Угрунь (1927)/Віратлівы разьбег/Падарожжа

Фабрыка сьмерці Падарожжа
Верш
Аўтар: Андрэй Александровіч
1927 год
Віратлівы разьбег
Іншыя публікацыі гэтага твора: Падарожжа (Александровіч).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ПАДАРОЖЖА

І ўгорад замызганы ў прочкі
пайшоў я з бярозавым кіем…
Сабака правёў да прысадаў
і назад невясёла памуляў…
Язэп Пушча

Раніцай-рана,
чуць сьвет зарою
зальле пазалотаю нашу зямлю, —
пайду ў Падарожжа, пайду даліною,
моладасьць ветла прасторам схілю.

Сінім туманам,
расою сасновай,
вочы прамыю, песьню гукну!
Разам з заросшай зялёнай дубровай
шэлестам лісьцяў сябе апрану.

Пайду праз балоты…
Гэй, гэй, дрыгвою!
Сустрэну я вербаў раскіданы шум.
Ці простаю сьцежкай іду ці крывою —
радасьць у сэрцы сваім нашу.

Вышаў я ў сьвет…
Дарога цяжкая…
Імкненьне — адно што ўцяшае, заве.
Дарогай сялянку за працай спаткаў я,
ўсьміхнуўся ў вачох яе вольны сусьвет…

Імкненьні юнацтва…
Гэй, гэй, Падарожжа,
вечнае сонца, радасны кліч!
Наша жыцьцё навальніца ня зможа
ў родных прасторах бязьмежнай зямлі.

Няхай сутарэньне
мяне прабачае,
пайду па шляхох беларускіх далін.
Пайду я па вёсках, бо іх пакідаюць,
нявывяўшы ў полі заросшы палын.

У горад ідуць…
Да прысадаў сабака,
шавелячы хвост, прабяжыць усьлед.
іх ня прывабіла, сілай ніякай,
хата-чытахьня, ячэйка, савет…

З жыцьцём нясуладзіўшы,
як на чужыне,
пакінуўшы вёску сьціраюць асфальт.
Любоў да жыцьця
няпрыкметна ў іх стыне,
ня вабіць іх заўтрага сьветлая даль.

А горад бязьлітасны,
горад бурлівы,
— зьнямог, —
ён ня спыніць крылаты свой бег!
…Бяспрытульнымі
песьнямі выюць нудліва,
праз сьлёзы ўзьнімаюць асінавы сьмех.

Ім не ўдалося
з горадам зжыцца,
дзіка ім песьня сталёвых машын.
Горад іх давіць, як пылам кастрыца,
як вёску іх родную горкі палын.

Кожнае слова іх
смутак зьвівае,
быццам бясьсілем хварэе ўдава.
Эх, Беларусь, ты мая, залатая
згіне дарма не адна галава.
Няўжо гэтак цяжка
на новай пуціне
радасьцю ўсеяць дзянёчкі свае?
Няўжо праглыне іх карчмы багавіньне
дый сум замагільны на век абвіе?..

Пайду я прасторам
лясной Беларусі,
пайду на шляхох беларускіх далін.
Горад, мой родны, я не зракуся
гучных мэлёдый сталёвых машын.

Толькі прайду я
далінай вазёраў,
там — пакарчуем палын-траву.
Зноў я вярнуся, вярнуся ў свой горад
і пакланюся яго хараству…

Полацак, 1926 г.