Творчы шлях Якуба Коласа

Творчы шлях Якуба Коласа
Артыкул
Аўтар: Міхаіл Піятуховіч
24 лістапада 1926 г.
Крыніца: Полымя, 1926 №8

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ТВОРЧЫ ШЛЯХ ЯКУБА КОЛАСА[1]
(Да 20-гадовага юбілею літаратурнай дзейнасьці песьняра)
Проф. М. Пятуховіч

У кароткім юбілейным нарысе цяжка абхапіць багатую па зьместу і многагранную па форме творчасьць Якуба Коласа. Мажліва толькі ў самых агульных рысах намеціць творчы шлях, пройдзены песьняром, правесьці агульныя лініі яго літаратурнага разьвіцьця.

Пачынае Якуб Колас з сумных песьняў. Першы яго зборнік, які вышаў у 1910 г., называецца "Песьні жальбы". Ужо характэрнай зьяўляецца самая назва твораў: яна добра падкрэсьлівае агульны характар зборніка, у ім сапраўды выяўляюцца хваравітыя скаргі і енк песьняра.

Вялікі нямецкі романтык Гейнэ дзесь-та заўважыў, што каб быць вялікім поэтай, трэба моцна любіць, альбо моцна пакутваць. Вялікія пакуты выпалі і на долю славутага беларускага песьняра. Царскі ўрад у самым росквіце юнацтва поэты кінуў яго за рэволюцыйную дзейнасьць у турму. Тут у мрачнай абстаноўцы няволі Якуб Колас складаў большасьць сваіх першых песьняў. Адкуль было ўзяцца бадзёрым настроям? Пясьняр сядзеў за кратамі, а там за гэтымі кратамі была адна агульная турма—турма царскай Расіі, душыўшая ўсё жывое, прыціснуўшая беларускі народ цяжарам падвойнага ўціску—нацыянальнага і соцыяльнага.

Суровая дзейснасьць давала мрачныя фарбы для поэзіі песьняра. Сам поэта зазначае ў пачатку свайго першага зборніку:

Ня пытайце, не прасіце,
Сьветлых песень у мяне.
Бо як песьню засьпяваю,
Жаль ўсю душу скалыхне.
Я-б сьмяяўся, жартаваў-бы.
Каб вас чуць разьвесяліць,
Ды на жыцьце як паглянеш,
Сэрца болей зашчыміць.
Нешчасьліва наша доля
Нам нічога не дала;
Ня шукайце кветак ў полі,
Як вясна к нам ня прышла.

Вобразы пакуты бачыць поэта і ў Беларусі; родная старонка прадстае перад ім у жалобнай вопратцы смутку і гора; пясняр пераважна ўсьпявае:

Від палёў благенькіх,
Нудны воклік ў родных горах,
Вербаў рад крывенькіх;
Лесу гоман, гул нястройны,
Шум лазы ў балоце,
І нудлівы неспакойны
Шэлест у чароце.

Нішто ня радуе сэрца поэты; ён рысуе нам шэры аднастайны пэйзаж; у прыродзе заўважае сумна элегічныя вобразы, адпавядаючыя смутным настроям. Адлёт жураўлёў будзіць у яго душы нейкі жаль, ён адчувае як-бы згубу чагосьці роднага; у васеньнім дажджы чуюцца яго сьлёзы; пад шум ветра хочацца яму плакаць. Асабліва вабіць да сябе поэту ўсё забытае, адзінокае. Жытні колас, застаўлены на ніве, адзінокая кветка, прытуліўшаяся на турэмным двары, пахіліўшаяся над вадою вярбіна — абуджаюць у песьняра цэлы шэраг сумных асоцыяцый; яны асабліва вабяць да сябе поэту, можа, таму, што ў іх ён бачыў сымболі сваёй многапакутнай бацькаўшчыны, таксама забытай, таксама адзінокай на гістарычным шляху ў часы царызму.

Паралельна смутным вобразам прыроды вырастаюць у Якуба Коласа і адпаведныя смутныя соцыяльныя малюнкі. Пясьняр як-бы ўвабраў у сябе ўвесь енк і скаргі роднага народу. Вялікім сумам павявае ад яго малюнкаў вёскі:

Цесна зьбілісь нашы хаты,
Як авечкі ў летні жар;
Для агню тут корм багаты,
Як ўпадзе сюды пажар:
Хлеўчык, пограб і гуменцы
Пад адзін зьліліся плех;
Трэскі ўсаджаны ў вакенцы,
Замест шкла—радняны мех.
Многа тут гразі ў нягоду.
Многа пылу ў летні жар;
Тут дабра ня бачаць з роду
Тут марнее гаспадар...
Тут нуда жыве людзкая,
Прыпынілась гора тут;
Сьмерць дзяцей, хвароба злая,
Тут знайшлі прытульны кут.

Экономічнае разбурэньне вёскі ў часы царызму, клясавыя супярэчнасьці, разьядаўшыя яе, дзякуючы ненормальнаму соцыяльнаму ладу, эксплёатацыя, якая давіла селяніна,—усё гэта знайшло свой мастацкі адбітак у творчасьці Коласа ўжо ў раньнім пэрыодзе яе.

Але, зарысоўваючы пераважна сумныя малюнкі, якія давала песьняру само жыцьцё, Якуб Колас ніколі не даходзіць да адчаю, да роспачы; ён верыць у працоўныя масы.

Паралельна сваім вершаваным лірычным творам Якуб Колас піша мастацкія апавяданьні, дзе зарысоўвае сьветлы пачатак сялянскай псыхікі. У яго дробных апавяданьнях зрэдка зьяўляецца быт сам па сабе, у аголеным відзе. На падставе быту пісьменьнік дае нам псыхолёгічныя малюнкі. У гэтых псыхолёгічных зарысоўках выяўляецца ўсё багацьце народнай душы. Напрыклад, пісьменьнік рысуе нам, як цёмны інстынкт самазахаваньня ўступае ў сялянскай душы сьветламу пачуцьцю гонара (Малады Дубок). Ня раз пісьменьнік малюе нам і іншыя высокія парываньні простага прыціснутага горам чалавека.

Заглядае пісьменьнік і ў душу злачынцаў, якіх асудзіла формальная юрыдычная праўда; у цыклі "З турмы" Колас рысуе нам арыштанцкае жыцьцё і розныя тыпы арыштантаў. Гэта тэма арыштанцкага жыцьця ня раз зачэплівалася ў сусьветнай літаратуры. Ужо францускі пісьменьнік Гюго ў сваім творы "Mіserables" рысуе нам романтычны падфарбованы вобраз злачынца; у расійскай літаратуры Дастаеўскі, Якубовіч-Мельшын адбіваюць сьвет сапраўдных злачынцаў-катаржнікаў. У Якуба Коласа ў дадзенай галіне ёсьць свая сфэра: ён рысуе нам сьвет дробных злачынцаў; ускрывае нам супярэчнасьць паміж знадворнай формальнай праўдай і праўдай унутранай, псыхолёгічнай. У цыклі "З турмы" выступаюць скромныя сярмяжныя гэроі, якія выпадкова трапілі за краты, але па сутнасьці гэта добрыя гаспадары, зьвязаныя з сваёй гаспадаркай і карысныя грамадзяне.

Так, ужо ў раньнім пэрыодзе сваёй творчасьці Якуб Колас выступае, як прыяцель усіх няшчасных, усіх абяздоленых жыцьцёвым лёсам.

Вера ў народныя масы ратавала Коласа сярод самай жудаснай рэакцыі царскіх часоў. На скрыдлах гэтай веры пясьняр часта падымаецца вышэй смутнай дзейснасьці; ён прадбачыць зару новага шчасьця, новага жыцьця, і тады з яго вуснаў зьлятаюць залатыя прарочыя словы, поўныя бадзёрасьці і веры ў лепшую будучыну; поэта гаворыць, напрыклад:

Не бядуй, што сьнег халодны
Скрые землю ад вачэй,—
Не загіне край твой родны
Ў цемнаце ліхіх начэй.
Будзе час і сьнег растане,
Прыдзе к нам ізноў вясна,
Ціха з неба сонца гляне,
Ачуняе старана.

Вера поэты зьдзейсьнілася. Працоўныя масы скінулі з сябе ярмо нацыянальнага і соцыяльнага ўціску, старонка ачуняла і пад уладай рабочых і сялян будуе новае жыцьцё.

3 рэволюцыяй істотна зьмяняецца сыстэма сьветаадчуваньня поэты. Беларусь, родны край, прадстае перад поэтай у новым асьвятленьні. Раней пясьняр бачыў у ёй толькі благенькія палі, толькі нудны воклік―бачыў вобразы пакуты і смутку. Наадварот, цяпер ён бачыць у ёй вобразы надзвычайнага прыгоства і радасьці. Якраз, пасьля Кастрычнікавай рэволюцыі, у канцы 1917 г. ў сваёй трэцяй частцы поэмы "Сымон Музыка" пясьняр зварачаецца да сваёй айчыны з такімі радаснымі словамі:

О, край родны, край прыгожы,
Мілы кут маіх дзядоў!
Што мілей ёсьць у сьвеце божым
Гэтых сьветлых берагоў,
Дзе бруяцца срэбрам рэчкі,
Дзе лясы-бары гудуць.
Дзе мядамі пахнуць грэчкі,
Нівы гутаркі вядуць?!
Гэтых гмахаў безгранічных,
Балатоў тваіх, вазёр,
Дзе пад гоман хваль крынічных,
Думкі думае прастор;
Дзе увосень плачуць лозы,
Дзе вясной лугі цьвітуць.
І шляхом старым бярозы
Азначаюць гожа пуць?...

І раней, пры ўтварэньні песьняў жальбы, на Беларусі бруіліся срэбрам рэчкі, гудзелі лясы-бары, салодка пахлі мёдам грэчкі, але поэта як-бы не заўважваў усяго гэтага хараства; ён бачыў у Беларусі іншае, яго зрок быў прыкуты да сумных вобразаў. Так лішні раз пацьвярджаецца вядомая ісьціна, што жыцьцё азначае сьвядомасьць. Соцыяльная асярэдзіна і політычная дзейснасьць заўжды ўтвараюць для мастака сваеадменную прызму, у колер якой афарбоўваюцца праменьні жыцьця. Мы бачым, што новая соцыяльная асярэдзіна і рэволюцыйная дзейснасьць настройваюць музу поэты на іншы, больш бадзёры лад. Якуб Колас кідае ўжо песьні пакуты; ён гавора:

Змоўкні-жа, сьціхні, песьня пакуты,
Заварушыся, наш край!
Люд! Вызваляйся, рві свае путы,
Новыя песьні сьпявай!

Гэтыя новыя песьні чуюцца ў пасьлярэволюцыйны пэрыод творчасьці Коласа. Поэта добра разумее, што новыя ідэалы соцыяльнага будаўніцтва трэба заваяваць, што шчасьце не даецца дарма, што трэба барацьба за гэта шчасьце. Так, думаецца нам, зусім органічна Якуб Колас падыходзіць да тэмаў барацьбы ў сваіх найноўшых творах. У такіх апавяданьнях, як "Сяргей Карага“, „Крывавы вір“, „Дачакаўся" і інш., пісьменьнік сьцісла падыходзіць да сучаснасьці, зарысоўваючы нам драматычныя моманты клясавага змаганьня і грамадзянскай вайны, адбіваючы ва ўсёй велічы гэроічны характар нашай вялікай эпохі, выяўляючы розныя псыхолёгічныя зрухі нашага часу.

Такім чынам, ужо ў лірыцы і паасобных апавяданьнях мы бачым, як густыя цені мрачнага царызму зьмяняюцца яскравым сьвятлом рәволюцыйнай рэчаіснасьці. Але магутная постаць пісьменьніка ва ўсёй сваёй шырыні выяўляецца ў яго буйных жанрах: "Новая Зямля", "Сымон Музыка", "У Палескай глушы".

„Новая зямля"—гэта Одысэя беларускай літаратуры. Тут абхоплена ўсё жыцьцё беларуса ад калыскі да магілы. Суровая проза жыцьцёвай барацьбы за існаваньне зьмяняецца тут сьветлай поэзіяй жыцьця на улоньні прыроды. Вобразы гэтай прыроды дзівяць нас сваёй рознастайнасьцю і хараством. У асадках жанравых і прыродаапісальных малюнках тонка абрысавана псыхолёгія дзяцей, сялян, паноў і інш. Ня гледзячы на тое, што твор вынік на аўтобіографічнай падставе, у ім поэзія і праўда Dіctung und Varheіt зьліваюцца ў адно гармонічнае цэлае.

Калі "Новая Зямля" зьяўляецца пераважна рэалістычнай поэмай, то „Сымон Музыка“ зьяўляецца тыповай романтычнай поэмай і па сваёй форме і па зьместу. Але крыніцы гэтай романтыкі чыста народныя. Якуб Колас абмалёўвае нацпсыхолёгію мастака-самародка з романтычнай настраëвасьцю, прычым тэма псыхолёгічная ў канчальным выніку падпарадкваецца тэме соцыяльнай. Лейт-мотыў поэмы выяўлен Коласам у такіх прачуваных словах:

Не радзіцца-б лепш дзіцяці
З такой чуткаю душой
У куточку, дзе спрадвеку
Беднасьць лютая гняце.
Цяжка жыць у цемнаце,
У зьнявазе чорнай, зьдзеку,
Дзе адбітак свой з-за хлеба
Накладае талака,
Дзе так пільна праца трэба,
Плечы, моцная рука,
Дзе рот лішні на прымеце
І так топчацца сям'ёй,—
Лепш-бы там ня жыць на сьвеце
Дзеткам з чуткаю душой!

Апавяданьне "У Палескай глушы" ўяўляе сабой новы этап у разьвіцьці беларускай мастацкай прозы. Замест дробных мініятур тут перад намі выступаюць малюнкі на шырокім палотнішчы.

Якубам Коласам мастацкі адбіта сваеасаблівая прырода Палесься, але Якуб Колас успрыймае гэту прыроду не разумова філёзофскі, як, напрыклад, Тургенев, на якога з палескага бору глядзяць вочы адвечнай Ізіды, а эмоцыянальна: для яго прырода Палесься—гэта нешта інтымнае і блізкае, нешта роднае, з чым зжыўся пясьняр.

Без усялякіх народніцкіх ілюзій абмалёўвае нам пісьменьнік побыт паляшукоў, з яго адвечнай цемрай і горам. У жудасных фарбах рысуе ён нам побыт так званай вясковай інтэлігенцыі, з яе пошласьцю і нікчэмнасьцю. Сьветлы промень у багне гэтай пошласьці ўяўляе сабою Лабановіч, у вобразе якога выяўлен на аўтобіографічнай падставе мастацкі тып маладой беларускай інтэлігенцыі, прасякнутай сьвядомымі ідэаламі нацыянальнага і соцыяльнага адраджэньня бацькаўшчыны. Побач з гэтым у апавяданьні выяўлена і агульна-людзкая тэма змаганьня з акаляючай пошласьцю і нікчэмнасьцю жыцьця.

На падставе зробленага беглага агляду некаторых тэм і настрояў, якія выяўлены ў творчасьці Якуба Коласа, можна зрабіць некаторыя вывады.

Гэта творчасьць, папершае, вызначаецца асабліва шырокім сваім дыапазонам. У вадным вершы сам пясьняр раўнае сваю поэзію з водгульлем, у якім усё адбіваецца:

Ці коска зазвоніць ў лугох раніцою,
Ці песьню дзяўча запяе,
Ці конік ў дарозе праскочыць трусцою,
Ці вецер ў палёх зазлуе;
Ці гром гучнабежны пракоціцца ў хмарах,
Ці грукне над лесам пярун,—
Ўсё водгук знаходзіць ў бязьмежных абшарах,
Ўсё іх дакранаецца струн.

Гэткім водгульлем была творчасьць беларускага песьняра: яна адгукалася на ўсе жыцьцёвыя зьявы. Зарадзіўшыся ў сялянскай хаце, выгадаваўшыся ва ўбогіх умовах сялянскіх абставін, муза поэты заставалася заўжды пэўнай роднаму люду. Сялянская стыхія знайшла сабе найбольш яскравае выяўленьне ў творчасьці Якуба Коласа; з сялянскай клясай пісьменьнік зьвязан і ідэолёгічна і эмоцыянальна.

Горкая доля беларускага селяніна ў дарэволюцыйныя часы становіць сабой падставы творчасьці Якуба Коласа. Пісьменьнік абмалёўвае вёску об'ектыўна і бесстаронна, бяз усякай ідэалізацыі і прыкрасаў; са старонак яго твораў сваімі жудаснымі вачыма глядзіць на нас сама праўда. Мастацкі пэндзаль пісьменьніка з усёй яскравасьцю выяўляе перад намі экономічны заняпад і разбурэньне былой вёскі, над якой у дарэволюцыйны пэрыод вісеў падвойны ўціск—соцыяльны і нацыянальны. Абмалёўка гэтага ўціску праходзіць праз усе творы песьняра, яна асноўны мотыў яго поэзіі і мастацкай прозы.

Соцыяльны і нацыянальны пафос—найбольш паважны бок творчасьці Якуба Коласа, але ім ня вычэрпваецца ўсё багацьце гэтай творчасьці, у якой мы знаходзім іншыя тэмы і настроі.

Перш за ўсё Якуб Колас зьяўляецца вялікім мастаком беларускай прыроды; ён вельмі тонка адчувае хараство ў гэтай прыродзе, занатоўвае яе адзнакі і водцені. Пяшчотны лірык—Якуб Колас адначасна зьяўляецца і выдатным жанрыстым. Увесь побыт беларуса з яго шэрай будзённасьцю і сьветлай поэзіяй—пераважна поэзіяй сялянскай працы—знайшоў сабе шырокі адбітак на палотнах творчасьці мастака. Адначасна, на падставе быту пісьменьнік дае нам рознастайныя псыхолёгічныя зарысоўкі. Псыхолёгія селяніна з яе бадзёрасьцю і ўпартасьцю ў жыцьцёвай барацьбе, псыхолёгія інтэлігента з яе гамлетызмам і рэфлексіяй, псыхолёгія паноў з іх надзьмутасьцю, пыхай і настроямі эксплёататараў, а асабліва псыхолёгія дзяцей—знайшлі ў асобе Коласа свайго мастака, які нажом тонкага псыхолёгічнага аналізу раскладае на часткі і трапна аформляе самыя складаныя душэўныя перажываньні.

Рознастайныя тэмы творчасьці Якуба Коласа і адначасна рознастайна іх эмоцыянальная афарбоўка. Коласу ўласьцівы мяккія і пяшчотныя перажываньні; у яго само сонца глядзіць прыветна з неба, як-бы матулька на дзяцей, і для адзінокай краскі, закінутай на турэмным дварэ, знаходзяцца ў яго словы ласкі і прывітаньня: пясьняр як-бы ўвабраў у сябе ўсю тую мяккасьць і пяшчотнасьць, якія разьліты ў фарбах беларускай прыроды. Але мяккасьць і пяшчотнасьць лірыка часта пераходзіць у яго ў добрадушны гумар бытаапісальніка. Кпіны бытаапісальніка зьмяняюцца ў яго злосным абурэньнем супроць ворагаў і прыгнятальнікаў беларускага народу, і тады Колас кідае гэтым ворагам свой верш, абліты гораччу і помстай: ён, напрыклад, з такім пафосам выказвае абурэньне супроць вінавайцаў сусьветнай імпэрыялістычнай вайны:

За што лілася кроў людзкая?
За што гібеў і гінуў люд?
Гібеў набытак ўсяго краю.
І пакаленьняў гінуў труд?
І бег народ, як ў час паморку.
Закрыўшы вочы, ў божы сьвет.
І толькі дым ўздымаўся горкі,
І крыж адзначываў іх сьлед.
А колькі сьмертак дзетак мілых
На вашай совесьці ляжыць?
Пануе ціш на іх магілах,
І кpaй разбураны маўчыць.

У поэзіі Якуба Коласа ёсьць нешта адвечна юнацкае, адвечна маладое; у ёй ёсьць пафос барацьбы, нездавальненьня, закліку да лепшага. Вось чаму, думаецца нам, моладзь асабліва любіць Якуба Коласа; у настроях поэты ёсьць ноты, сугучныя настроям юнацтва.

Выяўляючы гэткія рознастайныя пачуцьці, Якуб Колас заражае імі свайго чытача: мы плачам яго сьлязьмі, радуемся яго радасьцямі, пакутуем яго пакутамі.

І цяпер, калі пясьняр прайшоў ужо 20-гадовы шлях сваёй літаратурнай дзейнасьці, калі ён на гэтым шляху шчодрай рукой рассыпаў пахучыя кветкі чароўнай поэзіі, уся працоўная Беларусь, вызваленая цяпер ад нацыянальнага і соцыяльнага ўціску, можа толькі пажадаць словамі поэты, каб у будучыне рэха яго творчасьці адбівала толькі радасьць, давала толькі добрыя весткі. Працоўная Беларусь можа толькі пажадаць, каб і надалей у поэзіі песьняра выяўлялася адвечна бадзёрае, адвечна юнацкае, каб струны яго ліры заўжды сьмяяліся і песьняю шчасьця гучэлі.


  1. Даклад, зроблены 24 лістапада 1926 г. у Доме Прац. Асьветы на ўрачыстым ушанаваньні юбіляра.

Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў краінах, дзе тэрмін аховы аўтарскага права на твор складае 70 гадоў або менш.

Абразок папярэджаньня
Гэты твор не абавязкова ў грамадскім набытку ў ЗША, калі ён быў апублікаваны там цягам 1927—1964 гадоў.