхацеўшымі пальцамі сваімі і ела; і раптам успомніў аб шалеўшым з голаду, які сканаў на вачох у яго, праглынуўшы кавалак хлеба. Ён пабялеў і, схапіўшы яе за руку, закрычаў: „Годзі! ня еш болей! Ты гэтак доўга ня ела, табе хлеб будзе цяпер атрутаю.“ І яна апусьціла тут-жа сваю руку, паклала хлеб на паўмісак і, як пакорнае дзіцянё, глядзела яму ў вочы. І няхай выказала-б чыё-нібудзь слова… але ня ўладны выказаць ні разец, ні кісьць, ні высока-магутнае слова таго, што відаць іншы раз у вачох дзяўчыны, а ні таго ласкавага пачуцьця, якім ахапляецца той, хто глядзіць у гэткія дзявочыя вочы.

— „Царыца!“ — гукнуў Андрый, поўны і сардэчных, і духовых, і розных лішкаў: — „Што табе патрэбна, чаго ты хочаш? — загадай мне! Задай мне службу самую немагчымую, якая толькі ёсьць на сьвеце, — я пабягу спаўняць яе! Скажы мне зрабіць тое, чаго ня ў сіле зрабіць ніводзін чалавек, — я зраблю, я загублю сябе. Загублю, загублю! і загубіць сябе дзеля цябе, прысягаю сьвятым крыжам, мне гэтак соладка… але ня ў сіле сказаць таго! У мяне тры хутары, палавіна табуноў бацькавых мае, усё, што прынясла бацькаві маці мая, што нават ад яго хавае яна, — усё маё. Гэткае ў нікога няма цяпер у казакоў нашых зброі, як у мяне: за адну ручку мае шаблі даюць мне найлепшы табун і тры тысячы авечак. І ад усяго гэтага адмоўлюся, кіну, спалю, затаплю, калі толькі ты выгаварыш адно слова, або хоць толькі варухнеш сваім тонкім, чорным брывом! Але ведаю, што мо’ пляту дурныя прамовы, і недарэчы, і не падходзіць усё гэта сюды, што ня мне, правёўшаму жыцьцё ў бурсе і на Запарожжы, гаварыць так, як у звычаі гаварыць там, дзе бываюць каралі, князі і ўсё, што ёсьць найлепшае ў вяльможным рыцарстве. Бачу, што ты іншае Божае стварэньне, чымся ўсе мы, і далёкія перад табою ўсе іншыя баярскія жонкі і дочкі-дзяўчаты. Мы не падходзім быць тваімі рабамі, толькі нябесныя ангелы могуць служыць табе.“

З узрастаўшым зьдзіўленьнем, уся абярнуўшыся ў слых, не сказаўшы ніводнага слова, слухала дзяўчына шчырую, сардэчную прамову, у якой, як у люстры, адбівалася маладая, поўная сілы душа. І кожнае простае слова гэтае прамовы, вымаўленае голасам, ляцеўшым проста з сардэчнага дна, адзета было ў сілу. І выдаўся ўперад увесь прыгожы твар яе, адкінула яна назад прыкрыя валасы, адчыніла вусны і доўга глядзела з адчыненымі вуснамі. Пасьля хацела нешта сказаць і раптам стрымалася, і ўспомніла, што іншым назначэньнем вядзецца рыцар, што бацька, браты і ўся айчына яго стаяць ззаду яго строгімі помсьцічамі, што страшныя аблёгшыя места запарожцы, што на лютую сьмерць засуджаны ўсе яны з сваім местам… і вочы яе раптам зайшлі сьлязьмі; быстра схапіла яна хустку, вышытую шоўкам, накінула яе сабе на твар, і яна ў мінуту зрабілася ўся вільготнаю, і доўга сядзела, закінуўшы назад сваю прыгожую галаву, сьціснуўшы беласьнежнымі зубамі сваю прыгожую ніжнюю губу, — як-бы раптоўна пачуўшы які ўкус ядавітага гада, — і ня зьнімаючы з твару хусткі, каб ён ня бачыў яе друзгатальнага суму.

— Скажы мне адно слова! — сказаў Андрый і ўзяў яе за атласную руку. Бліскучы агонь прабег па жылах яго ад гэтага дакраненьня, і ціснуў ён руку, ляжаўшую нячулай у руцэ яго.

Але яна маўчала і не аднімала хусткі ад твару свайго і заставалася нярухомаю.

— Чаму ты гэтак сумная? Скажы мне, чаму ты гэтак сумная?

Кінула проч яна ад сябе хустку, адхіліла налазіўшыя на вочы доўгія валасы касы свае і ўся разьлілася ў жаласных словах, выгаварваючы іх ціхім, ціхім голасам, падобна да таго, як вецер, падняўшыся ў прыгожы вечар, прабяжыць раптам па гушчары надводнага чарату: зашамацяць, загучаць і паляцяць раптам сумна-тонкія гукі, і ловіць іх з незразумелаю тугою супыніўшыся падарожны, ня чуючы ні таго, як гасьне вечар, ні тых, што лятуць, вясёлых песьняў народу, які йдзе з палявых работаў і жніваў, ні далёкага тарахценьня таго, што недзе праяжджае, воза.

— Ці-ж ня варта я вэчных жаляў! Ці-ж не няшчасная маці, спарадзіўшая мяне на сьвет? Ці-ж ня горкая доля прышлася на часьць мне? Ці-ж ня люты ты кат мой, мой ліхі лёс? Усіх ты прывёў да ног маіх: лепшых шляхцічаў з усяго шляхоцтва, найбагацейшых паноў, графоў і чужаземных баронаў, і ўсё, што толькі ёсьць цьветам нашага рыцарства. Усім ім было вольна кахаць мяне і за вялікае шчасьце кожны з іх палічыў-бы каханьне маё. Варта было мне толькі махнуць рукою, і хоць каторы з іх, найпрыгажэйшы тварам і пародаю, зрабіўся-б маім мужам. І да ніводнага з іх не прычараваў ты майго сэрца, ліхі лёс мой; а прычараваў маё сэрца, міма лепшых вітэзяў зямлі нашае, да чужога, да ворага нашага. За што-ж Ты, Прачыстая Божая Маці, за якія грахі, за якія цяжкія праступленьні гэтак неўмаліма і бязьлітасна гоніш мяне? У заможнасьці і раскошнай лішцы ўсяго цяклі дні мае; лепшыя дараггія стравы і дарагія віны былі мне пажываю. І на што ўсё гэта было? да чаго яно ўсё было? Ці-ж да таго, каб, нарэшце, памёрці лютаю сьмерцю, якою не памірае апошні жабрак у каралеўстве? І мала таго, што засуджана я на гэткі страшны ўдзел; мала таго, што перад канцом сваім павінна бачыць, як пачнуць паміраць у страшэнных муках бацька і маці, дзеля ўратаваньня якіх дваццаць разоў гатова была-б аддаць жыцьцё сваё, мала ўсяго гэтага: трэба, каб перад канцом сваім мне давялося ўбачыць і пачуць словы і каханьне, якога ня бачыла я. Трэба, каб ён словамі сваімі разадраў на часьці маё сэрца, каб горкая мая часьць была яшчэ гарчэйшая, каб яшчэ больш шкада было мне майго маладога жыцьця, каб яшчэ страшнейшаю здавалася мне сьмерць мая і каб яшчэ болей, паміраючы, папікала я цябе, жорсткі лёс мой, і Цябе, — даруй мой грэх, — Сьвятая Божая Маці!

І калі сьціхла яна, дык безнадзейнае-безнадзейнае пачуцьцё адбілася ў твары яе; балючым сумам загаварыла кожная рыса яго, і ўсё, ад панура схіленага лоба і спушчаных вачэй да сьлёз, застыўшых і засохшых па ціха гарэўшых шчоках яе, усё, здавалася, казала: „Няма шчасьця на твары гэтым!“

— Ня чувана на сьвеце, ня можна, ня быць таму, — казаў Андрый: — каб найхарашэйшая і лепшая з жанок панясла гэткую горкую часьць, калі яна народжана на тое, каб перад ёю, як перад сьвятыняю, скланілася ўсё, што ёсьць лепшае на сьвеце. Не, ты не памрэш! Не табе паміраць; прысягаю маім народжаньнем і ўсім, што мне міла на сьвеце, — ты не памрэш! Калі-ж выйдзе ўжо так, і нічым — ні сілаю, ні малітваю, ні адвагаю нельга будзе адхіліць горкага лёсу, дык мы памрэм разам, і раней я памру, памру перад табою, каля тваіх прыгожых каленаў, і хіба ўжо няжывога мяне разлучаць з табою.

— Не ашуквай, рыцару, і сябе і мяне, — казала яна, махаючы ціха прыгожаю галавою: — ведаю і, на вялікае маё гора, ведаю вельмі добра, што табе нельга любіць мяне; і ведаю я, які доўг і завет мой: цябе клічуць бацька, таварышы, айчына, а мы — ворагі табе.

— А што мне бацька, таварышы і айчына? — сказаў Андрый, страсянуўшы быстра галавою і выпраставаўшы ўвесь просты, як надрэчны ясакар, стан свой. — Дык калі-ж так, дык вось што: няма ў мяне нікога! Нікога, нікога! — паўтарыў ён тым самым голасам і пацьвярдзіўшы яго тым рухам рукі, з якім пруткі, нязломны казак выказвае рашучасьць на справу нячуваную і немагчымую для іншага. — Хто сказаў, што мая айчына Украіна? Хто даў мне яе ў айчыны? Айчына ёсьць тое, чаго шукае душа наша, што мілейшае для яе за ўсё. Айчына мая — ты! Вось мая айчына! І панясу я гэтую айчыну ў сэрцы сваім, панясу яе, пакуль хопіць майго веку, і пагляджу: няхай хто-нібудзь з казакоў вырве яе адтуль! І ўсё, што толькі ёсьць, прадам, аддам, загублю за гэткую айчыну!

На міг астаўпеўшы, як прыгожая статуя, пазірала яна яму ў вочы і раптам заплакала, і з цудоўнаю жаноцкаю шпаркасьцю, на якую бывае толькі здольнаю адна безьмяркоўна велікадушная жанчына, створаная на прыгожы сардэчны рух, кінулася яна да яго на шыю, абхапіўшы яго сьнегападобнымі, цудоўнымі рукамі, і моцна заплакала. У гэты час разьлягліся на вуліцы няясныя крыкі, праводжаныя гукам трубаў і літаўраў; але ён ня чуў іх: ён чуў толькі, як цудоўныя вусны абдавалі яго пахнючаю цяплынёю свайго дыханьня, як сьлёзы яе цяклі да яго на твар, і, спушчаныя ўсе з галавы, пахнючыя яе валасы апуталі яго ўсяго сваім цёплым і зіхацеўшым шоўкам.

У гэты час убегла да іх з радасным крыкам татарка. „Ратунак, ратунак!“ — крычала яна, не памятаючы сябе. — „Нашыя ўвайшлі ў места, прывязьлі хлеба, пшана, мукі і зьвязаных запарожцаў!“ Але ня чуў ніхто з іх, якія „нашыя“ ўвайшлі ў места, што прывязьлі з сабою і якіх зьвязалі запарожцаў. Поўны не на зямлі каштаваных пачуцьцёў, Андрый пацалаваў у пахнючыя вусны, прытуленыя да шчакі яго, і не безадказнымі былі пахнючыя вусны. Яны адгукнуліся тым-жа самым, і ў гэтым узаемна зьлітым пацалунку адчувалася тое, што адзін толькі раз у жыцьці даецца адчуць чалавеку.

І прапаў казак! Прапаў для ўсяго казацкага рыцарства! Ня ўбачыць яму больш ні Запарожжа, ні бацькаўскіх хутароў сваіх, ні цэрквы Божае. Укааіне ня ўбачыць таксама найадважнейшага з сваіх дзяцей, якія ўзяліся бараніць яе. Вырве стары Тарас сівы касмак валасоў з свае чупрыны і пракляне і дзень, і гадзіну, у якую спарадзіў на сорам сабе гэткага сына.


VII

Гоман і рух адбываўся ў запарожаскім табары. Спачатку ніхто ня мог добра зразумець, як здарылася, што войска прайшло ў места. Пасьля ўжо аказалася, што ўвесь Пераяслаўскі курэнь, што разлажыўся перад бакавою гарадзкою брамаю, быў п’яны насьмерць; дык і дзівіцца няма чаго, што палавіна была перабіта, а другая павязана яшчэ перад тым, як усе маглі даведацца, у чым справа. Пакуль бліжэйшыя курэні, абуджаныя шумам, пасьпелі ўхапіцца за зброю, войска ўжо ўваходзіла ў гарадзкую браму, і апошнія рады адстрэльваліся ад наляцеўшых на іх у бязладзьдзі сонных і напалову пацьвярозеўшых запарожцаў. Кашавы даў загад сабрацца ўсім, і калі ўсе сталі ў круг і, зьняўшы шапкі, заціхлі, ён сказаў: „Дык вось што, панове-братове, здарылася ў гэтую ноч; вось да чаго давёў хмель! Вось які сорам зрабіў нам непрыяцель! У вас, відаць, ужо гэтак заведзена: калі пазволіш падвоіць порцыю, дык вы гатовы гэтак налактацца, што вораг Хрыстовага ваяцтва ня толькі зьніме з вас шаравары, але ў самы твар вам начхае, дык вы таго не пачуеце.“

Казакі ўсе стаялі, спусьціўшы галовы, ведаючы віну, адзін толькі незамайкаўскі курэнны атаман Кукубенка адгукнуўся. „Пачакай, бацька! — сказаў ён, — хоць яно і не ў законе, каб сказаць якое запярэчаньне, калі гаворыць кашавы перад усім войскам, ды справа ня так была, дык трэба сказаць. Ты ня зусім справядліва папікнуў усё хрысьціянскае войска. Казакі былі-б вінаватыя і годныя сьмерці, калі-б напіліся ў паходзе, на вайне, на труднай, цяжкай рабоце; але мы сядзелі нічога ня робячы, трымцелі дарэмна перад местам. Ні посту, ні іншага хрысьціянскага ўстрыманьня ня было; як-жа можа быць, каб на гультайстве не напіўся чалавек? Граху тут няма. А мы вось лепш пакажам ім, што гэта такое нападаць на бязьвінных людзей. Раней білі добра, а ўжо цяпер дамо так, што і пятаў не забяруць дамоў.“

Прамова курэннага атамана спадабалася казаком. Яны крыху паднялі ўжо зусім было спушчаныя галовы і шмат якія, згаджаючыся кіўнулі галавою, дадаўшы: „Добра сказаў Кукубенка!“ А Тарас Бульба, стаяўшы недалёка ад кашавога, сказаў: — „А што, кашавы, відаць Кукубенка праўду сказаў? што ты скажаш на гэта?“

„А што скажу? Скажу: шчасьлівы й бацька, спарадзіўшы гэткага сына: яшчэ не вялікая мудрасьць сказаць дакорлівае слова, але вялікая мудрасьць сказаць гэткае слова, якое, не палаяўшыся над бядою чалавека, падбадрыла-б яго, прыдало-б духу яму, як шпоры прыдаюць духу каню, асьвежанаму вадапоем. Я сам хацеў вам сказаць пасьля пацяшальнае слова, ды Кукубенка дагадаўся раней“.

— „Добра сказаў і кашавы!“ — адгукнулася ў радох запарожцаў. — „Добрае слова!“ — паўтарылі іншыя. І найсівейшыя, стаяўшыя як сівыя галубы, і тыя матнулі галавою і, смаргануўшы сівым вусам, ціха сказалі: — „Добра сказанае слова!“

— „Слухайце-ж, панове!“ — далей казаў кашавы. — „Браць крэпасьць, чапляцца і падкопвацца, як робяць чужаземныя нямецкія майстры — няхай ёй вораг прыкінецца! — і няпрыстойна, і не казацкая справа. А судзячы па тым, што ёсьць, непрыяцель увайшоў у места не з вялікім запасам; вазоў штосьці было з ім няшмат. Народ у месьце галодны, значыцца, усё зьесьць духам, ды і коням таксама сена… ужо я й ня ведаю, хіба толькі з неба кіне ім на вілы які-нібудзь іхні сьвяты… толькі пра гэта яшчэ Бог ведае; а ксяндзы-ж іх багатыя на адны словы. За тым, ці за іншым, а ўжо яны выйдуць з места. Разлучайся-ж на тры кучы і станавіся на тры дарогі перад трыма брамамі. Перад галоўнаю брамаю пяць курэняў, перад іншымі па тры курэні. Дзядзькіўскі і Корсунскі курэнь на засаду! Палкоўнік Тарас з палком на засаду! Татараўскі і Тымашэўскі курэнь на запас з правага боку табару! Шчарбінаўскі і Стэблікіўскі — верхні — з левага боку! Ды выбірайцеся з раду малайцы, якія зубацейшыя на слова, задзіраць непрыяцеля! У ляха пустагаловая натура: лайкі ня вытрывае; і, можа быць, сягоньня яшчэ ўсе яны выйдуць з брамаў. Курэнныя атаманы, кожны пераглядзі курэнь свой: у каго недахоп, папоўні яго рэштаю Пераяслаўскага. Пераглядзі ўсё ізноў! Даць на пахмельле ўсім па чарцы, і па бохану на казака. Толькі, пэўна, кожны яшчэ ўчарашнім сыты, бо, няма дзе падзець праўды, панаядаліся ўсе так, што дзіўлюся, як уночы ніхто ня лопнуў. Ды вось яшчэ адзін наказ: калі хто-нібудзь, шынкар-жыд, прадасьць казаку хоць адзін кухаль сівухі, дык я прыб’ю яму на самы лоб сьвіное вуха, сабацы, і павешу дагары нагамі! Да працы-ж, браты! Да працы!“

Гэтак распяраджаў кашавы, і ўсе пакланіліся яму ў пояс і, не накладаючы шапок, скіраваліся да сваіх вазоў і табараў, і калі ўжо зусім далёка адыйшлі, тады толькі панакладалі шапкі. Усе пачалі рыхтавацца: прабавалі шаблі і палашы, насыпалі пораху з мяшкоў ў парахоўніцы, адкочвалі і ставілі вазы і выбіралі коні.

Адходзячы да свайго палку, Тарас думаў і ня мог прыдумаць, куды гэта падзеўся Андрый: „ці ў палон яго ўзялі разам з іншымі і зьвязалі соннага? толькі не, ня гэткі Андрый, каб аддаўся жывым у палон.“ Паміж забітымі казакамі таксама яго ня відаць было. Задумаўся моцна Тарас і йшоў перад палком, ня чуючы, што яго даўно называў нехта на імя. — „Каму трэба мяне?“ — сказаў ён, нарэшце, ачуняўшы. Перад ім стаяў жыд Янкель.

— Пане палкоўнік, пане палкоўнік! — казаў жыд пасьпешным і перарыўчатым голасам, як быццам ён хацеў абвясьціць справу ня зусім пустую. — „Я быў у месьце, пане палкоўнік!“

Тарас паглядзеў на жыда і падзівіўся з таго, што ён ужо пасьпеў пабываць у месьце. — „Які-ж вораг цябе занёс туды?“

— Я зараз раскажу, — сказаў Янкель. — Як толькі пачуў я да сьвету шум, і казакі пачалі страляць, я схапіў каптан і, не апранаючы яго, пабег туды бягом! дарогаю ўжо апрануў яго ў рукавы, таму што хацеў найхутчэй даведацца, чаму гэта шум, чаму казакі чуць сьвет пачалі страляць. Я ўзяў і прыбег да самае меставое брамы, у той час, калі апошняе войска ўваходзіла ў места. Гляджу — наперадзе аддзелу харунжы Галяндовіч. Ён чалавек мне знаёмы: яшчэ з трэцяга году пазычыў сто чырвоных. Я за ім, як быццам за тым, каб выпрастаць з яго доўг, і ўвайшоў разам з імі ў места.

— Як-жа ты ўвайшоў у места, ды яшчэ і доўг хацеў выпрастаць? — сказаў Бульба: — І не казаў ён цябе тут-жа павесіць, як сабаку?“

— А, дальбог, хацеў павесіць, — адказаў жыд: — ужо былі яго слугі зусім схапілі мяне і закінулі вяроўку на шыю; але я маліць пачаў пана, сказаў, што пачакаю з даўгом, колькі пан хоча, і дакляраваў яшчэ пазычыць, як толькі паможа мне пазьбіраць даўгі з іншых рыцараў; бо ў пана харунжага, — я ўсё скажу пану, — няма і аднаго чырвонага ў кішані. Хоць у яго і ёсьць хутары і фальваркі, і чатыры замкі, і сьцяповае зямлі аж да самага Шклова, а грошай у яго гэтак сама, як і ў казака, нічога няма. І цяпер, калі-б не азброілі яго браслаўскія жыды, дык ня было-б яму ў чымі на вайну выехаць. Ён і на сойме праз гэта ня быў…

— Што-ж ты рабіў у горадзе? бачыў нашых?

— Як-жа! Нашых там шмат: Іцка, Рахум, Шмуйла, Хайвалох, жыд-арэндатар…

— Прападзі яны, сабакі! — гукнуў, узлаваўшыся Тарас. — Што ты мне тычаш сваё жыдоўскае племя? Я ў цябе пытаюся пра нашых запарожцаў.

— Нашых запарожцаў ня бачыў: а бачыў аднаго пана Андрыя.

— Андрыя бачыў? — гукнуў Бульба. — Што-ж ты, дзе бачыў яго? у склепе? у яме? Зьняважаны? зьвязаны?

— Хто-ж бы сьмеў зьвязаць пана Андрыя? Цяпер ён гэткі важны рыцар… Далібог, я не пазнаў! І наплечнікі ў золаце, і нарукаўнікі ў золаце, і зерцала ў золаце, і шапка ў золаце, і на поясе золата, і ўсюды золата, і ўсё золата. Так як сонца зірне вясною, калі ў гародзе кожная птушка пішчыць і пяе, і травіца пахне, гэтак і ён увесь зьзяе ў золаце. І каня яму даў ваявода найлепшага езьдзіць конна; два ста чырвоных каштуе адзін конь.

Бульба астаўпеў. — Нашто-ж ён апрануў чужую вопратку?

— Таму, што лепшая, таму і апрануў. І сам паяжджае і іншыя паяжджаюць; і ён вучыць, і яго вучаць: як найбагацейшы польскі пан!

— Хто-ж яго прымусіў?

— Я-ж не кажу, каб яго хто прымусіў. Ці-ж пан ня ведае, што ён па сваёй волі перайшоў да іх?

— Хто перайшоў?

— А пан Андрый.

— Куды перайшоў?

— Перайшоў на іхні бок; ён ужо цяпер зусім іхні.

— Лжэш, сьвіное вуха.

— Як-жа ж можна каб я маніў? Дурань я хіба, каб маніў? На сваю галаву я маніў-бы? хіба я ня ведаю, што жыда павесяць, як сабаку, калі ён зманіць перад панам?

— Дык гэта выходзіць, ён, патвойму, прадаў айчыну і веру?

— Я-ж не кажу гэтага, каб ён прадаваў што: я сказаў толькі, што ён перайшоў да іх.

— Лжэш, чортаў жыдзе! Гэткае справы ня было на хрысьціянскай зямлі! Ты блутаеш, сабака!

— Хай трава парасьце на парозе майго дому, калі я блутаю. Хай кожны наплюе на магілу бацькі, маці, сьвёкра і бацькі бацькі майго, і бацькі маці мае, калі я блутаю. Калі пан хоча, я нават скажу, і чаму ён перайшоў да іх.

— Чаму?

— У ваяводы ёсьць дачка-красуня. Сьвяты Божа, якая красуня! — Тут жыд пастараўся, як толькі мог, выказаць у твары сваім хараство, разьвёўшы рукі, прыплюшчыўшы вочы і скрывіўшы набок рот, як быццам чаго пакаштаваўшы.

— Ну, дык што-ж з таго?

— Ён дзеля яе і зрабіў усё, і перайшоў. Калі чалавек закахаецца, дык ён усё роўна, як падошва, якую калі размочыш у вадзе, вазьмі, сагні — яна і сагнецца.

Моцна задумаўся Бульба. Успомніў ён, што вялікая ўлада слабое жанчыны, што шмат якіх дужых губіла яна, што падатлівая з гэтага боку Андрыева прырода; і стаяў ён доўга, як укопаны, на адным і тым-жа самым месцы.

— Слухай пан, я ўсё раскажу пану, — казаў жыд. — Як толькі пачуў я шум і ўбачыў, што праходзяць у меставую браму, я схапіў на ўсякі выпадак з сабою нітку жомчугу, таму што ў месьце ёсьць красуні і шляхцянкі; а калі ёсьць красуні і шляхцянкі, сказаў я сабе, дык ім хоць і есьці няма чаго, а жомчуг усё такі купяць. І як толькі слугі харунжага пусьцілі мяне, я пабег на ваяводаў падворак прадаваць жомчуг. Распытаўся пра ўсё ў служанкі-татаркі: „Будзе вясельле зараз, як толькі прагоняць запарожцаў. Пан Андрый абяцаў прагнаць запарожцаў.“

— І ты не забіў тут-жа на месцы яго, чортавага сына? — гукнуў Бульба.

— За што-ж забіць? Ён перайшоў па добрай волі. Чым чалавек вінаваты? Таму яму лепш, туды ён і перайшоў.

— І ты бачыў яго ў самы твар?

— Дальбог, у самы твар! Гэткі слаўны ваяка! За ўсіх лепшы. Дай яму Божа здароўя, мяне зараз-жа пазнаў; і калі я падыйшоў да яго, зараз-жа сказаў…

— Што-ж, ён сказаў?

— Ён сказаў, — перш кіўнуў пальцам, а пасьля ўжо сказаў: „Янкель!“ А я: „Пане Андрый!“ — кажу. „Янкель! скажы бацьку, скажы брату, скажы казаком, скажы запарожцам, скажы ўсім, што бацька цяпер ня бацька мне, брат ня брат, таварыш не таварыш, і што я з імі буду біцца з усімі, з усімі буду біцца!“

— Брэшаш, чортаў Юда! — закрычаў, выйшаўшы з сябе, Тарас. — Брэшаш, сабака! Ты і Хрыста раскрыжаваў, пракляты Богам чалавек! Я цябе заб’ю, шатане! Уцякай адсюль, а не — дык тут-жа табе сьмерць! — Сказаўшы гэта, Тарас выхапіў сваю шаблю. Спалоханы жыд пусьціўся тут-жа на ўсе лапаткі, як толькі маглі вынясьці яго тонкія сухія лыткі. Доўга яшчэ бег ён без аглядкі паміж казацкім табарам і пасьля далёка па ўсім чыстым полі, хоць Тарас зусім не ганіў яго, раздумаўшы, што неразумна зганяць гнеў на першым, хто пападзецца.

Цяпер прыпомніў ён, што бачыў у мінулую ноч Андрыя, праходзіўшага па табары з нейкаю жанчынаю, і схіліў сівую галаву, а ўсё яшчэ не хацеў верыць, каб магла здарыцца гэткая агідная справа і каб уласны сын яго прадаў веру і душу.

Нарэшце павёў ён свой полк у засаду і схаваўся з ім за лесам, які адзін быў ня выпалены яшчэ казакамі. А запарожцы, і пешыя і конныя, выступілі на тры дарогі да трох брамаў. Адзін за адным валілі курэні: Уманскі, Паповічаўскі, Канеўскі, Стэблікіўскі, Незамайкаўскі, Гургузіў, Тытараўскі, Тамашэўскі. Аднаго толькі Пераяслаўскага ня было. Моцна курнулі казакі яго і пракурылі сваю долю. Хто прачхнуўся зьвязаны ў варожых руках, хто, і зусім не прачыхаючыся, сонны перайшоў у сырую зямлю, і сам атаман Хліб, без шаравараў і верхняе вопраткі, апынуўся ў ляскім стане.

У месьце пачулі казацкі рух. Усе высыпалі на насып, і паказаўся перад казакамі жывы абраз: польскія вітэзі, адзін за аднаго харашэйшыя, стаялі на насыпе. Медныя шапкі зіхацелі, як сонца, апераныя белымі, як лебедзь, пёрамі. На іншых былі лёгкія шапачкі, рожавыя і блакітныя, з перагнутымі на бок вярхамі, каптаны з адкіднымі рукавамі, вышытыя золатам і проста выкладзеныя шнуркамі; у тых шаблі і зброя ў дарагіх аправах, за якія дорага прыплачвалі паны, — і шмат было ўсялякіх іншых вопратак. Наперадзе стаяў важна, у чырвонай шапцы, упрыгожанай золатам, буджацкі палкоўнік. Тоўсты быў палкоўнік, за ўсіх большы і таўсьцейшы, і шырокі дарагі каптан насілу аблягаў яго. На другім баку, ледзь што да бакавое брамы, стаяў другі палкоўнік, невялічкі чалавек, увесь высахшы; але быстрыя вочы яго глядзелі жыва з-пад густа наросшых броваў, і пакручваўся ён хутка на ўсе бакі, паказваючы бойка гонкаю, сухою рукою сваёю, раздаючы загады; відаць было, што, ня гледзячы на малое цела свае, ведаў ён добра вайсковую навуку. Недалёка ад яго стаяў харунжы, доўгі, доўгі, з густымі вусамі, і, здавалася, ня было ў яго недахопу ў чырвані на твары: любіў пан моцныя мяды і добры банкецік. І шмат было відаць за імі рознае шляхты, азброенае, хто на свае чырвонцы, хто на каралеўскі скарб, хто на жыдоўскія грошы, пазакладаўшы ўсё, што толькі знайшлося ў дзядоўскіх замках. Ня мала было і розных сэнатарс- кіх нахлебнікаў, якіх бралі з сабою сэнатары на абеды дзеля пашаны, якія кралі з стала і з буфэтаў сярэбраныя кубкі і, пасьля сёньняшняе пашаны, на другі дзень сядалі на козлы кіраваць коньмі ў якога-нібудзь пана. Розных было там. Іншы раз і выпіць ня было за што, а на вайну ўсе апрануліся.

Казацкія рады стаялі ціха перад сьценамі. Ня было на іх ні на кім золата: толькі хіба дзе-ня-дзе бпішчала яно на шабельных ручках і на аправах стрэльбаў. Ня любілі казакі багата апранацца ў бітвах; простыя былі на іх кальчугі і сьвіты, і далёка чарнелі і чырванелі чорныя чырвонаверхія баранія іхнія шапкі.

Два казакі выехалі наперад з запарсжаскіх радоў: адзін яшчэ зусім малады, другі крыху старэйшы, абодва зубастыя на словы, дый на справе таксама не благія казакі: Ахрым Наш і Мыкыта Голакапыценка. Сьледам за імі выехаў і Дзямід Паповіч, каранясты казак, ужо даўно маячыўшы на Сечы, быўшы пад Андрыянопалем і шмат нацярпеўшыся на вяку сваім: гарэў на агні і прыбег на Сечу з асмаленаю, пачарнеўшаю галавою і высмаленымі вусыма; але раздабрэў ізноў Паповіч, пусьціў за вуха осэледзец, выгадаваў вусы густыя і чорныя, як смала. І моцны-ж быў на кусьлівыя словы Паповіч.

— А, чырвоныя жупаны на ўсім войску, ды хацеў-бы я ведаць, ці чырвоная сіла ў войска?

— Вось я вас! — крычаў зьверху тоўсты палкоўнік: — усіх павяжу! Аддавайце, халопы, стрэльбы і коні. Бачылі, як павязаў я вашых? Выводзьце ім на насып запарожцаў.

І вывялі на насып скручаных вяроўкамі запарожцаў. Наперадзе быў курэнны атаман Хліб, без шаравараў і верхняе вопраткі, — так, як схапілі яго п’янага. Спусьціў да зямлі галаву атаман, саромячыся нагасьці свае перад сваімі-ж казакамі і таго, што папаўся ў палон, як сабака, сонны. І за адну ноч пасівела моцная галава яго.

— Ня сумуй, Хліб! Выручым! — крычалі яму зьнізу казакі.

— Ня сумуй, друзяка! — адгукнуўся курэнны атаман Барадаты: — у тым няма віны твае, што схапілі цябе голага, бяда можа быць з кожным чалавекам; але сорамна ім, што выставілі цябе на пагарду, ня прыкрыўшы прыстойна нагасьці твае.

— Вы, як відаць, на сонных людзей адважнае войска? — казаў, паглядаючы на насып, Голакапыценка.

— Вось пачакайце, абрэжам мы вам чубы! — крычалі ім зьверху.

— А хацеў-бы я паглядзець, як яны нам абрэжуць чубы! — казаў Паповіч, павярнуўшыся перад імі на кані, і пасьля, паглядзеўшы на сваіх, сказаў: — А што-ж! Мо’ ляхі і праўду кажуць: калі вывядзе іх вун гэты трыбухаты, дык ім усім будзе добрая заслона.

— Чаму-ж ты думаеш, што будзе ім добрая заслона? — сказалі казакі, ведаючы, што Паповіч рыхтаваўся што-нібудзь адпусьціць.

— А таму, што ззаду за ім схаваецца усё войска, і ўжо чарты з два з-за яго трыбуха дастанеш каго-нібудзь дзідаю!

Усе засьмяяліся казакі; і доўга шмат якія з іх яшчэ пакручвалі галавою, кажучы: „Ну, уто-ж Паповіч! Ужо калі каму закруціць слова, дык толькі ну…“ — Ды ўжо і не сказалі казакі, што такое „ну“.

— Адходзьце, адходзьце хутчэй ад сьценаў! — закрычаў кашавы; бо ляхі, як здавалася, ня вытрымалі кусьлівага слова, і палкоўнік махнуў рукою.

Ледзь толькі пастараніліся казакі, як бабахнулі з насыпу карцечаю. На насыпе замітусіліся, паказаўся сам сівы ваявода на кані. Брама адчынілася, і выступіла войска. Наперадзе выехалі роўным конным шыхам вышытыя гусары, за імі кальчужнікі, пасьля латнікі з дзідамі, пасьля ўсе ў мядзяных шапках, пасьля ехалі асобна лепшыя шляхцічы, кожны апранены пасвойму. Не хацелі гордыя шляхцічы ўмяшацца ў рады з іншымі, і ў якога ня было каманды, той ехаў адзін з сваімі слугамі. Пасьля ізноў рады, і за імі выехаў харунжы; за ім ізноў рады, і выехаў тоўсты палкоўнік; а за ўсім войскам ззаду выехаў апошнім нізенькі палкоўнік.

— Не даваць ім! Не даваць ім шыхавацца і станавіцца ў рады! — крычаў кашавы. — Разам напірайце на іх усе курэні! Пакідайце ўсе іншыя брамы! Татараўскі курэнь, нападай з боку! Дзядзькіўскі курэнь, нападай з другога! Напірайце на тыл, Кукубенка і Палывода! Мяшайце, мяшайце і разлучайце іх!

І ўдарылі з усіх бакоў казакі, зьбілі і зьмялі ляхаў, і самі зьмяшаліся. Не далі нават і страляніны зрабіць; пайшла справа на мечы, ды на дзіды. Усе зьбіліся ў кучу і кожнаму прывяло здарэньне паказаць сябе.

Дзямід Паповіч трох закалоў простых і двох лепшых шляхцічаў зьбіў з коняй, кажучы: — Вось добрыя коні! Гэткія коні я даўно хацеў дастаць. — І выгнаў коні далёка ў поле, гукаючы стаяўшым казаком злавіць іх. Пасьля ізноў прабіўся ў кучу, напаў ізноў на зьбітых з коняй шляхцічаў; аднаго забіў, а другому накінуў аркан на шыю, прывязаў да сядла і павалок яго па ўсім полі, зьняўшы з яго шаблю з дарагою ручкаю і адвязаўшы ад пояса цэлы чаранок з чырвонцамі.

Кабіта, добры казак і малады яшчэ, счапіўся таксама з адным з найадважнейшых у польскім войску, і доўга біліся яны. Зышліся ўжо ў рукапашную. Перамог-было ўжо казак і, зламаўшы, ударыў вострым турэцкім нажом у грудзі; але не ўсьцярогся сам: тут-жа ў вісок бахнула яго гарачая куля. Звапіў яго вяльможнейшы з паноў, найхарашэйшы і старога князёўскага роду рыцар. Як стройны топаль, лятаў ён на буланым кані сваім. І шмат ужо паказаў баярскае волатаўскае ўдаласьці: двох запарожцаў расьцяў напаловы; Хведара Каржа, добрага казака, перакуліў разам з канём, стрэліў да каня і казака дастаў з каня дзідаю; шмат якім адцяў галовы і рукі і паваліў казака Кабіту, загнаўшы яму кулю ў вісок.

— Вось з кім я хацеў-бы спрабаваць сілы! — закрычаў незамайкаўскі курэнны атаман Кукубенка. Прыпусьціўшы каня, наляцеў проста яму ў тыл і моцна крыкнуў, так што здрыгануліся ўсе блізка стаяўшыя ад нечалавечага крыку. Хацеў быў павярнуць раптам свайго каня лях і стаць да яго тварам; але не паслухаў конь: спалоханы страшным крыкам кінуўся ў бок, і дастаў яго куляю з стрэльбы Кукубенка. Увайшла ў лапаткі яму гарачая куля, і зваліўся ён з каня. Але і тут не паддаўся лях, усё яшчэ сілкаваўся нанясьці ворагу ўдар, але аслабела ўпаўшая разам з шабляю рука. А Кукубенка, ўзяўшы ў абедзьве рукі свой цяжкі палаш, убіў яго яму ў самыя пабялеўшыя вусны: выбіў два цукровыя зубы палаш, расьсёк напалову язык, разьбіў гарлавыя косьці і ўвайшоў далёка ў зямлю. Так і прыгвазьдзіў ён яго там навекі да сырое зямлі. Крыніцай бухнула ўгару чырвоная, як надрэчная каліна, высокая шляхоцкая кроў, і выфарбавала ўвесь, абшыты золатам, жоўты каптан яго. А Кукубенка ўжо кінуў яго і прабіўся з сваімі незамайкаўцамі ў іншую кучу.

— Эх, пакінуў незабранаю гэткую дарагую вопратку! — сказаў уманскі курэнны Барадаты, ад’ехаўшы ад сваіх да месца, дзе ляжаў забіты Кукубенкам шляхціч. — Я сямёх забіў шляхцічаў сваёю рукою, а гэткае вопраткі яшчэ ня бачыў ні на кім. — І паласаваўся на карысьць Барадаты: нагнуўся, каб зьняць з яго дарагую збрую, выняў ужо турэцкі нож у аправе з самаколерных каменьняў, адвязаў ад пояса чаранок з чырвонцамі, зьняў з грудзей торбачку з тонкім порцем, дарагім серабром і дзявочымі валасамі, захоўна трыманымі на памяць. І не пачуў Барадаты, як наляцеў на яго ззаду чырвонаносы харунжы, ужо раз выбіты ім з сядла і атрымаўшы добрую шчарбаціну на памяць. Размахнуўся ён з усяго пляча і ўдарыў яго шабляю па нагнутай шыі. Не да дабра давяла карысьць казака: адляцела магутная галава і ўпаў абезгалоўлены труп, далёка навокал зарасіўшы зямлю. Паляцела ў вышыні строгая казацкая душа, хмурачыся і злуючы, і разам з гэтым дзівячыся, што гэтак рана выляцела з гэткага моцнага цела. Не пасьпеў харунжы ўхапіць за чуб атаманскае галавы, каб прывязаць яе да сядла, а ўжо быў тут строгі помсьціч.

Як той, што плавае ў небе, каршун, даўшы шмат колаў дужымі крыльлямі, раптам спыняецца распасьцёрты на адным месцы і б’е адтуль стралою на таго, што раскрычаўся каля самае дарогі, самца-перапела, гэтак Тарасоў сын, Астап, наляцеў раптам на харунжага і адразу накінуў яму на шыю вяроўку. Пасінеў яшчэ мацней чырвоны твар у харунжага, калі засмаргнула яму горла жорсткая пятля; схапіўся ён быў за пісталет, але сударгава зьведзеная рука не магла скіраваць стрэлу і куля дарма паляцела ў поле. Астап тут-жа, каля яго-ж сядла, адвязаў шаўковы шнур, які вазіў з сабою харунжы дзеля зьвязваньня палонных, і яго-ж шнуром зьвязаў яму рукі і ногі, прычапіў канец вяроўкі да сядла і павалок яго праз поле, склікаючы гучна ўсіх казакоў Уманскага курэня, каб ішлі аддаць апошні гонар атаману.

Як пачулі уманцы, што курэннага іхняга атамана Барадатага няма ўжо сярод жывых, кінулі поле бітвы і прыбеглі прыбраць яго цела; і тут-жа пачалі радзіцца, каго выбраць у курэнныя. Нарэшце, сказалі: — Ды нашто радзіцца? Лепш ня можна паставіць у курэнныя, як Бульбенка Астапа: ён, праўда, малодшы за усіх нас, але розум у яго, як у старога чалавека.

Астап, зьняўшы шапку, усім падзякаваў казаком-таварышом за гонар, не пачаў адмаўляцца ні моладасьцю, ні маладым розумам, ведаючы, што час ваенны і не да таго цяпер, а тут-жа павёў іх проста на кучу і ўжо паказаў ім усім, што не дарма выбралі яго за атамана. Пачулі ляхі, што ўжо рабілася справа вельмі гарачаю, адступілі і перабеглі поле, каб сабрацца на другім канцы яго. А нізенькі палкоўнік махнуў на стаяўшыя асобна каля самае брамы чатыры сьвежыя сотні, і бабахнулі адтуль карцечаю ў казацкія кучы; але мала каго дасталі: кулі разанулі па валох казацкіх, дзіка пазіраўшых на бітву. Зараўлі спалоханыя валы, павярнулі на казацкія табары, паламалі вазы і шмат якіх патапталі. Але Тарас у гэты час, вырваўшыся з засады з сваім палком, з крыкам кінуўся на пярэймы. Павярнула назад уся шалёная стада, спалоханая крыкам, і шуганула на ляскія палкі, перакуліла коньніцу, усіх зьмяла і рассыпала.

— Ой, дзякуй вам, валы! — крычалі запарожцы: — служылі ўсё паходную службу, а цяпер і вайсковую паслужылі! І ўдарылі з новаю сілаю на непрыяцеля. Шмат тады пазабівалі ворагаў. Шмат якія паказалі сябе: Мяцеліца, Шыла, абодва Пісарэнкі, Ваўтузенка і ня мала было розных іншых. Убачылі ляхі, што блага, нарэшце, прыходзіць, выкінулі штандар і закрычалі адчыняць меставую браму. Скрыпячы адчынілася абабітая жалезам брама і прыняла стоўпленых, як авечак у аўчарнік, стомленых і пакрытых пылам коньнікаў. Шмат якія з запарожцаў пагналіся былі за імі, але Астап сваіх уманцаў затрымаў, сказаўшы: — Далей, далей, паны-браты, ад сьценаў! Ня добра блізка падходзіць да іх. — І праўду сказаў, таму што з сьценаў бабахнулі і пасыпалі ўсім, чым папала, і шмат якім дасталася. У гэты час пад’ехаў кашавы і пахваліў Астапа, сказаўшы: — Вось і новы атаман, а вядзе войска так, як-бы і стары! — Аглянуўся стары Бульба паглядзець, які там новы атаман, і ўбачыў, што наперадзе ўсіх уманцаў сядзеў на кані Астап, і шапка заломана на бок, і атаманская паліца ў руцэ. — Бачыш ты які! — сказаў ён, гледзячы на яго; і ўцешыўся стары і пачаў дзякаваць усім уманцам за гонар, выказаны сыну.

Казакі ізноў адступіпі, рыхтуючыся ісьці да табараў, а на мястовым насыпе ізноў паказаліся ляхі, ужо з падранымі епанчамі. Запяклася кроў на шмат якіх дарагіх каптанох, і пылам пакрыліся харошыя мядзяныя шапкі.

— Што, павязалі? — крычалі ім зьнізу запарожцы.

— Вось я вас! — крычаў усё гэтак-жа сама зьверху тоўсты палкоўнік, паказваючы вяроўку; і ўсё яшчэ ня сьціхалі пагражаць, закураныя, стомленыя ваякі, і ўсе быўшыя крыху задорнейшымі, перакідваліся з абодвух бакоў бойкімі словамі.

Нарэшце, разыйшліся ўсе. Хто разлажыўся адпачываць, змогшыся ад бою; хто прысыпаў зямлёю свае раны і драў на перавязкі хустачкі і дарагія вопраткі, зьнятыя з забітага непрыяцеля. А іншыя, якія былі крыху сьвяжэйшымі, пачалі прыбіраць целы і аддаваць ім апошнюю пашану: палашамі, дзідамі капалі магілы; шапкамі, поламі выносілі зямлю; злажылі чэсна казацкія целы і засыпалі іх сьвежаю зямлёю, каб не давялося груганом і жываедным арлом выклёўваць ім вочы. А ляскія целы, прывязаўшы, як папала, да хвастоў дзікіх коняй, пусьцілі іх па ўсім полі, і доўга пасьля ляцелі за імі і лупілі іх па бакох. Ляцелі шалёныя коні па боразнах, узгорках, цераз равы і ручаі, і біліся аб зямлю пакрытыя крывёю і зямлёю ляскія трупы.

Пасьля селі кругамі ўсе курэні вячэраць і доўга гаварылі аб справах і подзьвігах, што дасталіся на долю кожнаму, на вечны расказ прыбышом і патомкам. Доўга ня клаліся яны: а далей за ўсіх ня клаўся стары Тарас, усё думаючы, што гэта значыла-б, што Андрыя ня было паміж варожых вояў. Ці пасароміўся Юда выйсьці проці сваіх, ці мо’ ашукаў жыд і папаўся ён, проста, у няволю. Але тут-жа ўспомніў ён, што ня ў меру было наклончывым Андрэева сэрца на жаноцкія словы, пачуў гора і прысягнуў моцна ў душы проці палячкі, прычараваўшай яго сына. І выпаўніў-бы ён сваю прысягу: не паглядзеў-бы на яе хараство, выцягнуў-бы яе за густую, пышную касу, павалок-бы яе за сабою па ўсім полі паміж усіх казакоў. Пабіліся-б аб зямлю, скрывавіўшыся і пакрыўшыся пылам, яе цудоўныя грудзі і плечы, бліскучасьцяй роўныя няталым сьнягом, што пакрываюць горныя вярхі. Разьнёс-бы кавалкамі ён яе пышнае, прыгожае цела. Але ня ведаў Бульба таго, што рыхтуе Бог чалавеку заўтра, і пачаў ахапляцца сном і нарэшце заснуў. А казакі ўсё яшчэ гаварылі паміж сабою, і ўсю ноч стаяла каля агнёў, прыглядаючыся ўважна ўва ўсе канцы, цьвярозая, ня стуляўшая вачэй варта.


VIII

Яшчэ сонца не дайшло да палавіны неба, як ужо ўсе запарожцы сабраліся ў кругі. З Сечы прыйшла вестка, што татары, падчас адсутнасьці казакоў, абабралі ў ёй усё, выкапалі скарб, які ў сакрэце трымалі казакі пад зямлёю, пазабівалі і забралі ў палон усіх, якія заставаліся, і з усімі забранымі стадамі і табунамі скіраваліся проста да Перакопу. Адзін толькі казак, Максім Галадуха, вырваўся дарогаю з татарскіх рук, закалоў мірзу, адвязаў у яго мяшок з цэхінамі і на татарскім кані, у татарскай вопратцы, паўтара дня і дзьве ночы ўцякаў ад пагоні, загнаў насьмерць каня, перасеў дарогаю на іншага, загнаў і таго, і ўжо на трэцім прыехаў у запарожаскі табар, разьведаўшы па дарозе, што запарожцы былі пад Дубнам. Толькі і пасьпеў абвясьціць ён, што здарылася гэткае ліха; але чаму яно здарылася, ці курнулі тыя, што засталіся, запарожцы, паводле казацкага звычаю, і п’янымі аддаліся ў палон, і як даведаліся татары аб месцы, дзе быў закопаны вайсковы скарб, — гэтага нічога не сказаў ён. Моцна змарыўся казак, распух увесь, твар папаліла і асмаліла яму ветрам; упаў ён тут-жа і заснуў моцным сном.

У падобных выпадках вадзілася ў запарожцаў ляцець у тую-ж мінуту за зладзеямі, стараючыся нагнаць іх на дарозе, таму што палонныя якраз маглі апынуцца на рынках Малое Азіі, у Сьмірне, на Крыцкім востраве, і Бог ведае, у якіх месцах не паказаліся-б чубатыя запарожаскія галовы. Вось чаму сабраліся запарожцы. Усе да аднаго стаялі яны ў шапках, таму што прыйшлі ня з тым, каб слухаць па начальству атаманскі загад, а радзіцца, як роўныя паміж сабою. — „Давай раду раней старшыя!“ — закрычалі ў натаўпе. — „Давай раду кашавы!“ — казалі іншыя.

І кашавы зьняў шапку, ужо ня так, як начальнік, а як таварыш, дзякаваў усім казаком за гонар і сказаў: — Шмат паміж намі ёсьць старшых і радаю разумнейшых, але калі мяне ўшанавалі, дык мая рада: не марнаваць, таварышы, часу і ляцець за татарынам; бо вы самі ведаеце, што за чалавек татарын: ён ня будзе з награбленым дабром чакаць нашага прыходу, а мігам размытарыць яго, так што і сьлядоў не знайдзеш. Дык мая рада: ісьці. Мы тут ужо пагулялі. Ляхі ведаюць, што такое казакі; за веру, колькі было на сілах, ад’імсьцілі; а карысьці з галоднага места няшмат. І вось мая рада — ісьці.

— Ісьці! — разьляглося голасна ў запарожаскіх курэнях. Але Тарасу Бульбе ня прыйшліся да душы гэткія словы, і насунуў ён яшчэ ніжэй на вочы свае панурыя, чорна-белыя бровы, падобныя да кустоў, вырасшых на высокім цемі гары, якіх вяршочкі зусім чыста занёс іглясты паўночны іней.

— Не, непраўдзіва рада твая, кашавы! — сказаў ён. — Ты ня так кажаш: ты запомніў, як відаць, што ў палоне застаюцца нашыя, захопленыя ляхамі? Ты хочаш, відаць, каб мы ня ўважылі першага сьвятога закону таварыства, каб пакінулі субратоў сваіх на тое, каб з іх жывых зьдзёрлі скуру, або, пачацьвертаваўшы на часьці казацкае іхняе цела, развозілі іх па местах і сёлах, як ужо зрабілі яны з гэтманам і з лепшымі рускімі вітэзямі на Украіне. Ці-ж мала яны назьдзекаваліся і без таго над сьвятыняю? Што-ж мы гэткае? пытаюся я ўва ўсіх вас. Што-ж за казак той, які кінуў у бядзе таварыша, кінуў яго, як сабаку, згінуць на чужыне? Калі ўжо на тое пайшло, што кожны ў нішто ставіць казацкі гонар, пазволіўшы сабе плюнуць у сівыя вусы свае і папікнуць сябе крыўдзівым словам, дык не папікне-жа ж ніхто мяне. Адзін застаюся!

Пахіснулісься ўсе стаяўшыя запарожцы.

— А хіба ты запомніў, бравы палкоўнік, — сказаў тады кашавы, — што ў татараў у руках таксама нашыя таварышы, дык жыцьцё іхняе будзе прадана на вечнае нявольніцтва паганцам, што горш за ўсялякую лютую сьмерць? Запомніў хіба, што ў іх цяпер увесь скарб наш, дабыты хрысьціянскаю крывёю?

Задумаліся ўсе казакі і ня ведалі, што сказаць. Нікому не хацелася з іх заслужыць нядобрую славу. Тады выйшаў наперад за ўсіх найстарэйшы гадамі ўва ўсім запарожаскім войску Касьян Баўдзюг. У гонары быў ён ад усіх казакоў: два разы ўжо быў выбіраны за кашавога і на войнах таксама быў моцна добры казак, але ўжо даўно пастарэў і ня бываў ні ў якіх паходах; ня любіў таксама і парадаў даваць нікому, а любіў стары ваяка ляжаць на баку каля казацкіх кругоў, слухаючы расказы пра розныя бывалыя здарэньні і казацкія паходы. Ніколі не мяшаўся ён у іхнія гутаркі, а ўсё слухаў і прыціскаў пальцам попел у сваёй кароценькай люльцы, якое не выпушчаў з рота, і доўга сядзеў ён пасьля, прыплюшчыўшы крыху вочы, і ня ведалі казакі, ці спаў ён, ці ўсё яшчэ слухаў. Усе паходы заставаўся ён дома, але гэтым разам разабрала старога. Махнуў рукою паказацку і сказаў: — „А ня куды пайшло! Пайду й я: мо’ ў чым-нібудзь буду патрэбны казацтву!“ Усе казакі прыціхлі, калі выступіў ён цяпер перад сходам, бо даўно ня чулі ад яго ніякага слова. Кожны хацеў ведаць, што скажа Баўдзюг.

— Прыйшла чарга і мне сказаць слова, панове браты! — гэтак пачаў ён. — Паслухайце, дзеці, старога. Мудра сказаў кашавы; і, як галава казацкага войска, абавязаны сьцерагчы яго і рупіцца аб вайсковым скарбе, мудрэйшага нічога ён ня мог сказаць. Вось што! Гэта хай будзе першая мая прамова! А цяпер паслухайце, што скажа мая другая прамова. А вось што скажа мая другая прамова: вялікую праўду сказаў і Тарас палкоўнік, дай, Божа, яму якнайбольш веку, і каб гэткіх палкоўнікаў было якнайбольш на Украіне! Першы доўг і першы гонар казака ёсьць датрымаць таварыства. Колькі ні жыву я на вяку, а ня чуў я, паны-браты, каб казак пакінуў дзе, або прадаў як-нібудзь свайго таварыша. І тыя і гэтыя нам таварышы — менш іх ці больш, усё роўна, усе таварышы, усе нам дарагія. Дык вось якая мая прамова: тыя, якім мілыя захопленыя татарамі, хай ідуць за татарамі, а якім мілыя забраныя ў палон ляхамі і якім ня хочацца пакінуць справядлівае справы, хай застаюцца. Кашавы паводле даўгу пайдзе з аднэю палавінаю за татарамі, а другая палавіна выбера сабе наказнога атамана. А наказным атаманам, калі хочаце паслухаць белае галавы, нягожа быць нікому іншаму, як толькі аднаму Тарасу Бульбе. Няма з нас нікога роўнага з ім у славе.

Гэтак сказаў Баўдзюг і заціх; і ўцешыліся ўсе казакі, што навёў іх гэткім чынам на розум стары. Усе падкінулі ўгару шапкі і закрычалі: — „Дзякуй табе, бацька! Маўчаў, маўчаў, доўга маўчаў, ды вось, нарэшце, і сказаў: не дарма казаў, калі зьбіраўся ў паход, што будзеш прыдатны казацтву: гэтак і сталася.“

— Што, згодны вы на гэта? — спытаўся кашавы.

— Усе згодны! — закрычалі казакі.

— Значыцца й радзе канец?

— Канец радзе! — крычалі казакі.

— Слухайце-ж цяпер вайсковага загаду, дзеці, — сказаў кашавы, выступіў наперад і наклаў шапку, а ўсе запарожцы, колькі іх ні было, зьнялі свае шапкі і засталіся з непакрытымі галовамі, спусьціўшы вочы ў зямлю, як бывала заўсёды паміж казакамі, калі зьбіраўся што сказаць старшы.

— Цяпер адлучайцеся, паны-браты! Хто хоча ісьці, дык ідзі на правы бок; хто застаецца, адходзь на лева! Куды большая часьць курэня пераходзіць туды і атаман; калі меншая часьць пераходзіць, прылучайся да іншых курэняў.

І ўсе пачалі пераходзіць хто на правы, хто на левы бок. Якога курэня большая часьць пераходзіла, туды і курэнны атаман пераходзіў; якога малая часьць, тая прылучалася да іншых курэняў; і выйшла без малога не пароўні на кожным баку. Захацелі застацца: увесь блізка што Незамайкаўскі курэнь, большая палавіна Паповічаўскага курэня, увесь Уманскі курэнь, увесь Канеўскі курэнь, большая палавіна Стэблікіўскага курэня, большая палавіна Тымашэўскага курэня. Рэшта ўсе вызваліся ісьці ў дагон за татарамі. Шмат было на абодвух бакох здаравяцкіх і адважных казакоў. Паміж тымі, якія рашылі ісьці сьледам за татарамі, быў Чараваты, добры стары казак, Пакаціполе, Леміш, Пракаповіч Хама. Дзямід Паповіч таксама перайшоў туды, таму што быў моцна заўзятага нораву казак, ня мог доўга высядзець на месцы: з ляхамі папрабаваў ужо ён справы, хацелася папрабаваць яшчэ і з татарамі. Курэнныя былі: Насьцюган, Пакрышка, Невялічкі, і шмат яшчэ іншых слаўных і адважных казакоў захацела папрабаваць меча і магутнага пляча ў схопе з татарынам. Ня мала было таксама моцна і моцна добрых казакоў паміж тымі, якія захацелі застацца: курэнныя Дзямітровіч, Кукубенка, Вярціхвост, Балабан, Бульбенка Астап. Пасьля было шмат яшчэ іншых імянітых і здаравяцкіх казакоў: Ваўтузенка, Чаравычэнка, Сьцяпан Гуска, Ахрым Гуска, Мікола Густы, Задарожны, Мяцеліца, Іван Закруцігуба, Мосій Шыла, Дзегцярэнка, Сідарэнка, Пісарэнка, пасьля другі Пісарэнка, пасьля яшчэ Пісарэнка, і шмат было іншых добрых казакоў. Усе яны былі хаджалыя, яжджалыя: хадзілі па анатольскіх берагох, па крымскіх саланчакох і сьцяпох, па ўсіх рэчках вялікіх і малых, якія ўпадалі ў Дняпро, па ўсіх заходах і дняпроўскіх астравох: бывалі ў малдаўскай, валоскай, у турэцкай зямлі; зьезьдзілі ўсё Чорнае мора двухкіруннымі казацкімі чаўнамі, нападалі ў пяцьдзесят чаўноў у рад на найбагацейшыя і высачэнныя караблі; патапілі ня мала турэцкіх галераў і шмат-шмат выстралялі пораху на сваім вяку. Няраз дралі на ганучы павалокі і аксаміты; няраз чарашы каля нагавічных ачкуроў набівалі ўсе чыстымі цэхінамі. А колькі кожны з іх прапіў і прагуляў дабра, хапіўшага-б другому на ўсё жыцьцё, таго і зьлічыць нельга. Усё спусьцілі паказацку, частуючы ўвесь сьвет і наймаючы музыку, каб ўсё весялілася, што толькі ёсьць на сьвеце. Яшчэ і цяпер у рэдкага з іх ня было закопанага дабра: кубкаў, сярэбраных каўшоў і бранзалетаў пад чаратамі на дняпроўскіх астравох, каб не давялося татарыну знайсьці яго, калі-б, у выпадку няшчасьця, удалося яму напасьць зьнянацку на Сечу; але трудна было-б татарыну знайсьці яго, таму што і сам гаспадар ужо пачаў забываць, у якім месцы закапаў яго. Гэткія вось былі казакі, захацеўшыя застацца і ад’імсьціць ляхам за верных таварышоў і за Хрыстову веру! Стары казак Баўдзюг захацеў таксама застацца з імі, сказаўшы: — „Цяпер ня гэткія мае гады, каб ганяцца за татарамі, а тут ёсьць месца, дзе спачыць добраю казацкаю сьмерцю. Даўно ўжо прасіў я ў Бога, каб калі прыдзецца кончыць жыцьцё, дык каб канчаць яго на вайне за сьвятую і хрысьціянскую справу. Гэтак яно і сталася. Слаўнейшага канца ўжо ня будзе ў іншым месцы для старога казака.“

Калі адлучыліся ўсе і сталі на два бакі ў два рады курэнямі, дык кашавы прайшоў паміж радамі і сказаў:

— А што, панове-братове, здаволены адна старана другою?

— Усе здаволены, бацька! — адказвалі казакі.

— Ну, дык пацалуйцеся-ж і дайце адзін аднаму разьвітаньне, таму што, Бог ведае, ці давядзецца ў жыцьці яшчэ ўбачыцца. Слухайце свайго атамана, а спаўняйце тое, што самі ведаеце: самі ведаеце, што загадвае казацкі гонар.

І ўсе казакі, колькі іх ні было, перацалаваліся паміж сабою. Пачалі першыя атаманы, і пагладзіўшы рукою сівыя вусы свае, пацалаваліся накрыж і пасьля ўзяліся за рукі і моцна трымалі рукі; хаеў адзін у другога спытацца: „Што, пане-браце, убачымся, ці ня ўбачымся?“ дый ня спыталіся, замоўклі, — і задумаліся абедзьве сівыя галовы. А казакі ўсе да аднаго разьвітваліся, ведаючы, што шмат будзе працы і тым і гэтым; але не павяршылі, аднак, зараз-жа разлучыцца, а павяршылі дачакацца цёмнае начное пары, каб ня даць непрыярелю ўбачыць паменшаньне ў казацкім войску. Пасьля ўсе пайшлі па курэнях палуднаваць.

Па палудні ўсе, перад якімі была дарога, ляглі адпачываць і спалі моцна і доўгім сном, як быццам чуючы, што мо’ апошняга сну давядзецца ім пакаштаваць на гэткай волі. Спалі да самага заходу сонца; а як зайшло сонца і крыку сьцямнела, пачалі шмараваць вазы. Зрыхтаваўшыся, пусьцілі наперад вазы, а самі, пашапкаваўшыся яшчэ раз з таварышамі, ціха пайшлі сьледам за вазамі; коньніца стройна, бяз покрыку і посьвісту на коні, крыху затупацела сьледам за пешымі, і хутка ўжо іх ня відаць было ў цемнаце. Глуха аддаваўся толькі конскі тупат ды скрыпеньне іншага кола, якое яшчэ не разыйшлося, або ня было добра пашмарована праз начную цемру.

Доўга яшчэ тыя, што заставаліся, таварышы махалі ім здалёку рукамі, хоць ня было нічога відаць. А калі зыйшлі і вярнуліся да сваіх месцаў, калі ўбачылі пры высьветленых ясна зорах, што палавіны вазоў ужо ня было на месцы, што шмат-шмат якіх няма, дык нявесела зрабілася ў кожнага на сэрцы, і ўсе задумаліся мімаволі, спусьціўшы ў зямлю гульлівыя свае галовы.

Тарас бачыў, як сумныя зрабіліся казацкія рады і як сум, няпрыстойны адважнаму, пачаў ціха абнімаць казацкія галовы, але маўчаў: ён хацеў даць час усяму, каб прывыклі яны да тугі, наведзенае разьвітаньнем з таварышамі. А тым часам у цішыні рыхтаваўся разам і раптам збудзіць іх усіх, гікнуўшы паказацку, каб ізноў і з большаю сілаю, чымсь раней, вярнулася бадзёрнасьць кожнаму ў душу, на што здольна адна толькі славянская парода, шырокая, магутная парода, перад іншымі, як мора перад мелкаводнымі рэкамі; калі час бурны, дык усё перавяртаецца яно ў рэў і гром, хвалюючы і паднімаючы валы, як не падняць іх бясьсільным рэкам; калі-ж бязьветрана і ціха, дык ясьней за ўсе рэкі расьсьцілае яно сваю неаглядную шкляную паверхню, вечную ласку вачэй.

І загадаў Тарас распакаваць сваім слугам адзін з вазоў, стаяўшы асобна. Большы і мацнейшы за ўсе іншыя ён быў у казацкім табары; падвойнаю моцнаю шынаю былі абцягнены дзябёлыя колы яго; цяжка быў ён накладзены, укрыты папонамі, моцнымі валовымі скурамі і ўвязаны туга засмаленымі вяроўкамі. У возе былі ўсё баклагі і барэлкі старога добрага віна, якое доўга ляжала ў Тараса ў паграбох. Узяў ён яго ў запас, на ўрачысты выпадак, каб калі здарыцца вялікая мінута і перад усімі будзе стаяць справа, вартая на перадачу патомкам, дык каб кожнаму, да аднаго, казаку давялося выпіць запаведнага віна, каб у вялікую мінуту вялікае і пачуцьцё заўладала чалавекам. Пачуўшы палкоўніцкі загад, слугі кінуліся да вазоў, палашамі перарэзвалі моцныя вяроўкі, зьнімалі тоўстыя валовыя скуры і папоны і сьцягвалі з воза баклагі і барэлкі.

— А бярэце ўсе, — сказаў Бульба, — усе, колькі ні ёсьць, бярэце, што ў каго ёсьць: коўш, або чарпак, якім поіць каня, або рукавіцу, або шапку, а калі што, дык і проста падстаўляй абедзьве жмені.

І казакі ўсе, колькі ні было іх, бралі: у каго быў коўш, у каго чарпак, якім паіў каня, у каго рукавіца, у каго шапка, хто падстаўляў і так абедзьве жмені. Усім ім слугі Тарасовы, ходзячы паміж радамі, налівалі з баклагаў і барэлкаў. Але не загадаў Тарас піць, пакуль ня дасьць знаку, каб выпіць ім усім разам. Відаць было, што ён хацеў нешта сказаць. Ведаў Тарас, што як ні моцнае само па сабе старое добрае віно і як ні здольнае яно ўзмацніць дух чалавека, але калі да яго ды прылучыцца яшчэ прыстойнае слова, дык двойчы мацнейшаю будзе сіла віна і духу.

— Я частую вас, паны-браты! (гэтак сказаў Бульба) ня ў чэсьць таго, што вы зрабілі мяне сваім атаманам, як ні вялікая падобная чэсьць, ня ў чэсьць таксама разьвітаньня з нашымі таварышамі, не, у іншы час прыстойна тое и гэтае; ня гэткая цяпер перад намі мінута. Перад намі справа вялікага поту, вялікай казацкай славы! І вось, вып’ем, таварышы, разам, вып’ем наперад за ўсё за сьвятую праваслаўную веру, каб прыйшоў, нарэшце, гэткі час, каб па ўсім сьвеце разыйшлася і ўсюды была адна сьвятая вера, і ўсе, колькі ні ёсьць басурманаў, каб усе зрабіліся хрысьціянамі! Ды за адным ужо разам вып’ем і за Сечу, каб доўга яна стаяла на пагібель усяму басурманству, каб з кожным годам выходзілі з яе малайцы, адзін за аднаго лепшыя, адзін за аднаго харашэйшыя. Ды ўжо разам вып’ем і за нашу ўласную славу, каб сказалі ўнукі і сыны тых унукаў, што былі калісь гэткія, якія не пасаромілі таварыства і ня выдалі сваіх. Дык за веру, панове-братове, за веру!

— За веру! — загаманілі ўсе, стаяўшыя ў бліжэйшых радох, густымі галасамі. — За веру! — падхапілі далейшыя — і ўсё, што толькі было, і старое, і маладое, выпіла за веру.

— За Січ! — сказаў Тарас і высока падняў над галавою руку.

— За Січ! — аддалося густа ў пярэдніх радох. — За Січ! — сказалі ціха старыя, міргнуўшы сівым вусам; і, страпянуўшыся, як маладыя сакалы, паўтарылі маладыя: — За Січ! І чула далёка поле, як паміналі казакі сваю Сечу.

— Цяпер апошнюю каплю, таварышы, за славу і ўсіх хрысьціян, якія жывуць на сьвеце!

І ўсе казакі, да апошняга, выпілі апошнюю каплю за славу і ўсіх хрысьціян, якія толькі ёсьць на сьвеце. І доўга яшчэ паўтаралася па ўсіх радох паміж усімі курэнямі: — За ўсіх хрысьціян, якія толькі ёсьць на сьвеце!

Ужо пуста было ў каўшох, а ўсё яшчэ стаялі казакі, падняўшы рукі; хоць весела глядзелі вочы іх усіх, празьяўшыя віном, але моцна задумаліся яны. Не аб карысьці і ваенным прыбытку цяпер думалі яны, не аб тым, каму пашчасьлівіцца набраць чырвонцаў, дарагое зброі, вышываных каптаноў і чаркескіх коняй; але задумаліся яны, як арлы, сеўшыя на вяршынах камяністых гораў, абрывістых высокіх гораў, з якіх далёка відаць расьсьцеленае бязьмежнае мора, абсыпанае, як дробнымі птушкамі, галерамі, караблямі і рознай снасьцю, абгароджанае па бакох ледзь віднымі тонкімі памор’ямі, з прыберажнымі, як мошкі, местамі і схіленымі, як дробная травіца, лясамі. Як арлы, азіралі яны вакол сябе вачыма ўсё поле і чарнеўшы ў далечыні лёс свой. Будзе, будзе ўсё поле з аблогамі і дарогамі паўкрывана паўстрамлянымі іхнімі белымі касьціма, шчодра абмыўшыся іхняю казацкаю крывёю і пакрыўшыся разьбітымі вазамі, расколенымі шаблямі і дзідамі; далёка раскінуцца чубатыя галовы з перакручаньмі і запушчанымі ўніз вусамі; будуць, наляцеўшы, арлы выдзіраць і вырываць з іх казацкія вочы. Але дабро вялікае ў гэткім шырока і вольна параскіданым сьмяротным начлезе! Не прападае ніводная велікадушная справа і не прападзе, як малая парашынка з стрэльбяное рулі, казацкая слава. Будзе, будзе бандурысты, з сіваю па грудзі барадою, мо’ яшчэ поўны сьпелае мужнасьці, але белагаловы старац, вешчы духам, і скажа ён пра іх сваё густое, магутнае слова. І пайдзе дуба па ўсім сьвеце аб іх славе, і ўсё, што толькі народзіцца пасьля, загаворыць аб іх: бо далёка расходзіцца магутнае слова, будучы падобным да гудучае звонкае медзі, у якую шмат падкінуў майстар дарагога чыстага серабра, каб далёка па местах, хацінах, палацах і вёсках разьлятаўся красны гук, склікаючы роўна ўсіх на сьвятую малітву.

ІХ

У месьце не даведаўся ніхто, што палавіна запарожцаў выступіла ў пагоню за татарамі. З магістрацкае вежы прыкмеціпі толькі вартаўнікі, што пацягнулася часьць вазоў за лес; але падумалі, што казакі рыхтаваліся зрабіць засаду; тое самае думаў і францускі інжынер. А тым часам словы кашавога не прайшлі дарма, і ў месьце аказаўся недахоп харчоў: па звычаю мінулых вякоў, войска не разьлічыла, колькі яму было трэба. Папрабавалі зрабіць вылазку, але палавіна адважных была тут-жа пазабівана казакамі, а палавіна прагнана ў места ні з чым. Жыды, аднак-жа, скарысталіся вылазкаю і пранюхалі усё: куды і чаго скіраваліся запарожцы, і з якімі вайсковымі начальнікамі, і якія якраз курэні, і колькі іх лікам, і колькі было тых, што засталіся на месцы, і што яны думаюць рабіць, — словам, праз колькі ўжо мінут у месьце ўсё ведалі. Палкоўнікі падбадрыліся і рыхтаваліся даць бой. Тарас ужо бачыў гэта па руху і шуме ў месьце, і растаропна клапаціўся, шыхаваў, раздаваў загады і наказы, паставіў у тры табары курэні, абнёсшы іх вазамі відам, як крэпасьці, — род бітвы, у якой бывалі непераможнымі запарожцы; двом курэням загадаў залезьць у засаду; убіў часьць поля вострымі каламі, паломанаю зброяю, канчарамі дзідаў, каб пры выпадку нагнаць туды непрыяцельскую коньніцу. І калі ўсё было зроблена, як трэба, сказаў прамову казаком, не дзеля таго, каб падбадрыць і асьвежыць іх — ведаў, што і без таго моцныя яны духам — а, проста, самому хацелася выказаць усе, што было на сэрцы.

— Хочацца мне вам сказаць, панове, што такое ёсьць нашае таварыства. Вы чулі ад бацькоў і дзядоў, у якой пашане ў усіх была зямля наша: і грэкам дала ведаць сябе, і з Царграду бралі чырвонцы, і месты былі пышныя, і цэрквы, і князі, князі рускага роду, свае князі, а не каталіцкія недаверкі. Усё ўзялі бусурманы, усё прапала; толькі засталіся мы, сіратлівыя, ды, як удава пасьля крэпкага мужа, сіратлівая, таксама, як і мы, зямля наша! Вось у які час падалі мы, таварышы, руку на брацтва! Вось на чым стаіць нашае таварыства! Няма узаў сьвяцейшых за таварыства. Бацька любіць сваё дзіця, маці любіць сваё дзіця, дзіця любіць бацьку і маці; але гэта ня тое, браточкі: любіць і зьвер сваё дзіця! Але парадніцца сваяцтвам па душы, а не па крыві, можа адзін толькі чалавек. Бывалі і ў іншых землях таварышы, але гэткіх, як у рускай зямлі, ня было гэткіх таварышоў. Вам здаралася не аднаму пакрысе прападаць на чужыне; бачыш: і там людзі! таксама Божы чалавек, і разгаворышся з ім, як з сваім; а як дайдзе да таго, каб сказаць сардэчнае слова — бачыш: не! разумныя людзі, ды ня тыя, гэткія самыя людзі, ды ня тыя! Не, браточкі, гэтак любіць, як можа любіць руская душа, — любіць ня тое, каб розумам ці чым іншым, а ўсім, чым даў Бог, што толькі ёсьць у табе — га! — сказаў Тарас, і махнуў рукою, і патрос сіваю галавою і вусам маргнуў, і сказаў: — Не, гэтак любіць ніхто ня можа! Ведаю, подла завялося цяпер на зямлі нашай: думаюць толькі каб пры іх былі хлебныя стагі, аруды, ды конныя табуны іх, ды былі-б цэлымі ў скляпох пазапячатваныя мяды іхнія, пераймаюць, чорт ведае якія, бусурмэнскія звычаі; пагарджаюць моваю сваёю; свой з сваім ня хоча гаварыць, свой свайго прадае, як прадаюць бяздушнае быдлё на гандлёвым рынку. Міласьць польскага караля, дый не караля, а паскудная міласьць польскага магната, які жоўтым ботам сваім б’е іх у морду, даражэйшая для іх за ўсякае брацтва. Але ў апошняга падлюгі, які ён ні ёсьць, хоць увесь выпэцкаўся ён у сажы і паклоньніцтве, ёсьць і ў таго, браточкі, крупінка рускага пачуцьця, і прачхнецца яно калі-нібудзь, — і стукне ён, гарапашны, аб полы рукамі, схопіць сябе за галаву, пракляўшы гучна подлае жыцьцё сваё, гатовы мукамі адкупіць ганебную справу. Хай-жа ведаюць яны ўсе, што гэта значыць у рускай зямлі таварыства! Ужо, калі на тое пайшло, каб паміраць, дык нікому-ж з іх не давядзецца гэтак паміраць! нікому! нікому! Ня хопіць у іх на гэта мышачае натуры іхняе!

Гэтак казаў атаман, і, калі скончыў прамову, дык усё яшчэ трос пасярэбранаю ў казацкіх справах галавою. Усіх, хто толькі стаяў, разабрала моцна гэткая прамова, дайшоўшы далёка да самага сэрца; самыя найстарэйшыя ў радох зрабіліся нярухомымі, спусьціўшы сівыя галовы ў зямлю, сьляза ціха зьбіралася ў старых вачох, паволі выціралі яны яе рукавом і пасьля ўсе, як быццам згаварыўшыся, махнулі ў адзін час рукою і патрасьлі бывалымі галовамі. Як відаць, дык шмат напомніў ім стары Тарас знаёмага і лепшага, што бывае у сэрцы ў чалавека, умудранага горам, трудамі, удаласьцю і рознай немачай жыцьця, або хоць і не пазнаўшага іх, але шмат пачуўшага маладою, жомчужнаю душою на вечную радасьць старцам-бацьком, спарадзіўшым іх.

А з места ўжо выступала варожае войска, б’ючы ў літаўры і равучы ў трубы, і, ўзяўшыся ў бокі, выяжджалі паны, абкружаныя нязьлічанымі слугамі. Тоўсты палкоўнік аддаваў загады. І пачалі наступаць яны цесна на казацкія табары, грозячы, нацэльваючыся пішчалямі, пабліскваючы вачыма і мядзянымі зброямі. Як толькі ўбачылі казакі, што падыйшлі яны на выстрэл стрэльбы, дык усе разам бухнулі ў семпядзёвыя пішчалі і, ня сьціхаючы, усё палілі з пішчаляў. Далёка паляцела гучнае лясканьне па усіх ваколічных палёх і нівах, зьліваючыся ў бесьперарыўны гул, дымам зацягнупа усё поле; а запарожцы ўсё палілі, не пераводзячы духу: заднія толькі набівалі ды перадавалі пярэднім, наводзячы зьдзіўленьня на ворага, ня могшага зразумець, як стралялі казакі, не набіваючы стрэльбаў. Ужо ня відаць было за вялікім дымам, абняўшым і тое й гэтае ваяцтва, ня відаць было, як то аднаго, то другога не хапала ў радох; але чулі ляхі, што густа ляцелі кулі і гарачаю рабілася справа; і калі падаліся назад, каб ухіліцца ад дыму і азірнуцца, дык шмат якіх не далічыліся ў радох сваіх; а ў казакоў мо’ толькі другі-трэці быў забіты на ўсю сотню. І ўсё палілі далей казакі з пішчаляў, ні на мінуту не даючы перарыву. Сам чужаземны інжынер падзівіўся з гэткае, ніколі ня бачанае ім тактыкі, сказаўшы тут-жа пры ўсіх: — „Вось бравыя малайцы запарожцы! Вось як трэба біцца і іншым у іншых землях!“ І даў раду павярнуць тут-жа на табар гарматы. Цяжка раўнулі шырокімі горламі чугунныя гарматы, здрыганулася, далёка загудзеўшы, зямля, і ўдвая больш зацягнула дымам усё поле. Пачулі пах пораху сярод пляцаў і вуліцаў у далейшых і бліжэйшых местах. Але цэліўшыя ўзялі вельмі высока, распаленыя кулі выгнулі вельмі высокую дугу: страшэнна запішчаўшы ў паветры, пераляцелі яны праз галовы ўсяго табару і загразьлі далёка ў зямлю, зварушыўшы і падняўшы высока ў паветра чорную зямлю. Схапіў сябе за валасы францускі інжынер, бачачы гэткую немастацкасьць, і сам узяўся наводзіць гарматы, ня гледзячы на тое, што смалілі і сыпалі кулямі бесьперарыўна казакі.

Тарас бачыў яшчэ здалёк, што бяда будзе ўсяму Незамайкаўскаму і Стэблікіўскаму курэню, і закрычаў моцна: — „Выбірайцеся хутчэй з-пад вазоў і сядай кожны на каня!“ Але не пасьпелі-б зрабіць тое і другое казакі, калі-б Астап ня ўдарыў у самую сярэдзіну: выбіў кнаты ў шасьцёх гарматнікаў, у чатырох толькі ня мог выбіць: адагналі яго ляхі. А тымчасам чужаземны капітан сам узяў у руку кнот, каб выстраліць з вялізарнейшае гарматы, якое ніхто з казакоў ня бачыў датуль. Страшна глядзела яна шырокаю ляпаю, і тысяча сьмерцяў пазірала адтуль. І як бахнула яна, а за ёю сьледам тры іншыя, чатырохразова страсянуўшы глуха-адказвальную зямлю, — шмат нарабілі яны гора! Не па адным казаку заплача старая маці, б’ючы сябе касьцістымі рукамі ў худыя грудзі, не адна застанецца ўдава ў Глухаве, Няміраве, Чарнігаве і іншых местах. Будзе, бедная, выбягаць кожны дзень на рынак, хапаючыся за ўсіх, хто будзе праходзіць, распазнаючы кожнага з іх у вочы, ці няма сярод іх аднаго, наймілейшага за ўсіх; але шмат прайдзе праз места рознага войска і вечна ня будзе паміж імі аднаго, наймілейшага за ўсіх.

Так, як быццам і ня было палавіны Незамайкаўскага курэня! Як градам выбівае раптам усю ніву, дзе, як поўнаважкі чырвонец, харашэў кожны колас, гэтак іх выбіла і палажыла.

Як-ка ж заварушыліся казакі! Як схапіліся ўсе! Як закіпеў курэнны атаман Кукубенка, убачыўшы, што лепшае палавіны курэня яго няма! Убіўся ён з рэштаю сваіх незамайкаўцаў у самую сярэдзіну. У гневе пашаткаваў на капусту першага, які папаўся, шмат якіх коньнікаў зьбіў з коняй, дастаўшы дзідаю і коньніка і каня, прабраўся да гарматнікаў і ўжо адбіў адну гармату; а ўжо там, бачыць, стараецца уманскі курэнны атаман, і Сьцяпан Гуска ўжо адбівае галоўную гармату. Пакінуў ён тых казакоў і павярнуў з сваімі ў іншую варожую гушчу: гэтак, дзе прайшлі незамайкаўцы — дык там і вуліца! дзе павярнулі — дык ужо там і завулак! Так і відаць, як радзелі рады і снапамі валіліся ляхі! А каля самых вазоў Ваўтузенка, а сьпераду Чаравічэнка, а каля далейшых вазоў Дзегцярэнка, а за ім курэнны атаман Вэртыхвіст. Двох ужо шляхцічаў падняў на дзіду Дзегцярэнка, ды напаў, нарэшце, на непадатлівага трэцяга. Вёрткі і дужы быў лях, пышнаю збруяю упрыгожаны і пяцьдзесят адных слугаў прывёў з сабою. Пагнуў ён моцна Дзегцярэнку, зьбіў яго на зямлю і ўжо, замахнуўшыся на яго шабляю, крыкнуў: — „Няма з вас, сабак казакоў, ніводнага, хто пасьмеў-бы процістаць мне!“

— „А вось-жа й ёсьць!“ — сказаў і выступіў наперад Мосій Шыла. Дужы быў ён казак, няраз атаманстваваў на моры і шмат нацярпеўся розных бедаў. Схапілі іх туркі каля самага Трапэзунду і ўсіх забралі нявольнікамі на галеры, узялі іх па руках і нагах у жалезныя ланцугі, не давалі цэлымі тыднямі пшана і паілі агіднаю марскою вадою. Усё зносілі і вытрывалі бедныя нявольнікі, каб толькі не зьмяняць праваслаўнае веры. Ня вытрываў атаман Мосій Шыла, стаптаў нагамі сьвяты закон, паганаю чалмою абвіў грэшную галаву, увайшоў у давернасьць да пашы, зрабіўся ключнікам на караблі і старшым над усімі нявольнікамі. Шмат пасумнелі ад гэтага бедныя нявольнікі, бо ведалі, што калі свой прадасьць веру і прылучыцца да прыгнятальнікаў, дык цяжэй і горш быць пад яго рукою, як пад розным іншым нехрыстам: гэтак і сталася. Усіх пасадзіў Мосій Шыла ў новыя ланцугі па тры ў рад, прыкруціў ім да самых белых касьцей жорсткія вяроўкі; усіх перабіў па шыях, частуючы па патыліцы. І калі туркі, уцешыўшыся, што дасталі сабе гэткага слугу, пачалі баляваць і, забыўшы закон свой, усе панапіваліся, дык ён прынёс усе шэсьцьдзесят чатыры ключы і параздаваў нявольнікам, каб адмыкалі сябе, кідалі ланцугі і кайданы ў мора, а бралі замест гэтага шаблі ды рубалі туркаў. Шмат тады набралі казакі здабычы і вярнуліся з славаю на бацькаўшчыну, і доўга бандурыстыя славілі Мосія Шылу. Выбралі-б яго і за кашавога, але быў зусім дзіўны казак. Іншы раз рабіў гэткую справу, якое і наймудрэйшаму ня прыдумаць, а іншы раз, проста, дурната забірала казака. Прапіў ён і прагуляў усё, усім задоўжыўся на Сечы і ў дадатак да гэтага, пракраўся, як вулічны злодзей: уночы пацягнуў з чужога курэня ўсю казацкую зброю і залажыў шынкару. За гэткую ганебную справу прывязалі яго на рынку да стаўпа і паклалі каля яго кій, каб кожны, па меры сілаў сваіх, адважыў яму па адным разе; але не знайшлося гэткага з усіх запарожцаў, які падняў-бы на яго кій, памятаючы ранейшыя яго заслугі. Гэткі быў казак Мосій Шыла.

— „Дык ёсьць-жа гэткія, якія б’юць вас, сабакаў!“ — сказаў ён, кінуўшыся ня яго. І ўжо там вось рубаліся яны! І наплечнікі і зерцалы пагнуліся ў абодвух ад удараў. Расьцяў на ім варожы лях жалезную сарочку, дастаўшы лязом да самага цела: пачырванела казацкая сарочка. Але не паглядзеў на гэта Шыла, а замахнуўся з усяе жылаватае рукі (цяжкая была каранястая рука) і аглушыў яго раптоўна па галаве. Рязьляцелася мядзяная шапка, захістаўся і зваліўся лях, а Шыла пачаў хрысьціць і аглушанага. Не дабівай, казак ворага, а лепш павярніся назад! Не павярнуўся казак назад, і тут-жа адзін з слугаў забітага парнуў яго нажом у шыю. Павярнуўся Шыла і ўжо дастаў-бы байчака, але ён прапаў у парахавым дыме. З усіх бакоў пачалося плясканьне з самапалаў. Пахіснуўся Шыла і пачуў, што рана была сьмяротная. Упаў ён, налажыў руку на сваю рану і сказаў, зьвярнуўшыся да таварышоў. — „Бывайце, паны-браты, таварышы! Хай-жа стаіць на вечныя часы праваслаўная руская зямля і будзе ёй вечны гонар!“ І прыплюшчыў слабыя вочы свае, і вылецела казацкая душа з суровага цела. А там ужо выяжджаў Задарожны з сваімі, ламаў рады курэнны Вэртыхвіст і выступаў Балабан.

— А што, паны, — сказаў Тарас, перагукнуўшыся з курэннымі, — ёсьць яшчэ порах у парахоўніцах? Ці не аслабела казацкая сіла? Ці ня гнуцца казакі?

— Ёсьць яшчэ, бацька, порах у парахоўніцах; не аслабела яшчэ казацкая сіла; яшчэ ня гнуцца казакі!

І напёрлі моцна казакі: зусім зьмяшалі ўсе рады. Нізкарослы палкоўнік ударыў збор і загадаў выкінуць восем малёваных штандараў, каб сабраць сваіх, рассыпаных далёка па ўсім полі. Усе беглі ляхі да штандароў; але не пасьпелі яны яшчэ сшыхавацца, як ужо курэнны атаман Кукубенка ўдарыў ізноў з сваімі незамайкаўцамі ў самую сярэдзіну і напаў проста на трыбухатага палкоўніка. Ня вытрымаў палкоўлік і, павярнуўшы каня, пусьціўся наўзавады; а Кукубенка далёка гнаў яго праз усё поле, ня даўшы яму злучыцца з палком. Убачыўшы гэта з бакавога курэня, Сьцяпан Гуска пусьціўся яму на пярэймы, з арканам у руцэ, прыгнуўшы ўсю галаву да конскае шыі, і, улавіўшы час, з аднаго разу накінуў аркан яму на шыю: увесь пасінеў палкоўнік, ухапіўшыся за вяроўку абедзьвюма рукамі і мацуючыся парваць яе, але ўжо здаравяцкі размах убіў яму у самы жывот гібельную дзіду. Там і застаўся ён, прыбіты да зямлі. Але ня выкруціцца й Гусцы! Не пасьпелі азірнуцца казакі, як ужо ўбачылі Сьцяпана Гуску паднятага на чатыры дзіды. Толькі і пасьпеў сказаць, небарака: — Хай-жа загінуць усе ворагі, і цешыцца вечныя вякі руская зямля!.. І тут-жа выпусьціў дух свой.

Азірнуліся казакі, а ўжо там з боку казак Мяцеліца частуе ляхаў, глушачы таго й гэтага; а ўжо там з другога напірае з сваімі атаман Невялічкі; а каля вазоў варочае ворага і б’е Закруцігуба; а каля далейшых вазоў трэці Пісарэнка адагнаў ужо цэлую ватагу; а ўжо там, каля іншых вазоў, счапіліся і б’юцца на самых вазох.

— Што, паны, — перагукнуўся атаман Тарас, праехаўшы наперадзе ўсіх, -- ці ёсьць яшчэ порах у парахоўніцах? Ці моцная яшчэ казацкая сіла? Ці ня гнуцца яшчэ казакі?

— Ёсьць яшчэ, бацька, порах у парахоўніцах; яшчэ моцная казацкая сіла; яшчэ ня гнуцца казакі!

А ўжо ўпаў з воза Баўдзюг. Проста пад самае сэрца прыйшлася яму куля; але сабраў стары ўвесь дух свой і сказаў:

— Не шкада расстацца з сьветам. Дай Божа і кожнаму гэткае сьмерці! Хай-жа славіцца да канца веку руская зямля! І паляцела да вышыняў Баўдзюгова душа расказаць даўно адыйшоўшым старцам, як умеюць біцца на рускай зямлі і, яшчэ лепш за гэта, як умеюць паміраць у ёй за сьвятую веру.

Балабан, курэнны атаман, хутка пасьля гэтага таксама зваліўся на зямлю. Тры сьмяротныя раны дасталіся яму: ад дзіды, ад кулі і ад цяжкага палашу. А быў адным з найслаўнейшых казакоў; шмат адбыў ён пад сваім атаманствам марскіх паходаў, але найслаўнейшы за ўсе быў паход да анатольскіх берагоў. Шмат набралі яны тады цэхінаў, дарагое турэцкае габы, кіндзякоў і розных вопратак, але мыкнулі гора на паваротным шляху: папаліся, небаракі, пад турэцкія гарматы. Як хапіла іх з карабля, — палавіна чаўноў закруцілася і перакулілася, патапіўшы не аднаго ў ваду; але прывязаныя да бакоў чараты выратавалі ад патапленьня. Балабан адплыў на ўсіх вёслах, стаў проста проці сонца і праз гэта зрабіўся нявідным для турэцкага карабля. Усю ноч пасьля чарпакамі і шапкамі вылівалі яны ваду, латаючы прабітыя месцы; з казацкіх нагавіцаў нарэзалі парусоў, паляцелі і ўцяклі ад найбыстрэйшага турэцкага карабля. І мала таго, што прыбылі бязьбедна на Сечу, а прывязьлі яшчэ і золатам шытую рызу архімандрыту Межыгорскага кіеўскага манастыра і на Пакроў, што на Запарожжы, абклад з чыстага серабра. І славілі доўга пасьля бандурыстыя ўдачлівасьць казакоў. Схіліў ён цяпер галаву, пачуўшы перадсьмяротныя мукі, і ціха сказаў: — Здаецца — браты, што паміраю добраю сьмерцю: сямёх пакрышыў, дзевяцёх дзідаю спароў, стаптаў канём даволі, а ўжо й ня прыпомню, колькіх дастаў куляю. Хай-жа цьвіце вечна руская зямля! І адляцела яго душа.

Казакі, казакі! не выдавайце найлепшага цьвету вашага войска! Ужо абступілі Кукубенка; ужо сем чалавек толькі засталося з усяго Незамайкаўскага курэня; ужо і тыя адбіваюцца праз сілу; ужо акрывавілася на ім вопратка. Сам Тарас, убачыўшы бяду яго, пасьпяшыў на ратунак. Але позна надляцелі казакі: ужо пасьпела яму застраміцца пад самае сэрца дзіда раней, чымсь былі адагнаны абступіўшыя яго ворагі. Ціха схіліўся ён на рукі падхапіўшым яго казаком, і лінула ручаём маладая кроў, падобна да дарагога віна, якое нясьлі ў шкляной судзіне з склепу неасьцярожныя слугі: пасьлізнуліся тут-жа каля ўваходу і разьбілі дарагую сулію! усё разьлілося на зямлю віно, і схапіў сябе за галаву прыбегшы, гаспадар, хаваўшы яго для лепшага выпадку ў жыцьці, каб, калі дасьць Бог на старасьці гадоў сустрэцца з таварышом юнацтва, дык каб памянуць разам з ім ранейшы, іншы час, калі іначай і лепей весяліўся чалавек… Павёў Кукубенка навокал сябе вачыма і сказаў: — Дзякуй Богу, што давялося мне памёрці пры вачох вашых, таварышы! Хай-жа пасьля нас жывуць яшчэ лепшыя, як мы, і красуе вечна любая Хрысту руская зямля!.. І вылецела маладая душа. Паднялі яе ангелы пад рукі і панясьлі да нябёсаў. Добра яму будзе там. — Сядай Кукубенка одесную мяне! — скажа яму Хрыстос, — ты ня здрадзіў таварыства, бясчэснае справы не зрабіў, ня выдаў у бядзе чалавека, хаваў і пільнаваў Маю царкву. — Усіх засмуціла Кукубенкава сьмерць. Ужо радзелі моцна казацкія рады; шмат, шмат якіх адважных ужо не далічваліся; але стаялі і трымаліся яшчэ казакі.

— А што паны, — перагукнуўся Тарас з тымі, што засталіся яшчэ, курэнямі, — ці ёсьць яшчэ порах у парахоўніцах? Ці ня ступіліся шаблі? Ці не ўтамілася казацкая сіла? Ці не пагнуліся казакі?

— Хопіць яшчэ пораху; добрыя яшчэ шаблі; не ўтамілася казацкая сіла; ня гнуліся яшчэ казакі!

І рвануліся ізноў казакі так, як-бы і стратаў ніякіх ня мелі. Ужо тры толькі атаманы засталіся жывымі; чырванелі ўжо ўсюды чырвоныя рэкі; высока гаціліся масты з казацкіх і варожых целаў. Паглядзеў Тарас на неба, а ўжо па небе пацягнулася вераніца крэчатаў. Ну, будзе камусьці пажыва! А ўжо там паднялі на дзіду Мяцеліцу; ужо галава другога Пісарэнкі, закруціўшыся, залыпала вачыма; ужо падламаўся і грукнуў на зямлю на чацьвёра пасечаны Ахрым Гуска. — Ну, — сказаў Тарас і махнуў хустачкаю. Зразумеў гэты знак Астап і ўдарыў моцна, вырваўшыся з засады, у коньніцу. Ня вытрымалі моцнага напору ляхі, а ён пёр і напёр проста на месца, дзе былі паўбіваныя ў зямлю калы і канчары дзідаў. Пачалі капыціцца і падаць коні і ляцець праз іхнія галовы ляхі. А ў гэты час корсунцы, стаяўшыя апошнімі за вазамі, убачыўшы, што ўжо дастане куля з стрэльбы, бахнулі раптам з самапалаў. Усе зьбіліся і зьбянтэжыліся ляхі, і падбадзёрыліся казакі. — Вось і наша перамога! — пачуліся з усіх бакоў запарожаскія галасы, затрубілі ў трубы і выкінулі пераможную харугву. Усюды ўцякалі і хаваліся разьбітыя ляхі. — Ну, не, яшчэ не зусім перамога! — сказаў Тарас, гледзячы на меставую браму, і сказаў ён праўду.

Адчынілася брама, і вылецеў адтуль гусарскі полк, краса ўсіх конных палкоў. Пад усімі коньнікамі былі ўсе, як адзін, бурыя аргамакі, наперадзе іншых паляцеў рыцар за ўсіх байчэйшы, за ўсіх харашэйшы; так і ляцелі чорныя яго валасы з-пад мядзянае яго шапкі, віўся завязаны на руцэ дарагі шаль, шыты рукамі першае красуні. Так і атарапеў Тарас, калі ўбачыў, што гэта быў Андрый. А ён тым часам, ахоплены пылам і жарам бітвы, прагавіты заслужыць навязаны на руку падарак, паляцеў, як малады борзы сабака, найхарашэйшы, найхіжэйшы і наймаладзейшы за ўсіх у стадзе. Атукнуў на яго дасьведчаны паляўнік — і ён паляцеў, пусьціўшы простаю рысаю па паветры свае ногі, увесь пахіліўшыся на бок усім целам, баразнуючы сьнег і дзесяць разоў выпярэджваючы самога зайца ў гарачцы свайго бегу. Затрымаўся стары Тарас і пазіраў на тое, як ён чысьціў перад сабою дарогу, разганяў, рубаў і сыпаў удары направа і налева. Ня вытрываў Тарас і закрычаў: — Як? сваіх? сваіх, чортаў сыне, сваіх б’еш? Але Андрый не разьбіраў, хто перад ім быў, свае ці іншыя якія, нічога ня бачыў ён. Косы, косы ён бачыў, доўгія, доўгія косы, і падобныя да рачнога лебедзя грудзі, і сьнежную шыю, і плечы, і ўсё, што створана для шалёных пацалункаў.

— Гэй, хлапяты! завабце мне толькі яго да лесу, завабце мне толькі яго! — крычаў Тарас. І выклікалася ў той-жа час трыццаць найбыстрэйшых казакоў завабіць яго. І, паправіўшы на сабе высокія шапкі, тут-жа пусьціліся на канёх, проста наперарэз гусарам. Ударылі збоку на пярэдніх, зьбілі іх, адлучылі ад задніх, далі па гасьцінцу таму й гэтаму, а Гопакапыценка зьмераў плоскім бокам па хрыбце Андрыю, і ў той-жа час пусьціліся ўцякаць ад іх, колькі хапіла казацкае моцы. Як закіпеў Андрый! Як забунтавала па ўсіх жылах маладая кроў! Даўшы вострымі шпорамі па кані, на ўвесь дух паляцеў ён за казакамі, ня гледзячы назад, ня бачачы, што ззаду ўсяго толькі дваццаць чалавек пасьпявалі за ім, а казакі ляцелі з усяе сілы на канёх і проста пакіравалі да лесу. Разагнаўся на кані Андрый і ледзь быў ужо не наганіў Голакапыценка, як раптам нечая дужая рука схапіла за повад яго каня. Азірнуўся Андрый: перад ім Тарас! Затросься ён усім целам і раптам зьбялеў: гэтак шкаляр, неасьцярожна зачапіўшы свайго таварыша і атрымаўшы за гэта ад яго ўдар лінейкаю па лобе, загараецца, як агонь, шалёны выскаквае з-за лаўкі і ляціць за спалоханым таварышом сваім, гатовы разарваць яго на часьці, і раптам налятае на таго, які ўваходзіць у клясу, настаўніка: у міг прыціхае шалёны парыў, і падае бясьсільная злосьць. Падобна да гэтага, у адзін міг згінуў, як-бы і ня быў зусім, гнеў Андрыяў. І бачыў ён перад сабою аднаго толькі страшнага бацьку.

— Ну, што-ж цяпер мы будзем рабіць? — сказаў Тарас, гледзячы проста яму ў вочы. Але нічога ня мог на гэта сказаць Андрый і стаяў, спусьціўшы ў зямлю вочы.

— Што, сынку, памаглі табе твае ляхі?

Андрый быў безадказны.

— Дык прадаць? прадаць веру? прадаць сваіх? Стой-жа ж, злазь з каня!

Паслушна, як дзіця, зьлез ён з каня і стаў ні жывы, ні мёртвы перад Тарасом.

— Стой і не варушыся! Я цябе спарадзіў: я цябе і заб’ю! — сказаў Тарас і, адступіўшы шаг назад, зьняў з пляча стрэльбу. Белы, як палатно, быў Андрый, відаць было, як ціха варушыліся вусны яго і як ён вымаўляў чыёсь імя, але гэта ня было імя айчыны, ці маці, ці братоў — гэта было імя прыгожае палячкі. Тарас выстраліў.

Як жытні колас, падрэзаны сярпом, як малады баранчык, што пачуў пад сэрцам сьмяротнае жалеза, павіс ён галавою і паваліўся на траву, не сказаўшы ніводнага слова.

Спыніўся сыназабойца і глядзеў доўга на нядыхаўшы труп. Ён быў і мёртвы прыгожым: мужны твар яго нядаўна поўны сілы і непераможнага для жанок ачараваньня, усё яшчэ выказваў дзіўнае хараство, чорныя бровы, як жалобны машаст, адценьвалі яго пабялеўшыя рысы. — Чым-жа ж не казак быў? — сказаў Тарас, — і станам высокі, і чарнабрывы, і твар, як у шляхціча, і рука была моцная ў бітве! Прапаў! прапаў бясслаўна, як паганы сабака!

— Бацька, што ты зрабіў! Гэта ты забіў яго? — сказаў пад’ехаўшы ў гэты час Астап.

Тарас махнуў галавою.

Уважна паглядзеў няжывому ў вочы Астап. Шкада яму зрабілася брата, і сказаў ён тут-жа: — Аддамо-ж, бацька, яго чэсна зямлі, каб не пазьдзекваліся з яго ворагі і не парасьцягвалі яго цела жываедныя птушкі,

— Пахаваюць яго і бяз нас! — сказаў Тарас: — будуць у яго плакальшчыцы і уцешніцы!

І мінуты дзьве думаў ён: ці кінуць яго на расьцяганьне ваўком-сырамахам, ці пашкадаваць у ім рыцарскі спрыт, які адважны павінен шанаваць у кім-бы там ні было, — як бачыць, ляціць да яго на кані Голакапыценка: — Бяда, атамане, падужэлі ляхі; прыбыла на падмогу сьвежая сіла!.. Не пасьпеў сказаць Голакапыценка, ляціць Ваўтузенка: — Бяда, атамане, новая валіць яшчэ сіла!.. Не пасьпеў сказаць Ваўтузенка, Пісарэнка бяжыць бягом ужо без каня: — Дзе ты, бацька? Шукаюць цябе казакі. Ужо забіты курэнны атаман Невялічкі, Задарожны забіты, Чаравічэнка забіты, але стаяць казакі, ня хочуць паміраць, ня ўбачыўшы цябе ў вочы: хочуць, каб глянуў ты на іх перад гадзінай сьмерці.

— На каня, Астап! — сказаў Тарас і сьпяшаўся, каб застаць яшчэ казакоў, каб паглядзець яшчэ на іх, і каб яны глянулі перад сьмерцю на свайго атамана. Але ня выехалі яны яшчэ з лесу, а ўжо варожая сіла абкружыла з усіх бакоў лес, і паміж дрэвамі ўсюды паказаліся коньнікі з шаблямі і дзідамі. — Астап! Астап! не здавайся! — крычаў Тарас, а сам, схапіўшы шаблю на-гола, пачаў частаваць першых, якія папаліся, на ўсе бакі. А на Астапа ўжо наляцелі раптам шасьцёх; але ня ў добры час, відаць, наляцелі: з аднаго паляцела галава, другі перакуліўся, адступіўшы; парнула дзідай у скабу трэцяга, чацьвёрты быў адважнейшы, ухіліўся галавою ад кулі, і папала ў конскія грудзі гарачая куля — стаў дуба шалёны конь, грымнуў аб зямлю і задушыў пад сабою коньніка. — Добра, сынку! Добра, Астап! — крычаў Тарас, — вось я сьледам за табою. — А сам усё адбіваўся ад наступаўшых. Сячэ і б’ецца Тарас, сыпле гасьцінцы таму і гэтаму на галаву, а сам глядзіць усё наперад на Астапа, і бачыць, што ўжо ізноў схапілася з Астапам ледзь не васьмёк разам. — Астап! Астап! не здавайся! Але ўжо перамагаюць Астапа, ужо адзін накінуў яму на шыю аркан, ужо вяжуць, ужо бяруць Астапа. — Эх, Астап, Астап!.. Але як цяжкім каменем стукнула яго самога ў тую самую мінуту. Усё закруцілася і перакруцілася ў вачох у яго. На міг зьмяшаныя бліснулі перад ім галовы, дзіды, дым, бліскі агню, сукі з лісьцьцём дрэваў, мільгануўшыя яму ў самыя вочы. І грымнуўся ён, як падсечаны дуб, на зямлю, і туман пакрыў яго вочы.


Х

— Доўга-ж я спаў! — сказаў Тарас, прачхнуўшыся, як пасьля цяжкага хмельнага сну, і стараючыся распазнаць абкружаўшыя яго рэчы. Страшэнная слабасьць разьбірала яго. Ледзь дрыжалі перад ім сьцены і куты незнаёмае сьвятліцы. Нарэшце, заўважыў ён, што перад ім сядзеў Таўкач і, здавалася, прыслухваўся да кожнага яго дыханьня.

„Але, — падумаў сам сабе Таўкач, — заснуў-бы ты мо’ і навекі!“ — Але нічога не сказаў, пагразіў пальцам і даў знак маўчаць.

— Ды скажы-ж ты мне, дзе я цяпер? — спытаўся ізноў Тарас, напружваючы розум і стараючыся прыпомніць быўшае.

— Маўчы-ж! — крыкнуў строга на яго таварыш, — чаго табе яшчэ хочацца ведаць? Ці-ж ты ня бачыш, што ўвесь пасечаны? Ужо два тыдні, як мы з табою прэмся, не пераводзячы духу, і як ты ў гарачцы і жары пляцеш і гародзіш бязглузьдзіцу. Вось першы раз заснуў спакойна. Маўчы-ж, калі ня хочаш нарабіць сам сабе бяды.

Але Тарас усё стараўся і сілкаваўся сабраць свае думкі і прыпомніць быўшае. — Дык-жа ж мяне схапілі і абкружылі былі зусім ляхі? Мне-ж ня было зусім ніякай магчымасьці выбіцца з натаўпу?

— Маўчы-жа, кажуць табе, чортава дзяціна! — закрычаў Таўкач злосна, як нянька, выбітая з цярплівасьці, крычыць неўгамоннаму шалапуту-дзіцяці. — Што за карысьць ведаць табе, як вырабіўся? Даволі таго, што вырабіўся. Знайшліся людзі, якія цябе ня выдалі, — ну і годзі ўжо! Нам яшчэ ня мала ночаў ляцець разам! Ты думаеш, што пайшоў за простага казака? Не, тваю галаву ацанілі ў дзьве тысячы чырвонцаў.

— А Астап? — закрычаў раптам Тарас, натужыўся крыху ўстаць і раптам успомніў, як Астапа схапілі і зьвязалі на вачох у яго, і што ён цяпер ужо ў ляскіх руках. І ахапіла гора старую галаву. Пазрываў і пазьдзіраў ён усе перавязкі ранаў сваіх; кінуў іх далёка вон, хацеў гучна нешта сказаць — і замест таго панёс бязглузьдзіцу: гарачка і броеньне ізноў апанавала яго, і пайшлі бяз толку і сувязі шалёныя словы. А тым часам верны таварыш стаяў перад ім, лаючыся і рассыпаючы бяз ліку жорсткія дакорлівыя словы і папіканьні. Нарэшце, схапіў ён яго за ногі і рукі, спавіў, як дзіця, паправіў усе перавязкі, завінуў яго ў валовую скуру, увязаў у лубкі і, прымацаваўшы вяроўкамі да сядла, паляцеў ізноў з ім у дарогу.

— Хоць няжывога, ды давязу цябе! Не папушчу, каб ляхі зьдзекаваліся над тваёю казацкаю пародаю, на кускі рвалі тваё цела ды кідалі яго ў ваду. Хай-жа, хоць і будзе арол высмоктваць з твайго лоба вочы, дык хай-жа сьцяповы наш арол, а ня ляскі, ня той, што прылятае з польскае зямлі. Хоць няжывога, а давязу цябе да Украіны!

Гэтак казаў верны таварыш. Ляцеў без адпачынку дні і ночы і прывёз яго бясчулага ў самую Запарожаскую Сечу. Там пачаў ён лячыць яго няўтомна травамі і прымачкамі; знайшоў нейкую жыдоўку, якая месяц паіла яго рознымі лякарствамі, і нарэшце Тарасу зрабілася ляпей. Ці лякарства, ці свая жалезная сіла ўзяла верх, толькі ён праз паўтара месяца стаў на ногі; раны загаіліся, і толькі адны шабельныя шнары давалі ведаць, як глыбока калісьці быў ранены стары казак. Аднак-жа, выразна зрабіўся ён пануры і сумны. Тры цяжкія зморшчкі насунуліся на лоб яго і ўжо больш ніколі ня сходзілі з яго. Азірнуўся ён цяпер вакол сябе: усё новае на Сечы, усе паўміралі старыя таварышы. Ніводнага з тых, якія стаялі за справядлівую справу, за веру і братэрства. І тыя, якія скіраваліся з кашавым у пагоню за татарамі, і тых ужо ня было даўно: усе паклалі галовы, усе загінулі, хто паклаўшы на самым баі чэсную галаву, хто ад бязводзьдзя і бясхлебіцы, сярод крымскіх саланчакоў; хто ў палоне прапаў, ня вытрываўшы ганьбы; і самога ранейшага кашавога ўжо даўно ня было на сьвеце, і нікога з старых таварышоў, і ўжо даўно зарасла травою калісьці кіпеўшая казацкая сіла. Чуў ён толькі, што быў баль сільны, шумны баль: усё пабіта ў друбязгі судзьдзё; нідзе не засталося віна ні каплі, раскралі госьці і слугі ўсе дарагія кубкі і судзіны — і сумны стаіць гаспадар хаты, думаючы: „лепш, каб і ня было таго балю.“ Дарэмна стараліся заняць і разьвесяліць Тараса; дарэмна барадатыя, сівыя бандурыстыя, праходзячы па два і па тры, расслаўлялі яго казацкія подзьвігі — строга і спакойна пазіраў ён на ўсё, і на нярухомым твары яго выступала незгасальнае гора, і ціха, спусьціўшы галаву, казаў ён: — „Сыне мой! Астапе мой!“

Запарожцы зьбіраліся на марскую экспэдыцыю. Дзьвесьце чаўноў спушчана было ў Дняпро! Малая Азія бачыла іх, з голенымі галовамі і доўгімі чубамі, аддаваўшымі мечу і агню цьвітучыя берагі яе; бачыла чалмы сваіх магамэтанскіх жыхароў параскіданымі, падобна да яе непалічаных колераў, па змочаных крывёю палёх і плаваўшымі каля берагоў. Яна бачыла нямала запэцканых дзёгцем запарожаскіх шаравараў, мускулістых рук з чорнымі бізунамі. Запарожцы паелі і паламалі ўвесь вінаград, у мэчэтах пакінулі цэлыя кучы гною, пэрсідзкія дарагія шалі ўжывалі замест ачкуроў і апяразвалі імі запэцканыя сьвіткі. Доўга яшчэ пасьля знаходзілі ў тых месцах запарожаскія люлькі. Яны весела ехалі назад, а за імі пёрся дзесяцёхгарматны турэцкі карабель і сальваю з усіх гарматаў сваіх разагнаў, як птушкі, вутлыя іхнія чаўны. Трэцяя часьць іх затанула ў марскіх глыбінях, але рэшта ізноў сабраліся разам і прыбылі да ўпаду Дняпра з дванаццацьма барэлкамі, набітымі цэхінамі. Але ўсё гэта ўжо не займала Тараса. Ён ішоў на сенажаці і сьцяпы, як быццам на паляваньне, але набой яго заставаўся нявыстраленым. І, паклаўшы стрэльбу, поўны тугі, сядаў ён на марскі бераг. Доўга сядзеў ён там, спусьціўшы галаву і ўсё кажучы: — „Астап мой! Астап мой!“ Перад ім блішчала і распасьціралася Чорнае мора; у далёкім чараце крычала чайка, белы вус яго серабрэў, і сьляза капала адна за аднэю.

І ня вытрымаў, нарэшце, Тарас: — „Што-б ні было, а пайду разьведаць, што ён? у магіле? ці ўжо і ў самай магіле няма яго? Разьведаю, чаго-б гэта сабе ні каштавала!“ І праз тыдзень ужо апынуўся ён у месьце Умані, азброены, на кані, з дзідаю, шабляю, дарожнаю баклагаю каля сядла, з паходным гаршком і саламатаю, з парахавымі набоямі, конскімі путамі і іншаю збруяю. Ён проста пад’ехаў да нячыстае, запэцканае хацінкі, у якой невялічкія ваконцы ледзь было відаць, задымленыя невядома чым; комін заткнуты быў ганучаю, і дзіравая страха ўся была ўкрыта вераб’ямі. Гурба рознага сьмяцьця ляжала перад самымі дзьвярыма. З вакна выглядала галава жыдоўкі ў чэпчыку з пачарнеўшымі жомчугамі.

— Муж у хаце? — сказаў Бульба, злазячы з каня і прывязваючы повад да жалезнага кручка, быўшага каля самых дзьвярэй.

— У хаце, — сказала жыдоўка і пасьпяшалася зараз-жа выйсьці з пшаніцаю ў корчыку для каня і квартаю піва для рыцара.

— Дзе-ж твой жыд?

— Ён у другой сьвятліцы, моліцца, — сказала жыдоўка, кланяючыся і пажадаўшы здароўя, у той час, калі Бульба паднёс да губаў кварту.

— Заставайся тут, накармі і напой майго каня, а я пайду, пагавару з ім адзін. У мяне да яго справа.

Гэты жыд быў вядомы Янкель. Ён ужо апынуўся тут арэндатарам і карчмаром, прыбраў пакрысе ўсіх ваколічных паноў і шляхцічаў у свае рукі, высмактаў пакрысе ледзь ня ўсе грошы і моцна азначыў сваё жыдоўскае быцьцё ў тым краі. На адлежнасьці трох міляў ува ўсе бакі не заставалася ніводнае хаты ў парадку: усё валілася і старэла, усё парасьпівалася, і засталася беднасьць ды рызьзё; як пасьля пажару або чумы выветрыўся ўвесь край. І калі-б дзесяць гадоў яшчэ пажыў там Янкель, дык ён, напэўна, выветрыў-бы і ўсё ваяводзтва.

Тарас увайшоў у сьвятліцу. Жыд маліўся, накрыўшыся сваім досіць запэцканым саванам, і адвярнуўся, каб апошні раз плюнуць, паводле звычаю свае веры, як раптам вочы яго сустрэлі ззаду Бульбу. Так і кінуліся жыду перш за ўсё у вочы дзьве тысячы чырвонцаў, якія былі даклярованы за яго галаву, але ён пасароміўся свае карысьці і сілкаваўся здушыць у сабе вечную думку аб золаце, якая, як чарвяк, абмотвае жыдаву душу.

— Слухай Янкель! — сказаў Тарас жыду, які пачаў перад ім кланяцца і замкнуў асьцярожна дзьверы, каб іх ня бачылі. — Я выратаваў тваё жыцьцё — цябе разарвалі-б, як сабаку, запарожцы — цяпер твая чарга, цяпер зрабі мне паслугу!

Жыдаў твар крыху скрывіўся.

— Якую паслугу? Калі гэткая паслуга, што можна зрабіць, дык чаму-ж не зрабіць?

— Не кажы нічога. Вязі мяне ў Варшаву.

— У Варшаву? Як, у Варшаву? — сказаў Янкель. Бровы і плечы яго падняліся ўгару ад зьдзіўленьня.

— Не кажы мне нічога. Вязі мяне ў Варшаву. Што-б там ні было, а я хачу яшчэ раз убачыць яго, сказаць яму хоць адно слова.

— Каму сказаць слова?

— Яму, Астапу, сыну майму.

— Хіба пан ня чуў, што ўжо…

— Ведаю, ведаю ўсё: за маю галаву даюць дзьве тысячы чырвонцаў. Ведаюць-жа яны, дурні, цану ёй! Я табе пяць тысяч дам. Вось табе дзьве тысячы зараз (Бульба высыпаў з раменнага капшука дзьве тысячы чырвонцаў), а рэшту — як вярнуся.

Жыд зараз-жа схапіў ручнік і накрыў ім чырвонцы.

— Ай, слаўная монэта! Ай, добрая монэта! — казаў ён, пакручваючы адзін чырвонец у руках і прабуючы на зубох. — Я думаю, што той чалавек, у якога пан адабраў гэткія добрыя чырвонцы, і гадзіны не пражыў на сьвеце: пайшоў зараз-жа ў рэку дый утапіўся там пасьля гэткіх слаўных чырвонцаў.

— Я не прасіў-бы цябе. Я можа й сам знайшоў-бы дарогу ў Варшаву; але мяне могуць як-нібудзь нагнаць і захапіць праклятыя ляхі, бо я-ж няспрытны на выдумкі. А вы, жыды, на тое ўжо і створаныя. Вы хоць чорта ашукаеце, вы ведаеце ўсе штукі: вось дзеля чаго я прыйшоў да цябе! Ды і ў Варшаве я сам сабою нічога не адтрымаў-бы. Зараз-жа запрагай воз і вязі мяне!

— А пан думае, што гэтак проста ўзяў кабылу, запрог, дый: „Эй, ну, — сіўка!“ Думае пан, што можна так, як ёсьць, не схаваўшы, вязьці пана?

— Ну, дык хавай, хавай, як сабе ўмееш: у парожнюю бочку, ці што?

— Ай, ай! А пан думае, хіба можна схаваць яго ў бочку? Пан хіба ня ведае, што кожны падумае, што ў бочцы гарэлка?

— Ну, дык хай сабе і думае, што гарэлка.

— Як? Хай думае, што гарэлка? — сказаў жыд і схапіў сябе абедзьвюма рукамі за пэйсыкі і пасьля задраў угару абедзьве рукі.

— Ну, што-ж ты гэтак атарапеў?

— А пан хіба ня ведае, што Бог на тое стварыў гарэлку, каб яе кожны каштаваў. Там усё лакомнікі, ласуны: шляхціч будзе бегчы вярстоў пяць за бочкаю, прадзяўбе якраз дзірачку, зараз-жа ўбачыць, што не цячэ і скажа: — Жыд не павязе парожняе бочкі; мусі тут ёсьць што-нібудзь! Схапіць жыда, зьвязаць жыда, адабраць усе грошы ў жыда, пасадзіць у вастрог жыда! Таму што ўсё, што толькі ёсьць нядобрае, усё валіцца на жыда, таму што жыда кожны прымае за сабаку, таму што думаюць, ужо й не чалавек, калі жыд!

— Ну, дык палажы мяне ў воз з рыбаю!

— Ня можна, пане, далібог, ня можна. Па ўсёй Польшчы людзі галодныя цяпер, як сабакі: і рыбу раскрадуць, і пана намацаюць.

— Дык вязі мяне хоць на чорце, толькі вязі!

— Слухай, слухай пан! — сказаў жыд, пасунуўшы абшлагі рукавоў сваіх і падходзячы да яго з распасьцёртымі рукамі. — Вось што мы зробім. Цяпер будуюць усюды крэпасьці і замкі, з Нямеччыны прыехалі францускія інжынеры, а дзеля гэтага па дарогах вязуць шмат цэглаў і каменьняў. Пан хай ляжа на дне воза, а верх я закладу цэглаю. Пан здаровы і дужы з выгляду, і дзеля гэтага яму нішто, калі будзе цяжанька, а я зраблю ў возе зьнізу дзірачку, каб карміць пана.

— Рабі, як хочаш, толькі вязі!

І праз гадзіну воз з цэглаю выехаў з Умані, запрэжаны ў дзьве клячы. На аднэй з іх сядзеў высокі Янкель, і доўгія кучаравыя пэйсыкі яго целяпаліся з-пад жыдоўскае ярмолкі па меры таго, як ён паддзыгаў на кані, доўгі, як вярста, пастаўленая на дарозе.


ХІ

У той час, калі адбывалася апісаная падзея, на пагранічных месцах ня было яшчэ ніякіх мытных вураднікаў і аб’ездчыкаў, гэтае страшнае гразы прадпрыімлівых людзей, і дзеля гэтага кожны мог вязьці, што сабе хацеў. А калі хто і рабіў вобыск і равізоўку, дык рабіў гэта найчасьцей дзеля свае ўласнае пацехі, а асабліва калі на возе былі прынадныя для вачэй рэчы і калі яго ўласная рука мела нішто сабе вагу і цяжар. Але цэгла не знаходзіла ахвотнікаў і ўехала бесьперашкодна ў галоўную меставую браму. Бульба, у сваёй цеснай клетцы, мог толькі чуць шум, крыкі вазьніцаў і больш нічога. Янкель, паддзыгаючы на сваім кароткім, запэцканым пылам рысаку, павярнуў, зрабіўшы колькі кругоў, у цёмную вузенькую вуліцу, насіўшую назоў Гразнае і разам Жыдоўскае, таму што тут запраўды былі жыды блізка што з усяе Баршавы. Гэтая вуліца над’звычайна была падобнаю да выверненага нутра задняга падворку. Сонца, здавалася, не заходзіла сюды зусім. Зусім пачарнеўшыя дзеравяныя дамы, з вялікім лікам перацягнутых з вокнаў жэрдак, павялічвалі яшчэ больш цемру. Дзе-ня-дзе чырванела паміж імі цэгляная сьцяна, але й тая ўжо ў шмат якіх месцах перавярталася зусім у чорную. Іншы раз толькі ўгары абтынкованы кавалак сьцяны, абхоплены сонцам, блішчаў немагчымаю для вачэй бельлю. Тут усё складалася з моцных контрастаў: каміны, ганучы, лупіны, выкінутыя разьбітыя чопы. Кожны, што толькі было ў яго нягоднае, шпургаў на вуліцу, даючы праходзіўшым магчымыя выгады карміць усе пачуцьці свае гэтаю дрэньню. Седзячы на кані, коньнік ледзь-ледзь не даставаў рукою жэрдак, перацягненых праз вуліцу з аднаго дому ў другі, на якіх віселі жыдоўскія панчохі, кароценькія панталонцы і дымлены гусак. Іншы раз даволі харошанькі тварык жыдоўкі, убраны пацямнеушымі пацеркамі, выглядаў з старога ваконца. Купа жыдзянат, замурзаных, абарваных, з кучаравымі валасамі, крычала і валялася ў балоце. Рыжы жыд з рабаценьнем на ўсім твары, рабіўшым яго падобным да вераб’ёвага яйка, зірнуў з вакна; зараз-жа загаварыў з Янкелем на сваёй тарабарскай падмове, і Янкель зараз-жа ўехаў у адзін падворак. Па вуліцы ішоў іншы жыд, затрымаўся, пачаў таксама гутарку, і калі Бульба вылез, нарэшце, з-пад цэглы; дык ён убачыў трох жыдоў, гаварыўшых з вялікім жарам.

Янкель зьвярнуўся да яго і сказаў, што ўсё будзе зроблена, што яго Астап сядзіць у гарадзкой цямніцы, і хоць і цяжка ўгаварыць старажоў, але, аднак-жа, ён мае надзею даць яму сустрэчу.

Бульба ўвайшоў з трыма жыдамі ў пакой.

Жыды пачалі ізноў гаварыць паміж сабою сваёю незразумелаю моваю. Тарас паглядваў на кожнага з іх. Штосьці, здавалася, моцна патрасло яго: на грубым і спакойным твары яго загарэлася нейкае руйнацкае полымя надзеі, — надзеі тае, якая наведвае іншы раз чалавека ў апошнім градусе роспачы; старое сэрца яго пачало моцна стукацець, як быццам у юнака.

— Слухайце, жыды! — сказаў ён, і ў словах яго было нешта ўрачыстае. — Вы ўсё на сьвеце можаце зрабіць, выкапаеце хоць і з дна марскога, і прыказка даўно ўжо кажа, што жыд самога сябе ўкрадзе, калі толькі захоча ўкрасьці. Вызвальце мне майго Астапа! Дайце здарэньне ўцячы яму з чартоўскіх рук. Вось я гэтаму чалавеку дакляраваў дванаццаць тысяч чырвонцаў, — я дадаю яшчэ дванаццаць. Усе, якія ёсьць у мяне, дарагія кубкі і закопанае ў зямлі золата, хату і апошнюю вопратку прадам і зраблю з вамі кантракт на ўсё жыцьцё, з тым, каб усё, што толькі здабуду на вайне, дзяліць з вамі напалову.

— О, ня можна, дарагі пане, ня можна! — сказаў, уздыхаючы, Янкель.

— Не, ня можна! — сказаў другі жыд. Усе тры жыды зірнулі адзін на аднаго.

— А спрабаваць, — сказаў трэці, баязьліва паглядаючы на двох іншых: — можа Бог дасьць.

Усе тры жыды загаварылі панямецку. Бульба, як ні вастрыў свае вушы, нічога ня мог адгадаць; ён чуў толькі часта казанае слова „Мардахай“, і больш нічога.

— Слухай, пан! — сказаў Янкель, — трэба парадзіцца з гэткім чалавекам, якога яшчэ ніколі ня было на сьвеце. У, у! гэта такі мудры, як Салямон, і калі ён нічога ня зробіць, дык ужо ніхто на сьвеце ня зробіць. Сядзі тут: вось ключ, і ня ўпушчай нікога! Жыды выйшлі на вуліцу.

Тарас замкнуў дзьверы і пазіраў праз маленечкае ваконечка на гэты гразны жыдоўскі проспэкт. Тры жыды затрымаліся на сярэдзіне вуліцы і пачалі гаварыць даволі газардова; да іх далучыўся хутка чацьвёрты, нарэшце, і пяты. Ён чуў ізноў паўтаранае: „Мардахай, Мардахай!“ Жыды бесьперастанку паглядвалі ў адзін бок вуліцы: нарэшце, у канцы яе з-за аднаго паршывага дому паказалася нага ў жыдоўскім атопку і замігцелі фалды паўкаптаньня. „А, Мардахай, Мардахай!“ — закрычалі ўсе жыды ў адзін голас. Худы жыд, крыху карацейшы за Янкеля, але куды больш меўшы зморшчкаў, з вялізарнейшаю верхняю губаю, падыйшоў да нецярплівага натаўпу, і ўсе жыды адзін перад адным сьпяшаліся расказваць яму, пры чым Мардахай колькі разоў зіркаў на маленечкае ваконца, і Тарас дагадваўся, што гутарка ішла аб ім. Мардахай махаў рукамі, слухаў, перабіваў гутарку, часта пляваў у бок і, паднімаючы фалды, засоўваў у кішэнь руку і выймаў нейкія цацкі, пры чым паказваў якнайгоршыя свае панталоны. Нарэшце, усе жыды паднялі гэткі крык, што жыд, стаяўшы на варце, павінен быў даваць знак, каб маўчалі, і Тарас ужо пачаў трывожыцца за сваю бясьпечнасьць, але, успомніўшы, што жыды ня могуць іначай разважаць, як на вуліцы, і што іхняе мовы сам дэмон не зразумее, ён супакоіўся.

Мінуты дзьве пачакаўшы, жыды разам увайшлі ў яго пакой. Мардахай падыйшоў блізка да Тараса, папляскаў яго па плячы і сказаў: — Калі мы ды Бог захочам зрабіць, дык ужо будзе так, як трэба.

Тарас паглядзеў на гэтага Салямона, якога яшчэ ня было на сьвеце, і атрымаў пэўную надзею. Запраўды, выгляд яго мог даць пэўную веру да яго: верхняя губа ў яго была, проста, страшыла; таўшчыня яе, бяз сумліву, павялічвалася ад пабочных прычынаў. У барадзе ў гэтага Салямона было толькі пятнаццаць валасінак, і то на левым баку. На твары ў Салямона было гэтулькі знакоў пабояў, атрыманых за ўдаласьць, што ён бяз сумліву, даўно згубіў ім лік і прывык іх лічыць за радзімыя плямы.

Мардахай пайшоў разам з таварышамі, поўнымі зьдзіўленьня ад яго мудрасьці. Бульба застаўся адзін. Ён быў у дзіўным, нябывалым палажэньні: ён чуў першы раз у жыцьці неспакойнасьць. Душа яго была ў ліхаманачным стане. Ён ня быў той ранейшы, нязломны, няхістальны, моцны, як дуб; ён быў маладушны; ён быў цяпер слабы. Ён уздрыгваўся пры кожным шорхаце, пры кожнай новай жыдоўскай фігуры, якая толькі паказвалася ў канцы вуліцы. У гэткім стане прабыў ён, нарэшце, увесь дзень; ня еў і ня піў, і вочы яго не адрываліся ні на гадзіну ад невялічкага ваконца на вуліцу. Нарэшце, ужо ўвечары позна паказаўся Мардахай і Янкель. Сэрца Тарасова замёрла.

— Што? удачна? — спытаўся ён у іх з нецярплівасьцю дзікага каня.

Але раней яшчэ, чымсь жыды сабраліся з духам адказваць, Тарас заўважыў, што ў Мардахая ўжо ня было апошняга касмака, які, хоць і даволі неахайна, але ўсёж такі круціўся кольцамі з-пад ярмолкі яго. Відаць было, што ён хацеў нешта сказаць, але нагаварыў гэткае дрэні, што Тарас нічога не зразумеў. Ды і сам Янкель прытуляў вельмі часта руку да рота, як быццам хварэў на прастуду.

— О, мілы пане! — сказаў Янкель, — цяпер зусім ня можна! Далібог, ня можна! Гэткі нядобры народ, што яму трэба на самую галаву напляваць. Вось і Мардахай скажа. Мардахай рабіў гэткае, якога яшчэ не рабіў ніводзін чалавек на сьвеце; але Бог не хацеў, каб гэтак было. Тры тысячы войска стаяць, і заўтра іх усіх будуць казьніць.

Тарас зірнуў у вочы жыдом, але ўжо без нецярплівасьці і гневу.

— А калі пан хоча бачыцца, дык заўтра трэба рана, так каб яшчэ і сонца ня ўсходзіла. Вартаўнікі згаджаюцца, і адзін левэнтар дакляраваў. Толькі хай ім ня будзе на тым сьвеце шчасьця, ой, вэй мір! Што гэта за лакомы народ! І паміж намі гэткіх няма: пяцьдзесят чырвонцаў я даў кожнаму, а левэнтару…

— Добра. Вядзі мяне да яго! — сказаў Тарас рашуча, і ўся цьвёрдасьць вярнулася ў яго душу. Ён згадзіўся на Янкелеву прапазыцыю пераапрануцца чужаземным графам, прыехаўшым з нямецкае зямлі, дзеля чаго і вопратку ўжо пасьпеў прызапасіць прадбачлівы жыд. Была ўжо ноч. Гаспадар дому, вядомы рыжы жыд з рабаценьнем, выцягнуў худы сяньнік, пакрыты нейкаю пляцёнкаю і разаслаў яго на лаўцы для Бульбы. Янкель лёг на падлозе на гэткім самым сяньніку. Рыжы жыд выпіў невялічкую чарачку нейкае настойкі, скінуў паўкаптанак, і, зрабіўшыся ў сваіх панчохах і атопках крыху падобным да кураняці, пайшоў з сваёю жыдоўкаю ў нешта падобнае да шафы. Але Тарас ня спаў; ён сядзеў нярухомы і паціху бубніў пальцамі па стале; ён трымаў у роце люльку і пушчаў дым, ад якога жыд праз сон чыхаў і закручваў у коўдру свой нос. Як толькі неба пасьпела крануцца белаватым прадвесьцем зарніцы, ён ужо штурхануў нагою Янкеля: — „Уставай, жыдзе, і давай тваю графоўскую вопратку!“

У мінуту апрануўся ён; вычарніў вусы, бровы, наклаў на цемя маленечкую цёмную шапачку — І ніхто з найбліжэйшых да яго казакоў ня мог-бы пазнаць яго. На выгляд яму здавалася ня больш як трыццаць пяць гадоў. Здаровы румянец іграў на яго шчоках, і самыя шнары прыдавалі яму нешта загадвальнае. Вопратка, убраная золатам, вельмі ўходзіла на ім.

Вуліцы яшчэ спалі. Ніводная мэркантыльная істота яшчэ не паказвалася ў месьце з кошыкам у руках. Бульба і Янкель прыйшлі да будынку, меўшага выгляд сядзячае чаплі. Ён быў нізкі, шырокі, вялізны, пачарнеўшы, і з аднаго боку яго выкідалася, як буслава шыя, доўгая, вузкая вежа, на версе якое стырчэў кусок страхі. Гэты будынак спраўляў шмат розных павіннасьцяў: тут былі і казармы, і вастрог, і нават крымінальны суд. Нашыя падарожнікі ўвайшлі ў браму і апынуліся сярод прасторнае салі або закрытага падворку. Каля тысячы чалавек спалі разам. Проста йшлі нізенькія дзьверы, перад якімі сядзеўшыя два вартаўнікі гулялі ў нейкую гульню, якая была ў тым, што адзін аднаго біў двама пальцамі па далоні. Яны мала зьвярнулі ўвагі на прайшоўшых і павярнулі галовы толькі тады, калі Янкель сказаў: — Гэта мы; чуеце, паны: гэта мы.

— Ідзеце! — казаў адзін з іх, адчыняючы аднэй рукою дзьверы, а другую падстаўляючы свайму таварышу дзеля прыняцьця ад яго ўдараў.

Яны ўвайшлі ў калідор, вузкі і цёмны, які ізноў прывёў іх у гэткую самую салю з маленечкімі ваконцамі ўгары. — Хто ідзе? — закрычала колькі галасоў, і Тарас убачыў значную колькасьць ваякаў у поўным азброеньні. — „Нам нікога ня казана пушчаць.“

— Гэта мы! — крычаў Янкель, — далібог, мы, ясныя паны! — Але ніхто не хацеў слухаць. На шчасьце, у гэты час падыйшоў нейкі таўсьцяк, які, паводле ўсіх прыкметаў, здаваўся начальнікам, таму што лаяўся мацней за ўсіх.

— Пане, гэта-ж мы, вы ўжо знаеце нас, і пан граф яшчэ будзе дзякаваць.

— Прапусьцеце, сто дзьяблаў чортавай матцы! І больш нікога ня пушчайце. Ды шабляю каб ніхто ня бразгаў і не сабачыўся на падлозе…

Працягу красамоўнага загаду ўжо ня чулі нашыя падарожнікі. Гэта мы, гэта я, гэта свае! — казаў Янкель, сустрачаючыся з кожным.

— А што можна цяпер? — спытаўся ён у аднаго з старажоў, калі яны, нарэшце, падыйшлі да таго месца, дзе калідор ужо канчаўся.

— Можна, толькі ня ведаю, ці прапусьцяць вас у самы вастрог. Цяпер ужо няма Яна! замест яго стаіць іншы, — адказваў вартаўнік.

— Ай, ай, — сказаў ціха жыд, — гэта блага, дарагі пане!

— Вядзі! — сказаў упорліва Тарас. Жыд слухаўся.

Каля дзьвярэй пад’зямельля, якія канчаліся ўгары вастрыём, стаяў гайдук, з вусамі ў тры ярусы. Верхні ярус вусоў ішоў назад, другі проста наперад, трэці ўніз, што рабіла яго вельмі падобным да ката.

Жыд скурчыўся ў тры пагібелі і блізка што бокам падыйшоў да яго. — Ваша яснавяльможнасьць! Яснавяльможны пане!

— Ты, жыдзе, гэта мне кажаш?

— Вам, яснавяльможны пане.

— Гм… а я, проста, гайдук! — сказаў трох’ярусны вусач з павесялеўшымі вачыма.

— А я, далібог, думаў, што гэта сам ваявода. Ай, ай, ай!.. Пры гэтым жыд пакруціў галавою і расставіў пальцы. — Ай, які важны выгляд! Далібог, палкоўнік, зусім палкоўнік! Вось каб яшчэ толькі на палец дадаць, дык і палкоўнік! Трэба пана пасадзіць на жарабца, гэткага хіжага, як муха, і няхай муштруе палкі!

Гайдук паправіў ніжні ярус вусоў сваіх, пры чым вочы яго зусім разьвесяліліся.

— Што за народ вайсковы! — далей казаў жыд, — ох, вэй мір, што за народ добры! Шнурочкі, бляшачкі… так ад іх і блішчыць, як ад сонца; а цуркі, дзе толькі ўбачаць вайсковых… ай, ай!.. Жыд ізноў пакруціў галавою.

Гайдук закруціў рукою верхнія вусы і пусьціў праз зубы гук, крыху падобны да конскага іржаньня.

— Прашу пана зрабіць паслугу! — сказаў жыд, — вось князь прыехаў з чужога краю, хоча паглядзець на казакоў. Ён яшчэ ад нараджэньня ня бачыў, што гэта за народ казакі.

Зьяўленьне чужаземных графоў і баронаў было ў Польшчы даволі звычайным: яны часта былі зацягваны адзіна толькі цікаўнасьцю паглядзець гэты блізка што паўдзікі куток Эўропы; Маскоўшчыну і Украіну яны лічылі ўжо паложанымі ў Азіі. І дзеля гэтага гайдук, пакланіўшыся даволі нізка, палічыў прыстойным дадаць колькі словаў ад сябе:

— Я ня ведаю, ваша яснавяльможнасьць, — казаў ён: — чаму вам хочацца глядзець на іх. Гэта сабакі, а ня людзі. І вера ў іх гэткая, што ніхто не шануе.

— Брэшаш ты, чортаў сыне! — сказаў Бульба, — сам ты сабака! Як ты сьмееш казаць, што нашае веры не шануюць? Гэта вашае гэрэтыцкае веры не шануюць!

— Эгэ, гэ! — сказаў гайдук, — а я ведаю, дабрадзею, хто ты: ты сам з тых, што ўжо сядзяць у мяне. Пачакай-жа, я паклічу сюды нашых.

Тарас убачыў сваю неасьцярожнасьць, але ўпорлівасьць і злосьць перашкодзіла яму падумаць аб тым, каб як паправіць яе. На шчасьце, Янкель у тую-ж мінуту пасьпеў падвярнуцца.

— Яснавяльможны пане! як-жа ж можна, каб граф ды быў казак? А калі-б ён быў казак, дык дзе-ж ён дастаў-бы гэткую вопратку і гэткі выгляд графоўскі?

— Расказвай сабе!.. І гайдук ужо разявіў быў шырокі рот свой, каб крыкнуць.

— Ваша каралеўская вялічнасьць! Маўчэце! маўчэце, у імя Бога! — закрычаў Янкель. — Маўчэце! Мы ўжо вам за гэта заплацім так, як яшчэ ніколі ня бачылі: мы дамо вам два залагыя чырвонцы.

— Эгэ! два чырвонцы! Два чырвонцы мне нішто: я цыруліку даю два чырвонцы за тое, каб мне толькі палавіну барады выгаліў. Сто чырвоных давай, жыдзе! Тут гайдук закруціў верхнія вусы. — А як не дасі сто чырвоных, дык зараз закрычу!

— І нашто-ж бы гэтак шмат? — бядуючы сказаў зьбялеўшы жыд, разьвязваючы раменны капшук свой; але ён шчасьлівы быў, што ў яго капшуку ня было больш і што гайдук далей сту ня ў меў лічыць.

— Пане, пане! хадзем хутчэй! Бачыце, які тут нядобры народ! — сказаў Янкель, заўважыўшы, што гайдук перабіраў на руцэ грошы, як быццам шкадуючы таго, што не запрасіў болей.

— Што-ж ты, чортаў гайдук, — сказаў Бульба, — грошы ўзяў, а паказаць і ня думаеш? Не, ты павінен паказаць. Ужо калі грошы атрымаў, дык ты ня маеш права цяпер адмовіць.

— Ідзеце, ідзеце да дзьябла! а не — дык я зараз-жа дам ведаць, і вас тут… Нясеце хутчэй ногі, кажу я вам!

— Пане, пане! пайдзем, далібог, пайдзем! Цур ім! Хай ім прысьніцца гэткае, што пляваць трэба, — крычаў бедны Янкель.

Бульба памалу, спусьціўшы галаву, адвярнуўся і йшоў назад, прасьледаваны дакорамі Янкеля, якога еў сум пры думцы аб дарма згубленых чырвонцах.

— І нашто-ж бы чапаць! Хай-бы, сабака, лаяўся! Гэта ўжо такі народ, што ня можа ня лаяцца! Ох, вэй мір, якое шчасьце пасылае Бог людзям! Сто чырвонцаў за тое толькі, што прагнаў нас! А наш брат: яму і пэйсыкі абарвуць, і з морды зробяць гэткае, што і глядзець ня можна, а ніхто ня дасьць сту чырвоных. О, Божа мой! Божа міласэрны!

Але няўдача гэтая куды болей мела ўплыву на Бульбу: яна выказвалася пажыраўшым полымем у яго вачох.

— Пайдзем! — сказаў ён раптам, як-бы страсянуўшыся: — пайдзем на пляц. Я хачу паглядзець, як яго будуць мучыць.

— Ой, пане! чаго хадзіць? Гэта-ж нам гэтым не памагчы ўжо.

— Хадзем! — упорліва сказаў Бульба, і жыд, як нянька, уздыхаючы, павалокся сьледам за ім.

Пляц, на якім павінна была адбывацца кара, ня трудна было адшукаць: народ валіў туды з усіх бакоў. У тагочасны грубы век гэта складала адно з найцікавейшых дзіваў ня толькі для чэрні, але і для вышэйшых клясаў. Вялікі лік староцяў, самых набожных, вялікі лік маладых дзяўчат і жанчын, самых трусьлівых, якім пасьля ўсю ноч прыдаваліся скрываўленыя трупы, якія крычалі зо сну гэтак голасна, як толькі можа крыкнуць п’яны гусар, не прапушчалі, аднак-жа выпадку пацікавіцца. — Ах, якая мука — крычалі з іх шмат якія з гістэрычнаю трасцаю, затуляючы вочы і адварочваючыся, аднак-жа прастойвалі іншы раз даволі часу. Іншы, і рот разявіўшы, і рукі выцягнуўшы ўперад, хацеў-бы залезьці ўсім і на галовы, каб адтуль паглядзець лепей. З натаўпу вузкіх, невялічкіх і звычайных галоваў высоўваў свой тоўсты твар мясьнік, сачыў увесь працэс з выглядам знаўцы і гаварыў аднаскладовымі словамі з збраявым майстрам, якога называў кумам, таму што ў сьвяточны дзень напіваўся з ім у адным шынку. Іншыя разважалі з жарам, другія нават трымалі заклад; але большая часьць была гэткіх, якія на ўвесь сьвет і на ўсё, што ні здараецца ў сьвеце, глядзяць, калупаючы пальцам у сваім носе. На пярэднім пляне, каля самых вусачоў, складаўшых гарадзкую гвардыю, стаяў малады шляхціч, ці здаваўшыся шляхцічам, у вайсковай вопратцы, які апрануў на сябе літаральна ўсё, што толькі ў яго было, так што ў яго на кватэры заставалася толькі зусім падраная сарочка ды старыя боты. Два ланцужкі адзін паверх другога, віселі ў яго на шыі з нейкім дукатам. Ён стаяў з каханкаю сваёю, Юзысяю, і бесьперастанку аглядваўся, каб хто-нібудзь не запэцкаў яе шаўковае вопраткі. Ён ёй растлумачыў дасканальна ўсё, так што ўжо рашуча ня можна было нічога дадаць: — „Вось гэта, душачка Юзыся, — казаў ён, — увесь народ, што вы бачыце, прыйшоў дзеля таго, каб паглядзець, як будуць казьніць праступнікаў. А вось той, душачка, што вы бачыце, трымае ў рухах сякеру і іншыя інструмэнты; гэта кат, і ён будзе казьніць. І як пачне калесаваць ды іншыя рабіць мукі, дык праступнік яшчэ будзе жывы; а як адсякуць галаву, дык ён душачка зараз-жа і памрэ. Раней будзе крычаць і варушыцца, але як толькі адсякуць галаву, тады яму ня можна будзе ні крычаць, ні есьці, ні піць, таму што ў яго, душачка ня будзе ўжо больш галавы.“ І Юзыся ўсё гэта слухала з страхам і цікавасьцю. Стрэхі дамоў былі ўсеяны народам. З слухавых вокнаў выглядалі вельмі дзіўныя морды ў вусох і ў нечым падобным да чэпчыкаў. На бальконах, пад бальдахінамі, сядзела арыстакрацтва. Харошанькая ручка расьсьмяянае, блішчэўшае, як белы цукер, панны трымалася за паруччы. Яснавяльможныя паны, даволі тугія, пазіралі з важным выглядам. Халоп, у блішчастай вопратцы, з адкіднымі назад рукавамі, разносіў тут-жа рознае піцьцё і страву. Часта баламутка з чорнымі вачыма, схапіўшы сьветлаю ручкаю сваёю пірожнае і фрукты, кідала ў народ. Натаўп галодных рыцараў падстаўляў на падхоп свае шапкі, і які-нібудзь высокі шляхціч, высунуўшыся з натаўпу сваёю галавою, у палінялым чырвоным кунтушы з пачарнеўшымі залатымі шнуркамі, хапаў першы, пры падмозе доўгіх рук, цалаваў атрыманую здабычу, прытуляў яе да сэрца і пасьля клаў у рот. Сакол, вісеўшы ў залатой клетцы пад бальконам, быў таксама глядзельнікам: перагнуўшы на бок дзюбу і задраўшы лапу, ён, з свайго боку, разглядаў таксама ўважна народ. Але натаўп раптам зашумеў, і з усіх бакоў пачуліся галасы: — „Вядуць! вядуць! казакі!“

Яны ішлі з голымі галовамі, з доўгімі чубамі; бароды ў іх былі абросшыя. Яны ішлі ні баязьліва, ні панура, але з нейкаю ціхаю гордасьцю; іхнія вопраткі з дарагога сукна пастарэлі і целяпаліся на іх старымі лахманамі; яны не глядзелі і ня кланяліся народу. Наперадзе ўсіх ішоў Астап.

Што пачуў стары Тарас, калі ўбачыў свайго Астапа? Што было ў яго тады на сэрцы? Ён пазіраў на яго з натаўпу і не прапусьціў ніводнага руху яго. Яны падыйшлі ўжо да лобнага месца. Астап затрымаўся. Яму першаму прыходзілася выпіць гэту горкую чашу. Ён глянуў на сваіх, падняў руку ўгару і сказаў голасна: — Дай-жа, Божа, каб усе, якія толькі тут стаяць гэрэтыкі, не пачулі, нягодныя, як мучыцца хрысьціянін! Каб ніводзін з вас не прамовіў ніводнага слова! Пасьля гэтага ён падыйшоў да эшафоту.

— Добра, сынку, добра! — сказаў ціха Бульба і упёр у зямлю сваю сівую галаву.

Кат садраў з яго старыя лахманы; яму ўвязалі рукі і ногі ў сумысьля зробленыя станкі, і… ня будзем трывожыць чытачоў абразом пякельных мукаў, ад якіх дуба сталі-б іхнія валасы. Яны былі параджэньнем тагочаснага грубага злога веку, калі чалавек яшчэ вёў крывавае жыцьцё адных вайсковых подзьвігаў і загартаваўся ў ім душою, ня чуючы чалавечнасьці. Дарэмна некаторыя, няшмат якія, быўшыя выняткамі з веку, зьяўляліся праціўнікамі гэтых жахоўных мераў. Дарэмна кароль і шмат якія рыцары, прасьветленыя розумам і душою, лічылі, што падобная жорсткасьць караў можа толькі распаліць помсту казацкае нацыі. Але ўлада караля і разумных думак была нішто перад непарадкам і сьмелаю воляю дзяржаўных магнатаў, якія сваёю неабдуманасьцю, незразумелаю адсутнасьцю ўсякае далёкабачнасьці, дзіцячым самалюбствам і нікчэмнаю фанабэрыяй перавярнулі сойм у сатыру на кіраўніцтва. — Астап выносіў мукі і пыткі, як волат. Ні крыку, ні стагнаньня ня было чутно нават тады, калі пачалі перабіваць яму на руках і на нагах косьці, калі жахоўны хрумст іх пачуўся сярод мёртвага натаўпу аддаленымі глядзельнікамі, калі паненкі адвярнулі вочы свае, — нішто падобнае да стагнаньня ня вырвалася з вуснаў яго, не здрыгануўся твар яго. Тарас стаяў у натаўпе, спусьціўшы галаву, і, у той самы час, горда падняўшы вочы, і, лічачы, што усё добра, толькі казаў: — „Добра, сынку, добра!“

Але калі падвялі яго да апошніх сьмяротных мукаў, дык здавалася, як быццам пачала паддавацца яго сіла. І павёў ён вачыма вакол сябе: Божа! усё невядомыя, усё чужыя твары! Хоць-бы хто-нібудзь з блізкіх быў пры яго сьмерці! Ён не хацеў-бы чуць плачу і гора слабое маці, або шалёных крыкаў жонкі, якая рвала-б валасы і біла-б сябе ў белыя грудзі; хацеў-бы ён цяпер убачыць цьвёрдага мужчыну, які разумным словам асьвежыў-бы яго і ўцешыў пры сьмерці. І ўпаў ён сілаю і выгукнуў у духовай немачы! — „Бацька! дзе ты? Ці чуеш ты ўсё гэта?..“

— „Чую!“ — разьляглося сярод агульнае цішыні, і ўвесь мільён народу ў адзін час здрыгануўся. Часьць вайсковых коньнікаў кінулася клапатліва разглядаць натаўпы народу. Янкель зьбялеў, як сьмерць; і калі коньнікі крыху ад’ехалі ад яго, дык ён з страхам адвярнуўся назад, каб паглядзець на Тараса; але Тараса ўжо каля яго ня было: яго і сьлед астыў.

ХІІ

Адшукауўся сьлед Тарасоў. Сто дваццаць тысяч казацкага войска паказалася на граніцах Украіны. Гэта ўжо ня была якая-нібудзь часьць або аддзел, выступіўшы на здабычу або на ўгон за татарамі. Не, паднялася ўся нацыя, бо перапоўнілася цярплівасьць народу, — паднялася адімсьціць за пасьмяяньне правоў сваіх, за ганебнае паніжэньне нораваў сваіх, за зьнявагу веры продкаў і сьвятога звычаю, за апаганеньне цэркваў, за прыгнятаньне, за унію, за ганебнае ўладарніцтва жыдоўства на хрысьціянскай зямлі, за ўсё, што зьбірала і падвойвала з даўных часоў строгую ненавісьць казакоў. Малады, але дужы духам, гэтман Астраніца камандаваў усёю непалічанаю казацкаю сілаю. Каля яго было відаць зусім старога, спрактыкованага таварыша яго і райцу Гуню. Восем палкоўнікаў вяло дванаццацьтысячныя палкі. Два гэнэральныя есаулы і гэнэральны бунчужны ехалі сьледам за гэтманам. Гэнэральны харунжы вёў галоўны штандар; шмат іншых сьцягоў і штандараў відаць было здалёк; бунчуковыя таварышы нясьлі бунчукі. Шмат таксама было іншых вураднікаў палкавых: абозных, вайсковых таварышоў, палкавых пісароў, і з імі і пешых і конных аддзелаў; блізка што гэтулькі-ж сама, колькі было рэйстравых казакоў, набралася ахвочакамонных і вольных. Зусюль падняліся казакі: ад Чыгірына, ад Пераяслава, ад Батурына, ад Глухава, ад нізовага боку Дняпроўскага і ад усіх яго вярхоў і астравоў. Бяз ліку коні і нязьлічаныя табары вазоў цягнуліся па палёх. І паміж гэтымі вось казакамі, паміж тымі васьма палкамі адборнейшы за ўсіх быў адзін полк, і палком тым камандаваў Тарас Бульба. Усё давала яму перавагу перад іншымі: і старыя гады, і спрактыкованасьць, і ўмеласьць рухаць сваім войскам. Нават самым казаком здавалася празьмернаю яго бязьлітасная злосьць і жорсткасьць. Толькі агонь ды шыбеніцу сівая галава яго, і парада яго ў вайсковай радзе дыхала толькі адным зьніштажэньнем.

Няма чаго апісваць усе бітвы, дзе паказалі сябе казакі, ні ўсяго паступовага ходу кампаніі: усё гэта ўнесена ў летапісныя старонкі. Вядома, якая ў рускай зямлі вайна, паднятая за веру: няма сілы сільнейшае за веру. Непераможная і грозная яна, як нерукатворная скала сярод бурнага, вечна-здрадлівага мора. З самае сярэдзіны марскога дна падносіць яна да нябёс непраломныя свае сьцены, уся створаная з аднаго цэлага, шчыльнага каменя. Зусюль відаць яе, і глядзіць яна проста ў вочы мімабеглым хвалям. І бяда караблю, які наляціць на яе! У трэскі ляцяць яго бясьсільныя снасьці, топіцца і ломіцца ў порах ўсё, што толькі ёсьць на іх, і жаласным крыкам тых, што гінуць, агалошваецца патрэсенае паветра.

У летапісных старонках адбіта падробна, як уцякалі польскія гарнізоны з вызваляных местаў; як былі перавешаны бяссумленныя арэндатары-жыды; які слабы быў каронны гэтман Мікалай Патоцкі з вялікаю лікам сваёю арміяю проці гэтае непераможнае сілы; як разьбіты, прасьледаваны, патапіў ён у невялічкай рэчцы лепшую часьць свайго войска; як абляглі яго ў невялікім мястэчку Палонным грозныя казацкія палкі, і як, даведзены да апошняга, польскі гэтман прысягальна абяцаў поўнае здавальненьне ўва ўсім, з боку караля і дзяржаўных вураднікаў, і паварот усіх ранейшых правоў і прывілеяў. Але ня гэткія былі казакі каб падпацца на гэта: ведалі яны ўжо, што такое польская прысяга. І Патоцкі не гарцаваў-бы болей на шасьцёхтысячным сваім аргамаку, прыцягваючы вочы вяльможных паннаў і зайздрасьць шляхоцтва, ня шумеў-бы на соймах, задаючы раскошныя банкеты сэнатарам, калі-б не ўратавала яго быўшае ў мястэчку рускае духавенства. Калі выйшлі насустрэчу ўсе папы ў сьветлых залатых рызах, нясучы абразы і крыжы, і наперадзе сам архірэй з крыжам у руцэ і ў пастырскай мітры, дык схілілі казакі ўсе свае галовы і скінулі шапкі. Нікога ня ўважылі-б яны ў той час, нават самога караля; але проці свае царквы хрысьціянскае не пасьмелі і ўважылі сваё духавенства. Згадзіўся гэтман разам з палкоўнікамі адпусьціць Патоцкага, узяўшы з яго прысягу пакінуць на волі ўсе хрысьціянскія цэрквы, запомніць старую варожасьць і не рабіць ніякае крыўды казацкаму ваяцтву. Адзін толькі палкоўнік не згадзіўся на гэткі мір. Той адзін быў Тарас. Вырваў ён касмык валасоў з галавы свае і гукнуў:

— Эй, гэтман і палкоўнікі! не зрабеце гэткае бабскае справы! ня верце ляхам: прададуць псяюхі! А калі палкавы пісар падаў умову, і гэтман прылажыў сваю ўласную руку, ён зьняў з сябе чысты булат, дарагую турэцкую шаблю, з найлепшага жалеза, разламаў яе напалову, як трысьцінку, і кінуў паасобна далёка ў розныя бакі абодва канцы, сказаўшы: — Бывайце-ж! Як двом канцом гэтаму палому не злучыцца ў адно і не злажыць аднае шаблі, гэтак і нам, таварышам, больш ня ўбачыцца на гэтым сьвеце! Памятайце-ж маё разьвітальнае слова… (пры гэтым слове голас яго вырас, падняўся вышэй, набраў невядомае сілы — і задумаліся ўсе аб прароцкіх словах): — перад сьмяротнай гадзінаю сваёю вы ўспомніце мяне! Думаеце, купілі спакой і мір, думаеце, купілі спакой і мір; думаеце, панаваць будзеце? Будзеце панаваць іншым панаваньнем: зьдзяруць з твае галавы, гэтмане, скуру, напхаюць яе грачанаю мякінаю, і доўга будуць бачыць яе па ўсіх кірмашох! Ня ўтрымаеце і вы, панове, галоваў сваіх! Прападзеце ў сырых паграбох, замурованыя ў каменныя сьцены, калі вас, як бараноў, ня звараць усіх жыўцом у катлох!

— А вы хлопцы! — казаў ён далей, зьвярнуўшыся да сваіх: — хто з вас хоча паміраць сваёю сьмерцю, — не па запечках і бабскіх ляжанках, ня п’янымі пад плотам каля карчмы, падобна да рознае падліны, а чэснаю казацкаю сьмерцю, усім на аднэй пасьцелі, як малады з маладою? Ці мо’ хочаце вярнуцца дамоў ды абярнуцца ў недаверкаў, ды вазіць на сваіх плечах польскіх ксяндзоў?

— За табою, пане палкоўніку! за табою! — гукнулі ўсе, якія былі ў Тарасовым палку, і да іх перабегла нямала іншых.

— А калі за мною, дык за мною-ж! — сказаў Тарас, насунуўшы глыбей на галаву сабе шапку, грозна глянуўшы на ўсіх, якія заставаліся, паправіўся на кані сваім і крыкнуў сваім: — Не папікне-ж нас ніхто паганым словам! — А ну, гайда, хлопцы, у госьці да каталікоў! І сьледам за гэтым даў ён па кані, і пацягнуўся за ім табар з сту вазоў, і з ім шмат было казацкіх коньнікаў і пяхоты, і, адвярнуўшыся, гразіў вачыма усім, што заставаліся, — і гнеўны быў пагляд яго. Ніхто не пасьмеў затрымаць іх. На вачох у ўсяго ваяцтва адходзіў полк, і доўга яшчэ адварочваўся Тарас і ўсё гразіў.

Сумныя стаялі гэтман і палкоўнікі, задумаліса ўсе і маўчалі доўга, як быццам цісьненыя нейкім цяжкім прадвесьцем. Не дарма праракаваў Тарас: так усё і збылося, як ён праракаваў. Няшмат часу пачакаўшы, пасьля вераломнага паступку пад Каневым, устрэмлена была гэтманава галава на кол разам з шмат якімі з найбольшых саноўнікаў.

А што-ж Тарас? А тарас гуляў па ўсёй Польшчы з сваім палком, выпаліў восемнаццаць мястэчак, каля сараку касьцёлаў, і ўжо даходзіў да Кракава. Шмат пазабіваў ён рознае шляхты, зрабаваў найбагацейшыя і лепшыя замкі; парасьпячатвалі і паразьлівалі па зямлі казакі векавыя мяды і віны, захоўна трыманыя ў панскіх паграбох; пасеклі і папалілі дарагія сукны, вопраткі і судзьдзё, знаходжванае ў сьвірнах. — Нічога не шкадуйце! — паўтараў толькі Тарас. Ня ўважылі казакі чорнабрывых паненак, белагрудых, сьветлавокіх дзяўчат; каля самых аўтароў не маглі ўратавацца яны: запальваў іх Тарас разам з аўтарамі. Не адны беласьнежныя рукі паднімаліся з агністага полымя да нябёс, праводжаныя жаласнымі крыкамі, ад якіх паварушылася-б зямля і сьцяповая трава нагнулася-б ад жалю ўніз. Але ня слухалі нічога жорсткія казакі і, паднімаючы дзідамі з вуліц дзецянят іхніх, кідалі да іх-жа ў полымя. — Гэта вам, варожыя ляхі, памінкі па Астапе! — прыгаворваў толькі Тарас. І гэткія памінкі па Астапе спраўляў ён у кожным сяле, пакуль польскі ўрад ня ўбачыў, што паступкі Тарасовы былі крыху большымі, як звычайнае разбойніцтва, і таму-ж самаму Патоцкаму даручана было з пяцьма палкамі злавіць абавязкова Тараса.

Шэсьць дзён уцякалі казакі вясковымі дарогамі ад усіх прасьледаваньняў; ледзь выносілі коні нязвычайнае ўцяканьне і ратавалі казакоў. Але Патоцкі на гэты раз быў варт наложанага на яго даручэньня; няўтомна прасьледаваў ён іх і нагнаў на беразе Днестра, дзе Бульба заняў дзеля адпачынку пакіненую разваленую крэпасьць.

Над самаю прывальлю каля Днестра-ракі выглядала яна сваім абарваным насыпам і сваімі разваленымі рэштамі сьценаў. Жарствою і разьбітаю цэглаю ўсеяна была вяршынка прывалі, гатовая кожную мінуту абарвацца і паляцець уніз. Тут вось, з двох бакоў, прылягаўшых да поля, абступіў яго каронны гэтман Патоцкі. Чатыры дні біліся і бароліся казакі, адбіваючыся цэгламі і каменьнямі. Але вычарпаліся запасы і сілы, і рашыўся Тарас прабіцца праз рады. І прабіліся былі ўжо казакі і мо’ яшчэ раз паслужылі-б ім верна быстрыя коні, як раптам сярод самага бегу затрымаўся Тарас і гукнуў: — Стой! выпала люлька з табакаю; не хачу каб і люлька дасталася варожым ляхам! І нагнуўся стары атаман і пачаў адшукваць у траве сваю люльку з табакаю, неадлучную спадарожніцу на морах і на сухапуцьці, і ў паходах, і ў хаце. А тымчасам набегла раптам ватага і схапіла яго пад магутныя плечы. Варухнуў быў ён усімі часткамі, але ўжо не пасыпаліся на зямлю, як бывала раней, схапіўшыя яго гайдукі. — Эх, старасьць, старасьць! — сказаў ён, і заплакаў дзябёлы стары казак. Але ня старасьць была вінавата: сіла перамагла сілу. Мала ня трыццаць чалавек павесілася ў яго на руках і нагах. — Папалася варона! — крычалі ляхі. — Цяпер трэба толькі прыдумаць, якую-б яму, сабацы, лепшую чэсьць задаць. І прысудзілі, з гэтманскага пазваленьня, спаліць яго жыўцом на вачох ува ўсіх. Тут-жа стаяла голае дзерава, верх якога разьбіла громам. Прыцягнулі яго жалезнымі ланцугамі да сьцябла дзерава, цьвіком прыбілі яму рукі і, падняўшы яго крыху вышэй, каб зусюль было відаць казака, пачалі тут-жа раскладаць пад дзеравам агонь. Але не на агонь глядзеў Тарас, не аб агні ён думаў, якім зьбіраліся паліць яго; глядзеў ён, небарака, у той бок, дзе адстрэльваліся казакі: яму з вышыні ўсё было відаць, як на далоні. — Займайце, хлопцы, займайце хутчэй, — крычаў ён, — горку, што за лесам: туды не падступяцца яны! Але вецер не данёс яго словаў. — Вось прападуць, прападуць за нішто! — сказаў ён распачліва і глянуў уніз, дзе блішчаў Днестар. Радасьць бліснула ў вачох яго. Ён убачыў высунутыя з-за хмызьняку тры чаўны, сабраў усю сілу голасу і гучна закрычаў: — Да берагу! да берагу, хлопцы! Спушчайцеся падгорнаю дарожкаю, што налева. Каля берагу стаяць чаўны, усе забірайце, каб ня было пагоні!

Гэтым разам вецер павеяў з другога боку, і ўсе словы былі пачуты казакамі. Але за гэткую раду дастаўся яму тут-жа ўдар абухом па галаве, які перавярнуў усё ў вачох яго.

Пусьціліся казакі на ўсю сілу падгорнаю дарожкаю; а ўжо пагоня за плячыма. Бачаць: блутаецца і загінаецца дарожка і шмат дае ў бок загібаў. — А, таварышы! ня куды пайшло! — сказалі ўсе, затрымаліся на міг, паднялі свае бізуны, сьвіснулі — і татарскія іхнія коні, адлучыўшыся ад зямлі, распластаваўшыся ў паветры, як вужакі, пераляцелі праз прорву і пападалі проста ў Днестар. Два толькі не дасталі да ракі, грукнуліся з вышыні аб каменьні, загінулі там на векі з коньмі, нават не пасьпеўшы крыкнуць. А казакі ўжо плылі з коньмі ў рацэ і адвязвалі чаўны. Затрымаліся ляхі над прорваю дзівячыся нячуванай казацкай справе і думаючы: ці дзыгаць ім, ці не? Адзін малады палкоўнік, жывая, гарачая кроў, родны брат прыгожае палячкі, ачараваўшай беднага Андрыя, не падумаў доўга і кінуўся з усяе сілы з канём сваім і проста грымнуўся на вострыя каменьні. На кускі разарвалі яго вострыя каменьні, прапаўшага сярод прорвы, і мазгі яго, зьмяшаўшыся з крывёю, абпырскалі росшыя па няроўных сьценах правалу кусты.

Калі ачуняў Тарас Бульба ад удару і глянуў на Днестар, ужо казакі былі на чаўнох і веславалі; кулі сыпаліся на іх зьверху, але не даставалі. І загарэліся радасныя вочы ў старога атамана.

— Бывайце, таварышы! — крычаў ён ім зьверху, — успамінайце мяне і будучай-жа вясною прыбывайце сюды ізноў, ды добранька пагуляйце! Што ўзялі, чортавы пяхі? Думаеце, ёсьць што-нібудзь на сьвеце, чаго збаяўся-б казак? Пастойце-ж, прыдзе час, будзе час, даведаецеся вы, што такое праваслаўная руская вера! Ужо і цяпер чуюць далёкія і блізкія народы: паўстане з рускае зямлі свой цар, і ня будзе на сьвеце сілы, якая не пакарылася-б яму!.. А ўжо агонь паднімаўся над кастром, захапляў яго ногі і разаслаўся полымем па дзераве… Ды хіба знайдуцца на сьвеце гэткія агні, мукі і гэткая сіла, якая перасіліла-б рускую сілу!

Не малая рака Днестар, і шмат на ёй затокаў, рачных густых чаратоў, меляў і глыбокаводных месцаў; блішчыць рачное люстра, агалошанае гучным ячаньнем лебедзяў, і горды гогаль быстра ляціць па ім, і шмат кулікоў, чырвонаволіх курухтаноў і розных іншых птушак у чаратох і на прыбярэжжах. Казакі жыва ехалі вузкімі двукіруннымі чаўнамі, дружна веславалі, асьцярожна абмінулі мелі, палохаючы падлятаўшыя птушкі, і гаварылі пра свайго атамана.


  Гэты твор з’яўляецца перакладам і мае асобны прававы (ліцэнзійны) статус адносна карыстанай аховы аўтарскіх правоў на арыгінальны змест.
Арыгінал:

Гэты твор быў апублікаваны да 1 студзеня 1929 года і знаходзіцца ў грамадскім набытку ўва ўсім свеце, бо аўтар памёр, прынамсі 100 гадоў таму.

 
Пераклад:

Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў краінах, дзе тэрмін аховы аўтарскага права на твор складае 70 гадоў або менш.

Абразок папярэджаньня
Гэты твор не абавязкова ў грамадскім набытку ў ЗША, калі ён быў апублікаваны там цягам 1927—1964 гадоў.