Узаемаадносіны духавенства і прыхаджан

Узаемаадносіны духавенства і прыхаджан
Артыкул
Аўтар: Аляксандр Коўш
1928 год
Крыніца: Скрыжалі памяці. Кніга другая - с. 166

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Адным з найцяжэйшых пытанняў у адносінах паміж духавенствам і прыхаджанамі з’яўляецца пытанне аб узнагароджанні прыхаджанамі духавенства за трэбы. Гэтае пытанне з’яўляецца амаль што адзінай і выключнай прычынай непаразуменняў паміж духавенствам і міранамі. Шмат чаго прыхаджане могуць выбачыць свайму настаяцелю, але церазмернага спаганяння за трэбы яны не выбачаюць.

І запраўды, прадставім сабе абраз, даволі часта сустракаючыйся ў жыцці.

Да свяшчэнніка прыходзіць прыхаджанін і кажа, што ў яго памерла жонка, ці бацька, ці матка, прычым просіць пахаваць нябожчыка «як трэба», г. зн. з імшой, і пытаецца, колькі свяшчэннік возьме за хаўтуры.

Пры гэтым запытанні абое, і свяшчэннік, і прыхаджанін, апускаюць вочы ў зямлю. Свяшчэннік гаворыць суму.

— Дорага, бацюшка, я ж чалавек бедны, а ў мяне малыя дзеці ў хаце.

— Так, але ж і мне жыць трэба, — адказвае свяшчэннік.

Такім чынам паміж духаўніком і яго духоўным сынам у той момант, калі апошняму найбольш патрэбна духовая дапамога і пацяшэнне з боку свайго духаўніка, пачынаецца гандаль — гандаль самы страшны, бо прадметамі яго з’яўляюцца малітва і мёртвае цела. Праз нейкі час абодва бакі застанаўліваюцца на пэўнай суме.

Прыхаджанін выходзіць ад свайго айца духоўнага, ідзе дахаты і плача. І цяпер ён не зусім ясна разумее, чаго ён плача, чаго яму больш шкада: нябожчыка — нябожчыцу ці тую часта апошнюю карову, якую ён змушаны прадаць, пакінуўшы дзетак без малака, — прадаць спяшаючыся, а дзеля гэтага за палову яе вартасці з тым, каб каля паловы атрыманых грошай аддаць прычту за хаўтуры.

І натуральна, што ўсю гарчыню, сабраўшуюся ў яго на душы, прыхаджанін пераносіць на свяшчэнніка. Ён не толькі думае, але і расказвае іншым, што яго «абадралі».

А свяшчэннік? Застаўшыся адзін, пасля адыходу прыхаджаніна, ён пачынае адчуваць мучэнні сумлення, ён разумее, што яшчэ далей адышоў ад прыхаджан, што яны яго абгаворваюць за ўзятыя грошы, што яму, як айцу духоўнаму, трэба было б падтрымаць, пацешыць свае духоўнае дзіця ў яго горы, што пры гэткіх учынках ён ніякімі найкрасамоўнейшымі казаннямі не дасягне свае мэты, што яго ўплыў на сваіх духоўных дзяцей будзе з кожным разам усё памяншацца.

З другога ж боку, ён думае аб сваіх родных дзецях, што адныя з іх знаходзяцца ў школьным веку, другія ўжо перараслі гэтыя гады, што іх трэба вучыць, а вучыць няма за што, што ён не мае магчымасці не толькі даць ім адукацыю, але не можа нават адзець, абуць іх як трэба. Ён параўноўвае становішча сваіх, застаючыхся без адукацыі дзяцей са становішчам дзяцей сваіх прыхаджан у будучыні, якія, як і іх бацькі, усё ж будуць гаспадарамі, і з сумам думае аб тым, якая будучыня чакае яго ўласных дзяцей. Трэба заглянуць глыбей і зразумець і разглядзець тую трагедыю, якую перажывае знаходзячыйся ў такім становішчы свяшчэннік. І хто ведае, магчыма, ён, змушаны абставінамі, не раз, як чалавек, аплаквае не толькі момант свайго пасвячэння ў свяшчэннікі, але і час свайго нараджэння.

Які ж выхад з гэтага ненармальнага і цяжкога для абодвух бакаў: духавенства і прыхаджан, а таксама шкоднага для царквы наагул становішча?

А выхад ёсць. Патрэбна толькі добрая воля з абодвух бакоў. Гэта — самаабкладка прыхаджан для ўтрымання прычту. Пытанне аб колькасці і спосабе самаабкладання з усімі дакладнасцямі з ім злучанымі ў кожным прыходзе можа быць вырашана і апрацавана ў залежнасці ад мясцовых варункаў. Выконваць гэтае самаабкладанне ў сельскіх прыходах выгадней усяго было б не грашыма, а збожжам; з душы, дзесяціны ці гаспадарчай адзінкі — гэта пытанне мясцовае.

Ініцыятыву ў гэтай справе павінна ўзяць на сябе духавенства. Ясна, што сярод прыхаджан знойдуцца праціўнікі такога вырашэння пытання, але смушчацца не трэба, а далей весці працу.

Неабавязкова адразу з цэлым прыходам, спачатку можна з паасобнымі вёскамі.

Калі ўдасца дагаварыцца і саставіць прыгавор з адной вёскай, гэта ўжо будзе палова працы. Колькасць гадавога ўзнагароджання прычту лёгка азначыць. Падставай гэтага павінна быць агульная сума даходаў за год, якая ёсць у кожным прыходзе. Гэтую лічбу, каб унікнуць ад тых непрыемнасцяў, якія змушаны пераносіць прычт пры персанальным прымусовым пазысканні за трэбы, можна нават паменшыць.

Для прыхаджан такі спосаб узнагароджання прычту будзе таксама больш раўнамерным, а дзеля гэтага і лягчэйшым. Калі прыняць пад увагу, што гаспадаркі на цэлых надзелах цяпер сустракаюцца даволі рэдка, што ў большасці выпадкаў яны падзелены на 4–6 асобных гаспадарак, дык пры самаабкладанні на ўтрыманне прычту, напрыклад: з поўнага гаспадарчага надзелу па 6–8 пудоў, з асобнай частковай гаспадаркі прыйдзецца плаціць 1 ½ – 2 пуды.

Між тым амаль не бывае ў прыходзе хаты (частковае гаспадаркі), з якой у працягу года не зварочваліся б да прычту: то хаўтуры, то народзіны, то метрыка, то вяселле, а значыць, усё пуды ды пуды, і, здараецца, што з некалькіх асобных гаспадарак аднаго надзелу трэба аддаць прычту за год 12–15 пуд. заместа 6–7 без непаразуменняў.

Прычт са свайго боку павінен быў бы выпаўняць усе абавязковыя трэбы, як хаўтуры, хрэсьбіны, шлюбы, выдаванне метрыкаў, споведзь, асабліва вялікапосную, бясплатна.

Гэта адзіны карысны для абодвух бакоў выхад з ненармальнага спосабу платы за трэбы.

Гэта зблізіла б духавенства і прыхаджан, стварыла б больш шчырыя ўзаемаадносіны між імі, паставіла б духавенства ў большую залежнасць ад прыхаджан, што зусім не страшна духавенству. Карыстаючыся любоўю і пашанай з боку прыхаджан праз ухіленне прычынаў, паралізуючых гэтую любоў і пашану, духавенства аўтарытэтна выкарыстала б сваё становішча для дабра Царквы, што так неабходна ў сучасную пару ў нас у Заходняй Беларусі.