Тры п’ескі (1930)/Сашка-будаўнік

Сашка-будаўнік
П’еса
Аўтар: Васіль Сташэўскі
1930 год
Скарб

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




САШКА-БУДАЎНІК

П‘ЕСКА Ў 2-х ДЗЕЯХ

ДЗЕЙНЫЯ АСОБЫ:

1. Сашка — 11-гадовы хлопчык.

2. Бацька Сашкі.

3. Маці Сашкі.

4. Сьцёпка, таварыш Сашкі.

5. Юзік вучні, піонэры, рэдколегія
школьнай насьценгазэты.
6. Волька
7. Мішка
8. Ягорка
9. Шурка
10. Гэлька
11. Маша
12. Mіколка
13. Аўхім

Дзея першая

правіць

ДЗЕЯ ПЕРШАЯ

Адбываецца ў хаце Сашкі, якая мае небагаты выгляд. У задняй сьцяне 2 дзьвярэй: адны ў сенцы, другія ў кухню. На сцэне 9—15 хлопчыкаў. Заслона падымаецца пад сьпевы піонэрсккіх песень. Некаторы час пяюць пры адчыненай заслоне.

ЗЬЯВА I

1 хлопчык. Ну, давайце, як у лягерах, — станавіся, Юзік.

(Юзік схіляецца, гуляюць у чахарду. Пераскочыўшы, кожны куляецца праз галаву і становіцца, а калі праз яго пераскочаць, то ён куляецца праз галаву назад і тады ўжо бяжыць пераскокваць. Так са сьмехам пачынаюць гуляць усе. Магчыма яшчэ зрабіць практыкаваньне на „вольны рух“).

Юзік. Давайце яшчэ так: першы лажыся.

Усе. Ну, давайце. (Бяруцца 10 хлопчыкаў, разьлічваюцца на „першы, другі“ і пачынаюць кружыцца).

ЗЬЯВА II

Маці (уваходзіць з кухні). Што вы нарабілі тут, гэта-ж падумаць, столькі пылу, ды яшчэ паварочаеце мне што.

Ягорка. Ня бойцеся, цётачка, мы нічога не паварочаем, мы асьцярожненька, далікатна.

Маці. Да-лі-катна… многа ў цябе далікацтва, вось пад носам паглядзі. (Ягорка, шмаргануўшы, выцірае пальцам нос, усе сьмяюцца). Упыну на вас няма. Ішлі-б дзе ў боль­шую хату або на двор.

Міколка. Калі-ж на дварэ макравата, цё­тачка.

Маці. Макравата, а тут што за гульня ў гэткай цеснаце, а яшчэ калі прыдзе бацька, то ён тут ня будзе з вамі цацкацца.

Юзік. О, дзядзьку мы ведаем, трэба тады скарэй выносіцца. Ня злуйцеся, цётачка, на нас, мы тут лягеры ўспомнілі, — ну, і пачалі куляцца. Хацелася-б яшчэ засьпяваць „вераб‘я“.

Маці. Якога гэта вераб‘я?

Юзік. А вось такога. Давайце, хлопцы. (Усе скоранька становяцца ў кола і пяюць, адначасна перастаўляючы ногі адну наперад, другую назад).

Чы-чы, чы-чы, верабей,
Ня клюй маіх канапель,
А я таму вераб‘ю
Калом ножку пераб‘ю.
А на тую ножку
Куплю я панчошку,
А на тое цельца
Куплю палаценца…

(З словамі „а я таму вераб‘ю“ ногі перамяняюцца хутка. Маці з усьмешкаю пазірае на іх).

Усе. Пойдзем ужо, пойдзем.

Маці. Ляцеце, вераб‘і.

Усе (хорам). Бы-вай-це зда-ро-вы. (Адыходзяць).

Сашка (Да Сьцёпкі). Застанься, Сьцёпка, пагуляем яшчэ крыху ў нас. (За сьцяной чуваць).

Бывайце здаровы,
Мае бацька й маці.
Паганю каровы
Я на сенажаці.

Маці. Ну, а вы чаму ня ішлі на вуліцу ці куды там, — чаго засталіся?

Сашка. Яны ў клюб пойдуць, а я дзе дзенуся?

Маці. Ну і ты разам з імі.

Сашка. А вы-ж дазволілі мне ў піонэры паступіць?

Маці. А я табе, сынок, і не перашкаджаю вельмі.

Сашка. Цяпер вы не перашкаджаеце, а татка дык гатоў з хаты мяне прагнаць.

Сьцёпка. І праўда, цётка, чаму ваш дзядзька такі сярдзіты, а яшчэ калі падап‘е, дык такі страшны…

Маці. Такі ўжо ў яго выгляд і характар, але ён б’ецца рэдка калі.

Сашка. Добра рэдка…

Маці. А нашто бярэш яго струмант ды тупіш?

Сашка. Я ня туплю яго, ні разочку нічога ня вытупіў, толькі…

Маці. Толькі вышчарбіў сякерку.

Сьцёпка. А як ты вышчарбіў?

Сашка. Я сьсякаў сухую вішаньку, мне хацелася з крывенькімі карэнчыкамі, а там камень, ну — і крышку, зусім крышку вышчарбіў.

Сьцёпка. І папала добра?

Сашка. Няўжо-ж не папала.

Сьцёпка (сьмяючыся). А куды?

Сашка. Папругаю па плячах, але больш сюды (паказвае ззаду).

Сьцёпка. А нашто табе было сьсякаць тую вішаньку?

Сашка. Як нашто? А я-ж нештачка раблю, ня ведаеш? Вось я табе зараз пакажу.

Сьцёпка. Пакажы, пакажы.

Сашка (дастае з-пад ложка ці адкуль там невялічкую, недабудаваную хатку).

Сьцёпка. Ого-го! Што гэта, хатка нейкая… уй-юй-юй, што ты майструеш… (Сашка задаволена паглядае). І вокны, і дзьверы будуць, і столік там, нават печка, а гэта лавачка каля хаты…
А каго ты пасадзіш сюды?

Сашка. Сядзем і я, і ты.

Сьцёпка. Сядзеш, тут-жа мая нага ня зьмесьціцца.

Сашка. Вядома, што не, а я сюды такія лялькі пасаджу.

Сьцёпка. Якія лялькі, а дзе ты іх возь­меш?

Сашка (дастае з-пад ложка ці адкуль там лялькі: мужчыны, жанчыны і начовачкі). А вось яны, — гэта вось гаспадар гэтае хаты, а гэта гаспадыня, а гэта дзіця ў начоўках.

Сьцёпка. А нашто дзіця?

Сашка. Як нашто? Сям‘я каля сваёй хаты…

Сьцёпка. У белай кашулі з паяском… але-ж нейкая вельмі ўжо простая хата.

Сашка. Дык ты-ж ня ведаеш, нашто гэта я раблю ўсё.

Сьцёпка. А нашто?

Сашка. А выстаўка будзе!

Сьцёпка. А… вось нашто ён майструе.

Сашка. Вось я і раблю простую сялянскую нашу беларускую хатку.

Сьцёпка. А ці будзе хто глядзець на яе?

ЗЬЯВА III

Маці. Зноў майструеш? Глядзі-ж: як увойдзе бацька, то вечарам у печы будуць твае гэтыя цацкі. А гэта-ж што за лялькі?

Сашка (хапае і хавае ззаду). Нічога, гэта так-сабе. (Сьцёпка сьмяецца).

Маці. Ну, а дзе-ж ты гэту хатку дзенеш?

Сашка. Заўтра, мамачка, тут яе ня будзе, толькі каб сёньня татка не паламаў.

Маці. Глядзі сам. (Пайшла).

Сьцёпка. Гэта-ж заўтра адчыняецца выстаўка.

Сашка. Я ведаю, браток, дык вось ты памажы мне скончыць, а то я не пасьпею. Памажы, браток, я цябе прашу.

Сьцёпка. Добра, толькі каб не папсаваць чаго замест помачы.

Сашка. Ты хоць будзеш глядзець у акно, і калі будзе ісьці тата, дык скажаш, тады я зноў схаваю.

Сьцёпка. А гэта то можна. А з якога боку ён павінен ісьці?

Сашка. З таго і таго (паказвае на вокны). Наглядай. (Бярэцца за працу, кладзе пілку, ставіць клей, кавалкі дрэва. Сьцёпка глядзіць у акно і пяе на мотыў „Чырвоная армія“ піонэрскую):

Мы піонэры працоўнай сям‘і[1],
Дзеці з загонаў чырвоных краін,
Сьцяг вызваленьня на захад нясем,
Сьмерць капіталу: узрасьцем — растрасем.
Пылае помстаю
Наш дух юнацкі…
Мы зьнішчым зьдзекі і прыгон
І… (Углядаецца).

Сашка (устрывожана). Што, хто там?

Сьцёпка. А гэта Мотка, боты панёс некаму, а я думаў. (Пяе далей).

І на ўсім сьвеце працоўных дзеці
Убачаць сонца ясных дзён.
Мы, піонэры — комуны сыны:
З намі працоўныя — мы не адны.
Сьцяг наш чырвоны затопіць зямлю,
Працы свабоднай зьяднае сям‘ю.
Пылае помстаю…

Сашка. Ну, вось шчыток зараз будзе гатоў.

Сьцёпка. А ведаеш, Сашка, успомніў я гэта, браток, лягеры (адыходзіць ад акна) — вось раніцою ўсе сьпім, а сыгналы: ту-ту-ту… Эх, усе ўсхватваемся, адзяваемся, пасьля бяжым на рэчку, умываемся халоднай вадзіцай, а пасьля на гімнастыку, а пад вечар раскладваем агонь. Тут расказваюць, якія організацыі дзяцей за межамі. А то, бывае, як наладзім хор, такі комічны, от весела!!!

Сашка. Глядзі-ж ты, братка, у акно.

Сьцёпка. А я і забыўся, бадай ты спрахла. (Глядзіць у акно, насьвіствае кракавяк, а пасьля пяе на гэты-ж мотыў):

Нас ня любяць, нас баяцца[2]
Поп кудлаты і кулак,
Бо рашыў запраўды ўзяцца
Комсамольскі маладняк.
Хто супроць нас — прэч з дарогі.
Бачыш грамаду —
Абламаем чорту рогі,
Богу вырвем бараду.
Іду-ду, і-ду-ду,
Іду, іду, ідуць, ідуць!!!

(Сашка ўсё хавае).

Сьцёпка (азірнуўшыся). Нашто ты схаваў?

Сашка. Ну, а як-жа, ты-ж кажаш, ідуць?

Сьцёпка. Хто, ты думаеш, ідуць?

Сашка. Татка ідуць.

Сьцёпка. Каровы з поля ідуць, а ня татка, вось і ўсё.

Сашка. Ка-а-ровы… Хай-бы-ж адразу казаў так. (Дастае хатку і зноў пачынае майстраваць).

Сьцёпка. Ты рабі, пакуль я не скажу табе: „хавай“. (Глядзіць у акно). Фу-р-р. На лісафэце нехта паляцеў. (Паўза). Люблю лісафэт. Я, ведаеш, Сашка, як вырасту і будуць грошы, перш за ўсё куплю сабе лісафэт і буду выкручвацца. (Паказвае). А ты што сабе купіш?

Сашка. Я ня ведаю. Патрымай, Сьцёпка, я адрэжу калодачкі, аднаму дрэнна. (Сьцёпка трымае).

Сьцёпка. Каб ты хоць па пальцах ня цяў мне.

Сашка. Ня бойся, я асьцярожна, хоць раз зьнячэўку шмаргануў сабе. (Рэжа). Вось яшчэ дзьве адрэжу, дый будзе. Каб мне татка пазваляў, то даўно скончыў-бы. (Адчыняюцца дзьверы, на парозе паказваецца бацька).

ЗЬЯВА IV

Сьцёпка (спужана). Хавай. (Сашка абхапіў хатку ды так і застаўся).

Бацька. Што хавай, што такое? (Бярэ за руку Сашку ды адрывае ад хаткі і аглядае. Маўчаньне). Дай сюды пілку. (Сашка дае, бацька глядзіць ці цэлы зубцы). Дай сюды сякеру. (Сашка дае, бацька прабуе пальцамі, ці вострая). Яшчэ хавацца будзе ад бацькі…

ЗЬЯВА V

Маці. Ну, ідзі палуднуй, а то вечар на дварэ, а ён ходзіць ня еўшы. (Бацька пайшоў). (Маці да Сашкі). Забірай усе свае цацкі ды ўцякай куды. (Пайшла).

Сьцёпка. Пойдзем да нас, я памагу табе забраць усё, там і скончым. (Сашка бярэ хатку, а Сьцёпка іншыя рэчы і выходзяць за дзъверы. Сьцёпка ў дзьвярах, паглядзеўшы на хату). Здаецца, выратаваліся.

Заслона

Дзея другая

правіць

ДЗЕЯ ДРУГАЯ

ЗЬЯВА VI

Адбываецца ў школе. Сабраліся вучні, пераважна піонэры. Разглядаюць матэрыял для насьценнай газэты.

Волька (супакойвае). Ціха. Я думаю, да­лей трэба зьмясьціць артыкул Мішы аб сельска-гаспадарчай выстаўцы. Прачытай, Міша.

Міша (чытае). Яшчэ за некалькі дзён да адчыненьня выстаўкі пад‘яжджалі фурманкі і прывозілі розныя рэчы. Перад адчыненьнем і раніцою ў дзень адчыненьня вялі роз­ную жывёлу: коні, каровы, сьвіньні, авечкі і нават куры.

Ягорка (перабівае). Эх, жарэбчык адзін быў зграбны такі, калі заіржэ — і-га-га-га. (Заіржаў, усе засьмяяліся).

Шурка. А я бачыла хорашанькія цяляткі.

Волька. Дзеці, ня можна так, нашто траціць час. Давайце паслухаем да канца, зробім якія патрэбны папраўкі і зьмесьцім у газэце, гэта будзе цікава.

Ягорка. А ў мяне і малюнкі прыгатаваны.

Волька. Добра, паглядзім. Чытай, Міша.

Міша (чытае). На выстаўцы больш усяго было з савецкіх і колектыўных гаспадарак і мала з сялянскіх. Было два агароды: куль­турны і някультурны. На першым бручка, капуста, буракі былі тоўстыя, і ўсё было харошае, а на другім — усё дробнае і дрэннае, бо вельмі густа пасаджана.

Гэлька. А можа там гною больш паложана, дзе лепш расьце.

Міша. Можа і гною больш паложана, але там і пасаджана інакш, у радочкі, а можа і гатунак лепшы. (Чытае далей). Калі ўвойдзеш у царкву…

Ягорка. Не ў царкву, а ў музэй.

Міша. Ну, ня ўсёроўна?

Волька. Так, Міша, тут трэба паправіць, напісаць: „у музэй — быўшую царкву“. Згодны каб зрабіць такую папраўку?

Усе. Згодны, трэба зрабіць.

Міша (чытае). Калі ўвойдзеш у музэй — быўшую царкву.

Ягорка. А старыя баяліся зайсьці, ня ўсе, але некаторыя, — здалёк паглядалі.

Волька. Не перабівай, Ягорка.

Міша (чытае) … то ўбачыш многа, многа чаго: розных яблык, вялізныя галоўкі ка­пусты, гарбузы, снапы жыта, аўса, розныя зерняткі, а па сярэдзіне вельмі прыгожа выглядае Ленінскі куток. Людзей заўсёды многа там. Кожны дзень іграе музыка. Усім ве­села. Ёсьць і школьны куток. Туды вучні прынесьлі розныя свае рэчы. Там відаць малюнкі і нашай школы. А ідзеш па калідоры, дык убачыш многа чаго там выстаўлена. Усё людзі аглядаюць: як цьвікі робяць, як друкуюць кніжкі. Усяго не пералічыш. Выстаўка навучае нас, як трэба паляпшаць гаспадарку, каб мець вялікую карысьць, каб усім сялянам і рабочым было добра, каб была моцнаю савецкая ўлада, каб перамагала ўсіх буржуяў. Далоў капіталістых! Няхай жыве комуністычная партыя!

Усе. Добра напісаў, — брава, Мішка, брава!

Волька. Якія хто хоча зрабіць папраўкі?

Ягорка. Упісаць трэба пра мядзьведзя, што вадзілі па выстаўцы. Я нават намаляваў яго.

Усе. Пакажы, пакажы. (Хапаюць з рук малюнкі). У-у-у, Мішка (сьмяюцца) на зад­нія лапы стаў, а ззаду людзей колькі.

Маша. Трэба зьмясьціць гэты малюнак.

Волька. І я так думаю; малюнак мы зьмесьцім, а пісаць аб тым, як яго там вадзілі няварта.

Ягорка. Ну, добра. А цяпер глядзеце мае іншыя малюнкі.

Усе. Давай паглядзім.

Ягорка. Вось тут прывязаныя коні стаяць, а гэта той жарэбчык, а гэта клетка з парасяткамі, а гэта царква са сьцягамі.

Волька. Добра, мы іх зьмесьцім. У каго яшчэ ёсьць матэрыял?

Маша. У мяне ёсьць.

Волька. Чытай, Маша.

Маша (чытае). У нашай клясе завёўся вялікі мастак. Замест паперы і алоўка свабодна крэйдаю піша на сьпінах вучняў. Ра­боты спаўняе хутка, без заказу і без за­датку. Глядзі, мастак, каб хто не намаляваў табе чаго на носе.

Некаторыя. О, добра, добра! Ха-ха-ха!

Гэлька. Ён заўсёды бегае з крэйдаю…

Ягорка. Тут абавязкова трэба даць малюнак і падпісаць: „Янка Кучанок“, ха-ха-ха… Добра напісала.

Юзік. Для гумару ў мяне ёсьць яшчэ. Вось што я напісаў. (Хоча чытаць).

Волька. Пачакай. Паправак да заметкі Машы ня будзе ніякіх?

Усе. Не, ніякіх.

Волька. Ну, чытай ты сваю. (Да Юзіка).

Юзік (чытае). Дастаецца сабакам, калі Мікола Якімавых ідзе ў школу або з шко­лы. Яму мала падражніцца, яму трэба пазаганяць іх дзе далёка. Пазаганяўшы, ён спакойна ідзе ў школу на другі або трэці вурок. Паглядзі, Міколка, на расклад вурокаў. Там, здаецца, такія заняткі не напісаны. Пара заняцца справай.

Волька. Гэта добра.

Юзік. Толькі малюнак у мяне ня вышаў.

Ягорка. Пакажы малюнак. (Глядзіць). Так, у цябе выйшла галава сабакі ў два разы большая, чым галава Міколкі, і тут нядобра. Я папраўлю.

Волька. Ты паправіш, Ягорка. Яшчэ ў мяне ёсьць адна заметка, я сёньня скончу яе, зьмесьцім, ды на гэты нумар хопіць.

Мішка. А яшчэ тут ёсьць задачкі, шарады.

Волька. Так, гэта добра. Я думаю, заўтра так, як сёньня, зьбярэмся і пачнем перапісваць. Рысавальная папера ў нас яшчэ ёсьць?

Ягорка. Ёсьць яшчэ.

Аўхім. А, ведаеце, што трэба было напісаць яшчэ. А вось, як Сашка на выстаўцы стаіць з сваёю хаткаю. Як людзі аглядаюць. Там заўсёды спыняюцца, а ён аб‘ясьняе. А раз падыходзіў бацька яго, дык ён хацеў уцячы, прасіў Сьцёпку, каб папільнаваў, а пасьля пабаяўся, каб бацька не забраў. А ён падышоў, паглядзеў, засьмяяўся, нічога не сказаў дый пайшоў.

ЗЬЯВА VII

Міколка (убягае). Што, ужо газэту напісалі, напісалі?..

Ягорка. Не, цябе чакалі.

Міколка. А каго на тачку працягнулі?

Гэлька. Без цябе тачка не абышлася. (Сьмяюцца). Міколка. Чаму не абышлася? Я нічога… а вы ведаеце, ведаеце… не, ня ведаеце.

Ягорка. Ведаем, што ты сабак ганяеш і позьнішся ў школу.

Міколка. Якіх сабак, ты можа сам ганяеш. Я з выстаўкі бягу, там нагароды раздавалі і ведаеце каму далі?

Усе. Каму далі, каму?

Міколка. А вось і не скажу.

ЗЬЯВА VIII

Сьцёпка (убягае). Сашку нагароду далі. Зараз нясе сюды сякеру, пілу…

Юзік. О, о, можа мядаль з печанае рэдзькі далі.

Сьцёпка. Ніякае печанае рэдзькі, а малаток, і серп, і пахвальны ліст.
А вось ён ідзе.

ЗЬЯВА IX

(Сашка з сярпом і молатам, за ім некалькі хлопчыкаў).

Усе (убачыўшы. А праўда.

Волька. Табе далі за хатку нагароду?

Сашка. А вось яна. Пілу і сякеру пакінуў дома тату.

Усе. Брава, маладзец Сашка!

Сьцёпка. У піонэры ўжо бацька пушчае.

Усе. Пушчае?

Сашка. Пушчае ўжо.

Усе. Добра, Сашка — піонэр.

Міша. Я лічу, што трэба ўпісаць усё гэта ў нашу газэту.

Усе. Абавязкова трэба ўпісаць.

Волька. Добра, мы ўпішам.

Сьцёпка. Ён спачатку ня верыў, як выклікалі яго, а я яму крычу — табе Сашка, табе, а нехта з боку кажа — правільна, яму, яму.

Волька. Хатка там засталася?

Сашка. Там.

Волька. А сярпок і малаток дзе дзенеш?

Сашка. А серп і молат я хачу аддаць у школу, хай яны будуць тут у нас.

Волька. Гэта вельмі добра.

Усе. Гэта добра.

Сашка. Вось вам (перадае Вольцы).

Волька. Мы будзем хаваць у нашай шко­ле, як памятку, як падарунак за працу нашага вучня-будаўніка — Сашкі.

У часе гэтых слоў усе становяцца так, што Сашка пасярэдзіне, крышку ззаду з аднаго боку Волька з сярпом, а з дру­гога Ягорка з молатам, а іншыя за імі з бакоў.

Волька (дэклямуе).

Мы дзеці ўсе
працоўныя.
Адзін з другім
мы роўныя.
Мы будучыны цьвет.

Усе (хорам паўтараюць). Мы дзеці ўсе… і г. д.

Волька. Ня ў шатах мы…

Ягорка. Ня ў золаце…

Волька. З сярпом ў руках…

Ягорка. І молатам…

Удваіх. Збудуем новы сьвет.

Усе (ідучы, паўтараюць хорам). Ня ў шатах… і г. д.

Заслона

  1. Збор піонэрскіх песень.
  2. Збор піонэрскіх песень.