Успамін пра Усебеларускі з’езд у г. Мінску
Успамін пра Усебеларускі з'езд у г. Мінску Мемуары Аўтар: Канстанцін Аляксееўскі 1918 Арыгінальная назва: Воспоминание о Всебелорусском съезде в г. Минске Пераклад: Nejurist Крыніца: [1] |
(З 13 па 20-е снежня 1917 г.)
Так, З’езд гэты назаўсёды застанецца памятны тым, хто на ім прысутнічаў, і хай ён часцей пра яго згадвае і няхай раскажа іншым, хто не мог асабіста прысутнічаць, асабліва беларускай моладзі. Такога ўздыму, такога нацыянальнага аб’яднаўчага беларускага непасрэднага пачуцця нельга забыць да магілы.
Пачаўся з’езд млява. Беларус застаўся беларусам; бедны, забіты і загнаны беларус, гістарычна заўсёды ўсімі крыўджаны, ён і на З’езд Усебеларускі з’явіўся з уласцівым яму страхам і асцярогай. Правадыры і лідэры не адразу згаварыліся, трошкі ўсе адзін аднаго асцерагаліся, намацвалі глебу. Шмат было ў пачатку спрэчак, размоў і таптання на месцы, здавалася, і канца краю гэтаму не будзе. Але як усё гэта сапраўды падобна на беларуса: гэта менавіта - ён такім і павінен быў праявіць сябе. Гісторыя яго краю, а не што-небудзь іншае, стварылі яго такім.
Патроху справы З’езду сталі наладжвацца. Беларусы, воіны-салдаты і маракі, гэты цвет беларускай моладзі, хутчэй за іншых сталі аб’ядноўвацца, за імі і іншыя элементы беларускага народа: сялянства ўтварыла зямляцтвы, па губернях, гарадскія, чыгуначнікі, настаўнікі і г. д. у адмысловыя групы. Сяляне, навучаныя горкім досведам жыцця, былі асцярожныя і не адразу паддаваліся на гарачыя заклікі моладзі. Як паказала далейшае, асцярожнасць іх мела падставу.
Але пойдзем у нашых успамінах далей, да галоўнага.
Ўздым народнай нацыянальнай самасвядомасці пачаў ужо адразу адчувацца; але калі мы пачулі нашу родную беларускую гаворку, калі пачулася беларуская песня, калі мы пачулі сваіх паэтаў, сваю музыку, убачылі на сцэне свой тэатр і г. д. - міжволі ўсе сэрцы пачалі аб’ядноўвацца, і патроху мы пачалі адчуваць сябе адзіным беларускім племем, гістарычна, можа быць, забітым, загнаным і раз’яднаным, але ў пачуццях сваіх і самасвядомасці - адзіным, вольным беларускім людам, які не можа згінуць, а павінен мець сваё месца і будучыню на белым свеце. Замінала яшчэ некаторы час палітыка. Доўга не маглі дамовіцца, з чаго пачаць, што рабіць і як ратаваць і самаадзначаць свой родны край. Моладзь гарачылася, бурліла, старыя з асцярожнасці вытрымлівалі.
Але тут здарылася агульнае гора. З’езд разагналі наш. Можа быць, гэта была гістарычная памылка...
Як маглі разагнаць З’езд у 1 800 чалавек, якія сабраліся з усіх канцоў Беларускага краю, тых, хто сабраўся легальна для свайго самавызначэння? Не будзем успамінаць аб гэтым сумным факце; што прайшло, не вернеш. Але ўсякая справа мае наступства. І нездарма гаворыцца, што толькі ў горы і няшчасці пазнаюцца сябры і ворагі. Так і тут адбылося тое, чаго, здавалася, ніхто не чакаў. Ледзьве адбылося гэта беларускае гора, гэты гвалтоўны разгон З’езда чужымі беларусам людзьмі, як ўскалыхнулася сэрца беларуса, у адзіны міг - і стары і малы, - усе да адзінага апазналі сябе, усе адразу адчулі сябе адзінымі, сапраўднымі сынамі беларускай зямлі, усе сталі блізкімі адзін аднаму, як родныя браты, і гэта быў вышэйшы найбольш цудоўны момант ўсяго З’езду.
Можа быць, за ўсю доўгую шматвекавую гісторыю беларускага народа ніколі не было такога ўсеаб’яднаўчага моманту. Хто перажыў яго, век не забудзе. Не таму, вядома, ён незабыўны, што нам пагражалі кулямі, штыкамі і смерцю. Мы, воіны, бачылі на сваім вяку і не тое яшчэ. Памятны ён менавіта тым вялікім адухаўлённым уздымам адзінства, свядомасцю свайго братэрства, якое мы адчулі і перажылі ў гэтыя дні і гадзіны…
Так скончыўся, як бы нічым, гэты памятны гістарычны З’езд. Але несправядлівасць адных і гора іншых пайшлі на карысць беларусаў: яны спазналі сябе, адчулі сябе адзіным брацкім беларускім народам, адзіным племем, і гэта самае важнае. Хоць тая падзея сусветнай вайны, што адбылася неўзабаве, яшчэ больш раздзяліла Беларускі край і яшчэ большая яе частка цяпер акупаваная, чым гэта было да З’езду, але тое, што беларусы перажылі на З’ездзе, што яны прачулі, імі не забудзецца ніколі і будзе перадавацца ад аднаго да іншага сыну беларускай зямлі, пад чыёй бы апекай яна ні была.
Характэрна і прыемна тое, што да гэтага часу, дзе б ні сустрэліся беларусы, удзельнікі гэтага гістарычнага З’езду, людзі розных станаў, розных прафесій і розных поглядаў, усе яны вітаюць адзін аднаго, як самыя блізкія сябры, як браты. Ці не ў гэтым зарука яднання і зарука нашай будучыні?
Моладзь беларуская, - да цябе звяртаюся я, стары беларус, - памятай гэта, захоўвай запавет яго і перадай іншым. Хай будзе адзіная, светлая, вольная Беларусь і «няхай жыве на векі».
Арыгінал: | Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў краінах, дзе тэрмін аховы аўтарскага права на твор складае 70 гадоў або менш. Гэты твор не абавязкова ў грамадскім набытку ў ЗША, калі ён быў апублікаваны там цягам 1927—1964 гадоў. |
---|---|
Пераклад: | Гэты твор пашыраецца на умовах ліцэнзіі Creative Commons Attribution-ShareAlike 4.0 Unported, якая дазваляе вольнае карыстаньне, пашырэньне й стварэньне вытворных з гэтага твораў згодна з умовамі прытрымліваньня і пазнакі ліцэнзіі ды аўтара арыгінальнага твора. Усе вытворныя творы будуць абараняцца той жа самай ліцэнзіяй, што й гэты. |