Упартая жонка (Міцкевіч/Корбан)

Упартая жонка
Жан дэ Лафантэн, Адам Міцкевіч
1839-1840
Арыгінальная назва: Żona uparta
Пераклад: Уладзімір Корбан
Крыніца: Беларусь. 1955. № 11. С. 12

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Зараз столькі самагубстваў, што ля рэчак варта
Дзень і ноч стаіць. Як толькі нехта ўпарта
Да вады наўпрост шыбае
І мізэрны выгляд мае –
Нядбайна ачаравічаны
І дрэнна абрукавічаны –
Лічаць, што ён тапіцца жадае.
Такому не даецца спуску –
Ратуюць ад смерці яго і вядуць у кутузку.
Адзін вось такі каля самай Секваны
Бег супраць вады. Яго спыніў жандар старанны
І грозна пытае, чаго і куды
Бяжыць ён супроць вады.
“Няшчасце! – заенчыў бядняк. – Дапамогі! ратунку!
Жонка мая ўласная, жонка ўтапілася,
У рэчку звалілася”.
А жандар і кажа на лямант ягоны:
“О, невядомы табе гідраўлікі законы!
Шукаеш тапельніцу не ў тым кірунку.
Цела ўніз паплыло з вадою гонкай,
А ты супроць вады бяжыш за жонкай”.
“Але ж цела, – сказаў бядак, – было дужа дзіўнае,
У жыцці заўсёды ўсяму супраціўнае,
І я ўпэўнены, – няхай пан прабача, –
Супроць вады паплыло яно, не іначай”.