Творы М. Багдановіча (1927—1928)/I/I/35

34. Хаўтуры 35. Песьня пра князя Ізяслава Полацкага
Верш

1927 год
Арыгінальная назва: Слово о пълку Игоревѣ (1185)
Пераклад: Максім Багдановіч
36. Першая любоў
Іншыя публікацыі гэтага твора: Песьня пра князя Ізяслава Полацкага.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




35.

ПЕСЬНЯ ПРА КНЯЗЯ ІЗЯСЛАВА ПОЛАЦКАГА.
З „Слова о полку Ігорэве“.

Ізяслаў, сын Васількоў,
Даўнымі часамі
Аб літоўскія шаломы
Пазваніў мячамі;
Адняў славу у сваго
Дзеда, у Ўсяслава,
I улёгся нярухома
На траве крывавай
Пад чырвонымі сваімі
Роднымі шчытамі,
Ўвесь ісьсечаны, ізьбіты
Ворагаў мячамі.
Усхапіў ён тую славу
І прад сьмерцю кажа:
«Скрыдлы птах тваю дружыну
Прыадзелі, княжа,
І зьвяры кроў палізалі…»
У баі крывавым
Ня было ні Ўсевалода,
Ані Брачыслава.
Ураніў самотна з цела
Ён душу ўдалую
Цераз пацерку на шыі,
Цераз залатую.
Засмуцілася вясёласьць,
Песьні замаўкаюць,
І жалобна, сумна трубы
У Гародні граюць

1911.

35. Песьня пра князя Ізяслава Полацкага. Перадрук з „Беларускага календара „Наша Нівы“ (1911 г.).
У тэксьце „Белар. Календара“ 1 р. чытаецца: „Ізяслаў — князь, сын Васількоў“ і 5 р. — „Адняў славу ён у сваго“… Словы „князь“ і „ён“ выкінуты Літаратурнай Камісіяй на тэй падставе, што парушаюць разьмер радкоў. Наўрад ці маглі гэтыя словы стаяць у першапачатковым аўтарскім тэксьце; вярней яны былі ўнесены рэдакцыяй „Н. Н.“ для большай яснасьці зьместу і больш правільнай будовы мовы.
У 15-ым р. слова „птах“ трэба разумець, як родны склон множн. ліку.
Як русіцызм, трэба адзначыць прыстаўку „із“ („ізьбіты“, 11 р.).
Да загалоўку гэтага вершу у „Белар. Календары“ была дадана ўвага: „Слово о Полку Ігореве“ напісана 900 гадоў таму назад у даўнейшай заходня-рускай мове, з якой пайшла наша беларуская мова“.
Да „Усевалода“ (19 р.) і „Брачыслава“ (20 р.) у ўвагах дадана: „браты Ізяслава“. Да „Гародні“ (28 р.) — „Месца, дзе княжыў Ізяслаў“.