Урачыстасьць (1925)/Урачыстасьць рэволюцыі/Чырвоная «Радзіма»

Праца Чырвоная „Радзіма“
Цыкль вершаў
Аўтар: Цішка Гартны
1925 год
Сучасны Бэрлін
Іншыя публікацыі гэтага твора: Чырвоная радзіма.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ЧЫРВОНАЯ „РАДЗІМА“

I

случчына

Пасьвячаецца Язэпу Дыле

Распасьцерлася раўнінаю,
Стройнаю распрасталася…
Беларускаю Ўкраінаю
Не здарма ўсё-ж назвалася.

Лугам-поплавам мурожнымі,
Полем-нівамі ўроднымі,
Як сялянкаю заможнаю,
Пазіраеш ты, родная…

Паглядзець скрозь — неасяжная,
Вісьне неба — паземамі,
Шмат палеткі твае ўражая
Абсякала рука крэменем.

Йшлі грамадамі нязьлічнымі
Белапанскія коньнікі,
Руйнавалі нашчэнт, нішчылі
Хаты, поле і хвойнікі.

Дымам-полымем курылася
Праца цяжкая, чорная!
За свабоду шчыра білася
Вёска скрозь — непакорная.

І крываваю мяжынаю,
І крываваю стужкаю,
Пан граніцу ды раўнінаю
Пралажыў наўсьцяж Слуцкаю.

„Не загоіцца, не, шарая
Беларусь бальшавіцкая;
Пакараў яе бог карамі
За бунтоўнасьць мужыцкую“.

Гэтак думалі, так радзілі,
Але думка — дарэмная!
Зноў адыме, што пакрадзена
Наша Случчына зрэбная.

Працай цяжкаю сялянскаю,
Працай ўпартай — рабочаю,
Яна гоіць зьдзекі панскія,
Выжывае аброчанасьць.

Ўся саламі поўна, бэрамі,
Поўна жытам, пшаніцаю,
У наступнае йдзе з вераю,
Б‘е адвага крыніцаю.

Не загіне, ды ня вечнае —
Што ўрэзана, адлучана.
Будуць, будуць яшчэ зьлечаны
Беларусь і ты, Случчына.

Слуцак, 18/III—1925 г.

II

слуцак

Прытуліўся, прылёг пад садамі,
Новых дзён — ды вякамі ждучы.
А цяпер вось старымі дамамі
Мову іншую кажа Случы.
Ад князёў, ад паноў, ад няволі
Успаміны — гіньце ў пустэчы!
Не, ня будзе, ня будзе ўжо болей
Аб пары тэй ягонае рэчы.
Над будынкамі шэрымі сьцяг
Сьвету новаму значаць — цуды;
Разьлятаюцца пекныя сагі,
Звоніць гымн працоўнаму люду.
Ядранее, як лес, жыта ціха,
Нахіліла калосьсе ўдала…
Старадаўняя можа ткачыха
Селяніну волю прыткала?
Хай гудзяць шчэ званы на званіцах
І спакусаю крыж у вочы:
Марсэльезе ўжо ня зглушыцца,
Беларускай ужо ня змоўчаць.
Ад усходу на захад далёкі
Яе вокліч звоніць завуча:
Сустракай, Слуцак, новыя векі,
Шумі радасьней рэчкай Случчу.

22/III-25