Усебеларускі зьезд 1917 году (Гарэцкі)

Усебеларускі зьезд 1917 году
апавяданьне
Аўтар: Максім Гарэцкі
1922
Крыніца: Гарэцкі М. Творы. Мн.: «Мастацкая літаратура», 1990. С. 128—131

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Вясною 1918-га года, прыгожым цёплым раннем, дакляраваўшым добры дзень, пакінуў я Смаленск, выязджаючы дамоў на лета.

Падвазілі мяне кааператыўшчыкі, прыязджаўшыя ў Смаленскі Саюз па тавары.

Знайшоў я іх проста на рынку, дзе па нашскіх шэрых вопратках, па мяккаму абліччу, па гаворцы і нават па конях і вазах пазнаў, што людзі з нашага боку.

Яны ўсе аказаліся з воласці сумежнай з нашай, і адзін з іх зараз згадзіўся падвезць мяне за самыя малыя грошы.

Чалавечак гэты быў з сухой рукою, шапку насіў ссунутую з лобу назад, гаварыў казліным тэнарком і быў надта зюклівы. Зваўся Кузьма.

Вёрст дваццаць праехалі ўжо мы, а ён не сціх ні на мінутку і шмат чаго паспеў пераказаць аб цяперашнім жыцці ў нашых краях.

Разы два пачуў я ад Кузьмы, што іх кааператыў завецца «Беларус». Гэта мяне здзівіла. «Але,— падумаў я,— гэта, відаць, не мае ніякіх звязкаў з нашым адраджэннем», і з той назовы разінуўся на мяне страшэнны чупірадла яць (Ҍ) і закруціліся сабачымі хвастамі два русіфікатарскія эсы (с)…

Але ўсё ж было цікаўна. Аб’ехаўшы бязмальна ўсе буйнейшыя на бацькаўшчыне гарады, я толькі ў Магілёве відзеў гасцініцу з назваю «Беларусь», а то скрозь нічога не было ў падобных назвах, што б нагадала імя беларуса ў «СҌверо-Западномъ КраҌ Россіи матушки». Былі «Москвы», «Краковы», нават «Парыжы» і «Неапалі», а «Беларусі», за адзіным выключэннем, не было. Дык назва кааператыва мяне зацікавіла.

Тым часам пад’ехалі мы пад гару, і ўсе вылезлі з калёс. Вазы паціхеньку паўзлі наверх, падводчыкі ж сабраліся ў вадзін груд і заняліся кручэннем папіросак, каб, уз’ехаўшы і сеўшы, шпарчэй паехаць і курыць.

Аж неўспадзеўкі пытаецца ў мяне Кузьма пры ўсіх:

— А што цяпер з Беларуссю пасля таго леташняга з’езду?

— Якога з’езду? — яшчэ балей здзівіўся я, што землякі мае нават і пытаюцца аб Беларусі, бо прызвычаіўся раней да поўнай несвядомасці. Думаў, што ў нашай старонцы толькі наша ваколіца трохі ведае цераз мяне аб сваіх нацыянальных справах.

Хлопцы ж паглядзелі на Кузьму і засмяяліся.

— Мы пасылалі яго летась дэлегатам на з’езд у Менск рабіць сваю рэспубліку,— сказаў адзін байчэйшы.

— Чаго ж, дурні, смяіцёся? — дабрадушна загневаўся Кузьма.

— А чаго ж ты ўцякаў са з’езду? — пажартаваў другі.

— Ці я казаў вам, што ўцякаў? — абурыўся Кузьма і потым з гонарам дадаў:— Як леў, бараніўся, а яны — «уцякаў»…

Бойкі хлопец прыжмурыў вока, ссунуў шапку на патыліцу, добра ўдаўшы Кузьму, і ягоным казліным тэнарком, махаючы па-ягонаму сухой рукою, раптам зацягнуў:

Спрадвеку мы спалі, і нас узбудзілі,
Сказалі, як трэба рабіць,
Што трэба свабоды, зямлі-і-і…

Нават я не мог удзержыцца ад смеху. Смяяўся й сам Кузьма.

— Вот-то дурань,— плачучым галаском загаварыў Кузьма,— думаець, што з мяне смяецца… Ты, браце, сам над сабою смяешся!

— А дзе вы наўчыліся пяяць нашу марсельезу? — спытаўся я ў хлапца.

— Ды ён жа, ён усю воласць навучыў,— увідзеў я палец, выстаўлены штыхам у грудзі Кузьмы.

Кузьма ўдарыў яго па руцэ, хлопец засмяяўся:

— Гэта ж наш герой! Рэспубліку сваю рабіў!

— Вот-то цемната! Божухна-бацюхна, вот-то наша цемната! Што з вамі з такімі зробіш,— лямантаваў Кузьма, шукаючы ў мяне спагады.

Калі мы селі на вазы, ён закурыў, забыў на жарты і спакойна сказаў:

— А я хоць трошкі іх усведаміў. Самі захацелі назваць кааператыў наш «Беларусам»…

Усё чутае было для мяне незвычайнай навінаю. Нічога падобнага не чакаў я сустрэць у глухім закутку Смаленшчыны, ад якога бліжэйшая жалезная дарога за сто вёрст. Я не пазнаваў сваіх сялян.

— А дзядзька даўно… такі? — спытаўся я.

— 3 леташняга, браце, году, пасля таго з’езду.

— Цікаўны быў з’езд? — прыкінуўся я нязнайкам, каб пачуць большую беспасрэднасць.

— Ці ж вы нічога не ведаеце? — з захованым дакорам павярнуўся да мяне Кузьма.— А я, прызнацца, падумаў, што вы з «народных». Вучоны, з Смаленску едзець і па-беларуску гамоніць,— верна, думаю сабе, народны чалавек…

— Каго вы празываеце народнымі людзьмі?

— А гэтых жа, што хочуць, каб наша ўсё было, каб, значыцца, на ногі паставіць Беларусь.

— Га! Чаму ж дзядзька аб тое не спытаўся?

— Ждаў, можа, вы што скажаце. Дый цяпер…— патупіўся ён,— відзіце… свае ж смяюцца.

— Ну, хлопцы жартавалі, на іх няможна крыўдзіцца.

— А ці ж я думаў крыўдзіцца?! Вядома, хлопцы маладыя, ім абы з чаго дурэць. Дый яны не такія, як вы, можа, падумалі… Дружныя хлопцы… 3 мяне яны смяюцца, але каб вы ім, браце, што сказалі супроць беларусаў… пачулі б што іншае.

— А як на вас глядзяць бальшавікі вашае воласці?

— А хай сабе глядзяць як хочуць, я іх не баюся! Якія там бальшавікі — гора адно. Я добрых бальшавікоў яшчэ не відзеў. А таго п’янага чарнамазага падлу, што з’езд наш разагнаў, каб дзе злавіў, то зараз бы яму каюк зрабіў, хоць душагубства не люблю.

— За што ж такая злосць?

— За тое, браце, што ён біў нашых людзей, дэлегатку біў. Дзяўчына такая, што ён і ў падмёткі ёй не варты, а ён біў яе выспяткам, ботам, таптаў нагамі…

Кузьма ўздыхнуў.

— Як жа так? — паддаў яму ахвоты апавядаць.

— Быў гэта астатні дзень з’езду. Позна ўжо, ноч, а ў нас у тым тэатры ну вось якраз, як на вялікадні ў царкве. Неяк і радасна, і смутна, і хто ведае, што з табою робіцца, хрыстосавацца хочацца з усім народам. Гэта ж не жарты: рэспубліку сваю, Беларусь няшчасную, на ногі ставім, зараз правіцельства народнае выбіраць будзем… Аж тут і крыкні нехта: бальшавікі прыехалі нас разганяць. Што за ліха,— думаем сабе,— здаецца ж, супроць іх нічога не пастанаўлялі, контррэвалюцыянераў сярод нас няма: усё мужыкі, салдаты, народныя людзі з мужычкоў. Хочам, каб усё пайшло народу, і зямля, й лясы, і ўласць,— за што ж яны разганяць нас будуць? Па-іхнаму ж хочам, толькі каб, знацца, без непарадку, без глуму. Мы ж на сваёй зямельцы, а сярод іх — усякія прыблуды, што чужога краю не шчадзяць, без патрэбы нішчуць, вядома, за вайну сабралася іх на фронце розных, не столькі добрых, як нягодных. Не! крычаць: выхадзі! стрэльбамі пагражаюць, прысыпала іх да дзвярэй, як нячыстае сілы. І ўсё народ не нашскі, дзёрзкі, не панімаючы. Крычаць, гоняць, а чарнамазы, начальнік іхні, узлез наўперад і нешта п’янае там бруздзіць. Відаць, што чалавек упіўшыся і не разумеець, куды залез. Не дадзімся, думаем сабе! Загарадзіліся лаўкамі, хатылькамі сваімі харчавымі. Дзе ж там, хіба ж з голымі рукамі абаронішся супроць такой навалы. Віджу я з бліжэйшымі каля сябе, што кінулася гэтае звяр’ё, каб забраць нашых народных людзей. Кінулісь і мы наўперад ратаваць. Аж там цэлая бойка! Схапіліся нашы салдаты з тымі, што з’явіліся разганяць. Тузгаюцца, цягаюцца. Віджу я, што тут жа, дзе прадстаўляюць тэатры, наўперадзе бароніцца тая дэлегатка, бойкая дзяўчына, такія прамовы на з’ездзе казала, што прост за сэрца хапала. Тады падходзіць да яе чарнамазы падла і нешта, пасміхаючысь, ёй кажаць, відаць, зняважлівае нешта для яе. Раптам шчуп яна сабе ў кішэню, выцягнула маленькі чорны левальверчык і наставіла на яго,— аж мае сэрцайка замлела, кляпсь,— асечка. Тады яна тым левальверчыкам як тахнець яго па санках, аж пахіліўся. І што тады ўзнялося там, то й пераказаць мне трудна. Кінуліся салдаты на дзяўчыну і з ім разам. Павалілі, б’юць чым пападзя, прыкладамі, нагамі, за валасы цягаюць. Насілу нашы вырвалі бяднягу з іхных рук. Бараніў трохі і я, не стаяў рукі злажыўшы. Але зараз дастаў сабе такі ўдар у спіну, ці не прыкладам толькі, што думаю: хоць бы жывым ад гэтых бесцій вырвацца. Гляджу, а ўжо вядуць некаторых народных людзей пад канвоем ды на двор. Прапала наша справа, трэба ратавацца, уцякаць. Бягу ў дзверы: стой, кажуць, і ты там біўся? Я, доўга не думаўшы, шмык назад, схапіў на галаву нечую вялікую чорную папаху, пад нагамі валялася, і йду назад. Стой — крычаць, і ты там біўся? — Не, кажу, таварышы, я не той, я не біўся, той з другімі разам выскачыў у заднія дзверы. Паверьш, не пазналі і пусцілі на вуліцу. А там уздоўж дзвярэй поўна грузавікоў-аўтамабіляў з кулямётамі, з салдатамі, і па вуліцы поўна салдатаў, не разабраць, хто свой, хто не. Тут мяне злавілі і пагналі з другімі арыштаванымі ў нейкі склеп. Праседзелі мы ноч. Крэпка ўзяло ўсіх за сэрца: вот табе, Беларусь няшчасная! — думаем сабе: біў цябе цар з панамі, а цяпер простыя прыблуды за тое ж узяліся. Не падняцца табе на свае ногі, бедная…

— А цяпер жа дзядзька спадзяецца, што будзе Беларусь?

— Цяпер! Цяпер, браце, уся наша воласць, як адзін, паставіцца грудзьмі за яе. Як жа ёй быць? Не мы, дык нашы дзеці паднімем-ткі яе на свае ногі.

Кузьма змоўк, гэйкнуўшы на каня і пагнаў яго, як бы хацеў ляцець – захоплены, узбуджаны, смелы.

1922