Ночанька цёмная голаву зьвесіла,
— Сумны ты, дружа?
Знаю, ня весела.
Шорах пачуецца, постаць находзе,
думка адна: бязумоўна, злодзей.
Хто-ж яго ведае, хто разгадае?
Кажуць, што ночанька гора стварае.
Крамы жалезныя. Сэрца слабое.
Страх неразлучны з праклятаю цьмою.
Часта ўначы валацугі праходзяць,
ведаеш, дружа, ня кожны з іх злодзей.
Часам бывае падыйдзе каторы
дасьць закурыць, ад душы пагаворыць,
сядзе ля крамы, такі ўжо ў іх звычай,
сьмела, ня бойся ты іх, вартаўнічы.
Глуха на вуліцы. Скованы камень.
Зьзяе ліхтар, нібы зорка ў тумане.
Гутарку з стрэхамі, страшна парою,
цемень заводзіць сыпучай імглою.
Холадна. Жудасна. Ногі слабеюць.
Сэрца ў трывозе начной ледзянее.
Знаю, ня весела. Ночка цягучая
цемрай васеньняю так надакучыла!
…Толькі як дворнік старэнькі устане —
думкі ўзьвіюцца, — радасьць сьвітаньня.
15. X. 26
|