Увосень (Маракоў)

Увосень
Верш
Аўтар: Валеры Маракоў
1925
Крыніца: Прафесіянальны рух Беларусі. — 1925. — №16

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Непрыветнае неба увосень,
Хмары шэрыя нiзка бягуць.
Не пяе болей нiва калоссем...
Хто ж разгонiць у сэрцы тугу?

Хто аб радасцi скажа сягоння?
Аб ёй скажа нам сонца й вясна...
А цяпер пачарнеўшыя гонi
Не распаляць у сэрцы агня.

Рэчка люстраю б’ецца ў каменнi,
Ад зiмы белагрывай бяжыць.
Ў срэбралiтых бярозка праменнях —
Слёзы капаюць ў глыбу мяжы.

Не пяе болей нiва калоссем...
Хто ж разгонiць у сэрцы тугу?
Непрыветнае неба увосень,
Хмары шэрыя нiзка бягуць.