Унія
Артыкул
Аўтар: Вацлаў Ластоўскі
1926
Крыніца: Ластоўскі В. Выбраныя творы: Уклад., прадмова і каментарыі Я. Янушкевіча. — Мн.: «Беларускі кнігазбор», 1997. — С. 391-406.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Адну з найбольш трагічных балон нашай мінуўшчыны займае рэлігійная унія, заключаная паміж вызнаўцамі лацінскага і грэцкага абрадку на Берасцейскім саборы ў 1595 годзе. Нягледзя на аграмадную пісьменнасць, якую выклікала павыжшая падзея, дагэтуль яшчэ няма працы, каторая бы аб’ектыўна, з пункту інтарэсаў нашага народа яе асвятляла. Аб уніі дагэтуль вялася пераважна палеміка гістарычна-дагматычнага зместу, якая нічога не выясняе і нікога не пераконвае. Палемісты маскоўскага абозу, амаўляючы унію, выступаюць у ролі абаронцаў старога благачэсця, праследаванага каталікамі-палякамі, і наадварот, палемісты лаціна-польскага абозу выступаюць у ролі прапагатараў заходняй культуры і яе носьбітаў на «барбарскім» усходзе. Адна і другая старана прамаўчвае пры гэтым істотныя палітычныя інтарэсы, на асноведзі якіх разыгрывалася гэта наша трагедыя.

I. Грунт, з якога вырасла думка аб уніі правіць

Разарванае надвое ў IХ — ХI стагоддзях усясветнае хрысціянства заўсёды імкнулася да аб’яднання. Гэтаму аб’яднанню перашкаджалі старыя палітычныя парахункі паміж Візантыяй і Рымам. дагматычныя разыходжанні былі прыдуманы толькі на апраўданне падзелу. Але адасобленасць усходняй і заходняй царквы — чым далей, тым большая — вытварала розніцы, і, разам з гэтым, штораз трудней было ім прымірыцца, тым больш што ў меру таго, як слабела Візантыя, раслі вымогі Рыма на галоўнае і адзінае прадстаўніцтва ўсяго хрысціянства на свеце. Аднак паміж Усходам і Захадам бывалі моманты збліжэння, якія ізноў чарадаваліся разыходжаннямі. Гэты справы збліжэнняў і разыходжанняў выклікалі жывы інтарэс у цэнтрах, але чым далей ад цэнтраў — Візантыі і Рыма, — тым актуальнасць гэтых спраў была меншай. Гэтак на крыўскіх землях рэдкія адзінкі ўяўлялі сабе істоту рэлігійнага падзелу і вынікаўшых з гэтага супярэчнасцяў. Што адны трымаліся ўсходняга абраду, а другія — заходняга, тут, у нас, гэта вынікала не з дагматычных, а з традыцыйна-гістарычных і мясцовых палітычных і абычаёва культурных варункаў. Бывалі здарэнні, што архібіскупаў на праваслаўную архібіскапію назначаў папеж (Грыгорый Балгарын — 1458 г.) і назначэнне яго пацвярджаў канстанцінопальскі патрыярх, і наадварот, высвячаны патрыярхам архібіскуп пасылае пасольства да папежа (пасольства да папежа Сікста ІV). Гэтыя пасольствы і назначэнні для кансерватыўных нізоў нічога не гаварылі і не мелі ніякага практычнага выніку. Нават тыя з магнатаў, якія прымалі не унію (якая нічога не змяняла), але чысты лацінскі абрадак, паколькі жылі ў краю, то абычаёва-культурна і палітычна аставаліся па дзяржаўнай прыналежнасці літвінамі, а па культурнай — крывічамі.

Змену ў гэтае палажэнне ўнесла рэфармацыя, якая, як гураган, закружыла па краю каля 1530–1540-х гадоў, змятаючы з аблічча зямлі таксама праваслаўе, як і каталіцтва. Перад агульнай небяспекай саўсім натуральна было вынікнуць мыслі аб супольнай абароне. Мысль гэта расла, крэпла і ўрэшце знайшла свой выраз у акце Берасцейскага сіноду 1595 года.

II. Палітычная асноведзь, на якой павінна была развівацца унія правіць

На крыўскіх і ўкраінскіх землях хрысціянства шырылася разам з заваяваннямі іх варагамі-руссю. Хрысціянства было верай заваёўнікаў, верай русаў, — рускай верай. Пад гэтай назовай «рускай веры» ўмацавалася хрысціянства на ўсёй усходняй славяншчыне. Аднак адзінства «рускага» веравызнання і варага-рурыкавічаўскай дынастыі не сцёрла на ўсходняй славяншчыне племянных падзелаў. Пракавечны падзел на балтыцкае і пантыйскае славянства астаўся ў поўнай сіле. Акром гэтага, пачала ўзрастаць трэцяя, усходняя, група каля Масквы.

К ХVI ст. Масква станавіла ўжо даволі крэпкую асобную дзяржаву. Значная часць, ледзь не большая, крыўскіх зямель станавіла Вялікае Княства Літоўскае, да якога належала Украіна (Русь), а Галіччына ўходзіла ў склад Польшчы. На ўсім гэтым абшары панавала «руская» вера, што не выключала падзелу на тры нацыянальныя групы:

І. Літва, у склад якой уходзілі ваяводствы: Віленскае, троцкае, Менскае, Мсціслаўскае, Новагародскае, Полацкае, Віцебскае і Берасцейскае.

II. Русь, ваяводствы: Луцкае, Кіеўскае і Падольскае, якія былі (як заваяваная ў ХІV ст. Літвой правінцыя) далучаны да Літвы, а ваяводствы: Львоўскае, Холмскае і Бэлзскае знахо дзіліся як правінцыі ў складзе Польшчы.

III. Масква. Скланяючыся сімпатыямі ў бок Літвы, але пад- падаючы пад штораз большы ўплыў Масквы, трымаліся яшчэ да паловы ХVІ ст. рэспублікі Вялікага Ноўгарада і Пскова.

Стасункі паміж Літвой і Руссю (Украінай) былі не ўнармаванымі. Русь, удзячная Літве за вызваленне з-пад татарскага ярма і шукаючы абароны ад татарскіх нападаў, не забывала сваёй колішняй славы і галовенства на ўсходняй славяншчыне. Русь мірылася са сваім палажэннем падбітай правінцыі ў складзе Літоўскай дзяржавы, але не лічыла гэтае палажэнне для сябе нармальным. Княжыя рускія роды, патомкі Рурыкавічаў, былі носьбітамі незалежніцка-дзяржаўных ідэй Русі. У меру таго, як слаб націск татараў на Русь і павелічалася залежнасць Літвы ад Польшчы, незалежніцкія імкненні ў рускіх магнатаў узмагаліся. Пры кожным немаль аднаўленні дзяржаўнай уніі паміж Польшчай і Літвой, у рускіх магнатаў ажывала надзея, што Русь, раздзеленую паміж Літвой і Польшчай, удасца злучыць у адно цэлае і ўвайсці ёй у склад фэдэральнай Рэчы Паспалітай ужо не як руская правінцыя, а як руская дзяржава, як трэці народ, раўнапраўны з Літвой і Польшчай. На з’ішчанне гэтых імкненняў меліся ў Русі надзеі на Люблінскім сойме 1569 г., у кожным здарэнні пасіўнасць Русі, калі кароль яе даровываў Польшчы, прымушае думаць, што адбывалася гэта даравізна не без паразумення з Руссю. На пераходзе з-пад улады Літвы пад уладу Польшчы Русь выігрывала злучэнне ўсіх сваіх зямель пад адной уладай. Урэшце дзяржаўная унія 1569 года была заключана паміж двума толькі народамі — Літвой і Польшчай. далучэнне Русі да Польшчы хоць аслабіла Літву, але не палепшыла палажэння самой Русі. Наадварот, новае яе палажэнне ў складзе ўжо Польшчы яшчэ больш падрывала аўтарытэт і заводзіла большую палітычную залежнасць, дзякуючы распашырэнню на Русь польскай адміністрацыі і права. Русь пачала хапацца цяпер за абарону прывычнага ёй літоўскага ладу і права, пачала штораз выразней займаці становішча апазіцыі. Пры гэткім палітычным палажэнні застала Літву і Русь у 1590- х гадах мысль аб рэлігійнай уніі. Спярша Русь супроць уніі не выступала. Князь Астрож скі асабіста выпрацоўваў пункты, на якіх можна было бы заключыць унію з Рымам. Але, знёсшыся з Масквой, Валахіяй і Канстанцінопалем, у яго засвіталі новыя ідэі, вынікам якіх была ўстроена ім і яго аднадумцамі апазіцыя на Берасцейскім сінодзе, аб каторую разбілася не толькі справа самой рэлігійнай уніі, але такжа Літоўская дзяржава, і, у часе казацкіх воен, падарвана была моц усёй Рэчы Паспалітай. Русь паставіла стаўку на апазіцыю.

III. Палажэнне «рускай» царквы ў Літве і Русі ў канцы ХVI ст. і што прыспяшыла заключэнне уніі правіць

Ад часаў Ягайлы і Вітаўта, г. зн. ад часу дзяржаўнага збліжэння з Польшчай, дзяржаўнай рэлігіяй лічылася ў Літве каталіцтва, якое вызнаваў сам кароль і некаторыя князі і магнаты В. Кн. Літоўскага. Прапаганда каталіцтва вялася праз дзяржаўнае правадаўства, якое надавала каталіком розныя прывілеі і адначасна агранічала ў правах праваслаўных, а такжа цераз розныя чыста рэлігійныя ўстановы. Але, нягледзя на ўсё гэта, поступ каталіцтва быў саўсім нязначны, бо строгія агранічэнні праваслаўных, апісаныя ў прывілеях, калі пераходзілі да жыццёвай практыкі, аставаліся немаль мёртвай літарай у краю, дзе абсалютная праваслаўная большасць трымала ў сваіх руках уладу. Затое ўсе агранічэнні праваслаўя, мінаючы праваслаўных магнатаў і баярства, пачоўна адбіваліся на праваслаўным духавенстве, а галоўна — яно было адсунута ад дзяржаўнага кіравецтва і публічных спраў. «Руская» вера ў Літве XV і ХVI стст. была верай не дзяржаўнай, а прыватнай, адлучанай ад дзяржавы, прызначанай на знішчанне, месца якой павінна было заступіць каталіцтва. З гэтага вынікалі сімпатыі праваслаўнага духавенства да аднавернай Масквы, дзе праваслаўе было верай дзяржаўнай, асабліва ўзмагліся гэты сімпатыі пасля 1505 года, калі вялікі князь маскоўскі Васіль III, ажаніўшыся з Софіяй Палеолаг, прыбраў сабе тытул цара ўсёй Русі, а знача, галавы ўсіх народаў, якія вызнавалі «рускую» веру. У меру таго, як крэпла Масква і горшымі станавіліся варункі праваслаўнага абрадку ў Літве, рэлігійны аўтарытэт Масквы ўзрастаў у вачах тутэйшага «рускага» духавенства. Гэткім чынам веравызнаўчы прынцып уносіў рэлігійна-палітычныя арыенціры сярод духавенства В. Кн. Літоўскага: лацінскае духавенства аглядалася на Польшчу, праваслаўнае — на Маскву. У гэтым крылася вялікая дзяржаўная небяспечнасць, і дзяржаўныя мужы В. Кн. Літоўскага шукалі выхаду з стварыўшагася палажэння. І вось калі ў Заходняй Еўропе патужна паўстаў рэфармацкі рух, ламаючы каталіцтва, то за гэту ідэю хапіліся і нашы магнаты. Мікалай Радзівіл Чорны5 прапагандаваў у В. Кн. Літоўскім кальвінізм. За ім хлынулі другія магнаты і шляхта. Рэфармацкі рух шырока разліўся па краю. Пераходзілі ў рэфармацыю не толькі свецкія, але і духоўныя асобы абодвух абрадкаў. Здавалася, ратунак ад рэлігійнага падзелу быў знойдзены. Але за рэлігійна-рэвалюцыйным уздоймам прыйшла рэакцыя. І сыны адпаўшых ад праваслаўя бацькоў не вярталі ўжо назад у старое благачэсце, але пераходзілі ў каталіцтва, «польскую» веру, прымаючы адначасна і заходнееўрапейскую лацінскую культуру ў польскай шаце. Адступніцтва прыняло загражаючыя памеры сярод магнатаў і шляхты. Як рэакцыя супроць рэфармацыі і як ратунак для «рускай» царквы была высунута унія, якая павінна была стацца асобнай, самаістай царквой. Мысль аб уніі была выкалыхана ў сталіцы В. Кн. Літоўскага — Вільні, была ініцыятывай літоўскай стараны.

IV. Падвойнасць царкоўнай улады ў «рускай» царкве ў канцы ХVI ст. правіць

Пад напорам рэфармацыі, дзеля абароны старога благачэсця, у другой палавіне ХVІ ст. пачалі тварыцца рэлігійна-свецкія арганізацыі пад назовам брацтваў. Брацтвы гэты адыгралі агра- мадную ролю ў культурна-рэлігійным жыцці нашага краю як актыўная сіла, якая выступіла на змаганне за веру. да брацтваў былі прыцягнуты ўсе сілы, якія яшчэ не адпалі ад усходнага абрад- ку: магнаты, шляхта, мяшчане, а нават сяляне. Каб дзяржаўная ўлада не магла звязваць брацтваў, пастаноўлена было абяспечыць іх патрыяршымі стаўрапігіяльнымі прывілеямі. Аб’язджаючы ў 1582 годзе В. Кн. Літоўскае, патрыярх Ярэма надзяліў многія брацтвы стаўрапігіямі. Паўсталі стаўрапігіяльныя брацтвы ў Вільні, Віцебску, Полацку, Магілёве, Пінску, Оршы, Берасці. Стаўрапігіі былі выняты з-пад улады мясцовых біскупаў і ўзалежнены беспасярэдна ад самога патрыярха. Вельмі хутка стаўрапігіі пачуліся прадстаўнікамі патрыяршай улады на месцах і не толькі не прызнавалі над сабой улады сваіх біскупаў, але нават прысвоілі сабе права суда над імі не толькі ў справах іх паступкаў, але нават і ў справах веры. Ужо ў 1590-х гадах паміж стаўрапігіямі і біскупамі завязаўся антаганізм. Гэткім чынам, у канцы ХVІ ст. у «рускай» царкве была ўжо падвойная ўлада — духоўная і свецкая.

V. Пакрыжаванне палітычных планаў на Берасцейскім сінодзе 1595 года. правіць

На Берасцейскім сінодзе сціналіся паміж сабой розныя палітычныя інтарэсы: Рым, Польшча, Літва, Русь, Масковія і Канстанцінопальскі патрыярхат. Інтарэсы Рыма часцю зыходзіліся з інтарэсамі Польшчы: Рым імкнуўся пашырыць свае ўплывы на славянскі ўсход, уцягаючы ў сваю арбіту наразе вызнаўцаў усходняга абрадку, якія знаходзіліся ў межах Рэчы Паспалітай, — Польшча, пры помачы пашырэння уніі, імкнулася да больш цеснага аб’яднання Літвы і Русі. Але ў пра к тычных вывадах палітыка Польшчы і Рыма разыходзілася. У той час, калі для Рыма ўсе вызнаўцы ўсходняга абрадку здаваліся быць адналітнай рускай масай, прынамні ў граніцах Рэчы Паспалітай, то для Польшчы, якая лепш разбіралася ў мясцовых справах, ведама было, што Літва і Русь прадстаўлялі асобныя інтарэсы. Ігра на гэтай процілегласці інтарэсаў дзяліла Русь і Літву, аслабляючы абедзвюх і даючы перавагу Польшчы. дзеля гэтага польская палітыка, дапамагаючы да злучэння абрадкаў, адначасна падпірала рускую апазіцыю. для Рыма, пасля рэлігійнага аб’яднання, наданне роўных правоў «рускай» народнасці выяўлялася актам простай справядлівасці, актам пажаданым. для Польшчы, наадварот, раўна праўства прадстаўлялася вялікай уступкай, у дадатку уступкай небяспечнай, бо яна вяла Літву і Русь не да поўнага зліцця ў адзін польскі народ, аб’яднаны адным рэлігійным, у даным здарэнні рыма-каталіцкім абрадкам, а да ўтварэння асобнай самаістай царквы, якая ў выніку злівала бы цясней Літву і Русь у асобны народ са сваёй асобнай абраднасцю, граматнасцю, іерархіяй і гістарычнымі традыцыямі. Словам, у выпадку поўнага раўнапраўства абедзвюх цэркваў і духоўнай іерархіі, Польшча баялася распаду Рэчы Паспалітай на яе галоўныя складовыя часці. дзеля гэтага ў абяцаннях, даваных літоўска-рускім праваслаўным біскупам, авансаваўся асабіста толькі кароль і некаторыя вышэйшыя дастойнікі, але не соймы, на якія справу раўнапраўства ўсходняга абрадку не ставілі пад пратэкстам яе нібыта сакрэтнасці. Палякі ў даным здарэнні былі большымі католікамі, чым сам папа і яго палітыка, бо ў той час, калі папа і Рым дабіваліся толькі аб’яднання абодвух абрадкаў пад сваёй уладай з захаваннем усіх асобнасцяў усходняга абрадку, то палякі глядзелі на унію толькі як на спосаб да палітычнага аслаблення Літвы і Русі, як на пераходную стадыю да зліцця абодвух народаў у польскім каталіцтве.

Асобную пазіцыю ў справе уніі займала Русь (Украіна). Пераход Русі (Украіны) пасля Люблінскай уніі пад уладу Польшчы не толькі не палепшыў, але значна пагоршыў яе палітычнае палажэнне, а тым часам Масква і Канстанцінопаль — першая ў надзеі распашырэння сваіх уплываў, другі ў мэтах захавання пры сабе адрыванай у лацінства абшырнай правін- цыі — падтрымлівалі ў патужных родах рускіх (украінскіх) князёў амбітныя імкненні да дзяржаўнага вызвалення, якое павінна было наступіць пры помачы праваслаўнага ўсходу, а галоўным чынам Масквы, пры варунку, калі Русь захавае рэлігійную еднасць з усходам. Ад 1590-га да 1595 года гэты думкі саўсім даспелі ў кіруючых сферах праваслаўнага ўсходу, і быў гатовы ўжо, у агульных зарысах, план паступання ў стасунку да заключанай уніі: Русь павінна была заняць рэзка апазіцыйнае становішча, апорай гэтай апазіцыі павінны былі стацца для Русі залежныя ад канстанцінопальскага патрыярхату стаўрапігіяльныя брацтвы, якія меліся на тэрыторыі Русі і Літвы, а такжа раздоры паміж паасобнымі біскупамі і мітрапалітам (мелі на ўвазе львоўскага біскупа Балабана, якога пры заключэнні уніі уніяты на Берасцейскім сінодзе хацелі пазбавіць біскупскай годнасці за яго некананічныя паступкі). План быў правільны, і Берасцейскі сінод разбіўся не толькі на два абозы, але нават на два сіноды, з каторых кожны вынес праціўнаму пракляцце. У выніку «руская» царква ў межах Рэчы Паспалітай распалася надвае: на прыслухаючую папежу і прыслухаючую канстанцінопальскаму патрыярху. Прад стаўніцай першай была пераважна Літва, прадстаўніцай другой — Русь.

VI. Духоўная уніяцкая іерархія і яе, у выніку уніі, палітычнае палажэнне правіць

тытул кіеўскага мітрапаліта ўжо даўным-даўно быў далучаны да новагародскай архібіскупіі з архібіскупскай рэзідэнцыяй не ў Кіеве, а ў Вільні. Пасля заключэння уніі кіеўскі мітрапаліт па даўнаму пражываў у Вільні, яму прыслухалі віленска-кіеўска-новагародская мітраполія, дзве архібіскупіі, По лацкая і Смаленская, і біскупствы: берасцейска-валадзі мерскае, турава-пінскае, бэлзка-холмскае, астрожска-луцкае, галіцка-львоўскае, самборска-перамышльскае, усяго разам епархій. З гэтага ліку на Берасцейскім сінодзе перайшлі на старану праваслаўных два біскупы: львоўскі Гедэон Балабан і астрожска-луцкі — Міхайла Капысценскі. Перайшлі не з матываў рэлігійных, а з палітычных, бо Балабан быў напачатку адным з першых ініцыятараў уніі, не быў праціўны ёй такжа і Капысценскі. Магчыма, што гэта справа была бы сама сабой ліквідавана і гісторыя пайшла бы роўным торам, але на помач праваслаўнай апазіцыі прыйшла польская палітыка. Перад заключэннем уніі ўрачыстымі каралеўскімі прывілеямі было забяспечана аб’яднанаму з Рымам «грэцкаму» духавенству і свецкім людзём гэтага абрадку поўнае роўнаўпраўненне з духавенствам і грамадзянствам лацінскім, каталіцкім. Уніяцкія біскупы нараўне з лацінскімі павінны былі заняць месцы ў сенаце. тым часам пасля заключэння уніі, ссылаючыся на нязгоду ў лоне «рускай» царквы, палякі «рускіх» біскупаў не пусцілі ў сенат і правоў іх не пашырылі. Не памаглі неаднакротныя папежскія булы да караля і польскага лацінскага біскупату з вымаганнем раўнапраўства уніяцкаму духавенству. У выніку гэта несправядлівасць адразу паніжыла ў вачах грамадзянства уніяцкіх біскупаў, і ў душы саміх біскупаў пакінула страшную горыч. Палажэнне іх было запраўды крытычным. З адной стараны, будучы размысна адкінутымі ад грамадскіх правоў, забяспечаных ім прывілеямі, а з другой стараны, націсканыя праз праваслаўных і рэфарматаў, яны не мелі змогі належна бараніць сваіх правоў. Выключэнне уніяцкіх біскупаў з сенату было паніжэннем не толькі уніяцкай царквы, а галоўна, паніжэннем літоўскай народнасці. Праваслаўная апазіцыя, іграючы на завілай тагачаснай тэрміналогіі, у якой мяшаліся паняцці рэлігійныя з нацыянальнымі і дзяржаўнымі, пад кніжна-веравызнаўчы тэрмін «русь» (якім ён быў дагэтуль у Літве) падкладала нацыянальнае паняцце «русь» (якім гэты тэрмін быў на Украіне) і гэтым разбівала нацыянальную еднасць у Літве, перацягаючы на сваю старану значныя сілы самой Літвы, якія залічалі сябе да «рускай» веры. Пазбаўленае правоў уніяцкае духавенства не мела магчымасці проціставіць «рускай» справе і абрадку выразна зарысаваную сваю літоўскую справу і абрадак. Літва асталася, дзякуючы гэтаму, дзяржавай без уласнай рэлігіі. Ужо ў першай чвэрці ХVII ст., за якіх 15–20 гадоў пасля заключэння уніі, боруцца на рэлігійным грунце паміж сабой толькі дзве сілы: польская справа і руская справа, веравызнаўчай справы літоўскай ужо няма, яна зыходзіць на палажэнне другараднага аргумента лаціна-каталіцкай і руска-праваслаўнай справы. Рускае праваслаўе захапіла ў свае рукі прадстаўніцтва «рускай» народнасці ў Рэчы Паспалітай. Палітычная паніклівасць лаціна- польскага духавенства, усільна лацінізуючы і паланізуючы шлях- ту, цешылася, што Літва зыходзіць з палітычнай арэны. Каб да рэшты дабіць уніяцкі абрадак у вачах літоўскай нацыі, а знача, злацінізаванай шляхты, польскія біскупы неаднакрот звярталіся ў Рым, каб папеж уніяцкіх біскупаў аддаў пад уладу каталіцкіх біскупаў, а знача, змяніў уніяцкія біскупіі на суфраганіі лацінскіх біскупстваў. Старанні гэты не атрымалі санкцыі Рыма, але сеялі раздор паміж абрадкам лацінскім і уніяцкім ды давалі зброю ў рукі праціўнікаў уніі супроць уніяцтва. Гэтак, дзякуючы вера- ломству, прайграўшы справу, унія з веры нацыянальнай, якой яна магла і павінна была быць у Літве, станавілася мала-памалу верай «мужыцкай».

VII. Унутраная арганізацыя уніяцкай царквы правіць

Зара пасля падпісання акту уніі, пад кіравецтвам езуіта, прыступлена было да рэарганізацыі ўнутранага царкоўнага ладу. Галоўным чынам увага рэфарматараў была звернута на манастырскае духавенства. Устаноўлены быў у 1604 г. ордэн васільянаў, статут якога быў немаль позняй копіяй статуту ордэну езуітаў. Пры кожным васільянскім манастыры ўстаноў лена была школа. На ўтрыманне школ было перапісана большасць манастырскіх і другіх духоўных фундацый з вялікім ушчэрбкам для дабрабыту свецкага духавенства і нават уніяцкіх біскупскіх катэдраў. Васільяне ў сваіх школах, не горш пастаўленых за езуіцкія, навучалі галоўным чынам дзяцей багатай шляхты.

Свецкае уніяцкае духавенства не мела доступу ў гэты школы дзеля іх дарагоўлі. Зрэшты, васільяне сумысна не дапушчалі ў свае школы дзяцей свецкага духавенства. Лацінскія гісторыкі тлумачаць гэта жаданнем васільянаў утрымаць у сваіх руках вышэйшыя духоўныя дастойнасці, але, здаецца, па-за гэтым крыліся іншыя меркаванні, якія мелі на мэце павольную лацінізацыю уніі. У кожным здарэнні, біскупы бывалі толькі з ліку васільянаў. Гэта васільяне-біскупы ўсюды пратэгавалі членаў свайго ордэну: усе ўрады афіцыяльскія, кансісторскія, а нават благачынскія абсаджаліся васільянамі. толькі самыя бездаходныя парафіі аставаліся ў руках свецкага уніяцкага духавенства, і стасунак васільянаў да свецкага духавенства быў пагардлівы і зняважлівы, як да людзей простых і цёмных, якіх яны самі ж трымалі сумысля ў гэтай цемнаце.

З усяго гэтага, з адной стараны, паміж біскупствамі і васільянамі, а з другой стараны, паміж васільянамі і свецкім духавенствам вырастала няпрыязнь і недавер’е. Нехаць гэта недавер’е свецкага духавенства да васільянаў і да біскупаў, якія выходзілі спаміж тых жа васільянаў, узмагалася яшчэ тым, што васільяне на вольныя вакансіі ў свае манастыры, дзеля неда стачы асвечаных людзей спаміж уніятаў, прымалі лаціннікаў, з якіх складалася блізка палавіна ордэну.

Ізноў жа для свецкага уніяцкага духавенства не было спецыяльных школ. Адзінай установай у краю, дзе уніяцкае духавенства магло атрымаць асвету з рук езуітаў, была віленская бурса, заложаная папежам Грыгорыем ХIII у 1585 годзе, дзякуючы старанням Пасевіна. У гэтай бурсе, разлічанай на 20 вучняў, магло вучыцца 4 манахаў і 16 свецкіх клерыкаў, але і гэта бурса прымала лаціннікаў. Патрэбу асветы для свецкага уніяцкага духавенства ўсе прызнавалі, але чамусьці гэта справа за некалькі сот гадоў ніяк з месца не зрушылася.

Гэтак дзеля «незалежных» прычын не прыйшла да скутку духоўная семінарыя, спраектаваная на Кобрынскім сінодзе ў 1626 годзе, якая мелася быць адкрытай у Менску з прыватных складак. Не ўтрымалася нават семінарыя, спраектаваная на 6 вучняў, у Валадзімеры ў 1720 годзе. Нейкія зайздросныя сілы чутка пільнавалі, каб уніяцкае свецкае духавенства не мела асветы. У выніку сыны уніяцкіх святароў, навучыўшыся ад сваіх бацькоў адзіна чытаць трэбнікі, атрымлівалі пасвяту і месцы вясковых парохаў.

Нават біскупы не вымагалі ад кандыдата на уніяцкага пароха больш як умення чытаць і знання збольшага катэхізму. (Sуnоd. ргоv. Ruthеnоrum hаbіta Zаmоsсіае, tіtulus II і ХV). Вынікам браку краёвых духоўных школ было, што сыны вясковага уніяцкага духавенства, шукаючы асветы, ішлі за днепр у Кіеў і Пераяслаў, у Валахію і Малдавію а нават у Маскву. там іх навучалі не толькі граматы і царкоўных абрадаў, але, галоўна, уцягалі ў рады актыўных працаўнікоў у змаганні за «рускую справу». Адны з іх атрымлівалі святарскую пасвяту там жа на месцы, іншыя, вярнуўшыся дамоў, з рук сваіх біскупаў, але адны і другія, пры ўсеагульнай безграматнасці, лёгка ўстраіваліся на духоўныя пасады.

Расійскія пісьменнікі тэндэнцыйна асвятляюць палажэнне праваслаўнага і уніяцкага духавенства ў Літве і Русі ў часе іх звязку з Рэччу Паспалітай польскай. Палажэнне праваслаўнай царквы прадстаўляецца больш цяжкім, чым палажэнне царквы уніяцкай. Аб’ектывізм вымагае зазначыць, што пры бяспраўным палажэнні абодвух цэркваў, усё ж палажэнне уніяцкай царквы было значна горшае. Матэрыяльнае і маральнае палажэнне свецкага уніяцкага духавенства было невымоў на цяжкое. Кожны памешчык, на каторага зямлі стаяла царква, лічыўся яе поўным і бескантрольным гаспадаром-»колятарам» (апекуном). Езуіта Пятро Скарга так апавядае аб палажэнні свецкага уніяцкага духавенства: «Кожны шляхціц, які мае папа, кіруе ім як хоча, часам загадуе яму ісці на работу, і ў некаторых (спаміж шляхты) бывае такая бязбожная смеласць, што яго пакарае і выб’е, калі ў чым не паслухае». Іначай кажучы, колятар мог заганяць святара на прыгон і да ўсякіх дворных работ. Аддадзенае на самаволю шляхты, не маючы нідзе абароны, уніяцкае свецкае духавенства было як бы вынята з-пад права. дробная шляхта (у ХVII і ХVIII стагоддзях ужо немаль пагалоўна акаталічаная), а такжа спраўцы магнацкіх ключоў здзекаваліся і прыгняталі уніяцкага пароха, які з сацыяльнай стараны немаль саўсім не розніўся ад кожнага іншага селяніна. Бралі вялікія аплаты за абняцце духоўнай пасады, ганялі на работы і з падводамі, аддавалі ўрэшце на вызыск жыдоў-арандатараў. Паводле тагачаснага звычаю двары аддавалі жыдам манаполь на прадажу ўсякіх тавараў. Не ў дворнага арандатара нельга было нікому нічога купляць, а знача, і такжа уніяцкаму пароху, нават жыта малоць трэба было ў дворнага арандатара, а месцамі ў склад арэнды ўхо дзіла і царква з яе даходамі ад духоўных трэб. Калі парох часам ціхачом, праз ашчаднасць, купіў сабе дзе жыўнасці і жыд-арандатар гэта дазнаў, то акружаў дом пароха, ператрасаў усё, забіраў «нелегальшчыну» і загадваў плаціць сабе кару. Акром гэтага, бедны гэты парох павінен быў штогодна выплачваць дзесяціну сваім біскупам, спаміж каторых бывалі не раз безлітасныя здзірцы, якія, праз сваіх прыдворных казакаў, выбіралі ў пароха не дзесяціну, а палавіну і нават больш усіх яго дастаткаў.

Хоць на аснове канстытуцыі уніяцкі парох, таксама як і праваслаўны, пасля высвячэння станавіўся вольным чалавекам, як ён сам, так і сыны яго, але на практыцы, акром аднаго, зазвычай старшага, сына, які павінен быў заступіць духоўнае месца свайго бацькі, папоўскіх сыноў колятары лічылі за прыгоннікаў і вымагалі ад іх спаўняння прыгонных работ, а ў выпадку непаслушнасці каралі і секлі розгамі. Гэтае «абычаёвае права» было замацавана Канстытуцыяй 1764 года ў гэткім выглядзе: «Паповічы, якія да 15 года жыцця не паступілі ў школы або ў навуку рамясла, павінны адбываць прыгон».

Няма дзіва, што пры такіх варунках, жывучы з заўсёдным пачуццём крыўд у душы, вясковае уніяцкае духавенства сквапна кідалася на кожную агітацыю, без розніцы, ці яна паходзіла ад украінскага казацтва, ці ад Масковіі, і было найлепшым правадніком антыдзяржаўных думак. Затаёная горкая крыўда шукала спосабаў ратунку, а нават помсты.

VIII. Палажэнне праваслаўя і маскоўскія на яго ўплывы правіць

Палажэнне праваслаўнай апазіцыі было шмат лепшым. У граніцах Рэчы Паспалітай яно мела нямала абаронцаў як у сенаце, так і на соймах; па-за граніцамі Рэчы Паспалітай ім апекаваўся і яго падтрымліваў увесь праваслаўны ўсход, а галоўна, Масковія, якая з гэтага падтрымання старалася выцягаць і выцягала бягучыя палітычныя карысці, а такжа ставіла заданне сабраць пад сябе ўсе праваслаўныя землі ў будучыне.

Калі выбухлі казацкія бунты, Масква адкрыта ўжо распасцягае над казакамі сваю пратэкцыю, бярэ пад абарону сваіх аднаверцаў. «Апека» гэта ў выніку закончылася ў 1667 годзе Андрусаўскай угодай, пасля якой абшырныя ўкраінскія землі за дняпром, а галоўнае, Кіеў з пяцімільным абшарам на заходнім беразе дняпра, а такжа Чарнігаўшчына і Смаленшчына адышлі пад Масковію. З гэтага часу Масковія пачынае сістэматычную працу над збіраннем «сваёй дзедзіны». для агітацыі за Масковію былі ўстроены дзве пляцоўкі з перабежчыкаў: у Кіеве для Украіны, і ў Ноўгарад-Cеверску для крыўскіх зямель, якія ўходзілі ў склад Літвы. Грымалтоўскім трактатам, зацверджаным у 1710 годзе, пратэктарат маскоўскі над праваслаўнымі ў Літве і Русі набраў сілы права: пункт 9 гэтага трактату аддаваў сем праваслаўных біскупій (адноўленых пасля 1705 года) пад зверхнасць Свяцейшага сінода, устаноўленага царом Пятром I у 1700 годзе. Сам цар Пётр прыбраў тытул апекуна «грэцкай» веры на ўсім свеце. цяпер з рук Масковіі ставяцца кандыдаты ў праваслаўныя біскупы ў Літве і Русі. Узнаўляецца палітычная агітацыя за Масковію, вынікам якой сыплюцца ў Петраград жальбы праваслаўных на ўціскі і здзекі, а прадстаўнікі Масковіі ў Рэчы Паспалітай прымаюць на сябе заступніцтва за аднаверцаў перад каралём і ўрадам. Гэтак справа праваслаўная і «руская» становіцца мала-памалу справай маскоўскай.

IХ. Уніяцкая царква ў ХVIII ст. правіць

Нягледзя на бяспраўнае палажэнне уніяцкай царквы, уніяцтва ў Літве ўсё ж такі шырылася. На Русі (Украіне) пад апекай казацтва расло і шырылася рэфармаванае праваслаўе. Затое шляхта масамі пераходзіла ў каталіцтва, так што да пачатку ХVIII ст. немаль саўсім знікае з аблічча зямлі шляхта уніяцкага абрадку. Уніяцтва ў гэтым сталецці становіцца выключна мужыцкай верай. даўняя польская прыказка: «Ruska wіara — chłоpska wіara» (руская вера — мужыцкая вера) сталася жывой праўдай. Унутраны распад грамадзянства ў Літве давяршыўся к пачатку ХVIII ст.: па дзел на станы адпавядаў ужо веравызнаўчаму падзелу. Верай шляхты было каталіцтва, казацкая вера — праваслаўе, а мужыцкая — уніяцтва. Праваслаўе ў межах Літвы трымалася яшчэ сярод мяшчанства, але на ўсім абшары мела не больш 50 парафій з некалькімі манастырамі і адну, магілёўскую, біскупію з 20 000 верных. Рэзкі паварот у карысць праваслаўя стаўся дзякуючы перамаршу маскоўскіх войск праз тэрыторыю Літвы.

У 1705 годзе, пасля ўгоды Пятра І з каралём Аўгустам другім, заключанай супроць шведскага караля Карла ХII, цар Пётр, увайшоўшы ў граніцы Літвы, распачаў фармальны тэрор супроць уніятаў. У Віцебску нішчыў ён уніяцкія абразы і кнігі. У Полацку, увайшоўшы пад п’яную руку ў Сафійскі сабор, каля алтара ўдарыў па абліччы васільяніна Заянчкоўскага, паваліў яго на зямлю, біў палкай па галаве, урэшце шабляй паабрэзаў нос і вушы, а пасля загадаў вынесці з царквы і павесіць. другога васільяніна, Кізікоўскага, пракалоўшы шабляй, загадаў звязаць і занесці да сябе ў кватэру, дзе цэлую ноч мучыў яго так, што на світанні Кізікоўскі памёр. царская світа, патураючы цару, пасекла шаблямі святара Якуба Крышэвіча і васільяніна Язэпа Андукевіча. целы замучаных уніятаў загадаў цар спаліць і попел кінуць у дзвіну. Рэшту васільян скіх манахаў пасадзіў у турму, манастыр і царкву аграбіў і замяніў на вайсковы магазын. Праваслаўным жа, духоўным і свецкім, аказваў Пётр асаблівую пашану і надзяляў іх царскімі падаркамі.

Паход Пятра праз Літву, яго трыўмфальны паварот пасля Палтаўскай бітвы і пушчаныя па царскім шляху агенты Свяцейшага сінода зварухнулі ўвагу народа на «рускую веру», якую ў тыя часы называлі сяляне проста «царскай верай». У часе пераходу войск Пятра было зложана цару ў рукі 433 прось бы уніяцкіх цэркваў аб прыняцці іх у праваслаўе. цар іх ласкава прыняў.

Па смерці Пятра яго палітыку ў стасунку да уніятаў вяла далей царыца Кацярына, пры помачы магілёўскага біскупа Юрага Каніскага, перакананага старонніка Масковіі і сябры Свяцейшага Пецярбургскага сінода. З Пецярбурга пасыпаліся ў Літву «падмогі» праваслаўным біскупам, манастырам і свецкаму духавенству. Біскупам Сінод назначыў па 5900 рублёў гадавой пенсіі, біскупу Садкоўскаму на падарожу ў Кіеў, для высвячэння, асігнаваў Сінод 3000 руб., на заснаванне духоўнай праваслаўнай семінарыі ў Слуцку — 2000 рублёў, на будоўлю сабору ў Слуцку — 25 000 руб. і г. д. Падобныя аргументы аказаліся вельмі перакануючымі, і за тры гады (ад 1784 да 1787) лік праваслаўных цэркваў немаль падвоіўся. У выніку гэтай усіленай апекі наступілі падзелы Рэчы Паспалітай, і, двума наваротамі, землі Вял. Кн. Літоўскага апынуліся ў межах Расійскай імперыі. царкоўная палітыка Расійскай імперыі аплацілася з навязкай.

Пасля далучання крыўскіх зямель да Расійскай імперыі былі назначаны тры місіі для прапаведвання «рускай» веры: у Слуцку, Полацку і Менску. Місіянеры раз’язджалі пад аслонай вой ска, і калі дзе натыкаліся на адпор духавенства ці народа, то духоўнікаў арыштоўвалі і ссылалі ў глыб Расіі і Сібір, а сялян проста секлі розгамі. дзякуючы гэткім пераконуючым аргументам, цемнаце і бяспраўнаму палажэнню духавенства і народа, навяртанне ішло спраўна: ад 1793 да 1795 года перапісалася ў праваслаўе 1 622 167 душ уніятаў; з 5000 уніяцкіх цэркваў і 28 манастыроў асталося пры уніі толькі 200 цэркваў і 19 манастыроў.

Цары Павел і Аляксандр І, стараючыся выказаць свой лібералізм, аказвалі падтрымку рыма-католікам і шляхце. Каталіцкаму духавенству пазволена было навяртаць уніятаў на лацінскі абрадак. Патварыліся лацінскія місіі, і магілёўскі біскуп Богуш-Сестржэнцэвіч прыняў на лацінскі абрадак за 10 гадоў больш 200 000 уніятаў.

Унію рвалі направа і налева, а зверху дабівалі яе яшчэ васільяне, якія ад пачатку ХVII ст. грабілі землі свецкага духавенства, залічаючы іх на манастырскую ўласнасць. У канцы ХVIII ст. на 2000 свецкіх парохаў, якія абслужывалі 1476 цэрк ваў, мелася ўсяго 36 дзесяцін (63 маргі) зямлі, 162 000 руб. капіталу, у той час калі на 800 манахаў-васільянаў прыпадала 20 000 мужскіх душ падданых (каля 100 000 дзесяцін зямлі) і 700 000 руб. капіталу акром даходаў са школ.

Мы не будзем апісваць ліквідацыі уніі пры Мікалаі І і нішчанне рэштак яе ў пазнейшыя часы, заўважым толькі, што не менш крыўскаму народу каштавала крыві і слёз яе ліквідацыя, як і ўстаноўленне: у першым і другім здарэнні народны кансер- ватызм быў ламаны роўна дзікімі спосабамі.

Х. Вывады правіць

Унія давяла да разбіцця Літоўскую дзяржаву і, коштам яе, да разросту Маскоўскага царства ў Расійскую імперыю. Унія як абрадак, сярэдні паміж скрысталізаванымі праваслаўем і каталіцтвам, магла стацца нацыянальным абрадкам толькі тады, калі б была абрадкам дзяржаўным, са сваёй уласнай іерархіяй, народнай мовай у літургіі і пры варунку прыналежання да яе ўсіх клас грамадзянства.

Трагедыя, званая уніяцтвам, якую народ наш перажыў у гістарычнай мінуўшчыне, даводзіць, што «промежутки и недоумки» мала маюць шансаў на тое, каб заваяваць сабе месца на існаванне, і што, як у кожнай іншай рысе народнага характару, наш народ павінен яшчэ самаакрэсліцца з рэлігійнай стараны. Як бы мы ні адносіліся да рэлігійнага пытання, але яно іграла і будзе яшчэ доўгі час іграць адну з першых ролей у народным жыцці. дзеля гэтага, калі не хочам, каб чужынцы камандавалі духовасцю нашага народа, павінны мы шукаць і знайсці спосабы і формы да самаістага развязання рэлігійнага пытання. Патрэбна ўтварэнне такой формы хрысціянскай царкоўнай арганізацыі, якая бы, не аглядаючыся ні на ўсход, ні на захад, стаяла на грунце нашых нацыянальных інтарэсаў.