Урачыстасьць (1925)/Урачыстасьць жыцьця/Я жыву

Белым матылёчкам Я жыву
Верш
Аўтар: Цішка Гартны
1925 год
Мая душа
Іншыя публікацыі гэтага твора: Я жыву (Гартны).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Я ЖЫВУ

Я жыву ў квятох валошкі,
Ў сьпелым жыце між дарожкі,
У пшаніцы спалавелай,
Ў грэчцы пахкай, ў грэчцы белай…
Жыву ў рэчцы, ў яе мкненьні,
Ў лісьцях вербных шалясьценьні,
У вятрыску ціхавейным.
Я жыву у ясных зорах,
Ў неаглядных тых прасторах,
Што павісьлі парасонам
Над квітучаю зямлёю,
Нібы сходзячыся з ёю.
Я жыву у ясным сонцы,
Ў яго променнай каронцы,
Ў яго сіле незьмяранай;
У вясёлцы, ў зордарожжы,
Ў іх нязьмераным разложжы.
Я жыву у шчабятаньні
Пташак рэзвых цёплым раньнем,
Ў шумным боры, ў калыханьні
Дрэў стагодніх ў стройным гудзе.
Жыву ў кожнай зьяве-цудзе
Няпрыкметным і бягучым
Жыцьцятворчае прыроды, —
Бо я сын яе свабоды
Зоркабліснай і магучай!

Капыль, 1/IX-12 г.