Творы (Александровіч, 1932—1933)/1/II/Восень

Сьмерць рыбака Восень
Верш
Аўтар: Андрэй Александровіч
1933 год
Мяцеліца
Іншыя публікацыі гэтага твора: Восень (Александровіч).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ВОСЕНЬ


Навальніцу, віхуру — люблю я,
але восень — чыстае гора;
кажуць, поле маўчыць, не хвалюе,
толькі стогны вятроў па-над борам.

Толькі стогны і крыкі — ў бясьсільлі мы,
каб прымусіць рассыпацца восень.
П‘яны вечар прыкрыў зямлю крыльлямі
і па стрэхах імглу разносіць.

і віхрыцца халоднымі хвалямі
ускудлачаны вецерам злосным…
Ой, ты, вецер, чаму цябе хвалім мы?
Не таму, што ня любіш ты восень?!

22. XI. 24 г.