Творы М. Багдановіча (1927—1928)/I/I/41

40. Д. Д. Дзябольскаму 41. Сонэт
Санэт
Аўтар: Максім Багдановіч
1927 год
42. ⁂ Ўчора шчасьце толькі глянула нясьмела
Іншыя публікацыі гэтага твора: Санэт (Замёрзла ноччу шпаркая крыніца…).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




41.

СОНЭТ.

Замёрзла ноччу шпаркая крыніца;
Твая пара, зімовая нуда!
Цяпер няма ўжо руху ні сьляда,
І нават зьверху слоем сьнег лажыцца.
Ды ўсё дармо, бо там, пад ім, струіцца
Магутная, жывучая вада.
Чакай! Яе йшчэ прыдзе чарада!
Здалее хваляў хор на вольны сьвет прабіцца.

Прыклаў я гэты сымвол да сябе,
Схіліўшыся ў надсільнай барацьбе,
І разгадаў прыроды роднай словы.
Як, — прамаўчу, бо кожны з вас — поэт.
Расьсейце-ж самі лёгкі змрок прамовы,
Сваей души туды пральлеце сьвет!

1912.

41. Сонэт. Перадрук з „Нашае Нівы“ 1912 г. № 10. Захаваўся чарнавы аўтограф (п. IV, № 5, ст. 15).

Рукапісныя варыянты:

1   Замерзла шырокая крыніца…
Хоць не адразу, а замерзнула…

4 Аж нават зьверху белы сьнег лажыцца…
6 Магутная, цалючая вада.

„Сьляда“ (зам. „сьляду“ ў 3 р.) застаўлена для захаваньня рыфмы з словам „нуда“ (2 р.).