Урачыстасьць (1925)/Урачыстасьць жыцьця/Мілы мне бясконца

Я жыць хачу Мілы мне бясконца
Верш
Аўтар: Цішка Гартны
1925 год
Мая хата — постаць нівы
Іншыя публікацыі гэтага твора: Мілы мне бясконца…

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




∗     ∗

Мілы мне бясконца,
Любы тыя хвілі,
Калі сонца ў небе
Падыходзе к гаю,
І ў абачным воку,
Сінім небасхіле
Ўкрадкаю Вэнэра
З неба мне міргае.
На лугох зялёных
Траўка не шахнецца,
Ветрыкам нізваньня
Ніадкуль ня вее,
Толькі, як ні глянеш,
Вока дзе ня мкнецца —
Жыта ядраное
Вокал палавее.
А ў баку, пры гаі,
Дзе лугоў граніца,
Ліп, вярбін дарожка
Зеленьню руцянай
Закрывае сонцу
Срэбную вадзіцу
Ручайка, што мчыцца
Стужкаю зламанай.
У паветры чыстым
Ўецца над зямлёю
І крычыць-галосіць
Сваю песьню каня,
Быццам-бы з гарачай
Шчыраю мальбою
Просіць кагось ўчуці
Яе крык-праханьне.
Паглядзіш вакола —
Сіла маладая
Ў стомленай істоце
Ўстане-скалыхнецца,
І ты рвешся ўгору,
Рвешся гэтак к гаю,
А парушыць з месца
Не хацеў-бы, здэцца.