Ціхі вечар; зьнікнула сьпякота,
Весялей струіцца між чарота
Рэчка, што ўцякае у ставок;
Ўкруг яго ідзе вярбін вянок
Йшчэ зялёных, сьвежых, хоць каравых;
Плесьня каля берагоў іржавых
Саматканым поясам ідзе,
І лілеі расьцьвілі ў вадзе.
Часам з візгам ластаўка малая
Пранясецца нізка і чыркае
Крылечкам з разгону гладзь стаўка,
Налякаўшы гэтым матылька.
Часам лінь ці окунь успляснуцца,
І кругі шырока разыдуцца.
Часам выпаўзаюць паляжаць
Тут вужакі шэрыя на гаць,
У канцы каторай млын схіліўся;
Спарахнеў ён, ледзь не разваліўся,
Пачарнела кола і даўно
Мохам цёмным абрасло яно.
Але сёньня ходзіць кола млына,
Бо прышла да млынара дзяўчына,
Кабы мог сукруху з сэрца збыць.
Ў белай вопратцы яна стаіць,
Нахіліла смуглую галоўку,
І чуваць, як сэрца праз шнуроўку
Часта б’ецца. А стары млынар Тройчы брызнуў ёй вадой на твар
І, уставіўшы на хвалі вочы,
Прыглушоным голасам шапоча:
„Пакланюся я табе, царыца,
Чыстая, сьцюдзёная вадзіца.
Ты цячэш балотамі, імхамі,
Жоўтымі, сыпучымі пяскамі,
Берагі крутыя падрываеш,
Дрэвы ды каменьні падмываеш
І нясеш іх к мору-акіяну,
К выклятаму востраву Буяну.
Там і вецер буйны ня гуляе,
Там і сонца краснае ня зьяе,
Там ня блішча ясная зарніца.
І прыносіш ты туды, вадзіца,
Важкі сум ад сэрца Кацярыны.
Я навокал абваджу тры тыны,
На замок іх моцна замыкаю,
Ключ у мора-акіян кідаю.
Як са дна ключу ўжо не падняцца,
Так і гэтым словам ня мінацца».
І падносіць млынару дзяўчына
Яйкі ў рэшаце і палатніну.
|