Успаміны з Пэрсіі
Успаміны з Пэрсіі Успаміны Аўтар: Францішак Умястоўскі 1927 Крыніца: Газэта «Беларускі Дзень», № 3—16, 19 сакавіка—26 чэрвеня 1927 г. |
Успаміны з Пэрсіі.
I.
Пасьля доўгай блытаніны па ўсяму амаль гэтак званаму паўночна-заходняму фронту, на пачатку вясны 1916 году, папаў я са сваіма аддзелзм самаходаў у прыгожы і багаты маёнтак у аколіцах гораду Рыгі. Маёнтак гэны, пад назовам „Альт-Шванэнбург“, быў маемасьцю нейкага нямецкага барона.
Месца для пастою было гэткае, што лепшага і жадаць ня можна.
Аграмадны палац барона, каторы ў самым пачатку вайны ўцёк з Расеі і ваяваў ў шарэнгах нямецкага войска, быў ужо трошкі абшчыпаны вайною і я выкарыстаў яго, як казарму, разьмясьціўшы ў ім усю сваю каманду.
У іншых будынінах маёнтку знайшлося даволі месца для памяшчэньня кухні, майстэрні, складу самаходных прыладаў і матар‘ялаў і іншага вайсковага маёнтку каманды.
На адлегласьці ня больш 200 крокаў ад палацу, ў парку, акружаючым яго з усіх бакоў, выбівалася з-пад зямлі крыніца чыстай, сьцюдзёнай вады, якая з гоманам і шумам зьбягала з узгорку і, срэбнай стужкай праплываючы паміж зялёных сенажацяў, улівалася ўрэшце ў возера, раскінутае ў нізіне, быццам аграмаднае люстра ў зялёнай раме лясоў.
Папаўшы сюды, пасьля цяжкіх варункаў жыцьця падчас апошняга адступленьня, здалося мне, што я папаў у рай. Гоман лясоў, шум рэчкі і шэпт ціхі разбуджанай з зімовага сну і мкнучай да буйнага жыцьця прыроды, вырвалі мяне з абняцьцяў штодзённага жыцьця, зьвязанага моцна з крывавай драмай змаганьня народаў і пераносілі мяне ў знаёмыя куткі дарагой бацькаўшчыны, навяваючы мары мінулых, ціхіх, спакойвых дзён. Аднак гэная ідылія трывала нядоўга. Хутка гукі блізкіх гарматніх стрэлаў зноў вярнулі мяне да штодзённага вайсковага жыцьця, поўнага клопатаў, няпэўвасьці і гарачкі.
І гэнае штодзённае жыцьцё рабілася з кожным днём усё больш і больш прыкрым.
Насам перш пагода разам перамянілася. Пасьля цёплых, ясных, прыгожых, чыста вясновых дзён ў канцы красавіка пайшлі дажджы і пачаўся холад. Дарогі гэтак разьмяклі, што праца маіх самаходаў зрабілася проста немагчымай.
Каманды, пасыланыя на работу, варочаліся назад з папсованымі самаходамі, якія ўгразалі да восяў на гліністай дарозе і толькі дзякі над‘звычайным, проста нялюдзкім, высілкам жаўнераў, каманда мая магла, пакуль што, выпаўняць усе прыказы, выносячы іншы раз на руках машыны, загразшыя ў балоце.
Пад каяед і гэныя нялюдзкія высілкі людзей нічога не маглі памагчы. Палова машынаў стаяла папсованых і ніякія прыказы начальства не маглі зрухаць іх з месца.
А начальства я меў шмат! Беспасрэдным начальнікам маім быў камандзер мае самаходнае роты, ад каторага я і павівен быў, паводлуг закону, адтрымліваць усе прыказы. Але злажылася так, што са штабам сваім ён стаяў недзе далёка, і вось валадаром маім зрабіўся загадчык самаходнай часьці арміі, нейкі палкоўнік Прышчэўскі, які даваў беспасрэдна мне загады, паміма камандзера роты.
Прышчэўскі, які ніколі ня меў ніякага дзела з самаходамі, зусім ня мог сьцяміць, што для рацыянальнага выкарыстаньня самаходаў патрэбна добрая шаша, альбо цьвёрдая грунтовая дарога, на якой самаходы могуць працаваць запраўды карысна. Баявы пяхотны афіцэр, ён прывык камандаваць толькі жаўнерамі, якім трэба было толькі даць прыказ і жаўнер мусіў яго споўніць альбо ўмерці, — і забываў аб тым, што машына — не чалавек, сьмерцяй яе не напужаеш і больш работы, чымся ёй назначана інжынерам, што збудаваў яе, яна, ня гледзячы на ўсе прыказы, ня зробіць.
Калі я некалькі разоў зьвяртаў яго ўвагу на гэта, дык ён пачынаў сердаваць, і, кінуўшы яшчэ больш начальніцкім тонам: „я прыказваю“, ні аб чым болей не хацеў слухаць. Гэткае камандаваньне скончылася тым, чым мусіла скончыцца. Адзін раз, калі ён загадаў мне паслаць на работу 20 самаходаў—я знайшоў здольных да працы толькі 15, якія і паслаў да штабу арміі.
Але з гэтых 15-ёх толькі дзесяць дайшло да месца назначэньня, а пяць, загразшых ў балоце і папсованых, толькі назаўтра прывязьлі ў каманду.
Невыпаўненьне прыказу нарабіла шуму. Прышчэўскі пагразіў мне судом. Але калі я высьвятліў ўсю справу палкоўніку Сысунову (гэткае прозьвішча меў камандзер мае роты), то ён прыказаў мне без свайго загаду ніякіх машынаў нікому не даваць і справа на тым і скончылася. Усьцешыўся я, але не надоўга.
Праз тры дні я зноў адтрымаў прыказ ад Прышчэўскага аб высылцы самаходаў. Адтрымаўшы яго я зараз: выклікаў палкоўніка Прышчэўскага да тэлефону і вылажыў яму прыказ свайго камандзера роты.
— Каго-ж мне слухаць, пане палкоўніку? — пытаўся я, — вас ці свайго камандзера?
— Аб гэным прыказе Вашага камандзера я ведаю, — адказаў Прышчэўскі. — А калі вы, кажа, ня ведаеце каго слухаць, дык срабуйце ня выпаўніць майго загаду.
Становішча маё было надта дрэнным. Я зараз выклікаў да тэлефону свайго камандзера і расказаў яму, ў чым справа. Сысуноў выслухаў мяне, злаяў палкоўніка Прышчэўскага і кончыў гэткай парадай:
— Гэты, кажа, с—н сын Прышчэўскі нешта напутаў; выпаўняць павінны вы толькі мае загады, так распарадзіўся начальнік штабу… А вы вось што зробіце: самаходаў, пакуль што, не давайце, а я па тэлефону разгаваруся з ім і выясьню ўсю справу.
— „Ну, — думаю, — паны б‘юцца а ў хлопцаў чубы трашчаць“. Каб зразумець маё палажэньне ў гэным прыпадку, трэба ведаць, што знача прыказ і да чаго вядзе невыпаўненьне яго ў абставінах вайны на лініі фронту.
— „Не знасіць мне галавы“, — падумаў я і, чакаючы весткі ад Сысунова, заняўся ў канцэларыі пераглядам сьвежай пошты. Перакінуўшы некалькі пустых папераў, я з нуды пачаў чытаць апошні загад па роце, ў якім, паміж іншым, камандзер загадвае, што калі хто з афіцэраў хоча перавясьціся ў дзесятую самаходную роту, што стаіць ў Пэрсіі, то павінен безадкладна напісаць аб гэным рапарт.
— Вось, думаю, адзіны выхад з палажэньня: Пэрсія, краіна рожаў і сонца!
Глянуў я праз вокны. На двары гуляў вецер; неба завалаклі густыя хмары; сіпеў паскудны дробны дожджык. Выстраеныя ў дзьве шарэнгі цяжкія самаходы, атуленыя мокрым брэзэнтам, з якога цуркам сьцякала вада, маркотна глядзелі ў шэрыя далі вачыма сваіх ліхтарняў. Каля іх у балоце капаліся жаўнеры, азябшымі, мокрымі рукамі рыхтуючы машыны.
А там у Пэрсіі тымчасам сонца сьвеціць, цьвітуць рожы і цёпла там, ой цёпла мусіць быць цяперака!
І вобраз гэнай, поўнай сонца і рожаў, паўднёвай краіны, як ясная мара, стаяў грамадаю і клікаў і маніў да сябе.
Думкі гэныя спыніў званок тэлефону, да якога выклікаў мяне камандзер роты.
— Вось, што, — казаў ён, — з гэным Прышчэўскім ніякага толку не даб‘ешся, так што вы як-небудзь самі зьмяркуйце, — гэтак скончыў ён нашу гутарку. Але я ўжо зьмеркаваў; трэба хутчэй пісаць рапарт пакуль яшчэ пад суд не папаў дый ехаць, ехаць, як мага далей ад гэнага холаду, бездарожжа і гульні начальнікаў, ад якой застанешся ня толькі бяз чуба, але і без галавы.
— Карапэт, паедзеш ў Пэрсію?—зьвярнуўся я да зусім яшчэ маладога жаўнера, армяніна, шофэра з цяжкага самаходу, якога вайна з далёкага Каўказу закінула аж сюды.
Бедны хлопец вельмі тужыў да свае бацькаўшчыны, да гораў з белымі сьнегавымі шапкамі і ўлетку і зімою, да свайго вінаградніку, да бацькоў і братоў сваіх. Ён толькі-толькі вярнуўся з работы, на якой прабадзяўся цэлы дзень і цяперака, седзячы пры печцы, разаграваў азябшае цела.
— Паедэм, Вашэ благародіе, паедэм: Пэрсыя — очэн харашо. Заедэм да мэнэ, Вашэ благародіе, на Кавказ, там я хазаін, вынаграднык імэю і выно, ох какой выно, настаяшчае вынаграднае.
— Гэта ты аб Каўказе гаворыш, але ў Пэрсіі як?
— Очэн, очэн харашо!
І ты паедзеш са мною?
— Дажэ очэн паеду.
— Ну, добра.
Я сеў і зараз-жа напісаў рапарт аб пераводзе.
Прайшло больш як два месяцы, пакуль прыйшоў прыказ ехаць.
Пагода тады была прыгожая, сонца парка грэла, дарогі павысыхалі, з начальнікамі сваімі я паладзіў, пагадзіўшы іх пры чарцы гарэлкі і вялізарнай місцы ракоў, якіх шмат было ў нашым возеры і якіх абодва яны вельмі любілі.
Дзеля гэтага пэрспэктыва падарожы ў Пэрсію ў якой я ведаў, лета бывае шмат цяплейшае, чым у нас, цяперака не маніла мяне. Але адбой даваць было ўжо нельга. Цяперака ўжо ня пыталіся, ці маю ахвоту, але ў прыказе стаяла ясна напісана… „прапаршчыку гэткаму і гэткаму прыказываю ехаць ў дзесятую самаходную роту“… і годзі.
— А ты, Карапэтка, не раздумаў ехаць у Пэрсію? — зноў зачапіў я Карапэта.
— О, нэт, дажэ очэн нэ раздумал.
Праз два дні мы ўжо з Карапэтам выехалі: ён да сваіх бацькоў на Каўказ, недзе ў ваколіцы Тыфлісу, а я пабачыцца з жонкай і малым сынам. Праз 12 дзён умовіліся мы з ім спаткацца ў Тыфлісе і адтуль у Пэрсію меліся ехаць разам.
У які куток Пэрсіі нас закіне доля — мы ня ведалі: месца быцьця павінны нам былі вызначыць у Тыфлісе ў штабе арміі.
II.
Каб дабрацца да Тыфлісу, трэба было праехаць у цягніку каля 3000 вёрст па абшарах Велікаросіі, Украіны, Вобласьці Войска Данскога і Каўказу.
Ня буду апісваць усяе гэнае падарожы, бо, седзячы ў цягніку, іншы раз гэтак набітым народам, як селядцы ў бочцы, я нават праз вокны вагонаў рэдка калі меў магчымасьць бачыць гэныя краіны, праз якія з грукатам, сьвістам і сапеньнем нёс мяне жалезны конь.
Помню толькі, што ў Навачаркаску ў буфэце станцыі зьвярнулі маю ўвагу вялізарныя ракі, якіх я запраўды бачыў першы раз у жыцьці. Рак гэткі разам з клешнямі меў даўжыні запраўды-ж трошкі менш як ⅜ аршына. Зьеўшы аднаго рака—я быў сыты.
Далей кінулася мне ў вочы багацьце і сытасьць Данской Вобласьці. Помню якраз была нядзеля, калі праяжджаў я гэную краіну. На станцыях зьбіралася шмат народу, асабліва жанчын, (мужчыны ўсе амаль былі на вайне). Дародныя прыгожыя бабы і дзяўчаты, вытрашчыўшы вочы, глядзелі на цягнік, міргалі да праяжджаўшых ваякаў, грызьлі семачкі, сплёўваючы іх луску тут-жа на зямлю, дзеля чаго ўсе станцыі выглядалі, як забруджаны мухамі шэры дыван.
Праехаўшы гэную краіну, чугунка пачала паволі ўрэзвацца ў горы Каўказу.
Мушу прызнацца, што горы гэныя, аб якіх так прыгожа апісваюць поэты, не зрабілі адразу на мяне таго ўражаньня, якога я спадзяваўся, тым болей, што шлях чугункі спачатку трымаўся трошкі далей ад іх, і толькі тады, калі праз некалькі часу цягнік уціснуўся ў самае іх сэрца і яны абступілі яго з усіх бакоў, тут толькі я распазнаў ўсю дзікую іх прыгожасьць. Куды прыгажэйшым мне здалося Касьпійскае мора, якое ад станцыі Пятроўск амаль не пакідала нас да самага гор. Баку. Пагода тады была ціхая, спакойная, сонца парка грэла і з вокнаў цягніка няраз можна было бачыць люстраны твар водных абшараў, якія недзе на далёкім кругазоры спатыкаліся з сінім небам і за заслонай з белых туманоў быццам саромліва цалаваліся з ім… Ад Баку шлях чугункі крута зьмяняе свой кірунак і, зьвяртаючы на захад, урэзваецца ў самае сэрца гор, паміж каторымі раскінулася сталіца дзікага і прыгожага Каўвазу — Тыфліс.
У дарозе я пазнаёміўся з афіцэрам-грузінам, сталым жыхарам Тыфлісу.
— Той параіў мне, ў якой гасьцініцы найлепш затрымацца і—калі я расказаў яму, што некалькі дзён трэба будзе мне пажыць у Тыфлісе і запытаўся ў яго, што ў іх цікаўнага ёсьцека ў Тыфлісе, той адказаў мне, што найцікаўшае ў гэтым горадзе лазьні (сушні) і Грузінскае Грамадзянскае Сабраньне. А асабліва хваліў лазьню.
— Там, ведаеце, ёсьць гэткая гліна, што калі абмазаць ёю цела, дзе растуць валасы, дык праз некалькі мінут валасы адстаюць, як брытвай зголеныя. Бязумоўна ідзеце да лазьні, варта паглядзець,—раіў ён.
Дзеля таго, што ў Тыфліс мы прыехалі а гадзіне неяк 5-ай пасьля паўдня, я, знайшоўшы гасьцініцк і трошкі закусіўшы, пайшоў шукаць гэных лазьняў.
Добра паблутаўшы па горадзе, я нарэшце знайшоў іх.
Нейкі баншчык армянін, узяў мяне ў абароты. Чаго ёг толькі не вырабляў са мною: палажыўшы мяне га нейкі столік, то мітусіў мяне, як той хлеб у дзяжы, то намітусіўшы гладзіў рукамі жывот і ногі, то зноў з нейкім гневам навальваўся на мае грудзі і плечы, і калаціў мяне, і пратаў, як той лён добрая гаспадыня ў нашых вёсках. Ажно скончыў нарэшце мучыць мяне і крыкнуўшы: „Гатова, барын!“—хапіў мяне пад пахі і паставіў на ногі.
— „Тэпэр есьлы хочэш, барын, глыном будэм мазат, басэйн купат“.
Але, пакуль я здолеў што-нібудзь адказаць яму, ўжо мой мучыцель цягнуў мяне, як нявінную ахвяру на ўбой і, прыцягнуўшы ў суседні пакоік, пачаў мазаць ўсё маё цела нейкай сьмярдзючай, зеленавата-шэрай гразьзю.
— Галава мазат будэм? — пытаўся баншчык, вымазаўшы мяне гэным паскудзтвам ад пятаў да самае шыі. І пакуль я здолеў адказаць, гляджу ажно, зьмясіўшы цэлы ком гразі, ён замахнуўся ўжо рукою, каб кінуць яго на маю галаву. Туткі, сабраўшы астаткі свае энэргіі, я сярдзіта крыкнуў на яго:
— Ня сьмей кідаць гэнае паскудзтва на галаву!—і хапіў яго за руку.
— Нэ нада крычат, барын, нэ хочэш — нэ нада, — адказаў спакойна баншчык. Ён завёў мяне зноў у трэці пакоік, паставіў пад пырсьніцу і пачаў змываць гразь.
Зыйшла ява лёгка і дзіва—разам з ёю ўсе валасы.
— Вот ты тэпэр, как младэнэц—іды басэйн купацца — плават.
Я пайшоў за ім ужо да чацьвёртага пакою, ў якім быў басэйн.
Але, глянуўшы на гэную брудную жыжу, заместа вады, ў якой капашылася і плюхалася некалькі хлопцаў, — я адмовіўся ад гэнае прыемнасьці і пайшоў адзявацца.
Выйшаўшы з гэтай лазьні, я пачуў, як змучыла мяне падарожа, і цяперака мне хацелася аднаго — спаць, што я і зрабіў, прышоўшы да свайго пакою.
На другі дзень пасьля прыезду ў Тыфлісе — першай маёй справай было явіцца ў Штаб Каўкаскай Арміі, каб адтрымаць далейшыя дырэктывы. Начальніка Самаходнага Аддзелу Штабу Арміі я не знайшоў—ён быў ў нейкай камандзіроўцы, мяне скіравалі да яго ад‘ютанта.
Тут чакала мяне прыемная неспадзеўка: за ад‘ютанцкім столікам я знайшоў ні больш ні менш, як свайго земляка і школьнага таварыша паручыка Яна М.; калі я ўгледзеў яго, адразу мне проста не хацелася верыць вачом сваім. Як, у гэнай далёкай краіне за тысячы вярстоў ад роднай зямелькі, паміж гэных дзікіх гораў, дзе натура і клімат, і дзіўная, незнаёмая мне гутарка людзей — усё было, так чужым, што чуў я сябе іншы раз, як гэная рыба, выкінутая з вады, альбо расьлінка паўночная пад гарачымі праменьнямі паўднёвага сонца, якія доўга ня «вытрымаюць новых варункаў быцьця і мусяць прапасьці, — ёсьць чалавек свой, зямляк, які не прападае і жыве, мала таго, што жыве, а яшчэ ўсьмяхаецца да мяне, седзячы там, за столікам?
Ня можа быць!
Але Янка ўжо падняўся ад стала, падышоў да мяне і абхапіў сваімі жалезнымі лапамі.
Калі разгаварыліся з ім, то выйшла так, што назначэньне места майго быцьця было ў руках Янкі.
— Куды хочаш, туды і пашлю—выбірай, бо гэныя справы начальства здало на мяне,—казаў Янка.
Ён раіў мне ехаць у ваколіцы Эрзэруму, дзе і клімат лепшы, і варункі працы лягчэйшыя, а тамакі, ў Энзэлі, дзе стаіць 10-ая самаходная рота—прападзеш, ня вытрываеш, — казаў Янка. І гэткіх мне страхаў нагаварыў аб жыцьці ў Пэрсіі, што я, ня гледзячы на ўсю сваю цікаўнасьць, пачаў надумвацца.
— На скварку цябе там спаліць сонца, альбо памрэш ад малярыі ці халеры, — тлумачыў Явка.
Але цікавасьць перамагла ўва мне страхі і я рашыў такі ехаць ў Энзэлі, і адтуль далей ў глыб Пэрсіі, каб пазнаць гэны дзіўны і незнаёмы мне край. На абед Янка паклікаў мяне да сябе, а тымчасам я пайшоў аглядаць Тыфліс. Многалюдны гэны горад, сталіца Каўказу, з электрычнымі трамваямі і іншымі элемэнтамі эўропэйскае цывілізацыі, заселены армянамі, татарамі, грузінамі і іншымі народамі Ўсходу, — рабіў ўражаньне нейкай мешаніны Эўропы і Азіі. Раскінуты паміж гораў, абступіўшых яго з усіх бакоў, Тыфліс ляжыць на шляху чугункі, злучаючай Касьпійскае мора з Чорным і зьяўляецца важным гандлёвым цэнтрам Каўказу. Ня гледзячы на блізкую прысутнасьць мораў, клімат Тыфлісу сухі і гарачы, бо акружаючыя яго горы затрымліваюпь большую частку вільгаці і на долю Тыфлісу прыпадае няшмат яе. Горы вокал—нейкія дзікія. Ня ведаю, як яны выглядаюць вясною, альбо ўвосень ці зімою, але летам, у тым часе, як я іх бачыў, гэта былі аграмады шэрых, спаленых паўднёвым сонцам, каменных масываў, на якіх я ня мог разглядзець сьлядоў якіх-небудзь расьлін.
І як-жа я тужыў да зелені нашых лясоў і сенажацяў, да нашых ручайкоў і рэчак з іх гоманам і шумам, з іх халадком, гледзячы на гэныя шэрыя, спаленыя на скварку і быццам абсыпаныя попелам горы-вяліканы. Вяліканы гэныя робяць уражаньне мрацоў. Але не,—гэта не мрацы! Горы дыхаюць.
Увечары, калі сонца гасьне, выплыве месяц і загарацца зоркі на небе, дыхаюць на горад агнём, сабраным за час дзённай сьпякоты.
Гэтак у час пагоды.
А калі на небе зьбяруцца хмары, загрыміць гром і залатыя маланкі раз за разам б‘юць у грудзі каменных вяліканаў, дык горы таксама пачынаюць дыхаць.
Я ня чуў гэнага дыханьня, але людзі казалі, што ня дай Божа чуць яго.
Не, гэта не мрацы, яны толькі прыкінуліся мрацамі!
Паміж расьлінамі скалаў, недзе ў іх глыбі, недаступнай воку чужынца, б‘е крыніца буйнага жыцьця.
Вінаград, чарэшні, яблыкі, грушы і іншыя фрукты, якімі закіданы быў ў гэную пару цэлы горад, родзяцца там, паміж гэных гораў.
Там жывуць людзі, там ёсьць вёскі і сёлы, там вячэрняю парою льецца песьня, ў якой сыны Каўказу пяюць аб былой вольнасьці свайго народу.
— Вось якія думкі навеяў на мяне агляд Тыфлісу.
Тымчасам прышла пара абеду, і я пашоў да Янкі.
Той прыгатаваў мне неспадзеўку.
Ўжо пасьля яды, запітай добрым віном, калі мы сядзелі за чаркай кавы, ўспамінаючы Вільню, і добрыя мінулыя гады, Янка раптам азваўся:
— А ці ня хочаш ты часам песьні паслухаць? У мяне ёсьць дзяншчык, дык вось складна пяе.
Прызнаюся, прапазыцыя гэная ня надта прыйшлася мне да смаку. Я ведаў, што Янка мала разумеў у песьнях, хаця меў да іх вялікую ахвоту, і цяперака, калі ўспаміналі аб бацькаўшчыне, ўся мая істота была настроена на іншы лад: слухаць быць можа паходнай песьні якога-небудзь казанскага балаганнага пеўня—мне запраўды не хацелася, але як-жа было адмовіцца?
— Ну, давай, паслухаем,—згадзіўся я.
Янка пляснуў у далоні і крыкнуў:
— Эй там, паклічце Сямёна!
Хутка прыйшоў. Сямён, дзяншчык—дзявшчыком, і, ўвайшоўшы ў пакой, затрымаўся ля парога.
— Здарова, Сямён!
— Здравія желаю Вашэ б-діе, — бойка адказаў той.
— Можаш нам што-небудзь засьпяваць?
— Так точно Вашэ б-діе! — зноў той адказаў службова.
— Ну, дык засьпявай нам арыю з „Дэмона“.
— Янка, ня трэба,—пачаў прасіць я.—Няхай лепей што-небудзь іншае засьпявае.—Песьню гэную я добра ведаў і яна мне вельмі падабалася, і проста мне не хацелася профанацыі яе. Але Янка ня слухаў мяне і толькі кінуў выцягнутаму ў струнку Сямёну:
— Ну, сьпявай!
— Слушаю Вашэ б-діе! — гаркнуў зноў службова Сямён, узяў тон і пачаў сьпяваць.
Прызнаюся, першы раз арыя гэная зрабіла на мяне гэткае магутнае ўражаньне, як тады.
З першых нотаў песьні, я пазнаў, што пяе не профан, а мастак у найлепшым гэтага слова знвачэньні. На фоне дзікіх гораў, у сталіцы Каўказу песьня гэная зрабіла нябывала моцнае ўражаньне.
Ведама, Сямён быў мастаком першай клясы і сюды закінула яго вайна з „Малой Опэры“ Петраграду. Янка падабраў яго ў Тыфлісе і, каб ня зглуміць таленту, для формы зрабіў яго сваім дзяншчыком і ад часу да часу рабіў неспадзеўкі сваім таварышом, як тады мне.
Увечары прыйшлося мне быць з Янкам у Грузінскім Сабраньні. Гэта шыкарны клюб, у якім добра кормяць і маюць добрае віно, — вось што засталося ў мяне цяперака ў памяці ад гэнага хвалёнага Грузінскага Сабраньня.
На другі дзень я выехаў ужо з Тыфлісу ў горад Баку, дзе меўся параходам, па Касьпійскім моры, даехаць да Энзэлі—партовага гораду Пэрсіі.
На другі дзень я быў ужо ў горадзе Баку, і праз некалькі гадзін пасьля прыезду ўжо сядзеў у каюце пасажырскага параходу, які а гадзіне пятай пасьля паўдня меўся завязьці мяне ў Энзэлі, важны партовы горад Пэрсіі.
Маючы некалькі гадзін часу, я аддаў свае рэчы пад апеку Карапэта, каторага знайшоў у Тыфлісе на кватэры яго дзядзькі, даволі багатага купца, сам пайшоў аглядзець горад.
Ня буду апісваць яго, бо гэны асяродак багатага прамысловага раёну, які дабывае з зямлі нэфту і, перарабіўшы яе на газу, бэнзыну, мінэральныя алеі і г. д., высылае прадукты свае вытворчасьці далёка за межы Расеі, павінен быць даволі знаёмы чытачом.
Скажу толькі, што, дзякі свайму прамысловаму характару, горад гэны пад уплывам вялікага ліку чужынцаў, якія прыплылі сюды разам з загранічным капіталам, вызбыўся амаль зусім, гэтак характарнага для гарадоў Каўказу, свайго нацыянальнага вобліку, і мае івтэрнацыянальвы характар. Толькі грамады насільшчыкаў, чорнарабочых і жабракоў, якімі кішыць бакінскі порт з іх ўсходняй, нейкай гаркавай і незразумелай мовай, чорнымі вочамі, ў якіх ад часу да часу загараецца агонь, прыпамінаюць нам, што гэта ня польская Лодзь, не англіцкі Манчэстэр, а горад калісьці гордых сыноў Каўказу, стогнучых пад пятою Масквы.
Там, дзе шыкарныя палацы, асабнякі, там, дзе багацьце і роскаш, выдраная з нетраў Каўкаскіх гораў—там вы ня ўбачыце яе сыноў.
Месца іх на брудных вуліцах аколіцаў Баку, ў Бакінскім порце, на фабрыках і заводах Баку. Але досьць аб Баку.
На параходзе маім, усё рыхтуецца да адходу. Працуе пад‘ёмны кран (машына для падняцьця цяжараў), з лязгам і грукатам кідаючы ў цемры труму апошнія тавары, па мосьціку, з параходу на бераг, шмыргаюць насільшчыкі, ў адных кашулях і портках, спацеўшыя, змучаныя працай пад агнём паўднёвага сонца. Ажно з капітанскага мосьціку ляціць голас прыказу; кран уціх і замёр, забегалі людзі, адны сьпяшаючы на параход, іншыя з параходу на бераг — яшчэ хвіліна,—і мосьцік, злучаючы параход з берагам, ужо ўцягнены, вяроўкі, якія трымалі параход адвязаны, загудзела машына і параход, звольнены ад путаў, свабодна захістаўся на хвалях. З берагу махаюць хустачкамі і рукамі, чутны словы разьвітаньня, з капітанскага мосьціку ляціць каманда: „Полный ход“, машыны загудзелі мацней, закружыліся мацней колы, ажно задрыжаў ўвесь параход і, ўрэзаўшыся ў цела мора, пэўна і сьмела паплыў ў неаб‘ятныя цалі.
Праз якіх-небудзь дзесяць-пятнаццаць мінут — горад пачаў ужо зьлівацца ў адну шэрую масу, а зьлева ад яго, з-за гораў, атуляючых Баку, пачалі вырастаць сотні шэрых высокіх будынін, у якіх з нетраў зямлі, па жалезных трубах людзі дастаюць нэфту, гэнае найвялікшае багацьце Каўказу.
Хутка і горад і гэныя будыніны зьліліся ў адну шэрую пляму і прапалі на фоне гораў, ясна зарысованых на сінім, пагодлівым небе.
Яшчэ хвіліна і параход, мінуўшы нейкі востраў, на якім, як мне казалі, жылі палонныя туркі, выплыў на чыстае мора, ад якога ляцеў нейкі глухі гоман і рокат, нібы стогн далёкай буры.
Гоман гэты, разбудзіў мяне з забыцьця, ў якое я папаў, углядаючыся ў прападаючы паволі ў сівай імгле. бераг.
Мора паміж ім і параходам было ціхае, спакойнае.
Лёгкі ветрык ледзь-ледзь моршчыў люстраны твар вады. Хутка і востраў прапаў у сівой імгле і вокал, куды сягнуць магло вока, ня відаць было нічога, апрача неба і вады.
Я першы раз быў на моры, першы раз ня бачыў зямлі. І мушу прызнацца, што гэная адсутнасьць зямлі зрабіла на мяне дзіўнае ўражаньне.
Гледзячы на водныя абшары, якім, здавалася, няма ні канца ні меры, пачуў я сябе, разам з гэным параходам, і з гэнай жменькай людзей на ім, нейкім малым, забытым і пакінутым.
Страціўшы зямлю з вачэй, я шукаў яе ў думках сваіх і не знаходзіў яе і некая туга запаўзала ў душу і шчаміла сэрца, і гэтак шкода было і шэрых гор і берагоў, пакінутых нядаўна.
Але хутка сыгнальны званок, склікаючы пасажыраў на абед, парваў нітку думак, і я пайшоў у кают-кампанію, ў якой ужо сабраліся за сталом усе пасажыры, купіўшыя білет з харчамі.
Паміж імі было найбольш афіцэраў, так сама, як і я, ехаўшых ў свае аддзелы, было некалькі купуоў-армян і некалькі жанчын у вопратцы сёстраў міласэрдзя.
Хутка ўсе пазнаёміліся, паміж сабою завязалася гутарка аб тым аб сім, але неяк ня ладзілася, бо спакойнае дагэтуль мора пачало шумець.
Параход наш, які да гэтага часу ішоў роўна і спакойна, ледзь-ледзь хістаючыся, пачаў цяперака, як п‘яны, хіляцца то ў адзін бок, то ў другі. Талеркі і шклянкі запоўзалі па стале і трэба было раз за разам хапаць іх, і трымаць, каб не ўцяклі на падлогу.
Калі прынясьлі зупу, ня ведама было, што з ёй і рабіць, і як яе есьці. Нальеш у талерку, калі глядзіш, параход пахіліўся, і ўся зупа выплюснула на стол. Гэтак, мала хто і еў яе. Падалі рыбу і мяса. З гэным ладзіць было лягчэй, але вось новае гора: ад хістаньня пачало неяк вудзіць. Але я рабіў добрую міну і еў. Елі таксама і іншыя, хаця па твары сваіх таварышоў падарожы, я бачыў, што з імі таксама робіцца нешта нядобрае.
Першая падняла спалох нейкая пані. Яна раптам зьбялела, як папера, ўстала ад стала і, прылажыўшы хустачку да губоў, ўцякла з кают-кампаніі. Хутка за яе прыкладам пайшла і яе суседка, далей нейкі афіцэр.
Капітан параходу, гледзячы на гэных уцекачоў, толькі ўсьмяхаўся пад вусамі.
— Ужо захварэлі,—неяк з пагардай працадзіў ён праз зубы і павёў плячыма.
І я таксама першы раз еду на параходзе, а мне вось нічагусенькі,—пахваліўся нейкі зусім маладзенькі яшчэ афіцэрык.
Але ледзь ён дакончыў сваю хвальбу, калі раптам скочыў ад стала і ўцёк, а сьледам за ім нёсься сьмех капітана.
Да канца абеду засталося за сталом, з 20 сеўшых, толькі шасьцёх пасажыраў, паміж якімі быў і я, хаця прызнацца, нудзіла мяне штораз болей, але на той час я вытрымаў і перамог хваробу.
Выйшаўшы на палубу пасьля абеду, я не пазнаў гэнага спакойнага і ціхага яшчэ прад гадзінай мора. Яно цяперака быццам кіпела са дна. Вялізарныя хвалі атулілі параход з усіх бакоў і, хапіўшы яго на свае магутныя, белыя ад пены, плечы, то падымалі яго ўгору, то раптам расступаліся і кідалі ў нейкую прорву бяз дна, дзе, здалося, ня было яму ратунку. Але ён не падаваўся: соп, кідаючы праз коміны грамады іскраў, гудзеў сваімі машынамі, трашчаў увесь і скрыпеў пад ударамі хваляў, пахіляўся моцна на ўсе бакі, то вострым носам урэзваўся ў вадзяныя горы, вырываўшыся з іх абняцьця, выплываў з прорваў бяздонных на гару і шоў, шоў усьцяж уперад, паслушны волі жменькі людзей.
На палубе, апрача матросаў і некалькіх пэрсаў, я не знайшоў нікога. Матросы бегалі туды і сюды, выпаўняючы каманду капітана, а нешчасьлівыя пэрсы, ўхапіўшыся рукамі за поручні бартоў і, выцягнуўшы шыі, ікалі неміласэрна і стагналі, захварэўшы марскою хваробаю.
Мве хацелася далей паглядзець на разгуляўшуюся прыроду, але першая набегшая хваля спыніла маю ахвоту.
Разьбіўшыся на тысячу кавалкаў аб цела параходу, яна хляснула пенай і ручаямі вады на палубу. Абліты вадою, закіданы пенай, я не чакаў ужо другой хвалі і па сходах хутчэй пабег у калідор, адтуль у сваю каюту?
Там я знайшоў свайго беднага Карапэта, якога неміласэрна мучыла марская хвароба. Ён сядзеў на маім ложку, ікаў бязустанку і стагнаў.
— Ой, ваше благородые, памірат буду, — жаласьліва скардзіўся ён…
Па падлозе былі раскіданы мае рэчы: яны езьдзілі з аднаго канца ў другі ў тахту хістаньня параходу.
— Дэсат раз клал іх на мэста, ваше бла-дые, нычэво нэ памагает,—сумна дакладваў мне Карапэт.
Ён хацеў яшчэ сказаць мне нешта, але ікнуў толькі і, пачуўшы новы прыступ ванітаў, выбег з каюты. Тымчасам пачало цямнець і зараз настала ноч.
Сабраўшы рэчы і прымацаваўшы іх раменямі да паліцы, я сядзеў нейкі час, слухаючы шуму мора, ажно лёг на ложка і заснуў.
Разбудзіў мяне сыгнал вячэры, я зноў пацягнуўся ў кают-кампанію, але там сабралася толькі тых самых шэсьць чалавек, што вытрымалі да канца абеду.
Капітан і два афіцэры параходу зараз-жа прыступілі да яды, а апошнім тром, у тым ліку і мне,—было не да яды. Нуда ў мяне не праходзіла ні на хвіліну і, выпіўшы толькі шклянку гарбаты з цытрынай, я зноў пайшоў у каюту і лёг. Гэтак, як я прыкмеціў, нуда зьмяншаецца і пераносіць яе лягчэй.
На другі дзень пагода перамянілася. Вецер уціх амаль зусім, але расхістанае праз ноч мора яшчэ кіпела і бурліла, хаця хвалі і не дасягалі гэткай вышыні, як учора, і параход наш лёгка спраўляўся з імі і, раскідаючы іх направа і налева, зноў пэўна і сьмела пракладаў сабе дарогу.
З неба глядзела сонца і жарка грэла. І ў косах яго гэныя, страшныя ўчора, сівыя хвалі, цяпер ня пужалі нікога і, пераліваючыся рознымі колерамі ў праменьнях сонца, прыемна пясьцілі вока сваею прыгожасьцю.
А гадзіне дзесятай далёка, быццам на краі кругазору, прад намі забялела быццам хмарка нейкая.
— Гэта зямля,—растлумачыў мне матрос.
І запраўды праз нейкі час хмарка гэная пачала вырысоўвацца ясьней, ужо можна было распазнаць у ёй асобныя грамады далёкіх гораў і, пачакаўшы трошкі, пад горамі зазелянела устужка лясоў і хутка зарысаваўся бераг з яго дамамі і садамі.
Гэта было Энзэлі. Ад яго плыла да параходу чайка з лоцманам, які і ўвёў параход у Энзэлійскі порт.
На спатканьне пасажырскага параходу, які прыбывае ў Энзэлі толькі два разы ў тыдзень, выходзіць уся амаль, даволі вялікая расейская калёнія ў Энзэлі.
Той чакае газэтаў, той пісьмаў, той зноў прыезду блізкага чалавека, а іншы прыходзіць проста паглядзець на сьвежыя твары. Ёсьць яшчэ адно, што пхае ўсіх расейцаў на спатканьне параходу, і ў чым яны не даюць сабе адчоту, гэта тое, што для іх, для гэтых закінутых людзей, параход гэны ёсьць сымболем Расеі, ёсьць тым ланцужком, які падтрымлівае сувязь паміж імі і далёкай іх бацькаўшчынай.
Дзеля гэтага, сайшоўшы з параходу, я адразу спаткаў камандзера свае часьці і пазнаёміўся з усімі, быўшымі ў Энзэлі, афіцэрамі роты.
Яны закідалі мяне сотнямі розных пытаньняў, так што я ледзь пасьпяваў адказваць. З усіх іх словаў і гутарак веяла неапісальная туга да бацькаўшчыны і кожны, пытаючы аб розных справах, пакіроўваў усе свае думкі ў адным напрамку і чакаў адказу на адно толькі пытаньне, а пытаньнем гэным было: ці хутка канец вайны?
З гутарак з імі аб тутэйшым іх жыцьці, я вынес самае цяжкае ўражаньне: малярыя, халера, брушны тыфус, камары і маскіты, скарпіёны, фалангі і сьпякота, страшэнная сьпякота, вось кветкі жыцьця ў Пэрсіі. Слухаючы іх, я прыпомніў словы свайго дзяншчыка Карапэта, сказаныя на параходзе ў прыпадку мэлянхолічнага настрою пад уплывам марской хваробы:
— Папалыс мы с вамы, Вашэ б-дые, нэ нада было ехат Пэрсыя, — казаў тады ён.
— Ох, ня трэба было ехаць,—думаў цяпер я, слухаючы гутаркі сваіх новых таварышоў. Мой Карапэтка аднак тымчасам думаў мусіць іначай. Пачуўшы пад нагой цьвёрдую зямлю, якая ня хісталася і адразу пазбыўшыся марской хваробы, якая мардавала яго да апошняй хвіліны, ён быў вельмі галодны, выкінуўшы з сябе за час хваробы ўсё, што толькі было ў жываце, і цяперака, дастаўшы вялізарны кавалак хлеба, еў яго са смакам і ўсьмяхаючыся вёў гутарку з абступіўшымі яго новымі таварышамі і выглядаў зусім здаволеным і шчасьлівым.
Параход меўся адысьці ў Баку толькі назаўтра і, дзеля браку кватэры, мы з Карапэтам з дазволу капітана засталіся начаваць на ім.
Энзэлійскі порт раскінуўся на берагох затокі таго-ж самага назову, недалёка ад выхаду яе ў мора. Энзэлійская затока няглыбокая і для ўтрыманьня глыбіні яе гэтакай, каб была магчымасьць свабоднага доступу параходам, у ёй бязустанку працуе зямлячарпалка. Далей ад мора за портам глыбіня затокі робіцца яшчэ меншай, так што ў іншых месцах ня толькі маторная лодка, з вострым дном і даволі глыбокай усадкай, але і звычайныя, плоскадонныя лодкі мусяць шукаць дарогі, каб ня сесьці ва мель: Энзэлійская затока, ўразаючыся ў сушу, адсякае ад мора вузенькую палоску зямлі, якая ў іншых месцах мае шырыні толькі некалькі кілёмэтраў. Увесь водны абшар яе ўсеяны дробнымі астраўкамі, ледзь-ледзь выступаючымі над роўняю вады. Астраўкі гэныя зарастаюць густым лесам сітняку і разам з мялізнамі, таксама заросшымі сітняком, твораць аграмадныя абшары, маладаступвыя чалавеку, ў якіх знаходзяць сабе схарон розныя гатункі вадзяных птушак, ў нязьлічавай колькасьці прылятаючых сюды цэлымі хмарамі ў пачатку зімы з паўночных, халаднейшых краін.
Якіх толькі птушак ня бачыў я там! Бачыў я пышных аграмадных пэліканаў, як з торбамі, поўнымі рыбы, лятуць над воднымі абшарамі, размахваючы паволі сваімі вялізарнымі белымі крыльлямі, альбо пышна плывуць па вадзе, шукаючы здабычы. Я бачыў качак розных гатункаў, рознага колеру і велічыні; былі паміж імі і добра мне знаёмыя нашыя краквы і цыранкі; бачыў я розныя гатункі чаек і кулікоў і шмат-шмат іншых птушак, назову каторых мае ніхто ня мог сказаць, а сам я ня ведаў, бо нажаль мала вучыўся аб птушках.
Паміж розных гатункаў качок зьвярнуў маю ўвагу асабліва адзін, які розьніцца ад знаёмых мне іншых тым, што бруха мае, аперанае нейкім бліскучым жорсткім пухам сьнежна-белага колеру. Пух гэны моцна трымаецца за скуру, як поўсьць за скуру зьвяроў, і, зьняўшы з гэткай качкі скуру, даволі тоўстую і моцную, можна выкарыстаць яе, як футра. Як яна завецца—ня ведаю. Як я ўжо казаў, найбольш птушак у Энзэлі бывае ў зімовы час, калі скончыцца прылёт госьцяў з паўночных халаднейшых краін.
Колькі іх там зьбіраецца ў гэтым часе—можа зразумець толькі той, хто бачыў гэта ўласнымі вачыма. Мне шмат расказваў аб гэтым наш ротны доктар—вялікі паляўнік.
— Там ня то што мільёны, цэлыя мільярды іх гнязьдзяцца ў гэных сітнякох,—казаў ён мне.
І калі я, недавяраючы, круціў галавою і жартуючы пытаў у яго, ці ведае ён, што гэта азначае мільярд, дык доктар бажыўся, што ня брэша і намаўляў мяне паехаць калі-небудзь з ім разам у гэныя сітнякі на паляваньне і праканацца.
Доўгі час нам гэта не ўдавалася дзеля розных прычынаў, ажно раз сабраліся мы і паехалі. Паехала нас шасьцёх стральцоў на дзьвёх пласкадонных лодках. Пагода была ціхая, спакойная, затока выглядала як вялізарнае люстра. Праплыць нам трэ‘ было добрых пяць-шэсьць кілёмэтраў да месца, дзе ў-лябірынце астраўкоў, паросшых сітняком, быў, паводлуг словаў доктара, найвялікшы зьлёт качок. Страляць качок можна толькі ўвечары, падчас пералёту, бо знайсьці іх паміж гэнай гушчыні, з якой яны рэдка калі выпаўзаюць на адкрыты прастор, проста немагчыма.
Добра прад захадам сонца мы ўжо былі на месцы і, ўцягнуўшы лодкі ў сітнякі, чакалі пералёту.
Ціха было вокал. Не паварушыцца сітняк, ня дрыгне хваля, толькі хмары камароў таўкуцца пад галавою, бзыкаюць і кусаюць. Затока і астравы, і сітнякі быццам вымерлі. Калі за некалькі хвілін да заходу сонца разам ажыло гэнае зачарованае каралеўства, з усіх бакоў чутны галасы птушак, краканьне, піск, сьвіст, сітнякі заварушыліся быццам жывыя і пачаўся пералёт. Цэлыя хмары птушак з шумам і лопатам падымаліся з сітнякоў і ляцелі кудысь далёка; насустрэч ім ляцелі новыя хмары і так усьцяж, бяз конца.
Лодкі загрымелі стрэламі. Раз за разам з гэнай лятучай хмары адрывалася чорная грудка падала ў ваду—то былі трапленыя птушкі. Ня шмат іх было, бо ляцелі яны даволі высока, дый стралялі мы неяк неспакойна, гарачыліся, але ў канцы нашае страляніны, якая трывала ня больш як 20 мінут, выстраляўшы мусіць каля дзьвёх сотняў набояў, мы падабралі 42 штукі качок. Пералёт трываў нядоўга, бо ў гэнай паўднёвай краіне, змроку, які ў нас трывае яшчэ доўга пасьля заходу сонца, амаль зусім няма і праз некалькі хвілін, пасьля заходу сонца, робіцца зусім цёмна і наступае ноч.
— Ну што, паночку, ці брахаў я, кажучы аб мільярдах качок?—пытаў мяне доктар.
Пасьля таго, што я бачыў, здавалася мне, што доктар не брахаў.
Але ня толькі птушкі знаходзяць сабе прытулак і жыр на абшарах Энзэлійскае затокі. Водныя прасторы яе кішаць масай рознага гатунку рыбы, якая падчас нерасту наплывае з Касьпійскага мора цэлымі хмарамі, дзеля гэтага Энзэлійская затока зьяўляецца запраўдным, вельмі цэнным скарбам Пэрсіі. Аднак пэрсы мала карыстаюцца з гэнага багацьця. Права лоўлі рыбы пэрсідзкі ўрад прадаў маскоўскім капіталістым, якія ў асобе Акцыянэрнага Таварыства Ліанозаўскіх рыбных промыслаў, вядуць эксплёатацыю гэных найбагацейшых у сьвеце рыбных абшараў. Багацтва Энзэлійскай затокі палягае ня толькі на вялікай колькасьці рыбы, але і на тым яшчэ, што тамака водзяцца вельмі цэнныя гатункі рыбы, якія, як тавар, знаходзяць сабе збыт на ўсіх рынках Эўропы і далёка за межамі яе, як напрыклад, сёмга, беларыбіца, асятры і шмат іншых.
Ліанозаўскае Таварыства пры экслёатацыі рыбных абшараў мае дзьве задачы: першую — гэта злавіць рыбу і другію—гэта ковеэрвацыю злоўленай рыбы, альбо, кажучы йначай, захоўваньне яе ў працягу даўжэйшага часу так, каб яна не псавалася і была здатнай да яды.
Ловяць рыбу ў Энзэлі сеткамі, найчасьцей падобнымі да нашых трыгубіц.
Сэткі гэныя ў значным ліку кідаюць у ваду і праз некалькі часу дастаюць іх з багатай здабычай. Сеткі, лодкі і ўся рыбалоўная прылада зьяўляецца маемасьдю Ліанозаўскага Таварыства і рыбакамі пэрсамі таварыства карыстаецца толькі, як рабочай сілай.
Усю злоўленую рыбу рыбакі павінны аддаць таварыству і ніхто без яго дазволу і ведама лавіць сеткамі рыбы ў Энзэлійскай затоцы ня мае права. Пэўна-ж на вудачкі ловіць рыбу хто толькі ўздумае і злавіць яе тамака нават на няхітры свае работы кручок, прычэплены да шнурка з грузілам—рэч зусім лёгкая. Падчас вайны сотні салдатаў, уцёкшых з фронту, ў працягу доўгіх месяцаў бадзяліся па берагох затокі жывучы выключна злоўленай гэткім чынам рыбай, пакуль малярыя, халера, альбо іншая якая хвароба не прасякала ніткі іх маркотнага жыцьця.
Куды труднейшай справай зьяўляецца консэрвацыя злоўленай: рыбы. Улетку, калі тэмпэратура ў Энзэлі дасягае іншы раз больш як 50 градусаў па Рэомюру, лоўля рыбы спыняецца амаль зусім, бо вынутая з вады рыба ўжо праз некалькі гадзін псуецца і пачынае сьмярдзець, так што няма часу ўпарадкаваць яе. Але і падчас зімы, якая ў Энзэлі выглядае зусім іначай, чымся ў нас, бо сьнегу там амаль ня бывае зусім і тэмпэратура ніжэй нуля не апускаецца ніколі, консэрвацыя рыбы таксама зьяўляецца для прамыслоў справай вялікай вагі, бо злоўленая рыба, на месцы ня мае ніякага збыту і іншы раз праходзяць цэлыя месяцы, пакуль рыбны тавар, прайшоўшы тысячы вярстоў, пападзе нарэшце ў рукі спажыўца.
Апрача солі, рыба консэрвуецца па Ліанозаўскіх рыбных промыслах—марозам.
Не адзін, прачытаўшы гэта, запытае, а скуль узяць гэны мароз у Энзэлі, калі і зімою тамака няма марозу? А вось адкуль: Ліанозаўскія рыбныя промыслы робяць мароз машынамі. Для вырабу марозу, яны пабудавалі ў Энзэлі спэцыяльную аграмадную фабрыку гэтак званую халадзільню, якая складаецца з трох галоўных аддзелаў. Першы аддзел—гэта высокая будыніна — корпус каторае на якіх 10, а мо‘ і больш мэтраў выступае над паверхам рэшты фабрычнага корпусу, і верхаяя частка яго прадстаўляе ні што іншае, як звычайную паветку, абапёртую на слупкох, на каторых трымаецца страха. Пад паветкай гэнай, па цэлай сыстэме хітра выкручаных жалезных трубаў, па якіх звонку бесьперастанку сплывае да спэцыяльнага рэзэрвуару вада, так што яны застаюцца ўсьцяж мокрымі—праходзіць больш ці менш гарачае, залежна ад пары году, паветра з надворку. Сыстэма трубаў, змочаных вадою, мае на мэце трошкі ахаладзіць паветра, якое па іх праходзіць. Ахаладжэньне гэтае дасягаецца тым, што дзякуючы паветру, якое ўсьцяж гуляе пад высока пастаўленай паветкай, частка вады, што сплывае па трубах, выпарваецца, дзеля чаго трубы значна халадзеюць, разам з імі халадзее і паветра, якое па іх працякае. Ахаладзеўшае трошкі паветра па тых самых трубах ідзе далей і праходзіць вужакай праз вялізарныя бочкі, ў якіх трымаецца халодная вада. У ваду гэную ад часу да часу дадаюць спэцыяльных парашкоў, якія маюць тую асаблівасьць, што, распуслціўшыся у вадзе, значна ахалоджваюць яе.
Гэткім чынам, трошкі толькі ахалоджанае пад паветкай паветра, праходзячы далей па трубах, зьмяёй выкручаных у вышэй спомненых бочках, выходзіць далей яшчэ больш халодным і тады толькі пападае ў машыны, якія шляхам расшырэньня халоднага ўжо паветра паніжаюць тэмпэратуру яго да 20—25 градусаў ніжэй за ноль. І вось, ахалоджанае гэткім чынам, паветра ідзе далей па трубах у падвалы, пабудованыя так, каб звонку цяплыня не магла да іх даходзіць. Гэныя падвалы, ў якіх тэмпэратура паветра даходзіць да 15 градусаў ніжэй за ноль і служаць складам злоўленай рыбы, якая ў замарожаным стане можа трываць, ня псуючыся, вельмі доўга. Мне адзін раз давялося быць у гэных паграбох. Знадворку, дзе ў тым часе тэмпэратура была каля 40 гр. цяплыні па Рэомюру, загадчык увёў мяне ў першы пакоік пограбку, зусім цёмны, бяз вокнаў, са шчыльна, амаль не гэрмэтычна, прыгнанымі дзьвярыма, і, паціснуўшы нейкі гузік, запаліў электрычную лямпачку. Тут абдало адразу мяне прыемным халадком. Тэрмомэтр на сьцяне паказваў 15 градусаў цяплыні. Адсюль вялі дзьверы ў другі пакоік. Там я пачуў, што мне холадна, і пашкадаваў, што ня ўзяў з сабою шынэля. Тэрмомэтр тутака паказваў ужо толькі 2 градусы цяплыні.
А загадчык вёў мяне далей, ажно, мінуўшы яшчэ некалькі пакояў, у якіх было ўсё больш і больш холадна, папалі мы ў апошні, найбольшы пакоік, дзе градусьнік паказваў 15 градусаў марозу, я пачаў ляскаць ад холаду зубамі і, гледзячы на цэлыя горы замарожанай рыбы, на гэных цьвёрдых як косьць, атрупелых вяліканаў мора, яшчэ нядаўна вольна гуляўшых па водных прасторах, здалося мне, што я папаў з краіны жыцьця ў краіну сьмерці. І з якой радасьцяй я прывітаў сонца і зелень садоў, і подмух гарачага ветру, і шум далёкага мора, выйшаўшы ізноў з гэнай цемры і холаду на сьвет Божы.
Ня буду нудзіць чытачоў апісаньнем гораду Энзэлі, бо горад гэны, як і наагул кожны партовы горад, траціць свой нацыянальны характар. Ведама, ў партовым горадзе Пэрсіі, агульны фон — пэрсідзкі, але ўсё гэта так перапутана з эўропэйскім, а асабліва з маскоўскім, што апісаньне яго робіцца менш цікавым, чым апісаньне якога-нібудзь іншага гораду, закінутага ў глыбі Пэрсіі, як Казьвін, Хамадая, Тэгэран, Кум у якіх жыцьцё пэрсідзкага народу з яго многавяковай і заняпалай культурай, адбіваецца як у люстры. Апісаньнем гэных гарадоў я займуся ў іншым месцы.
А цяпер лепей скажу некалькі словаў аб клімаце і прыродзе Энзэлі. Энзэлі, як я ўжо казаў, ляжыць на беразе Касьпійскага мора. Бераг гэты — нізіна, якая разам з Касьпійскім морам ляжыць на некалькі сажняў ніжэй за роўню акіяну і ад мора цягнецца няшырокай палоскай, з поўдня і захаду акружанай высокімі горамі, якія затрымліваюць на сваіх склонах ўсю вільгаць, наплываючую з Касьпійскага мора. Дзеля гэтага клімат Энзэлі, як і ўсяе прыбярэжнае нізіны, якая разам са стокамі гораў творыць провінцыю Гілян, вельмі вільготны. Дажджы, ня толькі падчас зімы, калі яны ў працягу даўжэйшага часу падаюць амаль бязупынна, але і ўлетку зьява звычайная. Паложаны на глыбокім поўдні, бо пад 38° паўночнай шырыні, Гілян зьяўляецца адначасна краінай вельмі цёплай, так што тэмпэратура ўлетку дасягае ічшы раз вышэй 45—50 градусаў цяплыні па Рэомюру. Вось цяплыня разам з дастаткам вільгаці і ствараець вельмі прыхільныя варункі для росту расьлін і запраўды ў гэным кутку Пэрсіі земляробства, гародніцтва і садаводзтва знаходзіцца ў стане поўнага росквіту. З хлебных расьлін найлепшы ўраджай дае рыж. Гароднікі — слаўны далёка сваімі гуркамі, памідорамі і цыбуляй. У садох растуць памаранцы і цытрыны. Апрача таго садаводы займаюцца гадоўляй рожаў, варункі росту каторых у ваколіцах Энзэлі вельмі добрыя. Рожы цьвітуць тамака амаль ня ўвесь год, нават і зімою, бо, як я казаў вышэй, зіма ў Энзэлі, дзякі блізкасьці мора, вельмі лёгкая, так што марозу ніколі ня бывае. Прыпамінаю адзін зімовы дзень у Энзэлі, калі разам з дажджом выпаў сьнег. Я прывітаў яго, як нешта роднае. Але ня так спаткаў яго Энзэлі. Нейкім няпрошаным гасьцём выглядаў ён на памаранцавых дрэвах, разаслаўшыся белым пухам па цёмна-зялёвых лістох, паміж каторымі выглядалі жоўта-чырвоныя памаранцы, альбо па кустох рожаў, поўных кветак. І яму відаць неяк нялоўка было ў гэнай цёплай краіне ў кампаніі з зялёнымі лістамі і кветкамі, бо пачаў ён неяк корчыцца, малець і за хвіліну прапаў, ручайкамі вады сплыўшы на зямлю. Але варочаюся да рожаў. Іх у Энзэлі гадуюць садаводы не для свае прыемнасьці, а з мэтамі чыста гандлёвымі. З рожаў вырабляецца пахучы алей, вельмі цэнны матар‘ял у пэрфумэрыі. Для адтрыманьня нязначнай колькасьці гэнага алею трэба зьніштожыць цэлую масу гэтых прыгожых кветак і дзеля гэтага плянтацыі рожаў займаюць няраз абшары некальгіх тэктараў.
Мне давялося адзін толькі раз быць на гэткай плянтацыі ў ваколіцах Энзэлі. Вельмі прыгожа выглядае ў косах сонца гэнае мора зелені, прыбранае мільёнамі буйных рознага колеру рожаў. Прыемны, далікатны пах ляціць ад іх далёка. Гэта ўсё культурныя рожы. Але і на волі, ў лясох і зарасьнях, паміж іншымі кустамі, вы ўсюды знойдзеце кусты дзікіх рожаў. Яны менш прыгожыя, чым іх культурныя сёстры, вырасшыя пад апекай чалавека, але ўсё-ж мала уступаюць гадаваным у нашым клімаце культурным гатункам. Так, не дарма Пэрсію называюць краінай рожаў! І вось, калі гэткім чынам нізінныя прасторы Гіляну твораць адзін аграмадны горад, пераплецены астраўкамі садоў, дык стокі гораў, павернутыя да мора, твораць адзін бязупынны ланцуг вечна зялёных непраходных лясоў.
Падшытыя гусьцяром, перапутаныя нейкімі паўзучымі расьлінамі, лясы гэныя мала даступны чалавеку і толькі дзікі рысь і леапард гнязьдзіцца ў іх глыбі дый грамады птушак гуляюць на прывольлі ў цені зялёных вяліканаў. Духата страшная і парка ў гэных лясох, бо праз пустую заслону дрэваў, праменьні амаль зусім не праходзяць. Як бачым, дзякі цяплыні і дастатку вільгаці, прырода не паскупіла там сваіх дароў. Але як пры гэткіх умовах жывецца там чалавеку, які уплыў мае гэны клімат на здароўе чалавека? Як сабе даюць Пэрсы раду з гэным кліматам, добра ня ведаю, але эўропэйцу пераносіць яго вельмі цяжка, а асабліва ў гарачую пару, летам. Вільгаці тады ў паветры зьбіраецца гэтулькі, што чалавек ходзіць цэлы дзень, увесь спацеўшы, мокры, дыхае цяжка і няма куды падзецца ад цяплыні, бо ў цені таксама горача і душна. У нас, у гарачы дзень, калі выпіць вады, дык робіцца лягчэй, бо тады чалавек пачынае пацець, пот выпараецца ад цяпла і гэткім чынам халадзіць чалавека. У Энзэлі гэтулькі вільгаці ў паветры, што пот выпарвацца ня можа і дзеля гэтага чалавек усьцяж, быццам мяса, варыцца ў сваім поце. Вечар таксама мала прыносіць адпачынку. Толькі ўночы перад усходам сонца робіцца трошкі халадней, і тады вільгаць з паветра пачынае асядаць на шкле, на столі і адтуль каплямі падае на зямлю. Дадайце да ўсяго гэнага цэлую масу камароў і рознай машкары, якая пралезе ў найменшую шчылінку, ўваб‘ецца ў кожны куток, каб пасьля напасьці на чалавека і кусаць і рабіць жыцьцё яго проста немагчымым — і тады толькі адтрымаеце паняцьце аб усёй роскашы Энзэлійскага жыцьця. Я проста чуў сябе нейкім хворым, разьбітым падчас быцьця ў Энзэлі ў часе летняй сьпякоты. Начамі амаль на спаў зусім. Змучаны, ўвесь мокры, качаешся бывала, з боку на бок па пасьцелі і здаецца ўжо прыходзіць чаканы сон, калі чуеш бзыканьне і раптам востры ўкол джала маленькага тырана, будзіць цябе зусім, а там ужо чутно бзыканьне цэлай грамады гэных крывапіўцаў. А пад раніцу, калі тыраны, напіўшыся крыві, трохі прыціхнуць — чуеш: кап, кап! Гэта са столі пачынае падаць дождж. Не, цяжка было жыць у тую пару ў Энзэлі, і ня ведаю, ці доўга я-бы тамака вытрымаў, але склалася так, што ўлетку я быў у Энзэлі толькі гасьцём. Але ня толькі цяплыню ды вільгаць цяжка пераносіць нашаму чалавеку! Горшая за іх хвароба—малярыя, якая страшэнна нішчыць сілы чалавека. Перадаецца яна ад чалавека чалавеку камарамі. Камар, здаецца ня кожны, а толькі пэўны гатунак камара, калі ўкусіць чалавека хворага на малярыю, дык сам пачынае хварэць гэнай хваробай. І вось, калі такі хворы камар укусіць чалавека здаровага, дык той пачынае таксама хварэць. Праява хваробы палягае на тым, што ў пэўныя дні, альбо і гадзіны дня хворага пачынае трасьці трасца; яго кідае то ў жар, то ў холад, і тады ён увесь дрыжыць, і ляскае зубамі. Праз некалькі часу трасца праходзіць, чалавек быццам робіцца здаровым, толькі вельмі слабее. Праз нейкі чае прыходзіць новы прыступ хваробы, Адзінае лякарства ад яе — хіна.
Цяпер, паночкі, зразумееце хіба, якая гэта прыемнасьць, калі пачуеш ўночы бзыканьне няпрошанага гасьця. Што гэта за госьць ляціць да цябе; здаровы ці хворы? Ці толькі вып‘ець з цябе каплечку крыві, ці можа ў джале сваім нясе табе страшную хваробу?
Мяне неяк абміналі яны, ці можа арганізм не падаваўся хваробе, але мой бедны Карапэтка хварэў, і хварэў цяжка.
Пэрсы на малярыю хварэюць таксама.
Пасьля прыезду ў Энзэлі камандзер роты ня даў мне доўга адпачываць і на трэці ўжо дзегь я адтрымаў прыказ ехаць з эшалонам цяжкіх самаходаў у Хамадан, дзе мелася быць месца майго быцьця.
Прыказ гэны вельмі ўсьцешыў мяне, бо ўжо пасьля гэных трох дзён я меў Энзэлі па горла.
Машкара, камары, вільгаць і страшэнная цяплыня, змарылі мяне зусім і я быў рад чым скарэй вырвацца з гэнага пекла, ў якім, як нейкі пракляты грэшнік у катле, варыўся я усьцяж у сваім поце. І вось, чакаючы, пакуль эшалон закончыць сваю нагрузку, мы з Карапэтам пачалі рыхтавацца ў новую для нас далёкую падарож.
Ня менш за мяне цешыўся і мой Карапэтка.
— „Слава Богу,—казаў ёв, зьбіраючы пажыткі—тут мы з вамы, Ваша Б-дые, савсэм бы прапалы, развэ можна тут жыць? смотрытэ, что здэлалось з Вашым галыфэ, — казаў ён далей, здымаючы са сьцяны мой парадны мундзер, — смотрытэ: чэрэз нэсколко днэй на ніх-бы ўжэ началы росты памідоры, — і кажучы гэта, ён сунуў мне пад нос маю вопратку, якая, вісючы ў кутку, ад вільгаці ўся пакрылася тоўстым налётам плесьні.
— Слава Богу, што едэм адсюда, в Хамадане совсэм іной клімат, там очэн харашо. Але ня верыў цяпер я Карапэту. Калісь, у Альтшванэнбургу сваімі казкамі аб тым, як добра ў Пэрсіі, замануў ён мяне ў гэнае паскуднае Энзэлі, а цяпер вось Хамадан выхваляе!
— Годзі табе хваліць,—сярдзіта буркнуў я на Карапэта.—Каб табе верыць, дык і у Энзэлі таксама павінна быць „очэнь харашо“. Дый скуль ты ведаеш, што ў Хамадане добра?
— Там суха, — спакарнеўшы неяк і засароміўшыся, ціхім голасам, адказаў мне Карапэт.
Праўда, там суха, я аб гэтым добра ведаў, а так і тутака, каб ня гэная страшэнная вільгаць, так-сама жыць было-б можна: ад яе, ад гэтае вільгаці і праклятыя камары, і машкара, і ўрэшце памідоры на галіфэ.
І калі праз некалькі гадзін, мой самаход мінаў апошнія дамкі Энзэлі і, выбраўшыся на шашу, нёс мяне ў далёкі Хамадан, я зноў верыў Карапэту і думаў, што там у Хамадане, закінутым ў глыбі Пэрсіі, лежачым на шляху, які вядзе да Мэсапатаміі, ў якой, паводлуг лэгэндаў быў біблійны рай, я пападу калі не ў краіну, дзе „очэнь харашо“, то прынамсі ў гэткую, дзе можна як-нібудзь жыць нашаму чалавеку.
Шлях да Хамадану, які знаходзіцца на адложнасьці каля 450 кілёмэтраў ад Энзэлі, ідзе праз гарады Рэшт, Мэнджыль, Казьвін і Авэ. Да Рэшту і трошкі далей за Рэштам, да паштовай станцыі Імам-Задэ-Гашым шаша ідзе нізінай, прарэзваючы мора зелені. У іншых мясцох яна прабягае паміж балотцамі, заросшымі густым сітняком і нейкімі кустамі, ў іншых зноў, паміж абшараў сенажацяў, прыбраных купінкамі дрэваў, а найчасьцей паміж гародамі, садамі і плянтацыямі рыжу. Вёсак спатыкаецца мала на гэным шляху — яны ляжаць недзе далей ад шашы, акружаныя садамі, за зялёнай заслонай каторых іх амаль зусім ня відаць з шашы. Цікаўна выглядае новаму чалавеку гэны куток Пэрсіі. Я праяжджаў па ім няраз і заўсягды спатыкаў подчас падарожы нешта новае, нязнанае. Прыпамінаю сабе, адзін раз па гэнай шашы паміж Рэштам і Энзэлі, вясною я спаткаў цэлую масу вужоў; што дваццаць-трыццаць крокаў самаход мой набягаў на срэбна-сталёвае цела гада, а часам адразу некалькіх гадаў, ляжаўшых бяз руху поперак шашы і грэючых на сонцы сваё цела, альбо хвалёвым павольным рухам перапаўзаўшых праз яе. Творы гэныя мелі даўжыні іншы раз каля паўтара-двох мэтраў і таўшчыня іх дасягала таўшчыні рукі чалавека. Я некалькі разоў затрымліваў самаход, каб прыглядзецца да гэных вяліканаў, калі расьціснутыя коламі самаходу яны корчыліся і білі сваім магутным целам па шашы Памятую, я і мой Карапэтка, як урэшце і ўсе жаўнеры, вельмі брыдзіліся іх, і нават пакалечаных, памятых коламі, трошкі баяліся. Здавалася нам, што ў іх губах, якія яны раз за разам разявалі шырока, высоўваючы свае тонкія, доўгія быццам пучок нітак, языкі, хаваецца сьмерць. Адцяўшы галовы, я прывёз некалькі іх нашаму ротнаму доктару, які пасьля агляду прышоў да пракананьня, што гады гэныя зусім не ядавітыя. Доктар вельмі цікавіўся гэнай справай і кожны раз, той ці іншы афіцэр прывозіў яму з падарожы галаву гада і ніразу ён не знайшоў ядавітых гатункаў.
Іншы раз, помню, прыйшлося мне начаваць на станцыі Імам-Заэ-Гашым, паложанай яшчэ ў нізіне ля самага падножжа гораў, паросшых густым лесам. Гэта было зімою. Неба завалаклі хмары, цёмна было, хоць калі ў вока, на душы неяк цяжка і маркотна. Закусіўшы трошкі, пры сьвятле нейкай паскуднай сьвечкі, я толькі лёг заснуць, калі здалёку ад гораў даляцеў да мяне некі жаласьлівы ціхі плач-выцьцё. І быццам на одгук сыгнальвага рогу—на плач гэны адгукнуліся з усіх бакоў тысячы жаласьлівых галасоў, зьліўшыся разам у адзін жудасны канцэрт. Гэта вылі шакалы — лясныя сабакі. Іх плач-выцьцё, то ўціхаў хвіліну, то зноў разьлягаўся з вялікшай яшчэ сілай і адначасна дзікая і жаласьлівая мэлёдыя яго нейкай тугой і жудасам запаўзала ў душу чалавека і быццам капцюрамі рвала яго нэрвы. Ніводнай хвіліны ня мог я заснуць у гэтую ноч і толькі пад раніцу, калі пачало шарэць, плач шакалаў паволі пачаў уціхаць, ажно заціх зусім. Шакалаў у Пэрсіі вы спаткаеце ўсюды, але ў гэным месцы ў аколіцы Імам-Заэ-Гашым іх вельмі шмат. Уночы, праяжджаючы на самаходзе, я няраз бачыў іх у водбліску пражэктара шмыргаючых па дарозе. Раз удалося мне застрэліць аднаго гэнага паскудніка. З выгляду ён зусім падобны да нашага сабакі, і велічыня яго такая самая, як нашай сярэдняй аўчаркі. Поўсьць яго шэрая, з рознымі адлівамі, якія зьмяняюцца залежна ад месца і каб ня гэны паскудны звычай яго сваім выцьцём наводзіць вуду на чалавека, і нейкая дзікасьць, дык шакала можна было-б прыняць зусім за нашага сабаку.
Прыпамінаю сабе яшчэ адзін характарны для Пэрсіі абразок, які я бачыў падчас аднае з падарожаў на гэным шляху, ў ваколіцах Рэшту. Было гэта ў пятніцу, якая для магамэтанаў зьяўляецца днём адпачынку, так сама, як нядзеля для хрысьціян. У дзень гэны магамэтане, кідаюць работу, моляцца ў сваіх царквах-мэчэтах і займаюцца рознымі справамі, якія не вымагаюць вялікшай працы. І вось я бачыў, як у гэткі дзень адпачынку ў ваколіцах Рэшту займаюцца яны ачысткай вопраткі свае ад бруду. Сабраўшыся грамадкамі, па трох-чатырох, сядаюць яны на зямлю пад сьценамі сваіх хатаў на сонцапёку, здымаюць з сябе порткі і кашулю і, застаўшыся голымі, так, як іх матка нарадзіла, толькі ў шапках на галаве, пачынаюць вытрасаць бруд з вопраткі, пасьля шчыльна абшукваюць яе, заглядаючы ў кожную складачку. З шашы, праходзячай блізка каля хатаў, добра відаць было, як шпарка-шпарка працуюць іх пальцы, і раз за разам выцягваецца голая рука і кідае ў міску з вадой, альбо ў грудку гарачых вуглёў, сваю здабычу.
У іншым гуртку, ўжо скончыўшы, відаць, з ачысткай вопраткі, пэрсы адзін аднаму ачышчаюць з бруду галаву. Туткі на падмогу пальцам ідуць грэбяні, а часам нажы. Грэбяні ў іх зроблены з нейкага дзерава, здаецца пальмовага, даволі цьвёрдага і моцнага, так што яны маглі-б зусім адпавядаць свайму назначэньню, каб ня дзёрлі гэтак валасоў. Грэбяні гэныя майстры іхнія робяць не фабрычным спосабам, а ручным, пры помачы няхітрых струмэнтаў, паміж якімі галоўнае месца займае лобзік самадзельнвай работы і тонкія пілачкі, якія ўжываюць і ў нас вельмі часта для выпілоўваньня рамаў і іншых ажурных работ з дзерава. Частку грэбеня, свабодную ад зубоў, яны прыхарошваюць, выводзячы на ёй, радкамі ня глыбокіх дзірачак, розныя ўзоры. Відаць шмат працы ўкладаюць майстры ў сваю работу, але, нажаль, невялікая з яе карысьць, бо калі я прывёз некалькі грэбянёў аж сюды ў Вільню, і хацеў зрабіць прэзэнт нашым кабетам, дык яны іх забракавалі, кажучы, шо нашы фабрычныя грэбяні і прыгажэйшыя і гладзейшыя, і валасоў не дзяруць, і наагул—куды лепшыя.
Пішучы аб падарожы па гэным шляху, яшчэ прыпамінаю адну рэч, якая зьвярнула маю ўвагу, як паляўнічага. Пад‘яжджаючы да Рэшту незадоўга прад заходам сонца, неяк увосень пачаў бунтаваць мой самаход; машына пачала даваць перабоі і ледзь цягнула, так што прыйшлося затрымаць самаход і аглядзець яго. Шаша ў тым месцы праходзіла паміж сенажацямі, а далей ад шашы, па абодвух бакох яе, цягнуліся нейкія гусьцяры, ператканыя купінкамі дрэваў. Пакуль шофэр кратаўся каля машыны, я прыглядаўся на сьвет Божы, такі прыгожы ў гэны цёплы ціхі дзень. Сонца ўжо пачынала хавацца за вярхоўкі дрэваў, калі разам чую ў цішы добра знаёмае мне кромканьне і сьвіст.
Ці-ж бы гэта быдла сломка?
Я глянуў у той бок, адкуль нясьліся знаёмыя гукі і ўбачыў шэрага лятуна, Ца лёту яго, па характарным кромканьні і сьвісьце я пазнаў сломку. Гоманам родных лясоў і пахам вясны павеяла на мяне ад гэнай шэранькай птушкі. Разбуджаная думка вострай тугой зашчаміла сэрца. І я сьлязьлівымі вачамі вітаў яе, як пасланца далёкай Бацькаўшчыны, які кромканьнем сваім і сьвістам вітаў мяне. Але не прапала яшчэ з маіх вачэй першая сломка, як пачуў я зноў сьвіст і кромкавьне з іншага боку. Гэта ляцела другая сломка, за хвіліну пачуў трэцюю і пасьля, быццам па некаму сыгналу, сотні свістаў азваліся з усіх бакоў і сломкі цэлымі стадамі зашмыргалі над маей галавою. Гэткай грамады іх я ніколі ня бачыў у родных лясох. Вось дзе запраўднае Эльдорадо для паляўнічага! Я на той раз ня меў з сабою стрэльбы і толькі мог прыглядацца да васельля птушак.
Праз некалькі дзясаткоў кілёмэтраў за Рэштам шаша канчаецца і дарога, пакінуўшы нізіну, паволі пачынае ўразацца у горы. З пачатку горы гэныя яшчэ зелянеюць лясамі, па стромкіх скалах, паміж якімі прарыты гасьцінец, паўзуць нейкія расьліны, але чым далей ад мора, чым болей гасьцінец углыбляецца ў горы, якія зачыняюць доступ вільгаці, тым болей выгляд гораў зьмяняецца, зьмяняецца таксама і клімат.
Ужо ва горах вы ня ўбачыце лясоў, а вокал стаяць голыя скалы, расьліннасьць прападзе, паветра робіцца сухім. У адлегласьці 100 кілёмэтраў ад Энзэлі, ў Мэнджылі, вы пападаеце ў катлавіну, акружаную грамадамі скалаў. Аграмадны горны масыў бароніць доступ хмарам, плывучым ад мора. На вярхоўцы яго вы заўсёды амаль убачыце белае воблака, якое быццам змагаецца з гарою і, ўпёршыся ў каменныя грудзі гары, хоча сьпіхнуць яе з дарогі і адчыніць сабе свабодны шлях у краіну, дзе так прыгожа сьвеціць сонца.
Але дарэмны высілкі хмараў! Горы мацнейшыя за іх і толькі рэдка калі, пад напорам ветру, ўдаецца ім прапісаўцца праз міжгор‘і і заглянуць у гэны таёмны і нязваны ім рай.
Цікаўнае месца гэны Мэнджыль. Аб ім у Пэрсіі ведаюць далёка. Самы назоў — Мэнджыль азначае папэрсідзку: тысяча вятроў. І запраўды: калі-б вы сюды ні прыяжджалі, здалёку ўжо спатыкае вас гаспадар гэнае краіны: вецер буйны, кідае ў вочы воблакамі пылу і жвіру, дзярэць вопратку і так напірае, што боязна, каб не зваліцца ў кручу. Іншы раз подмухі ветру дасягаюць у Мэнджылі страшэннай сілы. Тады ня толькі жвір, але нават і невялічкія каменьні гураган паднімае ў паветра і з страшэннай сілай кідае іх на ўсё, што спатыкае на сваёй дарозе. Стогнуць тагды горы пад напорам дзікай сілы і здаецца, што грамада духоў нячыстых зьляцелася сюды з усяго сьвету і плача ў міжгор‘ях над сваею нядоляю і, вырваўшыся з іх абняцьця на шырокі прастор Мэнджыльскай катліны, з песьняй пякельнай, гуляе над далінай. Страшна тады ў Мэнджылі! Але ў рэдкія хвіліны, калі вецер уціхне — Мэнджыль выглядае вельмі прыгожа.
Прыгожасьць яго — гэта ня тая прыгожасьць жыцьця нашых родных, зялёных летам візін, прарэзаных устужкамі срэбных ручайкоў і рэчак, альбо прыкрытых бельлю сьнегу зімою, якая цешыць сэрца і песьціць вока. Прыгожасьць Мэнджылю ў яго дзікасьці, ў яго шэрых, голых скалах, прыгожасьць яго навявае некі сум і жах, гэта — прыгожасьць сьмерці. І запраўды сьмерць тоіцца ў горах. Бледны твар яе я бачыў раз уласнымі вачамі. У адзін прыгожы ціхі дзень, якія рэдка калі бываюць у Мэнджылі, сабраўся я са стрэльбай у руках—паглядзець бліжэй на горы, якія гэтак манілі мяне заўсягды сваею таёмнасьцю. Ідучы нейкай сьцежачкай, а ўбачыў стадка горных курапатак. Курапаткі гэныя зусім падобны выглядам сваім і велічынёй да нашых, толькі колер іх апярэньня прытарнованы да колеру гораў залежна ад таго, ў якім месцы яны водзяцца, зьмяняецца ад шэрага да цэгляста-чырвонвага. Цэлая грамадка гэных птушак жыравала ў скальнай шчыліне і пры маім прыбліжэньні ўзьнязася і, адляцеўшы трошкі, села недалёка на зусім голым месцы на скале. Я пайшоў за імі і зноў спалохаў, не падыйшоўшы на адлегласьць стрэлу. Яны зноў узьняліся і адляцелі трошкі далей, але зноў так, што мне добра відаць было, куды яны селі. Я далей пайшоў за імі. Прайшло мусіць добрае поўгадзіны, як я ганяўся ўжо за гэным стадам і ніколі ня мог падысьці да яго на адлегласьць стрэлу, хаця кожны раз здавалася мне, што яно сядзіць вось-вось, зусім блізка. Толькі зайшоўшы ў гэткі лябірынт, што далей ужо ісьці было немагчыма, я зразумеў, што дзякі чыстаце паветра, блізкім здавалася мне тое, што запраўды было вельмі далёкім. Гэткую памылку, пры ацэнцы адлегласьці, ў горах зрабіць вельмі лёгка. Прыпамінаю сабе, як адзін раз я памыліўся, кажучы, што да аднае вёскі ня больш, як 4—5 кілёмэтраў, а запраўды, як я праканаўся, было да яе ня менш, ак дваццаць. Зразумеўшы гэта, я паглядзеў апошні раз на курапатак, якія пераляцеўшы праз прорву, прайсьці праз якую, альбо абмінуць было ўжо зусім немагчыма, я плюнуў са злосьці і павярнуў да хаты. І вось тут толькі я пазнаў, што дезьці ўгару куды лягчэй, чым сходзіць з яе. З дурноты я яшчэ кінуў той шлях, па якім прыйшоў і, скарочваючы сабе дарогу, пайшоў іншым шляхам. Асьцярожна ступаючы і мацаючы нагою кожную грудку зямлі, перш чым ступіць на яе цьвёрда, я падыйшоў да стромкага адкосу, з якога зыйсьці паволі ня было магчымасьці, а трэ‘ было саскочыць на скалу, з якой, як мне здавалася, дарога ўжо была простай і лёгкай. Я гэтак і зрабіў. Знайшоўшы адпаведнае месца, я скочыў, але ледзь толькі даткнуўся нагамі да скалы, калі ногі мае паехалі ўперад, быццам на калёсах, і, страціўшы роўнавагу, я ўва ўсю даўжыню расьцягнуўся на скале, модна ўдарыўшы галаву. Схамянуўшыся трошкі, я пачуў, што зьяжджаю з гары. Месца, на якое я скочыў, было цьвёрдай гладкай скалой, прысыпанай зьверху пластом грубага жвіру. Пад цяжарам майго цела жвір рухнуў з месца і, не знаходзячы ніякай апоры на гладкім целе цьвёрдай скалы, каціўся па яе схіле, вязучы з сабою мяне. Я сіліўся разварушыць пласт жвіру, каб нагою ўпёрціся ў скалу, але ўсе высілкі мае былі дарэмны: пад рукамі і нагамі і пад усім сваім целам я чуў толькі круглы рухомы жвір, разам з каторым паволі я спаўзаў усё ніжэй і ніжэй у кірунку прорвы, якая з правага боку паглядала на мяне вострымі зломамі скалаў. Перавярнуўшыся на бок, я пачаў рукамі шукаць якой-небудзь апоры, падзёр іх да крыві, але нічога не памагала — прорва была ўжо на адлегласьці некалькіх дзесяткоў крокаў і з яе выглядаў да мяне белы твар сьмерці.
І вось калі я быў ужо ў адлегласьці ня больш дзесяцёх крокаў ад месца, дзе склон гары са спакойнага раптам рабіўся крутым і пераходзіў далей у стромкую сьцяну, па якой з шорахам і шумам каціўся ў прорву жвір і каменьні, скранутыя з месца маім целам, раптам убачыў я перад сабой, трошкі налева ад таго шляху, па якім ехаў, невялічкі горб скалы, свабодны ад жвіру. У адзін момант я павярнуўся на левы бок, перакруціўся раз, другі і за хвіліну, даехаўшы да гарба, пачуў пад сабою голае цела скалы. Я туліўся да яго, ўпіраўся нагамі, абутымі ў мягкія „гэвэ““, ажно пачуў, што затрымаўся на месцы. Некалькі доўгіх хвілін праляжаў я гэтак бяз руху, хціва хапаючы губамі паветра, ўвесь абліты халодным потам, слухаючы, як сэрца малатком стукала ў маіх грудзёх. Гэтак адпачыўшы трошкі, і пракаўнаўшыся, што страшэнная сьмерць тымчасам мне не пагражае, пачаў я надумваць, як зусім асьмяяць яе. Чакаць, што хто-небудзь выручыць мяне з бяды, было немагчыма. Месца, дзе я ляжаў, ня відаць было са шляху, па якім звычайна хадзілі людзі, а тымчасам сонца пачало ўжо хавацца за вярхоўкі гораў і да заходу яго было ня больш поўгадзіны. Заставалася адно толькі ратавацца самому. Але як? Голай, чыстай ад жвіру, скалы было прада мною ня больш, як пядзі на тры, а далей за ёй пачынаўся стромкі склон і прорва. Адзіны шлях да адкосу, з якога я гэтак нешчасьліва саскочыў, быў увесь засыпаны жвірам. Але толькі на гэным шляху быў ратунак. І вось, перавярнуўшыся на жывот, паволі пачаў я рукамі разгортваць жвір, ачышчаючы гэткім чынам дарогу. Праз некалькі хвілін, я ачысьціў ад жвіру гэтулькі скалы, што мог ўжо стаць на ногі і пасунуцца крыху ўперад і тады пачаў зноў працаваць рукамі. Гэтак паволі дабраўся я да адкосу і, толькі ўзьлезшы на яго, пачуў сябе зусім бясьпечным. Ужо было зусім цёмна, калі я вярнуўся да хаты. Каманда пачала ўжо непакоіцца маёю доўгаю адсутнасьцю. Найбольш за ўсіх непакоіўся Карапэт. Калі я расказаў яму, што са мною здарылася ў горах, дык ён цэлы вечар, пакуль не пайшоў спаць, бедаваў і охаў:
— Ох, ох! бедаваў ён, круцячы галавою, —Вы-бы, Вашэ Б-дые, савсэм на смэрт убылысь, нэ нада хадыт гарам, хочаш курапатку — на шасэ стрэлай, а зачэм гарам хадыт?
Праўду казаў Карапэтка: пад вечар альбо на раніцы, курапаткі з гораў выходзяць на жыр на шашу, і ў навозе жывёлы шукаюць пажывы. Прыкмеціўшы гэты іх звычай, я вельмі часта страляў іх з самаходу, якога яны менш баяліся, чым ідучага чадавека і дазвалялі пад‘яжджаць на адлегласьць стрэлу, ня гледзячы на шум мотору. Як я казаў ужо раней, Мэнджыль зьяўляецца мяжой, паміж, поўнай вільгаці, зелені і лясоў, прыморскай нізінай і гарыстай часткай Пэрсіі, з сухім кліматам і пазбаўленай амаль зусім расьліннасьці, якая расьце толькі засеяная рукою чалавека на палёх, у якія па цэлай сыстэме каналаў, будованых рукамі чалавека, падыходзіць вада з далёкіх крыніц.
Сенажацяў там няма амаль зусім, лясы яшчэ спатыкаеце ў ваколіцах Мэнджылю, але далей на поўдзень, іх няма амаль зусім. Дзе-ня-дзе асобнымі адзінкамі растуць гранатныя дрэвы, прыбраныя некімі шэрымі ад пылу лістамі, і гэткімі шэра-зялёнымі фруктамі (гранатамі). Граваты маюць велічыню яблыка. Скура на іх сухая і моцная, так што рукою, ці вават ногцямі яе не разьдзярэш. Калі-ж расьцяць скуру гранаты нажом, то ў сярэдзіне знойдзеце чырвоную масу мяздры і соку, атуленых тоненькай празрыстай павалокай, якая разам з гэнай мяздрой і сокам творыць перагародачкі, зросшыяся з сабой, як клеткі ў пласьце мёду. Сок гранатаў кіславаты, салодкі і вельмі асьвяжае чалавека. Некалькі гранатаў ў падарожы ў гарачую пару, асабліва ў мясцох, дзе мала вады, — гэта цэлы скарб дзя чалавека. Дастаюць гэны сок гэткі чынам: Гранату доўга моцна ціскаюць у далонях, каб парваць павалочкі клетак, у якіх знаходзіцца сок. Скончыўшы гэну работу, ў скуры гранаты ножыкам робяць дзьве дзірачкі, адна проці аднэй і пачынаюць смактаць.
Зьмена клімату кладзе свой адбітак ня толькі на расьлінвасьць, але і на спосаб жыцьця людзей. У прыбярэжнай паласе хаты пабудованы найчасьцей з дрэва, і рэдка калі з цэглы. Стрэхі іх вельмі стромкія, каб лёгка магла сплываць з іх вада. У сухой частцы Пэрсіі, ўжо ў Мэнджылі—хаты пабудованы выключна з гліны і фашыны, а то проста з аднае толькі гліны, страха тутакі ня мае ніякага скату, або лепей свазаць, хаты тутакі зусім ня маюць стрэх. На сьцены хаты кладуць тонкія жэрдачкі, пераплятаюць іх фашынаю, абмазваюць зысподу і згары глінаю — вось разам і стол і страха. І гэткая будыніна трывае вельмі доўга, бо дажджу тутакі зусім амаль ня бывае, толькі зімою часам папырскае трошкі, як з сіта некая заблудзіўшая хмарка, а так, дык усьцяж стаіць пагода і сонца пячэ. На гэткую страху ўвечары, пасьля захаду сонца, калі сьвежы вецярок павее ад гораў, пэрсы выходзяць пагуляць, — падыхаць сьвежым паветрам, часта і сьпяць усю ноч. Часам некі рамантык, заглядзеўшыса ў белы твар поўнага месяца, пачынае пяяць свае дзіўвыя песьні. Ну! — тады затыкай сабе вушы і ўцякай далей ад яго, бо запраўды дзікая незразумелая для нас, мэлёдыя яе, пяяная найчасьцей ахрыплым гнусавым голасам, больш падобна да крыку ішака, чым да песьні.
Ад Мэнджылю шлях ідзе яшчэ вышэй у горы, прабіраючыся паміж голых скалаў, над страшэннымі прорвамі, і вырваўшыся з іх абняцьця, прабягае плоскаўзвышшам аж да Казьвіну.
Канчаючы апісаньне нізіннай прыморскай паласы, на мяжы якой знаходзіцца Мэнджыль, прыпамінаю яшчэ адно цікаўнае месца ў Мэнджылі; гэта—крыніца гарачай вады, якая выбіваецца з вярхоўкі скалы, недалёка ад гораду. Каля крыніцы, выдзяўблены ў скале вадаём, у якім можна купацца. Купель гэная вельмі прыемна зімою.
Дагэтуль я апісваў толькі прыроду Пэрсіі і нічога амаль не сказаў аб самых Пэрсах, так што не адзін чытач зусім слушна скажа:
— Ты, дзядзька Пранук, байкі баеш, пішаш аб Пэрсіі, а дагэтуль яшчэ нё расказаў нам, што за народ гэтыя Пэрсы, як жывуць яны, як выглядаюць іх кабеты?
Выбачайце, дарагенькія чытачы: мой грэх! Але каб адтрымаць Ваша выбачэньне зараз раскажу аб іх, бо запраўды цікаўны гэта народ і шмат у чым непадобны Пэрсы да нашых славянскіх народаў, Галоўную масу пэрсідзкага народу па паходжаньню свайму можна падзяліць на дзьве часткі: Іранцаў, патомкаў старадаўвых племяў, засяляючых абшары цяперашняе Пэрсідзкае дзяржавы, і народаў Тюркскага племя, прыйшоўшых у Пэрсію пазьней. Гэныя два тыпы, твораць аснаўную масу Пэрсідзкага народу, паміж каторай украплены ўсюды невялічкімі гуртамі жыды, армяне, грэкі, арабы і іншыя ўсходнія народы.
Іранцы з выгляду свайго падобны да Эўропэйцаў.
Нос ў іх роўны, бровы цягнуцца прыгожым шнурочкам, тонкія губы маюць правідловы выраз, падбародак прыгожа закруглены і лёгка выступае ўперад. Чорныя, поўныя агню, вочы абведзены доўгімі чорнымі расьніцамі. Колер твару белы з загарам. Валасы на галаве густыя, чорныя. Дзяўчаты іхнія таксама вельмі прыгожыя і гутарка, якая ідзе ў палякоў аб вачох Пэрсіянак — ня байка. Праўда, прыезнаму чалавеку рэдка калі бывае здарэньне ўбачыць твар пэрсідзкай жанчыны, бо звычай не дазваляе жанчынам паказваць яго мужчынам. Паглядаць на яго маюць права толькі бацька, браты ды мужык. Дзеля гэтага, выходзячы на вуліцу, яны прыкрываюцца вялізарнай хусткай, якая атуляе галаву, твар і ўсё амаль цела пэрсіянкі. Каб магла глядзець, дык у хустачцы проці вачэй зроблены прарэз, ў які ўстаўлена густая сетка. Пэрсіянкі, відаць, ваююць з гэным звычаем, ў Тэгэране, сталіцы Пэрсіі, дзе ўсялакая наагул эманцыпацыя лягчэй пракладае сабе шлях, я бачыў Пэрсіянак, прыкрыўшых свой твар толькі лёгкім. шматком нейкага шэлю, які, прыкрываючы твар і частку стану да пояса, рэшту Пэрсіянкі рабіў даступнаю воку. Але і гэты шматок шалю, відаць, перашкаджаў ім, бо некалькі разоў, праходзячы праз вялізарны пляц, спатыканыя кабеты, аглядзеўшыся добра, ці няма дзе блізка Пэрса, адкідалі з твару заслону і ўсьмяхаліся да мяне. Вось тады я праканаўся, што Пэрсіянкі запраўды вельмі прыгожыя і гутарка аб іх вачох ня байка. Кажуць толькі, што хараство ня доўга трымаецца Пэрсіянак. Трывацацёх-чатырвацацёх гадоў яны ўжо выходзяць замуж і пасьля хутка старэюць, так што трыццацёх гадоў. Выглядаюць зусім старухамі.
Гэтак выглядаюць іранцы і іранкі. Выгляд прышэльцаў — народаў Тюрскага племя, тыпічнымі прадстаўнікамі каторых зьяўляецца засяляючае Азэрбэйджан племя Курдаў—ужо зусім іншы. Твар у іх брыдкі, шырокі, відаць у ім некая мешаніна татаршчыны. Нос курды маюць таўсты, губы таксама, заместа невялічкіх, густых чорных вусоў, якія так прыгожа адцяняюць губы іранцаў, у курдаў растуць вусы гэткія, доўгія. Вельмі часта курды носяць бараду.
Кабеты іх таксама брыдкія, іх бачыць можна часта, бо курдзянкі — дочкі пастушага горнага племя, якое прывыкла жыць вольна ў горах, — нават прад чужынцамі не хаваюць свайго твару.
Тумі я апісаў тыповых прадстаўнікоў гэных двух, племяў. Ведама, жывучы разам шмат вякоў, тыпы гэныя перакрыжаваліся паміж сабою, аднак і цяперака у шмат якіх месцах яны захавалі тып свій у поўнай чыстасьці.
Як выглядзе вопратка Пэрсаў? Трудна адказаць на гэнае пытаньне. Яна вельмі зьмяняецца, залежна ад месца і ад багацьця Пэрсаў. Вопратка бяднейшых Пэрсаў — кароткія шырокія порткі, сягаючыя ніжэй каленаў і шырокі, дасягаючы да каленаў каптан, падпяразаны паясом з тканіны. На галаве шапка з тоўстага цьвёрдага вайлака, кшталтам падобная да папоўскай камілаўкі, верх якой закруглены. Нлші босыя. Або абутыя ў туфлі, зробленыя з некай тоўстай белай тканіны. Падошва ў іх не са скуры, а такама зроблена спэцыяльным спосабам з палатнянае тканіны. Туфлі гэныя, званыя Пэрсамі „гэвэ“, вельмі лёгкія і хадзіцб у іх надта добра. Багацейшыя Пэрсы носяць вопратку іншую. Заместа каптаніка — яны апрануты ў доўгі да кален аднабортны сурдут, пашыты кшталтам польскай чамаркі са стаячым каўняром. Сурдут зашпілены ад тары да нізу гапкамі і кручкамі. Порткі доўгія, вузкія, дасягаюць самай стапы. На галаве яны носяць шапачку гэткага самага фасону, як і бяднейшыя, толькі з лепшага матар‘ялу і больш фарсістай работы. Верх шапкі — плоскі. Гэтак апранутымі я бачыў і пэрсідзкіх ханаў і іх службу і лёкаёў-у важных рэстаранах у Тэгэране, гэтак апрануты пэрсідзкія чыноўнікі і багацейшыя гаражане.
Першы дзіўны звычай Пэрсаў, які зьвярнуў маю ўвагу, гэта хварбаваньне пальцаў на руцэ, а таксама барады і вусоў. Можа падумаеце, дарагія чытачы, што робяць яны гэта з тэй самай мэтай, з якой нашыя дон-жуаны хварбуюць сабе вусы і валасы на галаве, каб хварбай пакрыць сваю сівізну і выглядаць маладымі? Божа, барані! Бароды свае Пэрсы хварбуюць на колер, які нічога супольнага ня мае з натуральным колерам іх валос. Найбольш моднымі фарсістым зьяўляецца колер чырвона-жоўты або чырвона-лільёвы. Вымажа сабе такі франт бараду, вусы, пальцы і далоні рук да кісьці дый ходзіць, горда паглядаючы вокам, быццам хацеў сказаць: „гляньце, які я прыгожы“.
Можа папэрсідзку гэта і прыгожа, але на мяне франты гэныя рабілі ўражаньне цыркавых клёунаў. якія малююць сабе твар на розныя колеры, каб сьмяшыць публіку. У Тэгэране я неяк менш тачыў гэных „пуджалаў“ і колькі прыпамінаю сабе, іранцы менш, альбо зусім на трымаюцца гэнага звычаю. Ведама, ў культурных цэнтрах Пэрсіі, ў гарадох, эўропэйская вопратка і звычаі знаходзяць сабе ўсё больш прыхільнікаў, так што там вы ўбачыце Пэрсаў, апранутых зусім паэўропэйску, але гэта толькі паасобныя адзінкі.
Аб жыцьці пэрсідзкіх жанчын, ведаю мала, бо хатняе жыцьцё Пэрсаў, зусім недаступна воку чужынца, па вуліцы Пэрсіянку ўбачыш толькі закутана з галавы да ног хусткай, так што з-за яе ня відаць зусім чалавека і ў гэных сваіх дзіўных вопратках больш яны падобны да нейкіх чорных ценяў, шоўшых з таго сьвету, чымся за жывых істотаў.
У хату Пэрса таксама заглянуць немагчыма без дазволу гаспадара, асабліва ў гарадох.
Дамы свае яны будуюць гэткім чынам, што вокны выхаду на вуліцу ня маюць і ўсе выходзяць толькі ў двор, які адгароджаны ад рэшты сьвету высокай глінянай сьцяною.
У сьцяне гэтай зроблены моцныя, акутыя жалезам, вароты, зачыненыя засоўкамі і замкамі з боку панадворку.
Кожныя вароты маюць ад вуліцы, прымацованы да іх на шалверы, медны зазвычай малаточак, проці галоўкі каторага прыбіта да варот медная дошчачка. Малаток гэны служыць заместа званка ў нашых гарадзкіх дамох. Госьць, які хоча ўвайсьці, пачынае стукаць малаточкам аб медную дошчачку, ажно гаспадар, альбо слуга пачуе і тады-пры варотах пачынаецца гутарка, хто, ды што, ды зачым прыйшоў? Пасьля гэткай гутаркі, чуеш, як твой размоўца, ідзе ўглыб двара, ня даўшы ніякага адказу. Мяне спачатку вельмі злавала гэткае маўчаньне. Стукаў, стукаў чалавек, ледзь дабіўся таго, што гаспадары ўрэшце звярнулі ўвагу на тваё стуканьне, а цяпер, калі дазналіся хто, што і як, няма ведама, пусьцяць цябе ў двор, ці пад якім-небудзь сосам скажуць табе „ ідзі вон!“ Але нічога ня зробіш. Трэба цярпліва чакаць, чакаць іншы раз даволі доўга. Справа ў тым, што пакуль гаспадар ня прыбярэ са двара сваіх кабет, і не пахавае іх так, каб вока чужынца не магло іх даглядзець, варотаў не адчыняць. Адзін раз толькі, ў Хамадане, калі я жыў у доме, які меў некалькі паверхаў і быў шмат вышэйшых за акружаючыя яго суседнія дамы, узьлезшы на плоскую страху свае хаты, я меў магчымасьць заглянуць у тайну іх хатняга жыцьця. У панадворку круцілася некалькі кабет і каля іх дзеці. Кабеты прыбраны былі ў кароценькія спаднічкі, дасягаючня толькі да каленаў і ў вузенькія доўгія портачкі, якія бесцарамонна выгядалі з-пад спадніцы і ўнізе хаваліся ў кароткія нагавіцы, на каторыя былі апрануты гэвэ. Спадніцы і портачкі былі пашыты з таго самага пэркалю, шэрага колеру з нейкім хітрым рабым узорам. Грудзі і стан іх абхапляў каптанік з таго самага пэркалю. Наагул вопратка здалася мне ня вельмі прыгожай, а кабеты былі старыя і нехарошыя. Дзеткі былі напалову голыя. Жанчыны краталіся каля ачысткі нейкага збожжа, якое ў кучках было ссыпана пасярэдзіне двара. Яны заграбалі збожжа ў сіты і пасьля, патрасаючы імі, прасейвалі яго, аддзяляючы гэткім чынам сьмяцё. Доўгі час яны гэтак працавалі, ня ведаючы аб тым, што іх пільна падглядае вока чужынца, ажно адна з кабет убачыла мяне. Яна не нарабіла крыку, як-бы гэта напэўна зрабілі-б гашы кабеты, каб задэманстраваць сваю саромлівасьць, але нешта толькі шапнула іншым і яны разам усе кінулі работу і, забраўшы дзетак, пабеглі да хаты. Я бачыў, як адтуль праз вокны яны прыглядваліся да мяне. Не хацелася мне перашкаджаць ім у працы і я зышоў са страхі.
З таго часу я ўжо ня так цікавіўся, спатыкаючы на вуліцы закутаныя ў хусткі муміі, пад якімі, думалася мне, хаваюцца чароўныя істоты таёмнага Ірану. Я цяпер ведаў, што, скінуўшы заслону, я мог хутчэй убачыць зморшчаны твар старой ведзьмы, чым чароўны воблік і агнявыя вочы маладой Іранкі, тым болей, што ў Тэгэране на пляцы „Туб ханэ“ я праканаўся, што прыгожыя кабеты, нават у Пэрсіі, патрапяць пахваліцца сваёй прыгожасьцю і падняць ў адпаведны момант заслону. Наагул няцікаўнае, відаць, у Пэрсіі жыцьцё кабеты. Правоў яна ніякіх ня мае, у грамадзкім жыцьці удзелу ня прымае, ў мужыка свайго яна хутчэй зьяўляецца работніцай, чым гаспадыняй; мужык — гэта пан яе, на якога жаліцца няма дзе. Кажучы аб кабетах, прыпамінаю яшчэ адно спатканьне з імі, калі я бачыў іх твар. Гэта было ў часе, калі расейскае войска, пад націскам туркаў, мусіла адступаць. Вось тады ханы (пэрсідзкія абшарнікі), якія трымалі за Расею, мусілі пакідаць свае палацы і перабірацца ў іншае месца, бо туркі іх не шкадавалі і забіралі ў палон, а то і проста расстрэльвалі. Вось, едучы з аддзелам самаходаў, я спаткаў аднаго з такіх ханаў, як з дваром сваім і ўсёй маемасьцю сваею, не забыўшыся забраць з сабою сваіх жонак, перабіраўся ў іншае месца, Сам ён, багата апрагены, ехаў на пышным арабскім жарабцы; слугі яго, ў ліку 30—40, апраненыя ў сурдуты, якія я апісаў вышэй, таксама на прыгожых стройных конях, у якіх відаць гуляла арабская кроў, з маўзэраўскімі карабінамі ў правай руцэ, абапёртымі на калена, акружалі ханскі абоз. Некалькі дзесяткоў вярблюдаў пераносіла дабро хана ў скрынках і клумках, зьвязаных моцна вяроўкамі, якія былі перакінуты праз гарбы і раўнамерна зьвісалі з абодвых бакоў варблюда. І вось у гэнай грамадзе здалёка ўжо я зьвярнуў увагу на шэсьць клетак, умацованых па дзьве да пары шастоў, перакінутых праз гарбы трох вярблюдоў, якія з вялікай павагай, выкідаючы ногі і ўзіраючыся ўва ўсе бакі, нясьлі на сабе гэны скарб. Клеткі знутры былі завешаны заслонамі з нейкай лёгкай матэрыі рожавага колеру. Я адразу ня мог сьцяміць, што гэта за скарб хаваецца ў гэных клетках, тым болей, што гэны скарб мусіў быць вольш цэнным, бо вярблюды з клеткамі былі абкружаны асобнай лініяй ханскай варты. І, толькі зраўняўшыся з абозам, я ўбачыў, што з клетак гэных выглядаюць праз шчылінзаслонаў цікаўныя вочы. Наляцеўшы вецер рвануў лёгкую тканіну заслонак, яны расхіліліся і я ўбачыў прыгожыя твары зусім маладых кабет-дзетак. Гэта былі жонкі хана. Цэлых шэсьць жонак!
— Ці не зашмат гэта? — запытае не адзін з маіх чытачоў, які і заднэй жонкай часам рады даць ня можа, а маючы шэсьць, быў-бы зусім нешчасьлівым чалавекам. Але трэба ведаць, што нашыя жонкі—не пэрсіянкі. Тыя прывыклі слухаць свайго мужыка, воля яго—закон дла пэрсідзкай кабеты. А ў нас? які там послух, калі іншая кабета качалкай частуе свайго мужыка і ўмее так яго прыбраць у рукі, што камандуе ім, як толькі хоча! Але, казалі мне людзі, што і пэрсу цяжка ладзіць са сваімі жонкамі; яны ўсьцяж сварауца паміж сабою, абгаворваюць адна адну перад сваім мужыком і ўсякімі спосабамі стараюцца адна адну пазбавіць яго ласкі. Вось мусіць дзеля гэтага, ня гледзячы на тое, што магамэтанская рэлігія пэрсаў дазваляе ім многажэнства, больш чым адну жонку маюць толькі багатыя пэрсы, ў якіх хапае даволі грошай на гэную роскаш.
Ну, а як-жа-ж Пэрсы, ці шануюць яны сваіх жонак? Ой—мусіць не залішне! Любяць, шэльмы, паглядзець на нашых эўропэйскіх кабет, а асабліва падабаюцца ім блёндынкі. Спэцыяльнае ўражаньне на іх робіць тое, што твары нашых кабет не атулены заслонай. Яны, відаць, дзівуюцца гэнаму звычаю і ніяк ня могуць зразумець, што мужыкі і браты эўропэйскіх кабет дазваляюць ім паказваць свой твар чужынцам.
Шмат, шмат ёсьць у жыцьці эўропэйскіх народаў таго, чаго ня могуць зразумець Пэрсы. Але таксама і ў жыцьці і звычаях Пэрсаў ёсьць шмат такіх рэчаў, якія зусім незразумелы эуропэйцу. Розьніца паміж гэнымі дзьвюма культурамі выступае на кожным кроку. Розьніца гэная датычыць ня толькі мовы, звычаяў і рэлігіі, але сягае ў галіну мімікі і жэстаў. Неаднальковасьць мімікі і жэстаў, як я праканаўся, найбольш розьніць людзей і робіць іх чужымі. Ня ведаючы мовы, двое эўропэйцаў аднак патрапяць як-небудзь паразумецца з сабою толькі пры помачы мімікі і жэстаў. А з Пэрсамі гэным спосабам паразумецца нашаму чалавеку ня можна. І колькі гора з гэнае прычыны нацярпеўся я ў першыя месяцы свайго быцьця ў Пэрсіі. Прыходжу, бывала, да крамкі, выбіраю тавар. — Колькі каштуе ёз? — пытаю жэстамі купца. Той не разумее мяне, толькі нешта лапоча языком. Я кручу галавою, кажучы што гутаркі яго ня ведаю. Паўтараю сваё пытаньне, паказваючы па пальцах 1, 2. Купец у адказ мне толькі заплюшчвае вочы і, апусьціўшы галаву ўніз, разам закідае яе ўгару, цмокнуўшы адначасна языком. Ага, думаю, такі дагаварыўся! Вымаю грошы, плачу. Купец моўчкі прыняў грошы і зноў той самы рух галавою, зноў цмоканьне языком. Цяпер, думаю, ён дзякуе мне—вось які ветлівы народ! Забіраю тавар, іду… калі чую за сабою:—Го-го-го-го! Гэта гагоча купец і кідаецца да мяне, каб адабраць тавар. А бадай ты згарэў! Так і не разгаварыўся. Кінуўшы тавар і забраўшы ад Пэрса свае грошы, мусіў знайсьці жаўнера, які ўжо трошкі ўмеў папэрсідзку і мог разгаварыцца з купцом. Вось той і растлумачыў мне, што цмоканьне, злучанае з закідам галавы і заплюшчваньнем вачэй, азначае: „не“. Наш чалавек, каб жэстам хацеў сказаць слова: „Не“ — проста, пакруціў-бы зьлева направа галавою, а Пэрс, глядзі, якія штукі выкідвае!
Цікаўны жэст Пэрса, калі ён хоча паклікаць да сябе. Тады пэрс выцягвае наперад руку і, трымаючы яе на вышыні пляча, рухам згары ўніз маніць да сябе чалавека. Рух далоні зьнізу ўгару азначае: „ідзі вон, проч“. Робяць яны гэта даволі прыгожа. Цікаўны таксама ў Пэрсаў спосаб прывітаньня. Вітаючы, датыкае Пэрс пальцамі рукі свайго лоба, губаў і грудзей, пры гэным галавой і ўсім корпусам сваім аддае паклон, кажучы пры гэным: ,,Сэлям алейкюм“!
Прывітаньне гэнае выглядае таксама вельмі прыгожа. Ня ведама, як паміж сабою, але ў адносінах да чужынцаў Пэрсы вельмі ветлівы, я-бы сказаў, залішне ветлівы, так што ветлівасьць іх іншы раз пачынае быць няпрыемнай і робіць уражаньне нейкай кітайскай цэрэмовіі. Прыпамінаю гэткую цэрэмонію пры спатканьні з афіцэрам Казачай Пэрсідзкай Брытады. [1]
Спаткаліся мы з ім на пастоі ў Алі-Абадзе, рэзыдэнцыі некага хана, які, як староньнік Туркаў, мусіў пакінуць свой двор перад прыходам расейскага войска. Афіцэр гэны паклікаў мяге, як свайго ,,кардаш“ (таварыша) ва сьнеданьне. Ён таксама быў у падарожы і з некалькімі сваімі жаўнерамі ехаў па службовых справах у горад Кум. Афіцэр ветліва прывітаў мяне сваім звычаем. Я адказаў яму тым самым і мы падалі адзін аднаму рукі. Ён знакам рукі папрасіў мяне сесьці на дыван, на якім, налітая ў маленечкія шляначкі, стаяла гарбата, цукер і пара птушак. Афіцэр умеў трошкі гаварыць панямецку і мы з ім разгаварыліся.
— Гэта галубы, —таўмачыў ён мне, — я сягоньня застрэліў іх.
— З вінтоўкіў застрэлілі? — пацікавіўся я.
— З вінтоўкі, — адказў Пэрс. Ня ведаю ці брахаў ён, ці не, але калі запраўды вінтоўкі, то з яго мусіў быць добры стралец. — Як ваша імя? —цікавіўся далей стралец. — Я адказаў. — А прозьвішча якое?
Калі я і тут здаволіў яго цікавасьць, дык ён дастаў запісную кніжачку і запісаў.
— Вельмі прыгожае ў Вас імя і прозьвішча, —казаў ён, ветліва усьмяхаючыся.
— А бацькі Вашага, як імя?—пытаў ён далей, рыхтуючыся зноў запісаць аго. Я адказаў. — А маці, як? І туткі на мяне пасыпаўся цэлы дождж пытаньняў. Якое імя мае жонкі, дзетак, братоў, сёстраў, пытаў ён мяне, дзе я жыву, і хваліў, хваліў усё, што толькі датычыла мае асобы і хвалячы запісаў ўсё гэта ў кніжку. Паводлуг яго, і імя бацькі майго, і імя братоў і сёстраў і назоў гораду—ўсё гэта было „чох акшы“ (вельмі добра). Ведама, калі скончыў ён сваё літаньне, дык я мусіў адказаць яму тым самым і, дастаўшы таксама кніжку і алавік, пачаў экзаменаваць яго, запісваць і хваліць. Пасьля гэнага ў гутарцы ён усьцяж стараўся пераканаць мяне, што такога знамянітага: „кардаш“, ак я, ён спатыкае першы раз і казаў далей, што ён мой вялікі прыяцель, на якога я магу лічыць заўсягды. Ведама, я мусіў адказваць яму тым самым і брахаў, як наняты, стараючыся папасьці ў тон свайму новаму слаўнаму прыяцелю, прозьвішча каторага цяперака зусім не памятую, ня гледзячы на тое, што так сама, як і ён абяцаўся імя і прозьвішча яго запісаць ня толькі ў кніжцы, але і ў сэрцы і душы сваёй.
— Так, так!—гаварылі мы з ім вельмі поэтычнымі зваротамі, ў якіх сэрца, душа, вечнасьць, прыязьнь — займалі паважнае месца.
Чугунучная лінія ў Пэрсіі разьвіта мала. На вялікім абшары Пэрсіі, які мне давялося аб‘ехаць падчас вайны, чугунку я бачыў адзін толькі раз — у Тэгэране, Яна злучае Тэгэран з летняй рэзыдэнцыяй Хава, адлеглай ад Тэгэрану на 12-14 кілёмэтраў. Наагул спосабаў комунікацыі, здабытых разьвіцьцём тэхнікі, якія ў Эўропе знайшлі гэткае застасаваньне, — Пэрсы амаль ня ведаюць зусім. Для іх і цяперака, як соткі год таму назад, адзіным спосабам дзя перавозкі тавараў, пошты і людзей нават на вялікую адлегласьць зьяўляецца конь, мул, асёл і вярблюд.
Конь служыць выключна для перавозкі людзей, тады як тавары перавозяць на вярблюдох, аслох мулах. Ведама, гэткі спосаб перавозкі каштуе шмат грошай і страшэнна падымае цану прывозных тавараў, так што робіць іх іншы раз зусім недаступнымі спажыўцу. Бывалі здарэньні, што ў месцах, дзе збожжа не ўрадзіла, людзі мёрлі з голаду тады, як у іншых месцах, дзе ўраджай быў добры, сяляне ня мелі куды падзець свайго хлеба толькі дзеля таго, што перавозка яго ў галодныя вакругі каштавала так дорага, што сялянства галодных вакругоў не магло купляць прывознага хлеба. Аднак, ня гледзячы на дарагоўлю гэнага спосабу перавозкі тавараў, перавозны рух па трактах даволі вялікі. Аграмадныя караваны вярблюдоў, аслоў і мулаў, дасягаючыя іншы раз некалькіх сотняў жывёлы, звычайная зьява падчас падарожы. Вельмі арыгінальна выглядаюць гэныя жывыя цягнікі Пэрсіі. Прадвесьнікам яго зьяўляецца вялізарная хмара пылу, падымнага нагамі жывёлы. Паволі пры прыбліжэньні каравану, з гэнае хмары пачынае выпаўзаць доўгі ланцуг вярблюдоў, нагружаных таварам. Тавар запакованы ў клумкі, якія на вяроўках, перакіненыя праз горб вярблюда, зьвісаюць з абодвых бакоў яго. Вярблюды адзін з адным злучаны тонкім шнурочкам. І, сьмешна сказаць, шнурочак гэны, які запраўды магло-б парваць дзіця, змушае гэных караблёў пустыні трымацца парадку, выцягнуўшыся доўгім ланцугом, зьяўляючыся для іх нейкім сымболем улады чалавека, які ў вобразе „чарвадараў“ (пагоншчыкаў скаціны) вядзе караван. Мулы і аслы ідуць кожны паасобку, грамадкамі. Для падтрыманьня парадку і послуху чарвадары ўжываюць не бізуна, а палкі і кароткага шыла. Непаслушную скаціну, якая ня хоча ісьці, чарвадар, падышоўшы з боку, проста коле шылам ў кумпякі-і гэткім спосабам змушае да послуху усю сваю чацьвёраножную каманду. Спатканьне каравану з самаходам, асабліва ўночы, гэта — цэлая катастрофа для каравану. Асьветленыя сьвятлом самаходных рэфлектараў, напуджаныя гулам мотораў, вярблюды разрываюць са страху вяроўкі, путаюць ланцуг, а іншыя кідаюцца ўцякаць. Мулы і аслы зьбіваюцца ў адну кучу, націскаюць адзін на аднаго і падымаюць страшэнны гвалт. Шмат часу праходзіць, пакуль чарвадары, пры помачы свайго шыла патрапяць ачысьціць дарогу і зноў прывясьці караван у парадак. Вельмі часта на жывёлу ў караванах навешваюць званочкі. Званочкі гэныя падбіраюць рознай велічыні і тону. У ціхі вечар здалёку ўжо чутны яны. Сотні, тысячы званкоў зьліваюцца ў адзін магутны гарманійны акорд, які на хвалях паветра ляціць у прасторы. У цемры вечара ня відаць каравану і здаецца тады слухачу, што дзіўная музыка званкоў льецца з неба, быццам далёкі адгалосак той музыкі, тых песьняў, якімі ў небе духі чыстыя хваляць Усемагутнага Бога!
Канец першай часткі.
Дзядзька Пранук.
- ↑ Казачая Пэрсідзкая Брыгада — гэта аснова рэгулярнага Пэрсідзкага войска, якое пачало тварыцца ў Пэрсіі зусім нядаўна пад кіраўніцтвам расейскіх інструктароў.