Урачыстасьць (1925)/Урачыстасьць жыцьця/Ізноў вясна

Начныя чары Ізноў вясна
Верш
Аўтар: Цішка Гартны
1925 год
Я жыць хачу
Іншыя публікацыі гэтага твора: Ізноў вясна.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ІЗНОЎ ВЯСНА

Ізноў вясна, зноў зелень руцянее…
Ізноў вясна, і сэрца прагай млее,
І сэрца ў грудзях палыхае…
Ізноў вясна, ізноў сіяе
Праменьнем творчым з неба сонца,
І смага тне душу бясконца,
Ўздымае цягу буйна жыць —
Змагацца з ворагам, тварыць
Расквітшай сілаю, мяцежнай,
Зьнішчаць адвечныя прашкоды.
Ізноў вясна, ізноў свабоды
Істота прагне маладая
І думкі рдзістыя кідае
Насустрач сьветлай палкай волі…
Ізноў вясна, ізноў мне поле
Нячутны окліч пасылае:
„Прыходзь сюды — цябе чакае
Наліты кубак жыўнай п‘яні,
Які ты вып‘еш на спатканьні
Шчасьлівых хвіль твайго быцьця…
Руцяных ніў маіх дзіця —
Поэта вольны, гаманлівы“…
І йду я горды ды зухлівы
Вясну-чароўніцу спаткаць,
Каб з ёю, пахкаю-шумлівай,
Жыцьцё самотнае зьвязаць…

Смаленск.