Угрунь (1927)/Віратлівы разьбег/Вянок

Гудкі Вянок
Верш
Аўтар: Андрэй Александровіч
1927 год
На лева
Іншыя публікацыі гэтага твора: Вянок (Александровіч).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ВЯНОК

Сумны сёньня дом дзіцячы,
ня зьвініць крылаты!
І вось вецер быццам плача —
скрыўджаны утратай…


∗     ∗

Бяспрытульная дзяўчынка
згінула — змарнела.
Хлеба чорнага скарынку
тыднямі ня мела.

Што-ж рабіць? Каму схіліцца?
Дзе знайсьці збавеньне?
Сохне твар, як жоўталісьце,
сохне ў сутарэньне.

На работу дзе наняцца,
дый гадкоў-жа восем.
Хто там дасьць якую працу,
дый каго папросіш?

Цяжка, цяжка і сьцюдзёна
і няма прыпынку:
ні матулі, ні знаёмых,
бедная дзяўчынка.

Горам лютым ветры выюць
асушаюць сьлёзы.
Сэрца плача. Грудзі ныюць.
Страх нясуць марозы:

Як заўсёды, ой бадай іх,
дні бядой ляцелі…
і як баецца у байцы
сірату сустрэлі.

У прытулак наш забралі
і лягчэй ёй стала.
Але вуліца бяз жалю
сілу падарвала;

Шанавалі — даглядалі
любую сястрыцу.
Ў вечар песьні ёй сьпявалі,
толькі-б ня журыцца.

Толька-б вось каб сум закінуць
і няўспомніць гора.
Зьвіць дзяўчынцы-сірацінцы
радасьць з ясных зорак.

Але сёньня цёмнай ноччу
сэрца замаўчала
і жыцьцё, як той лісточак
з дрэва адарвала.

Над пагорбленай царквою
завывае вецер.
Апавітае імглою
зашумела вецьце.

Сумна-сумна над курганам
ставяць дамавіну.
Сэрца жудасьцю нязнанай
рвецца ў сьвет — даліну.

А наўкол крыжы, магілы.
помнікі, капліцы.
Ой, шкада дзяўчынкі мілай,
Ой, шкада сястрыцы.

Ня сьціхае шум зялёны,
жаласьліва-хмурны;
ў гэтым шуме засмучоным,
быццам звон хаўтурны.

Захісталіся бярозы,
як сіроты плачуць,
нібы сьвечы пры дарозе,
сьвечы, няіначай.

Разьвітаньнем дзеці-дружкі
боль ў вянок зьвівалі —
напісалі на істужцы:
— Сірацінцы Галі.

12. IX. 26 г.