Ты мне патрэбна, як глебе вада
Ты мне патрэбна, як глебе вада Аўтар: Мікола Сурначоў 1941 |
Ты мне патрэбна, як глебе вада,
Як мараку пах салёнага мора.
Клікнуць? — Не змогуць вятры перадаць.
Плакаць наўзрыд? —
Прад бярозкамі сорам.
Казку прыдумваць? — Не выйдзе на лад.
Песню складаць? — Не складаецца песня.
Сон, бы рукою, з павекаў зняла, —
Мусіў я ночы прастойваць ля весніц.
Думаў:
Цяжкая дарога баёў
Казку юнацкага сэрца прыглушыць,
Можа, яе каля родных гаёў
Куля праніжа ці бомба прыдушыць.
Думкі плывуць і плывуць валакном
Зноўку туды, ў маю родную вёску, —
Бразне галінкай бярозка ў акно,
Як на цябе, я гляджу на бярозку.