Тарас Шэвчэнко
Аўтар: Лявон Гмырак
1913
Крыніца: Творы: проза, крытыка, публіцыстыка / Лявон Гмырак. - Мінск : Мастацкая літаратура, 1992 - с. 85

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Эх! і нам будзь бацькам мілым,
Украінча слаўны!
Плывучы ўдаль, твая песня.
Гасцінцам не вузкім,
Знайшла водгалас пачэсне
Ў сэрцы беларускім.

Янка Купала.
Памяці Шаўчэнкі


100 гадоў таму назад, 25 лютага 1814 года нарадзіўся найвялікшы ўкраінскі паэт Тарас Шаўчэнка. Нарадзіўся ён у беднай сялянскай хаце, у Звенігародскім павеце, на Кіеўшчыне. Бацька яго быў падданым пана Энгельгардта.

Багата ўсялякай злыбеды перанёс Тарас ва ўбогай мужыцкай сям'і, тым болей што ён з самага пачатку быў не гэткі, як усе сялянскія дзеці, а нейкі інакшы: усё ён меў ахвоту маляваць і да работы быў не здацен. Калі Шаўчэнку было 15 гадоў, яго забралі за паслугача ў панскі двор. Пан мала калі быў дома, а ўсё найболей ездзіў па гарадах і цягаў з сабой Тараса. Хлапец свабодным часам, калі ніхто гэтага не бачыў, прабаваў маляваць. Адзін раз, калі ён позна ўначы пры лямпе маляваў, яго злавіў пры гэтым пан. Хлапца за тое, што ён паначы з агнём сядзіць, балюча вылупілі бізуном, але пан, пабачыўшы, што малюе ён нішто сабе, аддаў у навуку да маляра.

Шаўчэнка пабыў у аднаго маляра, а калі пан пераехаў у Піцер, дык аддаў яго да другога. Маляр пасылаў свайго вучня маляваць столі, падлогі, платы і да т. п.

Вечарамі, маючы свабодны час, Шаўчэнка бегаў у Летні сад, дзе было шмат статуй з мармуру, і глядзеў на іх. Вось адзін раз яго пры гэтым надыбаў артыст-маляр Сашэнка, таксама ўкраінец. Сашэнка распытаўся Тараса, хто ён такі і што робіць: пабачыўшы, што Шаўчэнка добра малюе, пазнаёміў яго з добрымі і разумнымі людзьмі.

У гэтай кампаніі Шаўчэнка шмат чаго навучыўся, багата кніг прачытаў ды стаў задумвацца над тым, ці справядлівы гэткі парадак, калі адзін чалавек пануе над другім.

Новыя апекуны Шаўчэнкі хацелі аддаць яго ў Акадэмію, каб выйшаў з яго праўдзівы артыстмаляр. Але для гэтага трэба было выкупіцца з панскай няволі. Пан хацеў выкупу ажно 2500 рублёў, — гэткіх вялікіх грошай не было адкуль узяць. Але прыяцелі парупіліся, сабралі гэтыя грошы і выкупілі-ткі Шаўчэнку ў 1838 годзе. Тады ён стаў хадзіць У Акадэмію вучыцца.

Нішто сабе маляваў Шаўчэнка, і ў гэтым ён таксама здабыў сабе славу, але куды большую славу здабыў ён сваімі вершамі. Ужо будучы свабодным чалавекам, Шаўчэнка стаў пісаць вершы, і пісаць іх не «па-панску», а «простай», роднай украінскай мовай. У 1840 годзе выйшаў у свет першы зборнік яго вершаў, а на другі год — паэма «Гайдамакі».

Зрабіўшыся праўдзівым артыстам-маляром і маючы ўжо не абы-якую славу паэта, Шаўчэнка стаў старацца, каб асесці ў сваёй роднай Украіне. Гэта яму і ўдалося, асеў ён у Кіеве, дзе і работу дастаў па душы.

У гэты час шмат чаго напісаў паэт. Талент яго акрэп і развіўся.

У Кіеве, сярод разумных і справядлівых людзей, глыбока адчуваючых народнае гора і крыўду, злажыўся гурток (называўся ён Кірыла-Мефодзіеўскае таварыства), паставіўшы сабе мэтай дабіцца скасавання прыгону, роўных правоў для ўсіх людзей — ды каб усе славянскія народы злучаліся ў федэрацыю, г. зн. у гэткую адну дзяржаву, у якой кожны народ сам бы сваімі справамі кіраваў, і каб усюды па школах і ўрадавых інстытуцыях была заведзена родная мова. Шаўчэнка, усёй душой спагадаючы гэткім думкам, таксама належаў да гэтага таварыства.

У 1847 годзе Шаўчэнку з другімі хаўруснікамі гуртка арыштавалі. Усіх іх сурова. пакаралі. Шаўчэнку пакаралі цяжэй, як другіх, дзеля таго, што ў яго паперах знайшлі нецэнзурны верш «Сон». Дзеля гэтага паэта аддалі ў салдаты і саслалі аж у Арэнбург.

Даўняя мікалаеўская салдатчына нераўня цяперашняй. Надта цяжкае жыццё пачалося для Шаўчэнкі. Мучылі яго ўсе казарменныя парадкі ды муштры, мучыла журба за родным краем, але найцяжэй было тое, што яму забаранілі пісаць і маляваць. З часам Шаўчэнку перавялі ў другое месца, дзе яму было ўжо лягчэй жыць, і тамака мог паэт пісаць, ды і на муштру не хадзіў. Але знайшоўся афіцэр, які данёс аб гэтым начальству, — паэта саслалі ізноў у далёкую крэпасць, і тамака ён ужо аніякай змогі не меў пісаць і маляваць. Гэтак пражыў Шаўчэнка цэлых сем гадоў. Праўда, у 1855 годзе яму дазволілі пісаць, але толькі па-расейску, а не па-ўкраінску, ды і тое пад даглядам афіцэра. На волю пусцілі паэта аж у 1857 годзе. Усяго праслужыў у салдатах ён 10 гадоў і чатыры месяцы. Цэлых 10 гадоў праслужыў няшчасны паэт. У салдаты яго ўзялі вясёлым, крэпкім, бадзёрым; вярнуўся ён адтуль зусім лысым, з сівой барадой, хоць меў тады ўсяго 43 гады, і з прапаўшым назаўжды здароўем. Толькі 4 гады пражыў пасля гэтага Шаўчэнка, і памёр ён 26 лютага 1861 года.

Гаротнае жыццё надламала здароўе паэта гэтак, што памёр ён зусім без пары, але не здолела яно зламаць сілы яго духу. Вярнуўшыся, Шаўчэнка да самай смерці шчыра працаваў для дабра роднага краю, жыва цікавіўся грамадзянскім рухам, які тады, у пачатку панавання Аляксандра ІІ, быў у Расіі дужа моцны; колькі мог і сам прымаў у ім удзел“: пісаў вершы, думаў напісаць пімат папулярных кніжак для народа ў роднай мове (паспеў напісаць ён толькі лемантар). і памёр паэт, цвёрда верачы ў тое, што дажджэ лепшай долі народ.

Мы бачым, што надта многа гора перанёс вялікі паэт на сваім вяку. Бадай ніколі яно не пакідала яго; мала светлых дзён бачыў Шаўчэнка. Мучыўся ён, будучы ў панскім падданстве. Толькі дзеля шчаслівага здарэння асвабадзіўся ён адтуль. Каб не сустрэча з Сашэнкам — дык так і астаўся б Шаўчэнка панскім нявольнікам, век бы ён мусіў маляваць платы ці іншую работу рабіць паводле панскага загаду, так і прапала б для Украіны і ўсяго чалавецтва гэткая сіла.

Праўда, не прапала яна, як прападаюць дзесяткамі і сотнямі таленты, а можа, нават і геніі-сярмяжнікі, прыгнечаныя жыццём і не меўшыя ніякай змогі дабіцца варункаў, пры якіх іх творчыя сілы былі б выкарыстаны, - праўда, вялікую спадчыну пакінуў Шаўчэнка, але ці ўсё тое ён зрабіў, што мог бы зрабіць пры лепшых варунках?

Цэлых сем гадоў, калі паэт быў У поўным расцвітанні здароўя і сіл, ён не мог нічога пісаць; салдатчына так надламала здароўе, што памёр ён, маючы толькі 47 гадоў. Каб не гэта, можа, пражыў бы ён шмат болей; толькі на 24-м годзе жыцця асвабадзіўся Шаўчэнка з панскай няволі — вось трэба толькі ўспомніць усё гэта, і адразу мы зразумеем, што шмат болей мог бы напісаць Шаўчэнка, болей бы даць чалавецтву перлаў сваёй творчасці, каб лепшае меў ён жыццё.

Хоць тады, калі пачаў пісаць Шаўчэнка, украінская мова знаходзілася на палажэнні «простай», акурат таксама, як цяпер беларуская, хоць гаварыў ёй толькі працуючы народ, а панства пакінула яе і перайшло к чужынцам, шмат украінцаў-пісьменнікаў пісала па-расейску (пісалі гэтак не толькі не надта выдатныя сілы, як Капніст, Багдановіч, Нарэжны, Гнедзіч, але і гэткі выдатны, як Гогаль), усе ж ткі адразу стаў тварыць Шаўчэнка ў роднай мове. Праўда, пісалі перад Шаўчэнкам паўкраінску некаторыя нават даволі выдатныя пісьменнікі (Катлярэўскі, Квітка-Аснаўяненка, Гулак-Артэмоўскі, Грабёнка), але ўкраінскае народнае адраджэнне тады толькі пачыналася.

Тым не менш адразу паэт дадумаўся да таго, што, чужому навучаючыся,— свайго чурацца нельга, ды адразу стаў на справядлівы шлях.

Не надта многа напісаў за сваё жыццё Шаўчэнка, шмат пісьменнікаў напісала куды болей, але ўсё-ткі «Кабзар» (гэтак завецца поўны зборнік вершаў Шаўчэнкі) дае нам гэткі ўсебаковы агляд украінскага жыцця і яго патрэб, што застаецца толькі дзівавацца з творчай сілы, абхапіўшай гэткі шырокі далягляд.

Багата Шаўчэнкавых твораў даюць нам абразкі слаўнай мінуўшчыны ўкраінскага народа — доўга геройскі змагаўшагася з ворагамі «за вольную волю», пакуль не перамаглі яны зусім.

Де поділось козачество,
Червоні жупани?
Де поділась доля, воля,
Бунчуки, гетьмани?

Мовчать гори, грає море,
Могили сумують,
А над дітьми козацькими
Поганці панують!

Тарасова ніч»).

Але пры гэтым Шаўчэнка дужа далёкі ад кісла-салодкага патрыятызму, ад таго, каб хваліць усё ў мінуўшчыне Украіны. Добра бачыць ён і цёмныя бакі — разумее, што не адны толькі ворагі са стараны загубілі Украіну, але багата ім памог у гэтым эгаізм гетманаў і старшын, якія неміласэрна гнялі «братів нязрячих грэчкосіів», і не раз гнеўным словам абрушваецца на іх паэт.

Разумее добра Шаўчэнка і тое, што хоць і шмат у роднай гісторыі ёсць момантаў, успамінаючы якія сэрца спачынае, але ўсё гэта мінула і не вернецца болей:

Не вернуться сподівана,
Не вернеться воля,
Не воскрэсне козачина,
Не встануть гетьмани.

Ад усяго гэтага асталася толькі слава, якая:

не поляже;
Не поляже, а розкаже,
Що діялось в світі,
Чия правда, чия кривда
І чиі ми діти.
Наша дума, наша пісня
Не вмре, не загине...
От де люде, наша слава,
Слава Украіни!
До Основ’яненка»)

Цяпер зусім другія ўжо часы, другія патрэбы, нельга на адну толькі мінуўшчыну аглядацца, трэба аб тым, што нас акружае ды як звясці благое ў ім, падумаць. Моцна задумаўся над гэтым Шаўчэнка, недарма ж ён быў сялянскі сын і панскі падданы. Багата даў ён нам твораў, малюючых прыгонныя парадкі і тагачаснае жыццё народа. У расейскім пісьменстве таксама шмат хто займаўся гэтым, але ніхто з такой глыбінёй і сілай не здолеў намаляваць іх, як гэта зрабіў вялікі ўкраінскі паэт. Гэта прызнае і расейская літаратурная крытыка.

Аж страх погано
У тім хорошому селі:
Чорніше чорноі землі
Блукають люди; повсихали
Сади зелені, погнили
Біленькі хати, повалялись,
Стави бур'яном поросли,
Село неначе погоріло,
Неначе люди подуріли.
Німі на панщину ідуть
І діточек своіх ведуть!..
. . . . . . . . . . . . . .
І не в однім отім селі,
А скрізь на славній Украіні
Людей у ярма запрягли
Пани лукаві... Гинуть! Гинуть!
У ярмах лицарські сини.
І виріс я на чужині»)

Гэтак жыў тады народ ва ўкраінскай вёсцы, як і агулам ва ўсёй Расеі. З гэткімі парадкамі павёў Шаўчэнка няўпынную барацьбу і даў у сваіх творах такія абразкі іх, якія, да глыбіні душы ўзрушваючы сучасніка гэтага, для дзетак патомных будуць яркай памяткай аб тым, як жылося іх бацькам.

Ви — розбойники неситі,
Голодні ворони.
По якому правдивому,
Святому закону
І землею, всім даною,
І сердешним людом
Торгуете? Стережіться ж,
Бо лихо вам буде.
Холодний Яр»)

Гнеўна звяртаецца Шаўчэнка да паноў, гнятучых сваіх падданых і мала нават задумваючыхся над тым, ці маюць яны на гэта маральнае права.

Багата злыбеды і няпраўды бачыў на свеце паэт, але заўжды верыў ён у тое, што:

...Недовго на цім світі
Катам панувати,
Встане правда — встане воля.

Горача клікаў Шаўчэнка землякоў сваіх не чурацца роднай мовы і цвёрда памятаць:

що ми,
Чиі діти, яких батьків.

Далей знаходзім мы ў Шаўчэнкі абразкі ціхага, сямейнага шчасця, любоўных перажыванняў і г. д.; усё гэта глыбока пранікнута гуманнасцю, любоўю да чалавека, агулам да ўсіх пакрыўджаных і абяздоленых найболей. Трудна ў кароткім газетным артыкуле" нават і пералічыць усе тыя тэмы, якія мы знаходзім у «Кабзары», ніхто з гэткім талентам не пісаў па-ўкраінску, ні перад Шаўчэнкам, ні пасля яго. Творы Шаўчэнкі тлумачаць на ўсе еўрапейскія мовы, на ўвесь свет праславіў паэт сваю бацькаўшчыну Украіну.

Нам, беларусам, якія жывём у варунках, дужа падобных да ўкраінскіх,— толькі пачынаючым яшчэ тую працу над адраджэннем свайго краю, якая на Украіне даўно ўжо вядзецца, трэба жыва цікавіцца ўкраінствам і шмат у чым браць адтуль прыклад.

Дужа карыснай для нас будзе і бліжэйшая знаёмасць з украінскім пісьменствам, якое з'яўляецца найболей дэмакратычным у свеце. Мова ўкраінская дужа падобна да беларускай, беларус, бадай што, усё напісанае па-ўкраінску можа зразумець.

Шаўчэнкавага «Кабзара», кнігу, даўно ўжо стаўшую каранам украінства, кожны свядомы беларус павінен прачытаць; трэба, каб вялікі ўкраінскі паэт папраўдзе стаў і нам бацькам мілым, — як гэтага жадае ў сваім вершы Янук Купала.