Тастамент
паэма
Аўтар: Уладзімер Жылка
1932-1933
Крыніца: http://bk.knihi.com/zylka/zylka2.html

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




* * *


1

Няхай жыве крывіцкі люд!
Няхай квітнее край крывіцкі!
Я гэты свет убачыў тут
Дзіцём ля матчынае цыцкі
І рос, вясёлы шалапут,
З дзядоў, з прадзедаў сын мужыцкі,
На ёміне з яго палёў,
Здабытай з працы, з мазалёў.

2
Пад гэтым небам, так каханым,
Я пастушком ганяў у бор,
І тут, прыроды сын адданы,
Кунежны стаў яе сябёр.
Яна ж паглядам незраўнаным
Зірнула ў вочы мне ўсупор
І, сэрца ранячы вяскоўца,
Шапнула таямніцы слоўца.

3
Яно было пра тое, як
Прыгож бязмерна свет дзівосны,
Які жыцця зайздросны смак,
Як босы йдзеш па сцежках росных
І хлыне ў грудзі поўна так
Птушыны шчэбет шматгалосны,
Шырокі гоман гонкіх хвой
І неба сінь над галавой.

4
Якія раніцы я ведаў!
Якія ўсходы спатыкаў!..
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

5
І ўцяміў я (о, смех і плач!)
Паўней, чымся калі, й суцэльней,
Што я, малюсенькі таўкач, -
Быцця сусветнага удзельнік
І з'яў сусветных суглядач.
І вось і слодыч, і пякельня
Мяне палонілі ўсуцэль
І абвілі, як ліпу хмель.

6
Былі ў душы і шчасце, й млосць,
Бы лёгкі сон упаў на вейкі,
І я пабачыў прыгажосць,
Што па-над спевы салавейкі
Зачаравала маладосць.
І стаў я пець... Мае жалейкі
Звініць матыў, і кожны тон -
Сусветнай пекнаце уклон.

7
Мой край!.. Ужо малой дзяцінай
Паўнюткім радасці вядром
Адной шчасліваю гадзінай
Напіўся смагла я нагбом
Ад пекнаты яго жанчыннай,
І п'ян адвечным хараством,
І закаханы ў ім без меры, -
Там быў пачатак мае веры.

8
Яна была мне праз гады
Хлапцу і сталаму спамогай,
Хоць і губляў свае сляды
Я у завеях ветру злога,
Але сярод згрызот хады
Я ведаў, меў адну дарогу:
Яна, як промень да святла,
Да краю роднага вяла.

9
Усцяж свяціла мне нязгасна
Мая праводная звязда,
Таму ні мужнасць і ні яснасць
Не залілі слата й жуда.
Мая бясцэнная уласнасць -
Са мной мой край, яго бяда,
Са мной праз горы і каменні
Высачыня майго натхнення.

10
І мне здалося неаднойчы,
Што ў тайне радасных хвілін,
У момант паўнаты станоўчай
Ў маім узлонні быў зачын,
І зблытаў я, мой краю-войча,
Хто бацька быў, а хто быў сын,
І, поўны любасці вялікай,
Не ведаў, як яе мне клікаць.

11
І часта, бы ў дзівосным сне,
Я пачуваў пад сэрцам ношу,
Чароўны голас да мяне,
Пачуццяў матчыных раскошу,
Трывогу ў сэрцы дзесь на дне,
І быў - пагодлівы, харошы! -
Мой край мне лёсам і жыццём,
Маім распешчаным дзіцём!

12
Няма за што на лёс мне плакаць,
Знайсці шчаслівейшы мне дзе б?
Бядняк, я быў багат, аднака,
Не знаў збытэчных я патрэб,
Зацірка мне была прысмакам,
І смачны быў разовы хлеб,
Хоць соляй, а не маслам тлуста
Была прыкрашана мне луста.

13
Мне хата з нізкаю страхой
Была мілей за ўсе палацы
І над пакоямі пакой.
Я тут вучыўся не паддацца
Галечы з нэндзай і бядой,
І тут пазнаў я радасць працы,
І атрымаў сталёвы гарт,
І стаў мужык, мужчына ўпарт.

14
На гонях бацькаўскіх далёкіх
Я ўчуў пад спелы жыта шум
Дзівосных сіл жывыя токі
І спеў, што я ў сабе нашу,
Зямных глыбінь густыя сокі
І з промняў сонечных душу.
І люб мне чалавек бясконца,
Высокі плод зямлі і сонца.
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

15
Цяпер жа сілы сталі дрэнь,
Сівая ймгла мне засціць вочы,
І кліча ноч на свой пругмень,
І дні жыцця прыйшлі да ночы,
І хоць змагарна жыў я дзень,
І хоць яшчэ я светам крочу, -
Тугой выгнання збіты ўшчэнт,
Пішу я гэты тастамент.

16
З прыродай зліцца я гатоў,
Хай прыме дол худое цела,
Але прашу яе вятроў
Мой запавет, як плод даспелы,
Да родных данясці палёў,
І любасці, і боль знямелы
Хай рыне там у будні скрух
І жыватворны ўздыме дух.

17
Ўсім найдарожшым прысягаю -
Сваіх грахоў не утаю,
І любасць гэтую да краю,
І гнеў, і ненавісць сваю,
І што набыў, усё, што маю,
Што долю цешыла маю, -
Ўсе скарбы, ўсе свае багацці
І песні ўсе - крывіцкай хаце.
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

18
Даруйце мне, людцы, цяжкія
А мімавольныя грахі,
Часы бяспутныя, ліхія
Не раз садзілі на штыхі.
Хто плыў ў раз'юшанай стыхіі,
Калі бушуе шквал ліхі, -
Той ведае, як хібы блізкі,
Як залівае човен хісткі!

19
І хто сягаў выходзіць з дому
За будны круг штодзённых праг,
Каму, няўтомнаму, вядомы
І чорнага прадоння жах,
І верхавіны гораў стромых,
Той, пэўна, скажа: - Цяжкі шлях
Яшчэ не ёсць яго памылка,
Ён нёс і жарсць і дух асілка!..
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

20
Спявай, зямля, упіся сонцам,
Абмыйся чэрвеньскім дажджом,
Расці, пладзі, буяй бясконца,
Пладоў, зярнят насып каўшом.
Уцехай будзь маёй старонцы,
Дары красой, дары дабром!
Вітай! - Цябе у сіле поўнай
Я аддаю сям'і працоўнай!

21
У вольнай працы рупных пчол
Яны пальюць шчаслівым потам,
Абсемяняць прастор наўкол,
Канца не будзе іх клапотам,
Садамі высадзяць твой дол,
Як жонку, будуць песціць потым,
І будзеш ім святою ты,
І кожны плод твой - ім святы.

22
Ў цудоўнай сіле ўроды й моцы
Прадбачу я твае палі;
Праз забабоны, гніль, суроцы,
Праз звады зла ўсе караблі
Маіх надзей і дум к затоцы
Вялікай прышласці плылі,
Дзе будзе смех звінець вясёлы
І радасцю квітнецьмуць сёлы.
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

23
Ў імя людства, людскога шчасця
І духу творчага зямлі -
Пракляцце шэршню ўсякай масці
І панству - ўласніку раллі!
На новы лад мы свет аснасцім,
Перааром без меж палі,
І будзе ўсё дабро агульна,
І ўсім ў краі маім утульна.
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

24
А каб ні злодзей, ні тыран,
Ні чалавек ліхі, пракляты
Не скралі вольнасці і ў зман
Не завялі сляпыя хаты, -
На варце стаўлю гнеў зацяты
Тваіх рабочых і сялян.
Калі між імі будзе еднасць -
Ліхое згіне у бясследнасць.
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

25
Я пакідаю з дзіўным сумам
Маю дабродзейку зямлю.
Я голад знаў, душыўся глумам,
Ды імі сэрца не кармлю.
Яна ўсяго, як толькі ўздумаць,
Дала, й такой яе люблю:
З бядою, з ліхам, з посным квасам
І з радасцю кароткай часам.
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

26
Бывай, надзей сардэчны ўздым!
Бывайце, сны і слодыч веснаў!
І вы, снягі, завеі зім!
На зломе дзвюх эпох злавесным,
У неспрыяльным ветры злым
Сваё жыццё прайшоў я чэсна:
Пясняр, змагар, бядняк праз век -
Быў перш за ўсё я чалавек!

27
Бывай, мой ранак срэбраросы!
Бывай, мой дзень клапот, пакут!
Прайшоўшы свет раздзетым, босым,
Пара падумаць і пра кут:
На могілках зацішных Росы
Хачу спачыць ад каламут.
Сачыцьмуць мой спакой найпільней
Муры старой, каханай Вільні.