Узброеныя песні (1936)/Цені на сонцы

Хлебная зіма Цені на сонцы
Паэма
Аўтар: Андрэй Александровіч
1936 год
Шчаслівая дарога
Іншыя публікацыі гэтага твора: Цені на сонцы.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ЦЕНІ НА СОНЦЫ

(НОВЫЯ РАЗДЗЕЛЫ)

Прафесар і стэнаграфістка

правіць

ПРАФЕСАР І СТЭНАГРАФІСТКА

Маленькі на выгляд,
А шустры,
Пранырлівы
І далікатны.
Муштруецца ён перад люстрам,
Шукаючы позы выдатнай,
Простае, баявое —
З практыкі класавых боек.

Муштруецца блізка дэкаду
(У кропку не лёгка патрапіць!)
Праблема яго дакладу
„Нацпытанне —
на новым этапе“.

Выступаць яму —
Не прывыкаць,
На тысячы тэм, без муштроўкі,
З афарбоўкаю меншавіка,
Ці з іншаю афарбоўкай,
У залежнасці ад пары,
Ад пагоды і забеспячэння.
Скуль сёння павеюць вятры —
З тых бакоў і яго выступленне.

Хустачкай люстра працёр
І ў габінет невялікі
Стэнаграфістку паклікаў
На генеральны паўтор.

Дзяўчына — барвовай вясёлкай
Бадзёрасць румянцамі лье.
— Вы комсамолка?
— Але. (Пауза.)
— Вы стомленая?
— Не бяда.
— І так:

— Шаноўная грамада!
Спачатку, я хочу прасіць,
Дазвольце мне шчыра, аддана,
І ў шчасці вітаць усіх
З перамогаю доўгажаданай.

Я горка пакрыўджаны быў,
Кастрычнік душа не прымала,
Бо ў дзікім агні барацьбы
Шчодрасць у вас панавала.

Не дрэнна. Цара вы прагналі.
Вітаю. Стварылі урад.
Аднак, што Расію парвалі,
Карысці ў гэтым, наўрад.

Наадварот. Рэволюцыі
Болей клопатаў і прытым
У адным мяшку не ўжывуцца,
Пагрызуцца два каты.

Беларусь — гэта штучнае слова,
І не ўласнае, вось што важна.
ўся беларуская мова —
Прадукт міжнароднай пакражы.

Паслухайце, слова „страна“
Па-іхнаму значыць „краіна“.
А ўласнае гэта? — Мана,
Без адной літары „Украіна“.

Ці слова хаця-б „гаспадар“,
Неяк жах разбірацца цяпер —
Белагвардзейскае „гаспада“
З пролетарскім канчаткам „р“.

Я доўга даследваў і дзе там
Шавіністы такія, што жах:
Шмат у каго партбілеты —
А сарочкі ў васільках!

І галоўнае ў дні пяцігодкі
Васілёчкі — нікчэмны сарняк —
Вышываюць на касавароткі
І старыя, і маладняк.

Вы падумайце толькі — куды
Дакаціцца яны прыгодны.
Дзе песні я чуў — заўжды
Мелодыі песень народных.

Таму вось…
— Таварыш прафесар,
Калі ласка, вазьміце вады.
Вы хворы… Вы…

Здзіўлены прафесар:
— Прычым тут „вазьміце вады?“
І чаго яна — гэтак бурна
Стэнаграмай махнула, пайшла?

І стаў ён адразу пануры,
Падскочыла тэмпература,
І ліхаманка прыплыла.
Ён стрывожаны думкай гарэзнай:
Няўжо небяспечныя тэзы
Ў даклад кантрабандаю лезуць?
.............
Тэлефанілі ў дэканат:
— Прафесар хварэе. Прасіў
Адмяніць даклад.
Што-што?
… Мерсі.

1932 г.

БЛАТ

I

Няхай невялічкі пакой,
А думкам — прастор і развой.
Жыве тут заслужаны спец:
На працы — як верацяніца,
На працы — снуе, мітусіцца.
А прыдзе дадому — канец
Спаборніцтву
І будаўніцтву.
Не любіць ён вока людское,
Акно закрывае краямой,
І пахам травы баравой
Стамлёныя грудзі напоіць.
Прыляжа. А ціха вакол,
За шыбінай ззяе вясёлка…
— Калі ў галаве тваёй толк
Жывецца па густу і толкам.
Галоўнае дружба, а ёй —
Заўсёды ўсе дзверы адкрыты
Для Ціта дастанеш пакой,
А ў Ціта цвікі для Мікіты.
Мікіта дасць некалькі тон
Цэменту, з падзякай, Івану.
Іван у адзнаку — загон
Адгрузіць пшаніцы Сцяпану.
І круціцца так карусель,
І круціцца без перабояў;
І людзі здаволены мною,
І мне прыпадае рубель.
Няхай невялічкі пакой,
А думкам — прастор і развой.
І воку чужому і вуху
Не ўбачыць тут і не падслухаць!
А думкі плылі і плылі,
Праз дымныя хвалі, кругамі:
— Ідзеш і стыкнешся часамі
На камень, на роўнай зямлі.
Трымай сябе моцна ў руках,
Будзь пільным і чулым заўсёды.
Жыццё як зняволены птах,
Жыццё гэта — краты і годы.
Што жменяй уласнаю згроб —
Тваё, карыстайся, як хочаш!..
І зморшчыў абветраны лоб,
І бровы насупіў на вочы.
Уздрогнуў… Як быццам з засады,
Прарвалася крыўда з грудзей…
Ён глянуў навокал і рады:
Ў пакоі інтымны парадак,
Гарыць на партрэтах алей…

II

Цярушыцца сцежкай імглістай
Сутоннага змроку парча.
Ён слухаў рапсодыю Ліста
(Па радыё чуў скрыпача).

Струна паланіла гуканнем,
Будзіла жывая струна —
Пачуцці вясны і кахання,
Пачуцці агню і віна,

І страх за жыццё абуджала
І ў сэрцы трывогай расла.
Якраз як сумысле, як знала,
Чарнявая Галка ўвайшла.

І Галка здзівілася: — Злосны?
Ў вачах быццам пацеркі слёз?..
А гукі ліліся дзівосна,
Напэўна іграў віртуоз.

— Што сталася? Можа не рады?
Магу і пайсці… — Пачакай,
Бывае… Мелодыі-звады
Расчулілі… Выбачай!..

— Дзівак… А прышла я з навінай!
— Расказвай, ўсяму буду рад!
— Эх, любы, на бочку бензіну
Дастала табе я нарад.

Але заадно абяцала
Пяць скрынак аконнага шкла.
А скрыпка няспынна спявала,
А ў сэрцы трывога расла.

Як веерам, вязаным шарфам
Зрабіла прывычны свой жэст:
Ён тут-жа ёй, з кніжнае шафы,
Дастаў крэп-дэ-шыну адрэз.

І ў мяккай канапе абое,
Захопленыя скрыпачом,
Звілі рамантычным настроем
Агонь свае дружбы — вянком.

III

І сніцца яму, так празрыста,
Што ўжо ён інакшы зусім,
Што ён у тэатры артыстам,
Хоць цяжка, хоць шлях і цярністы,
Ўсё-ж компас кіруе на ўздым!

Таму кантрамарку й другому,
А трэцяму цукру прыдбаў,
Чацвертаму лаку і хрому —
І стаў ён артыстам вядомым,
Ён славай мастацкаю стаў.

Ён стаў тэатральнаю зоркай,
Героем дзяўчат і пяшчот…
Часамі ён чуе гаворку,
Што часта пустуе галёрка,
— А ў партэры — што, не народ?

Вось Галка з падругай у ложы,
Падруга прышла з жаніхом
(Без цёшчы жаніх быць не можа!),
Вось гэтак і партэр заложан
І зложан авацыі гром.

Як блескам зара на расцвеце,
Палоніць актор-самацвет!..
— Эх, вецер завёўся ў бюджэце!..
Не важна, а ў Наркомасвеце
Навошта сумуе бюджэт?

Галоўнае — ўвёрстывай ролю,
На заўтра — ў газеце клішэ.
Тады, як шалёнаму поля,
Хапае і хлеба і солі,
І славай набіта кішэнь.
А ўсю-ж тэатральную драму
Яму сапсаваў паштальён:
Чарговы запрос-тэлеграма…
А гэткі чаруючы сон!
О, больш не паўторыцца ён!
І глянуў на тэкст тэлеграмы:
Бяру тэрмінова дынамо.
Даю каноплю. Сымон.

IV

Чаромухай праменні
Цвітуць каля акна.
На крыллях лятуценняў
Прабеглі ўзвеі сна.

А сон быў гэткі дзіўны,
Нязбыўных дум вянок.
Прайшло. І смокча хціўны
Пад сэрцам чарвячок.

Устаў. Акінуў вокам —
Няма і Галкі ўжо.
Ён уздыхнуў глыбока
І глянуў на ружжо.

Але-ж яно ніколі
Не выстраліць само.
Ўстрывожаны да болі,
Ён стаў каля трумо.

Капрызы туалета
Яго ўзялі ў палон.
Якраз прынёс газету
З прыветам паштальён.

Перагарнуў старонкі
І ўголас прачытаў:
— Няма ў нас песень звонкіх,
Каб наш народ спяваў.

— Вучоным і паэтам
Ад моладзі пісьмо…
Заёрзаў, змяў газету,
Зноў стаў каля трумо.

А думкі смелым лётам
Крыляцца, як арлы.
— На песнях заработак
Заўсёды не малы.

Ён доўга задумённы
Ўглядаўся ў свой партрэт.
— Відаць лягчэй вучоным,
Які з мяне паэт!

Уплесці ў рыфму слова
Няма страшнейшых мук!
Навошта-ж мне спілоўваць
Яшчэ жывучы сук!

Прыдбаўшы двух знаёмых
Праз некалькі гадзін —
Я стану і вучоны
І навуковы чын.

О, чэк акадэмічны,
Агалашу трактат:
— Праблема песні зычнай
На будаўнічы лад!

І гэта будзе лоўка,
І нават навіной,
Бо там самастрахоўка
З парукай кругавой.

Бо там трасуцца жылкі
І вочы там крычаць:
— Каб не зрабіць памылкі,
Лепш мудра памаўчаць.

А я героем буду,
Бо я даклад зраблю.
І блат народзіць цуда,
А цуда я люблю.

Дый раптам стук у дзверы,
Ён задрыжэў, як ліст…
Блацёра вокам змерыў
Таварыш мой, чэкіст.

Прасіў не хвалявацца,
Накінуць паліто.
А праз хвілін дванаццаць
Іх вёз ужо аўто…

Снежань 1934 г.