Творы М. Багдановіча (1927—1928)/I/I/58

57. Пану Антону Навіне на спамін ад аўтара 58. Эміграцкая песьня
Верш
Аўтар: Максім Багдановіч
1927 год
59. Мяжы
Іншыя публікацыі гэтага твора: Эміграцкая песьня.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




58.

ЭМІГРАЦКАЯ ПЕСЬНЯ.

Ёсьць на сьвеце такія бадзягі,
Што ня вераць ні ў бога, ні ў чорта.
Ім прыемны стракатыя сьцягі
Караблёў акіянскага порта.

І няма ім каго тут пакінуць,
Бо нікога на сьвеце ня маюць.
Ўсё ім роўна: ці жыць, ці загінуць, —
Аднаго яны моцна жадаюць:

Пабываць у краёх незнаёмых,
Ды зазнаць там і шчасьця і гора,
I загінуць у хвалях салёных
Белапеннага сіняга мора.

Але мы — не таго мы шукаем,
Не таго на чужыне нам трэба.
Не рассталіся-б мы з нашым краем,
Каб было дзеля нас у ім хлеба.

І на вулцы пад грукат, пад гоман,
Дзе натоўп закруціўся рухавы,
Нам маячыцца вёсачка, Нёман
І агні партавыя Лібавы.

1914.

58. Эміграцкая песьня. Выдаецца з „Нашай Нівы“ 1914 г. № 17. Дата напісаньня прастаўлена ў сьпісе вершаў „Красавік“ — 1914 г.