Творы М. Багдановіча (1927—1928)/I/VII/1
← 276. Ласун | 1. Музыка Апавяданьне Аўтар: Максім Багдановіч 1927 год |
2. Апокрыф → |
Іншыя публікацыі гэтага твора: Музыка (Багдановіч). |
1.
МУЗЫКА.
Жыў на сьвеце музыка. Многа хадзіў ён па зямлі ды ўсё граў на скрыпцы. І плакала ў яго руках скрыпка, і такая была ў яго граньні нуда, што аж за сэрца хапала…
Плача скрыпка, льюць людзі сьлёзы, а музыка стаіць і выводзіць яшчэ жаласьней, яшчэ нудней. І балела сэрца, і падступалі к вачам сьлёзы: так і ўдарыўся-б грудзьмі аб зямлю ды ўсё слухаў-бы музыку, усё плакаў-бы па сваёй долі…
А бывала яшчэ й так, што музыка быццам вырастаў у вачох людзей, і тады граў моцна, гучна: гудзяць струны, звоніць рымка, бас, як гром, гудзіць і грозна будзіць ад сну і завець ён народ. І людзі падымалі апушчаныя голавы, і гневам вялікім блішчалі іх вочы.
Тады бляднелі і трасьліся, як у ліхаманцы, і хаваліся ад страху, як тыя гадзюкі, усе крыўдзіцелі народу. Многа іх хацела купіць у музыкі скрыпку яго, але ён не прадаў яе нікому. І хадзіў ён далей між бедным людам і граньнем сваім будзіў ад цяжкага сну.
Але прышоў час, і музыкі ня стала: злыя і сільныя людзі кінулі яго ў турму, і там скончылася жыцьцё яго… І тыя, што загубілі музыку, узялі яго скрыпку і пачалі самі граць на ёй народу.
Толькі іхняе граньне нічога людзям не сказала. — «Добра граеце», гаварылі ім, «дык усё ня тое!» І ніхто ня мог растлумачыць, чаму ад граньня музыкі так моцна білася сэрца бедакоў. Ніхто ня ведаў, што музыка ўсю душу сваю клаў у ігру. Душа яго знала ўсё тое гора, што бачыў ён па людзёх; гэта гора грала на скрыпцы, гэта яно вадзіла смыкам па струнах; і ніводзін сыты ня мог так граць, як грала народнае гора.
Прайшло шмат гадоў з таго часу. Скрыпка разьбілася. Але памяць аб музыку ня згінула з ім разам. І з-паміж таго народу, катораму ён калісь граў, выйдуць дзесяткі новых музыкаў і граньнем сваім будуць будзіць людзей к сьвету, праўдзе, брацтву і свабодзе…
Увагі
правіць1. Музыка. Апавяд. перадрукоўваецца з „Нашае Нівы“ 1907 г. № 24.
„Музыка“ — першы друкаваны твор пісьменьніка на беларускай мове.
Тэма аб музычнай ігры, прыродзе гэтай ігры і аб яе ўплыве на людзей наогул цікавіла поэту. Так, напрыклад, у вершы „Ліст да Ластоўскага“ № 44 гаворыцца аб ігры на скрыпцы, як аб вялікім мастацтве, якое адбівае складаную псыхіку мастака.
Але ў апавяданьні „Музыка“ знаходзім і соцыяльны мотыў, якога няма ў „Лісьце да Ластоўскага“: поэта ўстанаўляе сувязь між ігрою музыканта і народным горам, якое музыкант адчувае лепей, чымся ўсе іншыя людзі.