Творы (Александровіч, 1932—1933)/1/III/Поэма імя вызваленьня

Цені на сонцы Поэма імя вызваленьня
Паэма
Аўтар: Андрэй Александровіч
1933 год
Іншыя публікацыі гэтага твора: Паэма імя вызваленьня.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ПОЭМА
імя вызваленьня


АГЛЯД ПАЧЫНАЮ
ЗА ДЗЕСЯЦЬ ГОД,
ТАК ЗВАНАГА,
KPAЮ
ЛЯСОЎ І БАЛОТ

1

Лёзунгаў мітынг
у акопы
бег —
з візай культпропа
ЦК КПБ.

Лёзунг —
грозны
кліч-плякат.
Лёзунгамі пачынаю
генэральны агляд.

Шчыльней пролетарскія рады,
даёш пяцігодку ў чатыры гады.

Узброім трактарамі колгасы,
ліквідуем кулацтва як клясу.

На лом заржавелыя краты
гора-тэорыяў нац-дэмократаў.

Будаўніцтва жывыя лічбы
складзены, як Ільліч быў.

Штодзень над краем кліч бег —
жыве Ільліч
у жывой лічбе!

2

Бяз схватак сэнсацый,
бяз сіплых слоў
бюро рэгістрацый
гісторыі чало
аздобіла датай
надзвычайнага сьвята:
Вызваленьня год дзесяты.

3

Урачыстасьць
стальлю сочыцца,
каб над краем
датай выліцца —
каму хочацца,
і ня хочацца,
і лацінікай,
і кірыліцай,
і на Захад,
і на Усход —
Будаўніцтва дзесяць год!

4

На рыштаваньнях
сонца ўсход
Віталі
штораньне —
— Дзесяць год.
А ў 10 год
закон —
3600
дзён.

5

Беларусь у Янкі Купалы
безназоўнаю векавала.

А ў Якуба Коласа
і пазбаўленая права голасу.

У Бядулі — бядой бядавала.
У Гартнага — ледзь бунтавала.

А выйшла —
безназоўная і безгалосая
па Чароту на вогнішчы босая.

Па Александровічу Андрэю
ахрысьцілася ў завеях

і цяпер завецца
Беларусьсю Савецкай.

6

Было-бывала…
(Вока
глыбе́й кінь).
На кожным кроку:
цымбалы,
дудкі
і жалейкі.

Песьні жальбы,
гусьляры…
Край пакутуе.

Жах —
жаль быў.
Земляры:
пот
працы
лютае.

Гне з берагоў гнеў —
і ў завірусе, —
радзіў новы сьпеў
новай Беларусі.

7

Беларусь была арэнай
Векапомных схватак.
Пілсудзкага выгналі
каленам
пролетарыяту.

І яшчэ нямала
быў стан біты:
панавала
банда
наймітаў-бандытаў.

Беларусь была экранам,
Дзе наплывам,
буйным плянам
паплывала ўся жахлівасьць
панаваньня пана.

Сьцяўшы вякоў пятлю —
убачыла краіна:
рабочыя рукі,
зямлю
i
на зямлі
руіны.

8

Было-бывала
градам,
протэставала
Рада:

О, божа, як пасьмелі
пасады
і портфэлі
браць
на штыкі —
бальшавікі.

Самі,
хоць з вусамі,
толькі
мала толку.

Разьбітыя пагрозай,
што Рады
біты
козыр
давай лізаць аравай
Пілсудзкага халявы,
Кайзэравы пяткі, —
каб навёў парадкі.

9

Напорам войск чырвоных
павыганялі вон іх.

Змоўклі крыкі, рэхам стрэла,
бела-чырвань-белых.

Бывае
хмара асядае,
Як заслона дымавая —
іх краіна ўспамінае,
хоць яны далёка і
з міністраў
сталі
лёкаі.

10

Ня ўсе, што з Рады,
зьбеглі за мяжу.
Дзеля праўды
даскажу.

Іх і ў нас —
не пералічыць.

Як сычы
якраз,
глядзяць на нас.

І знойдуць момант
выйсьці з дому
на вуліцу —
на барыкады —
супроць савецкае ўлады.
Адным словам
ідэолёгія Рады
і савецкія чырвонцы.
Мая парада:
прачытайце
Цені на сонцы“.

11

Белых арлоў страі
стрыножвалі гарады:
душыў на вуліцах дым —
стогн гарадзкіх руін.

Братоў і сясьцёр зьбяром мы,
ахвяры жандарскіх пагромаў.

Плачуць, як дзеці, хвалі
на развалінах мастоў.
Забінтоўвае нас зноў
упартасьць — упорысьцей сталі!

Руін у крыві камень,
— Будзем бальшавікамі!

Пад сьцяг барацьбы аднаўленьня
Выйшлі рабочыя сотні.
Першым на першы суботнік
Выйшаў таварыш Ленін.

І сэрца фабрычных кварталаў
песьняй машын ажывала.

12

Іржавы бінт
з ран машын
зьняты
пролетарыятам.

Засьпявалі
стальлю
зьмеі —
магістралі
рэек.

Быў завод
зруйнован.
Пусьцілі ў ход
два
новых!
Уздыхнулі
ў бальшавіцкім
гуле
камяніцы
вуліц.

Больш апалу,
больш запалу!

Кожны рух,
як у двух!

Дум агонь,
як страі —
ў аднаго,
за траіх!

Мазалі
ня плылі
на руку
рухавіку.
Рух
руш,
ток сонца.

Высячы
тысячы
ратацыёнка:

— Адзяецца
Беларусь —
Беларусь
Савецкая!

13

Галаву павісла
высахшая Сьвіслач.
Ход
вод
дзе ён?
Сталіца чырванее.
Бяроза гулам
вод —
адамкнула
сход.

Дняпро віхрыста ўсьпенены
ўрачыста
славіў Леніна.

Дзьвіны віталі
хвалі нас
політыкаю Сталіна.
Плаўнакрылы
Сож прыбег
уславіць сілы
КПБ.

Прыбег на пераклічку
І Нёман прыгранічны.
Змагла краіна сьлед знайсьці —
сьвяткуе сьвята еднасьці.

14

Мільёнам заяўляю
сёньня я:
была-б векавая
Беларусь-колёнія.

Каб ня ўздыблены наш гарт
мела-бы губэрскі пашпарт.

Савецкага саюзу ня было каб,
была-б заплесьненай затокай.

І славілася б на Эўропу
сэльтэрскай вадой з сіропам.

Але сёньня —
выроўнівай стан ты.
Мы маем
імя ім —
гіганты!

І чаго было-б варта,
каб ня было
ў Беларусі компартыі?

15

Супроць —
прарываў,
прагулаў,
і браку.

3a —
прамфінплян
і высокую якасьць!

Таварыш рабочы,
таварыш араты,
з заводу,
з колгасу
гані бюрократа!

Мільёны краіне дае
без замінкі
савецкая бесьперапынка!

16

Яшчэ ўчора танулі
ў раскопаных пятах вуліц.

Давялося зямлі расьці
на вуснах сталічнай цярплівасьці.

Горад, як труп, быў:
клалі-перакладвалі трубы…

Зьдзекваліся нават і дзеці:
— Выкідваюць грошы
ў зямлю,
калі трэба
на вецер!

І лаялі іх за
гэтую каналіза…

Засыпалі трубы ў ямы.
Пусьцілі па вуліцы
электро-трамы.

І рэйкі і трубы ў рух загулі
і пад зямлёй і на зямлі!

17

Разьлівала
песьні
шыр балот Палескіх,
зазывала
зьдзейсьніць
песьні
хваль Арэсы.
Зазывала звала
пракапаць каналы.

Як нідзе на сьвеце
ў ленінскім сталецьці:
балоты, што акопы,
капаюць зямлякопы.

Закасаўшы ногі —
за новыя дарогі!

Рукі закасаўшы
за перамогі нашы!

Штурмуюць агрономы…
— Ваду ў канал зьбяром мы!

Досыць суму, сейбіты, —
прыдзецца за сеў біцца!
Ня зьвісай чало ніцам,
ураджай паклоніцца

18

Па самакату
бервяно
ідзе пад нож
варштату.

З лесапілкі —
веерам
апілкі.

Па конвэеру
з парылкі
зноў альховыя
кражы
кладуць
пад новыя
нажы.

Істужкай шэрай
як тканіна,
йдзе фанэра
праз машыну.

Роўнамерна
б‘е вал люта:
— не фанэра,
а валюта.

Працы бег
не адстае:
суседні цэх
сваё пяе…

Быстрагонам
пад вагоны
груз падвёз
аўтавоз.
Машыністу нарад
даў
Бабруйскі
комбінат.

19

Змрок гісторыі,
штовечар,
запальваў сузор‘е,
Як сьвечы.
Закурылася краіна
і ад звычайнае лучыны.

Чалавека вякамі
працы нялюдзкае пот
скручваў,
як ланцугамі —
калючы дрот.
Поступам шквала
ўсім краем
паўстала
навала
людзкая.
Заве, каб
чалавекам
і ў дрыгве
стаў чалавек.
І пайшло так…
У балотах
загула-была
работа.

І праз год
сярод
балот —
пе-
pa-
ва-
рот!

Тысяча дзевяцьсот
трыццаты год.
З балот
у гады
пабеглі правады.

Загудзелі поўным ходам
гмахі фабрык і заводаў.
І ў селяніна
замест лучыны
і карча —
лямпачка Ільліча…

Абвязаў краіне стан
правадамі
Асінстан.

20

Іграйце
маршы
заўтрашняму дню.

Жыцьцё
наша
агнявей агню.

Нашаніўцы
і ў сьне ня сьнілі,
што мы ў Беларусі
зрабілі.

Зналі
адно —
ткалі
валакно.
А час прышоў —
мы робім шоўк.

Роспачным крыкам
магілы
рыла —
рылам
Саха-матыка.

Цяпер над краем
крыляе
звонам —
гонар
трактарнай колёны.

І пяе наўсьцяж
наш
Сель-
маш.

На небе хмаркі,
што фальваркі,
з бандай зор
вялі згавор:

— жыцьця разьбег
скарыць сабе!

І хутары
да гэтых пор
на зямлі
вялі
згавор.

Зьвязаўшы моц сваю вузлом —
бліскавіца,
быццам
нож,
нанесла ўдар
па зргаі хмар —
і грымнуў гром,
і грануў дождж.

Сабе
хутары
ў барацьбе
пакарыў,
і ў нас
кол-
гас.

21

1900 і 17 зім
краіна была
няпісьменнай зусім!

Тры крыжыкі — спадчына
з даўных вякоў.
(Таму і так многа
ў краіне крыжоў!)

Прывязалі
дні на па́лях
і ў навале
далі
бой.

Забінтавалі
стальлю
стыннай
стан краіны
маладой.

Пакарылі,
як на крыльлях,
дзён нязьлічаныя мілі.

Уздыхнулі
гулкім вульлем.
Дасягнулі
сілай рук —
ад вяскова-пачатковай
да Акадэміі навук!

22

На біржах працы ў нас няма
майстроў, якіх варштат баіцца.
Рабочых рук, як быццам, шмат,
а не стае ў завеі будаўніцтва!

Крыляйся рух!
Мы ўдаль ідзем…
Адзін за двух —
ударны тэмп.
Перамога
ў грудзі б‘ецца:
з бальшавіцкім
зьліцца
сэрцам!
...............
Агляд закончу праз адну,
найболей дзьве ўрачыстых песьні.
Міжнароднае становішча — крануць —
чаму
жаданьне гэтае
ня зьдзейсьніць?

23

23 гадзіны…
Сілай нястрыманай,
як ветрарэз,
крануўся ў даль
экспрэс.

Увага!
Будучыня вабіць.
Падзея ў плянэтным маштабе.
Зьвяжамся пояcам рэек
аднэю пад сонцам ідэяй.

Але праз гадзіну
y 24 —
касьцьмі ляглі пасажыры.
Выбух!
Крушэньне!
Экспрэс у попел!
...............
Таварышы, ціха!
Крушэньне ў Эўропе!
...........
Крушэньня (на жаль!) ня было.
Гэта толькі… паніка слоў.
Яшчэ ня было…
Але-ж будзе яно —
рэволюцыя зьменіць
жыцьця старно.

Раскатамі чуюцца зрухі
гісторыі Заўтрага, —
Слухай:
Паясьніцу
краю
разьядае,
як іржа —
вераніцаю
мяжа.
Казэматы,
зьдзекі,
плаха.
Векі
катам
жмурыць
Захад.

Беражы
замок мяжы!
І хрыстос
вайной
на нас —
мобілізованы
ў процівагаз!
Эўропа
ў акопах!
Што дзень, — так і
блізяцца схваткі атакі.
…Зьзяе сонцам Сталінстан
там,
над краем катаржан.

24

Краіна набыла
жалезную закалку.
Расла прымежная
ў разьбежнай барацьбе.
Ухваляем
поўнасьцю і цалкам
генэральную
лінію
КПБ.

Не любавацца
тым —
што маем.
Нашай працы
наш уздым
гады пераступае!
Увысь, галава!
Раз, два!

Будзе садам расьці,
песьня радасьці!

І, як бор, расьці,
песьня гордасьці!

25

На варту дні ліпнёвыя
к нам новыя прыйшлі.
Мінулыя, суровыя
падмуркамі ляглі.

Жыцьцё агнём завеена,
Як зарывам усход.
Сягоньня жыць заве яно
на ўсе на дзесяць год.

Жылі мы бедна, ў горы — і
змаглі залом зламаць.

Калісь была ў гісторыі
расійская турма…

Жыцьця законы зьменены,
турмы прайшла пара.

Пад гордым сьцягам Леніна
у людзі выйшаў край!

Была няхай крываваю
і не адна вярста —
Савецкаю дзяржаваю —
край вызвалены стаў.

Узьвіцеся, імкненьні
Зерні шчасьця сей —
Поэма вызваленьня
Беларускай
ССР.

Май-чэрвень
1930 г.