Тры Будрысы (1940)
Тры Будрысы Верш Аўтар: Адам Міцкевіч 1828 (пераклад 1940) Арыгінальная назва: Trzech Budrysów Пераклад: Янка Купала Крыніца: https://knihi.com/Adam_Mickievic/Try_Budrysy.html |
Іншыя публікацыі гэтага твора: Тры Будрысы (Міцкевіч/Купала). |
Стары Будрыс трох сынаў,
Як сам, гэткіх літвінаў,
Да сябе на дзядзінец паклікаў,
Ды ім кажа: «Зважайце,
Коні борзда сядлайце,
Натачыце мячы ўміг і пікі!
«З Вільні вестку мне далі,
Што ўжо там наказалі
Тры вайны на тры свету староны:
Ольгерд рускіх біць едзе,
Скіргел — ляхаў-суседзяў,
А князь Кейстут разгроміць Тэўтоны.
«Вы, адважныя хлопцы,
Паслужыце старонцы,
Хай вядуць вас літоўскія богі!
Застаюся я дома,
Дам вам раду, вядома:
Трох вас ёсць і тры ёсць вам дарогі.
«Хай адзін у Расію
За Ольгердам шлях крые
Па-над Ільмень, пад мур Навагроду;
Там саболлі апоны,
Залатыя заслоны,
І ў купцоў там чырвонцаў, як лёду.
«Хай да князя Кейстута
Другі едзе, а хутка,
Крыжакоў хай знішчае дашчэнту!
Як пяску, там бурштынаў,
Сукны дзіўнай тканіны,
І там рызы ў ксяндзоў ў дыяментах.
«Мусіць к Скіргелу трэці
Па-за Нёман ляцеці,
Беднату там убачыць ліхую,
Але возьме за тое
Узбраенне стальное
І мне стуль прывязе сынавую.
«Бо з нявольніц мне толькі
Спадабаліся полькі,—
Так панадны мне стан іх дзявочы,
Твар іх бела-ружовы,
Як смоль, чорныя бровы,
Як дзве зоркі, іх свецяцца вочы.
«Маладым чалавекам
Я адтуль прад паўвекам
Сабе вывез палячку за жонку;
Хоць яе пахаваў я,
Ўсё яшчэ ўспамінаю,
Калі гляну я ў тую старонку».
Даўшы так засцярогу,
Блаславіў на дарогу;
Яны ўзялі бронь, селі, пабеглі.
Ўжо й зіма надыходзе,—
Сын не едзе ніводзін,—
Будрыс думаў, што ў бітвах палеглі.
Па сняжыстай дарожцы
Мчыцца ў зброі хтось к вёсцы,
А пад буркаю нешта хавае:
— «Кубел — гэта, знаць, ноша,
А ў ім рускія грошы».
— «Татка,— полька, твая сынавая!»
Па сняжыстай дарожцы
Мчыцца ў зброі хтось к вёсцы,
А пад буркаю нешта хавае.
— «Мусіць, з Прусаў, мой сыну,
Цягнеш кубел бурштыну?»
— «Татка,— полька, твая сынавая!»
Па сняжыстай дарожцы
Трэці нехта мкне к вёсцы,
А пад буркай вяліка здабыча.
Будрыс — што? — не пытае,
Толькі госці склікае,
На вяселле іх трэцяе кліча.