Унія на Беларусі
Аўтар: Казімір Сваяк
1920
Крыніца: Сваяк, К. Выбраныя творы / Казімір Сваяк; Мінск: Кніга збор, 2010. — 472 с. - с. 291-295

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Расказаная ў частцы другой нашае кніжыцы гісторыя Уніі ў ваўкавыскім павеце мае характар агульнейшы. Падобныя метады наварачвання спатыкаем усюды, бо ўсюды той жа дух царскі гнаў да казёншчыны ў веры — да цараслаўя. Адбіраючы Унію, Расея наганяе беларусаў у лацінізм, а з ім разам і ў польшчыну: падобна як калісь Польшча, наганяючы ўніятаў у сваю казёншчыну, акурат загнала іх у расейшчыну. Бачым вось, як небяспечна ўводзіць палітыку свецкую ў адносіны рэлігійныя. Не наша рэч судзіць тут палітыку ў гэтай справе старой Расеі ці даўнейшай Польшчы. Адна і другая збанкрутавала, бо адна і другая брала справу веры як срэдства да мэты дзяржаўнай: іначай кажучы, для лягчэйшага паняволення слабога народа. А калі беларус кідаўся ў другі бок, то яму казалі: «Не рад мужык, што яго б’юць, — ён яшчэ ножкамі перабірае». Добра характарызуе той царскі нагон на Унію верш Багушэвіча «Хрысцілі мяне казакі з тутэйшага ды ў палякі». Не дарма кажа беларуская прыказка, што «на беднага камара і шышкі валяцца». Нашу нешчаслівую старонку лёс дзіўна спакушаў, кідаючы сюды-туды. То яна лучыцца з Літвой, то з Польшчай, то з Расеяй, то ізноў Бог ведае з кім: не дзіва, што і дзея яе духу рэлігійнага была вечнай вандроўкай. Дасць мо Бог, што зямелька наша здабудзе сабе самабытнасць, тады творчасць рэлігійная пойдзе шляхам родным, натуральным: простым і праўдзівым. вучоныя будуць яшчэ спрачацца мо аб «�lioque», але народ: ён еднасць здабудзе дарогай прасцейшай.

Перш-наперш трэба нам людзей асведаміць, што праўдзівая вера не дзеліць, а спалучае. Шукайма душ… арганізуйма парафіі. Свяшчэннікаў для Уніі дадуць не толькі тыя духоўныя, што ў абрадзе ўсходнім прызнаюць папежа: успамогуць яе тако ж лацінскія ксяндзы-беларусы, калі будзе патрэба. Гэта нават было б карысным, бо ў розвітку рэлігійна-абрадавым усцерагло б ад цеснаты і візантынізму, каторы спаралізоўваў абрад славянскі, не дапушчаючы ніякай эвалюцыі (як гэта дзеецца ў абрадзе лацінскім, каторы ўмее прыстасавацца да духу часу). Арганізуйце вось парафіі і дамагайцеся аддання цэркваў уніяцкіх, занятых пад іншы абрад. Адважна, хоць і не вельмі спяшаючыся, каб лішне не запудзіць тых, каму яшчэ ўсё сніцца маскоўскі або варшаўскі пернік. Грошы ў нас няшмат. На паноў не можам лічыць, бо іх няма: служаць яны загранічнаму Дажбогу. Дай Божа ахвоту, а знойдзецца і грашак, тым вартаўнейшы, бо крывавы: сваім потам зароблены. Трэба пашыраць ідэю Уніі, яднаючы прыхільнікаў, стараючыся вытварыць рэлігійнае пісьменства. Узоры можам браць хоць не ўсе, на Уніі ў Галіччыне ўкраінскай, дзе яна ператрывала ўсё, зваліўшы шмат перапон. Часам здаецца мне, што нашу працу ў гэтай галіне жыцця будзе шмат хто агідзіць. Мо нават будуць старацца здзёрці з Уніі беларускую вопратку, як гэта ўжо было раз на працягу яе гісторыі. Шукайма прычыну гэтага там, адкуль, як з жарала, выплывае цэлая наша нядоля. Гэта простая нянавісць да нашае самабытнай культуры і страх, што вось мы перастанем быць матэрыялам да чужых мэтаў, хоць бы ў справе веры. Але раз сонца паказалася над Бацькаўшчынай, асвеціць кожны куточак: адродзіны ў кожнай галіне жыцця пойдуць дарогай прыроднага розвітку, як вясной. А хоць бы нас спатыкалі няўдачы, то і так мы павінны споўніць свой абавязак, не адракаючыся аднаўляць духу нашае Бацькаўшчыны срэдствамі першай рукі. Кажуць, што калісь на свеце запануе адна мова найпрасцейшая, адзін абрад рэлігійны найпекнейшы. Пакуль, аднак, гэта наступіць, высахне не адно возера і рака. Усё магчыма, хоць нямаведама, хто гэтага даканае і як… I Хрыстос успамінаў аб «адной аўчарні і адным пастару» і прыказаў маліцца, каб «прыйшло валадарства Божае». А мо гэта толькі летуценне містыцызму. Патрэбна была б доўгая эвалюцыя ў збліжэнні ўсіх абрадаў, усіх народаў, усіх культур, асабліва маладых, што цяпер усходзяць і красуюць. А наша маладая культура пачынаецца разам з Уніяй, а і ў прошласці развівалася найбольш пры Уніі. Лацінскіх касцёлаў беларускіх пакуль што няшмат. Але лік іх звялічваецца. Няхай толькі з’явіцца хоць адзін уніяцкі, а будзем бачыць, як народ пачуе еднасць па веры. Мова супольная паможа зблізіцца. Разумее гэта, як чуваць, і айцец папеж у Рыме, а хоць і далёка нам да яго, аднак жа будзьма пэўнымі, што паможа ён даць разгон справе Уніі.

Агляд Божы дапусціў раздзелу-схізме рассесціся на на шай слёзнай зямельцы, але ўхаваў беларусаў ад супольнага вына ра даўлення, насупроць палітыцы «сільных свету гэтага». Калі ж ныне бліснула свабода для роднага краю, маем права і павіннасць дамагацца ўсюды роднае мовы дзеля Божай хвальбы: без розніцы абрадаў усе, хто сын Беларусі. Ёсць шмат такіх, што здаволены з мовы чужацкай па святынях Божых. Пакіньма іх, калі можна, каб не збудзіць горшага зла: сваркі за мову. Аблуд іх пройдзе сам сабой, як убачаць мастацтва роднае формы і абраду. Мы тым часам тварыйма і мыслі новыя замыкайма ў формы рэлігійнай песні, навукі, музыкі. Як беларусы душой ніколі не дазволім, каб гэта ж душа наша выражалася прад Богам у форме чужацкай, хоць бы нямаведама як «цывілізаванай». Было б гэта, па-нашаму, крыўляннем роднага духу. Творчасць наша рэлігійная не павінна стрымацца. Зачалася яна разам з Уніяй, а кончыцца хіба разам з намі! Поступ Уніі вяжацца з існаваннем самой Беларусі. Еслі лёс Беларусі спачне ў чужых руках, Унія сысці можа на тую дарогу, па каторай яна раз дайшла да пагібелі. Некаторыя зусіллі праваруч і леваруч наводзяць нас на думку, што нашы «культуртрэгеры» маняцца нам накінуць такую Унію, каторая, не маючы карэння ў роднай душы, магла б стаціся прычынай новых змагань рэлігійнага шавінізму. Няхай Бог бароніць! Мы жадаем Уніі для беларусаў такой, каторая дала б спосаб аб’яднання праваслаўных беларусаў з каталіцкімі ў адной веры, а двух абрадах, а не такой, каторая стварыла б новы раздзел. Словам, па ўніяцкіх цэрквах мы не сцерпім ані расейскай мовы, ані польскай: для беларуса па-беларуску. Смеху было б варта, каб мы, дачакаўшы сякой-такой свабоды роднага краю, завадзілі ў ім чужыя ўзоры на сваю пагібель, — калі маем столькі бяды з заведзенымі даўней. Даволі нам і так цярпення з таго, што шмат лацінскіх беларусаў, а яшчэ больш грэцкіх, звыкліся ўжо з чужацкімі мовамі і не думаюць аб страшнай ненармальнасці такога стану. Нават дзікім народам навуку аб Богу нясуць місіянеры ў іх роднай мове, а першым Апосталам Бог удзяліў цудоўнага дару, што мова іх была зразумелай усім, хоць была гаворана ў адной гутарцы. Мы, творачы асновы рэлігійнага жыцця, не можам даць пачатку дрэннага. А дрэнны быў бы пачатак, еслі б завялі мову чужацкую, бо пазнейшыя пакаленні — прыйшоўшы да нацыянальнай свядомасці — мелі б лішнюю бяду з дакананнем змены… Дай Божа, каб хутчэй кончылася тое крывавае змаганне за беларуса між культурай польскай і расейскай на нашай «Богам забытай» зямельцы. Дай Божа, каб і наша родная культура стала на давольнай вышыні і магла б самавіта кіраваць усімі праявамі нашага быту. Дай Божа, каб абрад славянскі даў нам новае мастацтва беларускай мыслі рэлігійнай, музыкі і слова. Дай Божа ўрадаві беларускаму звярнуць увагу на глыбокае значэнне Уніі для Беларусі і не даць яе на паталу бязверцам. Дай Божа зацвіцеці Уніі на Украіне. Дай Божа спаўненне слоў малітвы: «Прыйдзі валадарства Тваё, будзь воля Твая як на небе, так на зямлі…»

I скуль жа чэрпаем нашу надзею, наш энтузіязм аб Уніі? З народа — з яго да глыбіні рэлігійнай душы, здатнай да адчування праўды дарогай прасцейшай, чым галаве запутанай у зманныя формулы шкалярства. Адродзіны нацыянальныя Беларусі — як бачым — спачылі ў народзе пераважна сялянскім. Патомкі даўнейшае шляхты і частка мяшчанства для справы гэтай меней-болей засохлі, еслі ўжо проста не скалавацелі. У «простым» народзе пачывала тая энергія, каторая ў нашых часах зацвіла дзелам. Нідзе ўпрочках не шукаем і адродзін рэлігійных. во, наагул кажучы, людцы нашы служаць фундаментам рэлігіі. Мяшчанства, следам буржуазіі, даўно ўжо перастала быць — як то кажуць — «забабонным». Патомкі даўнейшай шляхты — найчасцей атэісты і рознага калібру няверцы — прыдзержываліся рэлігіі толькі дзеля практычнай патрэбы, прызнаючы, што ў аснове сваёй рэлігія патрэбна толькі «простым»: што з ёй помачы лягчэй утрымаць «stan posiadania». Тым часам чалавек «просты» верыў так, як вучыў Хрыстос: «Багаслаўлёныя, што церпяць пераслед дзеля справядлівасці». вось гэты «люд просты» — народ беларускі — і збудзіць Унію: ён або ніхто. Будзе яна вызнавам наступальным яго духу рэлігійнага — духу, каторы ў глыбіні сваёй не зламаўся прад згаршэннем, якое далі вышэйшыя станы; дух, каторы моцны быў у змаганні з цараслаўем; дух, каторага мучаніцтва не апісаў яшчэ ніхто.

  • * *

Цяжкі быў лёс Уніі, але няхай гэта вас не дзівіць. Даўней развівалася яна пад сільнай заквасай думкі палітычнай польскай. вялікі прапагатар Уніі Пётр Скарга сам гэта прызнае: стараецца ён праз Унію з’яднаці русінаў назаўжды для Польшчы. У гісторыі Уніі дзіўна сплятаецца гэта думка палітычная з ідэяй чыстай рэлігіі: пашырэння валадарства Хрыстоса. Тая думка палітычная прынесла ў канцы мест згоды разлад: узгорду для веры «хлопскае»; а пасля моцную паланізацыю, каторая была найслабейшай стараной Уніі, бо супраціўлялася самой натуры этнічнай русінаў. Палітыка гэта, аднак, па часці дайшла сваёй мэты. На сваіх рубяжох («крэсах») Польшча мае даўнейшых уніятаў, каторыя лічаць сябе найчысцейшымі палякамі (Холмшчына і Падляшша). Не дзіва, што даўнейшая Унія, маючы ў сабе зарод смерці, не магла пасля вытрымаць напору царызму і паддалася загубе: не была абапёрта на прыродным грунце. Шмат беларусаў махнула на ўсё рукой і пайшлі на службу казёншчыны. Іншыя аднак, — калі не пайшлі ў рымскі абрад, — затаіліся і чакалі лепшых часаў і… дачакалі, але ўжо ў пакаленні, дзе традыцыя Уніі аслабела. Гэту традыцыю збудзіці выпала сучасным беларусам. Што палітыка зрадзіла, тое згінула ад палітыкі: «Хто ваюе аружжам, ад аружжа гіне». Ані старая Польшча, ані старая Расея не пазнала праўдзівых момантаў, зложаных у ідэі Уніі, бо тая і другая бралася крышку з бруднымі рукамі да гэтай справы. Адна мела дрэнны намер, будуючы Унію, — другая яшчэ горшы, калі яе крышыла ўдрэбезгі. Унія на Беларусі павінна паўстаці з акту самавітага нашага народа, а не пад загадам чужой волі, каторая пастараецца паставіць яе не на грунт сваяцкі, але ізноў на капыл палітыкі. Беларусы павінны прылажыць цэлае зусілле, каб да такога паняволення не дапусціці. А для завязання першага вузла аб’яднання павінны ў беларускай школе вучыць аднаго катэхізму з літургікай абодвух абрадаў, бо абодва роўныя, і добрыя, і пекныя.

Беларус, прыбіты сумнай доляй, страціць шмат, еслі стрымаецца ад заявы праў сваіх культурна-рэлігійных у тым часе, калі іншыя народы голасна выказваюць усе недахваты ў арганізацыі касцельнай. Некаторыя, на нашу думку, ідуць аж задалёка. Славянцы, прымерам тым, дамагаюцца (як чуваць) у папежа літургіі св. Кірылы і Мяфодзія, чэхі пайшлі яшчэ далей: жадаюць суцэльнага ўнарадаўлення чэшскага касцёла. Куды ж нам! Мы яшчэ мусім даказваць патрэбу роднай мовы ў зносінах рэлігійных… Адсталасць ці недалужнасць?! вось і цяпер даўнейшыя ўніяцкія цэрквы пайшлі на касцёлы. Ну, няхай тым часам! Але чаго ж там госціць мова чужая?! Як беларусы ўсюды захавалі сваю родную мову і не спольшчыліся, як то, для прыкладу, украінцы на Холмшчыне. У гэтым выпадзе трэ было б дастасавацца да права натуральнага, а не да права дужэйшага. Права ж прыроднае кажа нам шырыць ідэі рэлігійныя ў роднай мове народа. Здаецца, не трэба і даказваць, што мы тут маем маральную павіннасць адкрываць народу вочы, каб ён не даваўся ізноў «рабіць новы хрост» з «тутэйшага» ды ў чужакі — пры помачы рэлігіі, узятай за срэдства палітыкі казённай. Сумна нам аб тым і думаць, і гаварыць, што на Беларусі рэлігію праз цэлыя векі запрагалі ў каламажку палітыкі, каторая цягнула ў старану Масквы або варшавы. Дзякуй Богу, што каламажка вывернулася.

Але ведай усё гэта ты, «брат слёзнавокі», і выснавы свае парабі для дабра веры Хрыстовай і такжа сваёй айчыны, дзе мае наступіць аб’яднанне братоў, пасвараных і падзеленых.

Ныне, калі мы ўзяліся да будавання Беларусі з роднага матэрыялу душ русняных, рэлігію нашу мусім ачысціць ад нагнёту сілы чужацкай, што найглыбейшыя ідэалы падбіла пад ярмо сваёй матэрыяльнай карысці. Ці ж не сумна чытаць падручнікі гісторыі Уніі, выданыя з тэндэнцыяй усходніх або заходніх «культурнікаў». Проста гідка. Адны абсміхаюць усё наскае, хоць бы нат святое; другія чаўпуць, як у малігне, што ўніяты сваім мучаніцтвам баранілі польшчыну прад захланнасцяй расейшчыны. Так мучаніцтва за веру абярнулі на мучаніцтва за палітыку. Мо гэта і было ў месцах, дзе і з Уніі зрабілася «польска вяра», прымерам, на Падляшшы. Аднак беларус ведае, за што церпіць. «Мы, — кажа, — падаткі плацім, рэкрута даём, але вера — гэта справа нашага сумлення». Праўда, што расейцы ў гэтым адпоры бачылі «польскую інтрыгу» і не раз частавалі «бунтаўшчыкоў» назовам «польскае сабакі». Але гэта памяшанне спраў палітычных з рэлігійнымі выплывала — як ведама — з таго дурнога распарадку, што трэба ўсіх каталікоў лічыць палякамі, а ўніятаў даўнейшых маскалямі. Мы ўжо бачылі, як гэта палітыка помсцілася пад Масквой коштам беларусаў. Указы ішлі сваёй дарогай, а жыццё сваёй. Палітыка ў сваім грунце хацела расшчапіць беларусаў на дзве часткі і затапіць так іх у моры свайго ваюючага нацыяналізму, і то суцэльна, а значыць і з рэлігійным светаглядам. Жыццё ішло іначай, і падчас вайны адна і другая старана прызнала, што, аднак, беларус нешта не тое, што яны думалі… Так. Беларус астанецца беларусам і, думаючы аб яго рэлігійным аднаўленні, апірайма сваю дзеяльнасць на яго натуры самабытнай, а не на той, у якую стараліся і стараюцца адзець яго рахманыя апекуны.