Туга
Верш
Аўтар: Макар Краўцоў
1926 год
Крыніца: Сялянская Ніва. — 30 Верасьня 1926. — №31; б. 1

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Туга̀.

Ах, колькі-ж я бы даць гатоў
За то, каб не’к пабачыць йзноў
Край дзіцячых маіх гадоў.

Дзе ўсё было так проста, стройна,
Прытульна, гожа і прыстойна,
Вясёлкава і супакойна…

Ня так набожны пілігрым
Імкнецца ў Мэкку, або Рым,
Як я ў тый кут, ў краю глухім,

Дзе разляглісь кругом вазёры,
Агромныя вы тыя моры,
І сумныя, глухія боры…

Зь якім балючым пачуцьцём,
Я аглядаў-бы стары дом,
Дзе жыў калісь я дзіцянём.

У ім кожны кут і кожны клін,
Будзілі-б у душы ўспамін
Былых, бясклопатных гадзін.

З сьлязьмі прыпаўшы да зямлі,
Я-б ўспомнеў тых, што тут жылі
І ўжо на вечнасьць адыйшлі…

Рэчы вялікія калісь,
Цяпер малымі-бы здалісь,
А шмат зь іх пэўне ўжо зьвялісь…

Дык я-бы з сумам спазіраў
На розных перамен навал,
Якія час там паствараў.

Сярод чужых і сам чужы,
Хадзіў-бы я нямы, глухі
Па майго шчасьця цьвінтары.

Зь вялікім стогнам і жальбою,
З палючай, горкаю сьлязою,
Успамінаючы былое…

Але здарма мая туга!
Прад краем, дзе радзіўся я,
Узрасла гранічная мяжа…

Я. Сьветазар.

Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў краінах, дзе тэрмін аховы аўтарскага права на твор складае 70 гадоў або менш.

Абразок папярэджаньня
Гэты твор не абавязкова ў грамадскім набытку ў ЗША, калі ён быў апублікаваны там цягам 1927—1964 гадоў.