Тры адрыўкі з Гітаньялі
Тры адрыўкі з Гітаньялі Вершы Аўтар: Рабіндранат Тагор Пераклад: невядомы |
Апублікавана ў 1920 годзе. Усе вершы паходзяць із розных зборнікаў: The Crescent Moon (1914), Gitanjali (1912), The Gardener (1913). Арыгінальныя назвы: The Last Bargain; *** When it was day they came; *** Peace, my heart. |
З індускае паэзіі.
(Тры адрыўкі з Гітаньялі Рабіндранат Тагорэ).
АПОШНЯЯ УМОВА
«Прыдзеце і наймеце мяне!» — так клікаў я йдучы зранку брукаванай дарогай.
І зьявіўся кароль на рыдване сваім з мячом у руцэ.
Узяў мяне за руку і мовіў: «Найму цябе за моц маю».
Ды моц яго ня мела цаны для мяне і прочкі паехала на сваім рыдване.
* * *
У сьпёку паўднёвую дамы стаялі з пазачынянымі дзьвярыма.
Я йшоў крывой вулкай.
Зьявіўся старык з мехам золата…
Падумаў і кажа: «Найму цябе за золата мае».
Важыў адну за аднэй залатые манэты, — ды я адвярнуўся…
* * *
Сутуняла. Сад увесь быў уквечаны.
Выйшла цудоўнае красы дзяўчына і сказала: „Найму цябе за ўсьмешку маю“.
Згасла ўсьмешка яе і расплылася ў сьлёзах, — самотна адыйшла яна ў цемру…
* * *
Сонейка блескам сваім адбівалася на пяску, упорна разьбіваліся хвалі марскіе.
Побач дзіця гуляла з ракаўкамі.
Падняло йно галоўку, як быццам прызнала мяне, і мовіла: „Найму цябе за нішто“.
З таго мамэнту ўмова гэная, зробленая ў часе дзіцячае забавы, ўчыніла мяне вольным чалавекам.
___
КАЛІ НАСТАУ ДЗЕНЬ, прыйшлі да майго дому і сказалі „Жадаемо для сябе адно толькі найменшага куточка“.
Казалі: «Паможамо табе маліцца да Бога твайго, а ты ў пакорнасьці сваей здаволен будзь нашым учасьцем у ласцы Яго»; а пасьля занялі месца ў куточку і сядзелі ціха й патульна.
Ажно ў цемры начной я бачу, як з гоманам і крыкам разьбіваюць яны маю сьвятую арку і як з бязбожнай прагавітасьцю крадуць ахвяры з аўтара Бога майго.
___
ЦІХА, СЭРЦА МАЕ — хай будзе салодкі табе мамэнт разьвітаньня.
Ня сьмерцяй, а давяршэньнем хай будзе ён для цябе.
Хай любоў расплывецца ўспамінам, а боль — песьняй.
Хай лёт у неба скончыцца злажыўшы скрыдлы над гнязьдзечкам.
Хай апошняе рук тваіх датыканьне будзе лагоднае, як кветка ночы.
Цудоўны канчатак — спыніся на мамэнт і маўчаньнем апошняе слова прамоў!
У нізкім паклоне схіляюся прад табой і падыймаю ўверх мой сьветач, каб асьвятліць табе дарогу.
(Паводле перакладу Я. Каспровіча).