Творчасьць краю
Артыкул
Аўтар: Антон Луцкевіч
1916
Крыніца: Homan. 1916. 11 крас.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Паднятая ў апошніх часах думка аб патрэбе адкрыць у Вільні пастаянную выстаўку народных вырабаў, асабліва вырабаў артыстычных, гдзе тыя вырабы можна было бы і купляць, мае для нашага Краю вялікую вагу. Гэткая выстаўка павінна паказаць, што творыць наш Край, што народ умее рабіць, якое ў яго артыстычнае пачуцьцё, якія пануюць матывы. Многа дзеля гэтай справы зрабіла ў сваім часе Літоўскае артыстычнае таварыства, каторае перад вайной на штогодных артыстычных выстаўках завяло аддзел літоўскіх народных вырабаў. Таксама колькі год таму назад у Вільні была ўстроена вялікая краёвая выстаўка, на каторай былі сабраны вырабы народныя з усяе Літвы і Беларусі — паводлуг губэрній. Былі тут вырабы беларусаў, літвінаў, жыдоў ды іншых народаў, што жывуць на нашай зямлі. Багаты гэта быў збор і ярка выявіў артыстычныя наклоннасьці і задаткі тутэйшых жыхароў.

Вось падобную выстаўку, толькі ўжо пастаянную, і трэба было б цяпер у нас наладзіць: народу патрэбны новыя заработкі, бо звычайнай даўнейшай работы няма. Такую выстаўку можна было бы назваць Народным музэем Літвы і Беларусі, і няма споркі, што дзеля разьвіцьця хатніх промыслаў зь яе была бы вялікая карысьць.

Гэткі музэй мне давялося бачыць у Тыльжы, гдзе сабраны багатыя зборы вырабаў мяйсцовага насяленьня. Музэй той памяшчаецца ў мястовым садзе — у стылёвым дамку, дзе кожын, хто прыяжджае ў Тыльжу, можа аглядаць і купляць народныя вырабы.

Само сабой разумеецца, што дзеля таго, каб з такой выстаўкі была карысьць, нельга карыстацца такімі ці сякімі палітычнымі мэтамі, але трэба апірацца на этнаграфіі, выстаўляючы тое, што папраўдзе створана тутэйшым народам. Ёсьць у нашым горадзе і ў Краю розныя варштаты і фабрыкі, заложаныя палякамі і імі кіраваныя; але і ў іх працуе той жа беларускі і літоўскі работнік, пакідаючы на сваіх вырабах сьлед свайго нацыянальнага індывідуалізму. Вось, усе вырабы гэткіх варштатаў, а таксама калекцыі краёвых вырабаў, незалежна ад нацыі гаспадароў варштатаў і калекцый, і становяць агульнакраёвы здабытак і павінны зьліцца на выстаўцы ў адно цэлае з вырабамі асобных работнікаў і работніц беларусаў і літвінаў.