Умец, мастак, кудзьбіт
← Што трэба разумець пад найменьнямі — Паляне, Дрыгвічы, Дрэўляне | Умец, мастак, кудзьбіт Артыкул Аўтар: Вацлаў Ластоўскі 1923 год Крыніца: Часопіс «Крывіч», № 3, жнівень 1923 г., б. 53-54 |
Беларускі абычай што да падаваньня агня → |
Умец, мастак, кудзьбіт. Беларуская літэратурная мова хутка разьвіваецца і набірае сочнасьці і барвітасьці дзякуючы выкарыстнаваньню нашымі аўторамі някранутых дагэтуль багацьцяў беларускай мовы. Дужа важна ў гэтым адраджэнчым пэрыодзе даваць адразу распрацоўку адценкаў слоў, ўняць іх у рамкі лёгічнага разуменьня. Важна выцягаць занядбаныя адцені слоў. Я дагэтуль, напрыклад, нідзе ў беларускай новай, літэратуры ня сустрачаў слова, „умец“, якое пашырана па ўсей Магілеўшчыне і маецца ў этнографічнай беларускай літэратуры. Для прыкладу, з маючайся пад рукой кніжкі Раманава („Беларускі Зборнік“ вып, V Вітабск 1891 г.) пакажу на 36 страніцу, дзе гэтае слова маецца. У слоўніку Насовіча яго німа, як німа там большасьці характэрна беларускіх слоў. Ў Насовіча ёсьць толькі слова „умѣлый“ якое ён тлумачыць: „Знающій. Умелый ня будзець пытацца ў другіх“. Слова „умец“ на расійскую мову трэба было-бы перакладаць не „знающій" як гэта зрабіў Насовіч, а—„искусный“, нямецкае „Meister“; умецтва—„искуство“, польскае „sztuka“, нямецкае „Kunst“. Слова „мастак“ мае ўжо другі адценак, дужа блізкі да расійскага „артист“ нямецкага „Künstler“. Што датыча слова—кудзьбіт, кудзебнік то, ў стараславянскай мове, „кудеснік“ ўжывалася ў значэньні „magus“; старарускае куд—incantatio, ачараваньне. У паўночна ўсходных паветах Беларусі, ў народнай мове, вядома яшчэ слова—„акудны“ ў значэньні расійскага „обаятельный“ „очаровательный“. Слова кудзьбіт, будучы аднаго і таго-ж караня з расійскім—„художнік“,—якое, ў расійскай мове, ўжываецца для абазначаньня найвышэйшай ступені ўмеласьці, гранічачай з празорніцтвам, — зьяўляецца, па структуры і ўнутранаму зьместу яму аналёгічным і ва ўсіх здарэньнях яго замянаючым,
О. У.