Узброеныя песні (1936)/Сонца і песня/Стары Менск

Поўналецце Стары Менск
Верш
Аўтар: Андрэй Александровіч
1936 год
Новы Менск
Іншыя публікацыі гэтага твора: Стары Менск (Александровіч).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




СТАРЫ МЕНСК

От, быў гарадок…
Ён з далёкае даты
Правінцыяй звацца звык.
І адвеку было:
Па-першае — губернатар,
Па-другое — капліца,
Па-трэцяе — гарадавы
І была Серабранка,
А там —
Свінабойня была
І прытоны.
І была яшчэ там бедната,
Ў сутарэннях таіўшы стогны.
І было яшчэ — цэльны стан
З палісаднікам і кароўкай:
Гэта сан —
Беларускіх мяшчан
Ад Пярэспы і да Камароўкі,
Што ад Кальварыі і да Кашараў
Праз Нізкі рынак
І — шырай —
Алкагольным, як чад, перагарам
Атручвалі нас тракціры.
Анучамі ў вокнах разбітых
Крычалі гарбатыя хаты —
Знясіленым крыкам рахіта
І крыкам сухотаў праклятых.
І ў гонар губернскай управы,
З каровамі ў перагонку,
Па рэйках кацілася млява,
Людзьмі абсмяяная, конка…
Пакуль навальніца з Усхода
Пранеслася вогненным шквалам —
Праходзілі людзі і годы
І ўцехай катрынка іграла…

1932