Урачыстасьць (1925)/Урачыстасьць жыцьця/Я йду да ўсходу

Водырам пахкім Я йду да ўсходу
Верш
Аўтар: Цішка Гартны
1925 год
За вакном
Іншыя публікацыі гэтага твора: Я йду да ўсходу…

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Я ЙДУ ДА ЎСХОДУ…

Я йду да ўсходу вузкай сьцежкай;
Абапал рунь цішком шуміць;
А далей, там, за тонкай межкай,
Абшар лугоў, бы ток, ляжыць.

Супроць мяне на многа гоняў
Сьцяною стаў пануры бор,
І бачу я, як сноп чырвоні
Над борам сьцеле пекны ўзор.

Праз купы дрэў, праз голкі сосен,
Праз лісьці трэплыя дубоў
Лаўлю я ніткі яго кросен
І мяккі выгіб касьнікоў.

Лаўлю і чую, як паволі
Ў маё нутро праходзіць дух
Якойсьці прагнай буйнай волі,
Пазыў нястрыманы на рух.

Ўстаюць чаргою чыннай, цеснай
Жаданьні палкія, задзёр —
Абняць ўвесь гэты гал прадлесны,
Расьлінай высланы прастор.

І чырвань зыркую з-над бору
Зьнясьці цалком на пахкі дох,
Каб сеяць шчодра мерай спорай
Па ўсёй зямлі, як ёсьць, вакол…

Я йду ўсё далей вузкай сьцежкай,
А ў сэрцы крэпне мой намер,
І сонца ласкавай усьмешкай
Мяне вітае з вышніх сфэр.

3/II-23 г.