Творы М. Багдановіча (1927—1928)/I/I/62

61. Сонэт 62. Мушка-зелянушка і камарык-насаты тварык
Паэма
Аўтар: Максім Багдановіч
1927 год
63. Максім і Магдалена
Іншыя публікацыі гэтага твора: Мушка-зелянушка й Камарык-насаты тварык.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




62.

МУШКА-ЗЕЛЯНУШКА І КАМАРЫК-НАСАТЫ ТВАРЫК.
Вельмі жаласная гісторыя, выкладзеная згодна з праўдай беларускім вершам.

Блізка рэчкі Самацечкі камары таўкуцца,
І «таўкачыкі» сьпяваюць і у скокі тнуцца:
«Гэй, гоп, таўкачыкі,
Гэй, гоп, асінавы,
Ды работы Максімавы…»
А Максім ляжыць на траўцы, сонна пазірае,
Камарок за камарочкам да яго шыбае,
І пясьняр з усіх найлепшы ўжо зьвініць ля вуха,
Як камарыка няўмысьне загубіла муха.

I.

Захісталася сасонка баравая,
Затужыла дзяўчынанька маладая,
Жартаўлівая пяюшка-сакатушка,
А па імені — мушка-зелянушка:
— «Ой, чаму-ж ды ня судзілася мне долі.
Што мяне і ня сваталі ніколі.
А пасагу прабагатага я маю:
Куст шыпшыны ад краю і да краю,
Шчэлка ў яблыні — пры ветры каб хавацца,
Лісьць альховы — на ночку пакрывацца,
Ды да краю поўны мёдам кацялішча
З жалудзёвай вялізнай скарлупішчы.
Калі гэты мёд у місачку кладзецца,
Ажна сьліна ў роце набярэцца».
Як пачуў тыя жаласьці камарык —
Паскрабаў і насочак ён і тварык:
— «А чаму-бы мне ды з ёй не пажаніцца?
Пэўна, пойдзе, каб болей ня журыцца.
Хоць насаценькі я, шэры, хударлявы,
Дык у скоках за тое-жа рухавы…»
І схапіўся камарочак прыбірацца,
Каб ля мушкі-пяюшкі увіхацца.

II.

Прыляцела мушка да хаты, —
Аж у яе камарык насаты.
Сватоўя-хрушчы усьсядаюць,
З бацькам-маткай штось размаўляюць:
«Мы — стральцы, шукаем куніцу,
Ня куніцу, але дзявіцу».
Гаманілі болей гадзіны
Ды гавораць так да дзяўчыны:
— «Ці да смаку наш госьць багаты?»
— «Запытайце ў мамы і таты».
Тут гарэлкай усё змацавалі,
А пасьля і заручын даждалі.
Браў жаніх ад мушкі-дзяўчыны
Дарагі ручнік з павучыны,
Што яна на траўцы сьцяліла
І на ясным сонцы бяліла.
У нядзелю будзе вясельле,
Захадзіў камар, як з пахмельля, —
I пяе, і скача паціху,
Ды як сыпне ураз «шырсьцяніху»;
«Шырсьцяніха, шырсьцяніха мая,
Накахала камара гультая.
А камар не зважае на яе,
Толькі лётае ды песьні пяе».

III.

Загудзела, расшумелася дубрава:
Аб вясельлі у дубраве стала слава.
Як вянок на муху свацейкі надзелі,
Ўсе навокала аж вочы праглядзелі.
А калі бацьком журылася дзяўчына,
Аж заплакала жаноцкая радзіна:
«Ускланяюся татачцы і матачцы,
Калі ўжо апрыкрыла ім ў хатачцы.
І чаму-ж вы мяне гадавалі
Ды ў чужую сямейку аддалі?»
Ў каравайніцы вулітак запрасілі,
I яны дзяжу на продзіў замясілі.
Авадзень быў камаровым старшым дружкай
Й рассыпаўся дробным макам перад мушкай.
Матылькі — баяры, пчолачкі — баяркі —
Спрытны, шпаркі, асабліва як да чаркі.
А найстаршая баярачка-чмяліха
Так сьпявала, аж баяр пабрала ліха:
«Ой, багаты баяры, багаты,
Ды забыліся ўзяць грашаняты.
Хоць ня шмат грашанят яны маюць,
Дык за тое свой гонар трымаюць:
Хто капейку дае — грыўняй ліча яе,
А хто грыўню паклаў — што рубля дараваў».
А як сыпнулі-урэзалі музыкі,
Дык узьняўся разам гоман там вялікі.
Чмель пузаты на басолі гучна грае,
А на йскрыпцы ёмка пчолка падсякае.
І знайшоўся мушанёнак нейкі малы,
Што званіў такі ня кепска у цымбалы.
Лоўка конікі у скоках выціналі,
У гару стрыбалі, звонка іпадпявалі:
«Камары скакаць
Выракаюцца:
Ногі доўгія —
Паламаюцца».
Гэтак скачуць — хто патроху, хто памногу.
Нейкі коннік адтаптаў чмялісе ногу.
Госьці спорна п’юць-ядуць ды размаўляюць.
А музыкі граюць, дыхту заўдаваюць.
Ўмела муха на вясельле запрашаці,
Ды над тое лепей ўмела частаваці.
Усяго стаяла досыць для гасьціны:
Нават мёд быў і чмяліны і пчаліны.
Хрушч вялізны так гарэлкі насмактаўся,
Што зваліўся ды ў куточку высыпаўся.
Восы ў шатах чорных з жоўтымі стракамі
Проста елі мушку злоснымі вачамі.
А яна ля мужа скромненька сядзела
І зялёненькай спаднічкай зіхацела.
Мураўёўна нізка зьвесіла галоўку,
Во занадта зацягнулася ў шнуроўку.
Ды як скрыкнула, як ахнула раптоўна:
Ў кроплі дожджыка танула мураўёўна.
Ўсё сьцямнела, кроплі шпарка застукалі,
У дупло, дзе мушка жыла, пападалі.
Пахаваліся ўсе госьці у куточкі:
Так спынілася вясельле сярод ночкі.
А назаўтра ўсе, як толькі ўсталі зраньня,
Дык пайшлі да камара на баляваньне.
І былі яшчэ нарэшце перазовы,
Каб ня стала аб радзіне кепскай мовы.

IV.

Абляцела кветачкі
Не ў пару.
Невясёла шэраму
Камару.
Як пачаў ён параю
З мушкай жыць —
Давялося беднаму
Патужыць.
Ня умее мушачка
Працаваць,
Толькі ўмее з хлопцамі
Жартаваць;
Ані выткаць кросенкі,
Ані шыць,
Ані стравы хораша
Наварыць.
Паштурхаў камарычак
Галаву:
«Як я з гэтай жонкаю
Пражыву?
Дзе я вочы, брацікі,
Меў свае,
Як сабе за жоначку
Браў яе?»
Паляцеў ён плакацца
У лясок,
Сеў на дуб зялёненькі
Пад лісток.
Пахіліў галовачку,
Уздыхнуў,
Песьню сумна, жудасна
Зацягнуў:
«Выйду ў поле ды разважу тое гора,
Гэй, гаротнае, маркотнае!
Ты шырока, маё полейка,
Ад кусточка да кусточка разьлягаешся,
Ты глыбока, сэрца, краешся.
Дзе цяпер я сымерць сваю спаткаю:
Ці у моры, ці у рэчцы, ці ў ставочку,
Што капытам пры дарозе быў прабіты
І да краю буйным дожджыкам наліты?

V.

— Што за шум у бары учыніўся?
— А камарык там з дуба зваліўся.
Грымнуў ён на зямлю з высакосьці
I пабіў-паламаў сабе косьці.
Цесьлі дошкі з дубоў пілавалі,
Габлявалі, труну змайютравалі,
Ўсю чырвонай кітайкай аббілі,
Ўстужкай чорнай з краёў адтачылі.
Гэй, кладуць камара ў дамавіну,
Сазываюць сяброў і радзіну.
Камары над труной затрубілі,
Сьветлячкі лепей зорак сьвяцілі.
— «Вы паціху, музыкі, зайграйце,
Маё сэрца у край не ўражайце!»
Горка мушка-ўдава галасіла,
Скорай сьмерці у бога прасіла:
«Мой мужочак, мой камарочак,
Ты падай мне з труны галасочак.
Ах, ніхто над табой не заплача,
Толькі хмарачка дробнымі дажджамі,
Толькі мушачка горкімі сьлязамі».
Палажылі дамоўку на мары,
Панясьлі праз лугі ды папары.
Ля дарогі магілу капалі
І у ёй камара пахавалі,
У сырую зямельку зарылі,
Зьверху насып вялікі зрабілі.
Людзі добрыя шляхамі мінаюць,
Шапкі нізка здымаюцв, пытаюць:
— «Ня іначай, вяльможны вандроўнік, —
Генэрал, ці маёр, ці палкоўнік?»
— «Не, ляжыць тут камар-камарочак,
У каторага з локаць насочак».

1915.

62. Мушка-Зелянушка. Перадрук з „Нашае Нівы“ 1915 г. № 18. Гэты нумар быў сконфіскаваны царскім урадам, але захаваўся ў прысланых бацькам поэты матар‘ялах.
У Літаратурнай Камісіі ёсьць рукапіс „Мушкі-Зелянушкі“ папка IV, №№ 1-4).
Рукапісныя варыянты (IV, 1):
1Зашумела ляшчынанька баравая…
Пасьля 4 радка ўстаўлена:
5Што ад ранку да вечара лятае
6Камароў пекнатой прымушае…
У рукапісе можна бачыць, як поэта адточваў паасобныя месцы гэтага жартаўлівага вершу, але варыянтаў, якія маюць асаблівую цікавасьць і значэньне зьместам і стылем, няма.
У 19-ым радку „лісьць альховы“ (зам. „лісьце“) ужыта поэтам, трэба думаць, для рытмікі.