Узброеныя песні (1936)/Векапомная восень

Пагранічная вясна Векапомная восень
Паэма
Аўтар: Андрэй Александровіч
1936 год
Хлебная зіма
Іншыя публікацыі гэтага твора: Векапомная восень.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ВЕКАПОМНАЯ ВОСЕНЬ

I. Гнёзды навальніц

правіць

I. ГНЁЗДЫ НАВАЛЬНІЦ

Жыў Янук і з года ў год
Гараваў.
Пасвіў скот, кулацкі скот
Гадаваў.
Аддаваў ён кулаку
Маладосць.
Лёс пакінуў Януку
Злосць.

Ён парой, у забыцці,
Каля гаю,
Аб сваім благім жыцці
Заспявае.
Песня хлопцу сэрца раніць,
Ой, расчуліць!
Ён-жа вырас на байдане
Без матулі.
І хвілінай лятуценнай,
Быццам сон,
Марыць, што, як птах-праменны,
Ўзвіўся ён.
Вось на крыллях мар юнацтва,
Ў добры час! —
Хоча з праўдай ён спаткацца
Хоць-бы раз.
А ў якой яны старонцы?
Дзе той пуць?
Ты скажы, вандроўнік сонца,
Добрым будзь!

Шмат краін Янук мінае,
Ой, дарма!
Праўду кліча ён, гукае
І няма…
Рэжа крыллем сакаліным
Неба шоўк.
Праўду родную ў краінах
Не знайшоў…
Вось у думках бачыць горы,
Выспу скал.
А ля гор бушуе мора,
Грозны вал.
І здалося — вось маячыць
Гнеў-скала.
Праўду тут Янук убачыў, —
Тут жыла.
Падышоў.
І так нясмела,
Ў першы раз,
Праўда ветліва сустрэла
Веем ласк.
Сеў, як з маткай, з праўдай разам,
Пра свой лёс
Гаварыў Янук, расказваў
Мовай кроз.
І расказваў доўга-дбала
Казку-быль.
Слова кожнае ўставала
На дыбы!
Праўда слухала і ў вочах
Кроплі слёз:
Шмат Янук жыццём сірочым
Перанёс!

Поўз густой сцяной аднекуль
Статак хмар.
Давіць грудзі сіла здзеку,
Як цяжар.
Праўда слухала стаіўшы
Гневам дух.
З дзідаў сказ нядолі вышыў
Наш пастух.
І сказала праўда: — „Хлопча,
Прыдзе восень,
Быць таму, чаго ты хочаш,
Што ты просіш!
Прыдзе восень новым светам
І не госцем,
Люд такой не знаў дагэтуль,
Наша восень!..“
І яшчэ сказаць хацела,
Ды з-за гор, —
Хмар навала загудзела,
Выў віхор.
— Праўда, дзе ты?
След загінуў,
Знік, няма.
..........
Эх, ты, слаўная хвіліна,
Слодыч мар!..

Каля выгану, на ўзлессі,
Ў хмызняку,
Ружай свет здаецца ў песні
Януку.
Восень прыдзе, ёй скарыцца
Хціўны шквал.
— Дзе вы, гнёзды навальніцы,
Выспа скал?..
Водзіць думак сонцалітых
Карагод.
Не дагледзіў, травіць жыта
Ўласны скот.
Віхрам быў Янук ускочыў,
Дый бяда:
Перад ім — не вераць вочы —
Гаспадар!
Янука кулак дубінай
Каласіў.
І таптаў, як тую гліну,
Колькі сіл!
Біў ён з ярасцю зацятай,
Люта біў,
Збіў да смерці, і ўжо ў хату
Не пусціў.

Ледзь устаў, пралежаў ніцам
Да зарніц,
Ледзь падпоўз ён да крыніцы
Кроў абмыць.
А закат з агню праменняў
Звіў вянок,
І, як сейбіт, шчодрай жменяй
Сеяў змрок.

II. Абуджэнне сіл

правіць

II. АБУДЖЭННЕ СІЛ

Варам салоным ад слёзаў былі —
Міналі дні…
Скрогатам жвіру курганнай зямлі —
Міналі дні…

Роспаччу лётаў па свету смерч,
А дні ішлі…
Слалася мостам свінцовая смерць,
А дні ішлі…

Выла зямля ад грымот перуна,
Стагналі дні…
Білася свістам крыві вайна,
Стагналі дні…

Грознае тут пачалося яно,
Паўсталі дні!
Ленін праз вогнішчы вёў стырно,
Уздрогнула мора людскога дно,
Праўды ўзышло агнявое зярно,
Гневам рунела ў вачах яно,
Абуджанай сілай шугалі агні —
Паўсталі дні!

III. Праз гады

правіць

III. ПРАЗ ГАДЫ

А праз гады, праз радасць і самоту,
Праз жах і роспач катавых налётаў,
Праз партызанскую гарэзную адвагу,
Праз чад пагроз, праз голад і знявагу,
Праз дні і ночы ўпартасці і мук,
Праз лямант скону дзедаўскіх палосак,
Праз хціўны зман кулацкіх падгалоскаў,
Вялікай праўды —
Творцам стаў Янук!
..............
… Янук узрушаны. Ён чуў сябе героем,
Ён шчасцю заваёванаму рад.
І нават весела сыпучай мітульгою
Цярушыцца пажоўклы лістапад.

Янук узрушаны. Ён — рад свайму калгасу,
Работ цяжкіх прайшла гарачыня.
Не быць узрушаным і радасным і шчасным
Не мае права — знатны старшыня!

Калгасным табарам пакошаны і зжаты
Квітнеючага лета ураджай.
Пачэсны кут займае ў светлых хатах
Заквашаная хлебная дзяжа.

А дзе-ж было яно, калі, ў якіх краінах,
Змардованаму працай бедняку —
Каб дар зямлі быў хлебам без мякіны?
Каб восень скарбам слалася ў таку?

Вядуць абоз. Плыве разліў баяна…
Шырэй вароты, ўдарнік-гаспадар!
І ў ветлых вокрыках таварыскай пашаны
Сваіх работ прымае плённы дар.

Штандары — золакам над хатаю ірдзеюць,
А чуткі-гутаркі лягендамі раслі.
Эх, чорта два! Такой яшчэ падзеі
Не ведала гісторыя зямлі!

Сказаў — гісторыя?
І з намі ёй зраўняцца?
А старцы-лірнікі, а старцы-дудары,
Як цудам здзіўлены: бы ў панскія палацы —
Калгаснай хаце звозяцца дары!

Янук узрушаны. Ён чуў сябе героем.
Ён шчасцю заваёванаму рад.
А як не узрадаваць? Упартасцю сваёю
У спісах гонару займае першы рад.

У грудзях — прыбой агня,
А ў вачах — трывога.
Асядлаў Янук каня,
Як струна — дарога.

Вецер клоніць строй прысад,
Свішча ў полі зжатым.
Едзе хлопец да дзяўчат,
Хлопец едзе ў сваты.

Адцвіталі тапалі
Беласнежным цветам.
Ехаць трэба, а калі,
Як не ў баб‘е лета?

Покуль зладзіш добры лад
Справы гаспадарскай,
Ой, не ўспомніш пра дзяўчат,
Пра пяшчотнасць ласкі.

Дні і ночы напралёт
Бег работ вірлівы.
Гэй, давай паскорым ход,
Конь мой белагрывы.

У грудзях — прыбой агня,
А ў вачах — трывога.
Пад капытамі каня
Як струна — дарога.

Бывае так: ты думаеш адно,
Інакшае здараецца на справе:
Янук раздаў калгаснае зярно,
Янук даўно — падатак здаў дзяржаве, —

А тут… прыехаў — дзівіць сумятня,
Сабраны хлеб злачынцы замачылі.
Як птах падбіты, скача старшыня:
— Не ўпільнаваў… Нашкодзілі… Зглумілі.

Па вёсцы ходзяць бабы і бурчаць:
— У пуні хлеб, а ў хаце ні скарынкі!
Янук збіраўся, марыў пагуляць,
Янук чакаў вясёлай вечарынкі.

А гнеў людскі расплатаю крычаў.
Шукаюць ворага…
А ў полі зловіш вецер,

Ужо дамоў пастух скаціну гнаў.
Як цені, моўчкі сноўдаюцца дзеці.
Над лесам ззяў праменных горнаў круг,
Блакітны дзень стамлёны ў цьму нырцуе.

— Мо‘ закурыць дасі, — пытаецца пастух.
Янук прыветліва махоркаю частуе.
Разгаварыліся. А ўжо згусціўся змрок.
— Бяда, браток, снуе па пятах голад.

Янук застыў.
Не ўздрыгне пільны зрок.
Янук задумлены,
Яму знаёмы голас.

І валам кроў у жылах загула.
Не можа быць?
— Ды гэта ён, бясспрэчна!
Пастух заёрзаў, звяў, стаў чорны, як смала,
Ад нежаданае раптоўнае сустрэчы.

— Я-ж чуў, што ты жывеш у Салаўках?
Глядзіш, спаткаліся… Прымай маю падзяку.
Я — твой пастух! Ты помніш Янука,
Якога збіў і выгнаў, як сабаку?

Табе я дзякую за горкай долі дні,
За здзек, за слёзы, сукін сын, за гора!
Як лоўка скуру воўчую змяніў,
Патомак ліха, звеку люты вораг.

Твае шляхі, твае сляды ў крыві,
Дабру людзей ты шалам помсты шкодзіш.
Я — за руку цябе, раз‘юшаны, злавіў,
Прымай прысуд — народнай долі, злодзей!

Ты сапуном падкапваеш, што крот,
Падмурак росквіту сваім крывавым лычам.
Хадзем… пастух, убачыць хай народ
Тваё сапраўднае кулацкае аблічча.

Глядзіш у вочы мне, ты гнешся мне чалом?
А сілу даць табе, зальеш мне вочы воцтам.
Я — быў слуга, ты — быў гаспадаром,
Цяпер ты — золь, а я — змагар і творца!

Пяе ўрачыста восень перамог,
І гукі гімна льюцца ў свет здабыты!..
...............
Яны ідуць.
На суд…
Ідуць удвох —
Адзін усцешаны, другі тугой спавіты.

IV. Наша восень — наша слава

правіць

IV. НАША ВОСЕНЬ — НАША СЛАВА!

Песняй росквіту і славы,
Песняй мужнай, ваяўнічай,
Ходзіць сонечнаю явай
Наша восень —
Наш Кастрычнік!

А была ў няволі зданню,
Лятуценнем таямнічым:
Сёння ў вогнішчах змагання
Наша восень —
Наш Кастрычнік!

Дзе імгліла твань балотаў,
Каласіцца сад пшанічны.
Радасць спелай пазалоты
Наша восень —
Наш Кастрычнік!

Кліч Комуны шле народам —
Большэвіцкай пераклічкай
Новых фабрык і заводаў
Наша восень —
Наш Кастрычнік!

Ходзіць светам, ходзіць явай,
Шлях пад сонцам безгранічны,
Наша песня,
Наша слава,
Наша восень, —
Наш Кастрычнік!

Менск, 1933 г.